Ад аўтара. Гэтыя вершы пісаліся прынагодна — пад тую ці іншую з падзеяў, якія адбываліся ў Беларусі цягам апошніх гадоў. Спярша яны з’яўляліся не вельмі часта — аўтарава Муза была гэткай жа млявай, як і палітычнае жыццё ў Сінявокай (ТМ). Аднак у 2020-м палітычнае жыццё выбухнула такім фантанам, што муза вырашыла наведваць аўтара часцей, чым звычайна. Атрымалася своеасаблівая паэтычная хроніка двух апошніх гадоў — ад пачатку пандэміі каранавіруса да вайны Расіі супраць Украіны. Вядома, не без ноткі суб’ектывізму…
З. Дзядзенка падпіcвае чытачкам cвае кнігі паcля выcтупу ў Трактаразаводcкім паcëлку. Фота В. Р., лістапад 2019 г.
***
Травень, 2020
Пачынаецца выбарчая кампанія. За першы тыдзень збору подпісаў ініцыятыўная група А. Лукашэнкі заяўляе, што за яго падпісаліся 200 тыс. чалавек.
Вунь паўсотні прэтэндэнтаў
Ламанулі ў прэзідэнты:
Вельмі сумна нацыі
На самаізаляцыі.
***
Не прайшло яшчэ пяць дзён —
Пераможца ўжо відзён:
Дзвесце тысяч подпісаў —
Што ўжо там саромецца!
Можна да канца сезона
Наярмошыць сем мільёнаў.
Травень, 2020
Мінздароўя нарэшце прызнала, што ў краіне эпідэмія COVID-19. Аднак статыстыку наконт захворвання ведамства дае так, што з яе складана што-небудзь зразумець. Урэшце міністэрства паведамляе, што ў Беларусі піку захворвання не будзе, а будзе плато — больш-менш аднолькавы ўзровень нейкі працяглы час.
Выйшаў конь у паліто
На кавіднае плато,
Паглядзеў наўкол з любоўю —
І вярнуўся ў Мінздароўя.
***
Я праз ваш каранавірус
Маю сперматаксікоз:
Дзве каханкі адмаўляюць,
Каб заразы не прынёс.
Жнівень, 2020
Мінабароны Беларусі з баявых верталётаў расстрэльвае бел-чырвона-белыя паветраныя шарыкі, запушчаныя з тэрыторыі Літвы. Тлумачаць тым, што, маўляў, невядома — а раптам тыя шарыкі былі з атрутай ці з выбухоўкай?
Зусім літоўцы абарзелі
(Хай іх бадаюць камары!):
Яны на нас пусціць хацелі
З атрутным геліем шары!
А можа, што ўзарваць хацелі…
Але ж у нашых СПА
На кожны шар,
На кожны гелій
Ёсць верталёт. А то і два.
Верасень, 2020
Беларуская прапаганда публікуе “перахопленую размову Ніка з Майкам”, у якой абмяркоўваюцца беларускія падзеі. Тэкст, прыпісаны “замежным лялькаводам”, настолькі смешны, што яго жыўцом расцягваюць на цытаты і мемы.
Я вам скажу не дзеля падабайкі
(Я вашых падабаек не прашу!)…
Але размова нашых Ніка з Майкам
Сагрэла мне прадажную душу.
Цяпер мяне надзея не пакіне.
О, Майк і Нік! Вы зоркі! Oh, my God!
Камандуйце ў Варшаве і Берліне,
А мы, шпіёны, споўнім ваш загад!
Снежань, 2020
Затрыманні ў Беларусі з канца восені набываюць, паводле выразу Надзеі Каткавец, “хаацічаскі характар”: каб быць затрыманым, неабавязкова нешта здзейсніць… У Лебядзіным пад Мінскам арыштоўваюць “несанкцыянаваную” ялінку, у Смалявічах — групу школьнікаў, якія вяртаюцца дадому з заняткаў танцамі.
Мы наладзілі карцінку:
Арыштоўвалі ялінку.
Як бы гэта, вашу маць,
Новы год арыштаваць?
***
Затрымалі ў Смалявічах
Падазроных школьнікаў:
“Выражались неприлично —
Троп, архитектоника…”
Снежань, 2020
Наталля Качанава ў час сустрэчы са студэнтамі расказвае, як напрыканцы існавання СССР ездзіла ў Югаславію: там, маўляў, свабодна можна было знайсці парнаграфію, што і прывяло да распаду Югаславіі.
Дарэмна круцілі ў Бялградзе парнуху,
Бо гэта вяло да упадніцтва духу.
