Tag Archives: Пётр Прокопович

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (106)

Хочацца, не хочацца, а шалом! Вось і юбілей Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь падкраўся – Вярхоўны Савет яе зацвердзіў 25 год таму. Старшыня Грыб М. І. падпісаў амбівалентны тэкст, дзе адпачатку ўсё ж не было такіх перлаў, як «У вьшадку», «сазеты», «Вярхоўны Савег», «Рэспубліісі Беларусь», «Кантродьная палата», «Каыстытуцыйны Суд» («дзякуй» за іх парталу pravo.by). У сакавіку 1994 г. не абы-якія паўнамоцтвы гарантаваліся будучаму прэзідэнту (баялі, праз сваіх міньёнаў пашчыраваў тагачасны прэм’ер-міністр Кебіч, які мерыўся заняць прэзідэнцкі фатэль), але ж ладны кавалак улады дэпутаты пакінулі сабе. Праз гэтую дваістасць потым як заіскрыла!..

Версія Канстытуцыі 1996 г., падрыхтаваная ў нетрах лукашэнкаўскай адміністрацыі, раскалола Вярхоўны Савет у простым і пераносным сэнсах. Другі раз Канстытуцыя мянялася дзеля «стабільнасці» канкрэтнай асобы, і той асобе ўвосень 2004 г. быццам бы дазволілі балатавацца на трэці ды наступныя тэрміны прэзідэнцтва. Кажу «быццам бы», таму што з юрыдычнага пункту гледжання рэферэндум 17.10.2004 выявіўся, мякка кажучы, сумнеўным мерапрыемствам – нават вікіпедыя пацвярджае.

Так ці іначай, народ не здолеў абараніць першую Канстытуцыю сваёй суверэннай дзяржавы ад ператварэння ў закладніцу абставінаў. Дзіва што: бальшыня жыхароў Беларусі за гэтыя 25 гадоў наўрад ці ўспамінала пра існаванне «асноўнага закона» часцей, як 25 разоў. Так, увосень 1996 г. ішлі бурныя дыскусіі вакол двух праектаў, вынесеных на рэферэндум, – ну і рытуальна СМІ кожны год нагадваюць, што 15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі. Пазіцыю «люду паспалітага» даволі добра адлюстроўвае даўні казьма-пруткоўскі афарызм: «При виде исправной амуниции / Как презренны все конституции!» Багема ж магла працытаваць наступнае, блокаўскае: «Ты будешь доволен собой и женой, / Своей конституцией куцой, / А вот у поэта – всемирный запой, / И мало ему конституций!»

Зварот да паштовага начальства, прыпраўлены спасылкай на Канстытуцыю. Пасля гэтага ўлетку 2010 г. прыйшла нарміроўка, і аклады паштальёнаў 104-га аддзялення былі падвышаны ў сярэднім на 10%.

Двойчы Канстытуцыя перапісвалася па ініцыятыве А. Лукашэнкі. Цяпер ён загаманіў пра новую рэдакцыю, што мае быць прынята ў пачатку 2020-х гадоў… Нібыта Канстытуцыйны суд ужо над ёй працуе.

З улікам «модных» антыліберальных трэндаў (прэс-сакратарка Лукашэнкі лічыць, што дыктатура – «брэнд» Сінявокай, не баг, а фіча; акурат як у КНР, адкуль, відаць, вецер і дзьме) прагноз неспрыяльны… Мяркую, у новай версіі будзе знішчана ўсё прыстойнае, што яшчэ захавалася ў тэксце. Палітычным сілам, якія арыентуюцца на здаровыя глузды, варта быць напагатове. Але мала проста даць адлуп ініцыятыве з «Чырвонага дома».

Самі па сабе карэктывы тэксту дапраўды наспелі, не раз пісаў пра гэта. Важна перахапіць ініцыятыву – і «знізу» дабіцца ўдасканалення Канстытуцыі. Вядома, фундаментальныя артыкулы, асабліва тыя, дзе сказана пра паўнамоцтвы прэзідэнта, урада і парламента, дый пра няісны з 2013 г. Вышэйшы гаспадарчы суд, змяніць гэтак немажліва: значыць, трэба патрэніравацца на кошках на іншых раздзелах. Балазе трэці («Выбарчая сістэма. Рэферэндум»), пяты («Мясцовае кіраванне і самакіраванне»), шосты («Пракуратура. Камітэт дзяржаўнага кантролю»), сёмы («Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь»), тэарэтычна, паддаюцца ўдасканаленню і без рэферэндуму (гл. арт. 140).

Вось арт. 74, дзе гаворыцца пра рэспубліканскія рэферэндумы, гучыць так: «назначаюцца… па прапанове Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, якая прымаецца на іх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад устаноўленага Канстытуцыяй складу (поўнага складу) кожнай з палат, або па прапанове не менш як 450 тысяч грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у тым ліку не менш як 30 тысяч грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска». А чаму б не зменшыць колькасць подпісаў, патрэбных для арганізацыі рэферэндуму ў РБ? Каб замест 450 тысяч было напісана «300 тысяч», замест 30 тыс. – 20 тысяч. Зараз 450 тыс. аўтографаў сабраць амаль не рэальна, а вось зніжэнне бар’еру ў паўтара разы магло б і падштурхнуць мясцовыя палітычныя сілы да «працы з насельніцтвам»… Знізіць бар’ер варта яшчэ і таму, што жыхароў у Беларусі за 1996–2019 гг. значна паменела – бадай на 700 тысяч.

