Tag Archives: фильм «Idiocracy»

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (122)

Дабрыдзень! Сёлета актывізавалася барацьба са смяротным пакараннем у Сінявокай. Не першы год барацьбу гэтую падтрымліваюць папулярныя рэсурсы тыпу тутбая і сіцідога, праваабарончы цэнтр «Вясна» ды мн. інш. Ужо і дэпутатка Алена Анісім 18.07.2019 выступіла з прапановай прыпыніць ужыванне смяротнай кары. Яе права… Аднак і матывы не тое каб шчырыя (заранёў ясна, што законапраект не паспеюць прыняць і пры найлепшым раскладзе – нават у выпадку, калі роспуск гэтай «палаткі» адбудзецца згодна з Канстытуцыяй, увосень 2020 г., а не праз 4 месяцы), і па сутнасці ё што запярэчыць.

Як ужо гаварылася ў сакавіку, довад «усе вакол адмянілі/прыпынілі, а мы што, лысыя?» выклікае сумневы. Грамадства мае суверэннае права без фанатызму абараняць сябе ад асабліва небяспечных сваіх членаў, а серыйныя, бязлітасныя забойцы, безумоўна, адносяцца да гэтай катэгорыі. Не сказаць, што наш «сінедрыён» надта ўжо крывавы: 2-4 смяротных пакаранні за год – адносна няшмат (за «звычайныя» забойствы, якіх у РБ звыш 300 на год, не расстрэльваюць). І няможна выключаць, што наяўнасць «вышэйшай меры» ў заканадаўстве ўсё ж стрымлівае патэнцыйных злачынцаў… На 100 тыс. жыхароў у РБ – 3,58 наўмысных забойстваў, а ў суседзяў з постсавецкай прасторы, якія ў канцы 1990-х адмовіліся ад смяротнай кары, прыкладна так: Літва – 5,25, Украіна – 6,34, Расія – 10,82 (звесткі сярэдзіны 2010-х гадоў).

Я б лепей ставіўся да ініцыятыў «скасавальнікаў», калі б яны былі падтрыманы большасцю насельніцтва РБ – і не простай, а кваліфікаванай (2/3), і не ў канкрэтны момант, а на працягу колькіх гадоў. Пакуль што «эра міласэрнасці» не надышла; паводле апытанак, блізу 60% грамадзян – за захаванне смяротнага пакарання, і сярод дэпутатаў доля «кансерватараў» наўрад ці будзе меншай. Няўжо трэба ціснуць на Лукашэнку, каб ён праігнараваў грамадскую думку, збаёдаўшы артыкул крымінальнага кодэкса сваім указам або дэкрэтам? Грамадская думка ды іерархія заканадаўчых актаў і без таго зачаста ігнараваліся ў апошнія гады…

Мяркую, прыхільнікам адмены не варта гаварыць са скептыкамі так, як у гэтым роліку (спойлер: апелюючы да эмоцый & як з неразумнымі дзецьмі). У сярэдзіне 2000-х юныя студэнты і студэнткі з Акадэміі музыкі, калі я прапаноўваў ім адпаведную тэму, пісалі больш удумлівыя эсэ… Зрэшты, мы разам з усім цывілізаваным светам крочым да «ідыякратыі», апісанай Яўгенам Замяціным сто год таму ў казцы пра Фіту (амерыканскі фільм «Idiocracy» 2006 г. таксама дужа рэкамендую). Калі верыць таму ж тутбаю, 83% апытаных «завальваюць» элементарны тэст ад амерыканскага прафесара Шэйна Фрэдэрыка.

Тут яшчэ бяда, што ў Беларусі ўзровень узаемнага даверу не «проста нізкі, а вельмі нізкі» – курыце развагі Дар’і Урбан адносна вынікаў маштабнага сацыялагічнага даследавання… Выглядае, мяняць штосьці сур’ёзнае трэба найперш на сваіх працоўных месцах і ў пад’ездах, а толькі потым – на плошчах і ў парламенце.

