Tag Archives: Шломо (Соломон) Берёзкин

Яшчэ адзін артыкул Р. Бярозкіна…

Г. Бярозкін

ЯЎРЭЙСКАЯ СОВЕЦКАЯ ЛІТАРАТУРА БССР

Вялікая соцыялістычная рэволюцыя канчаткова вызваліла шматлікія народы былой царскай Расіі і дала ім свабоднае і шчаслівае жыццё.

Найярчэйшы дакумент новай чалавечай гісторыі – вялікая Сталінская Канстытуцыя запісала здабытыя крывёю народаў чалавечыя правы на жыццё, на працу, на асвету свяшчэннымі і недатыкальнымі.

Да ліку народаў СССР, упершыню далучаных Кастрычнікам, рукамі Леніна і Сталіна да творчай працы, да сапраўдна-чалавечага жыцця, адносіцца і яўрэйскі народ.

20 год Вялікай соцыялістычнай рэволюцыі – 20 год бесперапыннага росту эканамічнага дабрабыту яўрэйскіх народных мас, росту новай культуры, соцыялістычнай па зместу і нацыянальнай па форме. Бесперапынна расце яўрэйская совецкая літаратура – адно з яркіх праяўленняў агульнага росту яўрэйскай совецкай культуры.

Лепшыя творы Маркіша, Бергельсона, Квітко, Фінінберга, Галкіна добра знаёмы совецкаму чытачу. Праславуты «чалавек паветра» – прышчэмлены капіталізмам маленькі чалавек ужо не з’яўляецца асноўнай фігурай нашай яўрэйскай совецкай літаратуры: яму на змену ў жыцці і ў літаратуры прышоў другога гатунку «чалавек паветра» – Машкоўскі, Півенштэйн, лётчыкі, парашутысты, патрыёты соцыялістычнай радзімы.

Яўрэйская совецкая літаратура БССР з’яўляецца адным са звенняў у агульным ланцугу саюзнай яўрэйскай літаратуры. Лепшыя творы яўрэйскіх пісьменнікаў БССР – Аксельрода, Камянецкага, Э. Кагана, Фінкеля, Дзегцяра, Тэйфа, Даўгапольскага, М. Ліўшыца і інш. – ствараліся ва ўмовах жорсткай барацьбы з буржуазна-нацыяналістычнымі і трацкісцка-бухарынскімі лазутчыкамі ў літаратуры. Ворагі народа, якія прабраліся да кіраўніцтва літаратурным фронтам, прыкладалі ўсе сілы да таго, каб нашкодзіць нашай літаратуры. Яны ўзнімалі на шчыт контррэволюцыйныя паклёпніцкія кнігі, ганьбавалі лепшых совецкіх пісьменнікаў, адрывалі нашу літаратуру ад культурнай спадчыны яўрэйскіх народных мас, падрывалі работу з пачынаючымі і маладымі пісьменнікамі.

Яўрэйская совецкая літаратура БССР расце і мацнее. Наяўнасць у нашай літаратуры цэлага раду таленавітых паэтаў і празаікаў сведчыць пра яе бясспрэчны рост, пра магчымасць і неабходнасць прад’яўлення да яе самых высокіх патрабаванняў.

Віднае месца ў нашай літаратуры належыць таленавітаму паэту-лірыку Зеліку Аксельроду. Яго першая кніга вершаў (1932 г.) ацэнена ўсёй совецкай і літаратурнай грамадскасцю як адзін з лепшых твораў нашай паэзіі (насамрэч гаворка пра другую кнігу Зэліка Аксельрода пад назвай «Лідэр» – «Вершы»; першы яго зборнік вершаў, «Цапл»/«Трапятанне», выйшаў у Менску на 10 год раней – belisrael). Шчырасць і сумленнасць у сваім паэтычным звароце да соцыялістычнай рэчаіснасці, лірычная цеплыня і сардэчнасць у паказе асобных яе бакоў, майстэрства паэта-лірыка, – усе гэтыя якасці вершаў Аксельрода робяць іх выразным дакументам перабудовы дробна буржуазнага інтэлігента, які звілістымі шляхамі прышоў да адданай службы народу. У сваім раннім цыкле вершаў «Восень 1915» Аксельрод перадаў жудасную карціну імперыялістычнай вайны і разарэння народных мас. У больш позніх вершах пра Чырвоную Армію, пра рэволюцыйную Вену, пра падзеі ў Іспаніі, Аксельрод ідзе па далейшаму шляху арганічнага асваення сучаснай тэмы. Адначасна, Аксельрод распрацоўвае і тэмы традыцыйна-лірычныя (каханне, дружба), прымушаючы іх гучэць па-новаму. Варта ўказаць З. Аксельроду на тое, што часта ў сваіх вершах ён застаецца «па-інтэлігенцку» сузіральным, што спрыяе выражэнню эмацыянальнага, дзейснага верша ў верш бытаапісальны, вялы, маладзейсны. Паэтычнае самаўсведамленне З. Аксельрода павінна быць пашырана да межаў шырокага свету соцыяльнай барацьбы. Паэт павінен у далейшым актыўна ўключыцца ў работу па стварэнню палітычнай лірыкі.

