Tag Archives: Сторожёвский рынок

Квартал Караткевіча, Мальдзіса (4)

У трох папярэдніх частках выказвалася няхітрая думка: варта нагадаць urbi et orbi, што ў 1967–73 гг. каля бульвара Шаўчэнкі ў Мінску жыў наш класік, паэт-празаік-перакладчык-сцэнарыст-публіцыст Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч (1930–1984). Тутсама ён ажаніўся. Прапаноўваліся такія шляхі ўшанавання яго памяці:

– больш ці менш афіцыйнае вызначэнне мікрараёна ў межах вуліц В. Харужай – Чарвякова – Кахоўскай – бульвара Шаўчэнкі (магчыма, вул. Гая) як «Каштанаўкі». Гэты «рэбрэндынг», імаверна, прыцягне турыстаў і разбудзіць мясцовых жыхароў – «не цяпер, дык у чацвер». Новая назва расце перадусім з аповесці Караткевіча «Лісце каштанаў» (1972), якую ён напісаў тутака, але таксама з багацця тутэйшай флоры.

Вул. Кахоўская (бліжэй да Гая). Мальвы і каштаны

– аздабленне сродкамі стрыт-арту некаторых будынкаў, звязаных з біяграфіяй Караткевіча (вул. В. Харужай, 48; вул. В. Харужай, 42; вул. Чарвякова, 18).

– абклейка адмысловымі фотаабоямі прыпынкаў грамадскага транспарту – як мінімум на бул. Шаўчэнкі, але, магчыма, і на вул. Чарвякова, побач з жытлом прафесара Адама Мальдзіса (дарэчы, той жа дом № 18 – «гняздэчка» яшчэ аднаго не апошняга для беларускай культуры чалавека, Артура Клінава).

На вул. Чарвякова цяпер звычайны аўтобусны прыпынак (выявы іншых гл. у частцы 3). Дом № 18 трохі відаць злева

Можна было б паразважаць пра перформанс(ы) да 90-годдзя Караткевіча (26.11.2020), да 50-годдзя заключэння ім шлюбу з Валянцінай Нікіцінай (19.02.2021). Аднак я не вялікі перформансіст, а больш дасведчаныя ў гэтай сферы людзі, якім адпраўляліся спасылкі на мае тэксты, адгукацца не спяшаюць.

Увогуле, тут і цяпер ператварыць ідэю ў нешта важкае цяжкавата. Бо на сувязь не выходзяць не адно знаўцы перформасных нюансаў ды рыцары турыстычных маршрутаў, але і патэнцыйныя фундатары. Толькі адзін чытач заявіў пра гатоўнасць ахвяраваць на графіці з Караткевічам 20$. Я мог бы падвоіць гэтую суму, ды сумняюся, што гэтага хопіць нават на пэндзлі і фарбу. Зрэшты…

«Сузор’е Караткевіча» (сем партрэтаў на тарцы дома № 48) – мо занадта складана і дорага. Мімаходзь нарадзіліся іншыя варыянты для мурала:

– Уладзімір Караткевіч вызірае на двор з балкона;

– У. К. сядзіць перад акном з настольнай лямпай;

– У. К. шпацыруе па бульвары.

Пагутарыў з праф. Мальдзісам. Ён прыгадаў, што Уладзімір Сямёнавіч выходзіў на балкон даволі рэдка. Што да лямпы, пры дапамозе якой пісьменнік сігналіў свайму сябру (гл., напрыклад, тут), Адам Іосіфавіч не памятае дакладна, як яна выглядала; кажа, што гэта быў не «грыбок». Мажліва, нешта падобнае:

Крыніца выявы

А. Мальдзісу найбольш спадабаўся варыянт «Караткевіч шпацыруе па бульвары» (пагатоў такі шпацыраваў, і ў булачную на рагу з вул. Асіпенка, згаданую ў ч. 2, заходзіў). Але ж як выглядаў бульвар Шаўчэнкі ў канцы 1960-х – пачатку 1970-х? Папраўдзе, беднавата.

Крыніца: onliner.by

У канцы бульвара 50 год таму адкрылі кінатэатр «Маяк», які, без сумневу, Караткевіч таксама наведваў. З 1976 г. гэтая ўстанова называецца «Кіеў» (справа – фота 2020 г.)

А што калі намаляваць, як пісьменніка натхняе сучасны бульвар? Пасланне з празрыстым падтэкстам: Караткевіч не застаўся ў сваім часе, ён дагэтуль сярод нас…

Наступныя варыянты я не абмяркоўваў з прафесарам, аднак і яны, па-мойму, заслугоўваюць разгляду:

«Караткевіч з галубамі». Алюзія на вядомы анекдот, прыведзены ў кнізе Мальдзіса:

Віктар Карамазаў расказваў мне (а потым і апісаў) такі выпадак. Караткевіч часта хадзіў на Старажоўскі рынак, дзе любаваўся рознай жывёлай. Яго ўжо там ведалі — асабліва прадаўцы сабак і птушак. І вось аднойчы падыходзіць ён да «галубятніка» і абураецца тым, што той трымае такіх прыгажуноў у цеснай клетцы. Гандляр здзекліва адказвае: «Калі шкада — то плаці: выпушчу на волю». «Колькі?» «Па дзясятцы за кожнага!» Караткевіч аддаў тады ўвесь свой ганарар. Браў кожнага голуба з клеткі і трыумфальна ўзнімаў увысь: ляці!

