Tag Archives: попрошайки в Израиле

В. Рубінчык. Яшчэ не склаўся пазл

У канцы чэрвеня – пачатку ліпеня пабываў я ў Ізраілі чацвёрты раз у жыцці. Раней (1996, 1998, 2000) лётаў штораз на шэсць тыдняў, сёлета абмежаваўся трыма. Праўда, гэтым разам быў з жонкай – на кожнага па тры тыдні, то і выходзяць «традыцыйныя» шэсць…

Спыняліся ў Петах-Тыкве, па некалькі дзён прабавілі ў Іерусаліме і Эйлаце, а па колькі гадзін – у Тэль-Авіве-Яфа і Цфаце. Заязджалі таксама на Мёртвае мора. Бачылі поўнач і поўдзень, захад і ўсход краіны. Здавалася б, усё добра, можна толькі пазайздросціць. Але.

Сямнаццаць год таму па вяртанні, прыпамінаю, уражанні былі цэльныя, хацелася адразу напісаць кнігу. Зараз няма такой цэльнасці. Мо праз тое, што высаджваўся ў аэрапорце імя Бен-Гурыёна з галавой, загружанай мінскімі праблемамі – да іх у Ізраілі імпэтна далучыліся і некаторыя міжземнаморскія. У выніку не ўдалося мне скласці свой «пазл» да канца.

Усё-такі, аглядаючы Ізраіль-2017, параўноўваючы яго з Ізраілем-2000, маю штосьці гукнуць «са сваёй званіцы». Краіна для турыстаў – гэта па-ранейшаму ярка, досыць шумна… а таксама дорага і бруднавата. Калі падарожнічаць не толькі па калідорах гатэляў, ясная рэч.

На «парасонавай» вулачцы ў Іерусаліме такі ярка

Да шуму я стаўлюся хутчэй пазітыўна, калі ён – прыкмета жывога, але такі шум, як ні дзіўна, у Ізраілі паціху глухне. Элементарнае: у аўтобусах ужо рэдка калі пачуеш гаману, кожны другі, як і ў Мінску, сядзіць, занурыўшыся ў свой гаджэт. Ехалі мы з Петах-Тыквы ў Тэль-Авіў праз Бнэй-Брак і Рамат-Ган (дарога з усімі прыпынкамі, нечакана доўгая), зайшлі ў салон дзяўчаткі, расчырыкаліся… Дык нейкі важны дзядзя асадзіў іх: «Тут не школа». Яны і прыціхлі, аж мне шкада было. І на рынках, як падалося, гандляры ўжо менш схільныя крычаць-зазываць пакупнікоў, хоць і засталіся яшчэ асобныя «луджаныя горлы». Нават у Старым горадзе Іерусаліма нам з жонкай не дужа дадзявалі… З аднаго боку, добра, з другога – як жа каларыт?

Абменны пункт, або «Пераключальнік грошай» 🙂

Шум цяпер у Ізраілі збольшага механічны – аўтамабільны парк, выглядае, павялічыўся ў разы. Яно б нічога, за апошнія гады пабудавана шмат новых магістраляў, аднак вулачкі-та ў гарадах не пашырыліся. І блукаюць пешаходы між машын, і веласіпедыстам мала дзе прыткнуцца. Чуў, дарэчы, што з гэтага года забараняюць ім ездзіць па тратуарах: рашэнне яшчэ не ўвайшло ў сілу, аднак вось-вось увойдзе. У такім разе небяспека для аматараў «чыстага» віду транспарту істотна павялічыцца.

«Тут з асалодай жыве сям’я бутэлек Петах-Тыквы» – крэатыўная замануха, каб гараджане насілі пластык у спецыяльныя кантэйнеры

Як правіла, ізраільцяне ў адносінах да гасцей краіны – мілыя, клапатлівыя людзі, не вынятак і рускамоўныя імігранты. Нашу сям’ю кранальна апякалі ва ўсіх названых гарадах, пускалі пераначаваць, частавалі і г. д. 87-гадовы настаўнік матэматыкі, выхадзец з Беларусі, звазіў на ўласным аўтамабілі ў петах-тыквенскі рэстаран – зрабіў мне такі падарунак да дня народзінаў. Паліцыянт, да якога я звярнуўся з пытаннем ля Мёртвага мора, убачыўшы, што не маю з сабою вады (засталася ў жонкі), працягнуў поўную бутэльку. Іўрытамоўная жанчына на аўтавакзале ў Цфаце дапамагла даць рады з хітрамудрым раскладам руху аўтобусаў… Учынкаў, за якія выпадала казаць «дзякуй», «спасибо» ці «toda raba», было шмат.

   

Гуляю з юнаком у шахматы, «малыя» і «вялікія». Тэль-Авіў, вул. Гашамэр

І ўсё ж… Разняволенасці, упэўненасці ў сабе, якімі я некалі захапляўся, у мясцовага люду не дадалося. Кантраст з Беларуссю перастаў кідацца ў вочы: «правілы гульні» ў эканоміцы такія, што лёгка пазбавіцца заробку, знайсці яго цяжэй (хаця фармальна беспрацоўных у Ізраілі менш за 5%). Як і ў нас цяперака, начальнікі шмат дзе могуць не даплаціць, а то і проста выкінуць з працы. Чуў рэальныя гісторыі.

