Tag Archives: Уладзімір Караткевіч

Квартал Караткевіча, Мальдзіса (4)

У трох папярэдніх частках выказвалася няхітрая думка: варта нагадаць urbi et orbi, што ў 1967–73 гг. каля бульвара Шаўчэнкі ў Мінску жыў наш класік, паэт-празаік-перакладчык-сцэнарыст-публіцыст Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч (1930–1984). Тутсама ён ажаніўся. Прапаноўваліся такія шляхі ўшанавання яго памяці:

– больш ці менш афіцыйнае вызначэнне мікрараёна ў межах вуліц В. Харужай – Чарвякова – Кахоўскай – бульвара Шаўчэнкі (магчыма, вул. Гая) як «Каштанаўкі». Гэты «рэбрэндынг», імаверна, прыцягне турыстаў і разбудзіць мясцовых жыхароў – «не цяпер, дык у чацвер». Новая назва расце перадусім з аповесці Караткевіча «Лісце каштанаў» (1972), якую ён напісаў тутака, але таксама з багацця тутэйшай флоры.

Вул. Кахоўская (бліжэй да Гая). Мальвы і каштаны

– аздабленне сродкамі стрыт-арту некаторых будынкаў, звязаных з біяграфіяй Караткевіча (вул. В. Харужай, 48; вул. В. Харужай, 42; вул. Чарвякова, 18).

– абклейка адмысловымі фотаабоямі прыпынкаў грамадскага транспарту – як мінімум на бул. Шаўчэнкі, але, магчыма, і на вул. Чарвякова, побач з жытлом прафесара Адама Мальдзіса (дарэчы, той жа дом № 18 – «гняздэчка» яшчэ аднаго не апошняга для беларускай культуры чалавека, Артура Клінава).

На вул. Чарвякова цяпер звычайны аўтобусны прыпынак (выявы іншых гл. у частцы 3). Дом № 18 трохі відаць злева

Можна было б паразважаць пра перформанс(ы) да 90-годдзя Караткевіча (26.11.2020), да 50-годдзя заключэння ім шлюбу з Валянцінай Нікіцінай (19.02.2021). Аднак я не вялікі перформансіст, а больш дасведчаныя ў гэтай сферы людзі, якім адпраўляліся спасылкі на мае тэксты, адгукацца не спяшаюць.

Увогуле, тут і цяпер ператварыць ідэю ў нешта важкае цяжкавата. Бо на сувязь не выходзяць не адно знаўцы перформасных нюансаў ды рыцары турыстычных маршрутаў, але і патэнцыйныя фундатары. Толькі адзін чытач заявіў пра гатоўнасць ахвяраваць на графіці з Караткевічам 20$. Я мог бы падвоіць гэтую суму, ды сумняюся, што гэтага хопіць нават на пэндзлі і фарбу. Зрэшты…

«Сузор’е Караткевіча» (сем партрэтаў на тарцы дома № 48) – мо занадта складана і дорага. Мімаходзь нарадзіліся іншыя варыянты для мурала:

– Уладзімір Караткевіч вызірае на двор з балкона;

– У. К. сядзіць перад акном з настольнай лямпай;

– У. К. шпацыруе па бульвары.

Пагутарыў з праф. Мальдзісам. Ён прыгадаў, што Уладзімір Сямёнавіч выходзіў на балкон даволі рэдка. Што да лямпы, пры дапамозе якой пісьменнік сігналіў свайму сябру (гл., напрыклад, тут), Адам Іосіфавіч не памятае дакладна, як яна выглядала; кажа, што гэта быў не «грыбок». Мажліва, нешта падобнае:

Крыніца выявы

А. Мальдзісу найбольш спадабаўся варыянт «Караткевіч шпацыруе па бульвары» (пагатоў такі шпацыраваў, і ў булачную на рагу з вул. Асіпенка, згаданую ў ч. 2, заходзіў). Але ж як выглядаў бульвар Шаўчэнкі ў канцы 1960-х – пачатку 1970-х? Папраўдзе, беднавата.

Крыніца: onliner.by

У канцы бульвара 50 год таму адкрылі кінатэатр «Маяк», які, без сумневу, Караткевіч таксама наведваў. З 1976 г. гэтая ўстанова называецца «Кіеў» (справа – фота 2020 г.)

А што калі намаляваць, як пісьменніка натхняе сучасны бульвар? Пасланне з празрыстым падтэкстам: Караткевіч не застаўся ў сваім часе, ён дагэтуль сярод нас…

Наступныя варыянты я не абмяркоўваў з прафесарам, аднак і яны, па-мойму, заслугоўваюць разгляду:

«Караткевіч з галубамі». Алюзія на вядомы анекдот, прыведзены ў кнізе Мальдзіса:

Віктар Карамазаў расказваў мне (а потым і апісаў) такі выпадак. Караткевіч часта хадзіў на Старажоўскі рынак, дзе любаваўся рознай жывёлай. Яго ўжо там ведалі — асабліва прадаўцы сабак і птушак. І вось аднойчы падыходзіць ён да «галубятніка» і абураецца тым, што той трымае такіх прыгажуноў у цеснай клетцы. Гандляр здзекліва адказвае: «Калі шкада — то плаці: выпушчу на волю». «Колькі?» «Па дзясятцы за кожнага!» Караткевіч аддаў тады ўвесь свой ганарар. Браў кожнага голуба з клеткі і трыумфальна ўзнімаў увысь: ляці!

Каб жа гэтак рамантычна ўсё і завяршалася… Адам Іосіфавіч дадае: «А тыя птахі… вярталіся звычным шляхам да гаспадара, у яго клеткі». Але чаму б не дапусціць, што некаторыя птушкі насамрэч здабывалі волю дзякуючы пісьменніку?

Яшчэ адна галубятня ў Каштанаўцы (побач з вул. Кахоўскай, 38); на месцы рынка цяпер мемарыяльныя брацкія могілкі, дзе спачываюць ахвяры Першай сусветнай

«Караткевіч не без суму паглядае на бег кінастужкі ў праектары». Менавіта ў канцы 1967 г. быў завершаны першы мастацкі фільм паводле сцэнарыя У. К. – «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (рэжысёр Уладзімір Бычкоў). Фільм быў забракаваны кінаначальствам і больш чым 20 год шырока не паказваўся. Справаздача кіначыноўніка Іваноўскага многае тлумачыць: «Адбылася дэвальвацыя жанру: замест гістарычнага твора мы атрымалі павярхоўныя, маламастацкія сцэны… Крыўдная няўдача здольнага рэжысёра» («ЛіМ», 28.11.1969).

Агулам, не шанцавала Караткевічу з экранізацыямі – усе яны дужа прыблізна перадавалі дух яго твораў, і чым далей (1967, 1979, 1983 гг.), тым больш прыблізна. Вось чаму, дарэчы, я не схільны прэзентаваць дом № 48 па вул. В. Харужай як той, што паказаны ў «Чорным замку Альшанскім», дарма што адсылкі да Старажоўскага рынка і Мальдзіса з яго кватэрай на 1-м паверсе вул. Чарвякова проста кідаюцца ў вочы…

Раніцай мяне разбудзіў залівісты крык пеўня, а пасля адчайнадушнае, надрывістае кувіканне парасяці: відаць, неслі ў мяху.

– Не хачу-у! Пусці-і-це! Пусці-іце!

Як на вёсцы. І кожную нядзелю мне вось так прыемна. І гэта адна з прычын, чаму я люблю сваю хату…

Нават мне немагчыма ўседзець на месцы кожную нядзелю, калі цераз тракт ад майго дома адкрываецца рынак худобы: коні, каровы, свінні, залатыя рыбкі, авечкі, галубы, трусы, лясное звяр’ё, птушкі, сабакі і ўсё жывое.

Да таго як агарадзілі квартал – дзядзькі з вазамі стаялі сабе на тратуарах, а здаравушчыя мацёры, адваліўшы саскі, ляжалі, мілыя, на газоне.

Аднойчы мой сябар Алесь Гудас (а ён жыве на першым паверсе) у нядзелю сядзеў за пісьмовым сталом, а проста пад акном яго кабінета спыніўся воз. Дзядзькі нешта прадалі і вырашылі замачыць куплю-продаж. З рыльца. Убачылі яго і пачалі круціць пальцамі каля лоба. І сапраўды, дурань нямочаны: людзі весяліцца збіраюцца, нядзеля, а ён працуе. Алесь пакруціў пальцам у адказ, прынёс і падаў ім у акно шклянку. Тады яны першую налілі яму. Жонка пасля ледзь з глузду не з’ехала: адкуль выпіўшы? У хатніх туфлях не выходзіў, у хаце ані кроплі спіртнога, а ён глядзіць і не дужа разумна ўсміхаецца.

Харошы куток! Шкада, калі рынак куды-небудзь перанясуць. І, галоўнае, у двух кроках ад «вёскі», ад таго куточка, занесенага на брук, вулачка, далей бульвар і шумны вялікі горад. І дома і замужам.

