Д. Шульман. Пра пляж і не толькі

Акурат год таму гутарылі мы з ізраільска-беларускім літаратарам, які жыве ў Эйлаце. За гэты час Уважаемый Давид Ефимович (так яго звалі на заводзе, каб адрозніць ад іншага Давіда) напісаў дзве аповесці і некалькі апавяданняў. І выпусціў новую кнігу, якую можна набыць у Мінску…

  

– Аднойчы я вырашыў зрабіць «барысаўскую» кнігу, дзе ўсе героі барысаўцы, пра іх жыццё да і пасля вайны. – гаворыць Давід Шульман. – Я хацеў, каб той час не згубіўся – наколькі гэта ўдалося, не ведаю, але стараўся. Прысвяціў кнігу блаславенай памяці маіх бацькоў-барысаўцаў – Яфіма і Розы Шульман. Назву даў па аповесці «Жанчына валіць з ног, жанчына ставіць на ногі», ёсць такая прыказка на ідышы («A vajb varft fun dy fis un shtelt af dy fis»). У кнізе шмат таго, што я ўжо друкаваў, але ёсць і зусім новыя апавяданні (напрыклад, «Вучуся быць шчаслівым» – гісторыя сустрэчы капітана-яўрэя, які вярнуўся з вайны, дзяўчынкі-яўрэйкі і яе дзядулі; там і пра выратавальнікаў дзяўчынкі, простых людзей…)

Гэтай кніжкай я кажу: «Не забывай мяне, Барысаў». У бліжэйшы час плануюцца тры прэзентацыі: уласна ў Барысаве (магчыма, у музеі), у мінскай яўрэйскай суполцы на вул. В. Харужай і ў кнігарні Логвінава. На кніжным кірмашы ў канцэртнай зале «Мінск» (у Рамана Цымберава) мая кніга ўжо прадаецца. Тыраж невялікі, частка адправіцца ў Канаду.

Д. Шульман у санаторыі «Крыніца» пад Мінскам, чэрвень 2017 г.

Зараз працую над сямейнай хронікай, першая частка ўжо гатовая. Думаю, дзве часткі хронікі разам з новымі аповесцямі ўвойдуць у наступную кнігу. Праўда, мы разважаем, а той Хлопец, што наверсе, Ён вырашае. Апошнім часам я мінімум два-тры разы на тыдзень хадзіў на мора – яно дае натхненне. Адзін знаёмы пенсіянер, у яго бацька з Беларусі, але сам нарадзіўся ў Ізраілі, кажа: «Калі я ўваходжу ў мора, я адзін чалавек, калі ж я выходжу, то на дзесяць гадоў маладзею». Мы з ім сустракаемся, размаўляем – трошкі на ідышы, а больш на іўрыце, вядома.

Запісаў Вольф

Прапануем новае апавяданне з новай кнігі (выдавец – Зміцер Колас, Мінск, 2017).

Давід ШУЛЬМАН

Пра пляж і не толькі

Гэта быў час, калі мужчыны і жанчыны купаліся ў рэчцы паасобку. Мужчыны з правага боку ад моста, на «ямках» – там глыбіня метры пад тры і водная «пляма» метраў пад дваццаць у даўжыню. Жанчыны злева ад моста: той пляж быў утульнейшы дзякуючы кусцікам, што засланялі від з другога берага і моста – такі зручны для адпачынку, непраглядны, зялёны куток поплава.

На мужчынскім беразе была толькі трава, і за метраў трыццаць ад берага – купіны, за якія можна было нават схавацца. Зусім не хаваючыся, за тымі ж купінамі пасвіліся каровы пад кіраўніцтвам Пецькі Грабяшка. Каб трапіць на вадапой, яны міналі пляж, пакідаючы калі-нікалі свае ляпёхі, і спускаліся да вады бліжэй да моста, дзе бераг уваходзіў у рэчку. На «ямках» бераг быў вышынёй два метры, і там было зручна даваць з разбегу нырца.

Чаму яны, мужчыны і жанчыны, аддзяліліся? Дык таму, што купальных гарнітураў яшчэ не было. Жанчыны купаліся ў трусах і «цыцкатрымальніках», ва ўсіх адной непрывабнай мадэлі і аднаго колеру. Такая паўсядзённая бялізна: дома, у горад, на рэчку – адно і тое ж. Купацца ў гэтым побач з мужчынамі лічылася непрыстойным. Пра прыгожую жаночую бялізну большасці яшчэ было нічога не ведана, а тым болей не відана.

