From Israel to Australia. About Jews and everything else / מישראל לאוסטרליה. על היהודים ועל כל דבר אחר / От Израиля до Австралии. О евреях и обо всем на свете / Ад Iзраiля да Аўстралii. Аб яўрэях i ўсiм на свеце / Від Ізраїлю до Австралії. Про євреїв і все на світі
Па-першае, мясціны, дзе бываў не раз і ў якія хацеў бы вярнуцца…(Шчучыншчына тут не згаданая – яна па-за канкурэнцыяй!)
Магілёў, жнівень 2014
Пінск, кастрычнік 2016
Гродна, кастрычнік 2018
Шмат дзе яшчэ хацеў бы пабываць, але ў 2020-м было амаль не да вандровак. Ніжэй вы знойдзеце суб’ектыўную падборку здымкаў з двух беларускіх гарадоў, пераважна з Мінска.
У Барысаве, 02.02.2020. Абмінуць такое дзіва ніяк не мог…
Прасп. Рэвалюцыі
На вул. ІІІ Інтэрнацыянала (!)
Дворык у старой частцы Барысава
Паэтка Ната Голава і каваль Алесь Панцялей у барысаўскім Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі
З Юрам Тэперам каля яго дома па вул. Альшэўскага ў Мінску, 05.04.2020. У лістападзе Юры не стане 🙁
Дзьмухаўцы ў Кіеўскім скверы, апасаючыся каранавіруса, палічылі за лепшае разгрупавацца… 22.04.2020
«Курданёр» на мінскім бульвары Шаўчэнкі, 30.04.2020
Чарга ахвотных падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, якая збянтэжыла тутэйшых «застабілаў». Вул. В. Харужай, 31.05.2020
Палітык і пісьменнік Павел Севярынец паспрабаваў заступіцца за арыштаванага Сяргея Ціханоўскага, але і сам праз некалькі гадзін апынецца за кратамі. Вул. В. Харужай, 07.06.2020
Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў нешта тлумачыць народу, 07.06.2020
Журналіст Віталь Цыганкоў вяшчае ад Камароўскага рынка, 14.06.2020
Яшчэ адна тагачасная гутарка… З мікрафонам – Арцём Лява
Пляцоўка перад домам, у якім паўстагоддзя таму жыў Уладзімір Караткевіч (вул. В. Харужай, 48; тут відацьдом № 46/2). Чэрвень 2020 г.
Мастак Андрэй Дубінін у тым жа квартале Каштанаўкі, cярэдзіна лета
Галубятня каля дома № 38 па вул. Кахоўскай (ліпень 2020)
У пачатку жніўня афіцыёзныя імпрэзы перад кінатэатрам «Кіеў» мала каго цікавілі – пакуль ды-джэі Кірыл Галанаў і Улад Сакалоўскі не «парвалі шаблоны»
Афішкі-«заманухі», каб людзі ўдзельнічалі ў «выбарах» 09.08.2020
Фантаны на Свіслачы, недалёка ад пл. Перамогі. 18.08.2020
Афішкі-«заманухі», каб людзі страйкавалі. Цэнтральны раён Мінска, жнівень 2020 г.
Стужкі на пл. Перамен (10.09.2020) – страшны вораг для нацыянальнай бяспекі! У канцы снежня кіраўнік раёна дастаў ад А. Лукашэнкі медаль «За працоўныя заслугі» – няйначай за іх упартае знішчэнне, якое ў лістападзе прывяло да смерці Рамана Бандарэнкі
Вынік аднаго з набегаў «пятрушак», верасень 2020 г.