Адсылкі да славутага мінскага раёна відавочныя ў рамане 1979 г., але не ў фільме 1983 г., каторы ў ХХІ ст. проста балюча пераглядаць. Няма ў фільме ні рынка, ні «пад’езда кавалераў»…

У маім доме пяць паверхаў і чатыры пад’езды. Мой пад’езд трэці. Завуць яго «пад’ездам старых кавалераў» нездарма. Па невыказнай іроніі лёсу ўсе мужыкі ў ім (пра незамужніх дзяўчат не кажу) або нежанатыя, або ўдаўцы, або…

Бракуе ў фільме 1983 г. і многага іншага, найперш фірмовых караткевіцкіх досціпаў. Навошта Караткевіч пасля канфліктаў з «Беларусьфільмам» у пачатку 1980-х зноў звязаўся з кінастудыяй? Магчымае тлумачэнне ёсць у той жа кнізе Мальдзіса. У 1960-х ягоны сябар казаў так:

— Ні чорта вы не шупіце ў кіно! — злаваў Караткевіч. — Гэта ж магутная сіла! Раман у нашых беларускіх умовах прачытае ну дзесяць, ну дваццаць тысяч чалавек. А добры фільм паглядзяць мільёны. Разумееце, якая мажлівасць уздзейнічаць на народ, абуджаць яго годнасць, яго памяць.

Пры ўсёй павазе да Караткевіча, гэта было паляванне на двух зайцоў з прадказальным вынікам. Апошні раман класіка чыталі многія, ён выдаваўся ў серыі «Школьная бібліятэка», але героі не пайшлі ў народ (відаць, і праз пасрэднасць іх кінематаграфічнага ўвасаблення)… Пра Антона Косміча ў Беларусі чулі, па-мойму, куды менш, чым пра самога Караткевіча. І кватэра № 26, у якой жыў кніжны герой, не прыцягвае «фанатаў» так, як «нячыстая кватэра» вабіла чытачоў булгакаўскага рамана «Майстар і Маргарыта» (калі ў 1990 і 1995 гг. я бываў у Маскве, то заходзіў у пад’езд па Вялікай Садовай, 10 – дзівіўся там на «народную творчасць», усялякія вычварныя графіці).

У пад’ездзе на В. Харужай усё ціха-мірна

Зміцер Бартосік у 1999 г. гутарыў з жыхарамі дома № 48 па вул. В. Харужай – здаецца, нават тыя, хто ўспомніў Караткевіча як свайго суседа, не дужа былі знаёмы з яго творчай спадчынай…

Старая настаўнiца з чацьвертага паверху паскардзiлася мне на пісьменьніка за тое, што той, п’яны, пераблытаў паверхi i вельмi яе напалохаў сярод ночы, ломячыся ў яе цiхае гняздо. Крыўда бабулi была настолькi натуральнай, быццам iнцыдэнт адбыўся ня тры дзясяткi гадоў, а пару дзён таму.

Пабыўшы ў ролi ўчастковага мiлiцыянта, я падняўся на пяты, цалкам закратаваны паверх. Пажылы iнжынэр з-за кратаў паведамiў мне, як ён шкадуе, што ўвесь час адмаўляў Караткевiчу скласьцi кампанiю за пляшкаю гарэлкi. “Я ведь к водке отношусь строго отрицательно, –- сказаў ён, –- а сейчас было бы что вспомнить. И даже, может быть, рассказать что-нибудь вам”.

Вядома, нi старых кавалераў, нi высакародных псыхiятраў, нi адстаўных шпiёнаў у гэтым пад’езьдзе нiколi не пражывала. I што самае для мяне дзiўнае – «Чорнага замку» з апытаных мною жыхароў нiхто не чытаў…

Новага апытання сёлета я не ладзіў, таму што не бачу сэнсу. Мая выснова такая: калі дом, пад’езд і двор за 40 гадоў не сталі «культавымі» дзякуючы раману, то наўрад ці ўжо стануць. Але неяк вылучыць іх на фоне паўсядзёншчыны ўсё ж варта; многае тут у нашых руках і нагах.

Караткевічы і Мальдзісы перад тым самым пад’ездам. Люты 1971 г.

Як прыцягнуць увагу не тое што да дома, а да цэлага квартала, гаварылася ў папярэдніх частках майго «даследавання», дый у пачатку гэтай. Да гарадскіх уладаў звяртацца (пакуль што) не рызыкую. Мяркую, яны ў прынцыпе не супраць Караткевіча і яго твораў – не адкінулі ж прапанову беларускіх літаратараў назваць вуліцу ў Мінску імем Гервасія Вылівахі або Алеся Загорскага, хоць і марудзяць з ажыццяўленнем – але… Ёсць не абы-якая верагоднасць, што пад эгідай ідэолагаў усё звядзецца да абсурду і кічу. Падобна, так здарылася ў Бабруйску, дзе пасля 2006 г. пачалася «бабраманія»: «у дварах сталі рабіць прымітыўныя фігуркі гэтых жывёл для дзіцячых пляцовак, на пакетах з малаком друкавалі баброў, зрабілі яшчэ некалькі аналагічных скульптур і паставілі іх у разных раёнах горада…» Карацей, лепей, каб ініцыятыва ішла «знізу», а ўдзел гарвыканкама/мінкультуры быў чыста сімвалічны.

Ілюстрацыя з racyja.com, 17.07.2020

Пакуль суд ды справа, да 90-годдзя Караткевіча добрыя людзі выпусцілі чарговы значок з выявай юбіляра. Можна сказаць, на 90% юбілей ужо адзначаны 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

19.07.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 19.07.2020  22:12

Квартал Караткевіча, Мальдзіса (3)

Першыя дзве часткі, апублікаваныя 27 чэрвеня і 5 ліпеня г. г. (тут падзякую літаратару Змітру Дзядзенку, які pro bono пашыраў мае думкі, і газеце «Новы час», што 09.07.2020 перадрукавала ч. 2), справакавалі нямала падабаек і перапостаў; змястоўных водгукаў – значна меней. Спадзяваўся на больш актыўнае абмеркаванне таго, што хвалюе: можна было не згаджацца з маімі прапановамі – муралы да юбілею Караткевіча, «Каштанаўка»… – але хаця б узважыць іх. Як талкаваў у гэткіх выпадках дзед Талаш: «Гэта вам не воўк пярдзіць, а чалавек гаворыць!»

Уладзімір Караткевіч, з аднаго боку, «усіхні», з другога – ледзь не ў кожнага(-ай) ён «свой». З’ява натуральная, але, бадай, замінае дамовіцца пра канкрэтныя крокі, каб увекавечыць яго памяць у Цэнтральным раёне г. Мінска. Да таго ж не ўсе чытачы захавалі да твораў класіка ХХ ст. цёплыя пачуцці. Во былы актывіст «беларускай-беларускай» перабудовачнай суполкі «Талака» Уладзімір Бараніч адказваў мне ў сваім блогу: «Караткевіч быў абавязковым чытвом у Талацэ. Натуральна паўплываў [на мяне]… ледзь не ўсяго перачытаў. Што вабіла? Ня памятаю. Я тады быў нэафіт беларускай рэлігіі, а Караткевіч — прарок яе. У рэлігійных тэкстах для нэафітаў усё важна. Пэўна, мова, найперш. Я ж тады мове вучыўся. Ну і рамантызм квазігісторыі ў дачыненьні да нацыяналізму… Але пазьней я ў ім разабраўся і лічу яго вельмі шкодным міфастваральнікам штучна накінутай літвінам беларускай ідэі». Мяркую, не будзе вялікай абмылай параўнаць Караткевіча з Аляксандрам Грынам – у тым сэнсе, што яго проза часам вяла да «павярхоўнага энтузіязму» (пра Грына так пісаў В. Коўскі).

Памерлы 36 год таму Караткевіч не мае патрэбы ў маёй абароне, а ўсё ж падкрэслю: яго творы – не фастфуд, і найчасцей энтузіязм чытачоў быў не павярхоўны. Меркаванне Васіля Быкава я спісаў з інтэрнэт-старонкі адной магілёўскай школы: «Творы Уладзіміра Караткевіча з захапленнем чытаюць розныя людзі, рознага веку і густаў, але, мне думаецца, большасць ягоных кніг знойдзе свой удзячны водгук у маладых сэрцах. Ён сам быў да скону сваіх дзён надта малады па натуры і ведаў, чым крануць маладыя душы». Прыкладна пра тое ж – урыўкі з кнігі «Нацыянальная ідэя» (2005) палітыка, пісьменніка, палітзняволенага Паўла Севярынца:

Уладзімір Караткевіч быў, ёсць і будзе галоўным рамантыкам беларускай нацыянальнай ідэі… Гістарычны эпас, вершы, п’есы й кінасцэнары аднаўлялі ў масавай сьвядомасьці ўсю аграмаду Беларусі часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Уладзімір Караткевіч стаў нашым Вальтэрам Скотам, Аляксандрам Дзюма і Шарлем дэ Кастэрам у адной асобе.

Караткевіч пісаў ужо для мільёнаў пакаленьня ўрбанізацыі, што ў 60-х – 80-х зрабілі Беларусь гарадзкой – і расказваў менавіта пра гарадзкую Беларусь Сярэдневечча. Беларускія палацы, замкі, храмы! – для сырое вясковае нацыі, якая перабіралася ў панэльныя шматпавярхоўкі, гэткае адкрыццё было грымотамі сярод яснага неба…

Караткевіч стварыў масавую нацыянальную сьвядомасьць, масавы попыт на беларускую літаратуру, першы фэномэн нацыянальнае масавае культуры – і гэта пры тым, што ягоная клясыка была ў прынцыпе элітарнай. Дзясяткі тысячаў сьвядомых беларусаў дагэтуль зачытваюцца менавіта Караткевічам.

