Tag Archives: столинская синагога

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (102)

Шараговы шалом ад дзяжурнага мізантраполага! Працягваем размову пра дасягненні краіны ў эпоху незалежнасці (з канца 1991 г.). Як я мог забыцца, што Беларусь зрабілася касмічнай дзяржавай? 🙂 Штопраўда, энтузіязм улетку 2012 г., калі з Байканура стартаваў беларускі спадарожнік «БелКА», не параўнаць ні з 1957 г., ні з 1961 г. Мабыць, таму, што цяпер нікога не здзівіш і запускам на арбіту жывых чалавекаў… І ўсё ж – прыемна, хоць даходы ад нацыянальнага касмічнага праекта даволі сціплыя.

Папярэдняя серыя «Катлет…» заахвоціла жыхара Мінска, кіна- і меламана Пятра Рэзванава ўспомніць нешта сваё, дапоўніць мае развагі пра эрозію правінцыйнасці ў Беларусі, паспрачацца… Далей прывяду колькі ўрыўкаў з яго лістоў і свае каменты (курсівам):

П. Р.: У чым я адчуваў правінцыйнасць Мінску «за саветамі»? Глядзіш навіны («Время» – іншых не было) – і там час ад часу паведамлялася пра гастролі «буржуйскіх зорак». І дзе гэтыя гастролі адбываліся?.. Масква-Ленінград-Кіеў-Тбілісі. Мінск быў «як выкляты Богам» (што праўда, маці ўспамінала, як у 1960-я выступаў у Палацы спорту нехта з сусветна вядомых джазменаў, але гэта – выключэнне, якое толькі пацвярджала правіла). Так, за гады незалежнасці Мінск стаў наведвацца больш актыўна, але ж… У 2008 г. Паці Сміт даехала да Казані, але да Мінска – не. Так што па гэтай прыкмеце Мінск – большая правінцыя, чым Казань (і гэта пры тым, што ў тыя гады іх чыгуначны вакзал не працаваў у рэжыме 24/7, а закрываўся на ноч).

Тут я дадаў бы, што насамрэч у Беларусь часоў незалежнасці прыязджала мноства замежных «зорак». Узяць хаця б Мансерат Кабалье, якая ўвесну 1996 г. дала канцэрт у Мінску; у 2010 і 2017 гг. былі тут «Smokie», у 2011 г. – «Roxette», у 2012-2013 і 2015 гг. – «Scorpions» («Мінск-Арэна» агулам не пустуе), любіць завітваць да нас «мадмуазэль-блюз» Патрысія Каас, etc. Выглядае, аматараў джазу ў нас таксама не крыўдзяць.

П. Р.: Агулам, правінцыйнасць і поспехі – рэчы, якія не выключаюць адна адну (калі даць веры Музею гісторыі беларускага кіно, у савецкі час «Беларусьфільм» атрымліваў больш кінапрэмій, чым зараз). Тыя, хто ведаюць пра «World of Tanks» (не толькі тыя, хто ў яе гуляюць), ведаюць, што яна зроблена ў Беларусі, але ці дастаткова гэта, каб пазбавіцца адчування правінцыйнасці?

Так, асобны поспех – нават гучны, як «World of Tanks» – мала ўплывае на рэпутацыю краіны, але здольнасць мультыплікаваць удалыя праекты ўжо пра нешта гаворыць… І прымушае верыць у тое, што Беларусь – не на задворках цывілізацыі.

З іншага боку, той жа Парк высокіх тэхналогій з усімі яго суперідэямі і «раскруткай» у медыяпрасторы, у т. л. замежнай, застаецца ў падважаным стане, калі ў РБ няма павагі да прынцыпаў прававой дзяржавы. Пісаў пра гэта крыху больш за год таму – што ж, не грэх і паўтарыць.

П. Р. За гады незалежнасці шмат было чаго, што з’яўлялася, потым знікала альбо псавалася (была газета «Навінкі» знікла; былі кінапаказы, якія рабілі пасольствы спіс пасольстваў амаль цалкам змяніўся, дый інтэнсіўнасць паменела; была «Наша ніва» сапсавалася; быў «Рок па вакацыях» спачатку стаў платным, зараз, здаецца, знік; магу і ваш «МЯТ!» у гэтым шэрагу ўзгадаць).

