Tag Archives: газета «Октябер»

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (73)

Шалом! І сёння – каліва ўласных назіранняў, думак… Праўда, у краіне Тутэйшыі мудраваць непамысна, а часам нават і шкодна для здароўя, асабліва асобам «ніжніх чыноў». Як завяшчаў нейкі Пятрусь Вялікі (не блытаць з расійскім імператарам), ім трэба мець выгляд «зухаваты і прыдуркаваты, каб начальства не засмучаць».

Асобныя тутэйшыя 5 мая разам з нетутэйшымі адсвяткавалі 200-годдзе Карла Гіршавіча Маркса, які ўжо зрабіўся чалавекам-міфам, не горай за Пятра І. Але спадчына яго жыве, няхай у скажоным ператвораным выглядзе. Крыху здзівілі вострыя нападкі на К. Г. Маркса з боку тутэйшага лібертарыянца, «вядомага эканаміста» Яраслава Р.: «Калі б ён жыў і прапагандаваў свае погляды сёння, яго б пасадзілі за краты за заклікі да гвалту і экстрэмізму, а facebook, напэўна, заблакаваў бы яго старонку». Ну, з такой «антырэкламай», дзе фэйспалмбук – ледзь не маральны аўтарытэт, і рэкламы не трэба 🙂 А яшчэ гэтая грэбліва-галаслоўная заўвага пра памерлага ў 2009 г. лаўрэата Нобелеўскай прэміі па эканоміцы: «Пол Самуэльсан… сімпатызаваў марксізму праз свой заганны Economics».

Можна спрачацца, наколькі глыбока тав. Маркс разумеў чалавечую прыроду. Мяркую, што сёе-тое ў ёй юбіляр такі цяміў, і не зусім утапічнымі былі мары пра набліжэнне бяскласавага грамадства; прынамсі яны мабілізавалі дзясяткі мільёнаў людзей на дзясяткі гадоў уперад (у тым ліку і ў Палестыне ды Ізраілі, дарэчы). Яго дыягназ «адчужэнне», пастаўлены ў 1840-х адносінам работнікаў да сваёй працы пад капіталізмам, мае вагу і цяпер.

Мне, чалавеку з дыпломам палітолага, асабліва каштоўнай здаецца марксава праца пачатку 1850-х «Васямнаццатае брумера Луі Банапарта». Дзякуючы ёй нямала можна даведацца пра сітуацыю 1994 года ў адной усходнееўрапейскай краіне…

І яшчэ я заўважыў, што «правыя радыкалы» апошнім часам актывізаваліся ў Беларусі. Амаль не саромеючыся, вешаюць на нязгодных цэтлікі тыпу «левакі», «леваліберальная навалач»: карацей, хто не з намі, той супраць нас. Лукашэнка ім таксама не даспадобы (на словах), бо захоўвае рудыменты савецкай эпохі, хоць па сутнасці з’яўляецца правым палітыкам, апалагетам дзяржаўнага капіталізму. Што мы тут маем, ЗАТ «Беларусь» ці карпарацыю Belarus Ltd., не так істотна: галоўнае, у 2010-х гадах канстытуцыйны артыкул пра «сацыяльную дзяржаву» ўспрымаецца ўжо як нясмешны жарт… Аднак асобныя прасунутыя блогеры тужаць па сапраўднай дыктатуры, каб не цацкацца з «рукой Масквы» і рэшткамі «бясплатнага сыру» для «народцу».

Не тое каб я захапляўся сучаснымі беларускімі левымі, але яны аб’ектыўна патрэбныя як процівага свавольствам тутэйшых чыноўнікаў і прадпрымальнікаў (ад палітыкі і не). Да таго ж некаторым з гэтых левых, выглядае, блізкая мова ідыш. Гэтыя карцінкi апублікаваў Аляксей Кудрыцкі перад стагоддзем БССР: мілата 🙂

А так – дапраўды крэатыўна – віншавала з Першамаем сваіх чытачоў менскае ідышнае выданне:

«Акцябер», 01.05.1927. Яўрэі, кітайцы – браты навек!

Між іншага, наезды «рэспектабельнай правай газеты» (С) на Сяргей Спарыша, які на дэманстрацыі 1 мая 2018 г. нёс плакат з «некарэктным» надпісам, прымусілі мяне больш пільна прыгледзецца да гэтага чалавека – дакладней, да яго медыявобраза.

