Tag Archives: Щербань Владимир

В. Прусак. Крумкачы рассеяння (IІ)

(заканчэнне; пачатак тут)

Вольга Прусак з Віцебска – аўтарка п’есы 

АКТ 2 

8. Медытацыя

Вязень зямлі: Што ж не гасне зямля ні ўдзень, ні ўночы — дым і смурод з яе падымаюцца?

Крумкач: Дыхай, дыхай, суцяшайся. Удыхай праз спагаднае сэрца і выдыхай, дакранаючыся да пустэчы ў сабе…

Вязень зямлі: Няўжо палаючыя чэрві, што сцелюцца пада мной — гэта і ёсць пакровы нябёсаў?

Крумкач: Дыхай, дыхай, не прысутнічай. Удыхай спрадвечны смурод, што падступае да горла, і выдыхай, развейваючыся да знясілення.

Вязень зямлі: Вось тут, я знайшоў! Пагрозлівая расколіна!

Крумкач: Дыхай, дыхай глыбока, удыхай праз чарапное шво і выдыхай, адчуваючы жахлівы голад…

Вязень зямлі: (пакутуючы) Есці…

Крумкач: А зараз у перавернутай паставе нараджэння.

Вязень зямлі: (радасна) Ем!

Крумкач: Слухай рык звера ў пустэльні, дачалавечае не-слова!

Вязень зямлі: Іеаіеууіізз…

Крумкач: Слухай быдлячае выццё, жудасныя прамовы на тым баку пустэчы!

Вязень зямлі: Аргррргрррыыыыввмм…

Крумкач: Слухай з раззеўраных вантробаў — шолах, што даходзіць да свісту!

Вязень зямлі: Ааампррродіііассс…

Крумкач: Абвяшча-ай!

Вязень зямлі: Што мне абвяшчаць? Сохне трава, вяне кветка, кветка вяне, трава сохне… Хто нарабіў гэта? Хіба не чулі? Хіба не ведаеце?

Крумкач: Абвяшча-ай!

Вязень зямлі: Што мне абвяшчаць? Мяса раскідана па гарах і лагчыны ўгноены трупамі, трупамі ўгноены лагчыны і мяса раскідана па гарах… Хто нарабіў гэта? Хіба не чулі? Хіба не ведаеце?

Крумкач: Абвяшча-ай!

Вязень зямлі: Што мне абвяшчаць? Пакліканы на свята жахі мае і калдобіны запоўнены мною, запоўнены мною калдобіны і жахі мае пакліканы на свята! Хто нарабіў гэта? Хіба не чулі? Хіба не ведаеце?

Крумкач: Абвяшча-ай!

Вязень зямлі: Што мне абвяшчаць? Рэжуць з правага боку — застаюцца галодныя, галодныя — з левага боку застаюцца рэзаць! Хто нарабіў гэта? Хіба нe чулі? Хіба нe ведаеце?

Крумкач: Абвяшча-ай!

Вязень зямлі: Як мора дыхае — рык многіх, і многіх подых — як рык моцных водаў… Хто нарабіў гэта? Хіба нe чулі? Хіба нe ведаеце?

Крумкач: Абвяшча-ай!

Вязень зямлі: Пільнуюць птушкаловы пасткі і зяпа разяўленая без меры, без меры разяўленыя пасткі і птушкаловы зяпу пільнуюць… Хто нарабіў гэта? Хіба нe чулі? Хіба не ведаеце?

Крумкач: Абвяшча-ай!

Вязень зямлі: Што мне абвяшчаць? Хто ўцякае ад сеткі — валіцца ў яму, з ямы ўцякае — валіцца ў сетку! Хто нарабіў гэта? Хіба не чулі? Хіба не ведаеце?

Крумкач: Абвяшча-ай!

Вязень зямлі: Што мне абвяшчаць? Вось зямля, што спажывае людзей, і хрыбет мой — вуліца для мінакоў, вось хрыбет мой — вуліца людзей, што спажываюць зямлю… Хто нарабіў гэта? Хіба не чулі? Хіба не ведаеце?

Крумкач: Абвяшча-ай!

