В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (121)

Шалом! У гэтай паліндромнай серыі – пра неабавязковыя, на першы погляд, рэчы & з’явы. Ды я пакуль што сам выбіраю, пра што выказвацца… пардон.

Чарговы няспраўджаны прагноз ад мінскага «фінансіста» Вадзіма І-ба выйшаў 08.07.2019 (пра ранейшы гл. тут): «Долар к канцу тыдня можа ўмацавацца, хоць і дастаткова сціпла – да 2,05 беларускага рубля». Хіба ва ўсім астатнім гэты спадар дужа ўніклівы, бо іначай няясна, чаму яго дагэтуль трымаюць за «старшага аналітыка»: з курсамі валют яму хранічна не шанцуе. Долар к канцу тыдня (12-14 ліпеня) не тое што не падняўся з 2,048 да 2,05, а ўпаў да 2,035… І ў панядзелак 15.07.2019 курс «зялёнага» ў РБ знізіўся. Каб я быў канспіролагам, то дапусціў бы, што заданне І-ба і рэсурсаў, якія штораз на яго спасылаюцца (Myfin, «Бел. партызан»), – падарваць у грамадстве будзь-які давер да незалежных прагнозаў. Але ж канспіралагічных версій і так замнога ў публічнай прасторы…

Кур’ёзны прыклад «зрывання покрыва» паказаў чалавек, які сваім нікам дыскрэдытуе старажытнага летапісца. У маі 2019 г. сучасны Нестар апалчыўся… на двухсерыйны савецкі фільм 1983 г. «Мэры Попінс, да пабачэння». Па-дзеля мяне, стужка не геніяльная, адметная найперш сваімі музычнымі ўстаўкамі, а не сюжэтам.. Але прыкмеціць у ёй прапаганду сатанізму (прычым галоўная прадстаўніца чорных сіл – сама Мэры, а «містэр Эй», падобны да Джона Ленана, ёй дапамагае!), экафашызму, антысаветчыны, нават украінскага нацыяналізму (аднойчы ў кадры мільгаюць жоўтыя і блакітныя паветраныя шарыкі…), трэ’ было даўмецца. Самае прыкрае, што, гледзячы па ўсім, тысячы людзей спажываюць і вераць: я-то спадзяваўся, што часы змагання з дэкаратыўнымі сняжынкамі на службе сіянізму (мясцовым «энтузіястам» 1970–80-х гг. а-ля Уладзімір Бягун яны нагадвалі шасцікутныя зоркі) незваротна мінулі.

Трэба прызнаць, што аўтары фільма, якія ўвялі ў яго булгакаўскія матывы – чалавека-кот, начны баль у гонар М. Попінс – далі-такі зачэпку аматарам эзатэрыкі ды пошукаў глыбінных сэнсаў… Але рэжысёр Леанід Квініхідзэ (Файнцымер; 1937-2018, хай яму спакойна спіцца) не хаваў, што арыентаваўся на дарослую публіку, таму і казка «паводле Памелы Трэверс» у яго атрымалася іранічна-змрачнаватая, у стылі некаторых «мультфільмаў для дарослых». І адсылкі да «Майстра з Маргарытай», культавай кнігі савецкай інтэлігенцыі, былі ў гэтым сэнсе лагічныя й дарэчныя. Што да песні пра вецер на словы Навума Олева, гэта класічная «дуля ў кішэні» (цэнзуру можна было супакоіць тым, што «ўсходні вецер», які меўся памяняцца, згаданы ў арыгінале Трэверс 1930-х гг.). У 1983 г., мяркую, перамен чакаў не адзін Віктар Цой, а 90% савецкіх грамадзян, у т. л. кінематаграфістаў… Гэта не магло не адбівацца на змесце іхняй прадукцыі.