У галіне паэзіі працуе таксама Г. Камянецкі. У лепшых сваіх вершах пра грамадзянскую вайну («Развітанне», «Як воды шумныя»), пра соцыялістычнае будаўніцтва («Балада пра электрастанцыю»), у вершах пра смерць друга-комсамольца, у іранічных «пісьмах Пілсудскаму» і «Ньюёркскай цёшчы» Г. Камянецкі выступае спелым паэтам са сваёй рэзка-акрэсленай творчай індывідуальнасцю. Характэрная рыса лепшых вершаў Камянецкага мэтаімкненная рэволюцыйная рамантыка і мяккі лірызм. Значна слабей тыя вершы, у якіх гэты рамантычны голас паэта гучыць прыглушана. Кніга Г. Камянецкага «Прамым шляхам» – адна з лепшых сведчанняў росту нашай паэзіі.

Вялікую кнігу вершаў і паэм некалькі гадоў таму назад выдаў паэт М. Тэйф. У ёй побач з цэлым радам вершаў ідэйна-шкодных, упадніцкіх, мастацка слабых ёсць вялікая колькасць і жыццесцвярджаючых, насычаных фальклорам вершаў і паэм. Вершы Тэйфа пра комсамол, пра Ботвіна, пра грамадзянскую вайну, верш «Ураджай у краіне» з’яўляюцца творчымі ўдачамі паэта.

Творчы шлях паэта М. Ліўшыца – шлях ад абстрактнай рамантыкі да рамантыкі рэволюцыйнай. Заместа абстрактна-«філасофскага» апявання жыцця, прышла сапраўдная паэтычная канкрэтнасць і лірызм. Да ХХ-годдзя Кастрычніка Ліўшыц напісаў цыкл вершаў пра радзіму. Заключаючы цыкл, верш пра Сталіна з’яўляецца поўнацэнным выражэннем пачуцця бязмежнай любові да нашага бацькі, правадыра і друга.

Сярод маладых паэтаў варта адзначыць М. Грубіяна, Р. Рэйзіна, Г. Шведзіка, Л. Талалая, Р. Боймволь, Х. Мальцінскага, З. Тэлесіна і інш.

Большая частка вершаў маладога паэта Р. Рэйзіна напісана на тэму перавыхавання ўчорашняга беспрытульнага-праванарушальніка ў актыўнага будаўніка соцыялізма. У апошні час Рэйзін напісаў вялікую паэму пра новую Канстытуцыю і яе творца геніяльнага Сталіна.

Вершы пра Чырвоную Армію, пра новае, калгаснае жыццё, піша Л. Талалай. Нядаўна вышла з друку кніга вершаў маладой паэтэсы Р. Боймволь, у якой побач з вершамі інтымна-лірычнага характару ёсць і вершы пра «Чэлюскіна», пра гераічных стратанаўтаў.

Значна меншых поспехаў дасягнула наша проза. Колькасць твораў, якія з’явіліся за апошні час, значна ўступаюць ліку твораў паэтычных. У гэтым, быць можа, адзін з вынікаў шкодніцкай работы былога «кіраўніцтва».

Многа гадоў працуе ў нашай літаратуры старэйшы празаік Ц. Даўгапольскі. У мінулым ён дапускаў грубыя палітычныя памылкі бундаўскага характару. У далейшай сваёй творчай рабоце Ц. Даўгапольскі рашуча выпраўляў свае памылкі. Добра знаёмы нашаму чытачу раман Даўгапольскага «Шоўк», прысвечаны Магілеўскай шаўковай фабрыцы. У рамане, аднак, ярка відзён асноўны недахоп творчасці Ц. Даўгапольскага – натуралістычнае капіраванне жыцця і недавер’е да мастацкага вымыслу.

Два зборнікі навел і гумарэсак выдаў малады таленавіты празаік Эля Каган. Своеасаблівасць яго апавяданняў – лірызм і гумар. Лепшай яго навелай з’яўляецца «Горад без цэркваў», у якой Э. Каган цёпла і пераканаўча паказаў вясковага хлопца Васюткіна, які прышоў у новы горад домнаў, маладосці, цыркаў, у «горад без цэркваў» – Магнітагорск. Цэлы рад добрых навел прысвяціў Э. Каган Чырвонай Арміі («На манеўрах», «Рэвальвер будзе страляць»).

Знамянальнай падзеяй нашай літаратуры бясспрэчна з’явіцца кніга У. Фінкеля, напісаная на матэрыяле жыцця і творчасці буйнейшага яўрэйскага класіка Шолам-Алейхема. У. Фінкель прарабіў вельмі важную работу па вызваленню бессмяротнай спадчыны вялікага пісьменніка ад груба-соцыялагічных тлумачэнняў. Кніга напісана ў плане мастацкай біяграфіі.