Вязень зямлі: Што мне абвяшчаць? Ён не стамляецца, ён не знясільваецца! Вялікі Вар’ят у атачэнні прыдуркаватых флейтыстаў, ён стаіць ля берага ямы, горшы ад усіх Дурань! Ён поўзае голы, небарака, ля самага краю, а з ямы лятуць на ўсе бакі дурныя пухіры. Ля краю, ля самага краю — вось-вось зваліцца! Але не падае… Неразумны! Неразумны! Рухайся прэч ад абрыву выспы! Але не, не пачуе засцярогі — хто па-за простым вар’яцтвам — той не нясе галавы наогул… а там, цемназорна за краем, пахтаецца першасная слізь, атамны хаос, збіваецца ў пену… Якія прыгожыя пухіры, пераліваюцца перламутрам! О Дурань, ты месцісся ў асалодзе! Нават гэтай мудрагелістай прыгажосці ты не бачыш! Дасканалая воля табе! Дзьміце ў дудкі, няслаўце жалейкі, безаблічныя! Балесныя розумам дэманы, пацяшайце паўзуна! Раз ужо ён не мае наогул ніякай галавы… не дапаможаш яму добрай парадай! (паўза) Што ж ён робіць?

Крумкач: А ты паспрабуй, спытай.

Вязень зямлі: У каго? У яго?!

Крумкач: Згадай, ты заўсёды баяўся спытацца! Як гэта раней магла гліна мовіць гаршэчніку — “што ты робіш”!

Вязень зямлі: (крычыць) Што ты робіш?

Рэха, лопаюцца пухіры, ідыятычная музыка.

Вязень зямлі: Што ты робіш?! (пачынае смяяцца, смяецца ўсё больш і больш у трансе ўсясветнага жарту)

9. Напружанне нерваў

Будка на ўскрайку лесу. Канец працоўнага дня. За сталом трое выканаўцаў, пакуль маўчаць. На стале шклянкі з гарэлкай, хлеб, каўбаса. Першую шклянку п’юць моўчкі. Сасуды пашыраюцца.

– Нечалавечае напружанне нерваў.

– Не дзеля карысці, толькі воляю…

– Растрашчаўся. Налівай!

Другая шклянка расслабляе.

– Што там у цябе? Гадзіннік?

– Гадзіннік.

– Добры гадзіннік. А ў мяне вось, боты.

Маўчаць зараз па-іншаму, раскавана. Трэцяя шклянка натхняе.

– Трэба неяк аптымізаваць.

– Сапраўды, стамляесся.

– Добра б двох зараз.

– Добра і пяцёх. А як ты іх?

– Патыліцамі ставіць калі. Ну не пяцёх, зразумела.

– Тады аднаму ў твар давядзецца…

– Яшчэ скажы — не даводзілася.

– А праз дзве башкі запар пройдзе?

– А чаго ж не пройдзе?

– Доўга іх паставіць?

– Ну, адзін нехта будзе. Скаардынуем — хутка пойдзе.

– Ну, мы папросім спачатку — можа, нехта сам стане.

– Таварышы ворагі савецкай улады, ці не маглі б вы стаць спінамі адно да аднаго і прыляпіцца бошкамі шчыльней, каб нам роўненька — у адну ўвайшло, з другой выйшла?

Смяюцца. Чацвёртая шклянка рацыяналізуе.

– Смех смехам, а ёсць слушная прапанова.

– Ну.

– Больш за ўсё стамляесся закопваць.

– Праўда.

– То хай яны самі сябе закопваюць…

Смяюцца доўга.

– Давайце! За слушныя прапановы!

– Я, між іншым, не скончыў думку. Пастаў шклянку, тамада.

– Дрэнная прыкмета.

– Стаў шклянку!

– Ну шо ты, насамрэч! Шо ты залупіўся на яго?

– Усе пасмяяліся?!

– Ты прабач, ты дагаворвай. На чым спыніўся? Ну! Хай яны… самі сябе…

Душацца смехам, апроч аднаго.

– Ды што ты такі сур’ёзны наогул тут знайшоўся?

– Ды ў яго проста баця быў папоўскім старастам.

– Праўда, ці што?

– Хлусня! Я сын беззямельнага селяніна, батрака!

– А навошта цябе выклікалі?

– Тры гады бацька працаваў пры царкве вартаўніком — вартаўніком, зразумела? Калі начальнік аддзела кадраў таварыш Нязручнаў палічыў, што вартаўнік і стараста — адно і тое ж, значыцца, ён зусім не ведаў старую царскую Расію! Вып’ем!