Мужчыны ў сябе купаліся хто ў чым: у звычайных сямейных чорнага колеру майтках да каленяў ці ў гаткес, кальсонах, белых з тасёмкамі знізу. Трошкі пазней з’явіліся плаўкі, з чорнага саціну з белымі тасёмкамі збоку, на сцягне. Надзяваліся яны на адну нагу, далей укладвалася «гаспадарка», потым абгортвалася другая нага і завязваліся тасёмкі. Ці былі яны зручныя? У параўнанні з кальсонамі – безумоўна, і выглядалі прыстойней, і пераапранацца было зручней: надзеў паверх майткі, развязаў тасёмкі і плаўкі пачыналі звальвацца. Трошкі пацягнуў, і яны ўжо ў руцэ.

* * *

Калі да Сташкевічаў прыехала семнаццацігадовая ўнучка з Таліна і запыталася ў бабулі, дзе ўсе купаюцца, тая адказала «за мостам», але не сказала, з якога боку. Бо гэта разумелася само сабой, што з левага. Разумелася для мясцовых.

У пляжны гарнітуры – кароткіх майтачках і станіку аднаго і таго ж колеру і з кветкамі на тканіне – Соня стала зоркай на мужчынскім пляжы. Кальсоны, чорныя майткі і плаўкі з тасёмкамі з аднаго боку, а з другога – голы жывот і доўгія ногі, якія ўтыкаліся ў пругкую попку. Соня давала нырца, плавала, выходзіла на бераг і скакала на адной назе, нахіліўшы галаву ў бок – выганяла ваду з вушэй. Трэсліся грудзі, цудоўныя маладыя ножкі танчылі пляжны танец. З вады тырчалі сівыя, лысыя і маладыя галовы. Пра эротыку яшчэ ніхто не ведаў, але назіралі нашы мужыкі за Соняй, высунуўшы языкі і страціўшы мову.

З таго лета нашы жанчыны пачалі «даставаць» па блаце гарнітуры і купацца з мужчынамі на «ямках». Тыя таксама набывалі плаўкі прыбалтыйскага вырабу. Яны былі розных колераў у выглядзе кароткіх шчыгульных майтак. Спачатку гэта было незвычайна, бо пасля вады плаўкі так абляплялі «гаспадарку», што рукі аўтаматычна сунуліся да яе, прыкрываючы так званы сорам.

Так з’явіўся ў нас агульны пляж.

* * *

Амаль у гэты самы час насупраць ужо былога жаночага пляжа адбылася сітуацыя з Андрусём Пашкоўскім. Юнак, трошкі за дваццаць, спартыўнага складу, любіў купацца голым. І паколькі жыў на беразе рэчкі, то проста выходзіў з брамкі, скідваў майткі і даваў нырца. Месца нялюднае, але, паплаваўшы, ён выходзіў з вады, на ўсякі выпадак прыкрываючыся цнатліва ўнізе далонямі.

І вось той раз, калі ён ужо сядзеў, абкруціўшыся ручніком, і паглядаў на ваду ды на другі бераг, там паказаліся трое дзяўчат. Яны былі шумлівыя, гучна размаўлялі і смяяліся. Няспешна распрануліся і кінуліся ў ваду. Голыя. Альбо не заўважылі Андруся – той быў ад іх метраў за дваццаць, – альбо, наадварот, добра бачылі і таму распраналіся павольна, тварам у яго бок. Андрусь адчуў нейкую нязручнасць. Прысеў на кукішкі, жадаючы заставацца непрыкметным.

Дзяўчаты – было ім гадоў па дзевятнаццаць – адна суседка, Алена Свірская, і дзве яе сяброўкі з Лядзішчаў-блядзішчаў. Лядзішчы – ваенны гарадок на мяжы горада, а ў народзе, калі пра яго заходзіць гаворка, наперадзе звыкла дабаўляюць літару «Б». Зусім не таму, што там з мараллю надзвычай дрэнна. Там, як і паўсюль, дзе афіцэры на вучэннях, а маладыя жонкі не працуюць. Але вернемся на наш бераг. Дзяўчаты, паплаваўшы, падурэўшы ў вадзе, выйшлі. Іх целы былі стромкія і пругкія, прыгожай формы попкі падкрэслівалі талію. Яны разам павярнуліся ў бок Андруся ўсім целам. І ён убачыў… Дзяўчаты былі ў тым узросце, калі закон сусветнага прыцягнення яшчэ не зрабіў адвіслымі іх грудзі і не абцяжарыў зады. Спецыялісты па ўцехах кажуць, што самыя каштоўныя грудзі тыя, якія можа абхапіць мужчынская далонь. Менавіта такія былі ў Алены і яе сябровак. І яшчэ чорныя трохкутнікі ўнізе, тыя, што разганяюць фантазіі.

