В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (65)

Два месяцы ані дбаў пра мушыныя катлеты, і няблага сябе адчуваў. Нічога надзвычайнага, каб тэрмінова рыхтаваць новую серыю, не адбылося, ды пару зачэпачак ё, і зараз пазнавальна-каляпалітычны серыял жахаў зноў з вамі… Трывайце або вітайце 🙂

Паслясмачча ад праекта «(Не)расстраляная паэзія» даволі добрае, між іншага і таму, што 28 верасня, перад лекцыяй, прысвечанай Ізі Харыку, нарэшце пазнаёміўся з Бенькай (aka Святлана Бень). Жывая прэм’ера яе песні ў той жа дзень – з рэчытатывам «Век настане такі…» – спадабалася мне больш, чым студыйны запіс; па-мойму, ён занадта ўжо «касмічны» & змрочны. Але як бы ні было, творчасць Харыка – і Кульбака, і многіх іншых – вярнулася ў грамадскі кантэкст.

Неўзабаве, у сярэдзіне кастрычніка, асоба Мойшы Кульбака стала прадметам срачу спрэчкі ў цэлым фэйсбуку. «Усе цяпер шыхтам любяць Кульбака – хоць бы хто пры гэтым вывучыў тры словы на ідышы», – не без іроніі заўважыў надоечы малады філосаф. Выявілася, далёка не ўсе любяць… Доктарка філалогіі Ганна К. прачытала ўспаміны нямецкай актрысы Мішкет Ліберман, якая на пачатку 1930-х жыла ў Менску (Ліберман была знаёмая з Кульбакам, і ён папрасіў яе памяняцца кватэрамі; актрыса згадзілася, у выніку пісьменнік палепшыў свае жыллёвыя ўмовы, пераехаўшы з аднапакаёвай у трохпакаёвую). Ганна К. знайшла ў іх пацвярджэнне сваёй няхітрай тэорыі «пісьменнікі – сволачы». Потым параўнала аўтара «Зельманцаў» з крымінальнікам: «Я ў савецкія часы чула пра махнуцца шапкамі… Калі вечарам ў падваротні бандзюкі прапаноўвалі памяняць новую шапку на “старую-зручную”…». Маўляў, Кульбак націснуў на няшчасную жанчыну сваім аўтарытэтам.

Многія не згадзіліся з вядомай філалагіняй, выхаванкай Акадэміі навук, а нехта згадзіўся… На жаль, і асобы, якія пазіцыянуюць сябе як гісторыкі (Зміцер Д., Антон Р.), паказалі, што не ўмеюць крытычна падыходзіць да наяўных крыніц, дый лянуюцца шукаць дадатковыя. Калі б крыху пашукалі, то даведаліся б, што: а) у Менску пачатку 1930-х камунальнага жытла востра бракавала, а «прыватнасць» кватэр была паняццем адносным, і ўлады ўсё адно не далі б Ліберман раскашаваць адной у трох пакоях (найчасцей у такіх выпадках падсялялі «нязручных» суседзяў); б) у Кульбака к таму часу былі жонка і сын, якія ва ўспамінах Ліберман чамусьці засталіся «па-за кадрам»; натуральна, аўтар «Zelmenyaner», прагны стварыць працяг, не хацеў туліцца з сямейнікамі ў адным пакоі. Дадам, што сама актрыса калі і шкадавала, то адно пра тое, што не забрала ў новую кватэру шафу, таму праз 85 год абурацца «замест яе» з пазіцый сённяшняга дня (калі квадратныя метры – адзінае, чым уладаюць многія «інтэлігентныя» мінчукі…) неяк смешна.