Нервова куляе шклянку, астатнія моўчкі глядзяць — не п’юць.

– Я зразумеў, што ты маеш на ўвазе.

– Што вы на мяне так гледзіцё?.. Ды не, халера вас, я хацеў сказаць…

– Хто мацнейшы — тых пакідаем апошнімі. Каб яму зарылі, прытапталі.

– Во, праўда! Яны сваіх самі і закапаюць. Работы меней у дзесяць разоў!

– Я ж казаў! А вы адразу смяяцца.

– А мы ўжо й не смяемся.  

10. Шпацыр

Грукат граду. Выкрыкі гараджанаў, што кідаюцца хто куды. Мойша спыняецца перачакаць непагадзь пад краем даху, туды ж набіваюцца і іншыя прамоклыя. Мойшу гэты разгул стыхіі прыводзіць у захапленне, ён выстаўляе далоні з-пад краю і прыгаршчамі збірае градзіны.

Мойша: (звяртаецца да суседа, не стрымліваючы шчаснай усмешкі) Паглядзіце… Вы дзе-небудзь бачылі такі цуд?.. Зірніце… І гэта ж цудам адзначаны наш кожны крок — чаго ж мы маркоцімся? П’ем з атручаных вод, калі тымчасам нябесныя мяхі напоўніцу набітыя такімі вось каштоўнасцямі!

Нейкі пісьменнік: (узіраецца ў Мойшаў твар) Прабачце, а вы часам не…

Мойша: Вядома, я кажу за сябе. Але і яшчэ дзесяць ува мне!

Нейкі пісьменнік: Дзесяць каго?

Мойша: (смяецца) Дзесяць вас!

Нейкі пісьменнік: Мяне?!

Мойша: Вас, у якім дзесяць мяне!

Нейкі пісьменнік: Вы навошта гэта…

Мойша: Зірніце: што атрымаецца з жмені гэтых ледзяных скарбаў?

Нейкі пісьменнік: Што?

Мойша: Вада! А што атрымаецца з вады?

Нейкі пісьменнік: Ледзяшы?

Мойша: Рака. Туман. Кроў. Што заўгодна! Таямніца дзесяці ў адным і аднаго ў дзесяці. (паўза) Вы так напружана гледзіцё на мяне — вы мне не верыце?

Нейкі пісьменнік: Прабачце, я напэўна, магу памыляцца… Я вас, напэўна, пазнаў…

Мойша: Вы не памыліліся! І я вас пазнаў! Усё на свеце ёсць, толькі нас няма!

Нейкі пісьменнік: Вы ж знакаміты… Мойша Кульбак?

Мойша: Так, маё прозвішча Кульбак.

Нейкі пісьменнік: О, сустрэць вас — вялікая ўдача!

Мойша: Кіньце! Удача была б вам сустрэць на шляху гару. Гару, якая не мае ніякага ўяўлення пра сябе — і якая вялікая! Гару, прыгажэйшую за Бога, якога прыдумалі, каб упрыгожыць гару! Праўда, спаганілі і сябе, і яго…

Нейкі пісьменнік: (абыякавы да рамантыкі суразмоўцы, нешта мітусліва шукае на грудзёх) Я мушу тэрмінова… мне трэба…

Мойша: (спыняе яго) Не-не, давайце стаяць тут, дзе стаім, бо ўсё вакол нас цудоўнейшае за нас!

Нейкі пісьменнік: (ад хвалявання непаслухмянай рукой дастае з грудзей спісаныя лісты) Вось! Даўно хацеў!.. Паказаць вам мае вершы!

Няспрытнасць Нейкага пісьменніка пацяшае Мойшу, у запале ён здымае з нагі маляўніча запырсканы непагодаю чаравік, стоячы на адной назе, працягвае Нейкаму пісьменніку.

Мойша: Не, дазвольце паказаць вам мае! (смяецца, пакручвае чаравік) Гліна пры дарозе — найлепшы паэт з усіх, каго я ведаю. Зірніце — якая праца з формай! І скажу па сакрэце, калі разбірацца ў глінянай мове…

Нейкі пісьменнік: (прапускае жарт, заклапочана рыецца ў запісах) Якая ўдача, як добра, што я вас… Зараз, зараз, знайду, ёсць у мяне адзін вельмі добры верш…

Мойша: (сярдзіта, расчаравана) Берш-мерш-герш… (выцірае чаравік, вытрасае з яго каменьчыкі, крэкчучы, абувае чаравік назад) Слухайце, калі я захачу калі-небудзь пачытаць вельмі добры верш — я, бадай, пачытаю Кульбака.

