Спецаперацыя 9 жніўня г. г. стала кропкай адліку для многіх грамадзян Беларусі – на жаль ці на шчасце, я не вынятак. Цягам двух месяцаў нашрайбаў паўтара дзясяткі тэкстаў, у якіх і роспач, і надзея. А таксама «светлы сум», як у напісаным па гарачых слядах (там, тут і тут).
Другога чэрвеня 2020-га злёгку пахваліў тутэйшую ўладу за тое, што ў Мінску даволі добра цыркуляваў грамадскі транспарт. Як бы не выпала мне ўзяць свае словы назад – старшыня гарсавета Андрэй Б. ужо тлумачыць народу, што «жыць стала лепей», большасць перасоўваецца на аўтамабілях, таму колькасць аўтобусаў і тралейбусаў можна мінімізаваць («разгрузім дарогі», «перанакіруем сродкі на іншыя мэты»). «Анлайнер» задаў пытанне, якое ляжала на паверхні: «Ці адпавядае павелічэнне колькасці пасажыраў у асобна ўзятым аўтобусе або тралейбусе тым [эпідэміялагічным] рэкамендацыям, якія нас заклікаюць выконваць?» Дый вожыку зразумела, што ўскосны прымус жыхароў Мінска да набыцця аўтамабіляў (метро дасягае не ўсіх раёнаў) адно ўскладніць сітуацыю на сталічных дарогах. І ў дварах…
Наймаладзейшая дэпутатка гарсавета Вольга Цесакова, 1995 г. нар., ужо колькі тыдняў просіць выбаршчыкаў, каб яны яе адклікалі, бо не бачыць сэнсу ў сваім чыне. Думаю, сэнс у любым разе ёсць – блакаваць (прынамсі спрабаваць блакаваць) ініцыятывы старшыні, якія, верагодна, ідуць «згары», ад тых, каторыя мянуюць нас «народцам», «чалавечкамі», а часам нават «авечкамі» ды «пацукамі». Ад тых, каторыя з мінулага стагоддзя не дабіраліся на працу ў грамадскім транспарце. Так, шаноўная Вольга, «інфармацыйны парадак дня з гвалтам, здзейсненым над мірнымі грамадзянамі, немагчыма перабіць рамонтам лавачак або адкрыццём новага дзіцячага садка», але, як казаў тав. Марк Аўрэлій, «калі не ведаеш, што рабіць, рабі тое, што можаш, а там хай будзе, што будзе» (merci шахтрэнеру з Брэста за напамін пра афарызм).
В. Цесакова. Фота ўзятае адсюль
Палата прадстаўнікоў (частка «парламента» РБ) абвясціла, што да 25.10.2020 збірае прапановы ад беларусаў, каб удасканаліць Канстытуцыю – такая гульня ў дэмакратыю… Неўзабаве тамтэйшы начальнік паблажліва паляпаў «простых грамадзян» па плячах, маўляў, даслалі каля 350 прапаноў за 3 дні, але сфармуляваць іх пісьменна не ўмеюць… Тым не менш я, нездаволены працэсам і прадчуваючы, якім будзе вынік, вырашыў не адмаўляцца ад «апошняга слова»… Не разважаючы доўга, 3 кастрычніка даслаў на адрас «парламентарыяў» прапановы, што публікаваліся ў «Катлетах & мухах» у сакавіку 2019 г. Тыя касметычныя, па вялікім рахунку, праўкі ў шэсць артыкулаў Канстытуцыі дагэтуль актуальныя – так ці іначай, ад іх горш не будзе.
