Квартал Караткевіча, Мальдзіса

Выдатнага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча высока цанілі, cярод іншых, Вольф (Месінг) і Рубінчык (Валер). Ну, і я не мог не залезці ў пачэсную кампанію 😉

Праўду кажучы, у ХХ ст. мала быў знаёмы з творчасцю Караткевіча, дый нават фільм «Дзікае паляванне караля Стаха» паглядзеў ужо ў дарослым веку. Чытаў у школе «Былі ў мяне мядзведзі»; апавяданне пакінула свой след, але…

Мы «праходзілі» і «Каласы…»; у той час, на пачатку 1990-х, я не агораў раман да канца. Галоўныя творы пісьменніка дайшлі да мяне толькі ў апошнія гады ХХ ст., а яго біяграфія заінтрыгавала ўжо ў новым стагоддзі, калі я жыў на перыферыі – наводдаль ад «Караткевічавых» месцаў.

Сёлета, праз 20 год блуканняў па горадзе, вярнуўся ў Цэнтральны раён, на вуліцу Кахоўскую. Раптам ажыў успамін: Караткевіч згадваў суседні бульвар Шаўчэнкі! Зазірнуў у т. 8 Збору твораў (кн. 2; Мінск: Мастацкая літаратура, 1991, с. 423) – і насамрэч:

Мне шкада, напрыклад, што будоўлі пагубілі найбольшую і найцікавейшую ў Мінску і наваколлі ферму тлей, заведзеную мурашкамі-«жывёлагадоўцамі» (трохі не даязджаючы да павароткі аўтобуса № 38 з вул. Веры Харужай на бульвар Шаўчэнкі, на беразе ручаіны – Канавы). Надта цікавае жыццё там кіпела.

Гэта радкі з адказу Караткевіча на анкету, складзеную Т. Шамякінай у канцы 1970-х. А цяпер – фоткі з чэрвеня 2020 г.:

Від з вул. В. Харужай на вул. Гая. «Канава» была дзесьці справа (паміж Гая і Крапоткіна)

Аўтобус № 38 усё гэтак жа паварочвае на бульвар, як і паўстагоддзя таму…

 

Тарас Шаўчэнка на бульвары (фота справа) – не толькі назоў

Прыпомніўшы адну рэч, зусім лёгка было высветліць для сябе, што Караткевіч жыў недалёка ад вул. Кахоўскай, на якую выходзіць бульвар. У тым жа зборы твораў (цяпер і ў вікіпедыі) названы дакладны адрас – вуліца Веры Харужай, д. 48, кв. 26. А таксама час, калі Уладзімір Сямёныч і яго маці Надзея Васілеўна мелі кватэру ў гэтым доме (вясна 1967 г. – вясна 1973 гг.).

Шлях ад бульвара Шаўчэнкі да «дома Караткевіча». Па гэтай вуліцы я хадзіў яшчэ ў пачатку 1980-х, калі быў дзіцём… Але з класікам, на жаль, «размінуўся»: ён у 1973 г. разам з маці і жонкай пераехаў у самы цэнтр Мінска, на вул. К. Маркса, 36.

Лазня па вул. В. Харужай, 44, пабудаваная, як і ўвесь квартал, у 1960-х гг. Таксама бачыла Караткевіча! 🙂

Вул. В. Харужай, 46/1. У 1980–90-х гг. (наконт 1960–70-х не ўпэўнены) тут была някепская букіністычная крамка, дзе я купляў кнігі, пераважна шахматныя

Гэты ўчастак дарогі ад вул. В. Харужай да вул. П. Асіпенка раней менаваўся «Вадаправодны завулак» (не блытаць з тым, што між вуліцамі Арлоўскай і Шчадрына). Цяпер будынкі на ўчастку «расцягнуты» трыма вуліцамі, але адна шыльдачка са старой назвай усё ж захавалася 🙂

Перабіраемся цераз «Вадаправодны» у адстаўцы, і – вуаля, пяціпавярховы «дом Караткевіча»!

Выгляд з розных бакоў

Другі пад’езд, у якім 15 кватэр. № 26 – на 2-м паверсе; відаць і лоджыю, на якую выходзіў Караткевіч (тады яна, здаецца, была балконам).

