Tag Archives: Ильхам Алиев

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (64)

Трэці год цягнецца катлетна-мушыны серыял, бы той караван у пясках… 50 кіламетраў выпускаў… 60… Гэтая серыя таксама ў нейкім сэнсе юбілейная, бо для шахматыстаў (і шашыстаў) лік «64» ледзь не сакральны 🙂 Так, удалося запоўніць на «дошцы» ўсе «палі», аднак восеньскі дожджык за акном і слабая зваротная сувязь навяваюць маркотныя думкі. Напэўна, час канчаць з аглядам бягучых падзей ды анонсамі: як хто цікавіцца актуальнасцю «яўрэйскага жыцця», то хай наведвае групы ў «сацыяльным» сеціве, напрыклад, «Белорусские евреи», «Еврейские новости в Беларуси», «Яма», «Еврейские лица Беларуси». Тое, што мінімум на адной з гэтых старонак пануюць непамысныя засцярогі, а пост Міхаіла Гохмана ад 07.09.2017 cа спасылкай на мой даўні артыкул, прысвечаны ўнутраным праблемам у «галоўным яўрэйскім саюзе», прыбралі ў той жа дзень, ужо іншае пытанне. Карацей, у далейшым «Катлеты & мухі» калі і будуць выпускацца, то зрэдчасу, праз нешта экстраардынарнае.

Пару гадзін сёння, 17.09.2017, вылучыў на «Дзень яўрэйскай культуры» ля мінскай ратушы. Падалося, што вярнуўся на год назад у машыне часу – той жа дызайн афішы з раскладам, тыя ж «Сцяна плачу», краў-мага ды «мастацкая самадзейнасць» на вялікай сцэне… І палаткі з «Яўрэйскай кухняй» (піты за 0,5$ расчаравалі – у Ізраілі яны ў два-тры разы таннейшыя ды смачнейшыя).

Сёлета фэст меў спартыўнае адценне – нездарма ж побач улады зладзілі выставу ў гонар 80-годдзя барца Аляксандра Мядзведзя, ганаровага грамадзяніна г. Мінска… (здымак справа).

Старшыня мінскай іудзейскай абшчыны Давід Старобінскі выжымаў штангу, а экс-чэмпіён свету па шашках, 77-гадовы Аркадзь Плакхін даваў сеанс адначасовай гульні

Імпрэза каторы раз пацвердзіла, што «залаты Іерусалім» шмат каму хацелася б любіць на адлегласці. Вось як мастак Давід Дукорскі, былы актывіст «беларускага зямляцтва», які вярнуўся з Ізраіля ў Мінск яшчэ ў сярэдзіне 2000-х. Абяцаў – зрабіў.

Злева – творы Д. Дукорскага; справа – беларуска-яўрэйскі жарт невядомага аўтара

Каму хочацца больш «яўрэйскіх культурных» фотак з плошчы Свабоды, тых адрасую да рэпартажу Алега Грушэцкага. Я ж азірнуся на паўгода назад – у сакавіку Мінск віраваў… Не адмаўляюся ад сваіх слоў пра тое, што грамадзяне Беларусі змяніліся, і мы на стаім на парозе грандыёзнага шухера перамен. Аднак – і гэта, бадай, натуральна – знешнія праявы перамен пакуль сціплыя.

Пасля лекцыі пра Кульбака 8 верасня выйшаў на галоўны праспект… і наткнуўся на купку людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, якія адзначалі «Дзень беларускай вайсковай славы», а разам пратэставалі проці супольных з Расіяй вучэнняў… Пратэстоўцаў было, можа, дзве сотні. Ні іхнія лозунгі тыпу «Русский солдат, иди домой – водки здесь нет» (антырэклама для завода «Крышталь»?), ні «шматлікасць» не пераканалі мяне далучыцца да дэманстрацыі. Адна справа, калі сёння выходзіць 200 чалавек, заўтра – 500, паслязаўтра – 1000, з’яўляюцца новыя ідэі, лідары… Другая – калі адны і тыя ж зухі штогод паўтараюць сімвалічныя рухі.

Як слушна заўважыла маскоўская паліталагіня Кацярына Шульман (рэальная паслядоўніца Макса Вебера), няможна недаацэньваць ролю сімвалічнага ў палітыцы. Іншымі словамі, і сізіфава праца некаму патрэбная. Аднак я ўсё ж аддаю перавагу рацыянальным крокам… Тым болей што на другім баку «барыкад» нямала халодных рацыянальных розумаў, якія збольшага далі рады з нейтралізацыяй спантаннай пратэстнай хвалі ў РБ на пачатку 2017 года.

