Tag Archives: Георгий Петрович

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (49)

Пасля бурапенных тыдняў сакавіка «калектыўны мозг нацыі» выгрузіў у сеціва гігабайты, калі не тэрабайты, (дэз)інфармацыі. Адныя праходжваюцца па свядомасці ахвяр, як псіхолаг Павел З., які яўна прымітывізуе партрэт пратэстоўцаў, іншыя сумленна спрабуюць разабрацца, што адбылося і куды мы ідзем… Я сам канчаткова не разабраўся, таму разглядайце гэтую серыю як накід. Зрэшты, у мяне амаль усе серыі такія 🙂

Наўрад ці «сілавікі» праявілі пры папярэдніх затрыманнях і ў час разгону больш жорсткасці, чым гэта было ў 2006 і 2010 гадах, аднак на фоне адноснай «адлігі» апошніх гадоў усё ўжо выглядае анахранізмам. Нават міністр замежных спраў РБ як бы намякнуў, што не ўсе ўчынкі «доблеснай міліцыі» ён ухваляе.

Разумеючы пачуцці назіральнікаў (асабліва тых, хто сам прыняў дозу дубіналу), я не магу згадзіцца з тымі, хто крычыць «усё прапала». Вось гэтыя заявы Уладзіміра М.: «Рэжым перайшоў у новы стан… З 25 сакавіка краіна знаходзіцца пад кантролем АЗГ – аб’яднанай злачыннай групоўкі… У краіне БОЛЬШ НЯМА дзяржавы. Яе адмянілі 25 сакавіка 2017 года… Усе дзеянні, якія зыходзяць з апрыёрных дапушчэнняў таго, што мы маем у краіне дзяржаву, дыктатуру, што мы вядзем палітычную барацьбу – нонсэнс» даволі тыповыя для ныцікаў і «недапечаных палітолагаў», якія імі маніпулююць. Натуральная выснова пасля такіх разваг – трэба накрыцца прасцірадлам і паўзці ў бок могілак… Або з’ехаць з краіны, або нічога не рабіць, чакаючы, пакуль усё само абрынецца?

Не блізкія мне і віншаванні тыпу «З новым 1937-м годам вас, беларусы». Праўда, гэтак пісаў не даследчык, а папулярны блогер, да таго ж у дзень разгону асноўнай часткі дэманстрантаў, 25.03.2017: яму – можна. Я ж амаль на 100% упэўнены, што краіну чакае не 1937-ы і нават не 1938-ы, а, хутчэй за ўсё, 1990-ы. Карацей, наперадзе – светла. І наша аўтарка Людміла Мірзаянава (маці былога палітзняволенага), якая не была ў краіне паўгода, сцвярджае пра цяперашніх беларусаў:

Гэта іншыя людзі! Змянілася стаўленне да рэчаіснасці, да ўлады. Вера ў тое, што поспех магчымы, вельмі ўмацавалася. Трывожнасць знізілася… І гэты стан упэўненасці пашыраецца, ён «заразны». Нават момант застрашвання напярэдадні 25 сакавіка з пасадкамі прывёў толькі да аднаго ― яшчэ больш смеху, іроніі, сарказму… Гэта таксама пра многае сведчыць: перад распадам Савецкага Саюза было столькі анекдотаў, як ніколі.

Філолаг і гісторык Валер Б., які цікавіцца філасофіяй і палітыкай, выказаўся так: «Рэжым робіць неацэнную паслугу грамадзянскай супольнасьці, кансалідуючы яе, умацоўваючы гарызантальныя міжчалавечыя сувязі, нарошчваючы чалавечы капітал, адсейваючы выпадковых людзей, спрыяючы масавай салідарнасьці са зьняволенымі і іх сем’ямі». Гэта было напісана 23 сакавіка, калі «хапуны» ішлі поўным ходам. Валер пастуляваў таксама: «Ніякія рэпрэсіі не дадуць вынікаў, калі будзе падаць ВУП». Ну, я-та мяркую, што валавы ўнутраны прадукт – не той паказчык, які (дэ)мабілізуе людзей («вал», і нават золатавалютныя рэзервы, на хлеб не намажаш; куды важнейшы рэальны ўзровень даходаў і размеркаванне апошніх), але ў цэлым думка слушная, час даўно працуе супраць «сістэмы», як бы яна ні агрызалася.