Калі пашанцуе, то патрапіце ў пад’езд. Дзверы мяняліся, але прыступкі помняць крокі пісьменніка 🙂

Там, дзе была апошняя кватэра Ўладзімір-Сямёныча, даўно вісіць мемарыяльная шыльда, а на вул. Чарнышэўскага, 7 (першае жытло Караткевіча ў Мінску – 1963–67 гг.) і тут, на Веры Харужай, ніц няма. Журналісты газеты «Прессбол» рабілі ў 2013 годзе прапазіцыю… у фэйсбуку, г. зн. «на деревню дедушке». Сяргей Южык: «Крыўдна, што на доме няма нават памятнай таблічкі, прысвечанай Караткевічу, не кажучы пра нешта большае». Барыс Тасман: «Даеш мемарыяльную дошку на доме вялікага беларускага пісьменніка!» О так, даеш…

Суседні дом па цяперашнім адрасе «вул. В. Харужай, 46/2», пабудаваны ў 1958 г. На першым паверсе быў прадуктовы магазін, куды, безумоўна, заходзілі Караткевіч і яго сябры… Цяпер тутака рамонт

Гэты дом відаць і на здымку 1968 г., дзе Караткевіч – 2-і злева, Адам Мальдзіс – у цэнтры. Крыніца – сайт БІНІМ (але чаму адрас напісаны як «вул. Веры Харужай, 7», адзін БІНІМ ведае)

Дзіцячая пляцоўка і цяпер перад домам на В. Харужай, 48 – толькі выглядае іначай

А «элітны» дом № 48а з’явіўся ў нашым стагоддзі. У мінулым тут быў пункт прыёму шклатары – здаля чуўся перазвон пляшачак 🙂

«Караткевічаў дом» і 50 год таму абслугоўвала, і зараз абслугоўвае 68-е паштовае аддзяленнебул. Шаўчэнкі, 17

Ці добра пісьменніку жылося-працавалася ў раёне майго дзяцінства? Мяркую, няблага. Нябожчыка не запытаешся, але вось што засведчыў карэспандэнт газеты «Віцебскі рабочы» Б. Фірштэйн у 1972 г.:

Жаданне даведацца пра тое, над чым цяпер працуе Уладзімір Караткевіч, прывяло мяне на кватэру пісьменніка ў доме па вуліцы Веры Харужай у Мінску. На гэты раз, можна лічыць, пашанцавала — Уладзімір Сямёнавіч быў дома. Наогул жа застаць Караткевіча ў Мінску не проста. Зайздросны жыццёвы імпульс у гэтага чалавека — заўсёды ён у раз’ездах, у падарожжах: то цягне з рыбакамі сеткі на Дняпры, то едзе ў старажытны Вільнюс, сёння яго паклікала Украіна, заўтра — Далёкі Усход…

— Пасядзі, я зараз, — гаворыць Караткевіч, працягваючы нешта хутка пісаць. — Справа тэрміновая, а часу мала… Што ў рабоце і што задумана?.. Атрымаў сёння экземпляр «Чазеніі» на ўкраінскай мове. Выйшла яна ў Кіеўскім выдавецтве «Молодь». Праглядаў для аўтарызацыі рукапіс «Каласоў», які пераклала масквічка В. Н. Шчадрына — раман павінен выйсці ў выдавецтве «Советский писатель»… А вось гэта, — паказвае Уладзімір на незакончаны рукапіс, — новае апавяданне. Прысвечана яно дружбе народаў. Месца і час дзеяння — Кіеў, 1944 год…

Гаворка, відавочна, пра аповесць «Лісце каштанаў», завершаную ў кастрычніку 1972 г. Мо кварталы, прылеглыя да вул. В. Харужай, якраз і натхнілі майстра на гэтую аповесць? Бульвар Шаўчэнкі ёсць і ў Кіеве…

З таго, што казаў Адам Мальдзіс, таксама вынікае, што Караткевіч быў здаволены сваім новым жытлом, прынамсі на першым этапе:

У 1967 годзе Валодзю нарэшце выдзелілі двухпакаёвую кватэру на другім паверсе (з увагі на ўзрост маці) у пяціпавярховым панельным доме пад нумарам 48 на вуліцы Веры Харужай. Заехаўшы (усе мы дружна памагалі яму пакаваць і цягаць кнігі), ён цешыўся, што побач — Старажоўскі рынак, дзе па нядзелях чулася сакавітая вясковая гаворка, прадавалі пеўняў, сабак і нават коней, а за ім — Камсамольскае возера. Перажываў, што я застаюся ў інтэрнаце.