Скарыстаўшыся адсутнасцю дзяжурных міліцыянераў, дзеці малююць на знакамітай будцы тое, што ім падабаецца. 13.09.2020
Праз плошчу Перамен праязджаў на ровары Павел Касцюкевіч, вялікі пісьменнік зямлі беларускай. 15.10.2020
Госці паэтычнай вечарыны ў «Шахматным дворыку» разбіраюць і падпісваюць паштоўкі палітвязням, 26.10.2020
На пл. Перамен выступае гурт «Leibonik» (Ганна Рэзнік і Сяргей Башлыкевіч), 26.10.2020
Прэзентую свае кніжкі 2018–2020 гг. на прыступках кінатэатра «Кіеў». Фота С. Рубінчык, 22.11.2020
«Галалёд на зямлі, галалёд…» (С) Выгляд «Шахматнага дворыка», 28.12.2020
***
З Новым годам усіх добрых людзей! Няхай сусветныя праблемы, якія пакінулі след і на гэтай cціплай падборцы, застануцца ў мінулым.
Калі мой цесць, светлай памяці Віктар Сцяпаныч, сядаў гуляць у шашкі, то нярэдка задумляўся і вымаўляў тое, што ў загалоўку. Праўда, казаў па-руску – «скользкое положение».
Залатая восень уступіла ў свае правы…
«На экране акна» (C)
Наколькі прыгожа цяпер у парках і скверах, настолькі трывожна ў цэхах, бальніцах (каранавірус у Беларусі перайшоў у контрнаступ – афіцыйна зноў кажуць пра 10 тыс. нявылекаваных, а колькасць смяротных выпадкаў няўхільна набліжаецца да тысячы), офісах, дый кватэрах, куды ў любы час могуць залезці (ня)ветлыя чалавечкі.
Зрэшты, і Кіеўскі сквер памятае «перадвыбарныя мерапрыемствы» пачатку жніўня г. г., адно з якіх – тое самае, з «дыджэямі Перамен» – ледзь не перарасло ў рандэву Святланы Ціханоўскай з электаратам. Эх, не наважылася пані выступіць перад тысячамі людзей, што сабраліся ў скверы і пры канцы бульвара Шаўчэнкі 6 жніўня… 🙁 Кандыдатка ў палітыкі збаялася «правакацый», і ў нечым яе можна зразумець. Але пасля таго акту «звышабачлівасці» (ды яшчэ пары эпізодаў у тым жа ключы) ультыматум уладам РБ, агучаны Святланай з-за мяжы 13.10.2020, выглядаў досыць камічна.
Няўжо хтось на самай справе чакаў ад «вялікага боса» заявы аб адстаўцы ў наступныя 12-13 дзён? Тут нават адміністрацыю Цэнтральнага раёна ніяк не ўдаецца «зацугляць» – пад ейнай эгідай па-ранейшаму робяцца дзіўныя рэчы. І ў апошнія пару тыдняў нейкія бэйбусы пад аховай міліцыі замалёўвалі выяву дыджэяў на суседняй з Кіеўскім скверам «Плошчы Перамен», знішчалі белыя і чырвоныя стужкі… Гэткую б упартасць – ды ў мірнае рэчышча.
Паўгода таму пісаў пра адсутнасць пазнак, дзе адлюстроўвалася роля жыхароў Кіева ў адкрыцці сквера. Металічныя пліты з надпісамі зніклі ўжо за лукашэнскім часам; як можна бачыць на фота, іх няма і сёння, 28.10.2020
Занепадае і фантан, створаны каля «Кіева» ў сярэдзіне 1980-х…
«Замест абяцанага Хрушчовым камунізму ў 1980 г. адбыліся Алімпійскія гульні ў Маскве», – такі жарт хадзіў сорак гадоў таму. Жарцік успомніўся, калі ўвечары 26.10.2020, пасля шпацыру па згаданым бульвары, дзе ўстрымаліся ад працы хіба дзве ўстановы з двух тузінаў магчымых, я трапіў на паэтычную вечарыну ў «Шахматным дворыку» (паміж вул. Асіпенка і Кахоўскай).
