В. Рубінчык пра Якава Бранштэйна

Некалькі слоў пра Якава Бранштэйна

(да 120-годдзя з дня яго нараджэння)

Якаў Анатолевіч Бранштэйн – так ён падаецца ў беларускіх даведніках (насамрэч, відаць, бацьку звалі не Анатолем)… Нарадзіўся будучы крытык, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР 10 лістапада 1897 г. у Бельску. Цяпер гэта – Бельск-Падляскі ва Усходняй Польшчы, але спрэчная тэрыторыя належала і Прусіі (на рубяжы ХVIII-XIX cт.), і БССР (пасля 1939 г.). Доўгі час жыў у Польшчы, а калі трапіў у Расію (Арол, 1919 г.), то запісаўся ў Чырвоную Армію, ваяваў на розных франтах. Пасля дэмабілізацыі працаваў у газеце «Орловская правда».

Я. Бранштэйн на здымках розных гадоў

Мяркую, былы чырвонаармеец праявіў сябе так, што не было пытанняў, да якой партыі ён далучыцца. З 1925 г. Я. Бранштэйн меў бальшавіцкі партбілет. У тым жа годзе публіцыст, які друкаваўся з 1918 г., паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт.

Лёгка заўважыць, што ў жыццёвым шляху Бранштэйна прасочваюцца пэўныя падабенствы з біяграфіяй Ізі Харыка. Пазней абодва прыехалі ў Менск, працавалі ў рэдкалегіі часопіса «Штэрн», уваходзілі ў ідышную секцыю Саюза пісьменнікаў БССР і атрымалі пасады ў Акадэміі навук. Бранштэйн і Харык бывалі сааўтарамі: напрыклад, у артыкуле пра яўрэйскую літаратуру Беларусі (газета «Літаратура і мастацтва», 11.04.1932; трэцім стаў Хацкель Дунец). Як успамінала Дзіна Харык, «Моцнае сяброўства звязвала Ізі Харыка з Яшам Бранштэйнам… Бранштэйн часта да нас заходзіў. Гутаркі іх былі дзелавыя, сур’ёзныя».

Такім чынам, светапогляд у Бранштэйна і Харыка наўрад ці моцна адрозніваўся, пра што сведчыў і Гірш Рэлес у сваім нарысе 1992 г. «Лёс кагорты»: «Вядучы крытык Якаў Бранштэйн паводле ідэйна-палітычных поглядаў быў блізкі да Ізі Харыка». Дый «органы» прыйшлі па літаратараў амаль адначасова (па Бранштэйна – у чэрвені, па Харыка – у верасні 1937 г.), завялі на іх падобныя справы. Абодвух расстралялі ў канцы кастрычніка 1937 г., а рэабілітавалі ў 1956 г.; іхнія жонкі былі кінуты ў турму, потым у лагер… Тым не менш выглядае, што Харык застаўся ў гісторыі беларускай літаратуры як персанаж са станоўчым знакам, а Бранштэйн – з адмоўным.

У даведніку «Беларускія пісьменнікі» Ірына Багдановіч пісала пра Бранштэйна: «Разглядаў як агульнаметадалагічныя светапоглядныя пытанні, так і творчасць асобных пісьменнікаў (Я. Купалы, Я. Коласа, А. Александровіча, М. Зарэцкага, М. Лынькова, І. Харыка і інш.). Пісаў пра ўплыў творчасці А. Пушкіна на беларускую літаратуру. У тэарэтычных канцэпцыях беспадстаўна атаясамліваў метад са светапоглядам, супрацьстаўляў рэалізм усім “антырэалістычным кірункам”. Памылкова лічыў, што ўздым мастацкай культуры непасрэдна залежыць ад уздыму палітычнай свядомасці творцы, а значыць, ад палітычнай накіраванасці мастацкай літаратуры. Прытрымліваўся характэрных для таго часу вульгарна-сацыялагічных пазіцый і ў ацэнцы беларускай дакастрычніцкай літаратуры, а таксама дзейнасці літаратурна-мастацкіх арганізацый “Маладняк”, “Узвышша”».