С. Спарыш з плакатам – неўзабаве актывіста затрымаюць і аштрафуюць.

Мікалай Статкевіч эпічна пракаментаваў затрыманне паплечніка: «”Наша ніва” і “праваахоўнікі” чамусьці аднадушна вырашылі, што вусаты певень – гэта той, каго яны называюць “кіраўніком дзяржавы”… Але ж гэта толькі здагадка, магчымыя і іншыя версіі. Напрыклад, ёсць такая парода курэй – “араўкана”. Яны з пышнымі вусамі, бясхвостыя і нясуць блакітныя яйкі. Можа, мае калегі мелі на ўвазе іх? А то завядуць беларускія птушкафермы гэтую “араўкану”, а потым Расія адмовіцца купляць іх блакітныя яйкі. Каб не абвінавацілі ў прапагандзе гамасексуалізму. Мы ж так расійскі рынак страцім. Тады плакат з заклікам “пасылаць вусатага пеўня” з’яўляецца патрыятычным і скіраваным на захаванне беларускага птушкаводства».

Палітыкам з гучнымі пасадамі тыпу «старшыня аргкамітэта» і «генеральны сакратар» гэткае блазенства-трыкстэрства не дужа пасуе. З іншага боку, а што застаецца загнаным у кут? Займацца перформансамі, дэманстраваць сваё пачуццё гумару… Не мне асуджаць Статкевіча са Спарышам, пагатоў апошні цікавіцца не толькі птаствам. Ягоны запіс ад 19.04.2018:

Сёння самай правільнай блізкаўсходняй краіне, Ізраілю, спаўняецца 70 гадоў. Карыстаючыся нагодай, хачу падзяліцца з фрэндамі двума рэцэптамі. (…) Як падняць эканоміку Беларусі? Адзін з самых рэалістычных сцэнарыяў – дзяржаўная праграма вяртання яўрэяў. Мэта – давесці долю яўрэяў хаця б да 10 працэнтаў.

Яўрэі з ЗША або Ізраіля наўрад ці прыедуць у заўважнай колькасці, хіба што хасіды. Таму трэба будзе звярнуць асаблівую ўвагу на яўрэяў з Афрыкі. Нічога, што чорныя, падыйдуць.

З такімі сацыял-дэмакратамі насамрэч хочацца мець справу 🙂 Блізкае мне і ранейшае спарышава назіранне (чалавек яшчэ год таму працаваў на заводзе колавых цягачоў):

Пасля працяглага перапынку зноў шчыльна пакамунікаваў з пралетарыятам… заводскі пралетарыят у масе мае больш якасны чалавечы матэрыял, чым нашая інтэлігенцыя і розная там грамадзянская супольнасць. У сярэднестатыстычнага зваршчыка або слесара больш мазгоў, чым у сярэднестатыстычнага інтэлігента.

Тав. Спарыш літаральна «гарэў на рабоце» (кажа, у той дзень cпецадзенне не выдалі…)

Ну, а 70 гадоў дзяржаве Ізраіль споўніцца ўсё ж 14 мая. Да дзяржавы – у адрозненне ад краіны – маю змяшаныя пачуцці, але цуд ужо ў тым, што яна была створана ды існуе дагэтуль, на злосць вядома каму…

У 1988 г. я яшчэ мала ведаў пра Ізраіль, а ў 2008 г. было не да адзначэння памятных дат… Таму кропка адліку для мяне – 1998 г., калі святкаваўся «сапраўдны» юбілей. У тым годзе я шэсць тыдняў уважліва прыглядаўся да краіны, летась – тры. Пісаў пра некаторыя дэталі візітаў, хочацца праверыць свае ўражанні пры дапамозе статыстыкі.

20 год таму ў Ізраілі жыло 6 мільёнаў чалавек, зараз – звыш 8,5 мільёнаў. Калі абстрагавацца ад экалагічных і транспартных цяжкасцей, гэта дзяржаве ў плюс.

Валавы ўнутраны прадукт вырас, калі верыць Сусветнаму банку, амаль у 3 разы (1998 г. – 116 млрд USD, 2016 г. – 318). Зрэшты, Беларусь дэманстравала ў гэты час нават хутчэйшы рост ВУП, дарма што 100 мільярдаў для нас – пакуль завоблачная мара. Кітайская ж эканоміка вырасла ў 11 разоў…

Важна і тое, што сярэдняя працягласць жыцця ў Ізраілі марудна, але павялічвалася. 1998 г. – 78,15 гадоў, 2016 г. – 82,4. Для параўнання, у Беларусі: 68,4 і 73,83.