Каб жа гэтак рамантычна ўсё і завяршалася… Адам Іосіфавіч дадае: «А тыя птахі… вярталіся звычным шляхам да гаспадара, у яго клеткі». Але чаму б не дапусціць, што некаторыя птушкі насамрэч здабывалі волю дзякуючы пісьменніку?

Яшчэ адна галубятня ў Каштанаўцы (побач з вул. Кахоўскай, 38); на месцы рынка цяпер мемарыяльныя брацкія могілкі, дзе спачываюць ахвяры Першай сусветнай

«Караткевіч не без суму паглядае на бег кінастужкі ў праектары». Менавіта ў канцы 1967 г. быў завершаны першы мастацкі фільм паводле сцэнарыя У. К. – «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (рэжысёр Уладзімір Бычкоў). Фільм быў забракаваны кінаначальствам і больш чым 20 год шырока не паказваўся. Справаздача кіначыноўніка Іваноўскага многае тлумачыць: «Адбылася дэвальвацыя жанру: замест гістарычнага твора мы атрымалі павярхоўныя, маламастацкія сцэны… Крыўдная няўдача здольнага рэжысёра» («ЛіМ», 28.11.1969).

Агулам, не шанцавала Караткевічу з экранізацыямі – усе яны дужа прыблізна перадавалі дух яго твораў, і чым далей (1967, 1979, 1983 гг.), тым больш прыблізна. Вось чаму, дарэчы, я не схільны прэзентаваць дом № 48 па вул. В. Харужай як той, што паказаны ў «Чорным замку Альшанскім», дарма што адсылкі да Старажоўскага рынка і Мальдзіса з яго кватэрай на 1-м паверсе вул. Чарвякова проста кідаюцца ў вочы…

Раніцай мяне разбудзіў залівісты крык пеўня, а пасля адчайнадушнае, надрывістае кувіканне парасяці: відаць, неслі ў мяху.

– Не хачу-у! Пусці-і-це! Пусці-іце!

Як на вёсцы. І кожную нядзелю мне вось так прыемна. І гэта адна з прычын, чаму я люблю сваю хату…

Нават мне немагчыма ўседзець на месцы кожную нядзелю, калі цераз тракт ад майго дома адкрываецца рынак худобы: коні, каровы, свінні, залатыя рыбкі, авечкі, галубы, трусы, лясное звяр’ё, птушкі, сабакі і ўсё жывое.

Да таго як агарадзілі квартал – дзядзькі з вазамі стаялі сабе на тратуарах, а здаравушчыя мацёры, адваліўшы саскі, ляжалі, мілыя, на газоне.

Аднойчы мой сябар Алесь Гудас (а ён жыве на першым паверсе) у нядзелю сядзеў за пісьмовым сталом, а проста пад акном яго кабінета спыніўся воз. Дзядзькі нешта прадалі і вырашылі замачыць куплю-продаж. З рыльца. Убачылі яго і пачалі круціць пальцамі каля лоба. І сапраўды, дурань нямочаны: людзі весяліцца збіраюцца, нядзеля, а ён працуе. Алесь пакруціў пальцам у адказ, прынёс і падаў ім у акно шклянку. Тады яны першую налілі яму. Жонка пасля ледзь з глузду не з’ехала: адкуль выпіўшы? У хатніх туфлях не выходзіў, у хаце ані кроплі спіртнога, а ён глядзіць і не дужа разумна ўсміхаецца.

Харошы куток! Шкада, калі рынак куды-небудзь перанясуць. І, галоўнае, у двух кроках ад «вёскі», ад таго куточка, занесенага на брук, вулачка, далей бульвар і шумны вялікі горад. І дома і замужам.

Адсылкі да славутага мінскага раёна відавочныя ў рамане 1979 г., але не ў фільме 1983 г., каторы ў ХХІ ст. проста балюча пераглядаць. Няма ў фільме ні рынка, ні «пад’езда кавалераў»…

У маім доме пяць паверхаў і чатыры пад’езды. Мой пад’езд трэці. Завуць яго «пад’ездам старых кавалераў» нездарма. Па невыказнай іроніі лёсу ўсе мужыкі ў ім (пра незамужніх дзяўчат не кажу) або нежанатыя, або ўдаўцы, або…

Бракуе ў фільме 1983 г. і многага іншага, найперш фірмовых караткевіцкіх досціпаў. Навошта Караткевіч пасля канфліктаў з «Беларусьфільмам» у пачатку 1980-х зноў звязаўся з кінастудыяй? Магчымае тлумачэнне ёсць у той жа кнізе Мальдзіса. У 1960-х ягоны сябар казаў так:

— Ні чорта вы не шупіце ў кіно! — злаваў Караткевіч. — Гэта ж магутная сіла! Раман у нашых беларускіх умовах прачытае ну дзесяць, ну дваццаць тысяч чалавек. А добры фільм паглядзяць мільёны. Разумееце, якая мажлівасць уздзейнічаць на народ, абуджаць яго годнасць, яго памяць.

Пры ўсёй павазе да Караткевіча, гэта было паляванне на двух зайцоў з прадказальным вынікам. Апошні раман класіка чыталі многія, ён выдаваўся ў серыі «Школьная бібліятэка», але героі не пайшлі ў народ (відаць, і праз пасрэднасць іх кінематаграфічнага ўвасаблення)… Пра Антона Косміча ў Беларусі чулі, па-мойму, куды менш, чым пра самога Караткевіча. І кватэра № 26, у якой жыў кніжны герой, не прыцягвае «фанатаў» так, як «нячыстая кватэра» вабіла чытачоў булгакаўскага рамана «Майстар і Маргарыта» (калі ў 1990 і 1995 гг. я бываў у Маскве, то заходзіў у пад’езд па Вялікай Садовай, 10 – дзівіўся там на «народную творчасць», усялякія вычварныя графіці).