А па-мойму, спыненне культурніцкіх ініцыятыў, як бы яно ні пякло аўтарам & аўдыторыі ў канкрэтны момант – нармальная з’ява, яно якраз можа сведчыць, што «культурка» развіваецца. Пра гурт «Серебряная свадьба», які трансфармаваўся ў «мікракабарэ», гаварылася ў 101-й серыі. Тыя ж «Навінкі» пасля калапсу 2003 г. не ўмёрлі, а перайшлі ў іншую форму – сябры рэдакцыі ўзяліся здымаць і агучваць кіно, прасоўваць свае ідэі ў іншых перыёдыках… Бюлетэнь «МЯТ!» («Мы яшчэ тут!») спыніў выхад у 2009 г., але праз шэсць год з’явілася яго «рэінкарнацыя» – не менш разняволеныя «Катлеты & мухі». Ну і г. д. Галоўнае, творцаў у нас не адстрэльваюць, даволі рэдка садзяць за краты – дзякуй і за тое :))

П. Р.: У менчукоў цягам 1990–2010-х гадоў, напэўна, паменела правінцыйнасці ў галовах. Але што тычыцца «правінцыі правінцыі», якая адначасова «цэнтр Еўропы»… Калі ў 2013 г. я заблукаў і ў палескіх балотах мяне здымалі з дрэва, размаўляў са столінскім міліцыянтам. Ён у мяне пытае: чаго я на Століншчыне шукаў? Я яму адказваю, што вырашыў паглядзець на помнікі гісторыі і культуры. Ён: «І якія ж у нас помнікі?..» Я яму пералічваю тое, што засталося, у тым ліку і сінагогу. – «Так! Яна ў нас знаная! Толькі недзе ў Штатах ёсць яшчэ адна такая ж!..» Ці трэба ўдакладняць, што гонар жыхароў за ўнікальнасць сінагогі ніяк не перашкаджае ёй разбурацца…

Мажліва, тут не ў правінцыйнасці справа, а ў недасканаласці законаў (напрыклад, тых, дзе гаворыцца пра вяртанне маёмасці ды пра спонсарскую дапамогу) і ў няўменні дамаўляцца, характэрным таксама для многіх жыхароў сталіцы. Іначай кажучы, атамізацыя грамадства не прыяе выбудове адносін на гарызантальным узроўні… Разам з тым і на перыферыі Беларусі ёсць месцы, дзе ў той ці іншай ступені дбаюць пра яўрэйскую спадчыну. Часам гэта тлумачыцца палітычнай падкладкай (Вішнева – радзіма Шымона Пераса, Моталь з мітуснёй вакол дома Вейцманаў), часам – наяўнасцю «крытычнай масы» мясцовых энтузіястаў (Наваградак з яго музейшчыкамі, якія «раскручвалі» гісторыю гета задоўга да таго, як нашчадак мясцовых яўрэяў Джарэд Кушнер стаў зяцем Дональда Трампа; Камаі, дзе ксёндз Яцак у пачатку 2010-х пры ўдзеле нашага пільнага чытача д-ра Юрася Гарбінскага намовіў сваіх парафіян і райвыканкам упарадкаваць яўрэйскія могілкі, Краснае на Маладзечаншчыне, дзе рупліва збіраюць звесткі пра Катастрофу і гераізм мясцовых яўрэяў)…

П. Рэзванаў (фота з brestnet.com) i рэшткі столінскай сінагогі (vetliva.ru)

П. Р.: Метро я па савецкай звычцы амаль не карыстаюся, але ёсць шмат кропак у горадзе, між якімі раней можна было ездзіць без перасадак, а цяпер – не. Так што мінскі гарадскі транспарт для мяне ў поспехі не ўваходзіць.

Вядома, транспартнае сеціва не ідэальнае ні ў Мінску, ні ў Беларусі ўвогуле, i тым не меней… Развіццё метро і сістэмы маршрутак, пры ўсіх недахопах, па-мойму, значна палепшыла зносіны паміж перыферыйнымі раёнамі сталіцы (напрыклад, Кунцаўшчынай на Захадзе і Уруччам на Усходзе). Адносным поспехам лічу і тое, што на многіх прыпынках Мінска ў апошнія гады з’явіліся электронныя табло, якія паказваюць, колькі мінут засталося да прыезду наступнага аўтобуса/тралейбуса.

* * *

Расказанае ў гэтай і папярэдняй серыях не стыкуецца з тэзісам аднэй нобелеўскай лаўрэаткі аб тым, што Беларусь-2018 (у параўнанні з Расіяй) – «увогуле музей мінулага». Як мінімум у нас тут некалькі музеяў, дзе не толькі пра мінуўшчыну 🙂 І барацьба з камунізмам, якую па-ранейшаму прапагандуе пісьменніца, выглядае ў 2019 г… несамавіта. Ужо тры гады таму сумняваўся ў памыснасці гэткай «барацьбы».

