Tag Archives: Борис Казанов

В. Рубінчык. Выкрыццё за выкрыццём

Аніяк не адпускае 2020-ы. Данеслася рэха ажно з лета: ініцыятыва BYPOL 13.02.2021 прэзентавала публіцы відэаролік пра тое, як на рагу сталічных вуліц Веры Харужай і Крапоткіна затрымлівалі «дыджэяў перамен» Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага. Запіс, ажыццёўлены ўвечары 06.08.2020, – чарговы доказ таго, што хлопцы не супраціўляліся ды не перашкаджалі мінакам, а значыць, сведчанне АМАПаўца, агучанае ў судзе 7 жніўня, было хлуслівым.

Сімвалічная перамога, як і ў сітуацыі з медычнымі даведкамі пра стан жорстка збітага 11.11.2020 Рамана Бандарэнкі (у якога не знайшлі алкаголю ў крыві). Зразумела, што ў бліжэйшы час за лжэсведчанні ды вынесеныя на іх грунце судовыя рашэнні не прыцягнуць да адказнасці ні «сілавікоў», ні «суддзяў», бо рыба псуецца з галавы, а хлусня ў нашых умовах заахвочваецца зверху. У канцы вясны 2020 г. тым апанентам рэжыму, якія не паслухалі перасцярогі ад Яўгена Прэйгермана, была фактычна абвешчана вайна… праўда, не ўсе яе нават адразу заўважылі. Некаторыя дагэтуль вельмі селектыўна ўспрымаюць падзеі апошніх дзевяці месяцаў; мажліва, рэч у гібрыднасці гэтай вайны, а можа, на падсвядомасць уздзейнічае гімн краіны, дзе пяецца пра «беларусаў, мірных людзей».

У пачатку кастрычніка 2020 г. я крыху парадаваўся, дазнаўшыся, што віцебскага чыноўніка, які намаўляў падначаленых фальшаваць вынікі выбараў (гэта пацвердзіў, у прыватнасці, старшыня выбарчай камісіі – дырэктар школы), пазбавілі пасады. Рана я радаваўся… Па-першае, міліцыя «не выявіла» парушэнняў на ўчастку. Па-другое, Сярожу з Віцебска папросту перавялі ў Мінск, дзе ён не (ра)згубіўся: заняў пасаду намесніка начальніка Беларускага гідраметэацэнтра. Ну, у тым, што гэткае дабро не патоне, сумнявацца не выпадала. Вунь обер-чыноўніцу Лілю, якая ў 2000-х прагнула стаць валадаркай морскай аўтаркай кніжнай, а ў 2016 г. раздзьмувала пагрозу ад пісаніны траіх публіцыстаў-«рэгнумаўцаў» (іх надоўга закрылі), не выправілі на пенсію, а зрабілі «дэпутаткай»… Цяпер і начальніцай у «камісіі па экстрэмізму».

Як там у актуальнай казцы Яўгена Шварца трактаваў сваіх служак Дракон: «Дзіравыя душы, прадажныя душы, прапаленыя душы, мёртвыя душы». У нашым выпадку лекаванне мае зацягнуцца, бо «пан народ», вядома, паціху дае адпор, але канкрэтнага Ланцэлота на даляглядзе не відаць. Не лічыць жа супергероем Пал-Палыча… (пра яго крыху ніжэй).

Тут мушу перапрасіць за тое, што два месяцы таму мог увесці ў зман асобных чытачоў. Пісаў 10.12.2020: «Дабралася да мяне інфа і пра даведнік Уладзімір Караткевіч, які выйшаў да 90-гадовага юбілею пісьменніка ў дзяржаўным жа выдавецтве Беларуская энцыклапедыя»… Cпасылка вядзе да матэрыялу з sb.by ад 28.11.2020 («Энциклопедический справочник «Уладзімір Караткевіч» вышел к юбилею писателя») аўтарства нейкай Ірыны Васільевай. Я падумаў, што, раз кніга ёсць на фота, яна рэальна выйшла…

Але ж недаацаніў каварства тутэйшых «баявых лісткоў» – яны почасту маняць нават у «маргінальных» для іх пытаннях (успомніў, што падобнае здаралася ў снежні 2016 г., калі філія «СБ», газета «Голас Радзімы», пісала пра канферэнцыю, прысвечаную Максіму Багдановічу). Не выйшаў даведнік «Уладзімір Караткевіч» станам на 28 лістапада, а на фота ў той дзень паказалі макет або муляж. Тыдзень таму пагартаў даведнік у Нацыянальнай бібліятэцы – кніга, выдадзеная на замову міністэрства інфармацыі РБ, была падпісана да друку на месяц пазней, 28.12.2020…

Тут у выходных звестках няма апіскі: напрыклад, у энцыклапедыі паспелі пазначыць год смерці акцёра Барыса Плотнікава, якога не стала 02.12.2020.