І ў выніку злыя драпежнікі НАТА
Ушчэнт разбамбілі праспекты Бялграда!
Каб не тая парнуха (цікавая!),
Існавала б дасюль Югаславія!
Снежань, 2020
Афіцыйныя беларускія прафсаюзы арганізоўваюць “лісты з прадпрыемстваў” на адрас кіраўніка cуcветнай хакейнай федэрацыі, каб не адмяняў у Беларусі чарговы чэмпіянат свету па хакеі.
Мы не ай-ці і не маршрутчыкі з “газеляў”,
Мы людзі простыя, або электарат…
Мы напісалі тры лісты Рэнэ Фазэлю,
Каб ён у нас не забіраў чэмпіянат!
Мы недарэмна над лістамі пасядзелі —
Чэмпіянат, няма сумневу, будзе наш:
Не кожны дзень паклоны б’юць Рэнэ Фазэлю
І “Камунарка”, і “БелАЗ”, і “Гомсельмаш”!
Давай, Фазэль, тэлевізійную карцінку!
А мы лістамі запасемся да пары:
Нас падтрымалі пацыенты у “Навінках”,
Цяпер чакаем, ці падпішуць дактары…
Студзень, 2021
Дзяржаўная прапаганда на Вадохрышча паказвае відэасюжэт з Лукашэнкам, які ў альтанцы п’е ваду з чарак са… шпіцам. І з ім жа ідзе акунацца ў палонку.
ЭЛЕГІЯ
Назло падступным заграніцам,
Дзе ў лялькаводах — пшэк і чэх,
Ён у альтанцы сеў са шпіцам —
Каму ж даверыцца яшчэ?!
Над ім зіхцелі зоркі ярка,
Пад ім струмень жывы свістаў…
І піў ён з невысокай чаркі
Усё, што шпіц не дахлябтаў.
Люты, 2021
Пазнавальнай прыкметай зімы 2021 года становяцца сінія мікрааўтобусы (“бусікі”), у якіх раз’язджаюць сілавікі. Ператрусы, затрыманні, арышты — пры ўсім гэтым прысутнічаюць сінія “бусікі”.
Сіні бусік, сіні бусік
К нам прыпёрся на раён.
Сёння ў нашай Беларусі
Гэта знак, што будзе шмон.
Сіні бусік, сіні бусік
Возіць следчых і АМАП.
Немаўклівых і не-хлусаў
Запрашае на этап.
Сіні бусік, сіні бусік,
Мне не трэба твой канвой.
Адчапіся, сіні бусік!
Сіні бусік, я не твой…
Сакавік, 2021
У лістападзе 2020-га запускаюць першы блок Беларускай АЭС. Потым яго за пяць месяцаў працы шэсць разоў адключаюць і ўключаюць назад. Штораз паведамляецца, што адключэнні былі планавымі. Нават у тых выпадках, калі пра гэта паведамляецца пост-фактум.
Пра АЭС штодзённа зводкі
Супакойваюць мяне:
Там па плане выб’е пробкі
І па плане каратне.
Сакавік, 2021
БТ паказвае фільм “Манкурты”, у якім расказваецца пра “спецаперацыю КДБ” супраць экс-сілавікоў, што выступаюць за перамены ў краіне. Адзін з эпізодаў фільма — запіс размоваў прэс-сакратара Лукашэнкі пад куратарствам КДБ. Гэтыя запісы потым нібыта за вялікія грошы прадалі “тэлеграм-каналу-які-нельга-называць” — усё ў рамках “спецаперацыі”.
“Усё ёсць сон. Жыццё ёсць толькі сон”, —
Пісаў калісьці партугалец Кальдэрон.
Яго паправілі Масандра і ТэртЭль:
“Усё жыццё — спецаперацыя БэТэ”.
Травень, 2021
Фірма Nivea (як і шэраг іншых заходніх кампаній) адмовілася быць спонсарам хакейнага чэмпіянату свету, калі ён пройдзе ў Беларусі. У адказ улады Беларусі забаранілі прадаваць прадукцыю “Нівеі”.
***
Бывай, пяшчотная мая і дарагая!
Чаму так горка — не магу я зразумець:
Ты больш шчаку маю ласкава не кранаеш,
На ёй цяпер спакойна адрастае шчэць.
Пайшла. Ніколі ўжо не вернешся, Нівея!
Сплывай у невараць, нібы ў Дняпры вада…
Гляджуся ў люстра я, і шчэць мая сівее,
І, бы ў Фідэля, адрастае барада.