Нічога добрага не сказалі пра Якава Анатольевіча і іншыя беларускія літаратуразнаўцы канца ХХ – пачатку ХХІ ст. У лекцыі «Феномен літаратурнага сервілізму» Пятро Васючэнка выказаўся так: «У нетрах БелАППу аформілася структура, якая выконвала адначасова некалькі функцыяў: працягвала літаратурную палеміку, распачатую яшчэ ў часы “маладнякізму”, захапіла манаполію на літаратурную крытыку, выпрацоўвала афіцыйную “лінію” палітычнай цэнзуры, “доносительства”, а пасьля — літаратурна-крытычнага забесьпячэньня фізычнай расправы з творцамі. Імёны “прафэсіяналаў” набылі сумную вядомасьць: Л. Бэндэ, А. Кучар, І. Барашка, Я. Бранштэйн, А. Канакоцін ды іншыя».

Віктар Жыбуль у сваёй рэцэнзіі на кнігу Леаніда Маракова «Ахвяры і карнікі» напісаў: «ня памятае Менск Акопнага завулка, а гаворка йдзе ўсё пра той самы 2-гі Апанскі. І пра той самы дом № 4б. У 1-й кватэры жыў Майсей Кульбак (насамрэч у Менску ён жыў на Омскім завулку – В. Р.), а ў 2-й, празь сьценку, — Якаў Бранштэйн. Першы зь іх займаўся прозай, паэзіяй, драматургіяй, а другі правяраў пісьменьнікаў на прадмет палітычнай пільнасьці і вышукваў у іхніх творах «нацыянальна-дэмакратычныя» ўхілы. Можна ўявіць сабе, як неспакойна жылося Кульбаку з такім небясьпечным суседам». Упершыню я не згадзіўся з паэтам-архівістам, палічыў яго падыход спрошчаным… Паведаміў яму пра гэта – і атрымаў адказ: «Згодны, што ў асобе Якава Бранштэйна трэба глыбей разабрацца».

Мне здаецца, што ў ацэнцы аўтараў 1920–1930-х гадоў трэба сыходзіць з наступнага: а) якую рэальную шкоду нарабілі іхнія тэксты і/або ўчынкі; b) якія былі матывы гэтых аўтараў, а менавіта, ці верылі яны самі ў тое, што казалі/рабілі; c) што іх саміх чакала ў сталінскі час.

Наконт веры («b») – не думаю, што Рэлес памыляўся, пагатоў і дачка Якава Бранштэйна Іна пацвярджае, што бацька быў адданым камуністам. З «с» таксама ясна: многія пытанні здымае сам факт жахлівай смерці і некалькіх месяцаў катаванняў перад ёю. А вось пункт «а» раскрыць няпроста, дый знаёмы я далёка не з усёй літаратурна-крытычнай спадчынай Я. Бранштэйна (зрэшты, хацеў бы я бачыць чалавека, які прачытаў бы ўсе яго тэксты – і на ідышы, і па-беларуску, і па-руску). Тым не менш паспрабую разабрацца…

Бюст Я. Бранштэйна, створаны яго прыяцелем Заірам Азгурам. Фота адсюль.

Вядома, ужо тое, што ў другой палове 1920-х гг. Я. Б. вучыўся ў Камуністычнай акадэміі – установе Цэнтральнага выканаўчага камітэта СССР, адной з галоўных прыладаў для насаджэння аднадумства – наклала адбітак на яго дзейнасць. Ён лічыўся марксісцкім крытыкам, які хістаўся разам з лініяй партыі. Даволі іранічна, хоць і не без сімпатыі, адгукаўся пра Бранштэйна Гірш Рэлес у вышэйзгаданым нарысе: «Быў эстэтам, не пазбаўленым аналітычнага розуму. Але быў зацятым палемістам, артыкулы яго так і стракацяць палемікай. І занадта ўжо цвёрда стаяў на варце ідэйнай чысціні літаратуры. Часта даставалася ад яго яшчэ больш вядомаму крытыку Майсею Літвакову, які рэдагаваў у Маскве ўсесаюзную яўрэйскую газету «Дэр Эмес» («Праўда»)… Варта было з’явіцца крытычнаму артыкулу Літвакова, як адразу ж Бранштэйн знаходзіў, да чаго прычапіцца… Не ведаю, як Літвакоў, але Бранштэйн не крывіў душой. Ён быў верны сваім поглядам, але мог і памыліцца. Нельга сказаць, што ўсё напісанае Бранштэйнам не вытрымала часу. Многія яго выказванні і артыкулы і цяпер не страцілі значэння…»

М. Літвакоў і застаецца больш вядомым крытыкам: прынамсі ў расійскім варыянце «Вікіпедыі» пра яго артыкул ёсць, а пра Я. Бранштэйна няма. Літвакова арыштавалі ў тым самым 1937-м годзе; ці значыць, што крытыка з Менска неяк паўплывала на яго трагічны лёс? Думаю, не; дакладней, калі паўплывала, то хіба як частка агульнай атмасферы.

