Вольф Рубінчык. Шчучынская каша

Некалькі слоў пра беларускі Шчучын (ёсць яшчэ і польскі), куды я ўпершыню трапіў увосень 2001 г., а рэгулярна, па колькі разоў на год, завітваю з 2003-га, года шлюбу. Шчучын – маленькі горад на паўдарозе паміж Лідай і Гродна, без уласнай чыгуначнай станцыі (бліжэйшая, Ражанка – за 6 км), раённы цэнтр, дзе жывуць крыху больш за 15 тыс. чалавек. Шчучынскі раён мяжуе з Літвой, то бок з Еўрапейскім Саюзам, аднак у горадзе гэтага амаль не адчуваецца, прынамсі замежнікаў сустрэць няпроста. Прамысловасць прадстаўлена ці не выключна заводам «Аўтапровад» і масласырзаводам, якія маюць пэўны аўтарытэт на прасторах былога СССР, «круцяцца», пакрысе мадэрнізуюцца, нягледзячы на карупцыйныя ды іншыя скандалы. Цэнтр горада з сярэдзіны 2000-х істотна абноўлены, выкладзены пліткай, на плошчы перад раённай адміністрацыяй рэканструявана вежа з гадзіннікам. Вежа стала сімвалам Шчучына і ў апошнія пару гадоў фігуруе на магніціках і талерках для турыстаў.

У савецкі час ля горада актыўна дзейнічаў вайсковы аэрадром, пазней быў закінуты, цяпер ён скарыстоўваецца для аматарскіх палётаў. На памяць пра сябе лётчыкі паставілі на беразе возера (проста перад палацам канца ХІХ ст., дзе ў іх быў дом афіцэраў) самалёт, які ў жніўні 2015 г. быў знесены як неадпаведны архітэктурнаму ансамблю. Многія шчучынцы бурчэлі, бо прызвычаіліся да самалёта, аднак іхняе меркаванне райвыканкам не дужа цікавіла. Пра «апазіцыйныя суполкі» ў Шчучыне фактычна не чуваць, апошняя спроба «раскатурхаць» народ адбылася, бадай, увосень 2004 г., калі па мясцовай акрузе ў парламент Беларусі балатаваўся Аляксандр Мілінкевіч (з трэскам прайграў памочніку Лукашэнкі). Пазней у паштовыя скрыні закідваліся ўлёткі ад імя Анатоля Лябедзькі і «Маладога фронту», зрэдчас з’яўляліся надпісы на сценах, але ўплыў усёй гэтай «двіжухі» быў мінімальны. На пачатку жніўня 2015 г. у Шчучын экспромтам завітала Таццяна Караткевіч, яе паплечнікі збіралі подпісы ў цэнтры аж цэлыя дзве гадзіны… Карацей, Шчучын – правінцыйны горад з усімі плюсамі і мінусамі, жыхары якога больш цікавяцца гародамі і дачамі, чым грамадскімі справамі.

1Samaliot

Здымак 1. Палац і самалёт. Сярэдзіна 2000-х.

Некалі паэт-лётчык Іван Шамаў пісаў: «Приезжай, товарищ, в Щучин / Тихий город-сад». Апошнім часам, аднак, насельніцтва Шчучынскага раёна пастаянна змяншаецца. У 2003 г., паводле афіцыйных звестак, яно сягала 57 тыс., у 2015 г. – 41,5 тыс. Зніжэнне больш на чвэрць – мяркую, такога не было нават у 1940-х гадах, час Другой сусветнай вайны і пасляваеннай галадухі. Калі ў горадзе Шчучыне, мястэчку Ражанка і пасёлку Жалудок заняпад яшчэ не дужа прыкметны, то, паездзіўшы па вёсках (мы з Аляксандрам Астравухам зрабілі невялікае «турнэ» ў 2010 г.), няцяжка ўпасці ў роспач. Сумныя відовішчы кантрастуюць з бадзёрымі замалёўкамі, якімі чытачоў жывіць раённая газета «Дзянніца» (dzyannica.by). Працуе на раён і радыё – таксама дзяржаўнае. Мяркую, што моладзь карыстаецца іншымі крыніцамі інфармацыі і «галасуе нагамі», імкнучыся выбрацца з дэпрэсіўнага, па сутнасці, рэгіёна. Праўда, многія мае сваякі ў раёне засталіся і, сціснуўшы зубы, стараюцца пабудаваць лепшае жыццё для сябе і дзяцей.