Вершы П. Горбача – своеасаблівы субстытут рабочых пратэстаў. На запрашэнне мясцовых жыхароў пад каштанамі выступілі і іншыя паэты: Дар’я Бялькевіч, Уладзь Лянкевіч, Віталь Рыжкоў. Асабліва кранулі вершы былога калінкавічаніна Змітра Дзятліка. А Марыя з праваабарончага цэнтра «Вясна» папрасіла прысутных – чалавек 50-60 – часцей пісаць палітвязням, і пакінула адмысловыя паштоўкі
Крыху пазней мы з жонкай апынуліся на канцэрціку мінска-ашмянскага гурта «Leibonik» (Сяргей Башлыкевіч & Ганна Рэзнік гумарылі каля знакамітай будкі на вул. Чарвякова). Не ўпэўнены, што песенька пра каханне да ксенаморфа – іменна тое, чаго чакалі аўтары гэтай улёткі, напярэдадні ласкава раскіданай па паштовых скрынях нашага пад’езда:
Зрэшты, у той жа дзень – 26 кастрычніка – Пуцін заявіў пра гатоўнасць НЕ размяшчаць у еўрапейскай частцы Расіі ракеты 9М729. Здавалася б, пры чым тут заклікі пані Ціханоўскай? Авой, цалкам можа быць, што не Света – агент Валодзі, як на тое ўсцяж намякае пан Зянон, а наадварот; што пад бяскрыўднай знешнасцю хатняй гаспадыні хаваецца яшчэ тая маніпулятарка, здольная ўплываць на «вежы Крамля». Ну, а тое, што «ўльтыматум» тутака не зусім спрацаваў… проста, відаць, Беларусь – не яе маштаб 🙂 🙂 Назіраецца нешта сярэдняе паміж глабальнымі дэмаршамі Алеся Мілінкевіча & Грэты Тунберг… Хай так.
Нямецкі журналіст Крысціян Трыпемяркуе, што наданне «беларускай апазіцыі» (не люблю гэты выраз, і шматкроць тлумачыў, чаму) прэміі імя А. Д. Сахарава, якая прысуджаецца Еўрапарламентам, стала «сімвалам падтрымкі для грамадзян Беларусі і сігналам непрымання Еўропай Лукашэнкі» (22.10.2020). Забаўна, што ў 2006 г. ужо быў лаўрэат з Беларусі, карыстаўся той жа рыторыкай, маўляў, «прысуджэнне прэміі стала пацвярджэннем падтрымкі яго краіны Еўрапейскім Саюзам, які выступае за маральныя прынцыпы ў палітыцы», і?.. За 14 гадоў «Еўропа» з яе «прынцыпамі» мірылася з Лукашэнкам, сварылася, зноў мірылася за кошт «апазіцыі»… Агулам, паводзіла сябе, як пасажыры з мапасанаўскай аповесці «Пышка» у адносінах з нямецкім афіцэрам. Ці трэба тлумачыць, хто ў такім разе Пышка? (⊙_⊙)
Пэўную маркоту наганяюць павярхоўнасці ад расійскіх дабразычліўцаў. Гары Каспараў: «У адрозненне ад прымітыўнай дыктатуры Лукашэнкі, у Расіі выбудавана глыбока эшаланіраваная ідэалагічная абарона рэжыму» (30.09.2020). На 27-м годзе існавання «прымітыву» можна было б і здагадацца, што ён абапіраўся – і абапіраецца – не толькі на «калгасную харызму»! Або Кацярына Шульман, якая мяркуе, што «у вас (г. зн. у нас – В. Р.) няма ніякага рэгіянальнага падзелу, адзіная эліта, і ніякіх кланаў больш няма» (06.10.2020). Узвышэнне «магілёўскіх», супярэчнасці паміж тутэйшымі «сіслібамі» ды «сілавікамі», расстаноўка на ключавыя пасады сыноў і сужэнцаў як бы трошачкі абвяргаюць тэзісы дасведчанай паліталагіні… Тое, што ў 1988-м не было ў Беларусі «неспакою», таксама спрэчна: гэта год адкрыцця Курапатаў, заснавання БНФ і першага масавага шэсця на Дзяды. Яно было жорстка разагнанае ўладамі БССР 30.10.1988, што справакавала крытыку на адрас «Вандэі перабудовы» найперш у маскоўскіх, агульнасаюзных выданнях. Ну і «свяжак» ад прафесара юрыспрудэнцыі з Вышэйшай школы эканомікі Ільі Шаблінскага, які лічыць, што ў Беларусі «народ патрабуе сыходу дыктатара, а не валтузні з канстытуцыйнымі тэкстамі» (26.10.2020). Юрыст, а гаворыць, быццам палітык… Дый чаму б не дапусціць, што «народу» трэба не так выдаленне аднаго чалавека, як перазагрузка сістэмы, немагчымая без «валтузні з тэкстамі»?