Відаць, не ад добрага жыцця многія ізраільцы, не адно імігранты, апошнім часам сталі збіраць і здаваць бутэлькі па 0,3 шэкеля за штуку. Цэны ў краіне досыць высокія, нават на рынках; цяпер прадаецца нават тое, што гадоў 20 таму часам і выкідвалася, аддавалася задарма. Вядома, дабрачыннасці і «яўрэйскай салідарнасці» ніхто не адмяняў – ёсць склады, бясплатныя сталоўкі… Аднак такі варыянт не ўсім падыходзіць.

Калі разважаць пра бяспеку ў гарадах, то мы гулялі па іх без аніякага страху, дабраўшыся 30 чэрвеня аж да Храмавай гары ў Іерусаліме (кароткую праверку ля ўваходу вытрымалі з гонарам!). Ды не паспелі пахадзіць тамака і чвэрць гадзіны, як нас, разам з іншымі турыстамі, прагналі адтуль спецслужбоўцы. Атмасфера была насамрэч напружаная – праз падрыхтоўку да пятнічнай малітвы? – і я не здзівіўся, калі прыйшла вестка пра тэракт 14 ліпеня з забойствам двух ізраільскіх паліцыянтаў-друзаў… Пачытаеш хроніку тэрактаў за 2015–2017 гг. – і разумееш, чаму не так ужо багата ўсмешлівых твараў на вуліцах Іерусаліма.

Вул. Кінг Джордж у Іерусаліме. І ў 1998-м, і ў 2017-м я імкнуўся быць «на кані».

«Трэмп» у Ізраілі цяпер зусім не такі папулярны, як Трамп… Трэмп – гэта аўтастоп, калі хто не скеміў. Лавіў аўтамабілі ля адной з гор Цфата і на павароце да Эйн-Гедзі – агулам за сорак мінут спыніўся толькі адзін чалавек, і тое яму было з намі не па дарозе. Як мне патлумачылі, ізраільцы баяцца падвозіць незнаёмых… У 1990-х, падаецца, было іначай.

Раней я не раз пісаў пра эканамічныя дасягненні Ізраіля, у прыватнасці, пра рост валавага ўнутранага прадукта і золатавалютных рэзерваў. Дык вось, на вонкавым выглядзе гарадоў той рост адбіваецца слаба. Хмарачосы як хмарачосы, але па-ранейшаму часцяком трапляюцца старыя будынкі, сярод іх ушчэнт занядбаныя. Папрашаек на вуліцах у параўнанні з канцом ХХ ст. візуальна меней не стала – мо наадварот. І ў Іерусаліме, і ў Тэль-Авіве (раён цэнтральнай аўтастанцыі наганяе сум, бо нават з акна аўтобуса відаць трушчобы). Агаваруся, што ўсёй карціны за тры тыдні я не бачыў і не мог бачыць.

На вуліцы Шолам-Алэйхема ў Тэль-Авіве

Эйлат – асобная «песня», за 20 гадоў ён-такі стаў курортам міжнароднага значэння, і адначасна даволі ўтульным горадам для жыцця. Пляжы і гатэлі на любы густ, з рыбкамі і без, цудоўная падводная абсерваторыя (уваход – каля 100 шэкеляў з «носа», але справа таго вартая), фантаны з музыкай па вечарах – гэта ўсё Эйлат.

Платны туалет – даволі рэдкая з’ява ў Ізраілі, бо процьма бясплатных

Мора – унізе, а мы жылі амаль на самым версе (Mish’ol Ha-Ma’arav, «Заходняя сцежка»), і штодня праходзілі па тры-чатыры кіламетры пад гару і ўгору: практыкаванне ў спёку не самае прыемнае, але ж і не фатальнае. Цешылі вочы вычварныя скульптуры тыпу дрэва-святлафора, стэнд з гарадамі-пабрацімцамі Эйлата, дзе пазначана і ўкраінская Ялта…

Дзіўна, што ў гэтым спісе няма беларускіх назоваў. На беразе Чырвонага мора з пачатку 1990-х жыве пісьменнік-рабочы Давід Шульман, які шмат зрабіў для збліжэння жыхароў дзвюх краін, а ў прыватнасці, Эйлата і Барысава. Празрысты намёк гарадскім саветам абодвух гарадоў 🙂

У кватэры з дасканалай сістэмай ахалоджання паветра лавіў кайф, перачытваючы Уладзіміра Набокава. Да некаторых твораў дабраўся ўпершыню, і вось урыўкі з «Шляхаводніка па Берліне», якія проста клаліся на нашае адчуванне: «У кожным вялікім горадзе ёсць своеасаблівы зямны рай, створаны чалавекам… раю наведваць дом земнаводных, насякомых, рыб… І вядома, трэба паглядзець, як кормяць чарапах». Мы з жонкай усё гэта назіралі – не ў берлінскім заапарку, а ў эйлацкім акіянарыуме.

З другога боку… хапае ў Эйлаце, як і ў іншых мясцінах, вуліц, пакрытых брудам; немалую ролю тут граюць хатнія гадаванцы. Уражанне такое, што цяпер палова сем’яў трымаюць сабачку, хто-ніхто і па два. Улады з дапамогай плакатаў папярэджваюць гаспадароў, каб не пакідалі пасля прагулак сабачае гаўно, ды гэта слаба дапамагае.

Вясёлы кліп ад Ніра & Галі пра коціка і птушку. Жэстачайшэ рэкамендуецца для прагляду

Безліч у ізраільскіх гарадах і катоў – рудых, шэрых, усялякіх. Часта яны сядзяць ля ўваходаў у крамы, адкуль кандыцыянер гоніць свежыя струмені – ратуюцца ад спёкі, значыць. Паводзяцца па-гаспадарску. Вунь адзін разлёгся пасярод тавару (знята на рынку Кармель у Тэль-Авіве).