*

Дачытаў шамякінскі «Роздум на апошнім перагоне» з падзагалоўкам «Дзённікі 1980–1995 гадоў», хоць гэты фаліянт на 500 з нечым старонак даўся няпроста (між іншага, дэ-факта дзённікі народнага пісьменніка адносяцца да 1975–1994 гг., і выйшлі яны з безліччу памылак друку – прывет рэдактару М. М. Мятліцкаму і пяці (!) карэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура»).

Фота адсюль

Іван Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 г. пад Гомелем, памёр 14 кастрычніка 2004 г. у Мінску. Як ужо згадвалася, нямала было цікавага, дзе-нідзе і велічнага ў яго запісах «для сябе» (насамрэч не толькі для сябе, бо выданне прыжыццёвае, 1998 г.). Але чым бліжэй да нашага часу, тым болей з аўтара перла самсон-самасуеўшчына… Дакладней, некампетэнтнасць і фанабэрыя, памножаныя на старэчую (ці бальшавіцкую?) падазронасць.

У мінулай серыі я цытаваў, гм… спрэчны запіс пра Рыгора Бярозкіна, во яшчэ адзін: «У мяне, увогуле, была павышаная цікавасць да пакутнікаў, што вярталіся з няволі. Да Бярозкіна, напрыклад… Бярозкін многа расказваў, залішне многа – увесь лагерны фальклор, як я цяпер пераканаўся з многіх публікацый. А з яго расказаў выходзіла, што ўсё гэта адбывалася з ім». Сам-то Шамякін, якога не арыштоўвалі, ведаў лепей… Зрэшты, і былы зэк выявіўся, мякка кажучы, наіўным дзівуном. Знайшоў з кім дзяліцца сваімі злыбедамі – з выпускніком вышэйшай партыйнай школы, перакананым, што сталінскі тэрор быў пераважна «яўрэйскай справай». А мо ў канцы 1950-х будучы член ЦК КПБ і дэпутат яшчэ не быў перакананы?..

З дзённікаў І. П. Шамякіна:

1991: «Нельга выкінуць ледзьве не стагоддзе з жыцця народа. Самае крыўднае – хто здзекуецца [над савецкай гісторыяй]? Няхай яны – што ў іх святога на чужой зямлі, заўтра яны будуць у Амерыцы ці ў Ізраіле. Але ва унісон ім гарлапаняць нашы ўнукі, дзеці беларускіх пісьменнікаў нават». «Знішчалі храмы сіяністы, троцкія, зіноў’евы, кагановічы».

1992: «У змагары за новую Беларусь [на з’ездзе СП БССР 1990 г.] лезлі яўрэі – як заўсёды ультрарэвалюцыянеры». «Хто гэта рабіў [змагаўся з праваслаўнай царквой пасля 1917 г.]: свярдловы, троцкія, луначарскія і ўсе, хто служыў другой веры, ненавідзеў праваслаўе».

1993: «ЦРУ пралічвала на дзесяцігодддзі наперад, у іх – яўрэйскія галовы».

1994: «Ганебнейшым чынам паводзілі сябе ў гісторыі з Доктарам Жывага Катаеў, Слуцкі, Салаухін, Мартынаў… І беспартыйны Федзін. Трусы! Сам [Барыс] Пастарнак таксама быў трусаваты… Але ў Б. П. трусасць была тыпова яўрэйская». Кур’ёзна, што гэта напісаў чалавек, які ў 1958 г. разам з дзесяццю беларускімі літаратарамі выступіў з асуджэннем «здрадніцкіх паводзін Пастарнака», адобрыўшы рашэнне аб пазбаўленні нобелеўскага лаўрэата «звання савецкага пісьменніка» (гл. публікацыю з «ЛіМ»а 01.11.1958 тут). А ў 1991 г. Шамякін прызнаваўся: «Я не ведаў Пастарнака асабіста… “Доктора Живагоя, канешне, не чытаў… ішоў за ўсімі, я верыў ім, старым і мудрым». У 1958 г. беларускаму госцю, удзельніку пасяджэння сакратарыята, на якім зганьбілі Пастарнака, споўнілася 37. Гэта ўзрост, калі многія людзі жывуць сваім розумам…