Ён не памёр – як і большасьць ягоных герояў, ён загінуў. Згарэў дарэшты, выканаўшы сваю місію. І пакінуў гэты сьвет рыхтык напярэдадні перабудовы й Адраджэньня – у 1984-м.

Але дагэтуль бачыцца: у белай, адпрасаванай кашулі, як ён пісаў заўжды, сьпяшаючыся й баючыся не пасьпець – адрывіста, востра, аўтаручкай, быццам пяром, Караткевіч расстаўляе кропкі над «і» й зьнічкі «у» кароткага.

Зараз слова cаўсім іншаму пісьменніку – менчуку Альгерду Бахарэвічу. Фрагменты з яго эсэ 2012 г.:

У розных апытаньнях кшталту «Як я стаў тым, кім я стаў» Караткевіч мусіць ісьці на першым месцы сярод названых крыніц уплыву, і зь вялікім адрывам. Менавіта ён шмат каго зрабіў беларусам. Дапамог выдумаць сябе. У кожнага зь яго чытачоў атрымлівалася па-свойму. У меру ўласных таленту, фантазіі і густу. Вядома, што мы жывем настолькі шчасьліва, наколькі здольныя сябе выдумаць. Але кожнага Караткевіч у свой час чапляў — варта было разгарнуць кнігу, любы з раманаў.

Караткевіч — чалавек з ключом, яго мэта — адкрыць, завабіць, паказаць дарогу. У прадмове ягонай кнігі для школьнікаў «Зямля пад белымі крыламі» ён сам кажа пра тое, што дае чытачам «ключ ад краіны»: а далей вы ўжо самі…

Захапленьне сышло, а дакладней, яго перадаеш іншым, тым, хто мае патрэбу, гэта такая адмысловая беларуская эстафэта. Павага засталася.

Цікавіць спадчына Караткевіча таксама бардаў Галіну і Барыса Вайханскіх, каторыя колькі год таму перабраліся ў Ізраіль. Яны выконваюць песню на верш У. К. «Мокрыя травы».

Ды што казаць – нават Віктар Бабарыка ў СІЗА КДБ чытаў Караткевіча!

Паважліва ставяцца да Ўладзіміра Сямёнавіча таксама (некаторыя) чыноўнікі. У снежні 2019 г. яны выбіралі «кнігу года», і… «Мы ўзялі аналітыку з OZ.by, “Белкнігі”, “Саюздруку”, тавараправодных сетак пра тое, колькі кніг было куплена, якога аўтара, якая кніга была найбольш запатрабавана ў 2019 годзе, – сказаў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. – У выніку перамагла кніга Уладзіміра Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім”, перавыдадзеная выдавецтвам „Папуры”. Што вельмі сімвалічна напярэдадні 90-годдзя класіка, якое мы будзем адзначаць у наступным годзе». Праўда, у першым квартале таго года кнігі Караткевіча ў рэйтынгу «Белкнігі» знаходзіліся толькі на 32-м («Каласы…») і 34-м месцах («Чорны замак Альшанскі»).

Караткевіч – аршанскі малец, і, мабыць, у справе ўшанавання варта ісці плысці ад вытокаў. Адно афіцыёзнае выданне паведаміла ў лістападзе 2019 г.:

У Оршы ёсць дом Уладзіміра Сямёнавіча, дзе ён пісаў славутае «Паляванне…», куды прыязджалі яго сябры Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін. Пасля вайны Караткевічы купілі ў вёсцы зруб і перавезлі яго ў Оршу. З таго часу будыніна належыць іх сям’і. Летась яе выкупіў бізнесмен Андрэй Балабін, каб рэстаўраваць, да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка стварыць тут музей і перадаць яго мясцовай уладзе.

Штосьці больш крэатыўнае сёлета прапаноўвала Паліна Сцепаненка, літаратуразнаўца і праваабаронца. У нататцы «Крыніца Караткевіча» (racyja.com, чэрвень 2020):

Думаю пра крыніцу, якая была ў Воршы напрыканцы вуліцы Караткевіча, а тады Касманаўтаў. Я памятаю яе з 70-ых гадоў, а з’явілася яна, напэўна, раней. Крыніца на самым беразе Дняпра. Там было такое месца, дзе стаялі лодкі-пласкадонкі. У бераг быў укапаны вялікі ланцуг, а да яго малымі ланцугамі прымацоўвалі лодкі… Пасля ўсё знікла – лодкі, вялікі ланцуг, крыніца. Але думаю, што не зусім зніклі, а проста пад зямлёй цяпер. Там шмат рознага жалеззя валялася пасля ў 80-ыя гады – рэшткі парэзанай на кавалкі баржы, на якой я асэнсоўвала смерць Караткевіча ў 1984 годзе. Цяпер там проста трава, лодак даўно няма. Мне здаецца, што крыніцу можна аднавіць. Адкапаць. Гэта не плач па крыніцы, якую ніхто не нішчыў адмыслова, а ідэя аднаўлення. Крыніца не знікла, яна ёсць – толькі трэба падумаць, як яе аднавіць, можа нават у межах адзначэння 90-ых угодкаў Караткевіча. І факт, што тую крыніцу Уладзімір Караткевіч бачыў і піў з яе – міма яе не пройдзеш, калі спускацца да ракі па вуліцы Караткевіча (Касманаўтаў). Памятаеце, як у вершы: «Вуліца Касманаўтаў збягае ў лагчыну з гары. Вытокі яе – у горадзе, вусце яе – у Дняпры».

Першая кніга рамана «Каласы пад сярпом тваім» завецца «Выйсце крыніц». Мажліва, невыпадкова тое, што ў 1967 г. Караткевіч пасяліўся ў Мінску менавіта ля Вадаправоднага завулка 😉

Тыя кварталы ў Цэнтральным раёне сталіцы, якія хацелася б ідэнтыфікаваць як мікрараён «Каштанаўка» і ўключыць у турыстычныя маршруты, вядомыя не толькі імёнамі Уладзіміра Караткевіча і Адама Мальдзіса. Гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч нагадаў, што ў 1976–1991 гг. на вул. Веры Харужай, д. 46/1, кв. 24 (г. зн. зусім побач з «домам Караткевіча») жыў паэт Алесь Разанаў. А ў доме № 48 нейкі час – паэт Анатоль Вярцінскі.

Утульны дворык для паэта(ў)

Якасныя графіці на сценах дамоў – гэта няхутка і нятанна. Быў бы рады ўчуць «дзелавых людзей»: як да лістапада 2020 г. на вул. В. Харужай зрабіць аналаг(і) таго, што з’явілася на вул. Кузьмы Чорнага ў Мінску і на вул. Дзяржынскага ў Мёрах Віцебскай вобласці?

Мінскі і мёрскі муралы (2020)

І вось яшчэ думка… Быў бы я гешэфтмахерам – гандляваў бы правам пасядзець на лавачцы насупроць пад’езда, дзе ў 1967–73 гг. жыў Уладзімір Караткевіч 😉

Пад «караткевіцкім каштанам». Справа ад пад’езда відаць і «акно Караткевіча» (на 2-м паверсе)

Ну, як А. Бендэр з «12 крэслаў» браў грошы за ўваход у пяцігорскі Правал. На жаль ці на шчасце, я – не Астап Ібрагімавіч, і ад параўнальна сумленных заробкаў трымаюся наводдаль. Аднак лавачку маглі б узяць «на аловак» дзеячы турыстычнай індустрыі.

А вось аўтобусна-тралейбусныя прыпынкі на бульвары Шаўчэнкі. Цяпер яны cумнаватыя:

Можна ж вырабіць водаўстойлівыя абоі з выявамі спачылага Караткевіча, жывых Вярцінскага, Мальдзіса, Разанава – і аздобіць імі шкляныя паверхні! Мяркую, нават ганаровы грамадзянін Мінска Мікола Чаргінец, які жыве побач, на вул. Гая, 4/2, маральна падтрымае такую ідэю. Усё-такі ён пісьменнік, аўтар дэтэктываў, якія пахвальваў той самы Быкаў. І добра знаёмы з Адамам Глобусам, cуседам Караткевіча па лесвічнай пляцоўцы…

Прыпынак на бульвары побач з 68-м паштовым аддзяленнем – нядаўна быў абклеены сацыяльнай рэкламай ад міністэрства па надзвычайных сітуацыях, і свет не перакуліўся (на сучаснай птушынай мове гэта завецца «брэндаваны прыпынак»)

Заўжды скептычна ставіўся да «Нью-Васюкоў» кшталту шагалаўскага квартала на 50 га ў Віцебску, таму не прапаную нічога экстраардынарнага. Паўстаў жа ў 2017 г. сціплы «парк пісьменнікаў» каля Нацыянальнай бібліятэкі – практычна на голым месцы. Раён жа бульвара Шаўчэнкі – месца «намоленае», з гісторыяй, легендамі. Мовазнавец Зміцер Саўка (1965–2016) мог бы яшчэ многа распавесці… Дадам, што ніколі ў нашых гутарках ён не прылічваў бульвар да «Старажоўкі».

