Трэці год цягнецца катлетна-мушыны серыял, бы той караван у пясках… 50 кіламетраў выпускаў… 60… Гэтая серыя таксама ў нейкім сэнсе юбілейная, бо для шахматыстаў (і шашыстаў) лік «64» ледзь не сакральны 🙂 Так, удалося запоўніць на «дошцы» ўсе «палі», аднак восеньскі дожджык за акном і слабая зваротная сувязь навяваюць маркотныя думкі. Напэўна, час канчаць з аглядам бягучых падзей ды анонсамі: як хто цікавіцца актуальнасцю «яўрэйскага жыцця», то хай наведвае групы ў «сацыяльным» сеціве, напрыклад, «Белорусские евреи», «Еврейские новости в Беларуси», «Яма», «Еврейские лица Беларуси». Тое, што мінімум на адной з гэтых старонак пануюць непамысныя засцярогі, а пост Міхаіла Гохмана ад 07.09.2017 cа спасылкай на мой даўні артыкул, прысвечаны ўнутраным праблемам у «галоўным яўрэйскім саюзе», прыбралі ў той жа дзень, ужо іншае пытанне. Карацей, у далейшым «Катлеты & мухі» калі і будуць выпускацца, то зрэдчасу, праз нешта экстраардынарнае.
Пару гадзін сёння, 17.09.2017, вылучыў на «Дзень яўрэйскай культуры» ля мінскай ратушы. Падалося, што вярнуўся на год назад у машыне часу – той жа дызайн афішы з раскладам, тыя ж «Сцяна плачу», краў-мага ды «мастацкая самадзейнасць» на вялікай сцэне… І палаткі з «Яўрэйскай кухняй» (піты за 0,5$ расчаравалі – у Ізраілі яны ў два-тры разы таннейшыя ды смачнейшыя).
Сёлета фэст меў спартыўнае адценне – нездарма ж побач улады зладзілі выставу ў гонар 80-годдзя барца Аляксандра Мядзведзя, ганаровага грамадзяніна г. Мінска… (здымак справа).
Старшыня мінскай іудзейскай абшчыны Давід Старобінскі выжымаў штангу, а экс-чэмпіён свету па шашках, 77-гадовы Аркадзь Плакхін даваў сеанс адначасовай гульні
Імпрэза каторы раз пацвердзіла, што «залаты Іерусалім» шмат каму хацелася б любіць на адлегласці. Вось як мастак Давід Дукорскі, былы актывіст «беларускага зямляцтва», які вярнуўся з Ізраіля ў Мінск яшчэ ў сярэдзіне 2000-х. Абяцаў – зрабіў.
Злева – творы Д. Дукорскага; справа – беларуска-яўрэйскі жарт невядомага аўтара
Каму хочацца больш «яўрэйскіх культурных» фотак з плошчы Свабоды, тых адрасую да рэпартажу Алега Грушэцкага. Я ж азірнуся на паўгода назад – у сакавіку Мінск віраваў… Не адмаўляюся ад сваіх слоў пра тое, што грамадзяне Беларусі змяніліся, і мы на стаім на парозе грандыёзнага шухера перамен. Аднак – і гэта, бадай, натуральна – знешнія праявы перамен пакуль сціплыя.
Пасля лекцыі пра Кульбака 8 верасня выйшаў на галоўны праспект… і наткнуўся на купку людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, якія адзначалі «Дзень беларускай вайсковай славы», а разам пратэставалі проці супольных з Расіяй вучэнняў… Пратэстоўцаў было, можа, дзве сотні. Ні іхнія лозунгі тыпу «Русский солдат, иди домой – водки здесь нет» (антырэклама для завода «Крышталь»?), ні «шматлікасць» не пераканалі мяне далучыцца да дэманстрацыі. Адна справа, калі сёння выходзіць 200 чалавек, заўтра – 500, паслязаўтра – 1000, з’яўляюцца новыя ідэі, лідары… Другая – калі адны і тыя ж зухі штогод паўтараюць сімвалічныя рухі.
Як слушна заўважыла маскоўская паліталагіня Кацярына Шульман (рэальная паслядоўніца Макса Вебера), няможна недаацэньваць ролю сімвалічнага ў палітыцы. Іншымі словамі, і сізіфава праца некаму патрэбная. Аднак я ўсё ж аддаю перавагу рацыянальным крокам… Тым болей што на другім баку «барыкад» нямала халодных рацыянальных розумаў, якія збольшага далі рады з нейтралізацыяй спантаннай пратэстнай хвалі ў РБ на пачатку 2017 года.
