Tag Archives: ансамбль «Бейт-Шемеш»

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (82)

Самы літвацкі шалом! Няшмат прычын для радасці, але і сумаваць праз тры гады пасля выхаду першай серыі «Катлет & мух» не дужа сумую. Пакуль што «сябры ў цывільным» не замінаюць назіраць за падзеямі, дзякуй і за тое.

Масавыя затрыманні журналістаў на пачатку жніўня ўварваліся ў найноўшую гісторыю. Адмысловую пікантнасць надало ім тое, што ўсё адбылося пасля скаргі «тожа-журналісткі» – дырэктаркі дзяржаўнага інфармагенцтва Ірыны А., 1974 г. нар. Зрэшты, Ірына – толькі пешка ў гэтай камбінацыі-«шматхадовачцы», як пешкай выявілася экс-міністарка інфармацыі імем Лілія ў «справе рэгнумаўцаў» напрыканцы 2016 г.

Многа пра «наезды» на tut.by (адразу аднавіліся жарты пра «нармалізацыю» Зісера), «БелaПАН», офісы дзяржаўнай (!) газеты «Культура», падуладнага выдавецтва «Беларуская навука», etc., казаць не буду. Хіба тое, што вірус істэрычных празмерных рэакцый (ВІПР) па-ранейшаму гуляе ў грамадстве, асабліва ў асяроддзях ідэолагаў і «сілавікоў». З другога боку, дзеянні апошніх па-свойму лагічныя: cпецыяльна навучаныя следчыя з дробных памылак, якія здараюцца ў кожнага, здольныя раздзьмуць цэлую справу… Як мінімум на штраф для падследнага; штрафы ж, натуральна, папаўняюць не толькі дзяржбюджэт, а і прэміяльны фонд «асабовага складу» таксама.

Засмуціўся пасля смерці 46-гадовага музыкі Аляксандра Кулінковіча (не сустракаўся, але былі агульныя знаёмыя, дый які ўзрост!..). А яшчэ – пасля таго, як убачыў рэпліку, што пакінуў у пэйсбуку 1 жніўня Сяргейка Валенка. Прозвішча яго я крыху змяніў, бо раптам гэты чэл перадумае, ці перадумаў ужо?.. Раней-то ён лазіў са сцягам на дрэвы і лічыўся ледзь не тварам беларускага супраціву; у 2012 г. Павел Касцюкевіч, атрымаўшы літпрэмію, заявіў, што частку яе перадаe самаахвярнаму віцьбічу.

Папраўдзе, не здзіўлены (раней пісаў пра Дзяніса У. з Лагойска ды іншых). Тут яшчэ такое… У тутэйшай «апазіцыі» па-ранейшаму вядзе рэй «правіца», занадта залежная ад павеваў з Украіны і Польшчы. Краін, дзе аматары монаэтнічнасці любяць кідацца ксенафобскімі лозунгамі (у т. л. пра «жыдакамуну»), а часам пераходзяць ад слоў да справы.

Тым часам «сматрашчая» адміністрацыі прэзідэнта Наталля К. села на свайго ўлюбёнага коніка і зноў параўнала дзяржаву з сям’ёй (прыпамінаю гэтае ейнае параўнанне з 2017 г., калі набягалі пратэсты супраць «антыдармаедскага» дэкрэта № 3). Сям’я, маўляў, перажывае розныя перыяды, але ў выніку робіцца толькі мацнейшая.

Паралель няўдалая хаця б таму, што ў Беларусі палова шлюбаў распадаюцца… Дзяржава ж не можа сабе дазволіць рызыку існавання «фіфці-фіфці». Ну і «сямейная», патрыярхальная або матрыярхальная рыторыка, зараз выглядае як локшыны на вушы («трэба пацярпець», «сцярпіцца-злюбіцца», а там і да «б’е – значыць, любіць» недалёка), што цынічна вешаюцца носьбітам старамодных узораў палітычнай культуры. Але чаму «выглядае»? Так і ёсць.

Верхавіна чынавенства, да якой належыць сама Ната К., даўно будуе дзяржаву на манер карпарацыі з велізарнымі бонусамі «менеджменту» і бязлітаснай, як правіла, эксплуатацыяй нізавых работнікаў. «Сям’я» ў гэтым кантэксце шануецца толькі адна, і ўсе ведаюць яе прозвішча. Як слушна заўважаў Ігар Аліневіч гадоў 6 таму: «На чале карпарацыі стаіць савет дырэктароў з міністраў і кіраўнікоў камітэтаў пры Савеце міністраў. Яны – не гаспадары, а ўсяго толькі топ-менеджэры. Любы з іх заўтра можа апынуцца нікім… Людзі для карпарацыі – расходны матэрыял. Заўсёды знойдзецца патрэбная колькасць беспрынцыповых кар’ерыстаў, гатовых па касцях лезці ўверх і папоўніць кіруючы клас, атрымаўшы для гэтага неабходную адукацыю і адмовіўшыся ад сумлення. Астатнія хай дэградуюць, эмігруюць…».