Выдатнай з’явай нашай прозы трэба прызнаць першую кнігу апавяданняў маладога таленавітага празаіка М. Дзегцяра – «Будаўнікі». М. Дзегцяр прынёс цэлы рад свежых тэм соцыялістычнага будаўніцтва, новага мястэчка, росту новага чалавека. У лепшых сваіх апавяданнях малады празаік праявіў сябе таленавітым навелістам з вялікай цягай да гранічна-канкрэтнага бытавога матэрыялу.

Трэба адзначыць некалькі кніг юмарэсак празаіка Л. Кацовіча.

З такімі рэзультатамі прышла яўрэйская совецкая літаратура БССР да 20-годдзя Вялікай соцыялістычнай рэволюцыі. Дасягнутае ёю – толькі частковая рэалізацыя тых велізарнейшых патрабаванняў, якія прад’яўляе наш народ да совецкай літаратуры.

(«Літаратура і мастацтва», 16.11.1937)

З родзічамі ў 1937 г. (Р. Бярозкін – злева)

Апалены й надломлены

Бярозкінскі артыкул 1937 г. розніцца ад тых, што раней перадрукоўваліся з «ЛіМ»а (1939, 1940 гг.) – ён перагружаны ідэалогіяй. Магчыма, замова ішла ад рэдакцыі газеты, а мо ад іншых, вышэйшых інстанцый. Ды больш цікавіць мяне пытанне, чаму Рыгор Бярозкін згадзіўся падрыхтаваць – або падпісаць – развагі пра «ворагаў народа». Ён жа яшчэ не займаў адказных пасад і нават не з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў, а быў студэнтам Менскага педінстытута, якому зніклы ў верасні 1937 г. «вораг» Ізі Харык (старшыня яўрэйскай секцыі СП БССР і рэдактар часопіса «Штэрн») з 1935 г. адкрыў шлях у названы часопіс.

Артыкул-«даклад» да 20-годдзя кастрычніцкай рэвалюцыі даручыць 19-гадоваму Бярозкіну маглі па камсамольскай лініі, а ён збаяўся адмовіцца і/або палічыў, што нехта іншы адлупцуе арыштаваных у чэрвені-верасні 1937 г. Бранштэйна, Кульбака, Харыка яшчэ мацней… Дапускаю, што ўвесь даваенны час малады літаратар адчуваў сябе «клеймаваным» праз тое, што бацька яго быў актыўным бундаўцам (як пісаў Анатоль Сідарэвіч са слоў Юліі Канэ, Шлёму Бярозкіна арыштавалі ў пачатку 1920-х гг.). Ад сацыяльнага паходжання залежала калі не жыццё, то кар’ерны рост моладзі; што б ні дэкларавалася «зверху», дзеці за бацькоў у сталінскія гады амаль заўсёды адказвалі. Бярозкіну пашэнціла, што яго прынялі ў Магілёве на рабфак, а потым у Менску – на літаратурны факультэт педінстытута.

Згадка супрацоўніцы Акадэміі навук БССР пра пачатак 1930-х гадоў i Мойшэ Кульбака: «Калі Кульбак заходзіў да нас у кабінет, адразу рабілася весела. Але я ад яго нацярпелася – ён дражніў мяне “рабінскай дачкой”. Гэта было небяспечна: калі б такія жарты пачуў нядобразычлівец, мяне маглі б выгнаць з Акадэміі». Тая ж Соф’я Рохкінд (1903–2000) распавядала мне, што пасля 1917 г. не помніць ніводнага дня, калі б не было страшна. Прыкладна тое ж пра сталінскі час казаў на схіле жыцця сын чашніцкага меламеда Гірш Рэлес (1913–2004), які ў сярэдзіне 1930-х ледзь утрымаўся ў тым самым Менскім педінстытуце пасля даносу нядобразычліўцаў. За Рэлеса тады заступіўся Ізі Харык.

Нехта заўважыць: Бярозкін – выдатны літаратурны крытык, пасля вайны ён пісаў пра Харыка і Кульбака іначай, нават у артыкуле 1937 г. ёсць талковыя месцы, дык навошта варушыць мінулае, пагатове ў час, калі адзначаецца стагоддзе літаратуразнаўцы… Але, па-мойму, юбілей – не толькі для хваласпеваў; гэта й нагода для асэнсавання біяграфіі юбіляра, для здабыцця карысных урокаў на будучыню.

Вечная ўдзячнасць Рыгору Бярозкіну за тое, што ён смела змагаўся супраць нацыстаў; адчуваю павагу да яго цяжкага лёсу ў 1940–50-х гадах («з пекла ў пекла»)… Аднак пасля рэабілітацыі ён, відаць, не здолеў вытруціць з сябе страх перад сістэмай і часам паводзіў сябе зусім не гераічна.

У бярозкінскіх прадмовах да зборнікаў Харыка (Мінск, 1958 і 1969; Масква, 1971) і Кульбака (Мінск, 1970) дратуюць эўфемізмы: «Харык памёр у 1937 годзе» і «Майсей Кульбак трагічна загінуў 17 ліпеня 1940 года». Асабліва «памёр» – як быццам ад грыпу ва ўласным ложку. Разумею, што так было прынята пісаць, але ж ад чалавека, які ў чэрвені 1941 г. сам ледзь не загінуў ад сталінскай кулі, а пасля другога арышту ў жніўні 1949 г. колькі гадоў «араў» на «будоўлях народнай гаспадаркі» (у Карагандзінскай і Омскай абласцях), я міжволі чакаў іншага. У пасмяротнай кнізе Бярозкіна «Паэзія – маё жыццё» (Мінск, 1989) нехта ўсё ж паправіў «Харык памёр» на «Харык загінуў».