Варта прызнаць, што сістэма «ручнога» кіравання эканомікай яшчэ не вычарпала свае рэсурсы. Беларускі рубель сёлета не валіўся, інфляцыя была мінімальная (у летнія месяцы назіралася нават дэфляцыя), экспарт актывізаваўся, золатавалютныя рэзервы выраслі… Але, як некалі занатоўваў Ілья Ільф, «радыё правялі, а шчасця няма». Будуецца небяспечная АЭС, па-ранейшаму ганіцца іншадумства, адказнасць за правалы перакідваецца на «стрэлачнікаў». Нарэшце, «зверху» ўпарта навязваецца мадэль, у якой «кагосьці трэба проста нахіліць» (ды што там «кагосьці» – 24.08.2017 таварыш хваліўся, што для збору ўраджаю ў інтуітыўна вызначаныя ім тэрміны ён усю краіну «наклонил»). Ну, і дзе той Сярэдзіч, які ў лютым абдымаў згаданага таварыша і насіўся з планам «круглага стала», як… разумнік з пісанай торбай?
Адрадзіць ва ўсёй Беларусі ГУЛаг а-ля Паўночная Карэя ў тутэйшых «эліт» няма ні жадання, ні магчымасцей, ды ахвярам лакальных актаў садызму ад гэтага наўрад ці нашмат лягчэй; не ўсе ж ахвяры – мазахісты. Тое, што ў суседзяў бывае горай (збіццё ў жніўні маскоўскага актывіста Івана Скрыпнічэнкі, які праз некалькі дзён памёр у бальніцы… помнікі Сталіну і Івану Жахліваму… забарона кнігі слыннага польскага дзеяча Яна Новака-Езёраньскага «Усходнія развагі» як «экстрэмісцкай»…), таксама не дужа суцяшае.
Усё ж і ў Расіі не бракуе «выспачак бяспекі», якія, у прынцыпе, паддаюцца пашырэнню. Добрым знакам для мяне сталася заваёва «альтэрнатыўнымі» кандыдатамі соцень мандатаў на выбарах у мясцовыя саветы Масквы 10 верасня. На перыферыі расійская «апазіцыя» выступіла не так паспяхова; выбарцы па-за МКАДам жывуць горш, затое сістэма больш напружаная і мабілізаваная. Ну, можа, галоўнае наперадзе… І на мясцовых выбарах у Беларусі (пачатак 2018 г.) трэба чакаць адноснага поспеху людзей, не звязаных з адміністрацыяй. Бо многім абрыдлі такія «дзяржымордачкі», як Людміла К., дзяжурная па ідэалогіі Глыбоцкага райвыканкама, з яе пагрозамі журналісту на адкрытым мерапрыемстве. (Мне ўспомніўся падобны эпізод і з беларуска-яўрэйскага жыцця.) У Глыбокім чыноўнічкі наогул тыя яшчэ фрукты: 14.09.2017 абвясцілі на сваім сайце пра «каменданцкую гадзіну» на тэрыторыі раёна ў сувязі з вучэннямі, назаўтра прыбралі гэтую інфу. Дзякуй, што да «Дня адкрытых забойстваў» не даўмеліся… Калі ўсчаўся шум, выставілі тую самую К. тлумачыць, што «каменданцкая гадзіна» была «вучэбная» 🙂
Ці во Павел С., несамавіты ідэолаг з Мінска, у чэрвені 2017 г. узяўся вызначаць, якія песні патрэбныя народу, якія не. Нацкаваў на музыку Алеся Дзянісава (гурт «Dziecіuki») і паэта Алеся Чобата цэлы «мастацкі савет», а потым забараніў выкананне праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі» у сталічным клубе «ІЛІ».
Я паслухаў нумары праграмы, балазе ўсе даступныя ў сеціве. У цэлым яна даволі змрочная – ну, а жыццё (было) якое?.. У некаторых песнях згаданыя пагромы і «жыды». Спробы знайсці апраўданне генералу Булак-Балаховічу крыху рэзалі вуха, але, на маю думку, не выходзілі за рамкі прымальнага. Цяпер заяўнік канцэрта судзіцца з чыноўнікамі, і правільна шчыруе – цэнзура ў нас пакуль яшчэ забаронена Канстытуцыяй, а права на самавыяўленне, наадварот, гарантаванае (арт. 33). Ды прага ўсё кантраляваць і вырашаць за іншых, як ім сябе паводзіць, на практыцы найчасцей дамінуе над «Асноўным законам». Чатыры гады таму захацелася «некаторым» ліквідаваць Вышэйшы Гаспадарчы суд, прадугледжаны Канстытуцыяй, – і ліквідавалі.
Вядома, нікуды тутэйшыя ідэолухі і «моцныя гаспадарнікі» не дзенуцца з наменклатуры, але ў выбарных органах, будзьма лічыць, налета іх усё ж паменее. Як бы ні імкнулася нобелеўская лаўрэатка давесці, што народ у цэлым «падтрымлівае Пуціна і Лукашэнку», па стане на верасень 2017 г. павераць у гэта хіба што самыя наіўныя грузінскія слухачы.
Бяда не ў дробных чыноўніках, а ў тых, хто іх прызначае. Таксама і ў «інтэлектуалах», якія не бачаць рэальных праблем, а бачаць уяўныя, заводзячы сваю паству ў тупік.