Варта прызнаць, што сістэма «ручнога» кіравання эканомікай яшчэ не вычарпала свае рэсурсы. Беларускі рубель сёлета не валіўся, інфляцыя была мінімальная (у летнія месяцы назіралася нават дэфляцыя), экспарт актывізаваўся, золатавалютныя рэзервы выраслі… Але, як некалі занатоўваў Ілья Ільф, «радыё правялі, а шчасця няма». Будуецца небяспечная АЭС, па-ранейшаму ганіцца іншадумства, адказнасць за правалы перакідваецца на «стрэлачнікаў». Нарэшце, «зверху» ўпарта навязваецца мадэль, у якой «кагосьці трэба проста нахіліць» (ды што там «кагосьці» – 24.08.2017 таварыш хваліўся, што для збору ўраджаю ў інтуітыўна вызначаныя ім тэрміны ён усю краіну «наклонил»). Ну, і дзе той Сярэдзіч, які ў лютым абдымаў згаданага таварыша і насіўся з планам «круглага стала», як… разумнік з пісанай торбай?

Адрадзіць ва ўсёй Беларусі ГУЛаг а-ля Паўночная Карэя ў тутэйшых «эліт» няма ні жадання, ні магчымасцей, ды ахвярам лакальных актаў садызму ад гэтага наўрад ці нашмат лягчэй; не ўсе ж ахвяры – мазахісты. Тое, што ў суседзяў бывае горай (збіццё ў жніўні маскоўскага актывіста Івана Скрыпнічэнкі, які праз некалькі дзён памёр у бальніцы… помнікі Сталіну і Івану Жахліваму… забарона кнігі слыннага польскага дзеяча Яна Новака-Езёраньскага «Усходнія развагі» як «экстрэмісцкай»…), таксама не дужа суцяшае.

Усё ж і ў Расіі не бракуе «выспачак бяспекі», якія, у прынцыпе, паддаюцца пашырэнню. Добрым знакам для мяне сталася заваёва «альтэрнатыўнымі» кандыдатамі соцень мандатаў на выбарах у мясцовыя саветы Масквы 10 верасня. На перыферыі расійская «апазіцыя» выступіла не так паспяхова; выбарцы па-за МКАДам жывуць горш, затое сістэма больш напружаная і мабілізаваная. Ну, можа, галоўнае наперадзе… І на мясцовых выбарах у Беларусі (пачатак 2018 г.) трэба чакаць адноснага поспеху людзей, не звязаных з адміністрацыяй. Бо многім абрыдлі такія «дзяржымордачкі», як Людміла К., дзяжурная па ідэалогіі Глыбоцкага райвыканкама, з яе пагрозамі журналісту на адкрытым мерапрыемстве. (Мне ўспомніўся падобны эпізод і з беларуска-яўрэйскага жыцця.) У Глыбокім чыноўнічкі наогул тыя яшчэ фрукты: 14.09.2017 абвясцілі на сваім сайце пра «каменданцкую гадзіну» на тэрыторыі раёна ў сувязі з вучэннямі, назаўтра прыбралі гэтую інфу. Дзякуй, што да «Дня адкрытых забойстваў» не даўмеліся… Калі ўсчаўся шум, выставілі тую самую К. тлумачыць, што «каменданцкая гадзіна» была «вучэбная» 🙂

Ці во Павел С., несамавіты ідэолаг з Мінска, у чэрвені 2017 г. узяўся вызначаць, якія песні патрэбныя народу, якія не. Нацкаваў на музыку Алеся Дзянісава (гурт «Dziecіuki») і паэта Алеся Чобата цэлы «мастацкі савет», а потым забараніў выкананне праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі» у сталічным клубе «ІЛІ».