Хоць ты вер Зянону Станіслававічу: «Асаблівасьць сітуацыі ў тым, што, пачынаючы ад выбарчай кампаніі, на беларускім палітычным полі дзейнічаюць і пануюць дзьве прарасейскія сілы, якія знаходзяцца пад кантрольным уплывам Масквы і змагаюцца між сабой за ўладу ў Беларусі, апэлюючы да беларускага грамадзтва» (22.10.2020).
Што да ўсебеларускага страйку… Думаю, забастоўкі з палітычнымі вымогамі – «дах» пабудовы, у падмурку якой мусілі б ляжаць забастоўкі з патрабаваннямі эканамічнымі. Тое, што Ціханоўская і яе атачэнне форсілі ў апошнія месяцы, параўнаў бы з мангольскім шляхам. Сто год таму вялікія рэвалюцыянеры вырашылі абмінуць этап капіталізму ды выгадаваць сацыялізм у далёкім стэпавым краі непасрэдна з феадальнага ладу. Вынікі былі сумныя – пачытайце тут.
Ізноў пра «вечнае вяртанне». 21 кастрычніка тузін случчакоў усклаў кветкі да помніка ахвярам Катастрофы на вул. Капыльскай (помнік, адкрыты ў 2007 г., уяўляе з сябе дзясятак камянёў; дакладней хіба казаць пра мемарыял). Санкцыі ўладаў яны не прасілі. Зінаіда Цімошак, былая настаўніца гісторыі, выступіла з кароткай прамовай – гэтага выявілася дастатковым, каб слуцкая міліцыя пахапала людзей, ставячы ім у віну ўдзел у «несанкцыянаваным мітынгу». Хтосьці атрымаў «суткі», хтосьці – штраф, хтосьці – тое і другое. Цяпер спн. Цімошак саркастычна разважае ў «Новым часе»: «заробак на ўскладанні кветак… – вельмі нядрэнны від бізнесу для дзяржавы ў перыяд адсутнасці інвестыцый звонку». О так, амаль паўтарылася гісторыя са зборам каля турмы на вул. Валадарскага і спробай групы маладых людзей прайсці на вул. Кастрычніцкую з лозунгам «Не фашызму ў Беларусі!» 19 год таму. Мала хто дапускаў тады, у кастрычніку 2001 г., што «новы парадак» на гэтых землях пратрымаецца так доўга.
Падобна, дзяржыморды розных генерацый засвоілі пасланне гэтай сцёбнай песні, зрабіўшы яе сваім неафіцыйным гімнам
Але культурка-то жыве. Кагадзе даведаўся, што Сяргей Башлыкевіч (той самы, з Leibonik’a) тры гады таму артыстычна выканаў песню на словы Юлія Таўбіна. «Сялянская фурманка на бруку гарадскім» – бадай тое, што пазней з лёгкай рукі Міхася Стральцова пачало звацца «сенам на асфальце». Паслухайце…
Юлій Таўбін (1911-1937) разам з дзясяткамі іншых паэтаў і празаікаў быў забіты ў Менску самі-разумееце-кімі 83 гады таму, пад канец кастрычніка.
Выпадкова ці не, але ў гэтым месяцы ва ўкраінскай Вінніцы дбаннем Уладзіміра Вакуленкі убачыла свет анталогія вершаў і перакладаў «Жыве Беларусь!», куды ўвайшло нямала твораў рэпрэсаваных аўтараў. У прыватнасці, можна прачытаць некаторыя вершы Ізі Харыка і Майсея Кульбака – як арыгіналы, так і паэтычныя перастварэнні. Укладальнік піша:
На початку навіть не уявлялася вся потужність проєкту «Жыве Беларусь! За нашу і вашу свободу!». Спочатку це мала бути невелика антологія, але чим більше згуртовувалися сябри в Білорусі, тим більше проєкт заґартовувався не лише в потужну книгу, а і справжню зброю рідним словом. Його боятимуться прихильники диктатури!
