Чытачам – шалом, нечытачам – паўшалому! Насоўваецца свята Ханукі, якое з года ў год нейк адметна грэе. Дрэйдла праз сваё савецкае дзяцінства круціць не давялося, аднак дранікі (бадай латкес) – наша кулінарнае ўсё. І перамога продкаў над прыгнятальнікамі – дужа сімпатычная з’ява, і прынцып «вялікае з малога», калі дзённай порцыі алею хапае на тыдзень з гакам – гэтак сама.
Акурат 10 год таму тэлефанавалі мне з радыё «С.», на Хануку выводзілі ў прамы эфір. А ў мяне ў той дзень скокнула тэмпература, язык не слухаўся, дык і плёў кашалі з лапцямі… З таго часу зносіны з супрацоўнікамі хітрамудрага радыё меў толькі па перапісцы, а цяпер, пасля брыдкага ўчынку аднаго з рэдактараў (пра іншых таксама ведаю сёе-тое малапрыемнае, хоць адмыслова не цікаваў), спыніў і ліставанне. Час ідзе, прыярытэты мяняюцца… Нікому сваёй думкі не навязваю, але парадак дня для Беларусі лепей бы вызначаць яе грамадзянам, незалежным ад замежных структур, тым болей (пры)ўрадавых.
Як бачна з віншаванкі ў газеце «Берега» (лістапад 2017), і афіцыйны прадстаўнік Ізраіля апынуўся пад Хануку «на сваёй хвалі». Арыгінальная трактоўка свята – гэта адно, а другое – трэба мець не абы-якое выабражэнне, каб убачыць у РБ яўрэйскую «абшчыну» (не блытаць з асобнымі арганізацыямі – яўрэйскімі, квазіяўрэйскімі і псеўдаяўрэйскімі). Да таго ж, па-мойму, ясна, што ніводная грамадская або рэлігійная суполка не цягне на ролю «моста» паміж яўрэямі і беларусамі, а пагатоў паміж Ізраілем і Беларуссю. Усе яны занятыя перадусім уласным выжываннем – вунь той жа выдавец «Берегов», Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне, штомесяц скардзіцца на фінансавыя цяжкасці.
Турысты, бізнэсоўцы, культурныя дзеячы, якія ездзяць туды-сюды-назад, як правіла, не маюць патрэбы ў паслугах тутэйшых «лідэраў»; іх контрагенты (гіды, арэндадаўцы, юрысты, прадзюсеры…) працуюць незалежна ад волі прафесійных яўрэяў. Гэта што да «народнай дыпламатыі», а афіцыйныя ізраільска-беларускія адносіны яшчэ менш завязаныя на маламоцным «трэцім сектары»; хто-хто, а пасол павінен пра тое ведаць. Адылі будзем лічыць, што ён проста хацеў зрабіць прыемнае яўрэям у «постсоветстких» (sic) краінах. У такім разе дзякуй яму ў капялюш кіпу.
Год 2017-ы характарызаваўся трампуцінскімі закідонамі і далейшай эрозіяй сістэмы міжнароднага права, што для невялікіх краін, у тым ліку Беларусі (найперш) і Ізраіля (у меншай ступені), стратэгічна нявыгадна. Але што паробіш, перажывем неяк. Абы ў жыхароў нашых краін часцей абуджаліся «пачуцці добрыя».
…Перачытваў «Легенду пра Уленшпігеля» Шарля-Тэадора-Анры дэ Кастэра – і ўсцяж лавіў сябе на думцы, што гэта не проста круцельскі раман з прагай помсты за «попел Клааса», а і прышчэпка ад каланіялізму ды цемрашальства, такая памысная праз 150 год пасля першага выхаду кнігі (у снежні 1867 г.). Аж крыху зайздросна, што саракагадовы Кастэр меў у актыве такі выдатны твор, і цяжка не згадзіцца з расійцам Змітром Быкавым, які мяркуе, што гэтую кнігу, нягледзячы на яе жорсткасць, трэба даваць чытаць ужо сямі-дзевяцігадовым дзецям: на прыкладзе нацыянальнага эпасу Фландрыі «чалавек пачынае разумець, як робіцца эпапея». Праўда, сам я прачытаў «Легенду…» гадоў у 12, а цяперашнія выдаўцы ставяць на яе пазнаку «16+», што ўвогуле абсурдна. Ну, перастрахоўшчыкаў ва ўсе вякі хапала…
А вось дохтур гістарычных навук Эмануіл І., які выдаў чарговую «цагліну» на 500 з лішнім старонак, прысвечаную гэтым разам крываваму Цанаве («Лаврентий Цанава. Его называли “Белорусский Берия”», Мiнск, 2016), Кастэра ў дзяцінстве яўна не чытаў, і ў спелым веку наўрад ці заглыбляўся ў творчасць Караткевіча («Хрыстос прызямліўся ў Гародні» – наскі аналаг «Уленшпігеля», няхай з пэўнай нацяжкай). Калі б І. чытаў «патрэбныя кнігі» ((С) Ул. Высоцкі), то не ўзяўся б адбельваць обер-ката з дапамогай ліслівых выразаў тыпу «таленавіты аналітык, храбры і вельмі камунікабельны чалавек… ненавідзеў паклёпнікаў, махляроў і падманшчыкаў, быў добрым сямейнікам і клапатлівым дзядулем». На гэтае адбельванне звярнуў увагу філолаг Міхась С. – і дастаў газетны адказ ад гора-гісторыка, маўляў, апанент мысліць як дылетант, закранае гонар «вучонага і выкладчыка», ды ўвогуле нічога не ведаў пра Цанаву да згаданай кнігі.