Нейкі пісьменнік: О, як я вас разумею! Мне самому ўжо абрыдлі гэтыя нудныя графаманы, гібеючыя ардынарнасці, бясплодныя маргіналіі! А зборнікі выпаражняюць, адзін за другім, адзін за другім — ну такая, разумееш, бурная творчая дзейнасць! Гэта рэдка, дужа рэдка ў наш час такая ўдача — сустрэць годнага аўтара, з нашага гнязда птушку…

Мойша: Падобна, што я насамрэч важны чалавек, калі вы прыдумалі мною сябе ўпрыгожыць.

Нейкі пісьменнік: Вядома! Ведаеце, як пра вас кажуць? (чырванее) І жанчыны, і мужчыны… што вы самы прыгожы габрэйскі паэт нашага часу…

Мойша: Птушкі, на шчасце, значна прыгажэйшыя за мяне.

Нейкі пісьменнік: (дрыжучы ад хвалявання) “Я — сонца, я — раса, я — дуб, апрануты у фрак!” — гэтыя вашы словы, ваш верш… Карацей, у мяне зараз таксама такі ёсць.

Мойша: Такі верш?

Нейкі пісьменнік: (адважна) Так!

Мойша: Выдатна! А такая фанабэрыя?

Нейкі пісьменнік: (разгублена) Што?

Мойша: Фанабэрыя такая ёсць у вас?

Мойша раптам перамяняецца — надзімае шчокі, вылупляе вочы і, расставіўшы локці, бярэцца пераймаць пеўніка. Нейкі пісьменнік прыгаломшана-пакрыўджана назірае за тым, як Мойша спрабуе “здзяўбці” яго выбітныя творы. І тут на Нейкага пісьменніка сыходзіць шчаслівае прасвятленне.

Нейкі пісьменнік: Як вы здагадаліся? Я раз-пораз дапраўды адчуваю сябе птушкай! Вы таксама? Неверагоднае супадзенне!

Мойша: (спыняецца, расчаравана выдыхае) Дождж, здаецца, сцішыўся.

Нейкі пісьменнік: Куды вы шпацыравалі, калі не сакрэт?

Мойша: Чаму ж сакрэт? Самы прыгожы габрэйскі паэт нашага часу кіраваўся паласавацца пячонкай.

Нейкі пісьменнік: Ах, вы таксама аматар пячонкі! Як гэта ўцешна, быць падобным да вас — нават у нейкай дурнаватай гастранамічнай прыхільнасці!

Мойша: Пячоначка — дурнаватае? Ды ў нас, каб вы ведалі, клуб прывілеяў жыцця! Таемны звяз аматараў пячонкі з абавязковай штотыднёвай, як вы выказаліся, прыхільнасцю да яе.

Нейкі пісьменнік: То вы зараз туды, Мойша? Дазвольце, дазвольце мне пайсці з вамі, далучыцца! Мне так абрыдлі ўсе гэтыя вузкалобыя саматужнікі, мяшчанскае драбноцце…

Мойша: На жаль, я не магу ўзяць вас з сабою. Клюб аматараў пячонкі складаецца з трох чалавек і чацвёртага не прадугледжвае. Усяго найлепшага!

Нейкі пісьменнік: (крычыць наўздагон, трасе паперамі) Мойша! Вы не сказалі мне, як я пішу!

Мойша: (цераз плячо) Добра пішаце! Добры почырк! (спяшаецца пайсці, робіць пару крокаў, раптам спыняецца, здымае капялюш, заклапочана разглядае яго, потым пачынае дабразычліва смяяцца) І так! Вы-такі птушка, дакладна…

Нейкі пісьменнік: (чырванее, усцешаны) Вы гэта адчулі!

Мойша: Падабенства несумненнае.