Агулам, трагічны вопыт Рыгора Бярозкіна не знайшоў непасрэднага адлюстравання ў яго кнігах; архівіст Віктар Жыбуль пацвярджае, што і ў фондах БДАМЛМ няма рукапісаў Бярозкіна, дзе закраналася б тэма ГУЛАГу. Засталіся хіба яго гаркавыя досціпы накшталт: «Дрэва пасадзіш – вырасце друг. Друга пасадзіш – вырасце дрэва». Папраўдзе, даробак Аляксандра Салжаніцына з ягонымі антысталінскімі кнігамі-перасцярогамі 1960-х гадоў куды больш важкі. А былі ж і іншыя аўтары, якія не чакалі «перабудовы», каб распавесці пра мярзоты сістэмы; Варлам Шаламаў, Юрый Дамброўскі… У Беларусі Рыгор Кобец (1898–1990) у 1964 г. напісаў аповесць пра лагерны быт «Ноеў каўчэг» – і дажыў да яе апублікавання (1989). Дзіцячы пісьменнік Вісарыён Гарбук (1913–1986) ва ўступе да кнігі нялагерных апавяданняў «Лицо в полоску» (Мінск, 1967) згадаў свой лёс, няхай і коратка:

І дадаў: «Толькі па начах гэтыя лагеры дагэтуль турбуюць мяне ў снах».

Вядома, я не стаўлю Гарбука і Кобеца ў прыклад Бярозкіну, проста хацеў бы адзначыць, што і ў БССР 1960-х выкрыццё сталінскіх жахаў не абавязкова цягнула за сабой новыя рэпрэсіі.

Беларуска-ізраільскі празаік Барыс Казанаў (1938–2016) у 1990-х гг. выдаў «Раман пра сябе», дзе іранічна выведзены, сярод іншых, супрацоўнік часопіса «Нёман» Бярозкін: «Яўген Васілёнак… атрымаў у сваё распараджэнне “Нёман”… Я з ім павітаўся ледзь не па-прыяцельску, а – як ускочыў з крэсла Рыгор Бярозкін! Пакуль з ім размаўляў Васілёнак, непрыгожа стаяў Рыгор Саламонавіч, карабацячы сваю постаць дагодлівым выгінам. Назіраючы тое не раз, я не мог зразумець: чаму трэба стаяць не прама, а крыва? Ці ты можаш страціць ласку, пазбыцца крэсла?» Эпізод адносіцца да сярэдзіны 1960-х. Думаю, доля ісціны ў мастацкім партрэце, намаляваным Б. Казанавым, была… Вось і Уладзімір Мехаў прыпамінаў пра Бярозкіна:

Ён быў чалавекам, моцна апаленым лёсам, і да такога стану рэчаў не мог заставацца абыякавым. Лёгка ўпадаў у іпахондрыю: здаралася, з нікчэмнай нагоды. Помню, у газеце «Звязда» з’явіўся непрыязны, тэндэнцыйны, з адзнакамі вельмі павярхоўных, шкалярскіх ведаў тэмы, пра якую аўтар узяўся разважаць, – водгук на кнігу Бярозкіна, здаецца, пра Багдановіча. Здавалася б, што табе, Бярозкіну, з тваёй вагавай катэгорыяй у літаратуры наскок слабенькага зайздрослівага чалавечка! Дык не – пацямнеў, панурыўся, стаў часцей, чым звычайна, выходзіць з працоўнага кабінета на перакуры.

– Валодзя, я ўжо навучаны  – гэта нядобры знак. Будуць саджаць!

Няйначай душэўныя траўмы давялі Бярозкіна да таго, што ў 1970 г. ягоны подпіс з’явіўся пад «Гнеўным пратэстам», дзе – цалкам у духу брэжнеўска-андропаўскай прапаганды – праводзіліся аналогіі паміж нацыстамі і «ізраільскімі мілітарыстамі». З «Літаратуры і мастацтва» 10.03.1970 рэпрадукую тут пару абзацаў і спіс падпісантаў.

Каб вялося чыста пра зварот супраць вайны – такой бяды, але ў ім гаварылася і пра «свабодалюбівыя арабскія народы», падтрымку іх «мужнай барацьбы» супраць «захопніцкіх дзеянняў ізраільскай ваеншчыны». Між тым у пачатку 1970 г. кіраўнікі арабскіх краін (асабліва «Гамаль Абдэль-на-ўсіх-Насер») і іх падначаленыя былі фактычна аднадушныя ў тым, што Ізраіль трэба сцерці з твару зямлі. Ні намёку на крытыку егіпцяніна, «героя Савецкага Саюза», у газетным звароце, ясная рэч, няма; пра шматлікія антыізраільскія – а найперш антычалавечыя – тэракты розных «франтоў вызвалення Палесціны» таксама ні слоўца.

