Tag Archives: картофелеводство в Беларуси

В. Рубінчык. Першачэрвеньскае

Шалому! Здаецца, лета ў Беларусі будзе гарачае ва ўсіх сэнсах. «Фортка магчымасцей» для альтэрнатыўных палітыкаў паступова пашыраецца, і цяпер у яе могуць пралезці нават кандыдаты пэўнай камплекцыі. Як у мульціку: «приятной наружности и вот такой окружности» (развіваць тэму не буду, каб не абвінавацілі ў фэтшэймінгу).

Збор подпісаў у Салігорску, май 2020 г.

Дальбог, многае ў гэтым сезоне грае супраць «сонцападобнага» – ён лепіць памылку за памылкай. «Наезды» на ахвотных заняць прэзідэнцкі фатэль у стылі дурнаватага рэкламнага персанажа ўзору 1991 г. («Прыйдзе дзень, і я скажу ўсё, што я думаю з гэтай нагоды»). Развагі пра тое, што жанчыны не прыдатныя для кіравання тутэйшай дзяржавай, што ў нас нібы гэтак пабудавана Канстытуцыя, значаць адштурхоўванне ўсіх маладых-амбітных прадстаўніц прыўкраснага полу (мо нават і Качанаву пакрыўдзіў…) Намёкі на нягегласць прэм’ер-міністра, уласнаручна прапхнутага на пасаду ў абыход той самай Канстытуцыі – усяго 21 месяц таму.

Дапусцім, што ў кожны з прэзідэнцкіх тэрмінаў мае ў парадку ратацыі з’яўляцца новы прэм’ер-міністр. Тады з 1996 г. (год, калі Лукашэнка атрымаў права прызначаць другую асобу ў дзяржаве фактычна без згоды заканадаўчага органа) у нас мусіла быць 5 прэм’ер-міністраў, якія служылі б да 2001, 2006, 2010, 2015 гг. і во цяпер – да «выбараў» 2020 г. Насамрэч жа іх налічваецца 7 – Лінг, Ярмошын, Навіцкі, Сідорскі, Мясніковіч, Кабякоў, Румас – а цяпер запланаваны восьмы. За гэты ж перыяд, 1996–2020 гг., набралося 9 кіраўнікоў адміністрацыі прэзідэнта… што сведчыць пра імкненне «цара» ўсцяж перакладваць адказнасць на «баяр» (што і назіралася ў крытычныя моманты – напрыклад, увесну 2017 г., калі разгараліся пратэсты супраць «дэкрэта № 3»). Які сур’ёзны чалавек з уласнай пазіцыяй пажадае будаваць кар’еру ў дзяржапараце пры такім раскладзе?

Мабыць, і вышэйшыя чыны спецслужбаў не ўсім здаволены: з 2005 г. змянілася 4 старшыні КДБ і 4 міністры ўнутраных спраў, але на пасадзе памочніка Аляксандра Лукашэнкі па нацыянальнай бяспецы 15 гадоў застаецца 1 чалавек, і па дзіўным супадзенні яго прозвішча таксама Лукашэнка. Калі Віктар-сын-першага-прэзідэнта ў 4 разы разумнейшы за сваіх паплечнікаў-урадоўцаў, гэта неабходна прапісаць у новай Канстытуцыі! 🙂

Хіба толькі верная Ліда, 1953 г. нар., крочыць у нагу з Лукашэнкам-старэйшым ад 1996 г., але і яна ўсё часцей скардзіцца, што пасада «галоўнай лічылкі» ёй надакучыла. А тыдзень таму прызналася, што пасля адстаўкі будзе… чакаць сыходу з жыцця, міжволі падклаўшы свайму шэфу тлустае свінчо. Цяпер маладыя юрысткі & юрысты зірнуць на Ярмошыну – і сто разоў падумаюць, перш чым наймацца на службу да Рыгорыча. Мала хто хацеў бы к 67 гадам быць высмактаным настолькі, каб весці паўрасліннае існаванне, хай сабе ў «элітным» квартале на вул. Ціхай. Уваход у той драздоўскі квартал – рубель, выхад – два 🙂

Памылка меншага маштабу – адклад «прэзідэнцкага паслання» нацыянальнаму сходу і беларускаму народу, з сярэдзіны красавіка да… грэцкіх календаў (29 мая стала вядома, што яно толькі рыхтуецца). Не, «так можна было», але спасылка на вонкавыя фактары не пераканала – незабыўная «міжнародная абстаноўка» яшчэ доўга будзе напружаная. 25 красавіка А. Л. вяшчаў: «Нам патрэбен дакладны прагноз. Яго сёння даць нельга». Як быццам на пачатку лета ўсё ў свеце «ўстаканіцца»…

Рэзюмэ? «Гэты чыноўнік зламаўся, прынясіце новага». Не думаў cёлета нікога падтрымліваць, але пасля чарговай пасадкі Сяргея Ціханоўскага, гэтым разам у выніку правакацыі (29.05.2020), і выступленняў «лепшых людзей горада» (прывет Яўгену Шварцу) з асуджэннем гродзенскай імпрэзы Сяргея, падпісаўся за вылучэнне жонкі блогера – Святланы Ціханоўскай. Праўда, пан Троцкі (! – Валянцін, каторы паплечнік Міколы Статкевіча) мяркуе, што збор подпісаў у нечым нават шкодны, бо адцягвае людзей ад рэальных пратэстаў.