Рог бульвара і вул. Асіпенка. Недзе тут у пачатку 1980-х стаяў аўтамат з газіроўкай, з сіропам (3 кап.) і без (1 кап.), пастаянна таўкліся людзі. Затое цяпер усё пакрыта плітачкай!

Пакуль суд ды справа, маладое пакаленне Каштанаўкі-Мінскай самасцвярджаецца, наносячы на сцежкі ды муры квартала малюнкі з мядзведжай пысай.

Каля вул. В. Харужай, 44; вул. П. Асіпенка, паміж дамамі 19 і 21; бул. Шаўчэнкі, 5

Што б гэта значыла? Больш нідзе такіх малюнкаў не сустракаў… Хіба дзеткі-кветкі пранюхалі, што менавіта на В. Харужай, 48 У. Караткевіч напісаў «школьнае» апавяданне «Былі ў мяне мядзведзі» (1970), і цяпер ілюструюць яго? Ці ёсць іншыя версіі?

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

12.07.2020

Апублiкавана 12.07.2020  17:52

Квартал Караткевіча, Мальдзіса (2)

Ці зразумееце, што мы кахалі,

Што зніклі так, як знікнеце i вы,

Што векавечны толькі край, i далеч,

І жоўты ліст на зелені травы.

У. C. Караткевіч

Першы тэкст пра мікрараён, дзе жыў Уладзімір Караткевіч і дагэтуль жыве Адам Мальдзіс, быў апублікаваны на belisrael 27.06.2020. Тады загучала дудка думка пра тое, што да 90-гадовага юбілею У. Караткевіча (лістапад 2020 г.) варта было б нешта зрабіць побач з мінскім домам па вул. Веры Харужай, 48 – мо перформанс. Як-ніяк Уладзімір Караткевіч пражыў у тым доме шэсць гадоў (1967–1973 гг., прыблізна 1/6 яго пісьменніцкага шляху), і не сказаць, каб кепскіх гадоў. Так, «адлігу» падмяніла брэжнеўская твань, асабліва па здушэнні «Пражскай вясны» 1968 г., а ў пачатку 1970-х гг. у машэраўскай БССР абвастрылася «барацьба з нацыяналізмам» – але кнігі Караткевіча (хоць і пашчыпаныя цэнзурай) выдаваліся, перакладаліся, чыталіся… З кіно было цяжэй – мастацкі фільм «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка» (1967; сцэнарый У. Караткевіча, рэжысёр У. Бычкоў) не паказвалі публіцы да 1989 г.

У канцы 1960-х – пачатку 1970-х гг. Уладзімір Сямёнавіч працягваў сваю працу. Праўда, «галоўныя» творы («Дзікае паляванне караля Стаха», «Леаніды не вернуцца да Зямлі», «Каласы пад сярпом тваім», «Ладдзя Роспачы», «Чазенія») к таму часу ўжо выйшлі з-пад яго пяра, а нашумелы гістарычны дэтэктыў, па які чытачы стаялі ў чарзе, быў толькі «ў праекце». «Чорны замак Альшанскі», дзе фігуруе і квартал каля Старажоўскага рынка, будзе завершаны пад канец 1970-х гадоў. Тым не меней Караткевічаў даробак 1967–73 гг. даволі важкі:

– апавяданні «Краіна Цыганія», «Вока тайфуна», «Вялікі Шан Ян», «Былі ў мяне мядзведзі», «Калядная рапсодыя»;

– вершы («Месяц над садам, ад квецені белым…», «Домік Багдановіча»…);

– артыкулы пра М. Багдановіча (супольна з А. Мальдзісам), Я. Брыля, У. Калесніка, А. Кашкурэвіча, Ф. Скарыну, Л. Украінку;

– эсэ «Рша камен…» (да 900-годдзя Оршы), «Званы ў прадоннях азёр»; дапрацоўка нарыса «Зямля пад белымі крыламі» для ўкраінскіх чытачоў;

– пераклады: паэма А. Міцкевіча «Мешка, князь Навагрудка»;, вершы Р. Гамзатава, шматлікіх польскіх і ўкраінскіх паэтаў; п’есы А. Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч» і М. Карыма «У ноч зацьмення Месяца»;

– сцэнарый мастацкага фільма «Рассказы из каталажки»;

– лібрэта балета «Кастусь Каліноўскі»;

– аповесць «Лісце каштанаў»… ды многае іншае.

Штосьці з пералічанага Караткевіч у сябе на кватэры пісаў («Лісце каштанаў» дакладна – Барыс Фірштэйн быў за сведку), штось рэдагаваў.

У побытавых і сямейных справах таксама больш-менш ладзілася. Атрымаўшы разам з маці двухпакаёвую кватэру, Караткевіч амаль адразу – увосень 1967 г. – пазнаёміўся з брэстчанкай Валянцінай Нікіцінай і ў лютым 1971 г. ажаніўся. У тым жа 1971-м ён упершыню выехаў за мяжу – у Польшчу. Быў абкружаны сябрамі; «карчмы не мінаў», але неяк утаймоўваў сябе, і хваробы яшчэ не наваліліся. Навала прыйдзе ў другой палове 1970-х…

Тут я прыводзіў вядомыя факты, зараз – пра маю пазіцыю (даруйце грэшнаму). Ува мне змагаюцца тры погляды на Караткевіча і яго творчасць: чытацкі, перакладчыцкі і паліталагічны. Гэткае змаганне адбіваецца на думках пра тое, як ушанаваць пісьменніка ў Цэнтральным раёне г. Мінска, дзе нарадзіўся і жыву.

Як чытач я бязмерна шаную Караткевіча, які ў нечым сфармаваў маю асобу. Як перакладчык я крыху больш рацыянальны – магу не згаджацца з яго падыходамі, ды ўсё адно пазіраю на Караткевіча «знізу». Як чалавек з дыпломам палітолага… Мушу аналізаваць, узважваць, разлічваць варыянты прынамсі на ход уперад.

Часам думаю, што марыў аўтар не пра мемарыяльныя дошкі: «Ты памрэш. Але ў бязмежным свеце / Будуць працвітаць твой Люд i Край… / Вер, што ў гэтым, вер, што толькі ў гэтым / Шчасце пасмяротнае i рай» (з верша 1982 г.). І кажу сабе, што летуценні Караткевіча, па вялікім рахунку, не спраўдзіліся. Пісьменнік памёр улетку 1984 г. – пасля гэтага Люд і Край зазналі мноства бедаў, пачынаючы з Чарнобыльскай катастрофы. Насельніцтва Беларусі скарацілася на паўмільёна; Адраджэнне, дэклараванае сябрамі Караткевіча ў канцы 1980-х, не перамагло. Сёлета, праз 36 год пасля смерці пісьменніка, у вонкава незалежнай краіне вобмаль школ з асноўным навучаннем на беларускай і ніводнага цалкам беларускамоўнага ўніверсітэта. Доля насельнікаў РБ, што называлі беларускую роднай, у 1999–2009 гг. падупала з 85,6% да 60,8% (адпаведныя звесткі перапісу 2019 г. яшчэ не вядомыя; сумняюся, аднак, што адбыўся рэзкі паварот да лепшага)…

Некаторыя ўжо задаваліся пытаннем, што сказаў бы Караткевіч пра лукашэнкаўскую рэчаіснасць. У 2010 г. Алесь Няўвесь нашрайбаў вершаваны фельетон, у якім Бог адпускае Валодзю з раю паглядзець на Беларусь, а Караткевіч, папахадзіўшы па сучаснай РБ, думае: «Лепей жа ляжаў бы…»

Аляксандр Бур’як апублікаваў у 2015 г. злы артыкул пра пісьменніка – пераважна несправядлівы, дый з абмыламі… Але дзе-нідзе мізантрапічны аўтар меў рацыю: «Творчая спадчына Караткевіча не з’яўляецца арганізуючым пачаткам для беларускага народу… з нацыянальнай ідэяй у беларусаў пасля яго гэткая ж натуга, як да яго».

Карацей, не малюся на класіка. Калі б выбіраць паміж беларускамоўнымі аншлагамі на ўсіх будынках у Мінску (або прынамсі ў Цэнтральным раёне) і шыльдай памяці Караткевіча на вул. Веры Харужай, то, мяркую, выбраў бы першае. Дарэчы, пісьменніка ў доме № 48 крыху памятаюць і без пазначак; сам пераканаўся, што цяперашняя гаспадыня кватэры № 26, якая атабарылася там гадоў 20 таму, ведае пра свайго вялікага папярэдніка.

Казённыя шыльды самі па сабе не будзяць памяць… Мажліва, больш эфектыўны (і ўадначас модны) спосаб нагадаць пра знакамітую асобу – намаляваць графіці/мурал.