Што зачапіла мацней – сітуацыя з Мёртвым морам; яно, слушна адзначалі розныя аўтары, літаральна памірае, бо вада з ракі Іярдан практычна не даходзіць да мора-возера. Я зрабіў памылку, вырашыўшы з Эйлата заехаць у Эйн-Гедзі і паплюхацца ў салёнай вадзе (помніў з 1996 г., што ля запаведніка ёсць грамадскі пляж). Той самы паліцыянт, які прэзентаваў мне бутэльку, патлумачыў: уся паўночная частка Мёртвага мора закрыта для купання. Насамрэч паўсюль тырчэлі плакаты: «Асцярожна, правалы ў глебе», «Купанне забаронена». Тым не менш я пераадолеў круты спуск і дабраўся да берагавой лініі, падзівіўся з гранул солі, што сабраліся ў «кветкі», памачыў ногі, пафоткаў… На жаль, камера з мабільнага не перадасць усіх нюансаў.

Праваахоўнік радзіў вярнуцца на 25 кіламетраў у бок Эйлата, у Эйн-Бакек, што мы з жонкай і зрабілі. Праўда, паўднёвую частку, разрэзаную канальцамі, ужо цяжка ўважаць за «сапраўднае» мора, дый пейзажы там менш маляўнічыя. Аднак людзі ахвотна прыязджаюць здаля, бо вада, кажуць, валодае-такі лекавым эфектам. Паляжалі ў ёй і мы.

* * *

Агулам, за 17 гадоў Ізраіль, пабагацеўшы, не здолеў вырашыць многія свае праблемы – сацыяльныя, дэмаграфічныя, экалагічныя. На лакальных узроўнях робіцца нямала – пабудавана трамвайная лінія ў Іерусаліме, што дазволіла разгрузіць цэнтр горада, будуецца нешта падобнае ў Тэль-Авіве… Аднак рызыкну дапусціць, што ў стратэгічным плане дзяржава топчацца на месцы. Пры ўсёй павазе да Бібі Нетаньягу (дасведчанага тактыка, майстра кампрамісаў), няма зараз нацыянальнага лідэра, голас якога лавіла б уся краіна, дый ці будзе?.. Па вялікім Тэль-Авіве развешаны гіганцкія плакаты з выявай Машэ Кахлона, міністра фінансаў, які яўна рыхтуецца да выбараў. Напэўна, гэта не найгоршы экземпляр палітыка, але хто гарантаваў бы, што, трапіўшы на самы верх, ён не пойдзе за сваім цёзкам Кацавам або Эхудам Ольмертам, нядаўна выпушчаным з турмы? Асабіста я не схільны давяраць тым, хто шукае папулярнасці праз каляровыя карцінкі.

Якраз у час нашага прыезду ўсчаўся чарговы скандальчык – урад Ізраіля пастанавіў прыпыніць пагадненне ад 31.01.2016, згодна з якім прадстаўнікі кансерватыўнага і прагрэсіўнага іудаізму атрымлівалі некаторыя правы ля Муру Лямантаў (Сцяны Плачу). Большасць аналітыкаў ацаніла крок прэм’ер-міністра як саступку ультраартадоксам, прысутным і ва ўрадзе. Ёсць думка (вычытаў у газеце «Наguesher»), што пагадненне было заключана ў эпоху Абамы, каб залучыць на свой бок лідэраў амерыканскіх яўрэяў, а калі прыйшоў Трамп, то з ім у Нетаньягу ўсталявалася непасрэдная сувязь, і ў падтрымцы тых лідэраў – сярод якіх нямала ўплывовых людзей – ужо няма патрэбы… Ізраільцам ніхто не забараняе сварыцца з багатырамі: іншае пытанне, дзеля чаго? Што на даляглядзе? Парады «меншасцей» з вясёлкавымі сцягамі?

Тэль-Авіў. Такіх сцягоў у горадзе хапае.

Як бы ні ставіцца да першага галавы ізраільскага ўрада Давіда Бен-Гурыёна, ён з’яўляўся дапраўды галавой (палец у рот не кладзі). І быў здольны на нетрывіяльныя крокі – чаго варты пераезд у паўднёвы кібуц Сдэ-Бокер, што ў пустыні Негеў… У 1950-х ён клікаў суайчыннікаў за сабой, асвойваць пустыню, бо яе засяленне, паводле Бен-Гурыёна, з’яўлялася «нацыянальнай задачай вышэйшага парадку». І праўда – яна ж займае 60% тэрыторыі краіны.

Мы з Б.-Г. 🙂

У 2015 г. Нетаньягу заяўляў ганарліва, што «мара Бен-Гурыёна пра заселены і квітнеючы Негеў ператвараецца ў жыццё на нашых вачах». Нешта я не заўважыў. Па дарозе з Тэль-Авіва ў Эйлат, пачынаючы з наваколляў Беэр-Шэвы, жылых паселішчаў мала (асабліва злавеснае ўражанне пакідае раён Цын з яго «іншапланетнымі» кратэрамі; бліжэй да Іярданіі аднастайны пейзаж прынамсі разбаўляецца шматлікімі пальмавымі аазісамі). Карацей, нягледзячы на дэкларацыі ды подзвігі энтузіястаў, на рукатворны лес Ятыр, Ізраіль развіваецца перадусім у досыць вузкай прыбярэжнай паласе, дзе і круцяцца асноўныя капіталы. Нават Галілея з яе спрыяльным кліматам заселена не вельмі шчыльна: калі мы ехалі ўвечары, то адзначалі толькі рэдкія агеньчыкі. Бадай палова з іх, напэўна, адносілася да арабскіх паселішчаў.