Здаецца, афіцыйны Ізраіль стаў больш актыўным ды прагматычным на міжнароднай арэне – у прыватнасці, і ў дачыненнях з Беларуссю. Калі ў канцы 1990-х дыпламаты не надта ведалі, як паводзіцца з тутэйшым урадам і бізнэсам, то ў 2017–2018 гг. вымалёўваецца пэўная стратэгія: «на першым месцы ў нас цяпер эканоміка, а не культура». Добра гэта ці не, вызначыць пакуль цяжкавата (чым правінавацілася вялікая і магутная ізраільская культура?), але, як кажуць шахматысты, нават кепскі план лепей, чым ніякага… Пэўных поспехаў у гаспадарчых справах ізраільцы дабіліся: во зараз паводле ізраільскай франшызы ў Мінску адкрыецца першая кавярня «Cofix». Пасол збіраецца «стварыць на зямлі Беларусі аграпрамысловы парк з ізраільскімі тэхналогіямі», але сельская гаспадарка тут, асабліва ў Віцебскім раёне, – куды больш рызыкоўная сфера, чым гандаль кавай. Ну, не будзем пра сумнае.

Інтэрнэт-выданне «Бэсэдэр?» падрыхтавала да юбілею жарцік: «У Ізраілі прыпынена распрацоўка штучнага інтэлекта, бо натуральны дзяваць няма куды». Не тое каб суперсмешна, затое патрыятычна.

Малюнак В. Вазнюка

Беларусы ж плануюць павіншаваць ізраільцаў з юбілеем праз… яўрэйскія песні. Надоечы былы «песняровец» Аляксандр Віслаўскі запісаў альбом «Толькі б яўрэі былі…», адсылаючы да назову рыгор-барадулінскай «кнігі павагі і сяброўства» 2011 г. Прэм’ера праграмы ў Іерусаліме адбудзецца 17.05.2018. Папраўдзе, набор з дзевяці песень – той выпадак, калі задумка лепшая за выкананне. Чамусьці ён нагадаў мне спробу звярнуцца да ізраільцаў на іўрыцка-ідышна-рускай трасянцы, зробленую агенцтвам «Белінформ» у 1992 г. Маю на ўвазе гэтую газетку:

Як бы ні было, радуе, што яўрэйская тэма ўкаранілася ў сучаснай белкультуры. Сёлета блогер Яўген Аснарэўскі прадставіў карту «Яўрэйская Гародня», з якой можна ладзіць экскурсіі або проста шпацыраваць па старажытным горадзе. Ён выбраў 16 самых важных аб’ектаў – амаль усе яны даступныя для агляду за пару гадзін.

Нешта цікавае намячаецца ў Гомелі 13.05.2018 – прэс-тур «Шляхамі Лазіка Ройтшванеца» з экскурсіяй, прэс-канферэнцыяй і выступам Гомельскага ансамбля яўрэйскай музыкі пад кіраўніцтвам Сямёна Клейнера. Асобныя цытаты з сатырычнага твору Ільі Эрэнбурга перакладзены на беларускую… Аднак тур па адным горадзе – гэтага замала! Наколькі помню (чытаў «Бурлівае жыццё…» ў 1990-х), беднага Лазіка пасля Гомеля закінула ў Расію, потым у Палестыну…

Асцярожна стаўлюся да навуковых работ патрыярха беларускай гістарыяграфіі Леаніда Лыча – на мой густ, яны занадта ідэалагізаваныя. Але серыя нарысаў «Акупацыя», што публікуецца ў «Народнай волі», гісторыку ўдалася, мо таму, што ён ажыўляе сваё дзяцінства ў родным мястэчку… Урывак з публікацыі 04.05.2018:

