В. Рубінчык. Яшчэ не склаўся пазл

У канцы чэрвеня – пачатку ліпеня пабываў я ў Ізраілі чацвёрты раз у жыцці. Раней (1996, 1998, 2000) лётаў штораз на шэсць тыдняў, сёлета абмежаваўся трыма. Праўда, гэтым разам быў з жонкай – на кожнага па тры тыдні, то і выходзяць «традыцыйныя» шэсць…

Спыняліся ў Петах-Тыкве, па некалькі дзён прабавілі ў Іерусаліме і Эйлаце, а па колькі гадзін – у Тэль-Авіве-Яфа і Цфаце. Заязджалі таксама на Мёртвае мора. Бачылі поўнач і поўдзень, захад і ўсход краіны. Здавалася б, усё добра, можна толькі пазайздросціць. Але.

Сямнаццаць год таму па вяртанні, прыпамінаю, уражанні былі цэльныя, хацелася адразу напісаць кнігу. Зараз няма такой цэльнасці. Мо праз тое, што высаджваўся ў аэрапорце імя Бен-Гурыёна з галавой, загружанай мінскімі праблемамі – да іх у Ізраілі імпэтна далучыліся і некаторыя міжземнаморскія. У выніку не ўдалося мне скласці свой «пазл» да канца.

Усё-такі, аглядаючы Ізраіль-2017, параўноўваючы яго з Ізраілем-2000, маю штосьці гукнуць «са сваёй званіцы». Краіна для турыстаў – гэта па-ранейшаму ярка, досыць шумна… а таксама дорага і бруднавата. Калі падарожнічаць не толькі па калідорах гатэляў, ясная рэч.

На «парасонавай» вулачцы ў Іерусаліме такі ярка

Да шуму я стаўлюся хутчэй пазітыўна, калі ён – прыкмета жывога, але такі шум, як ні дзіўна, у Ізраілі паціху глухне. Элементарнае: у аўтобусах ужо рэдка калі пачуеш гаману, кожны другі, як і ў Мінску, сядзіць, занурыўшыся ў свой гаджэт. Ехалі мы з Петах-Тыквы ў Тэль-Авіў праз Бнэй-Брак і Рамат-Ган (дарога з усімі прыпынкамі, нечакана доўгая), зайшлі ў салон дзяўчаткі, расчырыкаліся… Дык нейкі важны дзядзя асадзіў іх: «Тут не школа». Яны і прыціхлі, аж мне шкада было. І на рынках, як падалося, гандляры ўжо менш схільныя крычаць-зазываць пакупнікоў, хоць і засталіся яшчэ асобныя «луджаныя горлы». Нават у Старым горадзе Іерусаліма нам з жонкай не дужа дадзявалі… З аднаго боку, добра, з другога – як жа каларыт?

Абменны пункт, або «Пераключальнік грошай» 🙂

Шум цяпер у Ізраілі збольшага механічны – аўтамабільны парк, выглядае, павялічыўся ў разы. Яно б нічога, за апошнія гады пабудавана шмат новых магістраляў, аднак вулачкі-та ў гарадах не пашырыліся. І блукаюць пешаходы між машын, і веласіпедыстам мала дзе прыткнуцца. Чуў, дарэчы, што з гэтага года забараняюць ім ездзіць па тратуарах: рашэнне яшчэ не ўвайшло ў сілу, аднак вось-вось увойдзе. У такім разе небяспека для аматараў «чыстага» віду транспарту істотна павялічыцца.

«Тут з асалодай жыве сям’я бутэлек Петах-Тыквы» – крэатыўная замануха, каб гараджане насілі пластык у спецыяльныя кантэйнеры

Як правіла, ізраільцяне ў адносінах да гасцей краіны – мілыя, клапатлівыя людзі, не вынятак і рускамоўныя імігранты. Нашу сям’ю кранальна апякалі ва ўсіх названых гарадах, пускалі пераначаваць, частавалі і г. д. 87-гадовы настаўнік матэматыкі, выхадзец з Беларусі, звазіў на ўласным аўтамабілі ў петах-тыквенскі рэстаран – зрабіў мне такі падарунак да дня народзінаў. Паліцыянт, да якога я звярнуўся з пытаннем ля Мёртвага мора, убачыўшы, што не маю з сабою вады (засталася ў жонкі), працягнуў поўную бутэльку. Іўрытамоўная жанчына на аўтавакзале ў Цфаце дапамагла даць рады з хітрамудрым раскладам руху аўтобусаў… Учынкаў, за якія выпадала казаць «дзякуй», «спасибо» ці «toda raba», было шмат.