Стаўка на «вялікі Тэль-Авіў» і «вялікі Іерусалім» крыху нагадвае канцэнтрацыю расійскіх рэсурсаў у Піцеры і Маскве. Эйлат параўнаў бы тады з горадам Сочы, прынамсі па капіталаўкладаннях ды іміджавай значнасці для дзяржавы. (А Хайфа як Навасібірск :)) Слушна? Няслушна? Такое маё суб’ектыўнае адчуванне. Як і тое, што Ізраіль пасля хваль масавай іміграцыі крочыць ужо «сярэднім шляхам», без амбіцый сусветнага – і нават кантынентальнага – маштабу. Бацькі-заснавальнікі, якія мелі падобныя амбіцыі, памерлі, змагар за «Новы Блізкі Усход» – таксама…

Некалі прачытаў выраз Марціна Бубера: «Кібуц – гэта ўзорны не-правал. Гэта не поспех, але ўзорнае не-паражэнне» (прыведзена, напрыклад, тут). Мяркую, калі замяніць слова «кібуц» на «Ізраіль-2017», вялікай памылкі не будзе.

* * *

Бонус аматарам штучных моў. Паказаная вулачка ў Петах-Тыкве, што носіць імя д-ра Заменгофа, ураджэнца Беластока, які жыў і ў Гародні. Дзе таксама ёсць вуліца, названая ў гонар «доктара Эсперанта».

Вольф Рубінчык, г. Мінск,

18.07.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 19.07.2017  00:07

Ул. Мехаў. Глыток Ізраіля (2)

Заканчэнне. Пачатак тут.

Уладзімір Мехаў (Уладзімір Львовіч Няхамкін, 1928–2017). Фота 2014 г. з tut.by.

3

Мы знаходзіліся ў чарговым пункце нашага маршруту па краіне – за вокнамі гатэльнага нумара воддаль сінела зноў жа біблейскае для нас Тыверыядскае возера, калі Ізраіль скаланула: утрапёны рэлігійны фанатык забіў Іцхака Рабіна. Прэм’ер-міністра. Папулярнага военачальніка. Дальнабачнага палітыка. Пагляднага, мужна прыгожага чалавека. Мы бачылі яго ў Варшаве, калі Польшчай і светам адзначалася пяцідзесяцігоддзе з часу паўстання Варшаўскага гета. Ён стаяў на трыбуне каля помніка паўстанцам увасабленнем годнасці свайго народа, у нейкай ступені сімвалам сілы, якая не дапусціць паўтарэння знесенага гэтым народам у трыццатыя-саракавыя.

Скалануўся не адно Ізраіль – скаланулася планета. Нездарма на пахаванне з’ехаліся праз дзень лідэры больш як васьмідзесяці краін. Наша сімпозіумная каманда адразу пасля пачутага жалобнага паведамлення ў шоку сабралася на спантанны мітынг. Рабін быў для нямецкіх удзельнікаў сімпозіума не толькі высокім дзяржаўным дзеячам краю, дзе гасцявалі, – аўтарытэтны тутэйшы сацыяліст, ён быў для іх, сацыял-дэмакратаў, таварышам па перакананнях, аднапартыйцам. Угнечаныя, яны і гаварылі пра яго, як пра “геносэ” – таварыша. Глыбока паважанага таварыша.

Яўрэй забіў яўрэя… Вякі мусіруецца показка аб злітнасці і ўзаемападтрымцы яўрэяў. У сапраўднасці ж маім супляменнікам не менш, чым гэта ёсць у іншых этнасаў, уласціваяя ўнутрынацыянальная няўжыўчывасць.

Успамінаецца анекдот. Яўрэй, пацярпеўшы караблекрушэнне, трапіў на ненаселены востраў. Як Рабінзон Круза. Праз колькі гадоў яго там адшукалі. Убачылі – у адзіноце ён не толькі ацалеў, а ператварыў востраў у прыстойнае котлішча. Нават дзве сінагогі паставіў. “Навошта ж дзве?” – пацікавіліся людзі. “У гэтай малюся”, – паказаў адшуканы на адну сінагогу. “А ў гэтай нагі маёй не будзе!” – плюнуў у бок другой.

Сярод немалой і ўплывовай у Ізраілі рэлігійнай часткі насельніцтва персанажаў, падобных да героя анекдота, можна стрэць не так і рэдка. У іудаізме і даўней было, і цяпер застаецца процьма разгалінаванняў. Вернікі ходзяць у розныя сінагогі (у бок “несваёй” гатовы плюнуць!), трымаюцца розных вытлумачэнняў пастулатаў талмуда, аддаюць дзяцей у розныя школы, нават па-рознаму апранаюцца. Зацята выяўляецца ўзаеманецярпімасць і па-за пространі вузкаклерыкальных спрэчак.

На прыхільнікаў і апанентаў былога прэм’ера разбіла ізраільцян настойлівае імкненне нябожчыка пераламаць характар адносін сваёй дзяржавы з арабскім акружэннем. Ён гатовы быў да самых рашучых крокаў, каб толькі Блізкі Усход перастаў быць на планеце парахавой бочкай. Аж да страшнага для Ізраіля, з пункту гледжання слепа бескампрамісных ультрапатрыётаў, накшталт яго забойцы, – аж да вяртання ворагам заваяваных у войнах з імі тэрыторый. У прыватнасці, Галанскіх вышыняў – Сірыі.