У пад’ездзе на В. Харужай усё ціха-мірна

Зміцер Бартосік у 1999 г. гутарыў з жыхарамі дома № 48 па вул. В. Харужай – здаецца, нават тыя, хто ўспомніў Караткевіча як свайго суседа, не дужа былі знаёмы з яго творчай спадчынай…

Старая настаўнiца з чацьвертага паверху паскардзiлася мне на пісьменьніка за тое, што той, п’яны, пераблытаў паверхi i вельмi яе напалохаў сярод ночы, ломячыся ў яе цiхае гняздо. Крыўда бабулi была настолькi натуральнай, быццам iнцыдэнт адбыўся ня тры дзясяткi гадоў, а пару дзён таму.

Пабыўшы ў ролi ўчастковага мiлiцыянта, я падняўся на пяты, цалкам закратаваны паверх. Пажылы iнжынэр з-за кратаў паведамiў мне, як ён шкадуе, што ўвесь час адмаўляў Караткевiчу скласьцi кампанiю за пляшкаю гарэлкi. “Я ведь к водке отношусь строго отрицательно, –- сказаў ён, –- а сейчас было бы что вспомнить. И даже, может быть, рассказать что-нибудь вам”.

Вядома, нi старых кавалераў, нi высакародных псыхiятраў, нi адстаўных шпiёнаў у гэтым пад’езьдзе нiколi не пражывала. I што самае для мяне дзiўнае – «Чорнага замку» з апытаных мною жыхароў нiхто не чытаў…

Новага апытання сёлета я не ладзіў, таму што не бачу сэнсу. Мая выснова такая: калі дом, пад’езд і двор за 40 гадоў не сталі «культавымі» дзякуючы раману, то наўрад ці ўжо стануць. Але неяк вылучыць іх на фоне паўсядзёншчыны ўсё ж варта; многае тут у нашых руках і нагах.

Караткевічы і Мальдзісы перад тым самым пад’ездам. Люты 1971 г.

Як прыцягнуць увагу не тое што да дома, а да цэлага квартала, гаварылася ў папярэдніх частках майго «даследавання», дый у пачатку гэтай. Да гарадскіх уладаў звяртацца (пакуль што) не рызыкую. Мяркую, яны ў прынцыпе не супраць Караткевіча і яго твораў – не адкінулі ж прапанову беларускіх літаратараў назваць вуліцу ў Мінску імем Гервасія Вылівахі або Алеся Загорскага, хоць і марудзяць з ажыццяўленнем – але… Ёсць не абы-якая верагоднасць, што пад эгідай ідэолагаў усё звядзецца да абсурду і кічу. Падобна, так здарылася ў Бабруйску, дзе пасля 2006 г. пачалася «бабраманія»: «у дварах сталі рабіць прымітыўныя фігуркі гэтых жывёл для дзіцячых пляцовак, на пакетах з малаком друкавалі баброў, зрабілі яшчэ некалькі аналагічных скульптур і паставілі іх у разных раёнах горада…» Карацей, лепей, каб ініцыятыва ішла «знізу», а ўдзел гарвыканкама/мінкультуры быў чыста сімвалічны.

Ілюстрацыя з racyja.com, 17.07.2020

Пакуль суд ды справа, да 90-годдзя Караткевіча добрыя людзі выпусцілі чарговы значок з выявай юбіляра. Можна сказаць, на 90% юбілей ужо адзначаны 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

19.07.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 19.07.2020  22:12

Квартал Караткевіча, Мальдзіса (2)

Ці зразумееце, што мы кахалі,

Што зніклі так, як знікнеце i вы,

Што векавечны толькі край, i далеч,

І жоўты ліст на зелені травы.

У. C. Караткевіч

Першы тэкст пра мікрараён, дзе жыў Уладзімір Караткевіч і дагэтуль жыве Адам Мальдзіс, быў апублікаваны на belisrael 27.06.2020. Тады загучала дудка думка пра тое, што да 90-гадовага юбілею У. Караткевіча (лістапад 2020 г.) варта было б нешта зрабіць побач з мінскім домам па вул. Веры Харужай, 48 – мо перформанс. Як-ніяк Уладзімір Караткевіч пражыў у тым доме шэсць гадоў (1967–1973 гг., прыблізна 1/6 яго пісьменніцкага шляху), і не сказаць, каб кепскіх гадоў. Так, «адлігу» падмяніла брэжнеўская твань, асабліва па здушэнні «Пражскай вясны» 1968 г., а ў пачатку 1970-х гг. у машэраўскай БССР абвастрылася «барацьба з нацыяналізмам» – але кнігі Караткевіча (хоць і пашчыпаныя цэнзурай) выдаваліся, перакладаліся, чыталіся… З кіно было цяжэй – мастацкі фільм «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка» (1967; сцэнарый У. Караткевіча, рэжысёр У. Бычкоў) не паказвалі публіцы да 1989 г.