Паводле арт. 121, да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў належыць назначэнне мясцовых рэферэндумаў. Я б дадаў пасля «назначэнне» – «і арганізацыя». Выбарны орган, якім з’яўляецца савет дэпутатаў, не павінен у такой справе, як выяўленне народнай волі, залежаць у арганізацыйных пытаннях ад «вертыкалі» з прызначэнцамі на чале (выканкам або мясцовая адміністрацыя).

У арт. 126 пра генпракурора чаму б не дапісаць: «Генеральны пракурор назначаецца з ліку асоб, якія маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю». І, па аналогіі з членамі Канстытуцыйнага суда: «Гранічны ўзрост – 70 гадоў». І ў арт. 131: «Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю назначаецца прэзідэнтам» дадаць: «…з ліку асоб, якія маюць вышэйшую юрыдычную або эканамічную адукацыю», зноў жа, пазначыўшы гранічны ўзрост (70). Сэнс правак – у тым, каб не прапускаць дылетантаў на ключавыя кантрольныя пасады, а таксама не рабіць з гэтых пасад сінекуры для пенсіянераў. Аналагічны даважак напрошваецца ў арт. 136, дзе гаворыцца пра Нацыянальны банк: «Члены праўлення Нацыянальнага банка прызначаюцца з ліку асоб, якія маюць вышэйшую эканамічную або фінансавую адукацыю і вопыт адпаведнай працы не меншы за 10 гадоў». Зразумела, так сабе абарона ад Чэ Гевараў і Пятроў Пятровічаў з інжынерна-будаўнічым бэкграўндам, аднак лепшая, чым нічога.

У арт. 135 ёсць куртатая норма: «Справаздачы аб выкананні рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў публікуюцца». Калі, дзе? Прапаную дапоўніць: «не пазней шасці месяцаў з дня заканчэння справаздачнага фінансавага года, у тым ліку на агульнадаступных электронных рэсурсах». Калі ўсе справаздачы будуць вывешвацца ў інтэрнэце – а не толькі друкавацца ў «раёнках» – гэта шмат каму дапаможа, напрыклад, даследчыкам, інвестарам. І мясцовыя ўлады, апрыёры, пачнуць абыходзіцца з бюджэтам больш адказна.

Такім чынам, можна было б удасканаліць 6 артыкулаў Канстытуцыі са 146. Усе прапановы ў плане прымальнасці адносяцца, падобна, да «шэрай зоны», г. зн. Лукашэнка і яго атачэнне (адміністрацыя, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў) па ўласнай ініцыятыве іх прасоўваць не будуць, але ж і блакіраваць важкіх падстаў няма. Таму нават праз такую «дрыгву», як цяперашні квазіпарламент (Нацыянальны сход), праўкі маглі б прайсці.

Што застаецца? Сабраць за іх 150 тыс. подпісаў грамадзян у адпаведнасці з арт. 138 Канстытуцыі. Наколькі гэта рэальна, пытанне складанае, але дапусцім, што ў Беларусі ёсць 10 дзеяздольных суполак «альтэрнатыўных сіл», і ў кожнай з іх – па 1000 «штыхоў»… Тады кожнаму актывісту досыць будзе сабраць 15 подпісаў – справа аднаго-двух дзён. Асабіста я, дарма што беспартыйны, гатовы размахнуцца на збор дваццаці, мо нават дваццаці пяці 🙂

«Дзвіжуху» я б назваў (умоўна) «За Канстытуцыю для народу». З аднаго боку, арганізатары паспрабавалі б хоць на каліва пашырыць народаўладдзе, з другога – спраўдзілі б уласныя сілы перад парламенцкімі і прэзідэнцкімі «выбарамі». Толькі рабіць усё трэба хутка, каб пралезці ў «акно магчымасцей» – паспець да восеньскай сесіі палаты прадстаўнікоў (змяненні і дапаўненні Канстытуцыі не праводзяцца ў апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў палаты – арт. 138).