2021
У 2021-м годзе сілавікі сталі масава размяшчаць у тэлеграм-каналах “пакаяльныя” відэа з затрыманымі пратэстоўцамі.
***
У БПЦ ад канкурэнта афігелі,
Але няясна, у які ударыць звон:
ГУБАЗіК ладзіць Даравальную нядзелю
На кожным тыдні! І як мінімум — сем дзён.
ПРЫЗНАННЕ ЭКСТРЭМІСТА
Я так і думаў, што са мной усё нячыста…
І, як на споведзі, вам шчыра гавару,
Што пачытаў на днях закон аб экстрэмістах —
І ўраз адчуў сябе агентам ЦээРУ.
Я вам прызнаюся (хаця й не дзеля славы!),
Што ў Тэлеграме ўмею чаты я ствараць,
І гэты дэструктыўны экстрэмісцкі навык
ГУБАЗіК мне ніяк не можа дараваць.
І тэрарызмам я займаюся нярэдка,
І разбурэнні сею, быццам смерць з касой:
Я прыкупіў тэрарыстычныя шкарэпэткі —
Яны ўсе белыя. З чырвонай паласой.
Ды шкадаванне наляцела, быццам Хонда,
Мяне паспеўшы пылам горычы накрыць:
Я мог бы скласці канкурэнцыю Джэймс-Бонду,
І мне б надалі, пэўна, нумар нуль-нуль-тры.
Але на службу каралеве (во засада!)
Мяне ніяк усё не хочуць запрасіць…
Таму чакаю на вярбоўшчыка з Масаду —
Мяне там здолеюць належна ацаніць!
Студзень, 2022
У ноч на 8 студзеня абваліўся мост на мінскай вуліцы Нямізе.
***
Згарэла пуня — дык гары і хата!
Ламайцеся, бетонныя масты!
Зато да нас цяпер не пройдзе НАТА!
…А што для абароны робіш ты?
***
Пра такое не раскажуць вам у школе:
Экспертыза паказала, што у моста
Адшукалі пяць праміле алкаголю
І сляды марыхуаны (ці кампосту).
А пасля, каб на здабытым не спыняцца,
Каб заціхнулі пустыя нагаворы,
Адшукалі шчэ й мільён нічыйных баксаў,
Што ляжалі у пакеце пад апорай.
Сакавік, 2022
18 сакавіка ўлады Беларусі ліквідавалі прыродаахоўную арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Яе абвінавацілі ў… экстрэмісцкай дзейнасці. Экстрэмісцкім быў прызнаны лозунг “Птушкі з народам!”.
Ты не будзь са мной такой бяздушнай —
Я ж не прайдзісвет, не аферыст:
Я ўваходжу у “Ахову птушак”!
Там жа кожны першы — экстрэміст.
Там экстрыму поўна ўдзень і ўночы:
Рызыка, пагоні, ператрус…
Гэта толькі з выгляду бёрдвотчар,
А глыбей заглянеш — беларус!
Сакавік, 2022
Украінскія войскі мужна супрацьстаяць расійскай агрэсіі. На фоне гэтага змагання сёй-той з беларусаў марыць, што пасля перамогі над захопнікамі на сваёй тэрыторыі ўкраінцы прыйдуць у Беларусь…
КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ ВЫЗВАЛЕННЯ БЕЛАРУСІ
Ад Усяслава Чарадзея
(Ці з Рагвалода пачынаць?)
Жыў наш народ адной надзеяй:
“Калі ж нас прыйдуць вызваляць?”
Ягайла марыў пра малодку,
А Вітаўт — дзе карону ўзяць…
Тым часам нам шапталі продкі:
“Калі ж нас прыйдуць вызваляць?”
То шнырыў з войскамі Жахлівы,
То шведы пёрлі рабаваць:
“Цяпер зажывяце шчасліва,
Бо мы прыйшлі вас вызваляць”.
Лічыць вызвольнікаў няспынных
Не хопіць пальцаў на руках:
Хмяльніцкі, Пётра з Кацярынай…
(У шапку спаў хіба што шах.)
Нас безупынна вызвалялі
Ад волі, мовы і жыцця
Пілсудскі, Троцкі, Ленін, Сталін
І Шыкльгрубер у працяг.
…Цяпер, на жаль, мы ўжо не ў Менску —
На Новы Сьвят ідзем гуляць.
І, каву беручы па-венску,
Мы абураемся: “Зяленскі,
Калі ж нас прыйдзеш вызваляць?”
Зміцер Дзядзенка,
у Менску
Апублiкавана 05.04.2022 10:38