Пасля ўсяго не дзіва, што І. Ш. радасна падхапіў сфальсіфікаваную цытату з «Лейбы Давідавіча Троцкага»: «Мы павінны ператварыць Расію ў пустыню, населеную белымі неграмі». І ахвотна прывёў рэальныя словы з запісаў калегі, Андрэя Макаёнка (1976): «Вяртаючыся да імён памагатых у час рэпрэсій… Памагатыя ці каты? Гірш Ягода – нарком унутраных спраў, Берман – начальнік будаўніцтва Беламорканала. Коган – начальнік будаўніцтва канала Масква – Волга; Фінкельштэйн, Біксон, Серпухоўскі і інш. – начальнікі буйнейшых канцлагераў». З Біксонам драматург крыху «лажануўся» – гэта быў латыш, Яніс Біксанс. Аляксандр Салжаніцын таксама адзначаў вялікую долю яўрэяў сярод распарадчыкаў ГУЛАГа, але ж, прынамсі, не выпускаў з поля зроку такіх катаў, як Дзмітрый Успенскі (1902-1989)…

Не бракуе ў дзённіках чалавека, якога ў 1994 г. выбралі акадэмікам, і абразлівых цэтлікаў кшталту «дура», «зацяты хахол». Ці выпадкова, што і ў нашым стагоддзі хамства нярэдка ўспрымаецца як «норма жыцця» ў дзяржаўных установах? Свежыя, летнія прыклады – нецэнзуршчына ад прэс-сакратаркі міністэрства сельскай гаспадаркі (ну, хоць даўмелася папрасіць прабачэння…) і яшчэ бруднейшая размова супрацоўнікаў шчучынскага ліцэя са студэнтам. Iзноў Шчучын адзначыўся не лепшым чынам 🙁

Хоць і мізантропствую, стараюся бачыць у людзей светлыя плямы. Таму прывяду фрагменты, дзе Шамякін добра адгукаецца пра асобна ўзятых яўрэяў – хіба каб «ураўнаважыць» свае замалоты, усё ж колішні камсорг і парторг:

Пра вайну (запіс 11.10.1990):

Пра канец 1940-х гадоў (запіс 01.11.1990):

*

Год таму выйшла па-ангельску «нятленка» канадскай даследчыцы пра вобразы яўрэяў у беларускай літаратуры у цэлым някепская, з багаццем паказанага матэрыялу. І ўсё ж я ацаніў яе толькі на 6 балаў з 10, дый цяпер не пастаўлю вышэйшай адзнакі. Рэч у тым, што ў кнізе відочна прыменшаны маштабы юдафобіі ў даробку тутэйшых пісьменнікаў. Прафесарка зрабіла выснову, што ў беларускай літаратуры, адрозна ад літаратур суседніх народаў, не прысутнічала непавагі да яўрэйства. Але ж Эдуард Скобелеў (19352017), на жаль, не быў маргіналам; яго ідэйкі ў той ці іншай ступені падзялялі такія вядомыя людзі, як А. Макаёнак, І. Шамякін, В. Якавенка… Ну, слушна было сказана ў 1995 г.: «Пісьменнікі – кампанія цяжкая. Невыпадкова зярняты нацыяналізму, антысемітызму, фашызму менавіта ў гэтым асяроддзі выспяваюць» (Міхась Жванецкі, 1995, інтэрв’ю са зборніка П. Капшэевай).