Вось і небезвядомы літаратар Андрэй Горват заяўляе «таварышу» з Чырвонага дома, што ў Прудку Калінкавіцкага раёна яго ўжо не баяцца (што «нават за 300 кіламетраў ад МКАДа ніхто не верыць тэлевізару», гэта аўтар загнуў, канешне; нехта-такі верыць). Ну, а як шаноўным чытачам такі штрышок: сатырычная налепка на афіцыйным стэндзе з наказам правільна плаціць падаткі… Фота зроблена ў адзін з апошніх дзён сакавіка ў Мінску, ля станцыі метро «Пушкінская». Паперку было лёгка адарваць – прылеплена, здаецца, толькі скотчам – аднак правісела мінімум 6 гадзін, з 7.45 да 13.45.

Надоечы апублікаваныя дадзеныя афіцыйнага даследавання (ад нацыянальнага статыстычнага камітэта), хоць і выбарачнага. Пра зніжэнне даходаў у 2016 г. паведамілі прадстаўнікі 37,8% хатніх гаспадарак, пра рост – толькі 8,6%. Амаль 40% кажуць, што не маюць «на чорны дзень» і 90 рублёў, г. зн. 50$! Раззлавала многіх чытачоў навіна пра тое, што выхавальніцам дзіцячых садкоў у Пінску прафсаюз раздаў падарункавыя сертыфікаты на 3 рублі, то бок на 1,5 еўра. Напэўна, тыя, хто раздаваў, моцна ганарыліся сваёй шчодрасцю. Зараз тры рублі – дзве пляшкі малаякаснага піва або шэсць паездак на аўтобусе…

Невялікае адступленне з жыцця беларускіх сувязістаў 2010 г. Так склалася, што ў канцы траўня ініцыяваў петыцыю да кіраўніцтва «Мінскай пошты» аб павелічэнні заробку на 30% – яе падпісалі ўсе паштальёны аддзялення, за выняткам пенсіянеркі, якая ляжала ў бальніцы з хворымі нагамі (потым адміністрацыя пашкадавала грошай адправіць яе ў санаторый). На вул. Жудро, 59 прыехала «аўтарытэтная» камісія на чале з намесніцай дырэктаркі, якая даказвала, што ў «сярэднім па бальніцы» тэмпература заробак у нас нармальны. Хтосьці выплюхваў эмоцыі, я трымаўся патрабаванняў, заяўленых у петыцыі… Дадаў, што работнікам аддзялення патрэбная дастаўка пітной вады; калегі нясмела, але падтрымалі. Прадстаўніцы «паштамта» слухалі з вылупленымі вачыма (няўжо вада гэткая важная для тых, хто за дзень мусіў адольваць з сумкай па 10 км?) У выніку грузная дама з паштовага прафсаюза, якая таксама ўваходзіла ў дэлегацыю, нешта сабе запісала, паабяцаўшы вырашыць пытанне… Ці трэба дадаваць, што яно «вырашаецца» дагэтуль, дарма што ліпень 2010 г. пабіў рэкорды па спёцы? У той месяц, дарэчы, з інтэрвалам у тыдзень памерлі двое маіх знаёмых шашыстаў з Мінска: Юрый Вульфавіч Файнберг (16.02.1937 – 17.07.2010) і Георгій Іосіфавіч Пятровіч (15.02.1940 – 24.07.2010). Маладзейшым таксама было нясоладка.

Пачытаў пра каралеўскую кобру, якая сёлета праз засуху прыцягнулася да індусаў, і яны «па-каралеўску» напаілі яе з бутэлькі, паглядзеў адпаведнае відэа. Што тут скажаш: часам у Індыі лепей ставяцца да змей, чым у Беларусі – да людзей…

Падобна, экзатычныя крокі ўладаў РБ кшталту публічнага адмаўлення доўгу за газ скора давядуць да таго, што сучаснаму «пралетарыяту» не будзе чаго губляць, апрача ланцугоў. І некаторыя асабліва прасунутыя энтузіясты (Кастусь, 29.03.2017) зазіраюць у будучыню, задаючы urbi et orbi важныя пытанні: «Некалькі пакаленьняў беларусаў назіраюць за гвалтоўнымі дзеяньнямі ВЧК, МГБ, НКУС, КДБ. Нас прымусілі прывыкнуць да іх гвалту, іх хлусьні, як да непазьбежнага зла. Вось пішуць пра люстрацыю – якая люстрацыя, панове? Па закону іх усіх да аднаго трэба падвяргаць люстрацыі, але куды іх потым падзець? Яны ж нічога ня ўмеюць рабіць рукамі, акрамя як махаць гумовым дручком! Яны ж запоўняць падваротні нашых гарадоў, яны ж будуць красьці і рабаваць нас… 140 тысяч патэнцыяльных злачынцаў! Шчыра кажучы, я ня ведаю, што рабіць з усім гэтым».