Я паслухаў нумары праграмы, балазе ўсе даступныя ў сеціве. У цэлым яна даволі змрочная – ну, а жыццё (было) якое?.. У некаторых песнях згаданыя пагромы і «жыды». Спробы знайсці апраўданне генералу Булак-Балаховічу крыху рэзалі вуха, але, на маю думку, не выходзілі за рамкі прымальнага. Цяпер заяўнік канцэрта судзіцца з чыноўнікамі, і правільна шчыруе – цэнзура ў нас пакуль яшчэ забаронена Канстытуцыяй, а права на самавыяўленне, наадварот, гарантаванае (арт. 33). Ды прага ўсё кантраляваць і вырашаць за іншых, як ім сябе паводзіць, на практыцы найчасцей дамінуе над «Асноўным законам». Чатыры гады таму захацелася «некаторым» ліквідаваць Вышэйшы Гаспадарчы суд, прадугледжаны Канстытуцыяй, – і ліквідавалі.

Вядома, нікуды тутэйшыя ідэолухі і «моцныя гаспадарнікі» не дзенуцца з наменклатуры, але ў выбарных органах, будзьма лічыць, налета іх усё ж паменее. Як бы ні імкнулася нобелеўская лаўрэатка давесці, што народ у цэлым «падтрымлівае Пуціна і Лукашэнку», па стане на верасень 2017 г. павераць у гэта хіба што самыя наіўныя грузінскія слухачы.

Бяда не ў дробных чыноўніках, а ў тых, хто іх прызначае. Таксама і ў «інтэлектуалах», якія не бачаць рэальных праблем, а бачаць уяўныя, заводзячы сваю паству ў тупік.

Не раз адзначаў ужо, што істэрыкі пра «дзікунскі рэжым» часам ладзяцца на пустым месцы, што падрывае аўтарытэт «незалежных СМІ», апанентаў лукашызму ўвогуле. Зволілі, да прыкладу, пенсіянера, які загадваў філіялам дзяржаўнага музея ў Брэсцкай вобласці ды не зусім спраўляўся з гаспадарчымі справамі (хоць экскурсіі ладзіў добрыя) – адразу гвалт пра непапраўную шкоду для культуры. Сам герой публікацый не хацеў агалоскі, але каго тое хвалюе?.. Ці во свежы выпадак: прафесар-беларус з Пецярбурга быў заяўлены на Міжнародным Скарынаўскім кангрэсе, не змог прыехаць праз недахоп грошай – значыць, яго даклад «забаронены». Не толькі сумнавядомая «Хартыя», а і «Радыё Свабода» 14.09.2017 істэрычна гукнула пра тое, што прафесару «адмовілі ва ўдзеле», ды праз гадзіну-дзве ціхенька паправілася, маўляў, справа ў «тэхнічных прычынах». Атракцыён нечуванай павагі да чытачоў…

На 950-годдзе беларускай сталіцы «Свабода» 09.09.2017 унесла раман М. Кульбака ў спіс 20 найлепшых кніг пра Мінск. Добра, але і тут не без задзірыны: «Пісаў на дзяржаўнай мове ідыш». М. К. пісаў на ідышы задоўга да таго, як гэтая мова стала афіцыйнай у БССР.

Чарговы раз стрэліў міма касы Гары Каспараў, якому я шчэ летась радзіў аддаліцца ад грамадска-палітычнай дзейнасці. Ад эмігранта – ані слова падтрымкі (ці простага спачування) арыштаваным у Расіі экс-чыноўнікам Бялых і Улюкаеву, затое шмат зласлівасці, памножанай на няведанне гісторыі: «Няхай адны бандыты “мочаць” іншых – гэта аслабляе рэжым». Пра Эрнста Рома, забойства якога ў 1934 г. толькі ўзмацніла гітлераўскую ўладу, нагадалі ў каментах… Я перакананы, што Пуцін не тоесны Гітлеру, але ў каспараўскай сістэме каардынат, дзе Аляксей Улюкаеў быў «рэйхсміністрам», а Мікіта Бялых – «гаўляйтарам», згадка дарэчная. Але нашто далёка хадзіць – чаму Г. К. было не зірнуць на Беларусь, дзе «міністры-карупцыянеры» арыштоўваюцца ўжо гадоў 20, а рэжым ад гэтага не паваліўся?..

Кепскія навіны з Украіны: 6 верасня ў аварыі на дарозе загінула чацвёра палітолагаў і адзін журналіст. Папраўдзе, нікога з іх не ведаў, але балюча, калі сыходзяць калегі… У Беларусі чорным годам для паліталогіі стаў 2011-ы, калі з інтэрвалам у некалькі месяцаў памерлі Святлана Навумава, Віталь Сіліцкі, Ірына Бугрова. На жаль, тых, хто застаўся, не пачалі цаніць больш, і во сёлета ў канцы жніўня пайшоў з жыцця паліттэхнолаг з Полаччыны Алег Багуцкі. У 49 гадоў (!) Апошнія гады ён жыў у Кіеве, а памёр у кыргызскім Бішкеку, што таксама сведчыць пра тутэйшую атмасферку.