Такая выява з’явілася ў 2014 г. на адным з дамоў у цэнтры г. Рагачова. Фота адсюль

Праўда, рагачоўскі мурал здаецца… праставатым. Не, я не маю на ўвазе, што яго трэба перарабляць, аднак у Мінску-2020 хочацца чагосьці больш вытанчанага. Па-першае, паказаць бы 40-гадовага Караткевіча, а не 50-гадовага, як у Рагачове і на сталічнай вул. Кастрычніцкай:

Ранейшы і пазнейшы варыянты графіці ля кафэ «Дэпо». Крыніца

Здымкі 1968 і 1969 гг., адзін з якіх можна было б узяць за аснову для новага мурала

Па-другое… Пісьменнік ведаў сабе цану, але ўважаў сябе за часцінку свайго народу, за аднаго з многіх. Калі маляваць Караткевіча на сцяне вядомага пяціпавярховіка, то ў атачэнні тых, каму ён быў дарагі на рубяжы 1960-70-х, і хто быў дарагі яму. Можна абаперціся на ўспамін А. Мальдзіса:

Неўзабаве, ужо ў новай Караткевічавай кватэры па вуліцы Веры Харужай, наладзіў свой дзень нараджэння Сяргей Панізнік, якога гаспадар, зважаючы на ваенныя пагоны, называў «Лермантавым беларускай паэзіі». Застолле сабралася інтэрнацыянальнае: Чэхаславакію прадстаўляў верны сябар і прапагандыст нашай літаратуры Вацлаў Жыдліцкі, Польшчу — паэт і даследчык Алесь Барскі (Баршчэўскі), Латвію — сястра Панізніка са сваім знаёмым, якога Валодзя ахрысціў «анёлкам», Беларусь — Барадуліны, Коўтун, Янішчыц, Сіпакоў…

Фота з сайта БІНІМ, прыведзенае і ў 1-й частцы майго матэрыялу, было зроблена перад пад’ездам дома Караткевіча менавіта на дзень народзінаў Панізніка – 10 мая 1968 г.

Па-мойму, апрача самога Караткевіча варта паказаць яго маці Надзею, жонку Валянціну, суседа і сябра Адама… ды яшчэ траіх чалавек з ліку згаданых Мальдзісам. Дапусцім, гэта будуць прафесар Вацлаў («Вашак») Жыдліцкі – рупны перакладчык Караткевіча на чэшскую; народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін; «Палесся мілае дзіця» Яўгенія Янішчыц (на фота – 1-я злева). Добрае месца для графіці – тарэц дома № 48, узровень другога паверха.

Подпіс пад калектыўным партрэтам я прапанаваў бы такі: «Сузор’е Караткевіча» (дарэчы, блізкі юбіляру вобраз; пра Багдановіча ён пісаў «Іншым было лягчэй. Яны былі сузор’ем. Ён — самотнай зоркай…»). Прадубляваць подпіс варта на латыні, падкрэсліваючы сусветную значнасць нашага пісьменніка і намякаючы на яго моўную абазнанасць. O так, скончаны філфак Кіеўскага ўніверсітэта імя Т. Г. Шаўчэнкі – non penis canina! 😉

У. Караткевіч і В. Жыдліцкі, Мінск, май 1968 г. Крыніца

Не было б лішнім графіці (Караткевіч & жонка?) і на доме па вул. В. Харужай, 42, дзе ў 1971 г. мясціўся ЗАГС Цэнтральнага раёна. Уваход для наважэнцаў быў усё ж не з двара – з вуліцы…

Весялун Караткевіч уступае ў новае жыццё, фота з сайта chtoby-pomnili.net (цяпер дзверы вядуць у офіс фірмы «БайПрынт сэрвіс»); тая ж частка дома № 42 ў ліпені 2020 г.

На тарцы «Мальдзісава» дома па вул. Чарвякова, 18 таксама ё вольнае месца 🙂

Маё адчуванне – аднаго-двух графіці малавата, каб «ажывіць» раён (ён ціхі, часам нават сонны… асабліва пасля ліквідацыі Старажоўскага рынка ў 1990-х гадах i замены апошняга на мемарыяльныя могілкі ў 2000-х). Ёсць яшчэ прапанова, якая не вымагае вялікіх укладанняў, але можа паспрыяць прытоку турыстаў. Чаму б не надаць кварталам у межах вул. В. Харужай – Чарвякова – Кахоўскай – бул. Шаўчэнкі собскае імя?

Даводзілася чытаць, што Караткевіч жыў «на Старажоўцы» і хадзіў у «старажоўскі ЗАГС», аднак у гістарычным плане гэты раён – ні Камароўка, ні Старажоўка… а жылы масіў, утвораны ў 1960-х гадах з «хрушчовак» і «брэжневак» (дамы Караткевіча і Мальдзіса, пабудаваныя ў 1967 г. – акурат «брэжнеўкі»).

«Арлоўка» – больш дарэчнае слоўца, але вуліца Веры Харужай далекавата ад вул. Арлоўскай (менавіта гэтую вуліцу, а не прылеглы раён, у нас часцей мянуюць «Арлоўкай»)… Напрошваецца новатвор «Караткевічаўка», ды ён, па-мойму, гучыць нязграбна. Харошай назвай для згаданых кварталаў будзе Каштанаўка – у гонар «Лісця каштанаў», аповесці, напісанай У. Караткевічам тут, у нас. У раёне шмат каштанаў – значыць, імя будзе апраўдана і з гэтага боку… (Каб не пакрыўдзіць аматараў іншых дрэваў: нямала і клёнаў, бяроз, ліп, а бульвар Шаўчэнкі багаты на дубы.)

Прысады на вул. В. Харужай і Кахоўскай

(Края)віды ля вул. Кахоўскай, 34 (знята з 4-га паверха)

Галубятня ў дворыку ля бульвара – ёй дзясяткі гадоў. Караткевіч быў бы рады (банальна, але праўда)

Апорнымі кропкамі мікрараёна маглі б стаць пяць месцаў, непасрэдна звязаных з Караткевічам і Мальдзісам. Гэта ўжо згаданыя будынкі на вул. Харужай, 42 і 48, вул. Чарвякова, 18 і бул. Шаўчэнкі, 17 (паштовае аддзяленне № 68). Нумар пяты – рэзідэнцыя Мельнікава, архіепіскапа Мінскага і Беларускага (цяперака на яе месцы – сучасны шматпавярховік па адрасе вул. Чарвякова, 50), у якога не раз гасцяваў Уладзімір Сямёнавіч. Далучым прыпынак аўтобуса № 38 на бул. Шаўчэнкі, дзе сябры-літаратары выходзілі, вяртаючыся дадому «з цэнтра» (на карце пазначаны птушачкай).

 

З цягам часу новы ўрбанонім увойдзе ў абыходак – увайшла ж «Асмалоўка», сканструяваная актывістамі ў 2010-х. Тут ажывуць старыя легенды й з’явяцца новыя, сюды пачнуць вадзіць экскурсіі… Барэльеф Тараса Шаўчэнкі ў пачатку бульвара і кінатэатр «Кіеў» у канцы – тэма для дэлегацый з Украіны (узнёслае эсэ Караткевіча пра Шаўчэнку «І будуць людзі на Зямлі» у помач).

Крамка «Белдруку» (пад старой назвай «Белсоюзпечать») на бул. Шаўчэнкі, 7 – да «дома Караткевіча» адсюль метраў 250. Чым не месца для продажу «караткевіцкага» мерчу – магніцікаў, значкоў, etc? 🙂

У гэтым жа доме, бліжэй да вул. Асіпенка, працавала булачная, слаўная ва ўсёй акрузе (без сумневу, яе наведваў і Караткевіч). Цяпер тут іншыя ўладары, але «нішто на Зямлі не праходзіць бясследна». Трапна заўважыў адзін з маіх чытачоў, Віктар С.: «Менск – горад зданяў, ды яшчэ шматслойны, як Шрэк».

Не здзіўлюся, калі «Каштанаўка» займее свой герб або прынамсі эмблему – з жоўтым каштанавым лістком на зелені травы. Залежыць ад энтузіязму яе жыхароў… У «Асмалоўкі» дык нефармальная эмблема ёсць – сонца, якое ўзыходзіць.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

03.07.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 04.07.2020 23:33

Водгукі

У мяне іншыя ўспаміны. Аўтобус 38 я называю аўтобусам імя Алеся Разанава. Ён жыў на вул. Харужай, але выходзіць з аўтобуса трэба было на бульвары Шаўчэнкі ды ісці ў двор. Аднаго разу мяне, неаматара сонечных ваннаў і належным чынам не экіпіраванага, Алесь павалок на Камсамольскае возера і там выпрабоўваў на мне свае толькі што складзеныя квантэмы. А на здымку 1968 г. пазнаю Жэню Янішчыц, Міхася Стральцова, Сяргея Панізніка (Анатоль Сідарэвіч, г. Мінск)

Шаноўны спадар Вольф! З вялікім задавальненьнем пазнаёміўся з Вашымі артыкуламі. Уразіла бачаньне мемарыялізацыі асобных старонак жыцьця і творчасьці нашага слыннага пісьменьніка і ягоных сяброў. Вялікі дзякуй за глыбокую і кранальную працу, зробленую з душою і габрэйскім гумарам (Марат Гаравы, г. Кобрын).