Трэба аддаць належнае Сяргею Ложачніку – раённаму начальніку, прызначанаму ўвесну 2013 г. Гэты адносна малады (з 1981 г.) чалавек здолеў «прабіць» у Шчучыне правядзенне «свята беларускага пісьменства». Пад свята горад атрымаў важкую суму, звыш 4 мільёнаў «зялёных», якія дазволілі вырашыць некаторыя праблемы (магчыма, стварыўшы новыя). Пра «выходныя пісьменства» – 5-6 верасня 2015 г. – далей і пойдзе гаворка. Пагатоў чарговы прыезд мы з жонкай прымеркавалі іменна да народных гулянняў 6 верасня, і я стаў сведкам ладнай часткі падзей.

Ля былога кінатэатра (яго меркавалі пераабсталяваць пад маладзёжны цэнтр, але не паспелі) выступалі прадстаўнікі Гродзенскага ўніверсітэта. Нешта накшталт сучаснага балета пад чытанне ўрыўкаў з твораў пра вайну. Мне спадабалася.

«Белпошта» прапанавала спецгашэнне на канверце з выявай паэтэсы Цёткі (нарадзілася і пахавана на тэрыторыі Шчучынскага раёна, помнік ёй сядзіць ля раённага Дома культуры). Заплаціў менш за чвэрць долара ў эквіваленце – набыў канверцік, дзе і помнік, і палац, і герб са «знакам долара» (насамрэч гэта першая літара прозвішча Сцыпіёнаў, уладальнікаў Шчучына ў ХVIII cт.). Неблагі сувенір…

2Kanvert

Здымак 2. Канверт да «ХХII Дня беларускага пісьменства».

Праўда, спецгашэнні ў Беларусі праводзяцца часта, і для разнастайнасці можна было прыдумаць нешта іншае, іскрамётнае. Напрыклад, адпраўку са святочнага горада пісьма з уласнай маркай. Такія пісьмы з нядаўніх часоў можна адпраўляць на Украіне, у якасці пацвярджэння прапаную фота з Чарнігава (ліпень 2015 г.).

3Charnigau

 Здымак 3. Аб’ява на чарнігаўскім паштамце.

Паглядзеў звонку і знутры на адрамантаваны будынак Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі. Яе адкрылі напярэдадні, 5 верасня, з удзелам высокіх чыноўнікаў (клопат пра культурку…) У гэтым будынку да выхаду на пенсію працавала мая цешча, а цяпер на ім павесілі шыльду з выявай Цёткі работы гродзенскага скульптара. Забаўная фрызура – нібы рожкі барана.

4Doshka

Здымак 4. Дошка на бібліятэцы імя Цёткі (вул. Савецкая).

Вакол плошчы Свабоды быў арганізаваны «горад майстроў» (падобнае можна было назіраць на шчучынскіх святах і раней, але ў меншых маштабах). На самой плошчы грымеў канцэрт. Я заспеў прэзентацыю праектаў, звязаных з юбілеем Міхала Клеафаса Агінскага, музыкі і дыпламата (1765-1833). Прадстаўніца мінскага выдавецтва «Четыре четверти» запрашала наведаць сядзібу Агінскага ў Залессі Смаргонскага раёна, дзе я пабываў разам з супругамі Жуковічамі за тыдзень да Шчучына (у трэці раз…) Паказвала пераклад мемуараў Агінскага на рускую мову.

Шостага верасня ў Шчучыне экспанавалася безліч выданняў (своеасаблівая «выстава дасягненняў кніжнай гаспадаркі»), але мала было сярод іх такіх, што мяне зачапілі. Хіба што набыў зборнік мясцовага паэта Гвідона Ждановіча «Святло душы», выдадзены ў Пецярбургу (практычна на радзіме Скарыны :)) 9 гадоў таму. Калі верыць вершу «Жывое слова», з аўтарам жартаваў сам Караткевіч:

– А як там Шчучын пажывае? –

Адразу Ўладзік запытае.

Зяркатым позіркам ацэніць

І сыпле жарты, як са жмені.

Заўсёды рэдкім словам здзівіць

І сам тады – такі шчаслівы.