У снежні зрабіў агаворку: «Хваліць гэтыя кнігі, не чытаўшы, не бяруся, але сам па сабе факт [іх выхаду] уцешны». Цяпер, у лютым, я ўжо не настолькі гатовы бараніць думку, што лепей такая кніга пра Караткевіча, чым ніякай. Шэраг недахопаў адзначыў на тутбаі 28.01.2021 кандыдат гістарычных навук Дзяніс Марціновіч, але… Як член Саюза пісьменнікаў Беларусі (СПБ), ён, пэўна, пасаромеўся крытыкаваць артыкул пра суполку, да якой належыць. Між тым названы артыкул – бадай, самы абуральны ў даведніку.

За такое варта натаўчы ў каршэнь – паясню, чаму. Пераемнікам Саюза пісьменнікаў БССР, куды Уладзімір Караткевіч быў прыняты ў 1957 г., з’яўляецца Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП), які не знікаў і не мяняў назву. У лістападзе 2005 г. невялікая група літаратараў на чале з Міколам Чаргінцом пакінула СБП і пры падтрымцы адміністрацыі прэзідэнта заснавала сваю, афіцыёзную суполку. Найбольш вядомыя пісьменнікі, у тым ліку таварышы Уладзіміра Караткевіча Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Адам Мальдзіс, Сяргей Панізнік, Вячаслаў Рагойша, Васіль Сёмуха, засталіся ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, які, згодна з рыторыкай «чаргінцоўцаў», ішоў шляхам палітызацыі і барацьбы з уладай.

Няма ні маральных, ні юрыдычных падстаў лічыць новаўтвораны «Саюз пісьменнікаў Беларусі» пераемнікам таго, у які ўваходзіў Караткевіч. Піярыць СПБ з яго сервільным кіраўніцтвам («У Доме літаратара прайшоў збор подпісаў у падтрымку дзеючага Прэзідэнта Беларусі, вылучанага на наступны тэрмін у якасці кандыдата. На карысць пераабрання Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі сведчыць многае…», 16.06.2020) пры дапамозе пісьменніка-вальналюба, памерлага ў 1984 г., – сапраўдныя «скокі на костках». Калі б «чаргінцоўцы» гэта рабілі на ўласным сайце – такой бяды, але энцыклапедыя, па ідэі, мусіла б кіравацца такімі прынцыпамі, як узважанасць, грунтоўнасць… Узважаны падыход характэрны для шэрагу іншых артыкулаў, аднак «лыжка дзёгцю» псуе ўвесь «мёд».

Да напісанага Дз. Марціновічам дадаў бы, што мне не хапае артыкулаў «Шахматы» (граюць найважнейшую ролю ў «Ладдзі Роспачы») і «Яўрэі» (пры тым, што «Цыганы» ў энцыклапедыю заслужана трапілі). Тое, што для Уладзіміра Караткевіча яўрэі былі не проста адной з «нацыянальнасцей CCCР», па-мойму, хутчэй аксіёма, чым тэарэма. Але дзеля-мадзеля: ён разумеў ідыш і ў Оршы хадзіў з сястрой на гастрольныя пастаноўкі яўрэйскага тэатра, цікавіўся іўрытам, меў багата сяброў-яўрэяў. Некаторыя з іх згаданы ў энцыклапедыі: Л. Крыгман, Д. Сімановіч…

Паводле Барыса Казанава, Караткевіч казаў яму ў сярэдзіне 1960-х гадоў, што «задумаў раман з яўрэямі, што гэта раманная тэма». Не зусім ясна, што мелася на ўвазе, але персанажы-яўрэі насамрэч фігуруюць ледзь не ў кожным буйным творы пісьменніка, а адзін з вершаў Караткевіча завецца «Яўрэйцы» (1957 г.). І назоў, і акрэсленая сімпатыя да яўрэйскага народу былі рэдкай з’явай у пасляваеннай савецкай літаратуры.

Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя», улічыце пры перавыданні.