Не раз адзначаў ужо, што істэрыкі пра «дзікунскі рэжым» часам ладзяцца на пустым месцы, што падрывае аўтарытэт «незалежных СМІ», апанентаў лукашызму ўвогуле. Зволілі, да прыкладу, пенсіянера, які загадваў філіялам дзяржаўнага музея ў Брэсцкай вобласці ды не зусім спраўляўся з гаспадарчымі справамі (хоць экскурсіі ладзіў добрыя) – адразу гвалт пра непапраўную шкоду для культуры. Сам герой публікацый не хацеў агалоскі, але каго тое хвалюе?.. Ці во свежы выпадак: прафесар-беларус з Пецярбурга быў заяўлены на Міжнародным Скарынаўскім кангрэсе, не змог прыехаць праз недахоп грошай – значыць, яго даклад «забаронены». Не толькі сумнавядомая «Хартыя», а і «Радыё Свабода» 14.09.2017 істэрычна гукнула пра тое, што прафесару «адмовілі ва ўдзеле», ды праз гадзіну-дзве ціхенька паправілася, маўляў, справа ў «тэхнічных прычынах». Атракцыён нечуванай павагі да чытачоў…
На 950-годдзе беларускай сталіцы «Свабода» 09.09.2017 унесла раман М. Кульбака ў спіс 20 найлепшых кніг пра Мінск. Добра, але і тут не без задзірыны: «Пісаў на дзяржаўнай мове ідыш». М. К. пісаў на ідышы задоўга да таго, як гэтая мова стала афіцыйнай у БССР.
Чарговы раз стрэліў міма касы Гары Каспараў, якому я шчэ летась радзіў аддаліцца ад грамадска-палітычнай дзейнасці. Ад эмігранта – ані слова падтрымкі (ці простага спачування) арыштаваным у Расіі экс-чыноўнікам Бялых і Улюкаеву, затое шмат зласлівасці, памножанай на няведанне гісторыі: «Няхай адны бандыты “мочаць” іншых – гэта аслабляе рэжым». Пра Эрнста Рома, забойства якога ў 1934 г. толькі ўзмацніла гітлераўскую ўладу, нагадалі ў каментах… Я перакананы, што Пуцін не тоесны Гітлеру, але ў каспараўскай сістэме каардынат, дзе Аляксей Улюкаеў быў «рэйхсміністрам», а Мікіта Бялых – «гаўляйтарам», згадка дарэчная. Але нашто далёка хадзіць – чаму Г. К. было не зірнуць на Беларусь, дзе «міністры-карупцыянеры» арыштоўваюцца ўжо гадоў 20, а рэжым ад гэтага не паваліўся?..
Кепскія навіны з Украіны: 6 верасня ў аварыі на дарозе загінула чацвёра палітолагаў і адзін журналіст. Папраўдзе, нікога з іх не ведаў, але балюча, калі сыходзяць калегі… У Беларусі чорным годам для паліталогіі стаў 2011-ы, калі з інтэрвалам у некалькі месяцаў памерлі Святлана Навумава, Віталь Сіліцкі, Ірына Бугрова. На жаль, тых, хто застаўся, не пачалі цаніць больш, і во сёлета ў канцы жніўня пайшоў з жыцця паліттэхнолаг з Полаччыны Алег Багуцкі. У 49 гадоў (!) Апошнія гады ён жыў у Кіеве, а памёр у кыргызскім Бішкеку, што таксама сведчыць пра тутэйшую атмасферку.
А добрая вестка нечакана прыйшла з Азербайджана – Ільхам Гейдаравіч Аліеў адпусціў-такі свайго палоннага, ізраільска-расійскага блогера Аляксандра Лапшына, пра якога мы пісалі, напрыклад, тут і тут. Мілая драбяза: акурат перад вызваленнем вязня або спрабавалі забіць (так ён сам кажа), або ён быў даведзены да спробы самазабойства (паводле заявы афіцыйнага Баку). Няйначай у апошні момант умяшалася валавокая Мехрыбан і змякчыла сэрца «султана»: акурат як у рамане Аляксандра Бяляева «Арыэль» (1941) раджыня, адрозна ад свайго супруга, спачувае галоўнаму герою.
Тым часам Дональд Фрэдавіч Трамп узяў прыклад з Рыгоравіча, махнуў рукой на брутальных мужычкоў ды прасунуў на пасаду дырэктара Белага дома па камунікацыях экс-мадэльку Хоўп Хікс. Каму-каму, а ёй з тутэйшай скромніцай Наталляй Эйсмант будзе пра што пагаманіць – мо вялікаразумныя дамы нават зафрэндзяць адна адну, абмяркуюць навіны моды, фітнэсу… Няхай жыве амерыканска-беларуска-прэс-сакратарская дружба!
Вольф Рубінчык, г. Мінск
17.09.2017
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 18.09.2017 02:07