Міхась С., мой старэйшы таварыш па Саюзе беларускіх пісьменнікаў, насамрэч павёў сябе досыць наіўна. Як быццам не ведаў, хто такі І. – 78-гадовы прыстасаванец, які ўсхваляў яшчэ Лёніка Брэжнева, аматар падбіраць чужыя тэксты без спасылкі на іх… Колькі ўжо было публікацый, дзе паказваліся цынізм і некампетэнтнасць І., хоць бы ў «Анахну кан» (2002) і той жа «Народнай волі» (2003) – яму як з гусі вада.
Хіба адчуваючы, што выбраў не тую мішэнь, пад канец С. гукнуў: «Няўжо выдавецтву “Адукацыя і выхаванне” няма чым заняцца? Няўжо нашы школы і ўніверсітэты цалкам забяспечаны навучальнай літаратурай? Няўжо і далёка не аб’ектыўная кніга пра Цанаву, на думку міністэрскіх чыноўнікаў – таксама навучальная літаратура? Мне як падаткаплацельшчыку не дае спакою пытанне: чаму ў Мінадукацыі з’явіліся “дубы”, якія вырашылі “пашумець” яўна не “сваёй дуброве”?» Аднак і гэтыя пытанні – збольшага рытарычныя. Больш дарэчна было задаваць іх у 2003 г., калі згаданае выдавецтва было яшчэ ўстановай, г. зн. непасрэдна падпарадкоўвалася міністэрству ў сваёй дзейнасці. Тады намесніца дырэктара (якая кур’ёзна пісала рускае слова «гонорар»: «ганорар») красамоўнічала на судзе: маўляў, навошта расказваць пра сталінскія рэпрэсіі ў шахматным часопісе? (Сам я і не расказваў, але паставіў у нумар нарыс Вадзіма Жылко на тэму «шахматы і літаратура», там было пару радкоў пра Сталіна.) Дзяўчына маёй генерацыі, аматарка замежных паездак… Яшчэ на пачатку 2000-х гадоў я скеміў, што «пакаленне БРСМ» – часцяком яшчэ больш паскуднае, чым замшэлыя, карыкатурныя камунякі тыпу тав. Малафеева (не футбольнага трэнера, вядома ж). Апошнім часам пацвярджалася шмат разоў…
У сярэдзіне 2000-х «АіВ» набыло форму РУП – рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства. Гэта значыць, яно ўладае самастойнасцю ў гаспадарчай дзейнасці, і фармальна мінадукацыі за яго рэдакцыйную палітыку не адказвае. Карацей, які б трэш ні выпускалі, заўсёды могуць адбрахацца: «Мы – прадпрыемства, павінны зарабляць грошы».
З ліста намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны РБ, 2004 г. Намміністра адукацыі ў тым жа годзе паведамляў: «кіраўніцтву “Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” зроблена заўвага…»
Магу толькі паспачуваць шараговым супрацоўнікам; не думаю, што стаўленне да іх адміністрацыі з 2004 г. істотна змянілася ў лепшы бок, хутчэй наадварот.
…«Год навукі» ў Беларусі яшчэ не скончыўся, але выглядае, што найбольшым яго дасягненнем застанецца «ІІ з’езд навукоўцаў» у Мінску (12-13 снежня, для больш як 2000 дэлегатаў). Штопраўда, навуковыя адкрыцці робяцца не на з’ездах: імпрэза можа прыгадзіцца хіба што сацыёлагам (як прадмет для вывучэння). А добрых пажаданняў можна і без выдаткаў на пышныя мерапрыемствы накідаць цэлы мех… Што не раз і не два рабілася ў «Катлетах з мухамі». Зрэшты, у бюджэце РБ на 2018 г. доля выдаткаў на навуку па-ранейшаму складзе менш за 1% (і нават не дасягае сціплага паказніка 2011 г., 0,7%), то «нафіга папу баян»?
У нечым разумею і ўрадоўцаў з парламентарыямі: адшпіліш сур’ёзную суму такім «аўтарытэтам», як акадэмікі, апісаныя ў папярэдняй серыі, дык потым сам не будзеш рады. Але хто вінаваты, што створана сістэма, якая заахвочвае ў навуцы маўчалінскія «памяркоўнасць і акуратнасць», іначай кажучы, пасрэднасць – хіба не высокія чыноўнікі? Упэўнены, калі б незалежныя эксперты прааналізавалі дзейнасць Міхаіла М-ча на чале Акадэміі навук у 2001–2010 гг., то выявілася б нямала цікавага. Дый майса пра абарону М-чам, кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі, доктарскай дысертацыі па эканоміцы ў канцы 1990-х інтрыгуе не менш, чым расійскі «казус Мядзінскага».