З тым, што люстрацыя, хутчэй за ўсё, неабходная, я згодзен (калі толькі ў Беларусь не прыляцяць жоўтыя іншапланетныя прыяцелі Кірсана Мікалаевіча Ілюмжынава і не забяруць тутэйшы АМАП да сябе), як і з тым, што яна будзе балючая: не ўсе «140 тысяч», але значная частка «сілавікоў» насамрэч сябе запляміла, і з сотнямі, калі не тысячамі, прыйдзецца развітацца… Дзмітрый Шчыгельскі дасціпнічаў у фэйсбуку 29.03.2017: «Тут інтэлігенты пішуць многа разумных і гуманістычных слоў пра АМАП, пра байцоў спецпадраздзяленняў, спрабуюць іх зразумець, прабачыць і знайсці дарогу да іх сэрцаў. Панове, гэта наіўны і дзіцячы лепет. Байцам спецпадраздзяленняў прамывалі мазгі і фармавалі іх светапогляд амаль дваццаць год прафесіяналы,… кожны дзень, распрацоўваючы і дасканалячы праграмы, адсочваючы вынік, уводзілі крытэрыі якасці і эфектыўнасці».

Ісціна недзе побач, і ўсё ж я не маю намеру агулам «расчалавечваць» непрыяцельскі лагер (Альгерд Б., 29.03.2017: «А яшчэ праз гадзіну мне пашчасьціла ўцячы ад гэтых бязтварых робатаў, якія высыпалі на праспэкт»; Настасся З., 30.03.2017: «Так, гэтыя людзі спакойна спяць па начах і зусім не пакутуюць праз згрызоты сумлення з прычыны яго адсутнасці»). Больш за тое, дагэтуль веру ў мажлівасць знайсці «дарогу да сэрцаў» прынамсі некаторых суайчыннікаў-«касманаўтаў». Што з імі будзе далей? Тут на помач можа прыйсці класіка… «Былы сляпы» Панікоўскі гаворыць у Ільфа і Пятрова: «Гарадавы сачыў нават, каб мяне не крыўдзілі… Прозвішча яму было Нябаба, Сямён Васільевіч. Я яго нядаўна сустрэў. Ён цяпер музычны крытык».

Можа быць, творчым саюзам – якіх з 25.03.2017 афіцыйна 16, міністэрства культуры фактычна прызнала, што 30.01.2017 села ў калюжыну – загадзя паклапаціцца пра будучых беспрацоўных? Наладзіць для іх курсы перакваліфікацыі, пагатоў існуе версія, што байцы АМАПа «вывучаюць замежныя мовы, некаторыя вольна гавораць на некалькіх. Ёсць заўзятыя тэатралы, гісторыкі, знатакі выяўленчага мастацтва, напрыклад, акадэмічнага жывапісу ХІХ стагоддзя». Атрымаўся ж з футбаліста і начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў «Сустаршыня Міжнароднага літаратурнага фонду» і старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі»… Пішучы гэтыя радкі на зыходзе 1 красавіка, трохі жартую, а трохі не. Калі нават гэта жарцік, то ён, пагадзіцеся, больш аптымістычны, чым змрачнаваты «свабодаўскі» са спасылкай на агенцтва «БелКА», маўляў, «у сілавых структурах Беларусі за месяц будзе створана больш за 350 тысяч новых працоўных месцаў» (на якія «працаўладкуюць» усіх дармаедаў).

А тым часам… 29 cакавіка ў мінскім офісе партала TUT.by – які па дзіўным супадзенні знаходзіцца зусім побач з турмой на завулку Акрэсціна – адбылася прэзентацыя новай, сёлетняй кнігі паэткі Людмілы Паўлікавай-Хейдаравай (Людміла да таго ж і шахматыстка). Яе «касмічныя» вершы няпроста ўспрымаюцца на слых, а пераказваць паэзію ўвогуле няма сэнсу. Занатаваў тое, што лягло на душу: «Ад гвалту ісцін безаблічных…», «Не гутаркі, а Слова прагнуць людзі».