Валянцін Тарас у сваіх мемуарах «На выспе ўспамінаў» сведчыў, што кулуарна Бярозкін спачуваў Ізраілю пасля Шасцідзённай вайны 1967 г. Тое, што Бярозкіна ў 1969 г. зволілі з пасады загадчыка аддзела «Літаратуры і мастацтва», а трэ было забяспечваць сям’ю, нямала тлумачыць у яго паводзінах. І ўсё ж балюча за літаратара, які думаў адно, рабіў другое… Па-дзеля мяне, задорага заплаціў Рыгор Саламонавіч за кампрамісы з савецкай уладай – зрэшты, як і многія іншыя яўрэі ды неяўрэі.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

Ад рэд. belisrael.info. Не ўсё бясспрэчна ў тэксце нашага пастаяннага аўтара – палітолага па адукацыі. Запрашаем да дыскусіі чытачоў, найперш гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, культуролагаў.

Апублiкавана 22.07.2018  20:20

Рыгор Бярозкін. АБ ВЕРШАХ

Прадаўжаем адзначаць 100-годдзе з дня нараджэння беларускага літаратуразнаўцы яўрэйскага паходжання Рыгора Саламонавіча Бярозкіна (1918–1981). Трэцяга ліпеня мы перадрукавалі яго артыкул 1939 года пра творчасць Зямы Цялесіна, а сёння – больш «агульныя» развагі 1940 г. Асаблівасці тагачаснай арфаграфіі збольшага захаваныя.

Г. Бярозкін. АБ ВЕРШАХ

Мы вельмі засумавалі па добрых вершах. Часам здавалася, што п’еса, опернае лібрэта канчаткова адаб’юць ахвоту ў нашых паэтаў займацца вершамі. І адзінай уцехай для нас з’яўлялася ўсведамленне таго, што ў развіцці любой літаратуры бываюць такія перыяды, калі верш адыходзіць на задні план, саступаючы месца іншым літаратурным жанрам. Тым больш у нашай літаратуры такое змяшчэнне жанраў было зусім законамернай станоўчай з’явай. Яно падрыхтавала новы ўздым паэзіі, аб якім зараз можна гаварыць як аб рэальным, адбыўшымся факце.

Справа ў тым, што паэзія апошніх год не магла нас поўнасцю здаволіць.

Паэты пісалі на вельмі важныя і адказныя тэмы, знаходзілі вельмі насычаныя ў сэнсавых адносінах словы, мяркуючы, што ляжачая ў аснове верша рытмічная, вобразная і ўласна-паэтычная сістэма з’яўляецца рэччу другараднай, малаістотнай.

З раззбройваючай наіўнасцю сфармуліраваны гэты погляд на вершы ў адным выпадкова трапіўшым нам пісьме літаратурнага кансультанта да пачынаючага паэта. «Сутнасць верша – піша гэты “кансультант” па паэзіі – заключаецца перш за ўсё ў яго змесце, потым у падачы гэтага зместу пры дапамозе мастацкіх вобразаў, а форма – гэта ўжо як сродак для палягчэння чытання і запамінання вершаў…»

Нам шкада маладых. Атрымліваючы зусім бессэнсоўныя настаўленні аб змесце і форме, выхоўваючыся на самых наіўных уяўленнях аб паэтычнай форме, як аб вонкавым, «абслугоўваючым» элеменце верша, нашы маладыя паэты спешна рэалізуюць гэту «навуку» у адпаведны вершавы матэрыял.

Але не толькі маладыя. Нават паасобныя добрыя нашы паэты часта сваёй уласнай практыкай паглыбляюць супярэчнасці паміж семантычнымі і ўласна-паэтычнымі момантамі верша. Вазьміце, к прыкладу, П. Глебку. Стыль многіх вершаў П. Глебкі – гэта стыль слова, стыль рытарычнай фразы, якая існуе сама па сабе, па-за якойсьці цэласнай паэтычнай сістэмай. Такому ўражанню ад вершаў Глебкі не ў малой ступені спрыяе і тое, што ў іх, за рэдкім выключэннем, адсутнічае дэталь, блізкі абыдзённы прадмет, рэч з усімі яе трыма рэальнымі вымярэннямі, – г. зн. адсутнічае сама магчымасць канкрэтызаваць велізарнасць маштабаў праз «зримое» параўнанне, вобраз, дэталь. Гэта і ёсць адна з праяў стварыўшагася разрыву паміж сэнсам верша і яго канкрэтна-пачуццёвай прыродай.

Дзе-ж выйсце? Выйсце ў пераключэнні на новы матэрыял, у аднаўленні парушанага адзінства, хоць-бы і ў рамках новага жанру. Для Глебкі гэтым новым жанрам з’явілася трагедыя ў вершах.