Мы там былі, на Галанах, якія цяпер такая балючая праблема для Ізраіля – ваенная, палітычная, псіхалагічная. Вачам адкрываецца з іх прасцяг далёка-далёка ўперадзе. І не дужаму знаўцу вайсковага бачна, што за зручная гэта пазіцыя для абстрэлу з гармат Ізраіля мала не ўсяго. Баявому генералу Іцхаку Рабіну тое ясна было больш, як каму, – ён жа і да аперацыі па выгнанні адсюль сірыйцаў меў колісь непасрэднае дачыненне. Але іншае ён таксама разумеў больш, як хто. Што ніколі не ўсталюецца ў рэгіёне мір, калі Ізраіль будзе з суседзямі пыхлівы. Калі чуць будзе толькі сябе – пераможцу ў шматгадовым процістаянні. Свая праўда тут у яўрэяў – свая ў арабаў. Толькі чуючы і ўлічваючы абедзве, можна суцішыць напал узаемных прэтэнзій, наблізіцца да міру.

“Рабінаўцы” ў ізраільскім грамадстве драматычнасць сітуацыі разумеюць, “антырабінаўцы” – разумець не хочуць. “Экстрэмісты правага толку не маглі дараваць Рабіну супрацоўніцтва з Арафатам і іншымі лідэрамі з “варожага стану”, – цытую з газеты, прывезенай з падарожжа. – Прэм’ер-міністру пагражалі, яго намеры зласліва высмейвалі на шматлікіх акцыях пратэсту. 4 лістапада 1995 года нянавісць дайшла да пункту кіпення…”

Мы пабывалі ў Тэль-Авіве на плошчы Цароў Ізраіля – цяпер плошчы Рабіна, – дзе адбылася трагедыя. У жалобнай скрусе туды прыходзілі тысячы і тысячы людзей. А брук быў да слізгаты заліты парафінам тысяч і тысяч запаленых свечак…

Мы пабывалі ў Іерусаліме на гары Герцля – ганаровым могільніку Ізраіля, дзе зямлі быў аддадзены і гэты яго выдатны сын. Да магілы і ад магілы цякла таксама бясконцая людская плынь. І таксама гарэлі тысячы свечак.

4

Помніцца забаўнае з кнігі мемуараў Голды Меір. Узначальваючы ў сямідзесятыя гады ізраільскі ўрад, яна была неяк з візітам у адной новаўтворанай афрыканскай дзяржаве. Падчас знаёмства з краінай яе дзесьці завялі там у хаціну да старой абарыгенкі, са светам, няблізкім ад роднай вёскі, знаёмай не дужа. Так і так, растлумачылі, пані хоча паглядзець як ты, бабуля, жывеш. Пані прыехала здалёк, аж з Іерусаліма. І гаспадыня пакрыўдзілася: “Вы за дурную мяне лічыце? Іерусалім – на небе!..”

Не толькі фактам, што пабываў у ім, а і шмат чым убачаным сведчу: Іерусалім – на зямлі!

Загадчыца бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў, калі сказаў ёй перад паездкай, куды збіраюся, папрасіла:

– Будзеце ў Іерусаліме, пакланіцеся Святому гораду і ад мяне.

Пакланіўся. І таму, што выканаў просьбу, і таму, што ў сабе таксама адчуў патрэбу зрабіць гэта.

Што азначэнне Святы напісана з вялікай літары – не памылка мая ці карэктараў. Так яно здаўна пішацца ў дачыненні да Іерусаліма людзьмі, якіх нельга не шанаваць. Так укленчваю я, нязрушны атэіст, перад асяродкам-калыскай трох вялікіх рэлігій. Было ж: не веру, а і веру, ва ўсякім разе, як шчыры вернік, выглядваю і дзе тут уваскрэс зняты з крыжа Хрыстос, і дзе ўзнёсся прарок Магамет, і што асталося ад храма цара Саламона. “Наступным годам – у Іерусаліме!” – на працягу колькіх стагоддзяў дэвіз і самасардэчнае ўзаемнае пажаданне яўрэяў у дыяспары. Але скрозь у свеце і для хрысціян, для мусульман гэта горад вякі і вякі летуценны. Калейдаскоп самых рознатыповых твараў, узораў нацыянальнага адзення, гаворак прамільгвае ўваччу і ўвушшу, калі брыдзеш тут па вуліцах, стаіш у чарзе да труны госпадавай, апынаешся ў лабірынце муроў старажытнага рынка – квартальчыкам арабскага, квартальчыкам яўрэйскага, квартальчыкам армянскага, зноў арабскага, зноў яўрэйскага і яшчэ, яшчэ.

Яго называюць таксама Вечным горадам. Ведаючы пражытае і перажытае ім, верачы ў будучыню. Ён жа расце, будуецца. Прыгожа, строга па-іерусалімску будуецца: не з гатовых бетонных блокаў, не з цэглы – выключна з дарагога натуральнага каменю. Плануецца – палова тэрыторыі будзе зялёнай. Бульварамі, паркамі, яшчэ куткамі дрэў, кустоўя, кветак.

Падобна на тое, што наведаная Голдай Меір афрыканка не адна гэтак думала: Іерусалім – на небе. На схіле XIX стагоддзя сюды перабралася з Усходняй Еўропы – з Расіі, Аўстра-Венгрыі, Румыніі – не так мала замарочанай яўрэйскай галоты, якая сэнс жыцця бачыла ў чаканні прыходу месіі. Перакананыя, што Іерусалім, калі не сама пры Богу на небе, то, прынамсі, бліжэй да зіхатлівай райскай высі, чым любое іншае месца на зямлі, і дзе, значыць, як не тут, пасланцу боскаму адтуль спусціцца, бедакі гэтыя наглуха адасобіліся ад грэшнага наваколля, у стэрыльнай праведнасці рыхтаваліся сустрэць Заступніка першымі. А ўжо ён разбярэцца – хто варты, хто не варты вышняй ласкі.