Няма ў сінявокай свайго «Дысернета», а варта было б стварыць: дальбог, беларускай навуцы хоць трохі палягчэла б. Падобныя задачы ставіў перад сабой мінскі часопіс «Аrche» ў 2000-х гадах, асабліва ў «скарынаўскіх» выпусках, але «ніасіліў». Замежныя навукоўцы, патрыёты Беларусі, маглі б асіліць пры падтрымцы мясцовых кадраў… Мо і філосаф-выкладчык Пётр Р. перастаў бы наракаць, што «большасць студэнцкіх работ – плагіят»: «старых малпаў» не навучыш новым трукам, затое моладзь паціху прызвычаілася б да самастойнай даследніцкай працы.
Філолаг Аляксандр Ф. заявіў у «Народнай волі» (08.12.2017), што «краіна павінна ператварыцца ў адзіную каманду». Адным з «драйвераў», як ён лічыць, мае стаць памяць пра рэпрэсаваных, для захавання якой нямала зрабіў рэдактар партала tuzinfm.by Сяргей Будкін (куратар праекта « (Не)расстраляная паэзія»).
Пры ўсёй павазе да С. Будкіна – які, дарэчы, папулярызуе на сваім партале і «хасідскае рэгі» Пінхаса Цынмана – і згаданай у народнавольскім артыкуле Ганны Севярынец, памяць пра 1937 г. слаба яднае «дзяржаўнікаў» і «апазіцыянераў» (тэрміны Ф., я б такімі не карыстаўся), і ў бліжэйшы час не паяднае. Гаваркі факт: на краўдфандынгавай платформе праект сабраў менш за 10 тыс. рублёў з запрошаных 15 тыс., г. зн. усяго 64%. Выдатная лекцыя Андрэя Хадановіча пра Тодара Кляшторнага (між іншага, паэт пісаў і пра яўрэяў; пад канец Андрэй працытаваў адпаведныя радкі) за два тыдні прыцягнула ўвагу каля сотні інтэрнаўтаў.
Так уладкаваны сучасныя людзі: пераважнай большасці абыякава нават тое, што адбывалася летась, а не тое што 80 год таму. Можа, уплывае пастаянны перагруз інфармацыяй… Як бы ні было, уратаванне ў краіне навукі як апірышча рацыянальнасці – больш дарэчны драйвер. Гэткая тэма, звернутая ў будучыню, а не ў мінулае, насамрэч дазволіла б распачаць «паўнавартасны агульнанацыянальны дыялог у імя Беларусі». Аднак афіцыёзныя з’езды навукоўцаў, зразумела, збіраюцца з іншымі мэтамі.
Дужа спадабалася показка ад каманды электроннага слоўніка skarnik.by: «Сядзіць беларус у канцлагеры, і тут ахоўнік-акупант звяртаецца да яго па-беларуску. “А БОЖУХНА, ЯКОЕ ШЧАСЦЕ, ДАВАЙЦЕ ЯШЧЭ ШЫЛЬДАЧКІ ПЕРАКЛАДЗЁМ!”». Тут я адразу ўспомніў, што беларусізацыяй бланкаў розных карных устаноў колькі год таму займаўся калега Л-ц. Зрэшты, хто я такі, каб кпіць з яго? Сам жа некалі «перавыхоўваў» міліцыянтаў, пракурораў і суддзяў, цешыўся, калі службоўцы пераходзілі на беларускую, абстрагуючыся ад іхніх намераў. Гэта пройдзены этап; зараз мне хочацца атрымліваць рэальныя перамогі, а не толькі маральныя/сімвалічныя.
В. Міхедзька заклікае «памятаць і разбірацца»
З пазітываў: музей гісторыі польскіх яўрэяў «Полін» «загаварыў па-беларуску», то бок беларуская стала мовай аўдыёгідаў у варшаўскай мемарыяльнай установе. Гомельскі гісторык Валянцін Міхедзька ў рамках адукацыйнага праекта «Краявід» запісаў грунтоўную лекцыю пра яўрэяў Гомеля і не толькі. Бліскучая Бенька з мужам-музыкам наведала Ізраіль з гастролямі – ужо другі раз (першы меў месца сёлета ў маі). Здаецца, усё прайшло паспяхова. Аўтар трылогіі «Беларусалім» Павел Севярынец, правёўшы пафасную прэзентацыю першай часткі рамана ў Мінску (16.11.2017, «Золак»), ездзіць з ёй па рэгіёнах. «Беларусь вынасіла пад сэрцам Ізраіль», – кажа адзін з герояў рамана.
Вольф Рубінчык, г. Мінск
12.12.2017
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 12.12.2017 16:45