Хочацца думаць, што Глебка зрабіў «экскурс» у гэту недаследаваную галіну па камандзіроўцы «ад паэзіі», што напісаўшы добрую вершаваную п’есу, паэт, узбагачаны новым вопытам і новымі магчымасцямі, створыць сапраўдныя вершы, якія будуць вершамі не па вонкавых абрысах, а па сутнасці.

Прыклад П. Броўкі ўмацоўвае ў нас гэту веру. У творчасці П. Броўкі апошніх год таксама намячаўся пэўны адыход ад патрабаванняў верша ў бок агульна-апісальных меркаванняў.

Не ставячы сабе мэтай аналізіраваць паэму «Кацярына» (гэта тэма спецыяльнага артыкула), укажам толькі на тыя яе асаблівасці, якія раскрываюцца ў сувязі з цікавячай нас праблемай. Чаму верш? – вось пытанне, якое ўзнікае пры чытанні «Кацярыны». Якія дадатковыя задачы (апрача тых агульна-ідэйных і мастацкіх задач, якія немінуча ўзнікаюць у рабоце над любой рэччу) вырашыў паэт, працуючы над паэмай, над вершаваным жанрам? Такія-ж задачы бясспрэчна былі. Калі Пушкін працаваў над «Онегіным», ён пісаў Вяземскаму: «Я цяпер пішу не раман, а раман у вершах – д’ябальская розніца…» Пушкін поўнасцю ўсведамляў спецыфічнасць работы над раманам у вершах у адрозненне ад «проста рамана». У «Кацярыне» гэта розніца не адчуваецца. Верш даведзен да ўзроўню абслугоўваючага элемента. Ён толькі ўючная жывёла, якая перавозіць тэму з месца на месца…

Пасля «Кацярыны» Броўка працаваў у тэатры, пісаў опернае лібрэта. Зараз ён надрукаваў новы цыкл вершаў, які дазваляе гаварыць аб значным творчым росце паэта.

Вершы сведчаць аб тым, што Броўка ўступіў у паласу сваёй творчай спеласці. Ужо не як вонкавая адзнака апісання і не як рытарычны жэст існуе новы верш Пятруся Броўкі. У новым вершы Броўкі ёсць праўда пераходаў ад лозунга да лірычнага моманту, ад апісання да пафасу. Паэту няма патрэбы рабіць асобныя намаганні для таго, каб дацягнуцца да палітычна-грамадзянскай тэмы – гэта тэма ў яго ў крыві.

Ітак, вершы надрукаваны. Што далей? Ці намячаюць гэтыя новыя вершы Броўкі шляхі да яго далейшага паэтычнага развіцця? Над гэтым пытаннем нам хацелася-б падумаць разам з паэтам. Па характару свайго даравання, «па складу сваёй душы, па самай радковай сутнасці» Броўка – паэт-прамоўца, паэт строга вызначанай інтанацыйнай устаноўкі. І таму нам здаецца, што далейшае развіццё паэзіі Броўкі павінна ісці іменна па лініі арганічнага свайго ўдасканалення, як паэзіі аратарскай, інтанацыйнай. Тым больш, што час зараз суровы, ваенны, над светам ходзяць навальнічныя хмары – і суровае, насычанае глыбокім пачуццём, аратарскае слова паэта іменна зараз мае велізарнае значэнне. Няхай надрукаваныя вершы Броўкі паслужаць для яго адпраўным пунктам да пошукаў, але толькі ў іншым плане інтанацыйнага верша.

Значнай падзеяй нашай паэзіі з’яўляюцца новыя вершы А. Куляшова «Юнацкі свет». Прынцыповае значэнне гэтых вершаў, калі разглядаць іх з пункту гледжання намечаных намі агульных законамернасцей паэтычнай работы, заключаецца ў іх глыбока-паэтычным змесце. Наіўнае ўяўленне аб паэзіі абессэнсоўвае вершаваную рэч, расцэньвае яе толькі яе непазбежнае адступленне ад «нармальных» правілаў мовы. Спытайцеся ў нашага «кансультанта па паэзіі», як ён уяўляе сабе работу над вершам, і ён вам адкажа прыкладна так: паэт бярэ пэўную мысль, якую ён хоча выразіць, і фаршыруе яе ў які-небудзь паэтычны размер, і ад узаемадзеяння гэтых двух момантаў ствараецца паэзія…

Вершы А. Куляшова абвяргаюць гэта ўяўленне, яны па-свойму сцвярджаюць паэзію як арганічны лад мышлення, як адзіны рытмічна-семантычны комплекс. Гэтыя вершы не могуць быць пераказаны прозай, ад такога перакладу яны страцяць добрую палову свайго зместу. Куляшоў мысліць цэласнымі паэтычнымі замысламі і амаль ніколі не карыстаецца трафарэтам. Возьмем верш «Шэршні». У ім тэма далёкіх дзіцячых успамінаў, якія па-новаму ўспрымаюцца паэтам з пункту гледжання яго спелага вопыту, нечакана нараджае ўскладнены, але надзвычай дакладны вобраз. Сум паэта, адчуўшага горыч першага адхіленага кахання, раптам становіцца пчалой, гудучым шэршнем – далёкім выхадцам з першых сустрэч, з першых, дзіцячых гульняў, з першых успамінаў.