Ці здольныя ўмоўныя 10 суполак дамовіцца міжсобку, часова адкінуць рознагалоссі дзеля карыснай справы? Пажывем-пабачым, наступны месяц усё вырашыць – а што тут яшчэ скажаш…

Для разрадкі – навіна, якая звыш 24 гадзін красавалася на галоўнай старонцы папулярнага беларускага сайта:

Бедны Тэль-Авіў – і Зена, і «оправится»! Ды перажываў «белы горад» і не такое 😉

А цэнтр Мінска 8 сакавіка перажыў новы масавы жаночы набег забег «Beauty Run». Арганізатары & журналісты заяўлялі, што пабіты мінулагодні рэкорд (3-3,5 тыс. удзельніц; насамрэч у 2018 г. іх было пад 2000, фінішавалі 1519) – маўляў, імпрэза прыцягнула звыш 5 тыс. жанчын. Што на плошчы Незалежнасці бягух сабралося багата, няма cумневу; мо сёлета «планка» ў 3000 і была ўзятая… Тым не менш даруйце, федэрацыя лёгкай атлетыкі, tut.by ды іншыя; пяць тысяч удзельніц – гэта пакуль што wishful thinking. Нямала тых жанчын, якія папярэдне запісаліся ў масавы забег, фактычна не выйшлі на старт. Ну, у сяброўскім Кітаі прыпіскі робяцца на ўзроўні правінцый або нават краіны, ёсць каго імітаваць 🙂

 

Медаль (разам з ружай выдаваўся кожнай з фінішорак) быў традыцыйна харошы. Пацешыла таксама тое, што імпрэза натхніла Сяргея Варыводу на гумарны рэпартаж. Самаіронія – тое, чаго звычайна бракуе беларускім журналістам, а тэкст Варыводы ўсцяж на ёй трымаецца. Дарэчы, шкада яго тутбаеўскага калегу Арцёма Ш., вымушанага весці праект «Разжавана» з «тлумачэннямі» складаных тэм за 3 мінуты – сама назва праекта выклікае сумныя думкі 🙁

…Пакуль таптаўся па плошчы ў чаканні жонкі пасля «Прыгожага забегу», прыкмеціў шыльду з памылкай. Гэтых шыльдаў з «Minicipal» замест «Municipal» нават дзве – з «усходняга» і «заходняга» бакоў спуску ў гандлёвы цэнтр «Сталіца».

«Кампетэнтныя органы», выправіце? 🙂 Прэцэдэнты апошнім часам здараліся

* * *

На жаль, вышэйзгаданая «галоўная прэс-сакратарка РБ», хоць і недалёка адышла ад Віскуна з оруэлаўскай «Фермы», у чымсьці мае рацыю, разважаючы аб тым, што ў свеце ёсць (або можа з’явіцца) попыт на дыктатуру. Узяць адно радыё, што вяшчае з суседняй краіны, дзе, кажуць, пасля 1989 г. усталявалася «кансалідаваная дэмакратыя», – яно не грэбуе нейтральна-пазітыўнай трактоўкай нацыста 1930–40-х гадоў. «У Вільні… быў адным з арганізатараў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі. Падчас Другой сусветнай вайны рэдагаваў у Менску Беларускую газету», – пішуць гэтак жа рахмана, як пра атрыманне «героем» пачатковай і сярэдняй адукацыі.

«Мода» на Казлоўшчыка (у «Новым часе» быў пра яго спачувальны артыкул яшчэ ў 2016 г.) рыфмуецца з прагай «парадку» і «моцнай рукі», што існуе не толькі сярод лукашэнкаўцаў. І справа не так у папулізме, як у скочванні ў палітычную архаіку.

«Вольфаў цытатнік»

«У журналістыцы скандалы – сігналы, якія спаборнічаюць за прыцягненне ўвагі чытачоў у моры інфармацыі. Людзі настолькі распешчаны моцнай інфармацыйнай плынню, што для стварэння рэзанансу неабходна даводзіць нейкія рэчы да абсурду» (Нэлі Гуціна, 1995)

«Прыхільнікі эканамічнай правіцы могуць ставіцца да багацця з рэлігійным піетэтам, але мы не абавязаны паважаць іхнія погляды ў гэткай жа ступені, як паважаем чужую рэлігію і веру» (Джонатан Чэйт, 2009)

«Людзі ненавідзяць сваіх герояў / Болей, чым любяць уласных дзяцей» (Фёдар Жывалеўскі, 201?)

«Хіба не даводзілася нам бачыць тысячу разоў, як выходзіць на трыбуну чыноўнік і пачынае скардзіцца нам на праблемы ў яго ведамстве або галіне? Як быццам мы самі пра гэтыя праблемы не ведаем! Як быццам мы павінны гэтыя праблемы вырашаць, а не ён» (Антон Арэхъ, 06.03.2019).

«Наш чалавек прызвычаіўся, што паміж словамі і справамі – бездань. Ён прызвычаены не словы слухаць, а між радкоў чытаць. Рэальная палітыка, у нашым разуменні, ад пабочных вачэй схавана, а тое, што гаворыцца на публіцы – толькі для маскіроўкі… Каб табе паверылі, аднаго або двух выступаў мала. Давер або недавер да цябе будзе назапашвацца доўга, паводле сукупнасці крокаў…» (Абас Галямаў, 10.03.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

11.03.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 11.03.2019  22:11

Водгук

Перачытаў некалькі разоў. Вельмі цікавыя прапановы, асабліва па змяншэнні падпіснога бар’ера. Тут сапраўды трэба кожную кропку і коску прасоўваць, якая хоць трохі аблегчыць жыццё і далейшае змаганне.

Алесь Рэзнікаў, г. Мінск   (27.03.2019  14:08)