І тым не меней… Мінск, 31.05.2020, каля 12:00

Трохі пацяплеў я да Валера Цэпкалы, якога «падсцёбваў» тут і тут. Агулам-то яго свежае інтэрв’ю Арцёму Шрайбману не ўразіла; В. Ц. даў зразумець, што ўдзел у палітычнай кумпаніі для яго – чарговы эксперымент (37:48–38:30). Але істотна, што Валер выказаўся супраць адкрыцця ў Беларусі АЭС (можна спытацца, дзе ён быў у сярэдзіне 2000-х гадоў, калі ў нетрах адміністрацыі рыхтавалася прынцыповае рашэнне аб пачатку будоўлі, ды лепей позна, чым ніколі), за абмежаванне прэзідэнцтва двума тэрмінамі… І, як той Віктар Бабарыка, амаль адразу выступіў у абарону Ціханоўскіх – гэткай салідарнасці «кандыдатаў у кандыдаты» бракавала ўлетку 2015 г. Сёння каля мінскай Камароўкі падпісаўся я і за Цэпкалу.

Чарга ахвотных пакінуць свой аўтограф «не за Лукашэнку» расцягнулася бадай на кіламетр… 31.05.2020, каля 12:30.

Мікола Казлоў і Анатоль Лябедзька (абодва – «у цэнтры ўвагі») за перамогу кандыдата ад АГП насамрэч не змагаюцца, а подпісы збіраюць для «зносін з народам»

Пікецік Андрэя Дзмітрыева быў не такі папулярны

На Камароўку прыйшоў і знаны «курапацкі» пратэстоўца Леанід Кулакоў

Над «ціханоўскай» палаткай развяваліся сцягі з еўрасаюзаўскімі зорачкамі і «Пагоняй»; гучала песня на матыў «We will, we will rock you» з пераробленымі словамі («Свер-гнем та-ра-кана!»)

Прадстаўнікі «Нямецкай хвалі» і Арцём, які працуе на тэлеканал «Белсат»

З Бабарыкам больш складана. Кандыдатурку фінансіста прасоўваюць Святлана А-ч з Мінска-Беларускага і Галіна А-т з Тверыі-Ізраільскай (зрэшты, Галіна – за таямнічага «Бабарэку» :)) Гэта дзве дамы, якіх варта паслухаць… і зрабіць наадварот. Тое, што лаўрэатка «наўзаем» падтрымае свайго фундатара, прадбачыць было няцяжка, ды ад гэтага не лягчэй. Трэці факцік – адзін колішні знаёмы, лукашыст і надаеда, «раптам» адкрыта запісаўся ў ініцыятыўную группу Бабарыкі. З аднаго боку, гэта сведчыць пра эрозію сістэмы, за якую шмат гадоў «тапіў» мой раўналетак, з другога – да тру-дэмакрата яго не пацягне…

Дарэчы, за тыдзень прадугадаўшы пазіцыю Святланы Аляксандраўны, я памыліўся ў іншым: у статусе Юрыя Глушакова. Ён-такі першы нам. старшыні ў партыі «Зялёныя» (ад пачатку 2020 г. – пасля колькігадовай паўзы), тут «Беларускі партызан» меў рацыю. А, напрыклад, у тым, што журналіст Віталь Цыганкоў з’яўляецца «вядомым палітолагам» – не.

Яшчэ раз пра бульбу, бо зноў чамусьці са мной пра яе спрачаюцца… Напэўна, ёсць сэнс развіваць вытворчасць некаторых яе гатункаў у Беларусі, але з галавы не выходзіць адзін эпізод. Увесь дзень у верасні 2004 г. на полі каля адной з вёсак Шчучынскага раёна капалі бульбу (я таксама капаў). Пад вечар прыехалі фуры са смуглымі людзьмі, перакупшчыкі хуценька пагрузілі мяхі з бульбай і павезлі «на Маскву», заплаціўшы вяскоўцам мізэрныя грошы.

Тутэйшыя бульбаводы былі – і, мяркую, застаюцца – прайстэйкерамі, а не прайсмэйкерамі. «Пужалкі» пра будучы голад у суседзяў трэба «дзяліць на шаснаццаць»; існуе праўдападобная версія, што пандэмія COVID-19 пайшла нават на карысць расійскай сельскай гаспадарцы, дый ва Ўкраіне не ўсё так кепска, як прадказвалі. Таму да парады галоўнага клюшкара «Трэба пасеяць паболей. Гэта будзе ўратаванне… Калі вы паводле тэхналогіі будзеце гэта абслугоўваць, атрымаеце хоць невялікую, але жывую капейку. Да вас прыедуць на поле і забяруць» (15.05.2020) стаўлюся даволі скептычна. Яна, між іншага, супярэчыла развагам таго ж «маркетолага»: «Галоўнае – прадаць па добрай цане, а не проста выпхнуць тавар за мяжу». Дый пазнавата ў сярэдзіне траўня было даваць парады наконт бульбы, не?