Нейкі пісьменнік: Гэта дужа тонка, і не кожны…

Мойша: Я б не сказаў. Вось тут нядаўна нейкая птушачка… (працягвае капялюш Нейкаму пісьменніку, паказваючы свежую купку птушынага памёту) Я б не сказаў, што гэта тонка… Але ў вашай манеры! (дабразычліва) Ха-ха! Добрага дня! (хутка аддаляецца)

11. Козачка

Прагульваючыся хуткім крокам да блізкага ўскрайку, Мойша зварочвае на былыя габрэйскія могілкі. Зараз гэта вялікі папас, дзе паціху пасвяцца белыя козачкі. Мойша ідзе па пашы далёка і меланхалічна, сядае на зямлю. Козачкі, заўважыўшы чалавека, з цікаўнасцю і надзеяй на ласунак пакрысе падцягваюцца да яго з розных бакоў.

Мойша: (уздыхае) Зямельны аддзел Менскага гарвыканкама даводзіць да ведама грамадзян, якія маюць козы, што для пашы апошніх адводзяцца старыя габрэйскія могілкі па Універсітэцкай вуліцы…

Цікаўныя козачкі падыходзяць блізка. Дурнавата і з надзеяй глядзяць на чалавека, што сядзіць на траве.

Мойша: (гладзіць козачак) Козачкі, беленькія, за два грошы… Я вельмі стаміўся. Цягні сабе, цягні сваё цела па зямлі — без перадыху, без адплаты! — Цела, нагружанае іржавым жалезам нябёсаў… Як сяду — то і ўставаць не хачу. І не буду. Буду сядзець тут і ўніз прарастаць, цягнуцца паўсюль карэннем… Тады, мабыць, сэрца выб’ецца да святла травяным касмылём. Сэрца, мне такое лішняе… А будзе ласунак для козачкі, беленькай, за два грошыкі!

Адна козачка тыкаецца пысай у вопратку таго, хто сядзіць, вышукваючы ласунак, астатнія, страціўшы цікаўнасць, павольна разыходзяцца ў рытме свайго казінага існавання.

Мойша: (абдымае козачку) Пашкадуй мяне. Ведаеш, якая гэта пакута — разглядаць пыл на падэшвах — і бачыць сонца ў кожнай бруднай парушынцы, сузіраць брыдкае — і сляпіцца ззяннем тысячы сонцаў! Апраўдваць, апраўдваць, бачыць толькі добры і радасны свет! Адчуваць асалоду, бясконцую, сярод чаго б ні было! Згараць ад асалоды…

Козачцы надакучвае, яна выварочваецца з абдымкаў і, пяшчотна пазвоньваючы, ідзе праз лужок па сваіх справах.

Мойша: (падымаецца, радасна кіруецца за ёю) А зараз буду ісці за табой, козачка, беленькая, за два грошыкі. У густых лясах, у пустых палёх мы пабрыдзем, уцекачы. Нічога не буду рабіць на свеце, як нічога не робячы, квітнеюць дрэвы. Буду есці, як варона, і буду сыты, буду спяваць, як птушка, і будзе мне добра! Буду ісці за табой, пакуль не спынісся — і тады я зразумею, што мы прыйшлі…

Ля загароды з’яўляецца Нейкі пісьменнік.

Нейкі пісьменнік: Мойша! (чакае рэакцыі) Таварыш Кульбак!

Мойша: (роспачна ідзе ў яго бок) Навошта пайшоў за мной?

Нейкі пісьменнік: Вы так хутка ўцяклі, а вы мне патрэбны…

Мойша: Няпраўда, я вам бескарысны. Вы будзеце наракаць, што не здатны, як я, атрымліваць асалоду ад святла, якога няма, а я буду па гэтым тужыць!

Нейкі пісьменнік: Усё так раптоўна… я толькі потым зразумеў, што як след і не прачытаў вам ніводнага верша!

Мойша: Ды як вы не можаце ўцяміць? Я развучыўся адрозніваць прыемнае ад гідкага, пажаданае ад непажаданага, мой рот зачынены для адказаў і пытанняў, і толькі гэты асаблівы смак прыняцця прысуду…

Нейкі пісьменнік: Якога прысуду? Пра што вы кажаце?

Мойша: Якога? А вось якога. (паказвае пальцам у неба, Нейкі пісьменнік таксама глядзіць угару) Памятаеце, як было ў нябёсах? Шчупак плыў срэбны. А зараз?

Нейкі пісьменнік: Там жа няма нічога.

Мойша: Менавіта.