О так, раз-пораз цягне мяне ў апошняе савецкае дзесяцігоддзе, калі дрэвы былі вялікія (C)… Нямала было паганага, але, умоўна, 80-90% мультфільмаў дагэтуль хочацца пераглядаць, яны былі не найгоршай часткай тагачаснай рэчаіснасці. Таму непрыемна ўразіў допіс яшчэ аднаго гора-канспіролага – блогера Аляксандра П-кі (які, здаецца, сам рабіў мульты; пра іх узровень меркаваць не бяруся). Гэты чэл атабарыўся ў Германіі ды лупцуе калегаў (Давыдава, Караваева, Курляндскага, Хайта) з антыСССР-аўскіх пазіцый: «У трылогіі пра Папугая Кешу змяшчаецца недвухсэнсоўная мараль: сядзі ў гаспадара, які цябе корміць, не бунтуй, не спрабуй уцячы ад свайго гаспадара, бо любыя перамены будуць да горшага… У другім фільме, куды рэжысёрам Курляндскі запрасіў А. Давыдава, аўтары не ўтрымаліся ад выпадаў на адрас подлых яўрэяў, якіх, бач, кормяць тут і кунежаць, ну, сама большае, не даюць тэлевізар глядзець (празрыстая метафара забароны на чытанне некаторых кніг і слуханне некаторых радыёканалаў, што замінаюць пабудове сацыялізму) і плэеры ім не купляюць, а яны намагаюцца ўцячы Пікантнасць гэтаму вытанчанаму антысеміцкаму анекдоту, які быў уганараваны прэміяй Ніка, надае тая акалічнасць, што амаль усе аўтары мультфільма былі яўрэямі».

Тэкст П-кі 2012 г. трапіў да мяне сёлета, і я паспрабаваў давесці аўтару, што ў 1987 г. (перабудова!) савецкай уладзе ўжо было не да кпінаў з эміграцыі пасродкам мультфільмаў, што ў другой частцы серыяла пра Кешу высмейваецца не эмігрант з «пятай графой», а заўзяты прыхільнік мас-культуры (так, персанаж слухае «Модэрн токінг», які ў 1986-87 гг. дапраўды гучаў «з кожнага праса»). Але, ясная рэч, разважны сэнс у зносінах з… апантанымі асобамі не заўжды працуе. І атрымаў я 03.05.2019 такі «дасціпны» адказ: «Ага, картавы гарбаносы прыхільнік масавай культуры, схільны да паразітычнага ладу жыцця, які з найвялікшай асалодай цытуе рэпрызы Аркадзя Райкіна. Ён толькі падобны да антысеміцкай карыкатуры, а на самай справе ён зусім не антысеміцкая карыкатура». Facepalm.

«Люцыфер-антысаветчык» з фільма «Мэры Попінс…» (1983) і «ўцёклы яўрэй» з мульта «Вяртанне блуднага папугая» (1987)

Як асэнсаваць трыумф «тэорый змоў» у сучасным свеце, яшчэ не вырашыў: тлумачэнняў шмат, але ўсе яны здаюцца фрагментарнымі. Дадам, бадай: калі ў пачатку 2010-х працаваў на «Белпошце», бачыў, як адміністрацыя (не паштовая…) пісьмова раіла ўстановам падпісвацца не толькі на «Сов. Белоруссию» ды розныя «Рэспублікі», але і на каляровы, дэ-юрэ прыватны часопіс «Планета», прысвечаны збольшага акурат «выкрыццю змоў». У гэтага выдання і слоган быў адпаведны: «Што прыхоўваюць палітыкі».

Пачытваю дзённікі Івана Шамякіна (1921-2004) – народнага пісьменніка, ардэнаносца, старшыні Вярхоўнага Савета БССР, etc. – i неяк лепей пачынаю разумець, адкуль вецер дзьме. Калі распавядае пра сваё дзяцінства і родзічаў, то ўсё добра, кранальна. Калі абмяркоўвае складаныя пытанні (палітычныя, гістарычныя, медыцынскія, дый нават літаратурныя) – хоць стой, хоць падай. Да прыкладу, шмат чаго напрыдумляў пра Рыгора Бярозкіна ў 1981 г.:

Учора пахавалі Бярозкіна. Уласна кажучы, пахавалі яго больш двух гадоў назад. Не мы. Жонка Ю. Канэ. Пасля інсульту засадзілі ў «Навінкі», тлумачачы ўсім, што, маўляў, ён зрабіўся агрэсіўным. Агрэсіўнасць была ў яго натуры і тады, калі ён быў здаровы…

У сталінскі час з ім расправіліся жорстка: тройчы садзілі – у 1937, 1940, 1949 гг. Я разумею: асабліва крыўднай для Бярозкіна была пасляваенная пасадка, бо ўсю вайну ён быў на фронце і супраць фашызму ваяваў, няхай сабе ў армейскай газеце, шчыра, з поўнай аддачай.