У Магільным пра лёс яго яўрэйскага насельніцтва ўсур’ёз загаварылі адразу ж пасля таго, як даведаліся пра першыя поспехі войскаў Вермахта і адступленне Чырвонай Арміі. Прадстаўнікі гэтага старажытнага народа, як засведчана ў літаратурных крыніцах, пасяліліся ў дадзенай мясцовасці прыкладна ў ХVІ стагоддзі. З тубыльскім насельніцтвам жылі ў згодзе, і таму ніхто не жадаў, каб яўрэі сталі ахвярай нямецкага акупацыйнага рэжыму. А так думаць мелася дастаткова падстаў, пра што добра паклапаціліся дэпартаваныя з Польшчы ў Магільнае яўрэі. Проста жахліва было чуць пра перанесеныя імі ад немцаў здзекі. У самага любімага намі, дзецьмі, дзядзькі Элі (ён беспамылкова вызначаў прозвішча кожнага з нас і імя бацькоў) у першыя ж дні вайны сталася штосьці няладнае з псіхікай. Ён перастаў выходзіць на вуліцу, сустракацца, весці размовы з людзьмі і, са слоў яўрэяў, толькі крычаў праз фортачку, што нам прыйшоў канец. Як на тую бяду, гэтае горкай прадказанне праз пэўны час спраўдзілася, прычым для ўсёй магільнянскай абшчыны яўрэяў, бо ніхто з іх не падаўся ў эвакуацыю.

* * *

9 мая з сям’ёй схадзіў на мінскую «Яму». Гэтым разам людзей сабралося пад тысячу, імпрэза пачалася амаль без спазнення, прамовы былі збольшага кароткія і змястоўныя, малітва чыталася з веданнем справы… Рабін Мардэхай Райхінштэйн паведаміў, між іншага, што дзень 9 мая 1945 г. (26 іяра) унесены яго аўтарытэтнымі калегамі ў каляндар іудзейскіх святаў. Не абышлося як без мінуты маўчання пад метраном, так і без выканання пад баян бадзёрай ідышнай песні «Lomir ale inejnem» (тут пастараўся Дзмітрый Капілаў, сын Аркадзя). Адсутнасць сярод прамоўцаў беларускіх чыноўнікаў не зашкодзіла cлухачам, хутчэй пайшла на карысць. Слушным ходам, па-мойму, быў і запуск у неба галубоў з адмыслова дастаўленай скрыні. 29.04.2018 у Красным, пасля мемарыяльнага мітынгу з нагоды 75-й гадавіны ліквідацыі Красненскага гета, дзеці выпускалі балонікі – таксама відовішчна. А напярэдадні мітынгу ў школе Краснага адбылася цёплая сустрэча з былым вязнем гета, жыхаром Петах-Тыквы Шымонам Грынгаўзам.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

11.05.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 11.05.2018  16:00

***

Siarhiej Sparyš 11 мая в 22:59

Спасибо этой респектабельной газете за “наезды”, точнее за пиар. Приятно, когда такое в меру читаемое издание так предсказуемо реагирует и делает точно то, что тебе нужно ?

125 гадоў паэта Элі Савікоўскага

Паэт Эля (Ілья Якаўлевіч) Савікоўскі нарадзіўся 20.01.1893 у мястэчку Палонка Баранавіцкага павета Гродзенскай губерні. Памёр 11.05.1959 у Мінску.

* * *

Гірш Рэлес. Ён быў сярод першых

У пачатку 1920-х гадоў, калі ў Беларусі толькі з’явілася савецкая яўрэйская прэса, сярод яўрэйскіх пісьменнікаў у Мінску вылучаліся Эля Савікоўскі і Мойшэ Юдовін. Эля Савікоўскі ў той час быў адным з найбольш пладавітых паэтаў. У 1923 г. выйшла яго кніга вершаў “Фарместэніш” (“Навыперадкі”). Нягледзячы на тое, што малады паэт выхоўваўся ў рэлігійным духу, шмат гадоў вучыўся ў ешыве, ён прыняў новае жыццё з радасцю і энтузіязмам і асудзіў стары рэлігійны быт.

У 1920 годзе, калі маладая савецкая рэспубліка вяла змаганне з ворагамі, Савікоўскі ў адным з вершаў пісаў:

Свет стаіць – гарматай цэліцца ў мяне,

Хоча ўкласці ніц на брук,

Точыць сваю шаблю-зуб

На мяне.

А я – іду ўперад,

А я – іду ўперад?

Заганяю далеч дзікую ў аброць,

Быццам раскілзанага каня.

Што такое час і чым ёсць плоць,

Калі пеніцца ад націску зямля? (…)

Палі дні зняможаны да ног,

Просіць прабачэння ноч.

Ты замкні сваю крывую крамку, Бог,

Выстаў клунак з ліхам за ламаны грош.

Тоўстымі рукамі неба я буру,

Нанізаў абрыўкі неба на кап’ё.

