Шалом! І сёння – каліва ўласных назіранняў, думак… Праўда, у краіне Тутэйшыі мудраваць непамысна, а часам нават і шкодна для здароўя, асабліва асобам «ніжніх чыноў». Як завяшчаў нейкі Пятрусь Вялікі (не блытаць з расійскім імператарам), ім трэба мець выгляд «зухаваты і прыдуркаваты, каб начальства не засмучаць».
Асобныя тутэйшыя 5 мая разам з нетутэйшымі адсвяткавалі 200-годдзе Карла Гіршавіча Маркса, які ўжо зрабіўся чалавекам-міфам, не горай за Пятра І. Але спадчына яго жыве, няхай у скажоным ператвораным выглядзе. Крыху здзівілі вострыя нападкі на К. Г. Маркса з боку тутэйшага лібертарыянца, «вядомага эканаміста» Яраслава Р.: «Калі б ён жыў і прапагандаваў свае погляды сёння, яго б пасадзілі за краты за заклікі да гвалту і экстрэмізму, а facebook, напэўна, заблакаваў бы яго старонку». Ну, з такой «антырэкламай», дзе фэйспалмбук – ледзь не маральны аўтарытэт, і рэкламы не трэба 🙂 А яшчэ гэтая грэбліва-галаслоўная заўвага пра памерлага ў 2009 г. лаўрэата Нобелеўскай прэміі па эканоміцы: «Пол Самуэльсан… сімпатызаваў марксізму праз свой заганны Economics».
Можна спрачацца, наколькі глыбока тав. Маркс разумеў чалавечую прыроду. Мяркую, што сёе-тое ў ёй юбіляр такі цяміў, і не зусім утапічнымі былі мары пра набліжэнне бяскласавага грамадства; прынамсі яны мабілізавалі дзясяткі мільёнаў людзей на дзясяткі гадоў уперад (у тым ліку і ў Палестыне ды Ізраілі, дарэчы). Яго дыягназ «адчужэнне», пастаўлены ў 1840-х адносінам работнікаў да сваёй працы пад капіталізмам, мае вагу і цяпер.
Мне, чалавеку з дыпломам палітолага, асабліва каштоўнай здаецца марксава праца пачатку 1850-х «Васямнаццатае брумера Луі Банапарта». Дзякуючы ёй нямала можна даведацца пра сітуацыю 1994 года ў адной усходнееўрапейскай краіне…
І яшчэ я заўважыў, што «правыя радыкалы» апошнім часам актывізаваліся ў Беларусі. Амаль не саромеючыся, вешаюць на нязгодных цэтлікі тыпу «левакі», «леваліберальная навалач»: карацей, хто не з намі, той супраць нас. Лукашэнка ім таксама не даспадобы (на словах), бо захоўвае рудыменты савецкай эпохі, хоць па сутнасці з’яўляецца правым палітыкам, апалагетам дзяржаўнага капіталізму. Што мы тут маем, ЗАТ «Беларусь» ці карпарацыю Belarus Ltd., не так істотна: галоўнае, у 2010-х гадах канстытуцыйны артыкул пра «сацыяльную дзяржаву» ўспрымаецца ўжо як нясмешны жарт… Аднак асобныя прасунутыя блогеры тужаць па сапраўднай дыктатуры, каб не цацкацца з «рукой Масквы» і рэшткамі «бясплатнага сыру» для «народцу».
Не тое каб я захапляўся сучаснымі беларускімі левымі, але яны аб’ектыўна патрэбныя як процівага свавольствам тутэйшых чыноўнікаў і прадпрымальнікаў (ад палітыкі і не). Да таго ж некаторым з гэтых левых, выглядае, блізкая мова ідыш. Гэтыя карцінкi апублікаваў Аляксей Кудрыцкі перад стагоддзем БССР: мілата 🙂
А так – дапраўды крэатыўна – віншавала з Першамаем сваіх чытачоў менскае ідышнае выданне:
«Акцябер», 01.05.1927. Яўрэі, кітайцы – браты навек!