Насамрэч, вядома, дзяржава мае быць не «сям’ёй» і не карпарацыяй, у якіх выбары – толькі фікцыя, а саюзам вольных аратых грамадзян. З іншага боку, дзе такіх набрацца пасля дзесяцігоддзяў дэкадансу? Шчэ ў 1990-х гадах Фелікс Баторын напісаў песімістычны вершык: «Мітусімся, а карысці / Бы камарык той натоўк / Мо хто кімсьці й быў калісьці / Ды сягоння мы натоўп». Канчаецца ж ён так: «Грамадзяне, грамадзяне, / Дзе знайсці нам грамадзян?»

Тэстам на грамадзянскую спеласць для членаў адной (але прыкметнай – у ёй амаль 2000 членаў) грамадскай арганізацыі можа стаць абуральная гісторыя з брэсцкім трэнерам Уладзіславам Каташуком. Маю на ўвазе Беларускую федэрацыю шахмат і рашэнне яе выканаўчага камітэта ад 30.07.2018 аб выключэнні Каташука з БФШ. У адрасе старонкі з рашэннем «1934», дык мне адразу падалося, што яно было прынятае ў сталінскім 1934 годзе… («няма чалавека – няма праблемы» (С))

Cп. Каташук, ураджэнец Лунінца, яшчэ ў юнацкія гады праславіўся як шахматны кампазітар, а цяпер – ужо звыш 20 гадоў, з падачы Уладзіміра Шапіры – паспяхова займаецца педагогікай. Быў лепшым трэнерам Беларусі 2009 г. паводле версіі сайта БФШ. Напэўна, адзіны ў краіне, хто пісаў сатырычныя казачкі пра людзей шахмат. Чалавек няпросты і канфліктны; тым не менш у 2017 г. «дружны калектыў» абраў яго старшынёй Брэсцкай гарадской шахматнай федэрацыі.

У сярэдзіне ліпеня актывіст на сваёй інтэрнэт-старонцы, што існуе з 2006 г., раскрытыкаваў сістэму адбору на дзіцячыя першынствы за мяжой. Крыху пазней зачапіў і старшыньку БФШ, выбраную летась не без удзелу высокіх чыноўнікаў. Рэакцыя была хуткая… Каташуку нават не далі магчымасці абараніць сябе на тым ганебным пасяджэнні выканкама.

Некалі я думаў, што лозунг ФІДЭ «Gens una sumus» перакладаецца як «Мы – адна сям’я». Толькі нядаўна даведаўся, што «gens» значыць хутчэй «племя» (!). Увосень будуць выбары ў ФІДЭ; трэба спадзявацца, што новы прэзідэнт памяняе дэвіз, бо «як карабель назавеш, так ён і паплыве». Апошнім часам у Сусветнай шахматнай федэрацыі і многіх нацыянальных норавы сапраўды характэрныя, хутчэй, для першабытнаабшчыннага ладу, і «непаліткарэктная» казачка пра неграў і белага па сутнасці дакладна перадае ўзровень каляшахматных дачыненняў.

Трохі крыўдна ад таго, што кіраўнічка БФШ (следам за кіраўніком ЗША, што так сабе апраўданне) блытае прыватнае і грамадскае… З уласнай школы шахмат яна магла б «папрасіць» трэнера, а з грамадскай суполкай не ўсё так проста. Адэкватным адказам было б не выбіраць Каташука ў выканкам і/або апублікаваць пра яго фельетон у сваіх «Адкрытых шахматах», тыпу гэтага (гл. рэпліку пра «жоўтую лавачку»). Але ВІПР – ён заразлівы. Да яго дадалася і лалітыка, прыкрыццё сваіх адыёзных крокаў інтарэсамі дзяцей.

Зараз найбольш цікавіць тое, які адпор свавольству выканкама дадуць аўтарытэтныя трэнеры і людзі шахмат (большасць іх, адрозна ад мяне, уваходзіць у федэрацыю). Cарокінская спроба маргіналізаваць аўтара «Брэсцкіх шахмат» («Гэта асабістае меркаванне аднаго канкрэтнага чалавека») «накрылася медным тазам»: Каташука ў той ці іншай ступені падтрымалі cтаршы трэнер Гродзенскай вобласці Раман Дабкус, яго вопытны калега з Пінска Валерый Мандроўскі, магілёўскі «грос» Сяргей Каспараў… А вось як выказаўся 09.08.2018 гросмайстар ІКЧФ, міжнародны арбітр, трэнер з мінскай СДЮШАР-11 Дзмітрый Лыбін: «Відавочны пераслед за крытыку. Я па тэлефоне сказаў Сарокінай, што калі так, то трэба выключаць і мяне, і ўсіх іншых незадаволеных дзейнасцю іх “Трэнерскага савета”, які ўсё часцей ігнаруе прынцыпы спартыўнага адбору. Гэта пачалося не сёння і не ўчора… На жаль, у БФШ ёсць шматгадовы галоўны прынцып – “Я Мачалаў, ты дурак”». Нагадаю, майстар Яўген Мачалаў, 1951 г. нар., былы дзяржтрэнер па шахматах, а цяпер старшыня трэнерскага савета БФШ – той чалавек, які настояў, каб у 2004 г. на сусветную Алімпіяду не ўзялі майстра Андрэя Малюша, дарма што Малюш меў права быць на спаборніцтвах як чэмпіён Беларусі. У 2008 г. сп. Яўген разам з іншымі чыноўнікамі ад спорту падпісаў адкрыты ліст да начальства супраць недзяржаўнай спартыўнай газеты «Прессбол» – на шчасце, праз гэтую цыдулу яе не закрылі.