Андрусь адчуў пад ручніком напружанне, якое хутка павялічвалася. Лёгкі жар прабег пад скурай. Думкі пагналі кроў уніз жывата.

А дзяўчаты разаслалі посцілку і, не выціраючыся, ляглі на жывот. Было дзевяць раніцы, месяц ліпень, ласкавае сонейка.

Увечары Андрусь убачыў іх у старым парку на танцах. Дзяўчаты дзёрзка глядзелі на яго, а ў вачах і на вуснах мільгала ўсмешка. Яны ж, вядома, бачылі Андруся раніцай. І як ён заходзіў, і як выходзіў з вады. Таму і самі паказаліся, пакрасаваліся, ведаючы, што сваёй прыгажосцю не пакінулі яго ў спакоі, ха-ха!

* * *

– Мотэль, куды ты ідзеш?

От, Наста, усё ёй трэба ведаць, каб пасля, як паштальён, разносіць па дварах.

– Іду пакупаць яйцы.

– У краму ці да Камарыхі?

– У рэчку Сху.

– Ой, Мотэль, усё жартуеш. Ну, бывай.

Мотэль апошні, хто купаецца яшчэ ў кальсонах. Яму шэсцьдзесят, ужо не працуе і калі-нікалі ходзіць на рэчку купацца. Вось і сёння, ён распрануўся і ўвайшоў у ваду. Плавае, метраў пяць наперад, потым столькі ж назад. Становіцца, адпачывае. Ён высокі, метр восемдзесят. Вада даходзіць яму трошкі вышэй ад пояса, і таму з берагу не бачна, што ён у кальсонах.

Мотэль выходзіць з вады, абціраецца ручніком, потым глядзіць па баках. Бачыць некалькі дзетак непадалёк. Ён здымае кальсоны, выкручвае іх і зноў надзявае. Раптам чуе з кустоў голас Насты: «Вельмі нават нядрэнна глядзіцца! Так, Марыя?» Наста забылася пра тое, што сядзіць у засадзе. Што робіць Мотэль? Ён паварочваецца ў бок кустоў, спускае кальсоны да каленяў і паціху хістаецца.

– Як табе не сорамна, Мотэль! – кажа выходзячы з хованкі Наста, і следам выходзіць яе сяброўка Марыя, абедзве саракагадовыя жанчыны.

Мотэль хутка нацягвае кальсоны, надзявае штаны і на голыя грудзі пінжак, падхоплівае астатнія рэчы і сандалі, пакідае бераг. Ён не з сарамлівых, але ж такога павароту не чакаў. Неяк усё адбылося нечакана і непрыстойна. А можа гэта і нядрэнна? Жыве ён адзін, а тут балбатуха Наста…

Ён вяртаецца дахаты, ідзе на грады па агурок, выпівае шклянку чырвонага віна. Мільганула думка пра тое, што ўсё ў гэтым свеце верціцца вакол двух самых прыцягальных месцаў, і месцы гэтыя паміж ног. Дык за тое, каб яго месца магло яшчэ сустракаць… Мотэль выпівае яшчэ і ўкладваецца на кушэтку.

Прачынаецца ад грукату ў шыбіну акна. Там надвячорак і… Марыя. Паказвае бутэльку віна і просіць, каб Мотэль адчыніў дзверы…

Часы простыя, большасць людзей жыве аднолькава бедна, але лічыць, што жыве добра. Чарга па хлеб, па абутак і адзенне, якія калі-нікалі ў канцы месяца «выкідваюць» у продаж.

Але гэта не тут. Тут простае лета, спякота, няхуткае жыццё. Плямы посцілак займаюць выган побач з «ямкамі». На іх жанчыны, дзяўчаты ў прывабных позах. Смяюцца з хлопцаў, што сноўдаюць сюды-туды, кідаючы ў іх бок галодныя погляды.

Жыццё!

Апублiкавана 19.06.2017  22:47

Leave a Reply