Між іншага, наезды «рэспектабельнай правай газеты» (С) на Сяргей Спарыша, які на дэманстрацыі 1 мая 2018 г. нёс плакат з «некарэктным» надпісам, прымусілі мяне больш пільна прыгледзецца да гэтага чалавека – дакладней, да яго медыявобраза.
С. Спарыш з плакатам – неўзабаве актывіста затрымаюць і аштрафуюць.
Мікалай Статкевіч эпічна пракаментаваў затрыманне паплечніка: «”Наша ніва” і “праваахоўнікі” чамусьці аднадушна вырашылі, што вусаты певень – гэта той, каго яны называюць “кіраўніком дзяржавы”… Але ж гэта толькі здагадка, магчымыя і іншыя версіі. Напрыклад, ёсць такая парода курэй – “араўкана”. Яны з пышнымі вусамі, бясхвостыя і нясуць блакітныя яйкі. Можа, мае калегі мелі на ўвазе іх? А то завядуць беларускія птушкафермы гэтую “араўкану”, а потым Расія адмовіцца купляць іх блакітныя яйкі. Каб не абвінавацілі ў прапагандзе гамасексуалізму. Мы ж так расійскі рынак страцім. Тады плакат з заклікам “пасылаць вусатага пеўня” з’яўляецца патрыятычным і скіраваным на захаванне беларускага птушкаводства».
Палітыкам з гучнымі пасадамі тыпу «старшыня аргкамітэта» і «генеральны сакратар» гэткае блазенства-трыкстэрства не дужа пасуе. З іншага боку, а што застаецца загнаным у кут? Займацца перформансамі, дэманстраваць сваё пачуццё гумару… Не мне асуджаць Статкевіча са Спарышам, пагатоў апошні цікавіцца не толькі птаствам. Ягоны запіс ад 19.04.2018:
Сёння самай правільнай блізкаўсходняй краіне, Ізраілю, спаўняецца 70 гадоў. Карыстаючыся нагодай, хачу падзяліцца з фрэндамі двума рэцэптамі. (…) Як падняць эканоміку Беларусі? Адзін з самых рэалістычных сцэнарыяў – дзяржаўная праграма вяртання яўрэяў. Мэта – давесці долю яўрэяў хаця б да 10 працэнтаў.
Яўрэі з ЗША або Ізраіля наўрад ці прыедуць у заўважнай колькасці, хіба што хасіды. Таму трэба будзе звярнуць асаблівую ўвагу на яўрэяў з Афрыкі. Нічога, што чорныя, падыйдуць.
З такімі сацыял-дэмакратамі насамрэч хочацца мець справу 🙂 Блізкае мне і ранейшае спарышава назіранне (чалавек яшчэ год таму працаваў на заводзе колавых цягачоў):
Пасля працяглага перапынку зноў шчыльна пакамунікаваў з пралетарыятам… заводскі пралетарыят у масе мае больш якасны чалавечы матэрыял, чым нашая інтэлігенцыя і розная там грамадзянская супольнасць. У сярэднестатыстычнага зваршчыка або слесара больш мазгоў, чым у сярэднестатыстычнага інтэлігента.
Тав. Спарыш літаральна «гарэў на рабоце» (кажа, у той дзень cпецадзенне не выдалі…)
Ну, а 70 гадоў дзяржаве Ізраіль споўніцца ўсё ж 14 мая. Да дзяржавы – у адрозненне ад краіны – маю змяшаныя пачуцці, але цуд ужо ў тым, што яна была створана ды існуе дагэтуль, на злосць вядома каму…
У 1988 г. я яшчэ мала ведаў пра Ізраіль, а ў 2008 г. было не да адзначэння памятных дат… Таму кропка адліку для мяне – 1998 г., калі святкаваўся «сапраўдны» юбілей. У тым годзе я шэсць тыдняў уважліва прыглядаўся да краіны, летась – тры. Пісаў пра некаторыя дэталі візітаў, хочацца праверыць свае ўражанні пры дапамозе статыстыкі.