– Давай, Гвідоне, чарку кінем.

Чаго глядзіш, як на княгіню?..

А чаму не верыць? Вельмі нават можа быць. Уладзімір Cямёнавіч Караткевіч (1930-1984) нарадзіўся ў адзін год з аўтарам верша.

Далей была пярэстая каша з палатак, дзе дамінавала «Лидское пиво». Прысутнасць гэтай фірмы, якая, нягледзячы на просьбы актывістаў, адмаўляецца выкарыстоўваць беларускую мову ў сваёй працы, на свяце беларускага пісьменства, можна патлумачыць геаграфічнай блізінёй Ліды і Шчучына. І, натуральна, неабходнасцю збыць прадукцыю.

Натрапіў я і на рэальную кашу – яе на беразе возера раздавала задарма ў пластыкавых талерачках нейкая слонімская фірма. Кухар казаў, што каша з булгура; трэба прызнаць, што не бракавала ў ёй і мяса.

Па горадзе хадзілі жывыя лялькі і людзі ў старадаўніх строях, край рэстаўраванага палаца «рубіліся» рыцары. Да «галоўнай сцэны», дзе выступалі мінскія госці кшталту Іны Афанасьевай і Вольгі Плотнікавай, пускалі толькі пасля міліцэйскага надгляду. Скончылася свята пасля 22.00 кароткім феерверкам і дасціпным відэамэпінгам на сценах палаца, дзе вокны «аплывалі», бы воск на агарку, а словы складваліся ў радкі Цёткі. Бадай, фотаздымкі і ролік з мэпінгам лепей за ўсё праглядаць тутака: https://vk.com/club52896259

Удзень схадзіў я ў прыватную кнігарню ля бібліятэкі, адкрытую ў пачатку 2015 г., дзе ўвесну набыў сабе кнігу Станіслава Лема па-беларуску. Гэтую краму не пажадала заўважыць урадавае агенцтва БелТА (і зусім не ўрадавае «Еўрарадыё», што захапілася «першай у Шчучыне кнігарняй-кавярняй» на 50 м², урачыста адчыненай толькі 31 жніўня). Пацікавіўся ў гаспадыні, ці не канкурэнт ёй міністэрская «Белкніга». Адказ быў такі: «Не, мы ўсё роўна бегаем хутчэй».

5Knihi  6Kniharnia2

Здымкі 5-6. Прыватная кнігарня і «чэсная» – другая па ліку, затое з партрэтамі Лукашэнкі і кава-машынай!

Дарэчы, падзівіла мяне пазіцыя міністаркі інфармацыі: «Сёння асобная кнігарня павінна быць у кожным горадзе краіны, бо кніга – гэта складовая частка нашай духоўнасці» ( http://schuchin.info/archives/8368 ) Калі я чую ад чыноўнікаў пра «духоўнасць», то хапаюся за кішэню, каб яны туды не залезлі… Цвяроза разважаючы, ці так ужо неабходна «асобная кнігарня» ў кожным горадзе? Ладна Шчучын, а ёсць жа райцэнтры па 5-6 тыс. жыхароў… У самых жа маленькіх гарадах Беларусі (Дзісна, Косава) жыве прыблізна 2,5 тыс. чалавек – там-то спецыялізаваныя кніжныя крамы дакладна не акупяцца. Зрэшты, што ўзяць з гэтай дамы, не перагружанай ведамі пра эканоміку…

Ідэалогіі на свяце было зашмат, і гэта замінала расслабіцца. Да вежы гадзінніка прытулілі стэнд «Навінкі дзяржаўных выдавецтваў». Усё б нічога, калі б побач стаяў аналагічны стэнд з навінкамі недзяржаўных выдавецтваў, якіх у Беларусі не так ужо і мала. У толькі што адкрытай краме «Белкнігі» пад слоганам «дзяржаўныя» чамусьці фігуравала і прыватнае «Папуры», якое нядаўна выпусціла серыю «Мая беларуская кніга», звыш 20 найменняў, у тым ліку і «Зельманцы» М. Кульбака: popuri.ru/belkniga