Апублiкавана 09.07.2020 11:20

Квартал Караткевіча, Мальдзіса

Выдатнага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча высока цанілі, cярод іншых, Вольф (Месінг) і Рубінчык (Валер). Ну, і я не мог не залезці ў пачэсную кампанію 😉

Праўду кажучы, у ХХ ст. мала быў знаёмы з творчасцю Караткевіча, дый нават фільм «Дзікае паляванне караля Стаха» паглядзеў ужо ў дарослым веку. Чытаў у школе «Былі ў мяне мядзведзі»; апавяданне пакінула свой след, але…

Мы «праходзілі» і «Каласы…»; у той час, на пачатку 1990-х, я не агораў раман да канца. Галоўныя творы пісьменніка дайшлі да мяне толькі ў апошнія гады ХХ ст., а яго біяграфія заінтрыгавала ўжо ў новым стагоддзі, калі я жыў на перыферыі – наводдаль ад «Караткевічавых» месцаў.

Сёлета, праз 20 год блуканняў па горадзе, вярнуўся ў Цэнтральны раён, на вуліцу Кахоўскую. Раптам ажыў успамін: Караткевіч згадваў суседні бульвар Шаўчэнкі! Зазірнуў у т. 8 Збору твораў (кн. 2; Мінск: Мастацкая літаратура, 1991, с. 423) – і насамрэч:

Мне шкада, напрыклад, што будоўлі пагубілі найбольшую і найцікавейшую ў Мінску і наваколлі ферму тлей, заведзеную мурашкамі-«жывёлагадоўцамі» (трохі не даязджаючы да павароткі аўтобуса № 38 з вул. Веры Харужай на бульвар Шаўчэнкі, на беразе ручаіны – Канавы). Надта цікавае жыццё там кіпела.

Гэта радкі з адказу Караткевіча на анкету, складзеную Т. Шамякінай у канцы 1970-х. А цяпер – фоткі з чэрвеня 2020 г.:

Від з вул. В. Харужай на вул. Гая. «Канава» была дзесьці справа (паміж Гая і Крапоткіна)

Аўтобус № 38 усё гэтак жа паварочвае на бульвар, як і паўстагоддзя таму…

 

Тарас Шаўчэнка на бульвары (фота справа) – не толькі назоў

Прыпомніўшы адну рэч, зусім лёгка было высветліць для сябе, што Караткевіч жыў недалёка ад вул. Кахоўскай, на якую выходзіць бульвар. У тым жа зборы твораў (цяпер і ў вікіпедыі) названы дакладны адрас – вуліца Веры Харужай, д. 48, кв. 26. А таксама час, калі Уладзімір Сямёныч і яго маці Надзея Васілеўна мелі кватэру ў гэтым доме (вясна 1967 г. – вясна 1973 гг.).

Шлях ад бульвара Шаўчэнкі да «дома Караткевіча». Па гэтай вуліцы я хадзіў яшчэ ў пачатку 1980-х, калі быў дзіцём… Але з класікам, на жаль, «размінуўся»: ён у 1973 г. разам з маці і жонкай пераехаў у самы цэнтр Мінска, на вул. К. Маркса, 36.

Лазня па вул. В. Харужай, 44, пабудаваная, як і ўвесь квартал, у 1960-х гг. Таксама бачыла Караткевіча! 🙂

Вул. В. Харужай, 46/1. У 1980–90-х гг. (наконт 1960–70-х не ўпэўнены) тут была някепская букіністычная крамка, дзе я купляў кнігі, пераважна шахматныя

Гэты ўчастак дарогі ад вул. В. Харужай да вул. П. Асіпенка раней менаваўся «Вадаправодны завулак» (не блытаць з тым, што між вуліцамі Арлоўскай і Шчадрына). Цяпер будынкі на ўчастку «расцягнуты» трыма вуліцамі, але адна шыльдачка са старой назвай усё ж захавалася 🙂

Перабіраемся цераз «Вадаправодны» у адстаўцы, і – вуаля, пяціпавярховы «дом Караткевіча»!

Выгляд з розных бакоў

Другі пад’езд, у якім 15 кватэр. № 26 – на 2-м паверсе; відаць і лоджыю, на якую выходзіў Караткевіч (тады яна, здаецца, была балконам).

Калі пашанцуе, то патрапіце ў пад’езд. Дзверы мяняліся, але прыступкі помняць крокі пісьменніка 🙂

Там, дзе была апошняя кватэра Ўладзімір-Сямёныча, даўно вісіць мемарыяльная шыльда, а на вул. Чарнышэўскага, 7 (першае жытло Караткевіча ў Мінску – 1963–67 гг.) і тут, на Веры Харужай, ніц няма. Журналісты газеты «Прессбол» рабілі ў 2013 годзе прапазіцыю… у фэйсбуку, г. зн. «на деревню дедушке». Сяргей Южык: «Крыўдна, што на доме няма нават памятнай таблічкі, прысвечанай Караткевічу, не кажучы пра нешта большае». Барыс Тасман: «Даеш мемарыяльную дошку на доме вялікага беларускага пісьменніка!» О так, даеш…

Суседні дом па цяперашнім адрасе «вул. В. Харужай, 46/2», пабудаваны ў 1958 г. На першым паверсе быў прадуктовы магазін, куды, безумоўна, заходзілі Караткевіч і яго сябры… Цяпер тутака рамонт

Гэты дом відаць і на здымку 1968 г., дзе Караткевіч – 2-і злева. Крыніца – сайт БІНІМ (але чаму адрас напісаны як «вул. Веры Харужай, 7», адзін БІНІМ ведае)

Дзіцячая пляцоўка і цяпер перад домам на В. Харужай, 48 – толькі выглядае іначай

А «элітны» дом № 48а з’явіўся ў нашым стагоддзі. У мінулым тут быў пункт прыёму шклатары – здаля чуўся перазвон пляшачак 🙂

«Караткевічаў дом» і 50 год таму абслугоўвала, і зараз абслугоўвае 68-е паштовае аддзяленнебул. Шаўчэнкі, 17

Ці добра пісьменніку жылося-працавалася ў раёне майго дзяцінства? Мяркую, няблага. Нябожчыка не запытаешся, але вось што засведчыў карэспандэнт газеты «Віцебскі рабочы» Б. Фірштэйн у 1972 г.:

Жаданне даведацца пра тое, над чым цяпер працуе Уладзімір Караткевіч, прывяло мяне на кватэру пісьменніка ў доме па вуліцы Веры Харужай у Мінску. На гэты раз, можна лічыць, пашанцавала — Уладзімір Сямёнавіч быў дома. Наогул жа застаць Караткевіча ў Мінску не проста. Зайздросны жыццёвы імпульс у гэтага чалавека — заўсёды ён у раз’ездах, у падарожжах: то цягне з рыбакамі сеткі на Дняпры, то едзе ў старажытны Вільнюс, сёння яго паклікала Украіна, заўтра — Далёкі Усход…

— Пасядзі, я зараз, — гаворыць Караткевіч, працягваючы нешта хутка пісаць. — Справа тэрміновая, а часу мала… Што ў рабоце і што задумана?.. Атрымаў сёння экземпляр «Чазеніі» на ўкраінскай мове. Выйшла яна ў Кіеўскім выдавецтве «Молодь». Праглядаў для аўтарызацыі рукапіс «Каласоў», які пераклала масквічка В. Н. Шчадрына — раман павінен выйсці ў выдавецтве «Советский писатель»… А вось гэта, — паказвае Уладзімір на незакончаны рукапіс, — новае апавяданне. Прысвечана яно дружбе народаў. Месца і час дзеяння — Кіеў, 1944 год…

Гаворка, відавочна, пра аповесць «Лісце каштанаў», завершаную ў кастрычніку 1972 г. Мо кварталы, прылеглыя да вул. В. Харужай, якраз і натхнілі майстра на гэтую аповесць? Бульвар Шаўчэнкі ёсць і ў Кіеве…

З таго, што казаў Адам Мальдзіс, таксама вынікае, што Караткевіч быў здаволены сваім новым жытлом, прынамсі на першым этапе:

У 1967 годзе Валодзю нарэшце выдзелілі двухпакаёвую кватэру на другім паверсе (з увагі на ўзрост маці) у пяціпавярховым панельным доме пад нумарам 48 на вуліцы Веры Харужай. Заехаўшы (усе мы дружна памагалі яму пакаваць і цягаць кнігі), ён цешыўся, што побач — Старажоўскі рынак, дзе па нядзелях чулася сакавітая вясковая гаворка, прадавалі пеўняў, сабак і нават коней, а за ім — Камсамольскае возера. Перажываў, што я застаюся ў інтэрнаце.

— Нічога, стары, — суцяшаў, выйшаўшы на балкон. І тыцнуў пальцам у недабудаваныя дамы насупраць: — Во добра было б, каб табе далі вось там.

Сваё прадбачанне ён разглядаў як рэальнасць і нават прапанаваў «за адным заходам» купіць аднолькавыя кніжныя стэлажы:

— Складзеш пакуль што ў мяне. А пераносіць будзе недалёка, пабачыш.

І якое было наша ўсеагульнае здзіўленне, калі восенню таго ж года мне сапраўды выдзелілі кватэру ў адным з дамоў насупраць. Мы сталі часцей бываць адзін у аднаго. Пакуль не было тэлефонаў, «пераміргваліся» настольнымі лямпамі.

Адам Іосіфавіч атрымаў кватэру па вул. Чарвякова, 18, на першым паверсе. Таксама ў год пабудовы дома – 1967.