Кульбака, які ў 1930-х напісаў (або падпісаў) шэраг не вартых яго тэкстаў, зусім не ідэалізую, аднак варта знаць меру ў прэтэнзіях… Іначай дойдзем да таго, што будзем дакараць Пушкіна А. С. за неахайнасць (доўгія пазногці), а, умоўна, Барыса Пастарнака за нежаданне мыць посуд па чарзе з жонкай. З аднаго боку, файна, што Майсей Саламонавіч трактуецца ў фэйсбучных маналогах як жывы чалавек; з другога – мнагавата «пад крылом Цукерберга» стала тых, хто самасцвярджаецца за чужы кошт… Укрывай Б-г, не заклікаю да цэнзуры; проста, калі FB застанецца прытулкам для плеткароў і фэйкаробаў, то паступова сам сябе зжарэ.

Навінка мінулага тыдня: Аляксандр Лукашанец, кіраўнік з цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, выбраны-такі акадэмікам… Напэўна, мае рэальныя заслугі. Але цяжка забыцца і на тое, як 14 год таму гэты доктар навук, тады яшчэ в. а. дырэктара інстытута мовазнаўства, сваёй вагой «прыдушыў» беларускую мову ў часопісе «Шахматы». З яго «экспертнага заключэння» на № 1 «Шахмат»:

«пагатоў (не літаратурнае слова), гульцы (трэба: ігракі); “Замежны досвед” (слова досвед не адпавядае сучаснаму літаратурнаму ўжыванню, відаць, лепш было б: вопыт)шараговых (трэба: радавых)… Аб стаўленні гульцоў(трэба: ігракоў)адмысловага бюлетэня (трэба: спецыяльнага); адмысловае грамадскае аб’яднанне (трэба: спецыяльнае), вядучых гульцоў (трэба: вядучых ігракоў)Такая колькасць граматычных памылак і недакладнасцей словаўжывання недапушчальная для інфармацыйна-асветніцкага перыядычнага выдання».

З акадэмічнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» (Мінск, 1999): «ПАГАТОЎ, прысл. Тым больш» (с. 406); «ГУЛЕЦ (разм.). Удзельнік якой-н. гульні» (тамсама, с. 160; у 2017 г. гэтае слова вызірае ў Мінску з афіш міністэрства спорту і турызму РБ); «АДМЫСЛОВЫ. 1. Адметны, своеасаблівы… 2. Спецыяльны, асобага прызначэння» (тамсама, с. 40).

Слова «досвед» сапраўды не было ў названым слоўніку, што не зашкодзіла, напрыклад, Гродзенскаму ўніверсітэту выдаць дзве часткі працы доктара філалагічных навук Паўла Сцяцко пад назвай «Мовазнаўчы досвед» (2005). І «шараговым» хто толькі не карыстаўся: тая ж газета «Звязда»… Мо’ на ўжыванне гэтых слоў у шахматным часопісе трэ’ было дастаць ліцэнзію ў інстытуце мовазнаўства, хто ведае?.. 🙂

Пасля 2003 г. Лукашанец пайшоў «угору» (дзіва што, з такім каранём у прозвішчы :)) і ў 2009 г. зрабіўся членам-карэспандэнтам НАН. Не зацыкліваючыся на гэтым, у 2000–2010-х гг. я час ад часу паказваў публіцы, што да галоўнага беларускага мова(в)еда ёсць пытанні. Нават ахвяраваў старонку ў сваёй шахматнай кнізе 2010 г., дзе цалкам апублікаваў ягоную пісулю… I вестка пра тое, як «яго» інстытут нядаўна лажануўся з просценькім надпісам на цыгарэтных пачках, не здзівіла ні на грош.

Насамрэч важнай у 2000-х задачай для мяне з’яўлялася – пашырыць сферу ўжывання беларускай мовы ў шахасяродках (у т. л. з дапамогай часопісаў і кніг) або, прынамсі, дажыць да яе пашырэння. У рэшце рэшт, я перамог. Сёлета адкрыўся пераважна белмоўны клуб «Шахматны дом», на сайце Беларускай федэрацыі шахмат пачалі рэгулярна публікавацца матэрыялы па-беларуску… Не за гарамі выхад адпаведнага падручніка.