…Волат змею ў блізкае раннё

Молатам раздушыць галаву.

Вершы Элі Савікоўскага ў той час былі прасякнуты імпэтам і пафасам. У іх адчуваўся ўплыў футурыстаў і сімвалістаў. Яны часта друкаваліся з уласнымі “кампазіцыямі” паэта. Як кажуць знаўцы, у Савікоўскага такі было моцнае музычнае чуццё (у 1930-х Э. Савікоўскі вучыўся ў беларускай кансерваторыі, сябраваў з М. Аладавым, А. Багатыровым. – перакл.). У 1920-х яго вершы часта спяваліся на школьных вечарынах, уключаліся ў праграмы самадзейных калектываў, і нават прафесійныя спевакі мелі іх у сваіх рэпертуарах.

Выявы і факсіміле Э. Савікоўскага – іўрыт, ідыш

Да “вопытнага паэта” тады нясмела завітваў кучаравы хлопец, які падпісваў свае першыя вершы псеўданімам “І. З. Зембін”. Час ад часу разам з Харыкам прыходзіў у рэдакцыю зусім юны бялявы хлапчук, эвакуіраваны з Панявежыса, – Зэлік Аксельрод. Ён прыносіў вершы для газеты “Дэр векер”. Эля Савікоўскі падбадзёрваў пачаткоўцаў:

– Пішыце, хлопцы, з цягам часу будзеце сапраўднымі паэтамі.

Праз пару гадоў вучні пераўзышлі настаўніка. Ля штурвалу маладой ідышнай літаратуры ў Беларусі сталі Ізі Харык, Зэлік Аксельрод, Яша Бранштэйн, Хезкл Дунец. Прыкметнае месца заняла і група пачаткоўцаў з газеты “Юнгер арбэтэр” – Мойшэ Тэйф, Гірш Каменецкі, Хаім Ласкер, Мендл Ліфшыц і іншыя. А паэт Эля Савікоўскі застаўся як бы “у ценю”.

Сціплы Савікоўскі не наракаў на лёс. Наадварот, ён захапляўся тым, як яўрэйская літаратура расквітнела за пару гадоў. І пры гэтым дабрадушна пасміхаўся вачыма праз свае драцяныя акуляры.

Калі Ізі Харык, стаўшы галоўным рэдактарам часопіса “Штэрн”, звяртаўся да Савікоўскага па вершы для часопіса, той адказваў:

– Як-небудзь паспрабую штосьці накрэмзаць…

Між іншым, Харык усе гады ставіўся да Савікоўскага з пашанаю і моцна любіў яго. З боку гэта выглядала трохі дзіўна: вядомы паэт глядзіць “знізу ўверх” на малавядомага, які да таго ж друкуецца дужа рэдка. А калі Савікоўскаму радзілі: “Ну і ну! Чаму ж не нясеце ў “Штэрн” сваіх вершаў? Харык жа канечне іх надрукуе”, – ён адказваў: “Вось таму і не нясу. Харык не адмовіць нават тады, калі гэтыя вершы акажуцца слабымі. Я не хачу карыстаць з такой магчымасці”…

Матэрыяльна Савікоўскі быў забяспечаны. Ён працаваў бухгалтарам і дасягнуў вялікіх поспехаў у сваёй справе. У канцы 1920-х гг. ён стаў галоўным бухгалтарам рэспубліканскай будаўнічай арганізацыі. Аднак з літаратурай сувязей не парваў. Праўда, яго рэдка бачылі ў рэдакцыях і ў пісьменніцкіх суполках, але ён выкарыстоўваў кожную вольную хвіліну для творчасці. Яго творы з’яўляліся і ў перыёдыках, і асобнымі кніжкамі.

Адна з падзабытых публікацый Э. Савікоўскага – верш, прысвечаны амерыканскаму пісьменніку Аўрому Рэйзену. Менская газета “Акцябер”, 1928.

У 1928 г. выйшла яго кніжка вершаў-спеваў для дзяцей школьнага веку. Вершы суправаджаліся ўласнымі мелодыямі Савікоўскага. У 1929 г. убачыла свет п’еса “Эрдлінг” (“Зямельнае”), у 1934 г. – знакамітая дзіцячая п’еса “Папірэнэ тойбн” (“Папяровыя галубы”).

Я лепей пазнаёміўся і пасябраваў з Савікоўскім акурат пасля вайны, калі з яўрэйскіх пісьменнікаў у Мінску апынуліся фактычна мы двое.