Ідышыст Генадзь Эстрайх у 2013 г. згадваў кур’ёзны выпадак, які здарыўся з ім у бібліятэцы ў час падрыхтоўкі чарговай кнігі: «Я замовіў некалькі работ, якія выйшлі з-пад пяра вядучых менскіх яўрэйскіх літаратурных крытыкаў і тэарэтыкаў – Якава Бранштэйна і Хацкеля Дунца, але, пачаўшы іх чытаць, неўзабаве адчуў млоснасць і галавакружэнне. Са мной такое і раней здаралася – на лекцыях па гісторыі КПСС і начартальнай геаметрыі… Карацей, я паспяшаўся закрыць гэтыя перапоўненыя марксісцкай казуістыкай працы і больш да іх не вяртаўся, а кніга мая так і засталася без главы пра Менск…»

Не здымаючы з Бранштэйна адказнасці за стварэнне ў літаратурным свеце задушлівай атмасферы 1930-х гадоў і за млоснасць Г. Эстрайха ў наш час, хацеў бы запярэчыць тым, хто бачыць у кожным артыкуле з папрокамі на адрас таго ці іншага пісьменніка «літаратурны данос» (або проста «данос»). Сёй-той сабе ўяўляе, што пасля лупцавання ў СМІ да ахвяры ў сталінскі час абавязкова выязджаў «варанок», але нават у 1937 г. так бывала не заўсёды. Напрыклад, у артыкуле А. Турэцкага ад 27.07.1937 у газеце «Рабочий» (папярэдніца цяперашняй «Советской Белоруссии») пад красамоўнай назвай «О вредительстве в педвузах БССР» выкладчыку мінскага педагагічнага інстытута Барысенку былі прысвечаны аж тры абзацы, даволі-такі пагрозлівых: «гэты выкладчык у сваіх лекцыях студэнтам абвяшчаў ворага народа, шпіёна Чарота “заснавальнікам беларускай пралетарскай паэзіі”, двурушніцкую антымастацкую паэму Александровіча “Цені на сонцы” ён выдаваў за “пярліну беларускай савецкай літаратуры”, ён ідэалізаваў БелАПП – гэтае гняздо фашысцка-трацкісцкіх дыверсантаў у савецкай літаратуры…» і г. д. Тым не менш Васіль Барысенка не адправіўся следам за Чаротам і Александровічам: ён яшчэ шмат гадоў служыў дырэктарам Інстытута літаратуры і мовы Акадэміі навук БССР (як да вайны, так і пасля).

Прыклад з Барысенкам я выбраў яшчэ і таму, што менавіта гэты дзеяч неўзабаве пасля арышту Бранштэйна напаў на яго ў газеце «ЛіМ» («Вораг пад маскай крытыка», 30.06.1937). Хто ведае, можа, і з (ня)лёгкай рукі Барысенкі ўкаранілася меркаванне аб тым, што Я. Бранштэйн нанёс беларускай літаратуры толькі шкоду?

Стыль палемікі ў Бранштэйна быў насамрэч наступальны і «бальшавіцкі» (з абвінавачваннямі, карыстаннем «зручнымі» цэтлікамі), і нездарма зборнік яго артыкулаў 1930 г. зваўся «Атака». Я ж працытую абзац з больш даступнага бранштэйнаўскага артыкула («Пытанні тэорыі і практыкі літаратурнага паходу», «Полымя рэвалюцыі», № 2, 1935): «Ва ўмовах жорсткай класавай барацьбы працякае літаратурны паход. Не выключана, што тую ці іншую чытку мастацкіх твораў класавы вораг, кулацкія агенты, нацдэмы паспрабуюць выкарыстаць у сваіх класавых антысовецкіх, контррэволюцыйных інтарэсах… (вылучана аўтарам – В. Р.) Аб’ектывісцкая… устаноўка кіраўніка чыткі можа толькі ліць ваду на млын класавага ворага і даць яму магчымасць выкарыстаць трыбуну чыткі для антысовецкай, нацыяналістычнай і кулацкай прапаганды». Так, аўтар заклікаў да пільнасці ў літаратуры, разам з сумнавядомым Жданавым ганарыўся тэндэнцыйнасцю савецкай літаратуры, дапускаў бестактоўнасці, у тым ліку на адрас Максіма Багдановіча з яго «нацыяналістычным творам пра слуцкую ткачыху» (тамсама)… Ды ўсё ж не прыкмеціў я, каб ён спрэс і ўсюды абрынаўся на калегаў па «цэху» з палітычнымі прэтэнзіямі.