Я б вылучыў іншую гіпотэзу: у беларускай і ўкраінскай літаратурах, адрозна ад рускай, юдафобія прымала менш агрэсіўныя формы. Але ў нас яна, па сутнасці, нікуды не дзелася і ў ХХІ ст.; во ёсць, да прыкладу, маладжавая Ганна Д., а ёсць старэйшы Славамір А., экс-актывіст арганізацыі «Правы рэванш»… Дзяўбці лішні раз не стану, бо і так яму даставалася апошнім часам, не заўжды справядліва. Да таго ж 25 год таму, 27.07.1994, далучаўся я да арганізаванага ім шэсця з паходнямі па галоўным сталічным праспекце. Вядома, не з сімпатыі да славаміраўскіх поглядаў, а з цікаўнасці, даравальнай 17-гадоваму выпускніку школы. Паходню не браў; карцела паглядзець, чым усё скончыцца… Паглядзеў – у выніку мая фізіяномія трапіла ў сумнавядомы фільм «Нянавісць. Дзеці хлусні» (1995). ¯\_(ツ)_/¯

Да гонару лукашыстаў, не цкавалі мяне за ўдзел у тым несанкцыянаваным – а мо і справакаваным імі ў першы месяц кіравання Рыгорыча – «масавым мерапрыемстве». Зрэшты, і заканадаўства тады было менш суворым, чым цяпер, і ўдзельнікаў налічвалася няшмат, каля 150 (ну, максімум 200). Хоць потым у прафесійных «змагароў з антысемітызмам» даводзілася чытаць пра тысячу баевікоў… 🙂

Згадка пра той марш да плошчы Якуба Коласа трапіла нават у артыкул «Белоруссия» на сайце ізраільскай «Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі». Аёй, так і не знайшлося ў рэдакцыі часу абнавіць артыкул (пра абяцанкі-цацанкі 2015 г. гл. тут). Чытачоў у cярэдзіне 2019 г. палохаюць даўно зніклым «Славянскім саборам», газетай «Мы и время» і г. д.

*

Памёр Уладзімір Замяталін (14.05.1948 – 07.07.2019), прэс-сакратар урада за Кебічам, пазней – нам. прэм’ер-міністра і галавы адміністрацыі прэзідэнта. І не супраць бы вымавіць добрае слова пра нябожчыка, а якое?.. Успамінаецца, як на рубяжы стагоддзяў ён праявіў сябе ў сферы «міжнацыянальных адносін»: не даў перарэгістраваць у Беларусі «Сусветнае згуртаванне беларускіх габрэяў», а потым – з падачы заслужанага архітэктара Левіна – разаслаў пісьмо, маўляў, прэзідэнт СЗБГ «пазбаўлены грамадзянства ў шэрагу краін і прадстаўляе неплацежаздольную арганізацыю». Якаў Гутман па сваёй завядзёнцы падаў за гэта ў суд… Калі жадаеце ведаць, што было потым, знайдзіце артыкул Сяргея Навоева «Еврейское фиаско Заметалина» («Народная воля», 2000), а мне лянота. Фіяска-то фіяска, але з працы дыфаматара не выгналі. Ён жа і вышэйзгаданых «Дзяцей хлусні» замаўляў 🙁

Тры гады споўнілася з дня забойства Паўла Шарамета ў Кіеве (20.07.2016). Толькі тры дні таму «Украинская правда» апублікавала петыцыю на тэму «міністра ўнутраных спраў у адстаўку». Варта было гэта зрабіць у ліпені 2016 года… а яшчэ лепей у чэрвені, следам за маёй публікацыяй. Тады, можа, і Павел застаўся б жывы.

Міністр Авакаў і забітыя ў час яго доблеснай службы Алесь Бузіна (1969–2015) ды Павел Шарамет (1971–2016)

Цытатнік

«Хто бунтуе – той нягоднік!» (Данііл Хармс, да 1941)

«Напэўна, кожнаму свой шлях да свабоды трэба прайсці ў адзіночку» (Васіль Быкаў, да 2003).

«Мы ўсе знаходзімся ў сітуацыі, калі вымушаны падстройвацца пад паводзіны грамадскасці ў медыя. І гэта робіцца вельмі небяспечным… Чалавецтва ўвесь час рэгрэсуе ў бок глупства» (Бернар Стыглер, 02.07.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

24.07.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 24.07.2019  10:05