Уры Фінкель са сваёй сям’ёй тады жыў у Ракаве. Часта прыязджаў у Мінск Цодык Даўгапольскі, але пастаянным яго месцам жыхарства быў Віцебск. Даўгапольскі любіў раз’язджаць і часцей за ўсё бываў у Ленінградзе, дзе жыла яго дачка. Вельмі часта наведваў ён і Маскву, адкуль прывозіў навіны ў Мінск і пры сустрэчы расказваў, што чутно ў яўрэйскіх пісьменнікаў у Маскве, Кіеве і Адэсе. У Мінску тады жыў гісторык і даследчык літаратуры Лейма Разенгойз, але ён днямі сядзеў у навуковым аддзеле бібліятэкі імя Леніна – збіраў матэрыялы для манаграфіі “Яўрэйская гісторыя ў святле марксісцкага светапогляду”. Над гэтай манаграфіяй ён працаваў шмат гадоў, але завяршыць яе не паспеў – калі Разенгойз сядзеў у бібліятэцы, у яго здарыўся інсульт. Яго адвезлі ў шпіталь, адкуль ён ужо не вярнуўся. Паэт Піня Плоткін ужо жыў у Бабруйску, але з ім мы сувязі не мелі. Толькі з Савікоўскім я меў магчымасць сустракацца і гутарыць пра нашу яўрэйскую літаратуру.

Час ад часу ў выхадны дзень я яму тэлефанаваў:

– Ці не жадаеце глынуць трохі свежага паветра?

– А чаму ж не?

У парку Горкага ў нас была любімая лаўка. Ён прыходзіў да яе з пакункам, і я ўжо ведаў, што там былі яго апошнія вершы і ноты.

– Ну, заспявайце што-небудзь! – прашу яго.

Ён дастае гросбух, куды запісваў свае новыя вершы (дарэчы, гэта было яго звычкай – запісваць вершы менавіта ў бухгалтарскія кнігі).

– Адразу відаць, што Вы – бухгалтар, – кажу я яму.

Ён пасміхаецца і пры гэтым выцірае драцяныя акуляры, якія часта саслізгваюць на канчарык носа. Тады ён павольна папраўляе іх, дастае з кішэні камертон, грукае ім па ствале дрэва, прыкладвае да вуха, хвіліну прыслухоўваецца і пачынае спяваць слабым, але прыемным голасам:

Ля дарогі дрэўца

Стаіць адно на поле.

Танюсенькае дрэўца,

Нізкае, слабое.

Гне яго вятрыска,

Агаляе ўдоўж.

Град дзярэ, як брытва

І лупцуе дождж.

Дрэўца ля дарогі,

Хто цябе прывеціць?

Аднаму ж і дрэўцу

Цяжка жыць на свеце…

– Ну? – пытаецца ён, калі сканчае спевы. І ў вачах яго – цікаўная ўсмешка. Што верш, што мелодыя выйшлі вельмі ўзрушлівыя, але ж яшчэ не зажылі раны, яшчэ свежыя ўспаміны пра фашысцкую навалу… І я прашу яго:

– Зараз давайце штосьці весялейшае.

– Вам не спадабалася? – расчаравана кажа ён.

– Не, якраз спадабалася. Толькі ж і без таго многа горычы…

Ён пачынае гартаць гросбух.

– Ну вось, маю тое, чаго Вы хочаце.

Міма праходзіць парачка. Савікоўскі чакае, пакуль яна пройдзе, зноў дастае камертон, грукае ім аб дрэва і хвілю слухае водгук. І вось ён спявае новую песню:

Прыйшоў ясны дзень – той, што лепшы ад лекаў,

Ён ззяе навокал ружовасцю шчок.

Не грызі сябе, дружа, за шчасцем не бегай,

А збяры ўсе турботы, зашый у мяшок,

Ды нясі іх далей у пустэльнае поле,

Раскладзі там касцёр і дашчэнту спалі,

А калі цябе ўзімку заспее нядоля,

Ты ў палонку яе у мяху зацягні.

Потым рукі абмыеш халоднай вадою,

Акурат як брыдоту якую чапаў,

Тройчы сплюнь – і свабоднай няспешнай хадою

Руш, куды табе трэба, ды крок цвёрда стаў.

Твой светлы настрой ўжо ніхто не саб’е,

Будзеш ты знаўцам і творцам сябе.