Людміла слухае Алеся Камоцкага; без аўтографа ніяк…

Парадаваўся, што ў Мінску так многа бардаў і бардынь (бардэс?), што культурка нікуды не дзелася нават пасля асноўнай часткі імпрэзы, калі госці ўпускалі ў сябе чырвоны і белы напоі. Наліваючы, я слухаў паэта Васіля Зуёнка, які ў 1980 г. даў Людміле, выпускніцы факультэта прыкладной матэматыкі БДУ, «пуцёўку ў літаратуру», надрукаваўшы падборку яе вершаў у часопісе «Маладосць». І сум мой светлы быў.

Тут яшчэ 72 дэпутаты Еўрапарламента падпісалі пісьмо з заклікам змяніць палітыку ў дачыненні да вышэйшых службоўцаў РБ. Наіўна гучыць сказ «ЕС не можа пакінуць без увагі спадзевы тысяч беларускіх грамадзян, якія вераць у дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь» – практыка паказвае, што яшчэ як можа, дый неабавязкова злучаць паняткі «дэмакратыя» і «Еўропа», надта часта яны разыходзіліся – і ўсё ж гэтая дзясятая частка дэпутацкага корпуса часткова ўратавала ў маіх вачах рэпутацыю суседзяў па кантыненце. Можа, і ў ізраільскіх дэпутатаў (або нават міністраў!) калі-небудзь прарэжацца голас…

* * *

Перад «юбілейным», 50-м выпускам, ласкава прашу чытачоў больш актыўна слаць водгукі на серыял – што падабаецца, што не, і г. д. Будзе багата водгукаў – скарэктую свае паводзіны 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

02.04.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 02.04.2017  08:19

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (29)

Ізноў шалом, бай! Новы доказ таго, што нашу беларуска-яўрэйскую «Санту-Барбару» чытаюць і да нас прыслухоўваюцца… Мы напісалі, што пара б выконваць абяцанку і прызначыць пасла Ізраіля ў Беларусь, і шо вы думаеце? Маем адпаведную cупернавіну: былы часовы павераны ў Мінску (з вопытам працы тутака аж некалькі тыдняў!) Alon Shoham/Алон Шогам – ці Шохам  – прызначаны паслом! Няхай нават Шахам, абы не хам… «Тэрмін яго прыезду ў Мінск пакуль невядомы». Затое!

З 2 па 15 лістапада ў Беларусі, кажуць пэўныя крыніцы паводле пэўных звестак, працавала місія МВФ. Іншыя эксперты даводзілі нам, што «з пункту гледжання прынятых у міжнароднай практыцы крытэрыяў, памер знешняга доўгу Беларусі не перавышае ўстаноўленых норм… Верагодна, галоўныя пагрозы для эканомікі краіны ляжаць не ў гэтай сферы». Хацелася б верыць, аднак, калі валавы знешні доўг падбіраецца да 40 мільярдаў $ (на кожнага жыхара – звыш 4 тыс. долараў), то міжволі пачухаеш рэпу…

Што рэкамендуюць «сінявокай» зараз: «перадаць усе дзяржпрадпрыемствы ад міністэрстваў і канцэрнаў пад кіраванне адзінага органа Дзяржаўнага камітэта па маёмасціпрыняць комплексны закон, у якім будуць прапісаныя адзіныя прынцыпы кіравання дзяржсектарам». Адным словам – празрыстасць.

Ужо тое, што праблема пазначана, сведчыць пра яе вастрыню: кожны «маленькі начальнік» занадта доўга цягнуў коўдру на сябе, і цяпер эканоміка выходзіць з-пад кантролю. Не стану запэўніваць, што «МВФ кепскага не параіць» (з яго добрымі намерамі часам можна і ў пекле апынуцца), але дыягназ паставіць спецыялісты фонду здольныя. Дый не трэба ў гэтым выпадку быць звышкампетэнтным – дастаткова крыху пажыць у Беларусі, каб дазнацца, што ў нас мнагавата службоўцаў, якія дублююць функцыі адно аднаго.