Месія, як вядома, затрымліваецца. Ужо не пра-пра-прадзеды, што сюды дапялі быць пры моманце ягонага спуску, – іхнія наступнікі таго імпэтна пільнуюцца. Гэтак жа ўнікаючы стасункаў з усімі, хто інакшы. Гэтак жа носячы ў спёку шэрыя сурдуты, чорныя штаны, увабраныя ў белыя панчохі, чорныя капелюшы, – словам, выглядаючы, як яўрэі на палотнах Рэмбранта і яго сучаснікаў. Гэтак жа песцячы доўгія, у безбародых хлопчыкаў падплоеныя пэйсы. Не дапускаючы ў жытло ні тэлевізараў, ні радыё, ні свецкіх кніг і музыкі. Аддаючы дзяцей у школы з адпаведным пурысцкім навучаннем.

Ступіў у такі квартал – і як у змрочнасць сярэднявечча трапіў. А сказалі нам – гэткіх закуткаў не адзін у суперсучасным масіве горада. Хто жыве тут – жыве ва ўбостве, цеснаце, маральнай здушанасці.

Але Іерусалім на зямлі, дбаць пра надзённы свой хлеб мусіш, нават чакаючы месію. Крамак, выгарадак саматужнікаў, канторак дробнага бізнесу хапае і ў гэтых чакальнях. А ў ачагах найвысокай духоўнасці – бліз вяршынных для хрысціян, мусульман, іудзеяў храмаў, ды і ў сценах, пад дахамі храмаў, – хапае гандлю. Нібы сын божы гандляроў з храма не выганяў. Гандлююць свечкамі, буклетамі, рытуальнай драбязой храмавыя служкі і манахі. Круцяцца на падыходах да выдатнасцяў, хапаюць стрэчных за штаны, за рукі малыя і бальшыя арабчаняты, сталыя мужчыны: купі з гэтай мячэці ці царквы фатаграфіі – за шэкелі, долары, маркі, бяром усё! Маеш магчымасць узбагаціць хатні фотазбор рарытэтным – зняцца ў сутарэнні каля ясляў, у якіх немаўлём ляжаў Збавіцель.

Месцы з такім наплывам людзей, прытым людзей з грашыма – зарубежныя турысты! – не могуць быць абмінутыя папрасімцамі. У краіне іх небагата, менш, чым цяпер у нас, але сустракаюцца. Зрэшты, былы СССР – такая яму выпала планіда – каго-колечы з іх туды і падкідвае. У гарадку каля Тэль-Авіва я нямала здзівіўся, пачуўшы п’янаватае на ўсю вуліцу:

И крепко же, братцы, в селеньи одном

В ту пору любил я девчонку…

Гарлаў пабіраха. З твару разанскі, пензенскі, самарскі русак. З тоўста перабінтаванымі, як цяпер бачу, пальцамі. Не пашэнціла, як адкаркоўваў пляшку? Якім ветрам, якім фартэлем латарэі, што завецца лёсам, яго закінула на зямлю, у расійскай мінуласці наўрад ці памінаную ім без мацюкоў?

Ды ў Іерусаліме прыцягнуў маю ўвагу пабіраха мадэрнізаванай мадэлі. Апрануты на манер статыста з імпрэзы на антычную тэму – у туніку і фольгавы шлем рымскага воіна, – ён арганічна ўпісваўся ў старажытнае навокал. З імітаванай пад старажытную ж лірай спяваў на іўрыце быліннае, і бляшанка перад ім пуставала непадоўгу.

На зямлі ён, Святы і Вечны горад. Зямным тут аказваецца нібы нанебнае біблейскае – да роўнага біблейскаму ўзнімаецца зямное.

Пройдуць стагоддзі, звякуюць сваё пакаленні – наша, наступнае, церазнаступнае, – і паданні Халакоста, несумненна, стануць упоравень з біблейскімі. Для яўрэйства, для чалавецтва наогул. Але сёння жахлівае, што абуджаецца гэтым словам, занадта ад нас яшчэ блізкае. Не ў памяці найдалёкіх патомкаў, а ў яве, поруч жывуць людзі, што зведалі яго катоўні і вогнішчы, – у Ізраілі, дарэчы, нямала колішніх вязняў лагераў знішчэння і гета. Смутак, ім спрычынены, не толькі агульны, рытуальны, а мала не ў кожнага яўрэя і свой, гэтак мовіць, лакальны – па бацьках, загнанных у газавую камеру, па сястры ці браце, расстраляных у Панарах пад Вільняй ці ў Бабіным Яры ў Кіеве.

Страшнае і выдатнае ў Іерусаліме месца мемарыял Яд-Вашэм. Мемарыял, які паказвае, што гэта было такое – Халакост. Мемарыял, вядомы цяпер ва ўсім свеце. Нам кінулася, праўда, у вочы, што натворанае гітлераўцамі супраць яўрэяў на абшарах былога СССР адлюстравана ў экспазіцыі слаба. Калі мемарыял узводзіўся, не цяперашняе стаяла ў свеце палітычнае надвор’е. Савецкую афіцыёзную прапаганду ад размоў пра здзейсненае нацызмам супраць яўрэйства курчыла. Масква з большай ахвотай насаліла б установе, што занялася даследаваннем гэтага, чым ёй памагла б. Пагатоў установе ізраільскай.