Ёсць і яшчэ адна норма, якую варта змяніць. Маю на ўвазе арт. 86: «Прэзідэнт прыпыняе членства ў палітычных партыях і іншых грамадскіх аб’яднаннях, якія дамагаюцца палітычных мэт, на ўвесь тэрмін паўнамоцтваў». Трэба выдаліць словы «якія дамагаюцца палітычных мэт», бо няясна, хто і як вызначае гэтыя мэты. Пасада прэзідэнта краіны досыць адказная і працаёмкая, каб спалучаць яе з членствам у якіх бы то ні было грамадскіх суполках. Да таго ж апошнія праз членства ў іх першай асобы «аўтаматам» набываюць палітычны характар; яскравы прыклад – Нацыянальны алімпійскі камітэт… Лукашэнка сам прызнаў 22.09.2015: «Спорт – гэта найвялікшая палітыка». Выходзіць, арт. 86 шмат гадоў (з 1997-га) парушаўся, ды каго тое хвалявала? 🙁
Была б сапраўдная альтэрнатыва, мо і не марнаваў бы час на зносіны з «палаткай». Але грамадская «канстытуцыйная камісія», прызнаная Святланай Ціханоўскай (утварэнне пад кіраўніцтвам Мечыслава Грыба, якое існуе з сакавіка 2019 г.), не выклікала даверу яшчэ летась, бо кялейная, засяроджаная на мінулым… Вядома, я супраць затрымання 08.10.2020 аднаго з кіраўнікоў камісіі Анатоля Лябедзькі, разам з тым наконт яго падрыхтаванасці да працы над Канстытуцыяй мог бы паспрачацца.
Пра настойлівыя спробы «адматаць стужку» да сакавіка 1994 г., як у апавяданні Аркадзя Аверчанкі, пісаў ужо не раз; што ні кажыце, той варыянт Канстытуцыі быў супярэчлівы… Згодзен з Юрыем Чавусавым, што можна (і варта) прыдумаць нешта лепшае, г. зн. выбраць «трэці шлях». Ну, а пакуль ён не працярэблены, віртуальна падшліфаваў тое, што ёсць.
«Не дасылайце яму [Лукашэнку] ніякіх прапаноў, акрамя адной: Лукашэнка павінен сысці», – заявіла 08.10.2020 С. Ціханоўская. Але ж я не прысягаў гэтай даме-палітыку, дый увогуле не звяртаўся да названага ёй «чалавека з ружжом»: шмат гадоў з ім не перапісваюся і не бачу карысці турбаваць яго парадамі… Праблема ў тым, што і да «неверагодных» мае опусы даходзяць, як да пчолаў.
Сумняваўся быў у дарэчнасці разваг пра «нараджэнне», або дафармаванне нацыі ў Беларусі-2020 – выявілася, што не адзін я такі скептык… Мінскі філосаф Іван Новік напісаў 04.10.2020: «Сёння казаць пра “нараджэнне нацыі” азначае ізноў упісаць нашую гісторыю і сучаснасць у аблудную парадыгму “даганяючага нацыяналізму”. Ізноў беларусам кудысьці ў прыхапкі пнуцца, таўкацца, бегчы за зніклым за даляглядам цягніком… “Нараджэнне нацыі” – занадта абстрактна, адцягнута і пафасна». Але тое, што сп. Новік сцвярджае далей, мне цяжэй прыняць: «Беларусы не “абуджаюцца”, не пратэстуюць і, нават, не “дэманструюць” сябе. Яны вучацца давяраць. Давяраць адзін адному і сваёй будучыні».