   

Гуляю з юнаком у шахматы, «малыя» і «вялікія». Тэль-Авіў, вул. Гашамэр

І ўсё ж… Разняволенасці, упэўненасці ў сабе, якімі я некалі захапляўся, у мясцовага люду не дадалося. Кантраст з Беларуссю перастаў кідацца ў вочы: «правілы гульні» ў эканоміцы такія, што лёгка пазбавіцца заробку, знайсці яго цяжэй (хаця фармальна беспрацоўных у Ізраілі менш за 5%). Як і ў нас цяперака, начальнікі шмат дзе могуць не даплаціць, а то і проста выкінуць з працы. Чуў рэальныя гісторыі.

Відаць, не ад добрага жыцця многія ізраільцы, не адно імігранты, апошнім часам сталі збіраць і здаваць бутэлькі па 0,3 шэкеля за штуку. Цэны ў краіне досыць высокія, нават на рынках; цяпер прадаецца нават тое, што гадоў 20 таму часам і выкідвалася, аддавалася задарма. Вядома, дабрачыннасці і «яўрэйскай салідарнасці» ніхто не адмяняў – ёсць склады, бясплатныя сталоўкі… Аднак такі варыянт не ўсім падыходзіць.

Калі разважаць пра бяспеку ў гарадах, то мы гулялі па іх без аніякага страху, дабраўшыся 30 чэрвеня аж да Храмавай гары ў Іерусаліме (кароткую праверку ля ўваходу вытрымалі з гонарам!). Ды не паспелі пахадзіць тамака і чвэрць гадзіны, як нас, разам з іншымі турыстамі, прагналі адтуль спецслужбоўцы. Атмасфера была насамрэч напружаная – праз падрыхтоўку да пятнічнай малітвы? – і я не здзівіўся, калі прыйшла вестка пра тэракт 14 ліпеня з забойствам двух ізраільскіх паліцыянтаў-друзаў… Пачытаеш хроніку тэрактаў за 2015–2017 гг. – і разумееш, чаму не так ужо багата ўсмешлівых твараў на вуліцах Іерусаліма.

Вул. Кінг Джордж у Іерусаліме. І ў 1998-м, і ў 2017-м я імкнуўся быць «на кані».

«Трэмп» у Ізраілі цяпер зусім не такі папулярны, як Трамп… Трэмп – гэта аўтастоп, калі хто не скеміў. Лавіў аўтамабілі ля адной з гор Цфата і на павароце да Эйн-Гедзі – агулам за сорак мінут спыніўся толькі адзін чалавек, і тое яму было з намі не па дарозе. Як мне патлумачылі, ізраільцы баяцца падвозіць незнаёмых… У 1990-х, падаецца, было іначай.

Раней я не раз пісаў пра эканамічныя дасягненні Ізраіля, у прыватнасці, пра рост валавага ўнутранага прадукта і золатавалютных рэзерваў. Дык вось, на вонкавым выглядзе гарадоў той рост адбіваецца слаба. Хмарачосы як хмарачосы, але па-ранейшаму часцяком трапляюцца старыя будынкі, сярод іх ушчэнт занядбаныя. Папрашаек на вуліцах у параўнанні з канцом ХХ ст. візуальна меней не стала – мо наадварот. І ў Іерусаліме, і ў Тэль-Авіве (раён цэнтральнай аўтастанцыі наганяе сум, бо нават з акна аўтобуса відаць трушчобы). Агаваруся, што ўсёй карціны за тры тыдні я не бачыў і не мог бачыць.

На вуліцы Шолам-Алэйхема ў Тэль-Авіве

Эйлат – асобная «песня», за 20 гадоў ён-такі стаў курортам міжнароднага значэння, і адначасна даволі ўтульным горадам для жыцця. Пляжы і гатэлі на любы густ, з рыбкамі і без, цудоўная падводная абсерваторыя (уваход – каля 100 шэкеляў з «носа», але справа таго вартая), фантаны з музыкай па вечарах – гэта ўсё Эйлат.