«Жалезнай заслоны» даўно няма. Не адно дзесяцігоддзе беларусы маюць доступ да велізарнага аб’ёму інфармацыі ды адносна вольна перасякаюць межы Беларусі ў розных напрамках. Аднак палітычны лад астаецца аўтарытарным, і маральны клімат у нас пакідае жадаць лепшага. Парадокс? Напэўна, не, калі ведаць, што дэмакратыя і «еўрапейскія каштоўнасці» з канца 1990-х губляюць свой уплыў у свеце, а кітайская мадэль («эканоміка і тэхналогіі найперш, правы чалавека – хімера») усё часцей лічыцца легітымнай. Нават паўночнакарэйскага лідэра прэзідэнт «галоўнай дэмакратычнай краіны сусвету» пахваліў надоечы. Таму не будзе плёну ад пафасных зваротаў кшталту гэтага, складзенага ў студзені Бернарам-Анры Леві і падпісанага Святланай Алексіевіч, Давідам Гросманам, інш. Папулісты атакуюць «дух Еўропы»? Такой бяды: галоўнае – самім не быць папулістамі й дэмагогамі. Баюся, з развагамі пра белграмадства («з намі можна зрабіць усё») і пра леташняе святкаванне юбілею БНР («Які сэнс, як Статкевіч, выбегчы, пагукаць “далоў Лукашэнку”, яго схапілі, і ўсё. А маладыя рабяты арганізавалі, людзі выйшлі, слухалі беларускія песні, куплялі беларускія кнігі») тэст на антыпапулізм быў бы завалены…

Зрэшты, аднаўленне працы ў Мінску інтэлектуальнага клуба (апошні раз збіраўся ў канцы 2017 г.), калі яно ўсё ж адбудзецца ў сакавіку 2019 г., – справа памысная. Святлана Аляксандраўна анансавала прыезд «іншапланетніка» Тымаці Снайдэра… ну, яго хоць на беларускую мову перакладалі, ахвотным будзе аб чым паспрачацца.

Даступнасць кніг, сярод іншага – пра яўрэяў і Ізраіль, напэўна, хутчэй дасягненне, чым не. Чытаць можна хоць «Шолахава-Алейхема», хоць Хаіма Нахмана Бяліка, хоць Керэта нашага Этгара – і па-руску, і па-беларуску… Іншая справа, што попыт на секулярныя «яўрэйскія» тэксты ў параўнанні з 1980-мі (і нават 1990-мі) падупаў.

Ізраільскі павільён на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, 07.02.2019.

Няпроста цяпер залічыць беларускіх яўрэяў у «народ Кнігі». Затое можам лётаць у Ізраіль без візы, як і іншыя грамадзяне РБ, дый родзічам-сябрам, якія наведваюцца ў Беларусь, з канца 2015 г. віза не патрэбна. Няма гарантыі, што брамы «Бен-Гурыёна» і аэрапорта «Мінск» будуць гасцінна расчынены, але ў Ізраіля з Украінай, пішуць, узаемаабмен турыстамі яшчэ больш рызыкоўны…

* * *

У краіне – чарговая разня, гэтым разам у стаўбцоўскай школе № 2. Нічога лепшага зараз не прыдумаю, чым спаслацца на свой тэкст 2016 г., напісаны пасля нападу хлопца з бензапілой на жанчын у гандлёвым цэнтры: «Да сучаснага свету многім насамрэч цяжка адаптавацца, і ў раннім папярэджанні ўнутраных збояў маглі б дапамагчы ўмелыя псіхолагі, а іх заўсягды не хапала… Беларусі нагвалт патрэбен самавіты Інстытут псіхалогіі». Хіба дадам: такі інстытут, супрацоўнікі якога ўмелі б давесці urbi et orbi, што кансультацыя – гэта не страшна, пасля яе не адправяць у спецустанову. А наводзіць у школах «жалезную дысцыпліну», як прапануе «галоўны педагог усёй Беларусі», – не выйсце. І без панукванняў навучальныя ўстановы за металічнымі плотамі ўжо гадоў 5-6 таму пачалі нагадваць казармы, дый выклікі міліцыі ў школы – даўнавата не рэдкасць.