Паўза.

Мойша: (пляскаючы па плячы абцяжаранага думкамі Нейкага пісьменніка) Ды хопіць вам! Весялей! Ведаеце, як паміралі падчас блукання па пустэльні?

Нейкі пісьменнік: ???

Мойша: Штогод у адзін вызначаны дзень. Капалі сабе магілы і клаліся ў іх спаць. Памёр — дык памёр, а не памёр — раніцай прачынайся і шыбуй далей!

Нейкі пісьменнік: Так! Вы ж збіраліся, як я памятаю, наведаць кавярню, паласавацца пячонкай.

Мойша: (бадзёра) Сапраўды! Дзякуй, што нагадалі. Усяго найлепшага! (аддаляецца бягом)

Нейкі пісьменнік: (наўздагон) Таварыш! (застаўшыся адзін, уздыхае засмучана) Ах, таварыш… Вядома, я не магу вінаваціць яго ў тым, што ён не схацеў слухаць мае вершы… (цікаўная козачка падыходзіць да яго) А козачка паслухае!

Ах таварыш! Ах таварыш!

Ці з табой на ўздыме лёсу

гмахі бачылі ў нябёсах?

Раздзіралася шматкамі

цвердзь зямная па-над намі,

А святы часцей вучыў

сузіраць вышынь разрыў.

Ах таварыш! Ах таварыш!

З тых часін гляджу туды —

а наскрозь слупы й драты.

Сто нябёсаў, скруткаў сто —

тэлеграфнае лато.

Ды баўтаецца з драта

тушка здохлага ката.

Ах таварыш! Ах таварыш!

Разгайдалася фігурка —

ад дажджу аблезла скурка.

Жылка кволая трымае —

вока з дзюркі выпадае.

А з падранае утробы

хутка пацякуць вантробы.

Ах таварыш! Ах таварыш!

Што загаду не прымаюць,

падлу прэч не прыбіраюць?

Капае зь нябёсаў гной —

кот з прабітай галавой.

Шлюць сігнал туды-сюды

тэлеграфныя драты.

Ах таварыш! Ах таварыш!

Я ў руцэ трымаю нож,

ты таксама басанож.

Любіш ты, раўную я —

пралетарская сям’я.

Я хачу з табою долі —

барацьбы за класаў волю.

Ах таварыш! Ах таварыш!

Меле, меле кулямёт —

чырвань пырскае ля сот.

Раздзіраецца зямля,

людзі душацца, што тля.

Іх кідаюць там ляжаць,

гмахі неба сузіраць.

Кот там — лета ці зіма.

І нічога больш няма.

Хадзем, мая козачка, плакаць на руінах белага свету…

12. Клуб аматараў пячоначкі

Маленькая габрэйская кавярня. Мойша з двума сябрамі, утульна ўладкаваўшыся ў куточку, ласуюцца пячоначкай, запіваючы віном.

Мойша: Ду-ду-ду, ду-ду-ду, ду-ду-ду…

Харык: Мойша, ужо дваццаць хвілін, як мы тут слухаем гэта з цябе…

Мойша: Ду-ду-ду-ду-ду…

Харык: Мо ты лічыш, што мы павінны былі такім шляхам дасягнуць весялосці…

Зэлік: Мойша, душу якога рэбэ мы апяваем? Ду-ду-ду-ду…

Мойша: Ду-ду-ду-ду, ду-ду-ду-ду…

Харык: Мойша, мы ўсе перыядычна перажываем наяўнасць Бога ў сусвеце, але…

Зэлік: Не, падобна, Мойша прадракае заняпад. Мойша, ты нават не дакрануўся! А я-такі клапаціўся, каб да гэтага разу нам прыправілі малінавым воцатам!

Мойша: Ду-ду-ду-ду…

Харык: Ды распавядзеш ты, што нарабілася, у рэшце рэшт, ці мы так і будзем слухаць гэты хасідскі нігун?!

Мойша: Ду-ду-ду-ду-ду… (паўза, усміхаецца) Калі краіна не хоча, каб пра гэта ведалі, які сэнс распавядаць?

Зэлік: О, зараз я разумею, Мойша. Цяпер я таксама так: напішу — і закрэслю, напішу — і закрэслю…

Харык: Зэлік, ты проста старэйшы за сябе самога!