У канцы 1960-х – пачатку 1970-х гг. Уладзімір Сямёнавіч працягваў сваю працу. Праўда, «галоўныя» творы («Дзікае паляванне караля Стаха», «Леаніды не вернуцца да Зямлі», «Каласы пад сярпом тваім», «Ладдзя Роспачы», «Чазенія») к таму часу ўжо выйшлі з-пад яго пяра, а нашумелы гістарычны дэтэктыў, па які чытачы стаялі ў чарзе, быў толькі «ў праекце». «Чорны замак Альшанскі», дзе фігуруе і квартал каля Старажоўскага рынка, будзе завершаны пад канец 1970-х гадоў. Тым не меней Караткевічаў даробак 1967–73 гг. даволі важкі:

– апавяданні «Краіна Цыганія», «Вока тайфуна», «Вялікі Шан Ян», «Былі ў мяне мядзведзі», «Калядная рапсодыя»;

– вершы («Месяц над садам, ад квецені белым…», «Домік Багдановіча»…);

– артыкулы пра М. Багдановіча (супольна з А. Мальдзісам), Я. Брыля, У. Калесніка, А. Кашкурэвіча, Ф. Скарыну, Л. Украінку;

– эсэ «Рша камен…» (да 900-годдзя Оршы), «Званы ў прадоннях азёр»; дапрацоўка нарыса «Зямля пад белымі крыламі» для ўкраінскіх чытачоў;

– пераклады: паэма А. Міцкевіча «Мешка, князь Навагрудка»;, вершы Р. Гамзатава, шматлікіх польскіх і ўкраінскіх паэтаў; п’есы А. Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч» і М. Карыма «У ноч зацьмення Месяца»;

– сцэнарый мастацкага фільма «Рассказы из каталажки»;

– лібрэта балета «Кастусь Каліноўскі»;

– аповесць «Лісце каштанаў»… ды многае іншае.

Штосьці з пералічанага Караткевіч у сябе на кватэры пісаў («Лісце каштанаў» дакладна – Барыс Фірштэйн быў за сведку), штось рэдагаваў.

У побытавых і сямейных справах таксама больш-менш ладзілася. Атрымаўшы разам з маці двухпакаёвую кватэру, Караткевіч амаль адразу – увосень 1967 г. – пазнаёміўся з брэстчанкай Валянцінай Нікіцінай і ў лютым 1971 г. ажаніўся. У тым жа 1971-м ён упершыню выехаў за мяжу – у Польшчу. Быў абкружаны сябрамі; «карчмы не мінаў», але неяк утаймоўваў сябе, і хваробы яшчэ не наваліліся. Навала прыйдзе ў другой палове 1970-х…

Тут я прыводзіў вядомыя факты, зараз – пра маю пазіцыю (даруйце грэшнаму). Ува мне змагаюцца тры погляды на Караткевіча і яго творчасць: чытацкі, перакладчыцкі і паліталагічны. Гэткае змаганне адбіваецца на думках пра тое, як ушанаваць пісьменніка ў Цэнтральным раёне г. Мінска, дзе нарадзіўся і жыву.

Як чытач я бязмерна шаную Караткевіча, які ў нечым сфармаваў маю асобу. Як перакладчык я крыху больш рацыянальны – магу не згаджацца з яго падыходамі, ды ўсё адно пазіраю на Караткевіча «знізу». Як чалавек з дыпломам палітолага… Мушу аналізаваць, узважваць, разлічваць варыянты прынамсі на ход уперад.

Часам думаю, што марыў аўтар не пра мемарыяльныя дошкі: «Ты памрэш. Але ў бязмежным свеце / Будуць працвітаць твой Люд i Край… / Вер, што ў гэтым, вер, што толькі ў гэтым / Шчасце пасмяротнае i рай» (з верша 1982 г.). І кажу сабе, што летуценні Караткевіча, па вялікім рахунку, не спраўдзіліся. Пісьменнік памёр улетку 1984 г. – пасля гэтага Люд і Край зазналі мноства бедаў, пачынаючы з Чарнобыльскай катастрофы. Насельніцтва Беларусі скарацілася на паўмільёна; Адраджэнне, дэклараванае сябрамі Караткевіча ў канцы 1980-х, не перамагло. Сёлета, праз 36 год пасля смерці пісьменніка, у вонкава незалежнай краіне вобмаль школ з асноўным навучаннем на беларускай і ніводнага цалкам беларускамоўнага ўніверсітэта. Доля насельнікаў РБ, што называлі беларускую роднай, у 1999–2009 гг. падупала з 85,6% да 60,8% (адпаведныя звесткі перапісу 2019 г. яшчэ не вядомыя; сумняюся, аднак, што адбыўся рэзкі паварот да лепшага)…

Некаторыя ўжо задаваліся пытаннем, што сказаў бы Караткевіч пра лукашэнкаўскую рэчаіснасць. У 2010 г. Алесь Няўвесь нашрайбаў вершаваны фельетон, у якім Бог адпускае Валодзю з раю паглядзець на Беларусь, а Караткевіч, папахадзіўшы па сучаснай РБ, думае: «Лепей жа ляжаў бы…»

Аляксандр Бур’як апублікаваў у 2015 г. злы артыкул пра пісьменніка – пераважна несправядлівы, дый з абмыламі… Але дзе-нідзе мізантрапічны аўтар меў рацыю: «Творчая спадчына Караткевіча не з’яўляецца арганізуючым пачаткам для беларускага народу… з нацыянальнай ідэяй у беларусаў пасля яго гэткая ж натуга, як да яго».

Карацей, не малюся на класіка. Калі б выбіраць паміж беларускамоўнымі аншлагамі на ўсіх будынках у Мінску (або прынамсі ў Цэнтральным раёне) і шыльдай памяці Караткевіча на вул. Веры Харужай, то, мяркую, выбраў бы першае. Дарэчы, пісьменніка ў доме № 48 крыху памятаюць і без пазначак; сам пераканаўся, што цяперашняя гаспадыня кватэры № 26, якая атабарылася там гадоў 20 таму, ведае пра свайго вялікага папярэдніка.