Шостага верасня ў Шчучыне адбылося ўручэнне «першай нацыянальнай літаратурнай прэміі» – тэарэтычна ў сямі намінацыях, а фактычна ў шасці, бо «лепшага дэбютанта» не выявілі. У журы вялі рэй прадстаўнікі праўрадавага Саюза пісьменнікаў Беларусі, дарма што Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП, lit-bel.org) – не менш аўтарытэтная ў грамадстве суполка, зарэгістраваная ў міністэрстве юстыцыі. Калі не памыляюся, дэлегацыя СБП нават не была запрошана на фэст, у адрозненне ад літаратараў з-за мяжы (Расія, Cербія…)

На стэндзе агенцтва БелТА нехта спрытны «пад выбары» разгарнуў выставу «Было і стала», дзе параўноўваліся рэаліі пачатку 1990-х гадоў і цяперашняга часу. Чорна-белыя здымкі з чэргамі, нездаволенымі тварамі людзей на мітынгах і іншымі атрыбутамі першых гадоў беларускай незалежнасці нібыта стваралі кантраст з каляровай «эпохай стабільнасці». Якая на Шчучыншчыне «стабільнасць», расказана ў трэцім абзацы.

У цэлым «Дзень пісьменства» не так ужо адрозніваўся ад шчучынскага «Дня незалежнасці» 3 ліпеня, на якім мне таксама давялося прысутнічаць. Самадзейныя спевакі, скокі і брыкі, клоўны, аквагрым, поні, папкорн з салодкай ватай і многа-многа піва… Што характэрна, ненадоўга быў запалены «вечны агонь» у парку ля цэнтральнай плошчы (ужо 8 верасня ён не гарэў). У «сухой рэшце» засталіся Палац Друцкіх-Любецкіх, абсталяваны пад цэнтр дзіцячай творчасці і краязнаўчы музей (але баюся, што дзецям будзе цеснавата ў кабінетах), бібліятэка, якую вярнулі чытачам, вялізная выява першадрукара Францішка Скарыны на муры адной са шчучынскіх школ, выкананая мінскай студыяй «Art&Shock»… Можна было б і народнага героя Чылі Ігната Дамейку намаляваць – ён вучыўся ў Шчучыне 200 гадоў таму – але Скарына, безумоўна, больш «раскручаны» герой. Ля пошты паставілі чарніліцу з літарай «Ў» (прыхаваная рэклама ад Логвінава?) і новы шапік «Белсаюздруку», дзе прадаюцца не толькі газеты, а і нятанныя кнігі-альбомы.

7Skaryna  8Skaryna2

Здымкі 7-8. Артшокаўскі Скарына і яго чарніліца.

На нейкі час наплыў «гасцей з іншаземных абласцей» разбудзіў «горад-сад». Усё гэта добра, але чаму так хочацца гукнуць «ві а тойтн банкес»?

9Synagoga_Schuchyn 10Razhanka

Здымкі 9-10. Раней тут былі сінагогі. Шчучын і мястэчка Ражанка.

«Яўрэйская тэма» на свяце не гучала, што зразумела. У Шчучыне практычна не засталося яўрэяў (80 гадоў таму сярод жыхароў нас была большасць, у 1942-м усё скончылася; у канцы 1990-х левінскі саюз спрабаваў адрадзіць у горадзе яўрэйскую суполку, але марна). Тым не менш, на развітанне працытую ці то показку, ці то былічку пра Васілішкі Шчучынскага раёна з сайта by.holiday.by: «Кажуць, тут некалі жыў яўрэй, які ўмеў рабіць цуды. Быў адзін засушлівы год – дажджы ішлі паўсюль, а вось у Шчучыне не было. Усё сохла… Шчучынскія яўрэі прыйшлі ў Васілішкі і папрасілі таго яўрэя, каб над Шчучынам пайшоў дождж. А той чалавек кажа, што не зможа гэтага зрабіць. Чаму? Таму, кажа ён, што вы прыйшлі без парасонаў. Бо калі б вы верылі, то ўзялі б з сабою парасоны…» Ctv.by называе нават імя гэтага яўрэя – Мойша Саламонавіч. Няўжо Кульбак?

Мінск, 13.09.2015.

rubinczyk@yahoo.com

11Autar

Здымак 11. Аўтар (злева) «аф а фрэмдэ хасэнэ». Шчучын, 6 верасня 2015 г.

Здымкі аўтара, С. Рубінчык, А. Дыбоўскага і belarustoday.by.