Зэлік: Дык і што я магу?! І што забаронена…

Харык: Забаронена адставаць. Кроку наддай сабе — і ўсё.

Зэлік: Я лепей праспяваю з Мойшам. Нам трэба дасягнуць разумення. Ду-ду-ду-ду…

Мойша: Ты нібы не адчуваеш метал. Пануры метал і людзей, што завіхаюцца ў дыме. Ад чаго крок робіцца запаволена-цяжкі… Ду-ду-ду-ду-ду-ду-ду…

Харык: Я супраць, мне не трэба такога наслання! Я дужы і здаровы чалавек!

Зэлік: Ду-ду-ду-ду… І ўсё ж такі, не.

Харык: Думаеш, не?!

Зэлік: Не — не мы тут ідзем!

Харык: Зэлік, ты кудысьці сабраўся?

Зэлік: Гэта іншае… Вось дождж — ён ідзе.

Мойша: Ду-ду-ду-ду…

Харык: Ох, бачу, цягнецца за вашым “ду-ду-ду” фурка, што вязе знаёмы даўгі труп… Таварышы, кідайце вы гэта! Толькі малітвы за Сіён нам зараз не хапала!

Зэлік: (напявае) Ў сінагозе віленскай, псальмы вёўшы спеў, мой стары дзядуля раптам адурнеў… (выдыхае, урачыста) Усё! Мне адкрылася ўсё! Што раней было — у тым сумневу няма — і ў тым, што будзе, можна не сумнявацца. (з апетытам бярэцца за ежу) Ізі, ты мядовую цыбулю не любіш? Я дужа люблю, аддавай мне.

Мойша: Ду-ду-ду-ду-ду-ду…

Харык: (адсыпае цыбульку) А з гэтым што рабіць будзем?

Зэлік: Пачакаем, яшчэ даходзіць. (спахапіўшыся) Мойша, я ўчора сустрэў Міхоэлса! Ён казаў, ваш спектакль закрылі?!

Мойша: (замаўкае, паўза) Ведаю.

Доўгая трывожная паўза. Мойша паступова бярэцца за ежу.

Зэлік: Вось яно што…

Харык: (збялеўшы) Як? Чаму? То ж была выдатная п’еса, габрэйскі Робін Гуд, барацьба супраць прыгнятальнікаў…

Мойша: (з набітым ротам) Ты правільна сказаў — габрэйскі!

Харык: Дык жа для габрэйскага тэатра!

Мойша: Баюся, што мы рухаемся да таго, каб тэатр быў савецкі.

Харык: Прычым тут?.. Што замінае габрэйскаму тэатру быць савецкім?

Мойша: Як што? Савецкі Робін Гуд адназначна змагаецца з царызмам, а габрэйскі Робін Гуд, магчыма, заклікае да нейкай іншай барацьбы? За нейкія іншыя, магчыма, нават габрэйскія правы?.. Тэатр жа мастацтва асацыятыўнае!

Харык: Але ж гэта гісторыя!

Мойша: Гісторыя… Мы засталіся з вядром, якім нельга чэрпаць, ля вады, якую нельга перайсці. Кепская, скажу табе, гісторыя!

Зэлік: Я таму і кажу — не мы тут ідзем. А калі ідзем — адно каб заставацца на сваім месцы.

Харык: Не хвалюйся, Мойша, тут нейкае непаразуменне. Насамрэч добры і правільны спектакль, энергічны такі, песень шмат…

Мойша: Ну, бачу, запалоханыя габрэйчыкі з-за рысы аселасці не могуць быць энергічныя. Не могуць быць нязгодныя са сваім прыгнечаным становішчам. Савецкаму тэатру патрэбны рахманыя габрэйчыкі, што выклікаюць спачуванне. Так савецкім Робін Гудам раўней выконваць свае месіянскія задачы.

Харык: Ты гэта кінь, Мойша, я гэтага не чуў.

Мойша: А ты падскоч крыху вышэй, чым апяванне будаўніцтва Беламорканалу — пачуеш і не такое. А то, глядзі, і не скачучы. Я ж не скакаў.

Харык: Нешта ты перабольшваеш.

Мойша: Хто тут перабольшвае — то гэта Лазар Майсеевіч Кагановіч. Каб ты бачыў, як ён надзімаў шчокі, седзячы ў ложы. Калі галоўнаму габрэю краіны саветаў спектакль пра габрэйскага Робін Гуда падаецца антысавецкім — што ты тут паробіш?..