Казённыя шыльды самі па сабе не будзяць памяць… Мажліва, больш эфектыўны (і ўадначас модны) спосаб нагадаць пра знакамітую асобу – намаляваць графіці/мурал.

Такая выява з’явілася ў 2014 г. на адным з дамоў у цэнтры г. Рагачова. Фота адсюль

Праўда, рагачоўскі мурал здаецца… праставатым. Не, я не маю на ўвазе, што яго трэба перарабляць, аднак у Мінску-2020 хочацца чагосьці больш вытанчанага. Па-першае, паказаць бы 40-гадовага Караткевіча, а не 50-гадовага, як у Рагачове і на сталічнай вул. Кастрычніцкай:

Ранейшы і пазнейшы варыянты графіці ля кафэ «Дэпо». Крыніца

Здымкі 1968 і 1969 гг., адзін з якіх можна было б узяць за аснову для новага мурала

Па-другое… Пісьменнік ведаў сабе цану, але ўважаў сябе за часцінку свайго народу, за аднаго з многіх. Калі маляваць Караткевіча на сцяне вядомага пяціпавярховіка, то ў атачэнні тых, каму ён быў дарагі на рубяжы 1960-70-х, і хто быў дарагі яму. Можна абаперціся на ўспамін А. Мальдзіса:

Неўзабаве, ужо ў новай Караткевічавай кватэры па вуліцы Веры Харужай, наладзіў свой дзень нараджэння Сяргей Панізнік, якога гаспадар, зважаючы на ваенныя пагоны, называў «Лермантавым беларускай паэзіі». Застолле сабралася інтэрнацыянальнае: Чэхаславакію прадстаўляў верны сябар і прапагандыст нашай літаратуры Вацлаў Жыдліцкі, Польшчу — паэт і даследчык Алесь Барскі (Баршчэўскі), Латвію — сястра Панізніка са сваім знаёмым, якога Валодзя ахрысціў «анёлкам», Беларусь — Барадуліны, Коўтун, Янішчыц, Сіпакоў…

Фота з сайта БІНІМ, прыведзенае і ў 1-й частцы майго матэрыялу, было зроблена перад пад’ездам дома Караткевіча менавіта на дзень народзінаў Панізніка – 10 мая 1968 г.

Па-мойму, апрача самога Караткевіча варта паказаць яго маці Надзею, жонку Валянціну, суседа і сябра Адама… ды яшчэ траіх чалавек з ліку згаданых Мальдзісам. Дапусцім, гэта будуць прафесар Вацлаў («Вашак») Жыдліцкі – рупны перакладчык Караткевіча на чэшскую; народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін; «Палесся мілае дзіця» Яўгенія Янішчыц (на фота – 1-я злева). Добрае месца для графіці – тарэц дома № 48, узровень другога паверха.

Подпіс пад калектыўным партрэтам я прапанаваў бы такі: «Сузор’е Караткевіча» (дарэчы, блізкі юбіляру вобраз; пра Багдановіча ён пісаў «Іншым было лягчэй. Яны былі сузор’ем. Ён — самотнай зоркай…»). Прадубляваць подпіс варта на латыні, падкрэсліваючы сусветную значнасць нашага пісьменніка і намякаючы на яго моўную абазнанасць. O так, скончаны філфак Кіеўскага ўніверсітэта імя Т. Г. Шаўчэнкі – non penis canina! 😉

У. Караткевіч і В. Жыдліцкі, Мінск, май 1968 г. Крыніца

Не было б лішнім графіці (Караткевіч & жонка?) і на доме па вул. В. Харужай, 42, дзе ў 1971 г. мясціўся ЗАГС Цэнтральнага раёна. Уваход для наважэнцаў быў усё ж не з двара – з вуліцы…

Весялун Караткевіч уступае ў новае жыццё, фота з сайта chtoby-pomnili.net (цяпер дзверы вядуць у офіс фірмы «БайПрынт сэрвіс»); тая ж частка дома № 42 ў ліпені 2020 г.

На тарцы «Мальдзісава» дома па вул. Чарвякова, 18 таксама ё вольнае месца 🙂

Маё адчуванне – аднаго-двух графіці малавата, каб «ажывіць» раён (ён ціхі, часам нават сонны… асабліва пасля ліквідацыі Старажоўскага рынка ў 1990-х гадах i замены апошняга на мемарыяльныя могілкі ў 2000-х). Ёсць яшчэ прапанова, якая не вымагае вялікіх укладанняў, але можа паспрыяць прытоку турыстаў. Чаму б не надаць кварталам у межах вул. В. Харужай – Чарвякова – Кахоўскай – бул. Шаўчэнкі собскае імя?

Даводзілася чытаць, што Караткевіч жыў «на Старажоўцы» і хадзіў у «старажоўскі ЗАГС», аднак у гістарычным плане гэты раён – ні Камароўка, ні Старажоўка… а жылы масіў, утвораны ў 1960-х гадах з «хрушчовак» і «брэжневак» (дамы Караткевіча і Мальдзіса, пабудаваныя ў 1967 г. – акурат «брэжнеўкі»).