А добрая вестка нечакана прыйшла з Азербайджана – Ільхам Гейдаравіч Аліеў адпусціў-такі свайго палоннага, ізраільска-расійскага блогера Аляксандра Лапшына, пра якога мы пісалі, напрыклад, тут і тут. Мілая драбяза: акурат перад вызваленнем вязня або спрабавалі забіць (так ён сам кажа), або ён быў даведзены да спробы самазабойства (паводле заявы афіцыйнага Баку). Няйначай у апошні момант умяшалася валавокая Мехрыбан і змякчыла сэрца «султана»: акурат як у рамане Аляксандра Бяляева «Арыэль» (1941) раджыня, адрозна ад свайго супруга, спачувае галоўнаму герою.

Тым часам Дональд Фрэдавіч Трамп узяў прыклад з Рыгоравіча, махнуў рукой на брутальных мужычкоў ды прасунуў на пасаду дырэктара Белага дома па камунікацыях экс-мадэльку Хоўп Хікс. Каму-каму, а ёй з тутэйшай скромніцай Наталляй Эйсмант будзе пра што пагаманіць – мо вялікаразумныя дамы нават зафрэндзяць адна адну, абмяркуюць навіны моды, фітнэсу… Няхай жыве амерыканска-беларуска-прэс-сакратарская дружба!

Вольф Рубінчык, г. Мінск

17.09.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 18.09.2017  02:07

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (38)

Ізноў здароў! На інаўгурацыю Д. Дж. Трампа зірнуў, рудога хітруна паслухаў, некалькі думак закраліся. Ну, напрыклад…

Амерыка і раней-та не дужа палюбляла «слабыя краіны» (тыя, што лічыла слабымі), а зараз будзе схільная іх «разменьваць», быццам пешкі, налева і направа. Гэта і Беларусі можа тычыцца; некалі ЗША гарантавалі яе тэрытарыяльную цэласнасць, але хто цяпер помніць пра гарантыі 1990-х гадоў?.. Праглынуў жа «заходні свет» парушэнне Будапешцкіх пагадненняў 1994 г., падпісаных некалькімі прэзідэнтамі, у дачыненні да Украіны.

Звычайна пра тое, што «час пустых гутарак прайшоў», на вышэйшым узроўні кажуць найвялікшыя аматары гэтых гутарак (успомнім эпічнае «раздзявацца і працаваць»). Ясная рэч, усё, што Трамп наабяцаў народу, за чатыры гады не будзе выканана, тым больш з яго дзіўнаватай, каб не сказаць дылетанцкай, камандай (пра якую можна пачытаць тут і тут). Але мусульманскім краінам і кітайцам ён, хутчэй за ўсё, галаўнога болю нарабіць паспее, дый сваім суайчыннікам таксама.

Ёсць у Трампа прага дыктатуры і «мафіёзнай дзяржавы», як перасцярог Джордж Сорас, ці не, з упэўненасцю сказаць цяжка. Аднак, калі ён ад пачатку заяўляе «America First», «Buy American and Hire American» («Амерыка перадусім», «Купляйце амерыканскае і наймайце амерыканцаў» – цытую інаўгурацыйную прамову), то беларусам – і ізраільцам, між іншага – цяжэй будзе прадаваць сябе і свае тавары на заакіянскім рынку, прыйдзецца збіваць цану… І паступова заганяць сябе ў крызіс.

Што рабіць? Мабыць, прыслухацца парадаў пана Дональда і кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі. Тут і цяпер бачу іх праз такую прызму: асноўныя дзяржаўныя інстытуты РБ за 25 гадоў сфармаваны, народ (ці насельніцтва, як заўгодна) збольшага прызвычаіўся, што Беларусь – не Расія і не кавалак СССР у вольным палёце… У той жа час унутраных рэсурсаў хранічна не хапае для эфектыўнага развіцця эканомікі. За 2015 г. валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 3,8%, за 2016 г. – яшчэ на 2,6% (МВФ жа прагназаваў мінус 2,2%). Нешта падказвае, што і ў 2017 г. падзенне не спыніцца.