Але прычыну таго і разумеючы, крыўдна. Як ні выглядаў што пра мінскае гета – нічога не выгледзеў. Ні здымка, ні чыйго ўспаміну, іншага сведчанн пра тое, як там было, якое моцнае і мужнае дзейнічала падполле, якіх адважных байцоў дало яно лясной арміі народных мсціўцаў. Між дрэў з імёнамі “праведнікаў”, як называюць у Ізраілі неяўрэяў, якія хавалі-ратавалі ад фашысцкіх вылюдкаў яўрэяў, абышоўшы гэтых дрэў ладна (не ўсе, вядома, – у межах мемарыяла высаджана ўжо тры тысячы зялёных памятак удзячнасці), на шыльдачку з беларускім, рускім імем не натыкнуўся. Ведаю, яны тут ёсць – падалей ад уваходнай брамы, пры маладзейшых, нядаўніх высадках. Ды доўга ж іх трэба шукаць сярод імён з Польшчы, Югаславіі, Галандыі, Бельгіі, Францыі, Германіі.

Дзе сэрца сціснула болем і ў горле закамянела – не прадыхнуць, гэта ў зале памяці загубленых у лагерах смерці і гета дзяцей. У густой чарнаце люстраныя сцены множаць да безлічы, да мірыядаў россып электрычных агеньчыкаў. Ствараецца ўражанне – светлячкамі-зорачкамі мігцяць непрыкаяныя дзіцячыя душы. Немаўлят, малышоў, падлеткаў. Пастраляных, падушаных газам, утрупянёных эксперыментамі ўрачоў-нелюдзяў. Вымаўляецца імя – зноў і зноў называецца тут да паўмільёна паведамленых ужо мемарыялу імён, – і ў мірыядах зорачак нейкая гасне… У вусцішнай цемені залы я ўключыў дыктафон. Запісаў некалькі хвілін гучання імён. Дома цяпер разоў колькі запісанае слухаў – сэрца, як там было, у Яд-Вашэме, сціскаецца.

Вядома, мы пастаялі каля Сцяны Плачу. Бязверац, я перад тым, як на запаветнае для іудзейства месца ступіў, пасмяяўся. З гідава напаміну, што ў расколінкі недалому колісь найвелічнага ў Іерусаліме збудавання навалам кладзецца цыдулак-зваротаў да Усемагутнага, прысылаюцца цяпер нават факсам, але адказу на зварот не атрымаў пакуль ніхто. Што ж мяне праняло, як сам да выпетраных глыбаў падышоў? Як прыклаўся рукой да нагрэтых сонцам шэрых камлыг, што гэтулькі за тысячагоддзі пабачылі? Куды, у якое бязмежжа звярнуўся са сваім, што журбой у глыбінях памяці? Чаму не змог утрымацца ад слёз? У храмасомах ускалыхнулася геннае, напамінаючы, хто я ёсць? Тое, што ад продкаў і што пяройдзе патомкам? Пра што пісалі мне, здаралася, у паскудных ананімках?

Узрушаны, агорнуты пачуццём, адначасова зразумелым і не зразумелым, збочыў я там у апартамент пры святыні. Прыўваходнаму ў чорным, натужыўшыся, сваім гаротным ідышам растлумачыў, што хачу апартамент паглядзець, што я з Мінска. Пачуў зычлівы адказ па-англійску – сяк-так я сэнс ухапіў, – што ў іх тут заўсёднікам і адзін масквіч. Падышоў да азызлага старога з барадой Карла Маркса. Седзячы на зэдліку не Марксам нават – Саваофам, той таксама пачаў гаварыць са мной на ідышы. Як у Мінску жывём, ці не галадаем? Увесь яшчэ ў толькі-толькі адчутым, я забыўся з ідыша і што ведаю.

– Па-руску табе лягчэй? – пацвеліўся Саваоф.

– Па-руску, па-беларуску.

– Чаму па-беларуску?

Адказаў, чаму. Пацвельвацца перастаў, перайшоў на «вы». Здзівіўся, што я прыехаў у Ізраіль не назусім. Па-руску ўжо зрабіў ушчуванне. Але неўзабаве вярнуўся да ідыша. Замармытаў пра яўрэйскае братэрства. Я ўлавіў – просіць грошы.

Гледзячы на схіленых над фаліянтамі будучых рабінаў, на мудразнакавае на сценах, ды ў настроі, якім быў агорнуты, ды, як зразумеў з мармытання, на боскае, на храмавае – як можна было не даць? З выбачэннем, што на большае не цягну, даў дзесяць шэкеляў. Саваоф жвава засунуў іх у кішэню.

З апартамента выйшаў, ушалопіў – сабе ж вымантачыў, не Богу! У аўтобусе расказаў – немцы, падарожнікі больш бітыя, пасмяяліся:

– Як для Бога, дык, вядома, мала, а як яму – замнога!

На зямлі, на зямлі нябесны горад Іерусалім!..

5

Тэма, якую, безумоўна, абмінуць не магу – ізраільцяне з нашых былых суайчыннікаў. Сваякі, сябры, блізка і няблізка знаёмыя, што жывуць цяпер на берагах Міжземнага і Чырвонага мораў, край пустыні Негеў, у тым самым Іерусаліме, паўсюль у гарадах, гарадках, кібуцных пасёлках краіны.

