Tag Archives: «Сильные новости»

В. Рубінчык. Абы не танкі…

Вітанкі! Абы не танкі.

Завяршаецца апошні месяц лета, і быццам бы трэба падвесці вынікі, але няма ахвоты, бо яны збольшага сумныя. І супраціў здараўся, і сякая-такая салідарнасць, і не ўсё яшчэ страчана, аднак перахапіць ініцыятыву ў насарогаў (гл. адпаведную п’есу Эжэна Іанеско) пакуль што не выйшла. Зрэшты, не адзін лаўрэат Іерусалімскай прэміі Іанеско варты згадкі ў нашым кантэксце – «вожык без рожак» (С) Славамір Мрожак варты яшчэ болей. Асабліва яго п’еска «Стрыптыз»:

Можна зрабіць толькі адно… Папрасіць прабачэння ў РУКІ.

Прабачэння? За што? Мы нічога ёй не зрабілі, хутчэй ужо яна мусіць…

Гэта не мае значэння. Трэба папрасіць прабачэння дзеля-мадзеля, увогуле, без дай прычыны. Каб уратавацца. Калі гэта чамусьці дапаможа…

І, безумоўна, «Караль», які ўбачыў свет у тым жа 1961-м:

Дзядуля толькі будзе страляць… Ён кепска бачыць. А дай яму акуляры стрэліць.

Ён патрыёт?

Як і ўсе.

Дарэчы, тут не паспяваеш адрэагаваць на адзін вы… брык «галоўнага патрыёта», як следам набягае другі. Pэагую далёка не на ўсё, але дэмагагічная адсылка на т.зв. рэспубліканскай педнарадзе 24.08.2021 зачапіла: «У нас паўсотні ўстаноў вышэйшай адукацыі універсітэтаў, акадэмій, інстытутаў. У супастаўных паводле тэрыторыі і колькасці насельніцтва краінах (Швейцарыя, Данія, Фінляндыя, Ізраіль) ВНУ ў 2-3 разы менш, чым у нас».

У Швейцарыі, тэрытарыяльна меншай у 5 разоў, насельніцтва каторай меншае за беларускае амаль на мільён чалавек (8,57 млн), – каля 40 ВНУ. Студэнтаў менш, чым у Беларусі, ды зноў жа, не ў 2 разы (164575 супраць 263400), і разрыў скарачаецца. У Даніі, насельніцтва якой не дасягае і 6 мільёнаў чалавек, дзейнічае, калі верыць гэтаму спісу, 37 аналагаў нашых універсітэтаў, акадэмій ды інстытутаў. У Фінляндыі 29 ВНУ… пры насельніцтве 5,5 мільёнаў чалавек, г.зн. выходзіць практычна «тое на тое». У Ізраілі насельніцтва сапраўды супастаўнае з беларускім (акурат увесну пісаў пра гэта)… i больш за 60 ВНУ!

Ну так, фармальна ў Беларусі 31 універсітэт, у Ізраілі – толькі 9, але гаворка-то ішла пра ўсе ВНУ. Дый па сутнасці… нешта сумняюся, што, дапусцім, акадэмічны каледж Цфата (горад на поўначы Ізраіля, 36 тыс. жыхароў) дае горшую адукацыю, ніж Баранавіцкі ўніверсітэт, рэктар якога надоечы заявіў: «нам трэба навучыць нашу моладзь сарбіраваць тую інфармацыю, якая з’яўляецца ў інтэрнэце». Падобна, кандыдат педагагічных навук Аляксандр Унсовіч меў на ўвазе «сарціраваць» або «фільтраваць»; хімічны тэрмін «сарбіраваць» мае зусім іншае значэнне. Ладна, спадзяваймася, што гэта была чарговая агаворка чарговага прызначэнца, як і «кліКавае мысленне» (ё «кліпавае»), а не праява дылетантызму… У любым разе, БарДУ я пажадаў бы светлай будучыні з кіраўніком, абраным навукова-педагагічнай супольнасцю.

Для чаго на ўсебеларускай нарадзе спатрэбілася прыцягнутае за вушы параўнанне краін? Па-мойму, найперш дзеля празрыстых намёкаў на тое, што «народзец зажраўся» і мае нахабства масава прэтэндаваць на вышэйшую адукацыю (а праз гэта ў краіне бракуе рабочых рук). То святочных дзён у Сінявокай замнога, то студэнцікаў…

Не, я зусім не лічу, што не трэба паважаць людзей без вышэйшай адукацыі. Але кампліменты на адрас атрымальнікаў рабочых спецыяльнасцей даволі крывадушна гучаць ад асобы, сыны якой рашылі дастаць «корачкі» БДУ яшчэ ў 1990-х, а ўнучка сёлета паехала паступаць ажно ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Інтуіцыя мне падказвае, што і Мікалай, свет наш Аляксандравіч, 2004 г. нар., не ў ПТВ зараз вучыцца, і нават не ў пахвалёным тутака аўтамеханічным каледжы.