У 2020 г. раён бульвара Шаўчэнкі шчыльна забудаваны з усіх бакоў, у т. л. «элітнымі» гмахамі. А ў канцы 1960-х – пачатку 1970-х гэта была ледзь не ўскраіна горада. Недалёка стаялі двухпавярховыя баракі і аднапавярховыя прыватныя дамкі.

Нават у 1990-х на вуліцы Кахоўскай паміж Смаргоўскім трактам і бульварам Шаўчэнкі (здымак 2020 г.) цокалі коні, запрэжаныя ў вазы

У кватэры на Веры Харужай гасцявалі ў Караткевіча розныя славутасці (напрыклад, паэты Рыгор Барадулін, Сяргей Панізнік, літаратуразнавец Генадзь Кісялёў…). Сюды ж пісьменнік у 1971 г. прывёў сваю жонку Валянціну. А. Мальдзіс:

Нарэшце 18 лютага 1971 года, роўна ў 110 гадавіну адмены прыгоннага права, адбыўся іх шлюб.

Сялян вызвалілі, а мяне, стойкага ворага ўсялякага прыгону, звязалі путамі Гіменея, — жартаваў Валодзя, ідучы ў загс, размешчаны ў суседнім доме.

А дзе знаходзіўся той ЗАГС Цэнтральнага раёна? Дапамагла з інфой маці… якая ў 1977 г. паведамляла там пра маё нараджэнне 🙂 Адрас – вул. В. Харужай, 42, уваход з двара.

З 1980-х няма тут ЗАГСа, ён пераехаў у Траецкае прадмесце. І ўсё адно прыемна думаць пра супольныя з У. Караткевічам сцежкі 🙂

Дом і пад’езд А. Мальдзіса

Прафесару цяпер 88-ы год, яму цяжка пакідаць кватэру (фота адсюль)

Месца, дзе жыў Караткевіч, на сучаснай карце Мінска я пазначыў чырвонай птушачкай; меркаванае знаходжанне «фермы тлей» – пытальнікам; А. Мальдзіс жыве акурат там, дзе чытаецца слова «Такси»; былы ЗАГС пазначаны чырвоным кружком, лазня – гэта «Баня» 🙂

Cёлета, праз 5 месяцаў ужо, – 90 год з дня нараджэння У. С. Караткевіча. Ён не толькі мой, ён «усіхні». Ясна, многім зараз не да культурніцкіх ініцыятыў, але быў бы рады пачуць ад чытачоў, што варта зрабіць для памяці пра пісьменніка ў (ня)сціплым мінскім квартале недалёка ад Камароўкі – цягам гэтых месяцаў і ў лістападзе 2020 г. Перформанс?

(спадзяюся, што працяг будзе)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

26.06.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 27.06.2020  14:53

У. Караткевіч & шахматы (бел/рус.)

Шахматная тэма «Ладдзі Роспачы» ў сусветным кантэксце

(перевод на русский см. ниже)

Колькі гадоў таму паэт і літаратуразнавец Андрэй Хадановіч выступіў з дакладам, дзе паказаў на падабенства паміж сюжэтамі аповесці «Ладдзя Роспачы» Уладзіміра Караткевіча (1964) і фільма «Сёмая пячатка» рэжысёра Інгмара Бергмана (1957). У абодвух творах чалавек гуляе ў шахматы з «цёмнай сілай»; праўда, у Бергмана – з Анёлам Смерці, у Караткевіча – з самой Кашчавай, але гэтае адрозненне не выглядае істотным і яго дапушчальна не ўлічваць.

Сюжэтныя падабенствы паважаны паэт пракаментаваў наступным чынам: «Увесь фокус у тым, што ў шведскага рэжысёра чалавек (як яму і належыць) прайграе, тады як у Караткевіча здараецца немагчымае, здараецца цуд, здараецца яўнае махлярства – і перамога. А пераможцаў, як вядома, не судзяць – і чытачы ў захапленні. Так і з караткевічаўскім плагіятам» («Краязнаўчая газета», № 44, 2010).

Кадр з фільма «Сёмая пячатка»

Слоўца «плагіят» я б трактаваў як жарт А. Хадановіча (дарэчы, някепскага шахматыста, удзельніка традыцыйных таварыскіх спаборніцтваў, якія ладзяцца ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў). Насамрэч нават павярхоўнае параўнанне двух твораў паказвае на самастойнасць аповесці У. Караткевіча. Справа не толькі ў тым, што Гервасій Выліваха перамагае Смерць, а бергманаўскі рыцар Антоніус Блок – не (аднак у працэсе гульні знявераны рыцар адцягвае ўвагу Анёла Смерці ад сям’і камедыянтаў, фактычна іх ратуючы). Уся «Ладдзя Роспачы» пабудавана, па сутнасці, як адштурхоўванне ад меланхалічнай прыпавесці Бергмана, прасякнутай духам Эклезіяста. Выліваха – сангвінік і трыкстар, які не шукае ісціны за мяжой, ігнаруе Эклезіяста, але ўпарта змагаецца з мярцвячынай на сваёй зямлі, навязваючы свае правілы гульні і на «тым» свеце. Як слушна заўважылі Ганна Бутырчык і Марына Казлоўская ў 2013 г., «Гервасій – чалавек новага гуманістычнага светапогляду, што праступае ў выяўленых рысах індывідуалізму, у жыцці праз край, у адчуванні ўнутранай свабоды, асмяянні рысаў старога свету, царкоўных інстытутаў, рэлігійных забабонаў, у псіхалагізме і дынаміцы жыцця».

Цалкам верагодна, што расповед пра паядынкі Вылівахі са Смерцю з’явіўся не без уплыву Бергмана (зрэшты, у «Сёмай пячатцы» паказаны толькі адзін паядынак, які да таго ж ідзе з перапынкам, і першым хітруе якраз «цёмны бок», а не чалавек). Аднак не менш падстаў звязваць аповесць Караткевіча з раманам Ільі Ільфа і Яўгена Пятрова («Дванаццаць крэслаў», 1927), бо Вылівахавы хітрыкі за дошкай чымсьці нагадваюць паводзіны Астапа Бендара ў Васюках. Успомнім: «Астап прайграў запар пятнаццаць партый, а неўзабаве яшчэ тры. Заставаўся адзін аднавокі. У пачатку партыі ён… нарабіў мноства памылак і цяпер з цяжкасцю вёў гульню да пераможнага канца. Астап, незаўважна для навакольных, скраў з дошкі чорную ладдзю і схаваў яе ў кішэнь» (менавіта чорнай ладдзёй Смерці ў час вырашальнай партыі маніпулюе і Выліваха, соваючы яе сваім рукавом пад бой). Васюкінскі супернік «гросмайстра», аднавокі аматар, выглядае як персанаж дэманічнай прыроды; паводле каментатара рамана Юрыя Шчаглова, аднавокасць і кульгавасць – формы «хтанічнай асіметрыі».

У той самы час адрозненні паміж Бендарам і Вылівахай, «Ладдзёй Роспачы» і «Дванаццацю крэсламі» таксама відавочныя; пачаць хаця б з таго, што Выліваха нашмат больш вопытны гулец у шахматы, чым ілжэгросмайстар Бендар. Выходзіць, трэба весці гаворку не пра тое, што Караткевіч пераняў сюжэт у Ільфа і Пятрова (або ў Бергмана), а пра тое, што ўсе згаданыя творы абапіраюцца на ўстойлівы комплекс матываў, гэтак званы вандроўны сюжэт. Апошні бярэ пачатак у Сярэднявеччы, калі ў Еўропе распаўсюдзілася ўяўленне пра шахматную партыю як алегорыю жыцця. Зрэшты, падобнае ўяўленне бытавала і на Усходзе: так, у адным з вершаў Амара Хаяма свет параўноўваецца з шахматнай дошкай, людзі – з пешкамі.

Фрэска «Смерць, якая гуляе ў шахматы». XV cт.

Названы сюжэт адлюстроўваўся не толькі ў літаратуры, але і ў жывапісе. Сярод найбольш ранніх прыкладаў – фрэска «Смерць, якая гуляе ў шахматы» ў царкве пад Стакгольмам (каля 1480 г.; лічыцца, што гэты самы твор і натхніў І. Бергмана на працу над фільмам). Аналагічная тэма выкарыстоўвалася ў гравюрах аднаго з найбуйнейшых нямецкіх мастакоў Альбрэхта Дзюрэра (1471–1528). Цікава, што на шведскай фрэсцы паказаная «некананічная» шахматная дошка памерам 5Х7, але на карціне канца ХVIII стагоддзя «Партрэт доктара дэ С., які гуляе ў шахматы са Смерцю» аўтарства французскага мастака Рэмі-Фюрсі Дэкарсэна (Descarsin; у часопісе паправілі на «Дэскарсэна», але хутчэй за ўсё гэтае прозвішча мае вымаўляцца без «с», як Descarthes = Дэкарт. – В. Р.) яна ўжо мае сучасны выгляд. Доктар з карціны ўсміхаецца, бо, паводле аўтарскага апісання, уратаваў пацыента ад сваёй суперніцы.

Р.-Ф. Дэкарсэн «Партрэт доктара…» (прыблізна 1793 г.)

У пазамінулым стагоддзі папулярным быў твор «Шахматысты» (1830-я гг.) нямецкага мастака Фрыдрыха Аўгуста Морыца Рэтча. На той карціне Чалавек гуляе з Д’яблам – не выключана, што за дошкай былі выяўлены Фаўст і Мефістофель. Увесь антураж гаворыць пра тое, што ад выніку гульні залежыць нешта большае, чым лёс асобнага гульца.