Ясна, белчыноўнікі будуць у розныя спосабы супраціўляцца, кусацца… Нават дзіўна, колькі сярод іх ды іхняга атачэння людзей, якія даюць няпрошаныя парады і чытаюць натацыі. Ладна я, шчырую за свой кошт, дый становішча ў нейкай ступені абавязвае (дыплом палітолага)… А некаторыя – за кошт дзяржаўны, і вярзуць такую пякельную лухту… Бадай, прысвячу гэтаму некалькі абзацаў – раптам у кагосьці мазгі прачысцяцца.

dyplomchyk

Пенсіянерка, якая называе сябе старшынёй цэнтрвыбаркама, «апякуецца» новым пакаленнем: «Я ўвогуле лічу, што рабіць няма чаго моладзі ў дэпутацкім корпусе. Калі мы толькі хочам атрымаць распешчанага чалавека, які нічога не ўмее, але ўжо мае велізарныя амбіцыі (і часта потым ён – няшчасны), то давайце запускаць гэты працэс… Чалавек у 20 гадоў прыходзіць у парламент, ён яшчэ нічога не ўмее, толькі чытаць і пісаць і, магчыма, мае нейкія элементарныя веды ў той ці іншай сферы. У той жа час ён ужо набывае важкі дэпутацкі статус. Праз чатыры гады дзе мы яго выкарыстоўваць будзем?.. Вось так атрымліваецца апазіцыя…»

Бабруйская юрыстка 20 год таму прысабечыла чужую пасаду і не шманае, ды загваздка нават не ў гэтым. Афіцыйна моладдзю ў Беларусі лічацца асобы ва ўзросце ад 14 да 31 года. Паводле канстытуцыі, быць выбранымі ў палату прадстаўнікоў могуць быць асобы, якім споўніўся 21 год (не 20). Такім чынам, асоба, неабачліва ўзятая ў цэнтрвыбаркам у 1992 г. (галасавалі і прадстаўнікі апазіцыі ў Вярхоўным Савеце ХІІ склікання, выбраныя, дарэчы, у 1990-м, а не ў 1989-м), сумняецца ў дзеяздольнасці/грамадскай значнасці цэлай кагорты беларусаў… Ну, дзівіцца тут няма чаго: прынцып «падзяляй і пануй» ніхто не адмяняў. У пандан да заяў пра няўмелую моладзь «правераных» юнакоў у Беларусі нацкоўваюць на «старыя кадры», які «заседзеліся» на сваіх месцах (ясная рэч, 62-гадовaга в. а. прэзідэнта «хунвэйбіны» не чапаюць).

Куды конь з капытом, туды і рак з клюшняй… Днямі прэс-служба міністэрства адукацыі зрабіла прачуханку «маладому дэпутату» Ганне Канапацкай (ёй 40 год), якая спрабавала дамовіцца на 18.11.2016 аб сустрэчы з міністрам, але рандэву сарвалося праз «занятасць» апошняга. Хутчэй за ўсё, Міхаіл Жураўкоў спалохаўся, калі яму далажылі, што адразу па сустрэчы Канапацкая са сваім партыйным «шэфам» плануе даць «прэс-канферэнцыю» проста ля ўваходу ў будынак. Дый тэма была для чыноўніка малапрыемная: смерць 13-гадовай школьніцы Вікторыі падчас сельгасработ у Маладзечанскім раёне (29.09.2016).

Вувузела беларускай адукацыі паблажліва падвучыла жыццю ўчорашнюю ўладальніцу юрыдычнай фірмы, прадстаўніцу тысяч выбаршчыкаў. Прэс-рэліз edu.gov.by ад 18.11.2016 нават не наважуся перакладаць, курыце «шэдэўр» у арыгінале: «Надеемся, что в дальнейшем депутат изучит правила делового этикета и, как народный избранник, будет более ответственно подходить к подготовке деловых встреч, анализу и изучению волнующей ее проблемы для дальнейшего успешного ее решения». Што тут бачым:

а) асабістую недавыхаванасць дамы, адказнай за работу прэс-цэнтра. Нават калі дэпутатка – асоба ў рангу міністра – парушыла звычаі, прынятыя сярод сакратарак, ці гэта прычына, каб тыцкаць яе «фэйсам у тэйбл»?

б) няўменне пісаць чытэльныя тэксты – рабіць тое, дзеля чаго, уласна, існуе прэс-цэнтр. Чаго вартае карава-бюракратычнае «Ситуация о причине переноса встречи депутату понятна».