Увогуле, цікава, колькі рабочых & сялян сярод нашчадкаў тутэйшай «эліткі» (міністраў і пад.). Калі раптам выявіцца, што больш, чым у «сярэднім па бальніцы», то я, бадай, здолею пагадзіцца з меркаваннем, што ў Беларусі «няма сэнсу ў апантанай гонцы за дыпломамі аб вышэйшай адукацыі», а «бацькі і дзеці паанейшаму недаацэньваюць прэстыжнасць рабочых прафесій і ўзровень падрыхтоўкі такіх спецыялістаў». Шаноўныя чытачы, падзяліцеся незасакрэчанай інфой! Ужо не як перасмешнік пытаюся – выключна ў даследчых мэтах.

Нагадаю, 21.08.2021 у Рагачоўскім раёне прайшоў гала-канцэрт «Зямля шчасця» з Саладухам & Co., паводле «галоўнай газеткі», «падараваны Прэзідэнтам краіны». Тысячы людзей – многія з якіх не перахварэлі на COVID-19, г.зн. не мелі антыцелаў – cядзелі ўсутыч без сродкаў індывідуальнай абароны, што відаць на фота па гэтай спасылцы. У першых чыслах жніўня 2021 г. колькасць новых выпадкаў заражэння не перавышала 1000 за дзень, 25 жніўня мінздароўя зарэгістравала, аднак, 1357 выпадкаў, 26 жн. – 1551, 27 жн. – 1862.

Выпадковасць або прыкрая заканамернасць? На гэтае пытанне маглі б (дапамагчы) адказаць незалежныя журналісты, але пасля пагромаў у рэдакцыях такіх рэсурсаў, як tut.by, «Наша Ніва», БелаПАН, 6tv.by (магілёўскае недзяржаўнае тэлебачанне), «Сильные новости» (партал навінаў Гомельшчыны), наўрад ці хто наважыцца зараз на сур’ёзнае журналісцкае расследаванне. Сёння ж да кучы «Вярхоўны суд» ліквідаваў суполку, заснаваную ў 1990-х, якая апекавалася недзяржаўнымі СМІ, – Беларускую асацыяцыю журналістаў. Ну, хоць «гітлерцамі паганымі» яе кіраўнікоў не абвясцілі, і танкамі не пераехалі, дзякуй у капялюш…

І яшчэ сёе-тое нагадаю – у сярэдзіне ліпеня г.г. адбыўся налёт «сілавікоў» на офісы творчых суполак, у т. л. Саюза беларускіх пісьменнікаў. Праз колькі тыдняў «міністэрства юстыцыі» на чале з Алегам Сліжэўскім падало ў «Вярхоўны суд» іск аб ліквідацыі СБП. 24.08.2021 у гэтым «судзе» адбылося апытанне бакоў, а ўласна пасяджэнне было перанесена праз недахоп дакументаў. Знакам тым, паўтара месяца лёс арганізацыі, створанай у міжваенны перыяд (о так, СБП – легітымны пераемнік таго Саюза пісьменнікаў, у які ўваходзілі Майсей Кульбак, Янка Купала, Якуб Колас, Ізі Харык, Кузьма Чорны…) вісіць на валаску.

У 2017–2020 гг. на працягу паўгоддзя паміралі звычайна ад чатырох да пяці сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў. За апошнія шэсць тыдняў з жыцця, наколькі я ведаю, пайшлі шэсць сябраў СБП: Віктар Ляскоўскі (19 ліпеня; насуперак сцвярджэнню тут, ён быў іменна ў нашым Саюзе), Уладзімір Сіўчыкаў (21 ліп.), Галіна Багданава (22 ліп.), Алена Васілевіч (8 жніўня), Сяргей Цыплюк (16 жн.), і вось учора, 26 жніўня, – паэт Алесь Разанаў. Дапускаю, што «наезды» на ПЭН-цэнтр і СБП сталіся адным з фактараў… Таксама не магу выключаць, што, калі сітуацыя не будзе выпраўлена, калі Саюз не пакінуць у спакоі, то назіральнікі зробяць выснову пра мэтаскіраванае вынішчэнне творцаў. А заказчыкі «наездаў» застануцца ў гісторыі прыкладна ў той жа ролі, у якой там фігуруе народны камісар унутраных спраў БССР Барыс Берман (у 1937 г. падпісваў ордэр на арышт Ізі Харыка).