Так, паэт еднае мноства разнастайных асацыяцый не з мэтай «выдумаць» «экстравагантны» вобраз, а цалкам апраўдваючы іх інтэнсіўнасцю перажывання, ажыўляючы іх напружаннем мыслі. Пры гэтым Куляшоў умее захаваць рэалістычную дакладнасць апісання, абаянне і яснасць упершыню бачанага.

Міма школы меленькая рэчка

Без мяне адна плыве ў цішы.

Незвычайная празрыстаць гэтых радкоў адхіляе ўсякую магчымасць «пераўвялічана»-трагедыйнага гучання тэмы. Каханне, аб якім гаворыць Куляшоў, празрыстае і яснае, як гэтыя радкі. Яно не засланяе жыццё, а, наадварот, прымушае больш цвяроза, больш прыстальна ўглядацца ў навакольнае. Лёгкі сум не здымае агульнага жыццёсцвярджальнага пачуцця, а толькі робіць яго больш важкім і пераканаўчым. Далёкія дзіцячыя ўспаміны зліваюцца ў адно з новым імкненнем у будучае, – і ўсё гэта стварыла добры і ў высокай ступені паэтычны цыкл вершаў.

Папрок, які мы можам зрабіць Куляшову, у большай меры адносіцца і да іншых паэтаў, якія працуюць над стварэннем новай лірыкі.

У іх вершах аб дружбе, аб каханні, аб прыродзе мала непакою, а больш уціхамірваючых дабрадушных пачуццяў. Баявы, актыўны тэмперамент нашага сучасніка павінен у аднолькавай меры адчувацца ў палітычных вершах і ў вершах, якія напісаны на традыцыйна-лірычныя тэмы.

Ці-ж не таму так цёпла былі сустрэты франтавыя вершы М. Калачынскага, што яны нясуць у сабе адчуванне трывогі, масавы вопыт гераізма? Неймаверна вырастае павага да вершаў, калі яны напісаны ля вогнішча, у самай сапраўднай абстаноўцы бою.

М. Калачынскі доўгі час займаўся тым, што паўтараў вонкавыя сродкі паэзіі, зацверджаныя і агульнадаступныя тэхнічныя прыёмы верша, – зараз ён прышоў да сапраўднай творчасці. У яго новых вершах аб Фінляндыі няма гучных батальных сцэн, замест іх ёсць разумная і ўдумлівая сканцэнтраванасць на асэнсаванні сапраўдных мэт нашай вызваленчай [sic – belisrael.info] вайны. Таму такія добрыя вершы аб смалакуру, аб рыбаку, якія – вернуцца, якія прыдуць у свае разбураныя хаты.

Нашым паэтам-лірыкам пагражае небяспека ўвайсці ў новы штамп гэтакага ўціхаміранага, бестурботнага пейзажа. Гэту небяспеку трэба папярэдзіць, бо тое, што з’яўляецца толькі небяспекай для Броўкі, для Куляшова, становіцца пэўным «курсам» для многіх маладых вершатворцаў. Услед за вершамі Броўкі аб прыродзе, услед за «Воблакам» Куляшова, за «Падсочкай» Панчанкі пайшоў цэлы паток вершаў пачынаючых паэтаў, у якіх зусім страчана пачуццё сучаснасці. Дажджы, птушкі, бярозкі – і больш нічога. Вы чаго гэта, таварышы, чырыкаеце?

Нам трэба любіць паэзію ўжо толькі за тое, што яна ствараецца на фронце, у вельмі цяжкіх умовах, якія не выклікаюць «лірычнай» дабрадушнасці. Прайшоўшы казематы, турмы, шыбеніцы, паэзія прыходзіць да нас, як вестка блізасці і спагады, як вялікі сардэчны прыяцель.

Зараз ужо нельга гаварыць аб росце нашай паэзіі без таго, каб не спыніцца на творчасці Танка. Ён прынёс нашай паэзіі незвычайную навізну і сілу вялікага паэтычнага тэмпераменту. Вершы Танка, насычаныя пафасам, сарказмам, перажытым болем, нясуць у сабе велізарны зарад ваяўнічай чалавечнасці, якая адстайвае свае правы ў атмасферы гвалту, гнёту. Звяртае на сябе ўвагу тая акалічнасць, што іменна паэзія, іменна верш з’яўляўся дзейсным сродкам рэволюцыйнага гуманізма. Іменна ў вершы знайшлі сваё выражэнне лепшыя імкненні народа. У выдатным вершы Ф. Пестрака «Паэзія» з вялікай сілай перададзен матыў гранічнай змешанасці вершаў з навакольнай, вельмі нярадаснай жыццёвай абстаноўкай.

Ты просішся ў дзверы маёй беднай хаткі

Восенню ветранай, цёмнаю ноччу…

гаворыць Пестрак, звяртаючыся да паэзіі. Яму ўторыць малады паэт Таўлай у сваіх лукішскіх вершах:

Пілую вершам краты.