Пасля выбараў у НАН 16.11.2017 адчуваю пэўную грэблівасць, але без крыўды: калі могуць лічыцца «навуковай элітай» Я. Бабосаў і А. Лакотка, у якіх адміністратыўны імпэт даўно дамінуе над творчым, то чаму няможна Сан-Санычу? Да цырку ў краіне даўно прызвычаіўся, от хіба квіткі дарагавата каштуюць…

А. Лакотка, які любіць устаўляць у свае артыкулы цытаткі з Рыгорыча, у 2015 г. злётаў у КНР і ў навуковым (!) выданні пад уласнай рэдакцыяй вешае локшыны пра гармонію гаспадароў і прыроды. Агаага, «гармонія»… «Сёння на кітайскім рынку з’яўляецца новы сегмент – продаж «бутляванага» свежага паветра з экалагічна чыстых куткоў планеты».

І пра квіткі. За 4 рублі схадзіў 09.11.2017 у кінатэатр «Беларусь» на фільм «Зніклая паэзія», анансаваны і на belisrael.info. Паглядзеў яго ўпершыню, «у камплекце» з двума іншымі дакументальнымі фільмамі («Янка Купала» і «Вернікі»). Уражанні ад прагляду збольшага станоўчыя; згаджуся з Дзмітрыем Быкавым, які аптымістычна казаў: «Момант, калі працаваць, тварыць становіцца цікавей, чым красці і забараняць, – гэты момант блізкі». Дарма што сказана пра Расію, але і нас тычыцца; я б яшчэ дадаў да «забараняць» – «палохаць». Во якраз адышлі ў лепшы свет двое гандляроў страхам (у Расіі – Міхаіл З., у Беларусі – Эдуард С.), таксама прыкмета пераменаў. Хай спяць спакойна.

Вяртаючыся да «Зніклай паэзіі»… Увесну 2016 г. і праз год сустракаўся са сцэнарысткай – нагаварыў ёй столькі, што хапіла б на два фільмы 🙂 Але ў канчатковы варыянт увайшлі толькі асобныя «прыколы». Сярод «гаваркіх галоваў» – Віктар Жыбуль і Андрэй Хадановіч, мяне ж аўтары фільма ласкава пазначылі як кансультанта (разам з Леанідам Мараковым, памерлым у снежні 2016 г.).

Фішкі «Зніклай паэзіі» – вандроўкі ў электрычках да родных месцаў паэтаў і «вясёлыя карцінкі» ад Маргарыты Макляцовай (напрыклад, Ізі Харыка ў залі слухаюць дзясяткі харыкападобных маладзёнаў, што імітуюць яго шавялюру…). Развіццё гэтай лініі спарадзіла б комікс або нават мультфільм.

Калі б я праглядзеў стужку перад паказам, то паказаў бы на шурпатасці і ў цітрах, і ў вымаўленні (усё-ткі прозвішча мсціслаўскага паэта – не «Таўбін», а «Таўбін»), і ў расповедах некаторых персанажаў. Але, паўтаруся, стужку першы раз пабачыў 9 лістапада. Што ж, гэта свядомы выбар двух маладых спецыялістаў – І. Бажко і М.-Д. Клінавай.

Як чытачы belisrael.info ўжо ведаюць, спрабую пераканаць «інстанцыі» ў тым, што патрэбна ў цэнтры Мінска дошка з прозвішчамі З. Аксельрода, М. Кульбака, І. Харыка. Не згодзен з тымі, хто называў Гірша Рэлеса (1913–2004) «апошнім з магікан», або «апошнім паэтам Беларусі, які пісаў на ідышы». Зерне, кінутае ў ніву пералічанымі тут асобамі – і часопісамі «Штэрн», «Саветыш геймланд», «Ды ідышэ гас»… – дало ўраджай: напрыклад, летась у мінчаніна Фелікса Барысавіча Хаймовіча выйшаў зборнік ідышных вершаў «Рэдн міт эхо» («Гутарыць з рэхам»). Штопраўда, не ў родным Мінску, а ў Тэль-Авіве.