в) альтэрнатыўную інфармацыю пра парадак дзён: «Во вторник секретарь министерства позвонила депутату… Депутат пообещала, что «перезвоню завтра (четверг)»»…

На гэтым фоне ўжо не так ідыятычна выглядаюць пагрозы прадстаўніцы Мінгарвыканкама ў адрас невядомага, які ў кастрычніку падправіў «дысцыплінарна-санаторнае» графіці ля вакзала, дамаляваўшы калючы дрот (гл. кветкі ў руках хлопчыка і вянок на галаве дзяўчынкі).

mural

Фота 22.11.2016

Алена Мохар 25.10.2016 «падкрэсліла, што малюнак у любым выпадку адновяць у першапачатковым варыянце, а асоба аўтара «калючага дроту» будзе высветлена ў бліжэйшы час. «Мы прапануем мастаку да канца гэтага тыдня выправіць малюнак самастойна. У адваротным выпадку панесеныя горадам выдаткі будуць выстаўлены яму ў судовым парадку»». Ні за тыдзень, ні за месяц, падаецца, асобу так і не высветлілі – і добра, тым болей што расійскі аўтар Артур К. не аспрэчваў правак… На думку большасці экспертаў (і на маю), яны толькі палепшылі ягоны опус. Рэспект табе, невядомы жаўнер мастак. Міліцыя ж мудра не палезла ў спрэчку творцаў: хапае больш важных спраў. Напрыклад, у Магілёве на мінулым тыдні рэальна апаганілі помнік ахвярам нацысцкага генацыду.

Яшчэ адзін неразумны чынавенскі крок увосень 2016 г. – забарона на канцэрт гродзенскага гурта «Dzieciuki» ў Мінску, ад «упраўлення па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі». Летась дужа спадабалася мне варыяцыя «Дзецюкоў» на тэму «Ладдзі роспачы». Праўда, бразганне зброяй у кліпе «Хлопцы-балахоўцы» (2014) і сама гераізацыя гэтых ваякаў у процівагу «чырвоным пачварам» сімпатый не выклікаюць, аднак які там «экстрэмізм» або прапаганда вайны – нават кроў не ліецца на экране… Ідэям трэба процістаўляць іншыя ідэі, а не забароны. Засмуціла таксама колькасць памылак у адказе чыноўніка, Скалабана-малодшага – я налічыў 7. Карацей, калі меркаваны арганізатар канцэрта Сяргей Будкін звернецца ў суд, як абяцаў, то, найхутчэй, даб’ецца свайго.

Актывізаваўся рэсурс «Спадарожнік» (мэты яго няясныя) са сваімі лонгрыдамі. Цікава было ў каторы раз пачытаць пра партызанаў, братоў Бельскіх… А вось пасля матэрыялу пра Хатынь я паціснуў плячыма… Юрыст Віктар Глазкоў кажа: «зусім нядаўна ў Канадзе памёр апошні кат Хатыні Уладзімір Катрук… Канада яго так і не выдала. Праўда, калі мясцовыя журналісты пачалі пісаць пра яго фашысцкае мінулае, яго пазбавілі грамадзянства». Насамрэч-та не пазбавілі, хоць і канстатавалі, што набыў яго Катрук падманным шляхам. І версія пра тое, што масакру ў Хатыні справакавалі партызаны-адзінцы, да таго ж яўрэі (Рудэрман і Шпарберг), нічым не падмацавана, апрача слоў Глазкова. Гісторыкі абвяргаюць…

Сумна было ад папярэджання ў пачатку артыкула, як і ад грыфа «18+»: «У публікацыі прысутнічаюць матэрыялы, якія могуць шакаваць частку чытачоў». Іменна ва ўзросце да 18 гадоў трэба людзям даведвацца пра трагедыю Хатыні, потым позна. І як гэта міла з боку рэдакцыі – паведаміць, што факты, датычныя да вайны, могуць шакаваць!