Божачкі, колькі іх ужо тут! Лічбу не назаву, але што рускую, грузінскую, узбекскую гаворкі, яшчэ якія з тэрытарыяльна раней эсэсэсэраўскіх можна пачуць у Ізраілі скрозь, пераканаўся асабіста. Гучаць з вуснаў яўрэяў і неяўрэяў. Неяўрэі – мала не трэцяя частка люду, што перабраўся сюды з СССР, перабіраецца з СНД. Мітрэнга для рабіната.

Пераглядаю занатаванае ў блакноце, пераслухоўваю запісанае дыктафонам – і спрачаюцца між сабой, сярдзіта адзін аднаму пярэчаць гэтыя мае нядаўніяя ізраільскія суразмоўнікі.

Экзальтаваная да істэрычнасці настаўніца – такой помніцца з Адэсы, такой убачыў у Тэль-Авіве, – пры сустрэчы была высакамоўнай:

– Вы прыехалі ў цудоўную, дзівосную, казачную краіну!..

Дачка ж прыяцеля, выпускніца Мінскага радыётэхнічнага, у якой па шкале ўладкаванасці ўсё, як гаворыцца, у норме – і працуе па спецыяльнасці, і кватэра, машына ўжо куплены, – досыць кісла паціснула плячмі:

– Ай, дзядзя Валодзя, ну што гэта за краіна! Зразумела, у нашай (!) было лепш, цікавей. Ды ўжо ж перабраліся…

У мінулым мінскі прафесар, доктар навук, які ў Ізраілі больш бізнесмен, чым навуковец, і па справах бізнесу часты наведнік Мінска, не адчувае сантыменту да пакінутага:

– На дзень-два ў вашыя бязладдзе, дурату акунуся – і нясцерп назад. Няма ў мяне настальгіі. Дома я тут!..

Ды афіцыянтка з дыпломам тэхналагічнага інстытута, горка каля нас у рэстаране затрымаўшыся – людзі ж толькі-толькі з яе роднага горада! – з адчаем выкрыкнула:

– Мы падыхаем тут ад настальгіі. Па-ды-хаем!..

Скрыпач, мой даўні сябра, што быў у Мінску аўтарытэтным педагогам, але якога не помню ў нас канцэртантам, тут канцэртуе актыўна. З жонкай піяністкай. З аркестрамі. У асветных праграмах. У сюжэтных літаратурна-музычных кампазіцыях, сцэнарыі якіх сам і выстройвае. Запэўніваў:

– Для творчага чалавека ў Ізраілі ўмова адна – будзь ініцыятыўным і не апускай рукі. Маеш гэтыя якасці – не прападзеш. Выявіцца ёсць дзе!..

Калега ж літаратар, вестка пра ад’езд якога з радзімы шчыра мяне здзівіла – у адрыве ад выдавецтваў, часопісаў, газет, з якімі быў звязаны, ад праблем, што займалі яго, як публіцыста і крытыка, чым будзе за мяжой жыць, на што разлічвае? – песімістычнае маё прадчуванне пацвердзіў:

– Нікамусечкі я тут не патрэбен. Ні сам, ні мая пісаніна…

Палярнае разыходжанне меркаванняў. Мантэкі і Капулеці. Расколата ў краіне не толькі грамадства цалкам, што яскрава паказала гібель Рабіна, – свой раскол сярод былых савецкіх і постсавецкіх.

Помніцца, у Варшаве, дзе мы былі, я ўжо згадваў, з нагоды пяцідзесятых угодкаў паўстання гета, срэбрагаловы, з працінальным паглядам ізраільцянін да мяне пры знаёмстве прычапіўся: чаму я, як сказаў ён, на чужыне, а не дома? На дыскусію, што для чалавека дом, што чужына, настрою, ды і часу, не было, – я адмахнуўся: “Стары ўжо, нашто я вам?” Ізраільцянін не адчапіўся: “Вы нам і не патрэбны – патрэбны вашы ўнукі…”

Дзяржава, насельніцтва якой складаецца ў вялікай долі з імігрантаў, – заўсёды плавільны кацёл. Пераплаўляюцца ў адно, зусім знатуралізоўваюцца, сапраўды, не дзеці нават імігрантаў – унукі. Мы бачылі ўнукаў сваякоў і знаёмых, што нарадзіліся ўжо ў Ізраілі. Чэшуць на іўрыце, дзедаву-бабіну родную мову, хоць збольшага разумеюць, не ўжываюць – не свая. Усё дзедава-бабіна – з неразумелага, дзіўнага.

Але самі, хто ў сталасць увайшоў не тут, “уплаўляюцца” ў новае цяжка. Усё роўна, шчаслівыя эміграцыяй, ці не могуць сабе зробленага дараваць…

* * *

Мы прывезлі з падарожжа касету з папулярнымі ізраільскімі песнямі. Слухаю “Алілую”, “Залаты Іерусалім”, астатняе – пашчыпвае ў вачах. Сказаць няпроста – чым, а шчымліва-блізкае, сваё.

Па радыё чую Лучанковы “Верасы”, Семянякаву “Ты мне вясною прыснілася…” – шчыміць-забірае зноў. Таксама пранізліва блізкае!

Як ва ўнуку зліліся ў адну, не раздзяліць, беларуская і яўрэйская крыві, так ува мне зліліся-перапляліся беларускія і яўрэйскія болі, радасці, цікавасці, хваляванні. Суіснуюць, адно другое ўзбагачаюць, бывае, між сабой спрачаюцца.

З тым усім было і ўспрыманне мною Ізраіля.

Правільнае, няправільнае – не ведаю. Маё!

Падрыхтаваў да публікацыі В. Р. паводле зборніка “Поклон тебе, Иерусалим” (1996)

Апублiкавана 17.07.2017  21:11