Цяпер – чым «не дагадзіў» П. П. Латушка… Ну, тое, што ў жніўні 2020 г. і пазней ён выказваўся супраць гвалту ў краіне, можна толькі вітаць (лепей позна, чым ніколі), але насцярожвае, што ладная частка яго кар’еры прайшла ў парадыгме «падзяляй і пануй». У сярэдзіне 2000-х малады пасол РБ у Польшчы спрычыніўся да расколу Саюза палякаў у Беларусі, у канцы 2000-х, калі П. Латушка стаў міністрам культуры, узнялася новая хваля «наездаў» на Саюз беларускіх пісьменнікаў («звышмэтай» было яго поўнае падпарадкаванне вышэйзгаданаму СПБ). Членам СБП, якія працавалі ў дзяржустановах, ставілі ўльтыматумы; так зволілі з бальніцы хірурга, паэта Фелікса Баторына (Хаймовіча), пра што ў сакавіку 2010 г. распавядаў мне сам Фелікс Барысавіч.

Існавалі ў пачатку 2010-х і «чорныя спісы» для артыстаў, недастаткова лаяльных з пункту гледжання ўраду. У кастрычніцкім інтэрв’ю з Сяргеем Будкіным Латушка прызнаў іх існаванне, але перакінуў адказнасць на Ірыну Дрыгу, якая ў той час курыравала культуру ў адміністрацыі прэзідэнта, і на аднаго з тагачасных бонзаў адміністрацыі Аляксандра Радзькова. Аналагічна, віну за цкаванне «нелаяльных» пісьменнікаў ён мог бы перакінуць на Чаргінца… але ў такім разе Пал-Палыча давялося б уважаць за чалавека, які на пасадзе міністра выявіўся «пустым месцам». Куды яму ў прэзідэнты, як жадае праект NEXTA (відаць, не без маўклівай згоды самога кіраўніка «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення»)?

Недзе – хіба ў кнізе савецкага дысідэнта Якава Сусленскага – бачыў радкі, якія даю ў перакладзе з рускай: «Гэта што – стаяць за праўду, / Ты за праўду пасядзі». Калі зараз і варажыць, хто будзе наступным кіраўніком Беларусі (па-мойму, не час), то выбіраць трэба з тых, каторыя сядзелі або дагэтуль сядзяць за кратамі. Няма чаго ўвішным уцекачам перацягваць медыйна-рэсурсную «коўдру» на сябе!

Збольшага спадабалася, прынамсі кранула спроба дэпутаткі Мінгарсавета 1995 г. нар. «расплюшчыць вочы» удзельнікам «Усебеларускага народнага сходу» 11-12 лютага. Паведамляе «Еўрарадыё» (12.02.2021):

Выступіць у Вольгі Цесаковай так і не атрымалася. Дэлегатка разлічвала падняць тры пытанні. Першае — чаму няма падрабязнай справаздачы Мінэканомікі аб тым, па якіх прычынах не выкананая праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на мінулую пяцігодку.

— Другое пытанне — па змяненні ў Канстытуцыю. Калі ўсё так добра, калі людзі, якія сядзяць там [ва ўладзе. — Еўрарадыё], уяўляюць сабой сілу, за імі праўда, то чаго ім баяцца? Я хацела прапанаваць правесці новыя выбары сумленна і адкрыта з дзеючай Канстытуцыяй.

Трэці не агучаны тэзіс тычыцца вызвалення палітвязняў. Акрамя таго, па некаторых пытаннях Вольга Цесакова галасавала супраць, але аказалася, што рашэнні па іх на УНС прынятыя аднагалосна.

В. Цесакова

Карацей, улады «паблыталі берагі»: нахабна ўтылізуюць што мёртвых (змагары з нацызмам, якія нібыта падтрымалі б Лукашэнку; Уладзімір Караткевіч…), што жывых (Уладзіслаў Каташук, Вольга Цесакова…) І па-ранейшаму баяцца творчых людзей: увечары 13.02.2021 сарвалі канцэрт на турбазе пад Смалявічамі. Цяпер у палоне, сярод іншых, выдатныя рабяты з гурта «Разбітае сэрца пацана», якія ў кастрычніку 2020 г. зайгралі з Бенькай у «Шахматным дворыку» для жыхароў нашага квартала.

Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка

Адносна добрая навіна – змена шыльды на будынку гімназіі, побач з «караткевіцкім» домам.

Было ў траўні 2020 г. і стала ў лютым 2021 г.

Не выключаю, што мясцовым уладам захацелася штось зрабіць «у гонар Караткевіча» – хаця б перакласці шыльду з адрасам на беларускую мову, калі ўжо не знайшлі сродкаў на муралы і пад. Ну, рэжым з белмовай пераносіцца неяк лепей, чым рэжым без яе, аняж лепей бы рэжым сышоў, мова засталася. Мяркую, гэтак скора і будзе: усюдыісная хлусня дадзявае прыблізна ўсім «пластам насельніцтва».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

14.02.2021

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 14.02.2021  19:01