12.02.2019, назаўтра пасля трагедыі ў Стоўбцах (у Жабінцы, выяўляецца, школьнік таксама махаў нажом), прэс-сакратарка мінадукацыі заявіла, што «ва ўстановах адукацыі будзе ўзмоцнена работа школьных псіхолагаў». Цікава, а якой часткай цела цягам двух гадоў думаў міністр, якога прызначылі ў снежні 2016 г.? Даўмеўся ж узяць у штат Андрушу Л. – прапагандыста, схільнага да плагіяту

9 лютага памёр Сямён Домаш (1950–2019), які ў 2001 г. прэтэндаваў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Шансаў у адстаўнога гродзенскага чыноўніка і дэпутата Вярхоўнага Савета, насупор таму, што цяпер пішуць, практычна не было – хаця б таму, што вакол яго сабралося замала прафесіяналаў, але замнога маніпулятараў, якія палітыку ператваралі ў дробны «бізнэс». Зараз гэта бачыцца ясна: куды можна было прыйсці з такім начальнікам штаба, як Аляксандр М., з такімі «іміджмэйкерамі», як Юрый Х. і нашанівіцы начальнік… Дзіва што пасля 2002 г. Домаш адышоў быў ад «апазіцыі», дый нават ад грамадскай дзейнасці, а ў пачатку 2006 г. яго паставілі загадваць дзяржаўным заводам. R. I. P.

«Вольфаў цытатнік»

«Мы ведаем, што асобныя людзі паддаюцца выхаванню, але чалавецтва ў цэлым – не. Чароўны парадокс існавання заключаецца ў тым, што мы, ведаючы, што чалавецтва не паддаецца выхаванню, павінны жыць так, як быццам яно паддаецца. Іначай надыдзе хаос». (Фазіль Іскандэр, 2011)

«Прынцыпы — часцяком толькі спосаб эканоміць разумовую энэргію» (Віктар Голышаў, 26.04.2017)

«Калі ты становішся папулярным, то пачынаеш трансляваць штосьці публіцы, падстройваючыся пад яе. Даеш тое, чаго ад цябе чакаюць, а не тое, што ты хочаш сказаць» (Ганна Жданава, 11.02.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

14.02.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 14.02.2019  20:40

***

Пiша Валерыя Папова:

Сення абмяркоўваюць жудаснае здарэнне ў Стоўбцах : у СШ №2 11 лютага 8.00 10-класнік забіў насмерць нажом настаўніцу гісторыі і вучня старэйшага класа — абое хутка сцяклі крывею і памерлі. Пацярпелі ад яго яшчэ два вучні — ў цяжкім стане канаюць ў шпіталі. Пакуль усе абставіны высвятляецца і апытваюцца сведкі. Мае меркаванне як настаўніцы і  педагога : як кірауніцтва сш загадзя не высветліла і ” не заўважыла ” такога навучэнца , холаднакроўнага забойцу, які амаль прафесійна заперыраваў нажом і смеючыся збег ? Педкалектыў мусілі заўважыць па паводзінах і учынках заўважыць і адлучыць з дзіцячага калектыва, бо такіх заўседы бачна , нават калі салідна апрануты. Як так ? Хто павінен?

Загінуў такі прыгожы хлопец , прыемны і разумны твар, патрыет, добра вучыўся, А настаўніца гісторыі была ведала свой прадмет , чуллівая. У яе засталася адна дачка Насця Сем”ям пацярпеўшых адкрыт лік , арганізавана дапамога. Я лічу : вінавата дырэктарка сш №2 , бо не магло быць без скаргаў на такога вучня ад аднакласнікаў ці ад тех.персанала. Напэўна звярталіся і да псіхолага і сац.педагога, кл.кіраўніка, але ж калі дырэктар адказала калегам : ен усе роўна будзе вучыцца , што бы ні здарылася. Вось і дагуляліся. Пішуць, крымінальным доследам па справе заняты прававеды, прыложаць намаганні каб адвярнуць ад версіі ” беларусафобіі” і палітычных матыаў, таму што загінуўшы добра размаўляў па- беларуску і насіў адзежу с сімволікай “Пагоня”. Так , вядома намагаюцца замяць справу. Але ж каму выгодна, хто павінен ? Мяркую: следы злачынства прывядуць у адміністрацыю сп А Лукашэнка, які чыніць крымінальны пераслед усім , хто на баку незалежнай Беларусі. Час збіраць подпісы супраць дыктатарскага рэжыму і выказаць недавер урадцам, пазбавіць недакранальнасці. Бо шмат нераскрытых крымінальных спраў аб забойствах , а злодзеі разгульваюць на волі і пры грошах !

15.02.2019  17:40