«Арлоўка» – больш дарэчнае слоўца, але вуліца Веры Харужай далекавата ад вул. Арлоўскай (менавіта гэтую вуліцу, а не прылеглы раён, у нас часцей мянуюць «Арлоўкай»)… Напрошваецца новатвор «Караткевічаўка», ды ён, па-мойму, гучыць нязграбна. Харошай назвай для згаданых кварталаў будзе Каштанаўка – у гонар «Лісця каштанаў», аповесці, напісанай У. Караткевічам тут, у нас. У раёне шмат каштанаў – значыць, імя будзе апраўдана і з гэтага боку… (Каб не пакрыўдзіць аматараў іншых дрэваў: нямала і клёнаў, бяроз, ліп, а бульвар Шаўчэнкі багаты на дубы.)

Прысады на вул. В. Харужай і Кахоўскай

(Края)віды ля вул. Кахоўскай, 34 (знята з 4-га паверха)

Галубятня ў дворыку ля бульвара – ёй дзясяткі гадоў. Караткевіч быў бы рады (банальна, але праўда)

Апорнымі кропкамі мікрараёна маглі б стаць пяць месцаў, непасрэдна звязаных з Караткевічам і Мальдзісам. Гэта ўжо згаданыя будынкі на вул. Харужай, 42 і 48, вул. Чарвякова, 18 і бул. Шаўчэнкі, 17 (паштовае аддзяленне № 68). Нумар пяты – рэзідэнцыя Мельнікава, архіепіскапа Мінскага і Беларускага (цяперака на яе месцы – сучасны шматпавярховік па адрасе вул. Чарвякова, 50), у якога не раз гасцяваў Уладзімір Сямёнавіч. Далучым прыпынак аўтобуса № 38 на бул. Шаўчэнкі, дзе сябры-літаратары выходзілі, вяртаючыся дадому «з цэнтра» (на карце пазначаны птушачкай).

 

З цягам часу новы ўрбанонім увойдзе ў абыходак – увайшла ж «Асмалоўка», сканструяваная актывістамі ў 2010-х. Тут ажывуць старыя легенды й з’явяцца новыя, сюды пачнуць вадзіць экскурсіі… Барэльеф Тараса Шаўчэнкі ў пачатку бульвара і кінатэатр «Кіеў» у канцы – тэма для дэлегацый з Украіны (узнёслае эсэ Караткевіча пра Шаўчэнку «І будуць людзі на Зямлі» у помач).

Крамка «Белдруку» (пад старой назвай «Белсоюзпечать») на бул. Шаўчэнкі, 7 – да «дома Караткевіча» адсюль метраў 250. Чым не месца для продажу «караткевіцкага» мерчу – магніцікаў, значкоў, etc? 🙂

У гэтым жа доме, бліжэй да вул. Асіпенка, працавала булачная, слаўная ва ўсёй акрузе (без сумневу, яе наведваў і Караткевіч). Цяпер тут іншыя ўладары, але «нішто на Зямлі не праходзіць бясследна». Трапна заўважыў адзін з маіх чытачоў, Віктар С.: «Менск – горад зданяў, ды яшчэ шматслойны, як Шрэк».

Не здзіўлюся, калі «Каштанаўка» займее свой герб або прынамсі эмблему – з жоўтым каштанавым лістком на зелені травы. Залежыць ад энтузіязму яе жыхароў… У «Асмалоўкі» дык нефармальная эмблема ёсць – сонца, якое ўзыходзіць.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

03.07.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 04.07.2020 23:33

Водгукі

У мяне іншыя ўспаміны. Аўтобус 38 я называю аўтобусам імя Алеся Разанава. Ён жыў на вул. Харужай, але выходзіць з аўтобуса трэба было на бульвары Шаўчэнкі ды ісці ў двор. Аднаго разу мяне, неаматара сонечных ваннаў і належным чынам не экіпіраванага, Алесь павалок на Камсамольскае возера і там выпрабоўваў на мне свае толькі што складзеныя квантэмы. А на здымку 1968 г. пазнаю Жэню Янішчыц, Міхася Стральцова, Сяргея Панізніка (Анатоль Сідарэвіч, г. Мінск)

Шаноўны спадар Вольф! З вялікім задавальненьнем пазнаёміўся з Вашымі артыкуламі. Уразіла бачаньне мемарыялізацыі асобных старонак жыцьця і творчасьці нашага слыннага пісьменьніка і ягоных сяброў. Вялікі дзякуй за глыбокую і кранальную працу, зробленую з душою і габрэйскім гумарам (Марат Гаравы, г. Кобрын).

Апублiкавана 09.07.2020 11:20

Квартал Караткевіча, Мальдзіса

Выдатнага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча высока цанілі, cярод іншых, Вольф (Месінг) і Рубінчык (Валер). Ну, і я не мог не залезці ў пачэсную кампанію 😉

Праўду кажучы, у ХХ ст. мала быў знаёмы з творчасцю Караткевіча, дый нават фільм «Дзікае паляванне караля Стаха» паглядзеў ужо ў дарослым веку. Чытаў у школе «Былі ў мяне мядзведзі»; апавяданне пакінула свой след, але…

Мы «праходзілі» і «Каласы…»; у той час, на пачатку 1990-х, я не агораў раман да канца. Галоўныя творы пісьменніка дайшлі да мяне толькі ў апошнія гады ХХ ст., а яго біяграфія заінтрыгавала ўжо ў новым стагоддзі, калі я жыў на перыферыі – наводдаль ад «Караткевічавых» месцаў.