А. С. Разанаў (1947–2021), фота адсюль

Слова літаратару, філолагу Змітру Дзядзенку:

Я здзіўлены, як мала СМІ надалі ўвагі гэтай трагічнай падзеі — смерці Алеся Разанава. Для беларускай культуры ягоны сыход можна параўнаць, напрыклад, са смерцю Іосіфа Бродскага для рускай літаратуры. Утвараецца вялізны прагал, і немагчыма нікога паставіць на гэтае пустое месца.

Андрэй Хадановіч сказаў, што азначэнне «геній» не будзе перабольшаннем у характарыстыцы Разанава — і з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Алесь Разанаў быў паэтам ад Бога, і ў беларускай паэзіі зрабіў сапраўдную мадэрністычную рэвалюцыю. Так, бываюць такія рэвалюцыянеры — ад Бога.

У 1990-х Разанаў друкаваўся ў «Крыніцы», дзе рэдактарам быў Някляеў. Гэта было выкшталцонае эстэцкае выданне. Творы Разанава там былі як пэрліны ў належным аздабленні. Мяне тады проста агаломшылі ягоныя творы, дзе паэт апісваў адну і тую з’яву ці рэч праз успрыманне ў розных мовах (як прыклад — вецер). Гэта няспынная глыбокая праца са словам, з яго значэннем, з тым вобразам, які яно нясе.

Так, гэта метафізіка. Але ці можа існаваць сапраўдны глыбокі паэт без метафізікі?

Праз тыдзень у Капылі пачнуцца чарговыя «дні беларускага пісьменства» з удзелам, як дакляруюць арганізатары, звыш 100 літаратараў. Даўно хацеў пабываць на радзіме Шолема-Якава Абрамовіча (Мендэле Мойхер-Сфорыма), Абрама Паперны і Цішкі Гартнага, але – не паеду. І па сямейных абставінах, і, галоўнае, таму, што душа ўжо не ляжыць браць удзел у святкаваннях. У Шчучыне-2015 было-такі іначай.

Дадзявае, між іншым, і зласлівасць на афіцыйнай старонцы «дзяржаўнага» СПБ, які мае весці рэй у Капылі. Тут, у стылёва не вытрыманым «аналізе» запатрабаванасці кніг у беларускіх бібліятэках за 2019–2021 гг. («аналіз» я ўзяў у двукоссе, бо аўтар упарта мянуе СБП апазіцыйным, Альгерда Бахарэвіча адносіць да гэтай суполкі, хоць ён пакінуў яе ў 2011 г., і г. д.), прасоўваецца няхітрая, але падлаватая думка: не набывайце кнігі сябраў СБП і «літгуртка» «Полоцкая ветвь», усё роўна іх мала хто чытае; фундуйце нас, толькі нас…

Баюся, не без уплыву актывістаў «чэснага» саюза, якія сцвярджаюць, што выступаюць за «стабільнасць і адзінства ў краіне», сёлета мінадукацыі РБ выкінула са школьнай праграмы па літаратуры творы Аляксандра Салжаніцына, Уладзіміра Набокава і Святланы Алексіевіч. Месца апошняй – прадказальна – заняў Мікалай Чаргінец, кіраўнік СПБ, заснаванага шляхам расколу ў 2005 г.

Уласна, пасля таго, як у канцы 2020 г. чаргінцоўцы пры дапамозе «Беларускай энцыклапедыі» паспрабавалі прысабечыць Уладзіміра Караткевіча (1930–1984), з імі aмаль усё праяснілася. Гэта даволі наіўна, чакаць ад іх слоў спагады на адрас цкаванага СБП. А вось Нацыянальны саюз пісьменнікаў Украіны шчэ ў канцы ліпеня прыняў адозву, дзе сказана:

НСПУ заклікае Урад Украіны, украінскія ды міжнародныя праваабарончыя арганізацыі асудзіць наступ з боку цяперашняй улады Беларусі на грамадзянскую супольнасць у цэлым і творчыя арганізацыі ў прыватнасці… Усведамляючы маштабнасць выклікаў перад творцамі ў суседняй краіне, гарантуем усім прадстаўнікам незалежных літаратурных суполак Беларусі мажлівасць рэалізаваць права на свабоду слова і творчасці ў электронных і друкаваных СМІ Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны. Жыве Беларусь! Слава Украіне!

Заступаліся за нас і шведы, і нарвежцы… Мяркую, усё гэта не пойдзе ў глум, нават калі зараз не відаць непасрэднага эфекту.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

27.08.2021

w2rubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 28.08.2021  13:23