33 сильних автори, від класиків до сучасності. Плічо-пліч з ними 28 зброєносців-перекладачів з чотирьох сусідніх країн: України, Литви, Латвії та Польщі. Також з підтримкою доєдналися кримськотатарські перекладачі та перекладачі їдиш-білоруською. Сябри не хочуть кровопролиття, але диктаторська машина цього не розуміє. Є загиблі. Сябри не стануть більше пробачати. МИ ВСІ РАЗОМ! БІЛОРУСЬ ЖИВЕ і НАВІКИ БУДЕ ЖИТИ!
Мяркую, гэтыя абзацы перакладаць акурат і не трэба – я дык усё зразумеў. Kалі наведваў Украіну (тройчы ў 2013-2015 гг.), глядзеў тамтэйшыя тэлеканалы, каб падцягнуць веданне блізкай мовы.
У. Вакуленка з выдадзенай ім кнігай. На старонцы, дзе пачынаецца раздзел «Ідыш – Беларусь», відаць і падзагаловак на ідышы: «Far undzere un ajere frajhajt» («За нашу і вашу свабоду»)
Анталогія «Жыве Беларусь!» убачыла свет і ў электронным выглядзе, і ў класічным папяровым, і шрыфтом Брайля была надрукавана. А вось найноўшыя зборнікі нашага пільнага чытача Змітра Дзядзенкі – сам з Оршы, жыве-працуе ў Мінску – існуюць пакуль што адно ў фармаце epub. Затое гэтыя е-кнігі, «К-версія» і «Каралеўскае паляванне», можна задарма спампаваць на kamunikat.org – тут і тут. Нешта з іх я чытаў раней (балазе, напрыклад, апавяданні «Мінус» і «Спадарок» упершыню публікаваліся на belisrael.info), нешта яшчэ пачытаю, і вам рэкамендую.
Аўтар, як тыя магічныя рэалісты, шукае незвычайнае… мо нават знаходзіць, не шукаючы. Ды яшчэ пакеплівае: «Казкі любяць людзі ўсе — ад малых да старых. І не толькі чытаць, але і жыць у іх. Адны бясконца будуюць замкі на пяску, другія да старасці шукаюць сваіх прынцаў і прынцэс, трэція ўсё жыццё змагаюцца з цмокамі…»
Карацей, чытайце e-кнігі, беражыце лясы, яны нам яшчэ прыгадзяцца.
Дзясятага кастрычніка магло б споўніцца 80 гадоў слыннаму літаратару Кастусю Тарасаву (1940-2010). Чытаў некалі і яго рускамоўныя дэтэктывы, але найбольшае ўражанне зрабіла кніга «Памяць пра легенды»; праз яе прызму доўгі час я пазіраў на мінуўшчыну Беларусі. Меркаванне гісторыка Дзяніса Марціновіча: «Творы Кастуся Тарасава сталі адной з вяршыняў беларускай гістарычнай прозы, а яго асоба абумовіла развіццё гэтага жанру на дзесяцігоддзі».
Цікавіўся Тарасаў сучаснай палітыкай – добра памятаю, што ў 1990-х ён выступаў на пляцоўцы за домам № 40 па вул. Кахоўскай. Ці то сам тады выступаў у ролі кандыдата, ці быў чыёсьці даверанай асобай.
К. Тарасаў; тая пляцоўка і цяпер мае даволі-ткі пратэстны характар 🙂
І апошняе. Хораша прайшла экскурсія па Каштанаўцы & Старажоўцы, якую правяла гісторык Паўліна Скурко 24 кастрычніка. Спадарыня згадала і тое, што на бульвары Шаўчэнкі ў познесавецкі час нярэдка размаўлялі на ідышы.