Сёлета, праз 20 год блуканняў па горадзе, вярнуўся ў Цэнтральны раён, на вуліцу Кахоўскую. Раптам ажыў успамін: Караткевіч згадваў суседні бульвар Шаўчэнкі! Зазірнуў у т. 8 Збору твораў (кн. 2; Мінск: Мастацкая літаратура, 1991, с. 423) – і насамрэч:

Мне шкада, напрыклад, што будоўлі пагубілі найбольшую і найцікавейшую ў Мінску і наваколлі ферму тлей, заведзеную мурашкамі-«жывёлагадоўцамі» (трохі не даязджаючы да павароткі аўтобуса № 38 з вул. Веры Харужай на бульвар Шаўчэнкі, на беразе ручаіны – Канавы). Надта цікавае жыццё там кіпела.

Гэта радкі з адказу Караткевіча на анкету, складзеную Т. Шамякінай у канцы 1970-х. А цяпер – фоткі з чэрвеня 2020 г.:

Від з вул. В. Харужай на вул. Гая. «Канава» была дзесьці справа (паміж Гая і Крапоткіна)

Аўтобус № 38 усё гэтак жа паварочвае на бульвар, як і паўстагоддзя таму…

 

Тарас Шаўчэнка на бульвары (фота справа) – не толькі назоў

Прыпомніўшы адну рэч, зусім лёгка было высветліць для сябе, што Караткевіч жыў недалёка ад вул. Кахоўскай, на якую выходзіць бульвар. У тым жа зборы твораў (цяпер і ў вікіпедыі) названы дакладны адрас – вуліца Веры Харужай, д. 48, кв. 26. А таксама час, калі Уладзімір Сямёныч і яго маці Надзея Васілеўна мелі кватэру ў гэтым доме (вясна 1967 г. – вясна 1973 гг.).

Шлях ад бульвара Шаўчэнкі да «дома Караткевіча». Па гэтай вуліцы я хадзіў яшчэ ў пачатку 1980-х, калі быў дзіцём… Але з класікам, на жаль, «размінуўся»: ён у 1973 г. разам з маці і жонкай пераехаў у самы цэнтр Мінска, на вул. К. Маркса, 36.

Лазня па вул. В. Харужай, 44, пабудаваная, як і ўвесь квартал, у 1960-х гг. Таксама бачыла Караткевіча! 🙂

Вул. В. Харужай, 46/1. У 1980–90-х гг. (наконт 1960–70-х не ўпэўнены) тут была някепская букіністычная крамка, дзе я купляў кнігі, пераважна шахматныя

Гэты ўчастак дарогі ад вул. В. Харужай да вул. П. Асіпенка раней менаваўся «Вадаправодны завулак» (не блытаць з тым, што між вуліцамі Арлоўскай і Шчадрына). Цяпер будынкі на ўчастку «расцягнуты» трыма вуліцамі, але адна шыльдачка са старой назвай усё ж захавалася 🙂

Перабіраемся цераз «Вадаправодны» у адстаўцы, і – вуаля, пяціпавярховы «дом Караткевіча»!

Выгляд з розных бакоў

Другі пад’езд, у якім 15 кватэр. № 26 – на 2-м паверсе; відаць і лоджыю, на якую выходзіў Караткевіч (тады яна, здаецца, была балконам).

Калі пашанцуе, то патрапіце ў пад’езд. Дзверы мяняліся, але прыступкі помняць крокі пісьменніка 🙂

Там, дзе была апошняя кватэра Ўладзімір-Сямёныча, даўно вісіць мемарыяльная шыльда, а на вул. Чарнышэўскага, 7 (першае жытло Караткевіча ў Мінску – 1963–67 гг.) і тут, на Веры Харужай, ніц няма. Журналісты газеты «Прессбол» рабілі ў 2013 годзе прапазіцыю… у фэйсбуку, г. зн. «на деревню дедушке». Сяргей Южык: «Крыўдна, што на доме няма нават памятнай таблічкі, прысвечанай Караткевічу, не кажучы пра нешта большае». Барыс Тасман: «Даеш мемарыяльную дошку на доме вялікага беларускага пісьменніка!» О так, даеш…

Суседні дом па цяперашнім адрасе «вул. В. Харужай, 46/2», пабудаваны ў 1958 г. На першым паверсе быў прадуктовы магазін, куды, безумоўна, заходзілі Караткевіч і яго сябры… Цяпер тутака рамонт

Гэты дом відаць і на здымку 1968 г., дзе Караткевіч – 2-і злева. Крыніца – сайт БІНІМ (але чаму адрас напісаны як «вул. Веры Харужай, 7», адзін БІНІМ ведае)

Дзіцячая пляцоўка і цяпер перад домам на В. Харужай, 48 – толькі выглядае іначай

А «элітны» дом № 48а з’явіўся ў нашым стагоддзі. У мінулым тут быў пункт прыёму шклатары – здаля чуўся перазвон пляшачак 🙂

«Караткевічаў дом» і 50 год таму абслугоўвала, і зараз абслугоўвае 68-е паштовае аддзяленнебул. Шаўчэнкі, 17

Ці добра пісьменніку жылося-працавалася ў раёне майго дзяцінства? Мяркую, няблага. Нябожчыка не запытаешся, але вось што засведчыў карэспандэнт газеты «Віцебскі рабочы» Б. Фірштэйн у 1972 г.:

Жаданне даведацца пра тое, над чым цяпер працуе Уладзімір Караткевіч, прывяло мяне на кватэру пісьменніка ў доме па вуліцы Веры Харужай у Мінску. На гэты раз, можна лічыць, пашанцавала — Уладзімір Сямёнавіч быў дома. Наогул жа застаць Караткевіча ў Мінску не проста. Зайздросны жыццёвы імпульс у гэтага чалавека — заўсёды ён у раз’ездах, у падарожжах: то цягне з рыбакамі сеткі на Дняпры, то едзе ў старажытны Вільнюс, сёння яго паклікала Украіна, заўтра — Далёкі Усход…