Платны туалет – даволі рэдкая з’ява ў Ізраілі, бо процьма бясплатных

Мора – унізе, а мы жылі амаль на самым версе (Mish’ol Ha-Ma’arav, «Заходняя сцежка»), і штодня праходзілі па тры-чатыры кіламетры пад гару і ўгору: практыкаванне ў спёку не самае прыемнае, але ж і не фатальнае. Цешылі вочы вычварныя скульптуры тыпу дрэва-святлафора, стэнд з гарадамі-пабрацімцамі Эйлата, дзе пазначана і ўкраінская Ялта…

Дзіўна, што ў гэтым спісе няма беларускіх назоваў. На беразе Чырвонага мора з пачатку 1990-х жыве пісьменнік-рабочы Давід Шульман, які шмат зрабіў для збліжэння жыхароў дзвюх краін, а ў прыватнасці, Эйлата і Барысава. Празрысты намёк гарадскім саветам абодвух гарадоў 🙂

У кватэры з дасканалай сістэмай ахалоджання паветра лавіў кайф, перачытваючы Уладзіміра Набокава. Да некаторых твораў дабраўся ўпершыню, і вось урыўкі з «Шляхаводніка па Берліне», якія проста клаліся на нашае адчуванне: «У кожным вялікім горадзе ёсць своеасаблівы зямны рай, створаны чалавекам… раю наведваць дом земнаводных, насякомых, рыб… І вядома, трэба паглядзець, як кормяць чарапах». Мы з жонкай усё гэта назіралі – не ў берлінскім заапарку, а ў эйлацкім акіянарыуме.

З другога боку… хапае ў Эйлаце, як і ў іншых мясцінах, вуліц, пакрытых брудам; немалую ролю тут граюць хатнія гадаванцы. Уражанне такое, што цяпер палова сем’яў трымаюць сабачку, хто-ніхто і па два. Улады з дапамогай плакатаў папярэджваюць гаспадароў, каб не пакідалі пасля прагулак сабачае гаўно, ды гэта слаба дапамагае.

Вясёлы кліп ад Ніра & Галі пра коціка і птушку. Жэстачайшэ рэкамендуецца для прагляду

Безліч у ізраільскіх гарадах і катоў – рудых, шэрых, усялякіх. Часта яны сядзяць ля ўваходаў у крамы, адкуль кандыцыянер гоніць свежыя струмені – ратуюцца ад спёкі, значыць. Паводзяцца па-гаспадарску. Вунь адзін разлёгся пасярод тавару (знята на рынку Кармель у Тэль-Авіве).

Што зачапіла мацней – сітуацыя з Мёртвым морам; яно, слушна адзначалі розныя аўтары, літаральна памірае, бо вада з ракі Іярдан практычна не даходзіць да мора-возера. Я зрабіў памылку, вырашыўшы з Эйлата заехаць у Эйн-Гедзі і паплюхацца ў салёнай вадзе (помніў з 1996 г., што ля запаведніка ёсць грамадскі пляж). Той самы паліцыянт, які прэзентаваў мне бутэльку, патлумачыў: уся паўночная частка Мёртвага мора закрыта для купання. Насамрэч паўсюль тырчэлі плакаты: «Асцярожна, правалы ў глебе», «Купанне забаронена». Тым не менш я пераадолеў круты спуск і дабраўся да берагавой лініі, падзівіўся з гранул солі, што сабраліся ў «кветкі», памачыў ногі, пафоткаў… На жаль, камера з мабільнага не перадасць усіх нюансаў.

Праваахоўнік радзіў вярнуцца на 25 кіламетраў у бок Эйлата, у Эйн-Бакек, што мы з жонкай і зрабілі. Праўда, паўднёвую частку, разрэзаную канальцамі, ужо цяжка ўважаць за «сапраўднае» мора, дый пейзажы там менш маляўнічыя. Аднак людзі ахвотна прыязджаюць здаля, бо вада, кажуць, валодае-такі лекавым эфектам. Паляжалі ў ёй і мы.

* * *

Агулам, за 17 гадоў Ізраіль, пабагацеўшы, не здолеў вырашыць многія свае праблемы – сацыяльныя, дэмаграфічныя, экалагічныя. На лакальных узроўнях робіцца нямала – пабудавана трамвайная лінія ў Іерусаліме, што дазволіла разгрузіць цэнтр горада, будуецца нешта падобнае ў Тэль-Авіве… Аднак рызыкну дапусціць, што ў стратэгічным плане дзяржава топчацца на месцы. Пры ўсёй павазе да Бібі Нетаньягу (дасведчанага тактыка, майстра кампрамісаў), няма зараз нацыянальнага лідэра, голас якога лавіла б уся краіна, дый ці будзе?.. Па вялікім Тэль-Авіве развешаны гіганцкія плакаты з выявай Машэ Кахлона, міністра фінансаў, які яўна рыхтуецца да выбараў. Напэўна, гэта не найгоршы экземпляр палітыка, але хто гарантаваў бы, што, трапіўшы на самы верх, ён не пойдзе за сваім цёзкам Кацавам або Эхудам Ольмертам, нядаўна выпушчаным з турмы? Асабіста я не схільны давяраць тым, хто шукае папулярнасці праз каляровыя карцінкі.