20 год таму ў Ізраілі жыло 6 мільёнаў чалавек, зараз – звыш 8,5 мільёнаў. Калі абстрагавацца ад экалагічных і транспартных цяжкасцей, гэта дзяржаве ў плюс.
Валавы ўнутраны прадукт вырас, калі верыць Сусветнаму банку, амаль у 3 разы (1998 г. – 116 млрд USD, 2016 г. – 318). Зрэшты, Беларусь дэманстравала ў гэты час нават хутчэйшы рост ВУП, дарма што 100 мільярдаў для нас – пакуль завоблачная мара. Кітайская ж эканоміка вырасла ў 11 разоў…
Важна і тое, што сярэдняя працягласць жыцця ў Ізраілі марудна, але павялічвалася. 1998 г. – 78,15 гадоў, 2016 г. – 82,4. Для параўнання, у Беларусі: 68,4 і 73,83.
Здаецца, афіцыйны Ізраіль стаў больш актыўным ды прагматычным на міжнароднай арэне – у прыватнасці, і ў дачыненнях з Беларуссю. Калі ў канцы 1990-х дыпламаты не надта ведалі, як паводзіцца з тутэйшым урадам і бізнэсам, то ў 2017–2018 гг. вымалёўваецца пэўная стратэгія: «на першым месцы ў нас цяпер эканоміка, а не культура». Добра гэта ці не, вызначыць пакуль цяжкавата (чым правінавацілася вялікая і магутная ізраільская культура?), але, як кажуць шахматысты, нават кепскі план лепей, чым ніякага… Пэўных поспехаў у гаспадарчых справах ізраільцы дабіліся: во зараз паводле ізраільскай франшызы ў Мінску адкрыецца першая кавярня «Cofix». Пасол збіраецца «стварыць на зямлі Беларусі аграпрамысловы парк з ізраільскімі тэхналогіямі», але сельская гаспадарка тут, асабліва ў Віцебскім раёне, – куды больш рызыкоўная сфера, чым гандаль кавай. Ну, не будзем пра сумнае.
Інтэрнэт-выданне «Бэсэдэр?» падрыхтавала да юбілею жарцік: «У Ізраілі прыпынена распрацоўка штучнага інтэлекта, бо натуральны дзяваць няма куды». Не тое каб суперсмешна, затое патрыятычна.
Малюнак В. Вазнюка
Беларусы ж плануюць павіншаваць ізраільцаў з юбілеем праз… яўрэйскія песні. Надоечы былы «песняровец» Аляксандр Віслаўскі запісаў альбом «Толькі б яўрэі былі…», адсылаючы да назову рыгор-барадулінскай «кнігі павагі і сяброўства» 2011 г. Прэм’ера праграмы ў Іерусаліме адбудзецца 17.05.2018. Папраўдзе, набор з дзевяці песень – той выпадак, калі задумка лепшая за выкананне. Чамусьці ён нагадаў мне спробу звярнуцца да ізраільцаў на іўрыцка-ідышна-рускай трасянцы, зробленую агенцтвам «Белінформ» у 1992 г. Маю на ўвазе гэтую газетку:
Як бы ні было, радуе, што яўрэйская тэма ўкаранілася ў сучаснай белкультуры. Сёлета блогер Яўген Аснарэўскі прадставіў карту «Яўрэйская Гародня», з якой можна ладзіць экскурсіі або проста шпацыраваць па старажытным горадзе. Ён выбраў 16 самых важных аб’ектаў – амаль усе яны даступныя для агляду за пару гадзін.