Іншая справа, што ён падпісаў калектыўны зварот да Сталіна супраць падсудных у Маскве, ідэя якога, хутчэй за ўсё, была спушчана «зверху».

З газеты «Рабочий», 24.08.1936

Але, паклаўшы руку на сэрца, ці многія адмовіліся б падпісаць такі ліст, рызыкуючы ў выпадку непадпісання патрапіць назаўтра за краты? Да таго ж, на жаль, у 1936 г. арыштаваныя былі ўжо вырачаны незалежна ад кропкавай рэакцыі «на месцах» (гэта ў 1920-х грамадская думка магла яшчэ запаволіць або спыніць кола рэпрэсій…). Ізноў жа, я не апраўдваю Бранштэйна і яго таварышаў-падпісантаў, проста разважаю… запрашаючы да разваг іншых зацікаўленых асоб.

Часам Я. Б. нават спрабаваў прыцішыць напал жарсцяў: маю на ўвазе яго артыкулы«Супраць вульгарызатарства» («ЛіМ», 08.10.1932), «Аб крытыцы» («Полымя рэвалюцыі», № 6, 1935, дзе лупцаваўся небезвядомы Лукаш Бэндэ, «крытык з рэвальверам»). Крытыкаваў Бранштэйн і свайго таварыша Ізі Харыка, праўда, у адносна бяскрыўднай форме: «ранні Харык [сярэдзіны 1920-х] па-лявацку абураецца на мястэчка. Ён шле праклён “хмурым дзядам”, … агулам асуджае мястэчка на гібель» («Звязда», 17.11.1935).

Лейтматыў нарысаў Бранштэйна пра пісьменнікаў – пераадоленне апошнімі «цяжару мінулага». У сувязі з гэтым у 1935 г. ён адзначаў: «Кампазіцыйна аповесць “Салавей” зроблена як звычайная гістарычная эпапея, з моцным сюжэтным касцяком, калі не лічыць лірыка-іранічнага ўступу (гл. “спевы салаўя”, “нядзельныя званы”), які звязвае гістарычнае мінулае з сучасным». І яшчэ «Аповесць “Дрыгва” Якуба Коласа напісана пісьменнікам-рэалістам, які праўдзіва апісвае асноўную законамернасць людзей у іх руху – вось у чым сіла яго кнігі… Яго героі вельмі блізкія да герояў народных казак». Карціць згадзіцца незалежна ад ідэалагічнай падаплёкі (Я. Б. пастуляваў адыход Бядулі і Коласа ад нацдэмаўскіх поглядаў)… Або вось памысная заўвага: «Нельга абмяжоўвацца публіцыстычным пераказам твораў, зводзіць чытку літаратурных твораў і абмеркаванне іх да агульна-палітычных фраз».

Відаць, Бранштэйн быў надзелены найперш арганізацыйнымі здольнасцямі – пра гэта сведчыць доўгая, на цэлую пяцігодку, ягоная праца адказным сакратаром аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР, а потым уласна Саюза (у 1932–1937 гг.). Але ж і з яго тэкстаў пра літаратуру можна вылушчыць «рацыянальнае зерне»; не быў юбіляр такім просталінейным, як яго часам малююць. Напэўна, мела рацыю «Электронная еврейская энцыклапедыя»: «цікавыя, хоць і спрэчныя, крытычныя артыкулы Бранштэйна пра творчасць І. Харыка, З. Аксельрода, А. Кушнірова, І. Фефера, Д. Бергельсона, Г. Орланда» (у мяне дайшлі рукі толькі да артыкулаў пра Харыка).

На фота з tut.by: Я. Бранштэйн і яго жонка, педагог Марыя Мінкіна (1930 або 1931 г.)

У 2007 г. у Мінскім яўрэйскім абшчынным доме адзначалася 110-годдзе Якава Бранштэйна (сустрэча «Памяць сэрца»), і я не меў бы нічога супраць аналагічнай вечарыны да 120-годдзя… Памяці – не панегірыкаў і не запозненых выспяткаў – гэты чалавек яўна заслугоўвае.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

10.11.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 10.11.2017  21:55

Leave a Reply