Якраз у час нашага прыезду ўсчаўся чарговы скандальчык – урад Ізраіля пастанавіў прыпыніць пагадненне ад 31.01.2016, згодна з якім прадстаўнікі кансерватыўнага і прагрэсіўнага іудаізму атрымлівалі некаторыя правы ля Муру Лямантаў (Сцяны Плачу). Большасць аналітыкаў ацаніла крок прэм’ер-міністра як саступку ультраартадоксам, прысутным і ва ўрадзе. Ёсць думка (вычытаў у газеце «Наguesher»), што пагадненне было заключана ў эпоху Абамы, каб залучыць на свой бок лідэраў амерыканскіх яўрэяў, а калі прыйшоў Трамп, то з ім у Нетаньягу ўсталявалася непасрэдная сувязь, і ў падтрымцы тых лідэраў – сярод якіх нямала ўплывовых людзей – ужо няма патрэбы… Ізраільцам ніхто не забараняе сварыцца з багатырамі: іншае пытанне, дзеля чаго? Што на даляглядзе? Парады «меншасцей» з вясёлкавымі сцягамі?

Тэль-Авіў. Такіх сцягоў у горадзе хапае.

Як бы ні ставіцца да першага галавы ізраільскага ўрада Давіда Бен-Гурыёна, ён з’яўляўся дапраўды галавой (палец у рот не кладзі). І быў здольны на нетрывіяльныя крокі – чаго варты пераезд у паўднёвы кібуц Сдэ-Бокер, што ў пустыні Негеў… У 1950-х ён клікаў суайчыннікаў за сабой, асвойваць пустыню, бо яе засяленне, паводле Бен-Гурыёна, з’яўлялася «нацыянальнай задачай вышэйшага парадку». І праўда – яна ж займае 60% тэрыторыі краіны.

Мы з Б.-Г. 🙂

У 2015 г. Нетаньягу заяўляў ганарліва, што «мара Бен-Гурыёна пра заселены і квітнеючы Негеў ператвараецца ў жыццё на нашых вачах». Нешта я не заўважыў. Па дарозе з Тэль-Авіва ў Эйлат, пачынаючы з наваколляў Беэр-Шэвы, жылых паселішчаў мала (асабліва злавеснае ўражанне пакідае раён Цын з яго «іншапланетнымі» кратэрамі; бліжэй да Іярданіі аднастайны пейзаж прынамсі разбаўляецца шматлікімі пальмавымі аазісамі). Карацей, нягледзячы на дэкларацыі ды подзвігі энтузіястаў, на рукатворны лес Ятыр, Ізраіль развіваецца перадусім у досыць вузкай прыбярэжнай паласе, дзе і круцяцца асноўныя капіталы. Нават Галілея з яе спрыяльным кліматам заселена не вельмі шчыльна: калі мы ехалі ўвечары, то адзначалі толькі рэдкія агеньчыкі. Бадай палова з іх, напэўна, адносілася да арабскіх паселішчаў.

Стаўка на «вялікі Тэль-Авіў» і «вялікі Іерусалім» крыху нагадвае канцэнтрацыю расійскіх рэсурсаў у Піцеры і Маскве. Эйлат параўнаў бы тады з горадам Сочы, прынамсі па капіталаўкладаннях ды іміджавай значнасці для дзяржавы. (А Хайфа як Навасібірск :)) Слушна? Няслушна? Такое маё суб’ектыўнае адчуванне. Як і тое, што Ізраіль пасля хваль масавай іміграцыі крочыць ужо «сярэднім шляхам», без амбіцый сусветнага – і нават кантынентальнага – маштабу. Бацькі-заснавальнікі, якія мелі падобныя амбіцыі, памерлі, змагар за «Новы Блізкі Усход» – таксама…

Некалі прачытаў выраз Марціна Бубера: «Кібуц – гэта ўзорны не-правал. Гэта не поспех, але ўзорнае не-паражэнне» (прыведзена, напрыклад, тут). Мяркую, калі замяніць слова «кібуц» на «Ізраіль-2017», вялікай памылкі не будзе.

* * *

Бонус аматарам штучных моў. Паказаная вулачка ў Петах-Тыкве, што носіць імя д-ра Заменгофа, ураджэнца Беластока, які жыў і ў Гародні. Дзе таксама ёсць вуліца, названая ў гонар «доктара Эсперанта».

Вольф Рубінчык, г. Мінск,

18.07.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 19.07.2017  00:07