Нешта цікавае намячаецца ў Гомелі 13.05.2018 – прэс-тур «Шляхамі Лазіка Ройтшванеца» з экскурсіяй, прэс-канферэнцыяй і выступам Гомельскага ансамбля яўрэйскай музыкі пад кіраўніцтвам Сямёна Клейнера. Асобныя цытаты з сатырычнага твору Ільі Эрэнбурга перакладзены на беларускую… Аднак тур па адным горадзе – гэтага замала! Наколькі помню (чытаў «Бурлівае жыццё…» ў 1990-х), беднага Лазіка пасля Гомеля закінула ў Расію, потым у Палестыну…
Асцярожна стаўлюся да навуковых работ патрыярха беларускай гістарыяграфіі Леаніда Лыча – на мой густ, яны занадта ідэалагізаваныя. Але серыя нарысаў «Акупацыя», што публікуецца ў «Народнай волі», гісторыку ўдалася, мо таму, што ён ажыўляе сваё дзяцінства ў родным мястэчку… Урывак з публікацыі 04.05.2018:
У Магільным пра лёс яго яўрэйскага насельніцтва ўсур’ёз загаварылі адразу ж пасля таго, як даведаліся пра першыя поспехі войскаў Вермахта і адступленне Чырвонай Арміі. Прадстаўнікі гэтага старажытнага народа, як засведчана ў літаратурных крыніцах, пасяліліся ў дадзенай мясцовасці прыкладна ў ХVІ стагоддзі. З тубыльскім насельніцтвам жылі ў згодзе, і таму ніхто не жадаў, каб яўрэі сталі ахвярай нямецкага акупацыйнага рэжыму. А так думаць мелася дастаткова падстаў, пра што добра паклапаціліся дэпартаваныя з Польшчы ў Магільнае яўрэі. Проста жахліва было чуць пра перанесеныя імі ад немцаў здзекі. У самага любімага намі, дзецьмі, дзядзькі Элі (ён беспамылкова вызначаў прозвішча кожнага з нас і імя бацькоў) у першыя ж дні вайны сталася штосьці няладнае з псіхікай. Ён перастаў выходзіць на вуліцу, сустракацца, весці размовы з людзьмі і, са слоў яўрэяў, толькі крычаў праз фортачку, што нам прыйшоў канец. Як на тую бяду, гэтае горкай прадказанне праз пэўны час спраўдзілася, прычым для ўсёй магільнянскай абшчыны яўрэяў, бо ніхто з іх не падаўся ў эвакуацыю.
* * *
9 мая з сям’ёй схадзіў на мінскую «Яму». Гэтым разам людзей сабралося пад тысячу, імпрэза пачалася амаль без спазнення, прамовы былі збольшага кароткія і змястоўныя, малітва чыталася з веданнем справы… Рабін Мардэхай Райхінштэйн паведаміў, між іншага, што дзень 9 мая 1945 г. (26 іяра) унесены яго аўтарытэтнымі калегамі ў каляндар іудзейскіх святаў. Не абышлося як без мінуты маўчання пад метраном, так і без выканання пад баян бадзёрай ідышнай песні «Lomir ale inejnem» (тут пастараўся Дзмітрый Капілаў, сын Аркадзя). Адсутнасць сярод прамоўцаў беларускіх чыноўнікаў не зашкодзіла cлухачам, хутчэй пайшла на карысць. Слушным ходам, па-мойму, быў і запуск у неба галубоў з адмыслова дастаўленай скрыні. 29.04.2018 у Красным, пасля мемарыяльнага мітынгу з нагоды 75-й гадавіны ліквідацыі Красненскага гета, дзеці выпускалі балонікі – таксама відовішчна. А напярэдадні мітынгу ў школе Краснага адбылася цёплая сустрэча з былым вязнем гета, жыхаром Петах-Тыквы Шымонам Грынгаўзам.
Вольф Рубінчык, г. Мінск
11.05.2018
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 11.05.2018 16:00
***
Siarhiej Sparyš 11 мая в 22:59