– От і я так думаю. – кажу яму.

– Шкада, што няма піяніна, – адгукаецца ён з прыкрасцю, – пад акампанемент атрымалася б нашмат лепей.

Я пытаюся:

– А на рабоце ведаюць, што Вы паэт і кампазітар?

– Яшчэ чаго не хапала! Я б адразу страціў увесь аўтарытэт…

З цягам часу гурток яўрэйскіх пісьменнікаў у Мінску крыху пашырыўся. Вярнуліся з няволі Айзік Платнер, Гірш Каменецкі. Уры Фінкель з сям’ёй перабраўся з Ракава ў Мінск. Савікоўскаму стала з кім пагутарыць на літаратурныя тэмы і апрача мяне.

Апошні раз я бачыў Элю Савікоўскага зімою 1959 года. Мы сустрэліся ў букіністычнай кнігарні. Выглядаў ён кепска: твар бледны, стомлены.

– Што Вы на мяне так глядзіце? – усхвалявана спытаўся ён.

– Проста даўно не бачыў.

– Калі прыйдзе вясна, зноў пабачымся ў парку ля нашай лавачкі, тады я Вам выдам “творчы аччот”…

Але сустрэцца каля нашай любімай лавачкі нам ужо не давялося. У адзін веснавы дзень Элі Савікоўскага не стала. На жаль, я не прыйшоў на пахаванне, бо быў у камандзіроўцы.

Мінула 14 гадоў пасля яго смерці. І вось веснавой раніцой у нядзелю нехта бомкае мне ў дзверы. Прыадчыняю іх і стаю ў здзіўленні: Эля Савікоўскі! Тая самая ўсмешка на губах, той самы добразычлівы позірк – праўда, вочы без драцяных акуляраў. У руках – той самы пакунак, з якім Эля выходзіў у парк. Заўважыўшы маю разгубленасць, чалавек пытаецца:

– Здаецца, я Вас напалохаў?

Той самы голас! Я аж спруцянеў ад нутранага холаду.

– Я – Савікоўскі, заяўляе ён.

Усё стаю, як Голем.

– Вы ж ведалі майго тату?

Толькі тады я змог нешта сказаць:

– Дык значыць, Вы яго сын? Ну што ж, заходзьце, заходзьце.

Калі ён сеў за стол і, на манер бацькі, з усмешкай развязаў пакунак, я адразу ж прыкмеціў знаёмыя бухгалтарскія кнігі.

– Сёлета спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння майго бацькі. Мне б хацелася, каб Вы пра яго ўспомнілі ў часопісе “Саветыш Геймланд”. Вы ж яго добра ведалі…

Я гартаю бухгалтарскія кнігі Элі Савікоўскага. Там – больш за 50 вершаў, створаных ім пасля вайны. Так, ён быў сапраўдным паэтам і кампазітарам, які ўнёс сціплы, але адметны ўклад у магутную плынь яўрэйскай літаратуры.

Гірш РЭЛЕС

(Пераклаў з ідыша Вольф Рубінчык паводле часопіса “Саветыш Геймланд”, Масква, № 11, 1973. Упершыню пераклад апублікаваны ў зборніку Э. Савікоўскага “Likhtikajt”/“Зіхаценне” – Мінск: Шах-плюс, 2008, с. 58–61. Гэты зборнік, як і іўрыцкі 2009 г., убачыў свет дзякуючы дапамозе ўнучкі паэта Сафіі Зіноўеўны Савікоўскай).

* * *

Цікавай фігураю ў яўрэйскай перадрэвалюцыйнай культуры быў паэт-песеннік і кампазітар Элі Савікоўскі. Пэўны час ён жыў у Варшаве, дзе зблізіўся з І. Л. Перацам, там жа пачаў друкавацца. Э. Савікоўскі збіраў фальклор, ствараў песенныя тэксты і складаў для іх музыку, многа пісаў для дзяцей (на ідыш і на іўрыце). Пасля рэвалюцыі, адмовіўшыся ўступаць у савецкія творчыя саюзы, друкаваўся рэдка, таму большая частка спадчыны паэта і кампазітара засталася неапублікаванай (з артыкула Фелікса Баторына “Рэвалюцыя. Рэпрэсіі. Адраджэнне” ў газеце “Літаратура і мастацтва”, 20.03.2015).

Апублiкавана 21.01.2018  00:58