Ф. Рэтч «Шахматысты» (1830-я гг.)

Такім чынам, У. Караткевіч распрацаваў сюжэт, які шмат стагоддзяў блукаў у еўрапейскай культуры, аднак беларускі творца зрабіў гэта арыгінальна, з увагай і павагай да родных крыніц. Здаецца, ніхто да яго ў беларускай літаратуры, прынамсі ў савецкі час, не аднаўляў, напрыклад, старажытныя назвы шахматных фігур: ферзь – «візір», пешка – «латнік» (праўда, кароль, слон, конь, ладдзя засталіся ў аповесці са звыклымі «імёнамі»). Атрымаўся твор з глыбокай верай у тое, што чалавек – не пешка ў гульні вышэйшых сіл. Не дзіўна, што «Ладдзя Роспачы» дагэтуль ставіцца на тэатральнай сцэне, штурхае творцаў на пошукі працягу. Так, у 2010 г. паэт-сатырык Алесь Няўвесь напісаў фельетон, у якім Уладзімір Караткевіч, знаходзячыся ў Раі, зводзіць унічыю партыю з Богам (скраўшы белую ладдзю) і адпрошваецца на Зямлю, у Беларусь. Песня па матывах «Ладдзі Роспачы» ёсць у гродзенскага гурта «Dzieciuki»; шахматы выконваюць у ёй не апошнюю ролю, як і ў мультыплікацыйным кліпе (2014), знятым на яе. А кампазітар Алег Хадоска нядаўна стварыў тэатральную музыку «Гульня ў шахматы са Смерцю».

У 2015 г. – на юбілей Караткевіча – група беларускіх літаратараў, аматараў шахмат, падпісала петыцыю з просьбай назваць вуліцы ў Мінску і Рагачове імем Гервасія Вылівахі. Просьба пакуль што не задаволеная, але, магчыма, усё яшчэ наперадзе.

Вольф РУБІНЧЫК

Апублікавана ў часопісе «Роднае слова», № 11, 2019

* * *

(авторский перевод на русский – для belisrael.info)

Шахматная тема «Ладьи Отчаяния» в мировом контексте

Несколько лет назад поэт и литературовед Андрей Ходанович выступил с докладом, где показал схожесть сюжетов повести «Ладьи Отчаяния» Владимира Короткевича (1964) и фильма «Седьмая печать» режиссёра Ингмара Бергмана. В обоих произведениях человек играет в шахматы с «тёмной силой»; правда, у Бергмана – с Ангелом Смерти, у Короткевича – с самой Костлявой, но такое отличие не выглядит существенным и его допустимо не учитывать.

Сюжетные подобия уважаемый поэт прокомментировал следующим образом: «Весь фокус в том, что у шведского режиссёра человек (как ему и надлежит) проигрывает, тогда как у Короткевича случается невозможное, случается чудо, случается явное жульничество – и победа. А победителей, как известно, не судят – и читатели в восхищении. Так и с короткевичским плагиатом» («Краязнаўчая газета», 2010, № 44).

Кадр из фильма «Седьмая печать»

Cловечко «плагиат» я бы трактовал как шутку А. Ходановича (кстати, неплохого шахматиста, участника традиционных товарищеских соревнований, которые устраиваются в Союзе белорусских писателей). На самом-то деле даже поверхностное сравнение двух произведений указывает на самостоятельность повести В. Короткевича. Дело не только в том, что Гервасий Выливаха одолевает Смерть, а бергманский рыцарь Антониус Блок – нет (однако в процессе игры разуверенный рыцарь отвлекает внимание Ангела Смерти от семьи комедиантов, фактически их спасая). Вся «Ладья Отчаяния» построена, по существу, как отталкивание от меланхолической притчи Бергмана, проникнутой духом Экклезиаста. Выливаха – сангвиник и трикстер, который не ищет истины за границей, игнорирует Экклезиаста, но упорно борется с мертвечиной на своей земле, навязывая свои правила игры и на том свете. Как справедливо заметили Анна Бутырчик и Марина Козловская в 2013 г., «Гервасий – человек нового гуманистического мировоззрения, что проступает в выразительных чертах индивидуализма, в жизни через край, в ощущении внутренней свободы, осмеянии черт старого мира, церковных институтов, религиозных предрассудков, в психологизме и динамике жизни».

Вполне вероятно, что рассказ о поединках Выливахи со Смертью появился не без влияния Бергмана (впрочем, в «Седьмой печати» показан лишь один поединок, который к тому же идёт с перерывом, и первой хитрит как раз «тёмная сторона», а не человек). Однако не меньше оснований связывать повесть Короткевича с романом Ильи Ильфа и Евгения Петрова («Двенадцать стульев», 1927). Хитрости Выливахи за доской чем-то напоминают поведение Остапа Бендера в Васюках. Вспомним: «Остап проиграл подряд пятнадцать партий, а вскоре еще три. Оставался один одноглазый. В начале партии он… наделал множество ошибок и теперь с трудом вел игру к победному концу. Остап, незаметно для окружающих, украл с доски черную ладью и спрятал ее в карман» (именно чёрной ладьёй Смерти во время решающей партии манипулирует и Выливаха, передвигая её своим рукавом под бой). Васюкинский соперник «гроссмейстера», одноглазый любитель, выглядит как персонаж демонической природы: согласно комментатору романа Юрию Щеглову, одноглазость и хромота – формы «хтонической ассиметрии».

В то же время отличия между Бендером и Выливахой, «Ладьёй Отчаяния» и «Двенадцатью стульями», тоже очевидны: начать хотя бы с того, что Выливаха намного более опытный игрок в шахматы, чем лжегроссмейстер Бендер. Выходит, нужно вести речь не о том, что Короткевич перенял сюжет у Ильфа и Петрова (или у Бергмана), а о том, что все упомянутые произведения опираются на устойчивый комплекс мотивов, так называемый бродячий сюжет. Последний берёт начало в Средневековье, когда в Европе распространилось представление о шахматной партии как аллегории жизни. Впрочем, подобное представление бытовало и на Востоке: так, в одном из стихов Омара Хайяма мир сравнивается с шахматной доской, люди – с пешками.

Фреска «Смерть, которая играет в шахматы». XV в.

Названный сюжет отражался не только в литературе, но и в живописи. Среди наиболее ранних примеров – фреска «Смерть, играющая в шахматы» в церкви под Стокгольмом (около 1480 г.; считается, что это самое произведение и вдохновило И. Бергмана на работу над фильмом). Аналогичная тема использовалась в гравюрах одного из крупнейших немецких художников Альбрехта Дюрера (1471-1528). Интересно, что на шведской фреске показана «неканоническая» шахматная доска размером 5х7, но на картине конца XVIII в. «Портрет доктора де С., играющего в шахматы со Смертью» авторства французского художника Реми-Фюрси Декарсена (Descarsin; в журнале поправили на «Дескарсена», но скорее всего эта фамилия должна произноситься без «с», как Descarthes = Декарт. – В. Р.) она уже имеет современный вид. Доктор с картины улыбается, ибо, согласно авторскому описанию, спас пациента от своей соперницы.

Р.-Ф. Декарсен «Портрет доктора…» (примерно 1793 г.)

В позапрошлом веке популярным было произведение «Шахматисты» (1830-е гг.) немецкого художника Фридриха Августа Мориса Ретча. На той картине Человек играет с Дьяволом – не исключено, что за доской были показаны Фауст и Мефистофель. Весь антураж говорит о том, что от результата игры зависит нечто большее, чем судьба отдельного игрока.

Ф. Ретч «Шахматисты» (1830-е гг.)

Таким образом, В. Короткевич разработал сюжет, который много веков бродил в европейской культуры, но белорусский мастер слова сделал это оригинально, с вниманием и уважением к родным источникам. Кажется, никто до него в отечественной литературе, во всяком случае в советское время, не воспроизводил к примеру, древние названия шахматных фигур: ферзь – візір, пешка – латнік (правда, кароль, слон, конь, ладдзя остались в повести с привычными именами). Получилось произведение с глубокой верой в то, что человек – не пешка в игре высших сил. Не удивительно, что «Ладья Отчаяния» до сих пор ставится на театральной сцене, подталкивает творческих людей на поиски продолжения. Так, в 2010 г. поэт-сатирик Алесь Невесь написал фельетон, в котором В. Короткевич, находясь в Раю, сводит вничью партию с Богом (украв белую ладью) и отпрашивается на Землю, в Беларусь. Песня по мотивам «Ладьи Отчаяния» есть у гродненской группы «Dzieciuki»; шахматы играют в ней не последнюю роль, как и в мультипликационном клипе (2014), снятом на песню. А композитор Олег Ходоско недавно создал театральную музыку «Игра в шахматы со Смертью».

В 2015 г. – на юбилей Владимира Короткевича – группа белорусских литераторов, любителей шахмат, подписала петицию с просьбой назвать улицы в Минске и Рогачёве именем Гервасия Выливахи. Просьба пока не удовлетворена, но, возможно, всё ещё впереди.

Вольф РУБИНЧИК

Опубликовано 18.01.2020  11:40