Іменна зараз Беларусі нагвалт патрэбная інтэграцыя з Літвой і Украінай, утварэнне федэрацыі тыпу Злучаных штатаў. Тры названыя краіны маюць розныя сістэмы кіравання, даходы, клімат, але многае іх яднае. І гісторыя – супольнае знаходжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім «ад мора да мора», а потым у Расійскай імперыі… І патрэба ў бяспецы, і дэмаграфічныя цяжкасці.

Краіны Насельніцтва, 1992 (млн. чал) Насельніцтва, 2016 (млн. чал) Мінус
Беларусь 10,22 9,51 6,95%
Літва 3,7 2,89 21,89%
Украіна 52,15 42,7 18,12%

Індэкс чалавечага развіцця ў Літве-2014 ацэньваўся як «вельмі высокі», аднак, здаецца, асаблівых перспектыў у Еўрасаюзе, асабліва пасля «брэксіту», у яе няма. Кіраўніцтва ЕС квазіафіцыйна трактуе Літву як бедную малаўплывовую краіну.

Так, ЕС і НАТА дапамагалі Літве, малойцы, але ў беларуска-літоўска-украінскім «шведскім трохвугольніку» «тройсцвенным саюзе» яна б мела адзін голас з трох, а не з дваццаці васьмі, адкрыліся б новыя рынкі збыту. Хто ведае: мо грамадзяне Літвы, якія масава паехалі на заробкі ў Заходнюю Еўропу, убачылі б перспектывы і вярнуліся на Радзіму…

Агулам тэрыторыя новай супердзяржавы была б толькі крыху меншай за мільён квадратных кіламетраў, што амаль адпавядае плошчы Злучаных штатаў у час іх заснавання (1776). Зняцце мытных і іншых бар’ераў дазволіла б нарасціць даходы – мо на чвэрць, мо на траціну.

Для Украіны ўваход у федэрацыю стаў бы шансам вярнуць страчаныя тэрыторыі, бо адной з прычын іх пераходу пад кантроль Расіі быў незайздросны стан украінскай эканомікі ў 2014 г. Убачаць жыхары Крыма і Данбаса, што суседзі сталі жыць лепей, і з цягам часу пацягнуцца назад… Тут дарэчы будзе заўважыць, што сілавое рашэнне праблемы ў 2017 г., якое прагназуе адзін гора-міністр унутраных спраў, гэта яго «хацелкі»: калі б Украіна была здатная вярнуць свае землі з дапамогай памежнікаў і замежнікаў, то вярнула б у папярэднія два гады.

Саюз трох дзяржаў можна было б назваць проста і сціпла: «Вялікае княства» (ВК :)), не ўдакладняючы, хто на першым месцы, хто на далейшых. Агульная сістэма абароны, агульная валюта – само сабой. Як ёсць княства (канстытуцыйная манархія), то павінен быць і князь… Вось тут і прыгадзіўся б увішны палітык, які здолеў утрымацца ва ўладзе звыш 22 гадоў, што з’яўляецца рэкордам для еўрапейскіх рэспублік пасля 1991 г. Чым не прывабны лозунг: «Спыні будоўлю Астравецкай АЭС – набудзь трон у якасці прызу» 🙂

Лішне казаць, што манарх граў бы ў аб’яднаным краі адно сімвалічную ролю, а кіраваць мусіў бы прэм’ер-міністр, падсправаздачны парламенту. У якасці будучай сталіцы ВК вылучаю кандыдатуру старажытнага Полацка, што будзе даспадобы такой усюдыіснай арганізацыі, як Таварыства беларускай мовы. Але падыйдзе і Навагрудак.

Відавочна, спатрэбіцца ў ВК агульная мова – пры захаванні правоў украінскай, беларускай, літоўскай. Так, мовай афіцыйных зносін магла б стаць англійская або (на нейкі час) руская, аднак лепей узяць эсперанта або… ідыш, хоць бы і ў латынізаванай версіі. Яшчэ сто год таму на ідышы размаўлялі ў нашых палестынах мільёны людзей, а разумелі яго яшчэ больш. Агульнавядома, што ў 1920-30-х ідыш быў адной з афіцыйных моў БССР. Калі жыхары Усходняй Еўропы дбаюць пра традыцыі, то чаму не адрадзіць частку спадчыны на новым грунце? Пагатоў у апошнія гады тут любяць «яўрэйскія матывы без яўрэяў», як у Амерыцы захапляюцца індзейскай атрыбутыкай, нават калі ігнаруюць уласна індзейцаў.