Але з усіх тых, хто быў рэпрэсіраваны і рэабілітаваны пасля ХХ з’езда, я не сустракаў другога такога, хто меў бы столькі злосці на ўладу. Калі ён зразумеў, што чацвёрты раз яго не пасадзяць – іншы час! – то не таіў гэтай сваёй злосці і нянавісці.

На маю просьбу гэтыя пасажы з кнігі 1998 г. «Роздум на апошнім перагоне», даступнай у сеціве, пракаментаваў гісторык Анатоль Сідарэвіч (11.07.2019): «Любіў Іван Пятровіч савецкую ўладу і гэтага патрабаваў ад іншых. Нават не задумваўся, што любіць сваіх катаў гэта мазахізм, або, як я разумею, хвароба. Рыгор Саламонавіч на мазахізм не захварэў. Ведаю, і Юлія Міхайлаўна [Канэ] мне казала, што Рыгор Саламонавіч ваяваў у франтавой (ці то дывізійнай, палкавой – я не надта ў гэтым цямлю) разведцы… Такое, як у Шамякіна, трэба публікаваць з грунтоўнымі каментарамі, паказваючы на фактычныя памылкі аўтара. А для гэтага патрабуюцца даследчыкі, якіх у нас вобмаль».

*

Трэцяга ліпеня споўнілася б 70 год Віктару Купрэйчыку (1949-2017). «Народная воля» нязменна піша пра яго як пра «першага ў гісторыі шахмат Беларусі міжнароднага гросмайстра», што вымагае ўдакладнення. Першым маэстрам, ураджэнцам беларускіх земляў, з’яўляецца Давід Яноўскі (1868-1927). Першым міжнародным гросмайстрам па шахматах, які пасяліўся ў Беларусі (1951) і выступаў за яе, стаў Ісак Баляслаўскі (1919–1977) – ён атрымаў званне ад ФІДЭ за паўтара года да пярэбараў у Мінск. Першым гросмайстрам, які здабыў гэтае званне, будучы жыхаром Беларусі, выявіўся Аляксей Суэцін (1965; праз 3 гады вярнуўся ў Расію). Такім чынам, В. Д. Купрэйчык – першы з ураджэнцаў Беларусі, які атрымаў званне мг (1980), не мяняючы месца жыхарства. Трохі складаная формула? Затое ніхто не пакрыўджаны…

З нагоды юбілею ўспомню, як В. Купрэйчык адказваў В. Казначэеву на пытанне «Хто для вас аўтарытэт?» у падзабытым цяпер мінскім часопісе «Кур’ер» (№ 3, верасень 2000):

Інтэлігентнасць, прыстойнасць, інтэлект, прафесіяналізм. Людзі, якія валодаюць гэтымі якасцямі, з’яўляюцца для мяне аўтарытэтнымі. Бяда нашага часу – у тым, што такія людзі не надта запатрабаваныя. Аляксандр Ткачонак, выдатны беларускі акцёр. Не кажучы пра ягонае майстэрства, я вельмі паважаю яго як найпрыстойнейшага і найсумленнейшага чалавека. Тое ж самае магу сказаць і пра рэжысёра Юрыя Хашчавацкага – ён аўтарытэт і як майстар, і як асоба. Сярод беларускіх палітыкаў вылучаю Станіслава Шушкевіча. Што б пра яго зараз ні гаварылі, ён інтэлігентны, адукаваны чалавек; наколькі я ведаю, як вучоны ён зрабіў не менш, чым у палітычнай дзейнасці. На жаль, нашае грамадства знаходзіцца ў тым маральным стане, калі такога чалавека магчыма было «здаць» за скрыню цвікоў…