Можа, беларусы (у т. л., вядома, беларускія яўрэі) і вучацца, аднак эмпірычна і «на сваёй скуры» пакуль што гэтага не адчуваю. Хто давяраў мне пару год таму як палітолагу, перакладчыку ды чалавеку, зацікаўленаму ў захаванні/развіцці ідыш-культуры, тыя і давяраюць – за апошнія месяцы «зваротная сувязь» не ўзмацнілася. Аўтар гэтых радкоў нікуды не хаваўся і (быццам бы) не псаваўся маральна – значыць, фокус у іншым…
Ён, бадай, у тым, што размовы пра давер і салідарнасць застаюцца шмат у чым размовамі; грамадства змянілася істотна, але не радыкальна. Гэта адна з прычын, з якой падвіслі ў паветры годныя ідэі, выказаныя ў 2017–2020 г.: дошка ў памяць менскага ідышнага часопіса «Штэрн», скульптурныя кампазіцыі для ўшанавання дачасна памерлых медыяменеджараў і палітычных аналітыкаў, муралы і/або фотаабоі ў гонар пісьменніка Уладзіміра Караткевіча ды яго сяброў… За падабайкі-перапосты ў сеціве дзякуй, але, пры ўсёй павазе, чакаў-такі трохі большага.
Уважлівыя чытачы прыкмецілі, што ў апошніх маіх блогерскіх тэкстах паменела згадак пра яўрэйства – асноўнае месца аддаецца «агульным» cюжэтам. Дапраўды, у Беларусі адбываліся – і адбываюцца – даволі цікавыя культурніцкія падзеі, але, паколькі арганізатарам зазвычай «не да мяне», не дужа хочацца траціць на тыя падзеі ўвагу. Усё ж згадаю «Беларуска-яўрэйскі фестываль» (Мінск, 5-11 кастрычніка 2020 г.), у межах якога прайшоў (?) спектакль пра Мойшэ Кульбака. Сябра творчай суполкі, які ў другой палове 2010-х выдаў і прэзентаваў кніжку вершаў Кульбака, чытаў пра яго публічную лекцыю ў цэнтры Мінска і перакладаў яго прозу, даведаўся пра ініцыятыву беларуска-брытанскага тэатру «HUNCHtheatre» ледзь не апошнім, прычым выпадкова, з ведамкі афіцыёзнага агенцтва БелТА ¯\_(ツ)_/¯ ОК, пэўна, «скінуць інфу» на мой e-mail або ў fb-акаўнт рэдактара belisrael.info выявілася для сяго-таго (сёй-той) непасільнай задачай… 🙁
Дарэчы, год таму мы паведамлялі пра канферэнцыю, якую з тутэйшага боку планаваў наладзіць у чэрвені 2020 г. якраз «Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны», створаны ў красавіку 2019 г. Што паробіш – «не ў каня корм». Тым не менш я, нягледзячы на пэўную схільнасць да мізантропіі, меруся і далей падтрымліваць тых, каму гэта насамрэч трэба, дарма што магчымасці мае абмежаваныя, а падтрымка найчасцей будзе сімвалічнай. Зрэшты, Андрэй Малюш з гродзенскага аддзялення федэрацыі шахмат і такую ацаніў…
А. Малюш – чэмпіён Беларусі па шахматах 2004 г. Крыніца
Прывяду тыя абзацы з ліста дзеячаў культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь, з якімі на 100% згодзен (cпасылку мне прыслалі на мэйл – пад зваротам ужо звыш 1200 подпісаў). Ад вышэйшых чыноўнікаў патрабуецца:
Неадкладна спыніць запалохванне, ціск і рэпрэсіі ў дачыненні да работнікаў сферы культуры з боку сілавых структур і іншых службовых асоб. Ліквідаваць інстытут «чорных спісаў» як ганебную з’яву, недапушчальную ў еўрапейскім грамадстве ў XXI стагоддзі.
Аднавіць на працоўным месцы ўсіх работнікаў сферы культуры, якія былі звольненыя за сваю грамадзянскую пазіцыю. Спыніць усялякі ціск на супрацоўнікаў культурных устаноў.
Вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, а таксама ўсіх грамадзян, затрыманых падчас мірных акцый, незаконна аднесеных да праяў супрацьпраўнай дзейнасці.