— Пасядзі, я зараз, — гаворыць Караткевіч, працягваючы нешта хутка пісаць. — Справа тэрміновая, а часу мала… Што ў рабоце і што задумана?.. Атрымаў сёння экземпляр «Чазеніі» на ўкраінскай мове. Выйшла яна ў Кіеўскім выдавецтве «Молодь». Праглядаў для аўтарызацыі рукапіс «Каласоў», які пераклала масквічка В. Н. Шчадрына — раман павінен выйсці ў выдавецтве «Советский писатель»… А вось гэта, — паказвае Уладзімір на незакончаны рукапіс, — новае апавяданне. Прысвечана яно дружбе народаў. Месца і час дзеяння — Кіеў, 1944 год…

Гаворка, відавочна, пра аповесць «Лісце каштанаў», завершаную ў кастрычніку 1972 г. Мо кварталы, прылеглыя да вул. В. Харужай, якраз і натхнілі майстра на гэтую аповесць? Бульвар Шаўчэнкі ёсць і ў Кіеве…

З таго, што казаў Адам Мальдзіс, таксама вынікае, што Караткевіч быў здаволены сваім новым жытлом, прынамсі на першым этапе:

У 1967 годзе Валодзю нарэшце выдзелілі двухпакаёвую кватэру на другім паверсе (з увагі на ўзрост маці) у пяціпавярховым панельным доме пад нумарам 48 на вуліцы Веры Харужай. Заехаўшы (усе мы дружна памагалі яму пакаваць і цягаць кнігі), ён цешыўся, што побач — Старажоўскі рынак, дзе па нядзелях чулася сакавітая вясковая гаворка, прадавалі пеўняў, сабак і нават коней, а за ім — Камсамольскае возера. Перажываў, што я застаюся ў інтэрнаце.

— Нічога, стары, — суцяшаў, выйшаўшы на балкон. І тыцнуў пальцам у недабудаваныя дамы насупраць: — Во добра было б, каб табе далі вось там.

Сваё прадбачанне ён разглядаў як рэальнасць і нават прапанаваў «за адным заходам» купіць аднолькавыя кніжныя стэлажы:

— Складзеш пакуль што ў мяне. А пераносіць будзе недалёка, пабачыш.

І якое было наша ўсеагульнае здзіўленне, калі восенню таго ж года мне сапраўды выдзелілі кватэру ў адным з дамоў насупраць. Мы сталі часцей бываць адзін у аднаго. Пакуль не было тэлефонаў, «пераміргваліся» настольнымі лямпамі.

Адам Іосіфавіч атрымаў кватэру па вул. Чарвякова, 18, на першым паверсе. Таксама ў год пабудовы дома – 1967.

У 2020 г. раён бульвара Шаўчэнкі шчыльна забудаваны з усіх бакоў, у т. л. «элітнымі» гмахамі. А ў канцы 1960-х – пачатку 1970-х гэта была ледзь не ўскраіна горада. Недалёка стаялі двухпавярховыя баракі і аднапавярховыя прыватныя дамкі.

Нават у 1990-х на вуліцы Кахоўскай паміж Смаргоўскім трактам і бульварам Шаўчэнкі (здымак 2020 г.) цокалі коні, запрэжаныя ў вазы

У кватэры на Веры Харужай гасцявалі ў Караткевіча розныя славутасці (напрыклад, паэты Рыгор Барадулін, Сяргей Панізнік, літаратуразнавец Генадзь Кісялёў…). Сюды ж пісьменнік у 1971 г. прывёў сваю жонку Валянціну. А. Мальдзіс:

Нарэшце 18 лютага 1971 года, роўна ў 110 гадавіну адмены прыгоннага права, адбыўся іх шлюб.

Сялян вызвалілі, а мяне, стойкага ворага ўсялякага прыгону, звязалі путамі Гіменея, — жартаваў Валодзя, ідучы ў загс, размешчаны ў суседнім доме.

А дзе знаходзіўся той ЗАГС Цэнтральнага раёна? Дапамагла з інфой маці… якая ў 1977 г. паведамляла там пра маё нараджэнне 🙂 Адрас – вул. В. Харужай, 42, уваход з двара.

З 1980-х няма тут ЗАГСа, ён пераехаў у Траецкае прадмесце. І ўсё адно прыемна думаць пра супольныя з У. Караткевічам сцежкі 🙂

Дом і пад’езд А. Мальдзіса

Прафесару цяпер 88-ы год, яму цяжка пакідаць кватэру (фота адсюль)

Месца, дзе жыў Караткевіч, на сучаснай карце Мінска я пазначыў чырвонай птушачкай; меркаванае знаходжанне «фермы тлей» – пытальнікам; А. Мальдзіс жыве акурат там, дзе чытаецца слова «Такси»; былы ЗАГС пазначаны чырвоным кружком, лазня – гэта «Баня» 🙂

Cёлета, праз 5 месяцаў ужо, – 90 год з дня нараджэння У. С. Караткевіча. Ён не толькі мой, ён «усіхні». Ясна, многім зараз не да культурніцкіх ініцыятыў, але быў бы рады пачуць ад чытачоў, што варта зрабіць для памяці пра пісьменніка ў (ня)сціплым мінскім квартале недалёка ад Камароўкі – цягам гэтых месяцаў і ў лістападзе 2020 г. Перформанс?

(спадзяюся, што працяг будзе)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

26.06.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 27.06.2020  14:53