Вядома, цешыць тое, што федэрацыя не забылася пра славутага шахматыста і ладзіць ужо другі турнір яго памяці (у сярэдзіне жніўня г. г.). Але, зноў жа, з дыскрымінацыяй беларускіх ігракоў – усе яны, каб удзельнічаць, павінны аплаціць членскі ўзнос у БФШ за 2019 год. Дзякуй, што не за тры апошніх 🙂

Ізноў пацвердзілася, што грошы для суполкі – галоўнае. На афіцыйным сайце БФШ 8 ліпеня павіншавалі старшыню папячыцельскай рады з 63-м годам нараджэння – няхай, але як было не павіншаваць шматразовага чэмпіёна Беларусі, заслужанага трэнера з 75-годдзем? Пры тым што ў сакавіку начальніца БФШ марыла «сабраць у Мінску на турнір і майстар-класы ўсіх нашых наймацнейшых шахматыстаў, якія разляцеліся па ўсім свеце: Барыс Гельфанд, Юрый Шульман, Ілья Смірын, Альберт Капенгут…» Ну-ну, цяпер «новы амерыканец» Альберт Зямавіч дакладна не адмовіцца… 😉

І пра харошае. Будучыня ў краіны ўсё-такі светлая, і ведаеце чаму? Тыдзень таму паступіла навіна пра тое, што намесніка старшыні Дзяржынскага райвыканкама абвінавачваюць у атрыманні хабару валторнай! (Для тых, хто не ведае, як тая валторна гучыць, – адмысловы ролік.)

Дзяржава, у якой чыноўнікі цягнуцца да музыкі, рызыкуюць дзеля яе – дальбог, не зусім прапашчая. Ну, а стан грамадства, на жаль ці на шчасце, шмат у чым залежыць ад стану дзяржавы.

Цытатнік

«Надзея – добры сняданак, але кепская вячэра» (Фрэнсіс Бэкан, дзесь паміж XVI i XVII стагоддзямі)

«Карнавал — не актыўная сацыяльная пазіцыя. Карнавал — гэта спажывецкая пазіцыя» (Аляксандр Тарасаў, 2010)

«Давер – найважнейшы нацыянальны рэсурс, аснова грамадства» (Дан Арыэлі, 2019)

«Чыноўнікі не любяць крытыкі. У кожнай крытыцы ім бачыцца частка сусветнай змовы. Замест нармальнай паліталогіі, пакліканай аб’ектыўна вывучаць перамены ў грамадстве, нам прапануюць аналізаваць тое, што зручна і бяспечна. Гэта, напрыклад, якая-небудзь лічбавізацыя і іншыя з’явы, якія да рэальнай паліталогіі маюць вельмі ўскоснае дачыненне». (Аляксандр Кынеў, 25.06.2019)

«Нельга ў іерархічнай сістэме быць “незалежным” і разлічваць на істотную долю эканамічнага “пірага” – гэта дэстабілізуе сістэму» (Андрэй Моўчан, 09.07.2019)

«Прынята лічыць, што жанчыны ўносяць у палітыку чалавечы пачатак і спачуванне. Але гэта толькі стэрэатып: міласэрнасці і спачування да блізкага ў жанчын-палітыкаў не болей, чым у мужчын» (Мор Альтшулер, ліпень 2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

18.07.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 18.07.2019  23:28

Водгук

“Пра тэорыі змоў. Калі чалавек не верыць у Бога, калі ў яго няма якой-небудзь тэорыі кшталту марксізму (а пасля марксізму такія тэорыі не з’яўляліся), калі ён не гатовы да агнастыцызму (простая апеляцыя да Волі Бога не вельмі далёка ад агнастыцызму, але я меў на ўвазе больш падрабязныя ўяўленні), то што чалавеку застаецца, як не верыць у такія тэорыі?..” (Пётр Рэзванаў, г. Мінск) 31.07.2019