Няхай бы суайчыннікі і суседзі «ўтылізавалі» ідыш, асабіста я не супраць. Нехта з заможных яўрэяў-бізнэсоўцаў мо і прафінансаваў бы курсы, пераклад неабходных дакументаў і г. д. Балазе ў Вільнюсе, дый у Кіеве, цяпер не так ужо мала спецыялістаў.

Для ўтварэння новага «Міжмор’я» (без Польшчы, што істотна) засталася «драбяза»: пасадзіць кіраўнікоў трох краін за круглы стол, каб яны дамовіліся наконт прынцыпаў і даручылі экспертам адпрацаваць дэталі, а потым растлумачыць народам выгоды яднання і правесці некалькі рэферэндумаў.

You may say I’m a dreamer Ir megt zogn ikh bin a bal-khalojmes… Але шмат каму з тутэйшых жыхароў насамрэч цесна ў межах былой савецкай рэспублікі. І выхад да мора ім патрэбны (лепей два :)), і пачуццё прыналежнасці да вялікай дзяржавы. Калі гэтага няма, то гонар за «цэнтр Еўропы» падаецца штучным, а роля «моста паміж Захадам і Ўсходам» не вельмі цешыць. І мадзеюць беларускія нацыяналісты без Вільні, і прыхільнікі імперыі не ведаюць, як ушчыкнуць «недадзяржаву», і ўрадавыя ідэолагі круцяцца, як уюны на патэльні… Заснаванне ВК неяк прымірыла б усіх; энергія беларусаў улілася б у мірнае рэчышча.

Так ці іначай, мой пражэкт не горшы за фантазіі старога мінчука – доктара гістарычных навук, каторы абараняўся пад саветамі, хваліў іх, а потым перакваліфікаваўся ў абаронцу этнасу. Яшчэ гадоў 15 таму прапанаваў прызнаць беларускамоўных беларусаў… нацменшасцю, каб дабівацца іх абароны ў міжнародных арганізацыях. Апошнім часам прасоўвае ідэю нацыянальна-культурнай аўтаноміі белмоўных – марыць «ізаляваць ідэйных беларусаў ад шкоднага знешняга ўплыву», пасяліць мільён «свядомых» ля мяжы з Літвой: «20 тысяч квадратных кіламетраў “нацыянальнай рэзервацыі” першым часам будзе дастаткова». І нічога страшнага: «самае свабоднае» радыё бярэ вялікае інтэрв’ю ў прафесара, яго вычварныя думкі абмяркоўваюцца на поўным сур’ёзе… ОК, на тое і плюралізьмъ.

* * *

Не пашанцавала ў Беларусі Аляксандру Лапшыну, падарожніку-блогеру з ізраільскім ды расійскім пашпартамі (магчыма, і ўкраінскім), які наведаў звыш 120 краін. Ён трапіў у Мінск 14 снежня, акурат у «месячнік дружбы з Азербайджанам» – 28-29 лістапада Лукашэнка лётаў у Баку, узяў у Ільхама Аліева ордэн імя Гейдара і пацалаваў яго (ордэн), паабяцаўшы «адпрацаваць». Каб Лапшын прыехаў, скажам, праз паўгода, ніхто б і ўвагі не звярнуў на запыт пра яго экстрадыцыю, не тое што кінуў за краты на некалькі тыдняў. Вунь Курманбек Бакіеў з 2010 г. вольна сябе пачувае ў Беларусі, хоць афіцыйны Кыргызстан з таго самага года абвінавачвае яго ў значна горшых злачынствах. А так блогер стаўся… не, ўсё ж не пешкай: фігуркай у руках чыноўнікаў.

Месяц у СІЗА, калі створаны «асаблівыя ўмовы», надломіць пераважную большасць арыштаваных – з расповедаў пра 2010-2011 гг. ведаем. 17 студзеня генпракуратура Беларусі пастанавіла выдаць Лапшына, а назаўтра ён напісаў ліст з прабачэннямі азербайджанскаму «баю». Паведамлялі, што консул Ізраіля заверыла ліст і адправіла адрасату. Цяпер наўрад ці будзе плён ад абскарджвання праз суд пастановы аб экстрадыцыі (абскардзіць яшчэ можна да 27 студзеня), бо ахвяра згадзілася гуляць «па паняццях». З іншага боку, што, калі заўтра ці паслязаўтра «начальнікі» пасварацца?!