Спыніць супрацьпраўную дзейнасць супрацоўнікаў сілавых органаў і правесці праверкі законнасці іх дзеянняў, пачынаючы з моманту збору подпісаў для вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
Распачаць справу (тут лепей пасаваў бы множны лік: «справы» – В. Р.) па факце збіцця і зверскіх здзекаў з грамадзян, затрыманых падчас мірных дэманстрацый. Прыцягнуць да адказнасці кіраўнікоў сілавых структур, адказных за гвалт, расправы і пагрозы, за ўмяшанне ў прыватнае жыццё грамадзян.
Няхай гэта ўсё зараз падобна да ўтопіі, аднак арыенціры зададзены слушныя.
Пра тое, што ўтрымала ад падпісання адкрытага ліста. На мой погляд, выбараў прэзідэнта 9 жніўня 2020 г. не праводзілася, таму няма сэнсу прызнаваць іх «несапраўднымі» ды настойваць на правядзенні «паўторных» выбараў «у адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі» (удакладніць бы, якімі?). Што такое «адкрыты грамадскі дыялог улады з прадстаўнікамі народа», станам на сёння дакладна не ведаю; хто і як будзе яго арганізоўваць «на прадмет правядзення сумленных, празрыстых і справядлівых выбараў у Рэспубліцы Беларусь», таксама не зусім ясна. Адстаўка Цэнтравыбаркама – умова абавязковая, але невыстарчальная.
І вось яшчэ абзац: «У выпадку з’яўлення інфармацыі пра спробы ціску, пагроз звальнення або пра парушэнні правоў работнікаў сферы культуры, якія падпісаліся пад гэтым лістом, усе мы будзем дзейнічаць салідарна, ажно да адмовы ад прадстаўлення нацыянальных інтарэсаў краіны або адмовы ад арганізацыі міжнародных і нацыянальных культурных мерапрыемстваў». Цяжкавата ўявіць сабе салідарнасць 1200 людзей з розных мясцін, мала (або зусім не) знаёмых адно з адным i не згуртаваных у партыю, або хаця б у грамадскае аб’яднанне… Прынамсі я не адчуваю сябе настолькі вольным і магутным, каб абавязацца рэагаваць на кожнае з парушэнняў правоў кожнага з падпісантаў. Sorry.
Яшчэ пара слоў пра скасаваную шахматную алімпіяду «Мінск-2022» і спадарожныя з ёй імпрэзы (не плаціць ФІДЭ, напляваўшы на падпісаны ў студзені 2019 г. кантракт, было вырашана ў чэрвені 2020 г.). Аказваецца, 26.08.2019 старшынёй аргкамітэта быў зроблены аж цэлы намеснік старшыні ўрада РБ Ігар Петрышэнка, які займае гэтую высокую пасаду і цяпер. Чыноўнік такога рангу за 9 месяцаў не здолеў «нарадзіць» 13-15 мільёнаў долараў? Адна вулачка ў Драздах, па-мойму, каштуе даражэй – заклалі б яе, на крайняк, у ламбард якому сербскаму ці арабскаму госцю…
Найменшае, што можа пагражаць тутэйшым віцэ-прэм’еру і міністру спорту, – няпоўная службовая адпаведнасць. З іншага боку, прырода не церпіць пустэчы: «накрылася» алімпіяда – вярнуўся «Шахматны дворык» на вул. Паліны Асіпенка! 🙂
Такія афішкі з’явіліся на пад’ездах Каштанаўкі 25.09.2020
З пачатку 1980-х у доме № 19 дзеяў клуб «Прахадная пешка» і, дзякуючы намаганням Русланы Мачалавай, суседняя пляцоўка была разбітая на квадраты (з сярэдзіны 1980-х дзе-нідзе стаялі двух-трохметровыя фігуры з цэглы і бетона, якія трывалі амаль 30 год, хоць «Прахадная пешка» даўно пакінула раён). Потым тэма шахмат падзабылася, а цяпер нейкія энтузіясты згадалі яе.
Вольф Рубінчык, г. Мінск
09.10.2020
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 09.10.2020 13:39