Ф. Хаймовіч (фота з сайта СБП) і вокладка яго кнігі

Дарэчы, хацеў бы ўдакладніць тэкст 2015 г., які праз два гады ў перакладзе на беларускую трапіў у мой ненавукова-папулярны зборнік «Выйшла кніга». Ф. Б. Хаймовіч паведаміў: «Федзю Шадлецкага я ведаў асабіста, і дастаткова блізка: ён сябраваў з маім бацькам, а сяброўства гэтае пачалося ў жніўні 1941 года ў Мінскім гета. Федзя быў татавым сувязным. Не Сяргееў накіраваў яго ў гета, а Казінец накіраваў яго ў лес на пошукі партызан, каб выводзіць у лес людзей з гета. Казінец яго звязаў і з Кабушкіным (Жанам), які, дарэчы, не адзін раз начаваў у доме, што быў штабам татавай падпольнай групы. Немцы яго шукалі, але ім у голаў не магло прыйсці, што “партызанскі бандыт” хаваецца ў гета. Так што не Сяргееў выйшаў на Шадлецкага, а Шадлецкі на атрады Сяргеева і Пакроўскага, што дзейнічалі разам. У партызаны Федзя перайшоў разам з усёй татавай групай, якую ён і Міша Рудзіцар (абодвум было па 17 год) і выводзілі ў лес. Першым жа партызанам з Мінскага гета лічылі не Федзю, а майго бацьку. У кнізе Смоляра “Мсціўцы гета”, што выйшла ў выдавецтве “Дэр эмес” у 1947 годзе, раздзел, прысвечаны майму бацьку, так і называўся: “Першы партызан з Мінскага гета”».

Што ж, nobody is perfect… Яшчэ раней я даверыўся кімсьці пастаўленай даце на ксеракопіі з газеты «Рабочий» (копію ўзяў у тэатральным архіве пры Яўрэйскім універсітэце на гары Скопус – улетку 1998 г.), і ў выніку ў кнізе «На яўрэйскія тэмы» (Мінск, 2011) засумняваўся, што Кульбак быў расстраляны ў 1937 г.: як жа, яго забілі, а ў 1938 г. cтавiлі п’есу?

Насамрэч публікацыя «Все сроки сорваны» мела месца ў 1936 г.; нядаўна праверыў год у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Прашу прабачэння ва ўсіх, каго скіраваў на памылковы шлях сваімі сумневамі – дальбог, ненаўмысна.

Шахматна-бюракрацкая навіна. Разам з азербайджанцамі і туркменамі ў Асацыяцыю шахматных федэрацый (АШФ, існуе з 1992 г.), зарэгістраваную ў Маскве, уступіла Беларуская федэрацыя шахмат. З моманту заснавання АШФ узначальвае Аляксандр Рыгоравіч… не, не той, а гнуткі расійскі функцыянер Бах (1939 г. нар.), які ў 1980-х уваходзіў у найбліжэйшае атачэнне Анатоля Карпава.

У пачатку 1990-х сэнс у каардынацыйным органе, пераемніку Шахматнай федэрацыі СССР на прасторах СНД, напэўна, быў. К 2017 г. нацыянальныя федэрацыі даўно прынятыя ў ФІДЭ і «самі з вусамі»… Карацей, карысць ад уступлення ў суполку, якой чвэрць стагоддзя кіруе адзін чалавек, невідавочная. АШФ не надае званняў, не ўдасканальвае правілы і не налічвае рэйтынгі. Яна з’яўляецца саарганізатарам традыцыйнага опэн-турніра «Аэрафлот» у Маскве, але беларусы там выступалі і без членства ў асацыяцыі.

Вялікай шкоды ад чарговага піяр-кроку БФШ не відаць, але, з майго гледзішча, лепей бы паважаная суполка занялася падрыхтоўкай да масавага турніру ў гонар 150-годдзя Давіда Яноўскага (1868–1927), ураджэнца Ваўкавыска. Юбілей – у маі. Ад такога турніру быў бы як іміджавы наедак, так і плён для тутэйшых аматараў. Можа, і я б згуляў.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.11.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 22.11.2017  13:45

Leave a Reply