 

На фота з twitter.com, шахматистам.рф і superproblem.ru: Н. Сарокіна, Я. Мачалаў, Ул. Каташук

Я распісаў «прыватны» выпадак таму, што ў ім, як у кроплі, адбіваецца стаўленне істэблішменту да тых, хто жадаў бы штосьці ўдасканаліць… Удасца адмяніць (або прынамсі змякчыць) рашэнне ад 30.07.2018 – значыць, з’явіцца шанс на лепшае ў спартовай галіне, дзе Нацыянальны алімпійскі камітэт ужо звыш 20 гадоў узначальвае чалавек, падобны да прэзідэнта. Вясна 2018 г., у прынцыпе, нават яго прыхільнікам паказала, што дакіраваўся, і ўсё ж на заржавелым маторы, з «выдатна» адрамантаваным у 2012–2018 гг. стадыёнам «Дынама», «мы едзем уперад», да Еўрапейскіх гульняў чэрвеня 2019 г.

Афіцыйная старонка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама, 10.08.2018. Інфа пра шахматы састарэла на 5 гадоў; ніхто (!) з пералічаных асоб ужо не займае названыя пасады, а БФШ перабралася ў офіс «Школы шахмат».

Пакуль што, на жаль, «шэрыя пачынаюць і выйграюць» не толькі ў шахматах, футболе, хакеі… Напрыклад, як адбіраліся кандыдаты ад Беларусі на «Еўрабачанне» – асобная песня.

Няйначай чалавекі ў футаралах «папрасілі» выправіць кур’ёзны надпіс на роварнай краме («Велописеды»), адзначаны мной тут, – цяпер там, на вул. Дуніна-Марцінкевіча, 3, проста «Viva Rovar». Пару гадоў таму «чапляла» неардынарная выява на дзіцячай бібліятэцы № 12 – страшылкі з мультфільмаў вабілі: «Чытаеш? Тады ідзі да нас». Яна пратрымалася некалькі месяцаў; потым, пэўна, каб «дзеці не плакалі», смешных пачвар замянілі на хлопчыка і дзяўчынку ў знаёмым саладжавым стылі. Цяпер во дыскусійны мурал на Варанянскага знішчаны…

Кожны з эпізодаў паасобку – драбяза, а ў спалучэнні яны прыводзяць да таго, што маладыя-таленавітыя адсюль уцякаюць. Замест іх у Беларусь трапляюць тыя, чые поспехі, кажучы лагодна, засталіся ва ўспамінах. Дыега Марадона, толькі-толькі прызначаны ў брэсцкі футбольны клуб, ужо запляміўся мінімум двойчы: «тэндэнцыя, аднака».

Куток пазітываў. Адкрылася ў Мінску доўгачаканая выстава Меера Аксельрода, 15 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі намячаецца вернісаж Ізраіля Басава. На «Славянскім базары» ў Віцебску, дзейкаюць, няблага выступілі ізраільцы з шоу-балета «Візаві», ансамбля саксафаністаў «Бэйт-Шэмеш» і гурта «Gefilte Drive». Шчыра кажучы, знаёмы толькі з творчасцю апошняга калектыва: такі ёсць там «амаль панкаўская адэская бесшабашнасць».

«Вольфаў цытатнік»

«Наша краіна – гэта краіна аксіём. Бескарысна даказваць, усё ўжо даказалі. А Украіна – вотчына тэарэм». «Мужчына абавязаны быць цвёрдым або павінен лячыцца. Каб не ганьбіць вечныя каштоўнасці, завешчаныя нам правадырамі і сняданкамі турыстаў». (Аляксандр Кулінковіч, 2007, 2008).

«Наша дзяржава не забойца. Як забойца наша дзяржава паводзіла сябе пры таварышу Сталіну. Зараз наша дзяржава – хуліган.

Як паводзяць сябе хуліганы? Паказальна па-хамску, іхнія паводзіны задзірліваабсурдныя. Яны могуць вас пабіць, абакрасці. Хуліганы часта бываюць насмешлівыя, ім важна не проста прычыніць вам боль – ім важна вас прынізіць…

Карная сістэма дакладна ўлавіла дух эпохі – дух хуліганства. Ім трэба здзеквацца з вас – таму ў любы момант да любога з вас могуць прыйсці і пасадзіць за якуюсьці карцінку, якую вы нават не помніце» (Антон Арэх, 09.08.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

10.08.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 10.08.2018  19:04