Стыхія лірычнага ўладарна ўварвалася ў нашу паэзію. Перад тварам вершаў, якія ваявалі з ненавісным панствам і гадамі пакутвалі ў турмах, павысім нашы патрабаванні к паэтам, канчаткова адкінем тых, хто бачыць у паэзіі безмэтавую бразотку, якая асалоджвае пяшчотны слых. Паставім у парадку нашага працоўнага дня важнейшае пытанне аб паэзіі.

(артыкул Рыгора Бярозкіна падаецца паводле газеты «Літаратура і мастацтва», 11.03.1940)

Афішка выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. З сайта nlb.by.

Ад нашых чытачоў:

Анатоль Сідарэвіч, гісторык (01.11.2017, 29.12.2017)

Юлія Міхалаўна Канэ [жонка Рыгора Бярозкіна] апавядала мне, што ў сям’і Шлёмы Бярозкіна Гірш (Рыгор) быў адзіны сын, і сёстры, можна сказаць, насілі Гірша на руках. Заўсёды ў яго ўсё памытае, папрасаванае… Такі сабе паніч. А бацьку яго Шлёму Бярозкіна выслалі на пачатку 1920-х у Туркестан, бо ён няправільна разумеў сацыялізм, не згадзіўся з рашэннем бундаўскіх правадыроў зліцца ў экстазе з бальшавікамі. Быў паслядоўны бундавец.

Я так даўно чытаў даваенныя часопісы і газеты, што засталося толькі агульнае ўражанне: бальшавіцкая ідэалогія. І раптам – канкрэтную дату не назаву – у ЛіМе з’яўляецца публікацыя Рыгора Бярозкіна, напісаная ў літаратуразнаўчых тэрмінах. Як сказаў бы класік, прамень святла ў цёмным царстве. Які быў лёс гэтага маладога разумніка, ведаеце… Па вайне наступіла эпоха, якую можа, выкарыстаўшы вобраз Дж. Лондана, назваць «пад жалезнай пятой». Адраджэнне крытыкі і літаратуразнаўства пачалося пасля ХХ з’езду КПСС. Бярозкін і Адамовіч (Алесь) – самыя яркія зоркі. Іх аўтарытэт быў высокі. Няздары моцна нерваваліся, калі гэтыя аўтары не згадвалі іхнія творы, маўчалі пра іх творчасць.

Рыгор Саламонавіч – мая даўняя сімпатыя, ставіўся да яго з піетэтам. У яго прысутнасці я быў асцярожны ў выказваннях. Быў ён з’едлівы. І калі б я ляпнуў якое глупства, ён уеў бы мяне. Паэт Алесь Пісьмянкоў (страшны магілёўска-радзіміцкі нацыяналіст), калі я нешта казаў пра Бярозкіна (а казаў я станоўча), заўсёды кідаў: «Бо наш, магілёўскі».

Васіль Жуковіч, паэт (14.07.2018):

Рыгора Бярозкіна я ведаю як маштабнага крытыка. Ён трымаў руку на пульсе ўсяго значнага ў літаратуры, блаславіў таленты маладзенькіх Дануты Бічэль, Жэні Янішчыц, шмат каго яшчэ. Праўда, як мне здаецца, памыліўся ў ацэнках Уладзіміра Караткевіча-паэта. Загадчыкі выдавецкіх аддзелаў шанавалі яго і замаўлялі закрытыя рэцэнзіі на тых, што прэтэндавалі выдацца. Урэзалася ў памяць, як дасьціпна Бярозкін-рэцэнзент прайшоўся па рускамоўным рамане Ільлі Клаза. Дасьціпна пракаментаваў сказ аўтара «Пошлите меня на фронт, – сказал я тихо»: «Так, так, об этом просили вы как можно тише»…

Апублiкавана 15.07.2018  22:46

***

Водгукi:

Думаю, для П.Броўкі, як і для іншых паэтаў, было важным атрымаць канструктыўную крытыку такога мэтра, як Р. Бярозкін. Слушныя заўвагі давалі магчымасць паэту прафесійна развівацца, бачыць галоўнае ў сваёй місіі. Дзякуй богу, што нават у тыя таталітарныя часы для Р.Бярозкіна галоўным заставалася праўдзівасць у адзнаках паэтычнай творчасці, а не кан’юнктура і залежнасць ад рэгалій паэта, пра якога пісаў літаратуразнаўца. Нават цяжкі лёс не прымусіў Р.Бярозкіна адысці ад гэтай праўды.

З павагай, Наталля Мізон, загадчык Літаратурнага музея Петруся Броўкі  16.07.2018  17:22

З Польшчы, ад доктара габілітаванага гуманітарных навук Юрася Гарбінскага:
Дзякуй вялікі за артыкул Рыгора Бярозкіна. На бачанні-разуменні Бярозкіным літаратуры, у тым ліку беларускай, вучыліся і надалей павінны вучыцца ўсе тыя, хто хоча працаваць сур’ёзна на гэтай дзялянцы.
Цешуся, што маю ў сваёй прыватнай (!) кнігоўні яго незвычайную кнігу “Свет Купалы”. 
19.07.2018  13:13