Выказвалася думка, што, паглядзеўшы на справу Лапшына, турысты з 80 краін, для якіх «адкрылася» Беларусь, не захочуць да нас ехаць. Наўрад ці: 95% мала цікавяцца «палітычнымі гульнямі», а сярод астатніх большасць акурат захоча паказытаць сабе нервы тым, што з’ездзіла ў «апошнюю дыктатуру Еўропы».

Само рашэнне пра «бязвіз» на 5 дзён, якое ўступіць у сілу 12.02.2017, – крок, вядома, станоўчы, але нерашучы; нагадвае прыадчыненне форткі на некалькі міліметраў у памяшканні, дзе няма чым дыхаць. Ці падштурхне ён да развіцця турыстычную галіну, якой апякуецца ў тым ліку і «наш» чалавек – Вераніка Дарожка, экс-дырэктарка Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання, а з пачатку 2016 г. – кіраўніца Нацыянальнага агенцтва па турызму?

За паўмесяца В. Д. не знайшла часу, каб адказаць на пару маіх простых пытанняў, зададзеных праз e-mail 06.01.2017. Мог бы напейсаць афіцыйна, адправіць у офіс заказным, ды навошта? Ёсць мудрая беларуская прыказка: «даганяючы не нацалуешся». Да таго ж успомніў, як у канцы лістапада 2016 г. гэтая дама абрынулася ў фэйсбуку на ініцыятыву «Мінскі велашпацыр», якая дала не зусім паліткарэктны анонс «яўрэйскай экскурсіі». Вераніка пачала іх (канкрэтна, «хлопчыка» Рамана Абрамчука) «вучыць жыццю»… У цяперашніх умовах паміж чыноўнікамі-кантралёрамі і дробнымі прадпрымальнікамі я выбіраю прадпрымальнікаў, якія робяць нешта новае, няхай недасканала.

Мой скромны ўклад у развіццё турыстычнай галіны – прапанова падправіць вулічны знак ля гасцініцы «BonHotel» у заходняй частцы Мінска 🙂

Зараз, як можна бачыць, іншамоўных людзей частуюць «вуліцай Бейрута», як бы намякаючы, што ў нас суперпрыязныя стасункі з Ліванам… Не варта іх падманваць; слушна «Bieruta». Дарэчы, гэтую вуліцу грамадскія актывісты, прыхільнікі хаўрусу з антыкамуністычнай Польшчай, сёлета хацелі б пераназваць: «Можа, Менску варта зрабіць партнёрскі жэст, і замест Берута пашукаць іншага дзеяча з шматвяковай супольнай гісторыі для ўшанавання?» А на мой одум, хай застаецца: усё ж гэты паляк, дарма што выглядае сталінскай марыянеткай, паспрыяў перамозе над нацызмам. У любым разе, лепей ужо вуліца Берута, чым «хлопцаў-балахоўцаў»… Рушыць старызну трэба абачліва; той жа Кіеў, дзе ўлетку 2016 г. з’явіўся праспект Бандэры і быў знесены помнік славутаму «чырвонаму» партызану, украінцу Каўпаку, не з’яўляецца ў гэтым сэнсе пазітыўным прыкладам.

Вольф Рубінчык, г. Мінск,

22.01.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 22.01.2017  19:44

P.S. Рэдакцыя belisrael.info напамінае, што “Катлеты і мухі” – аўтарская рубрыка В. Рубінчыка, дзе ён выказвае свае асабістыя меркаванні.

***

Комменты из фейсбука:

Александр Барабаш (Украина – Израиль) 22 янв. 21:38 Мамелойшн міжнаційонального спілкування!

Margarita Akoulitch (Минск) 22 янв. 21:53 Согласна

***

Яшчэ адно меркаванне чытача, атрымана 25.01.2017 (П. Лашкевіч, г. Мінск):
“У любым разе, лепей ужо вуліца Берута, чым «хлопцаў-балахоўцаў»…” Цалкам згодзен! Кіеў і ў маіх вачах не з’яўляецца пазітыўным прыкладам у плане перайменавання вуліц.