Летась мы з жонкай хадзілі ў Купалаўскі тэатр на «Другую сусветную» – тое быў адзін з прэм’ерных паказаў, хіба ў пачатку чэрвеня. Спектакль успрымаўся на адным подыху, аднак гледачоў трэба вабіць, і дырэкцыя сёлета памяняла назву. 19.11.2016 Ірына Халіп адгукнулася на абноўлены «Вельтмайстар-акардэон»: «песні, акцёры, вайна, боль – усё гэта засталося». Захацелася мне пахваліць аўтарку, напісаў камент… і як у г… ўступіў. Замест «Даўно не чытаў на “Хартыі” разумных артыкулаў. Ну вось, нарэшце, прачытаў. Дзякуй!» пакінулі «Даўно не чытаў на разумных артыкулаў. Ну вось, нарэшце, прачытаў. Дзякуй!» Цэнзурка – як некалі на сайце газеты «Звязда», дзе выкінулі маю сентэнцыю «Рыба гніе з галавы». Усім жа вядома, што ў лукашэнкаўскай Беларусі рыба гніе з хваста! Зараз вядома і тое, што не бывае на «Хартыі-97» неразумных артыкулаў – гэта ж не «Newsweek» які-небудзь.

І ўсё-такі СМІ як СМІ, а стан адукацыі баліць больш. Калі ў 2003 г. за сувязь з грамадскасцю ў міністэрстве адказваў больш-менш пісьменны чалавек, доктар філалагічных навук Віктар Іўчанкаў, то ў 2016 г. – Юлія В., гл. вышэй…

Праз «крэатыў» прэс-цэнтра пазнаёміўся я і з сайтам мінадукацыі. У біяграфіі міністра – звыш 10 памылак, у рускамоўным і белмоўным варыянтах на сёння, 22.11.2016, істотныя разыходжанні. Так, паводле версіі на рускай, праф. Жураўкоў падрыхтаваў двух дактароў навук і 14 кандыдатаў, а калі чытаць па-беларуску, то аднаго доктара і 13 кандыдатаў. Калі ў бліжэйшыя 10 дзён клеркі выправяць памылкі, то мы прыбярэм папярэднія 2 сказы, дый той, што вы чытаеце, аднак моцна сумняюся, што камусьці гэта трэба… На вул. Савецкай са зваротнай сувяззю бяда; помню, як у другой палове 2000-х Георгій Пятровіч, фізік cа шматгадовым вопытам працы ў БДУ і школе, бамбаваў міністэрства дэпешамі пра нізкую якасць падручнікаў і тэставых заданняў, прыводзіў канкрэтныя прыклады, а яму слалі адпіскі. Зараз, як падкрэслівае дасведчаная педагагіня, «настаўнік у нас, калі ў ім няма ўнутранай сілы і ўпэўненасці ў сабе, вельмі забіты чалавек». Мала каго абурыў, напрыклад, халтурны падручнік па грамадазнаўстве, «заточаны» пад акадэміка Рубінава (не Рубінчыка! :)) – добра, што знайшоўся Пётр Садоўскі, 75-гадовы кандыдат навук, якому няма чаго баяцца…

Сёмага снежня мае адкрыцца «клуб Святланы Алексіевіч» – раптам яго мікраклімат паўплывае-такі на агульны расклад у грамадстве, дасць імпэт да станоўчых перамен… Прынамсі даўняя лекцыя першай госці, Вольгі Седаковай, можа паслужыць люстэркам і для многіх тутэйшых. Яна прысвечана пасрэднасці – чаго-чаго, а гэтага дабра ў нас хапае. Слушна кажу, прэс-сакратаркі ды «папялушкі» з цэнтрвыбаркамаў?

Вялікаразумныя развагі двух тутэйшых «экспертаў» пра Трампа і Ле Пэна: «Дарэчы, існуе верагоднасць, што прэзідэнтам Францыі можа стаць Жан-Мары Ле Пэн. Таксама палітычны маверык». Пасля 2007 г. названы палітык, 1928 г. нар., адмовіўся ад прэтэнзій на прэзідэнцкі фатэль… Яраслаў Р., які ў снежні 2010 г. паблутаў паход на «Чырвоны дом» з лыжнай прагулкай, у лістападзе 2016 г. блытае Жана-Мары з ягонай дачкой Марын Ле Пэн? 🙂 І суразмоўца яго харош: Беларусі, маўляў, патрэбен свой Трамп, каб разварушыць «пенсіянерскую эліту». Хіба не разумее Леанід З., 1948 г. нар., што сячэ сук, на якім сядзіць…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

22.11.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 23.11.2016  9:25

***

Па слядах нашых публiкацый:

В столице закрашивают колючую проволоку на мурале о дружбе Москвы и Минска

Магілёўская міліцыя: «Помнік ахвярам Галакосту апаганілі скінгэды» 

23.11.2016 14:05