В. а. цара згадаў вытворчасць малака і мяса, але не настойваў, што ў іх «уратаванне». Пэўна, рэч у тым, што вырабы, якія прыносяць краіне ў разы больш валюты, так і не зрабіліся нацыянальнай «фішкай». Некаторым жа карцела пагуляцца з тутэйшай сімволікай і стэрэатыпамі (як пазалетась, калі мяхі бульбы былі дастаўлены Пуціну на Новы год), а да таго ж па прызначэнні даты «выбараў» паказаць уласную «блізіню да народу»… Ну, і зацыкленасць палітычнага пенсіянера на мінулым адыграла ролю. У кастрычніку 2019 г. в. а. даводзіў казахам (не перакладаю, каб захаваць cтылёвыя адметнасці):

Картофель — это же наш спаситель. Что такое картофель? Картофель в войну и прочее где-то вырастил, и ты вместо хлеба, вместо молока… На картошке на одной люди выживали. Когда мне говорят, какой бы памятник вы за войну поставили в Беларуси… Я бы мешок картошки на памятник воздвиг и корову.

На хвілінку, вайна скончылася 75 год таму. У XXI ст. нават на прасторах СНД вага бульбы ў спажывецкім кошыку зніжалася… Я не супраць бульбы, сам яе люблю на сняданак – але супраць таго, каб з гэтага клубняплода рабіўся нейкі фетыш. І хопіць пра «піянераў ідэал».

Іегуда Пэн. Аўтапартрэт 1932 г.

* * *

Першага чэрвеня 2009 г., г. зн. акурат 11 год таму, памёр Аляксандр Сяргеевіч Патупа – фізік, прадпрымальнік, пісьменнік, даследчык сацыяльна-палітычных працэсаў, якому сёлета ў сакавіку магло б споўніцца 75. Між іншага, у 1960-х гадах юны першаразраднік Патупа лічыўся ў БССР перспектыўным шахматыстам.

А. Патупа і адна з яго мастацкіх кніг, якая ёсць і ў маёй бібліятэцы

Зважаючы на млявую зваротную сувязь, не ўсім «зайшла» ідэя пра помнік дачасна памерлым беларускім медыяменеджарам. Усё-такі, прыпомніўшы мае сустрэчы з Аляксандрам Сяргеевічам у 2004 г., якія пакінулі добрае ўражанне, высоўваю яшчэ адну ідэю – помнік беларускім палітычным аналітыкам. Такі помнік мог бы стаяць на прыватнай тэрыторыі ды мець форму «абстрактна-канкрэтнай» скульптуры, прысвечанай наступным рана памерлым людзям:

Алег Багуцкі (1968–2017)

Ірына Бугрова (1954–2011)

Святлана Навумава (1956–2011)

Сяргей Панькоўскі (1956–2009)

Аляксандр Патупа (1945–2009)

Віталь Сіліцкі (1972–2011)

Віктар Чарноў (1957–2013)

Яднае гэтых людзей тое, што яны глынулі вольнага паветра канца 1980-х – пачатку 1990-х гадоў – а потым, цытуючы выраз аўтара belisrael.info пра медыяменеджараў, «не маглі ўжо вярнуцца ў ранейшыя цуглі». Унёсак пералічаных у развіццё палітаналітыкі на нашых землях быў розны, але галоўнае, што ён быў. І стаўся падмогай для новых пакаленняў…

Нехта запярэчыць, што палітычныя даследаванні для Беларусі не актуальныя, і лепей бы ўвекавечыць у метале працаўнікоў больш патрэбных прафесій. Дык не адзін год існуюць ужо ў нашых гарадах скульптуры паштальёнаў…

Мінск (ля кінатэатра «Кастрычнік»), Барысаў (ля вакзала)

Крыху шануюць у нас і дворнікаў – іх вобразы ўвасоблены як мінімум у Гомелі і Мінску. Зрэшты, калі меркаваць паводле мінскай скульптуры, дзе даўно бракуе кавалу мятлы, ні мастацтва, ні нават прыбіранне смецця ў вачах тутэйшага начальства не ёсць прыярытэтам 🙁 Іначай раённае або сталічнае чынавенства знайшло б невялікія грошы для рамонту.

Выгляд скульптуры на вул. Карастаянавай – у 2012 г. і ў 2020 г.

Ну, а завяршыць хочацца, натуральна, на мажорнай ноце. У вясну, сапсутую распаўсюдам COVID-19 (на 31.05.2020 у Беларусі, пішуць, памерла 235 чалавек, і 24 тысячы яшчэ не акрыялі) ды хабёльствам асобных гора-кіраўнікоў, выявіліся і лепшыя якасці чалавечага роду. Гл. дзве наступныя аб’яўкі, сфатаграфаваныя ў Цэнтральным раёне г. Мінска:

На бульвары Шаўчэнкі і вул. Веры Харужай (пад’езд аднаго з дамоў)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

01.06.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 01.06.2020  00:04