— Нічога, стары, — суцяшаў, выйшаўшы на балкон. І тыцнуў пальцам у недабудаваныя дамы насупраць: — Во добра было б, каб табе далі вось там.

Сваё прадбачанне ён разглядаў як рэальнасць і нават прапанаваў «за адным заходам» купіць аднолькавыя кніжныя стэлажы:

— Складзеш пакуль што ў мяне. А пераносіць будзе недалёка, пабачыш.

І якое было наша ўсеагульнае здзіўленне, калі восенню таго ж года мне сапраўды выдзелілі кватэру ў адным з дамоў насупраць. Мы сталі часцей бываць адзін у аднаго. Пакуль не было тэлефонаў, «пераміргваліся» настольнымі лямпамі.

Адам Іосіфавіч атрымаў кватэру па вул. Чарвякова, 18, на першым паверсе. Таксама ў год пабудовы дома – 1967.

У 2020 г. раён бульвара Шаўчэнкі шчыльна забудаваны з усіх бакоў, у т. л. «элітнымі» гмахамі. А ў канцы 1960-х – пачатку 1970-х гэта была ледзь не ўскраіна горада. Недалёка стаялі двухпавярховыя баракі і аднапавярховыя прыватныя дамкі.

Нават у 1990-х на вуліцы Кахоўскай паміж Смаргоўскім трактам і бульварам Шаўчэнкі (здымак 2020 г.) цокалі коні, запрэжаныя ў вазы

У кватэры на Веры Харужай гасцявалі ў Караткевіча розныя славутасці (напрыклад, паэты Рыгор Барадулін, Сяргей Панізнік, літаратуразнавец Генадзь Кісялёў…). Сюды ж пісьменнік у 1971 г. прывёў сваю жонку Валянціну. А. Мальдзіс:

Нарэшце 18 лютага 1971 года, роўна ў 110 гадавіну адмены прыгоннага права, адбыўся іх шлюб.

Сялян вызвалілі, а мяне, стойкага ворага ўсялякага прыгону, звязалі путамі Гіменея, — жартаваў Валодзя, ідучы ў загс, размешчаны ў суседнім доме.

А дзе знаходзіўся той ЗАГС Цэнтральнага раёна? Дапамагла з інфой маці… якая ў 1977 г. паведамляла там пра маё нараджэнне 🙂 Адрас – вул. В. Харужай, 42, уваход з двара.

З 1980-х няма тут ЗАГСа, ён пераехаў у Траецкае прадмесце. І ўсё адно прыемна думаць пра супольныя з У. Караткевічам сцежкі 🙂

Дом і пад’езд А. Мальдзіса

Прафесару цяпер 88-ы год, яму цяжка пакідаць кватэру (фота адсюль)

Месца, дзе жыў Караткевіч, на сучаснай карце Мінска я пазначыў чырвонай птушачкай; меркаванае знаходжанне «фермы тлей» – пытальнікам; А. Мальдзіс жыве акурат там, дзе чытаецца слова «Такси»; былы ЗАГС пазначаны чырвоным кружком, лазня – гэта «Баня» 🙂

Cёлета, праз 5 месяцаў ужо, – 90 год з дня нараджэння У. С. Караткевіча. Ён не толькі мой, ён «усіхні». Ясна, многім зараз не да культурніцкіх ініцыятыў, але быў бы рады пачуць ад чытачоў, што варта зрабіць для памяці пра пісьменніка ў (ня)сціплым мінскім квартале недалёка ад Камароўкі – цягам гэтых месяцаў і ў лістападзе 2020 г. Перформанс?

(спадзяюся, што працяг будзе)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

26.06.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 27.06.2020  14:53