Зэлік: Сябры, а давайце крыху смяяцца! Ха-ха-ха… Не, не будзем?

Харык: А як з прароцтвам пра дом усіх народаў? Уз’яднайцеся, як адзін чалавек з адзіным сэрцам!

Мойша, Зэлік: (разам) …Ці тут будзе месца вашага пахавання!

Харык: Ду-ду-ду-ду-ду-ду-ду…

Мойша, Зэлік: Ду-ду-ду-ду…

У кавярню ўваходзіць той самы Нейкі пісьменнік. Пастрэльвае вачыма па баках, з яўным жаданнем заўважыць Мойшу. Трое аматараў пячоначкі, не згаворваючыся, звяртаюць увагу на новага наведніка, у маўклівым напружанні назіраюць за ім, пакуль той іх нe бачыць.

Мойша: Як мяркуеце, конь пра што-небудзь думае?

Зэлік: Пра сваё, конь думае пра сваё.

Мойша: Конь яшчэ можа думаць пра тое, чым быў заняты да таго, як пачаў думаць.

Харык: Гэта завецца “нездаровая цікаўнасць да мінулага”.

Зэлік: Ідучы з вадапою, думаць пра вадапой?

Мойша: Заганны сыход ад бурлівай рэчаіснасці.

Нейкі пісьменнік знаходзіць вачыма іх столік і з непадробнай радасцю на твары кіруецца туды.

Нейкі пісьменнік: Якая сустрэча, якая ўдача! Рэдакцыя часопіса “Штэрн” у поўным складзе!

Мойша: Вітаю. Сябры, гэта мой знаёмы, паэт ээ… Птушка! Так-так, вы добра пачулі. Сёння мы разам чакалі, пакуль скончыцца непагадзь і паэт Птушка, перапрашаю, не памятаю вашага…

Зэлік: Сядайце, таварыш, праўда, мы ўжо хутка сыходзім. Мы тут абмяркоўвалі знакавы твор эпохі, у стварэнні якога меў шчасце браць удзел наш калега-рэдактар…

Харык: (падымаецца, цісне руку Нейкаму пісьменніку) Ізі Харык.

Нейкі пісьменнік: Я вас ведаю! Вялікі гонар!

Мойша: Так, мы абмяркоўвалі “Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну ў вершах”.

Нейкі пісьменнік: Вышытае шоўкам!

Мойша: Менавіта. 70 работніц і калгасніц з вялікай любоўю вышывалі гэты ліст!

Зэлік: Родимая партия волей едина! А знамя у ней — это Ленин и ты! И наша болотно-лесная краина сегодня чудесной полна красоты!

Харык: Ты, мудрый учитель, средь гениев гений! Ты солнце рабочих! Ты солнце крестьян! Твоя Конституция — стяг поколений, надежда и свет угнетённых всех стран!

Нейкі пісьменнік: (апладзіруе, у захапленні) Гэта ўражвае! А вялікі правадыр адказаў?

Мойша: Думаю, адказам можна лічыць вось гэты пераклад ліста на рускую мову.

Нейкі пісьменнік: Віншую!

Мойша: Віншую ўсіх нас. А зараз нам давядзецца вас пакінуць, бо мы сьпяшаемся ў рэдакцыю.

Нейкі пісьменнік: У рэдакцыю? О, я акурат збіраўся занесці вам свае вершы!

Мойша: Давайце сюды, мы іх самі занясем.

Усе падымаюцца, кіруюцца да выхаду. Нейкі пісьменнік застаецца сядзець на шляху, няўклюдна шапаціць паперамі.

Нейкі пісьменнік: Але тут не ўсё…

Мойша: Вядома, не! Наперадзе ў вас вялікі творчы шлях! Усяго найлепшага!

Сябры праціскаюцца паўз крэсла з Нейкім пісьменнікам і сыходзяць. Нейкі пісьменнік застаецца сядзець некалькі секунд абсалютна шчаслівы, потым вывучае змесціва збана і склад рэшткаў ежы. Пасля чаго замаўляе гаспадару, які падышоў.

Нейкі пісьменнік: Пячонкі з цыбуляй і такой падлівай… Тут толькі што сядзелі мае калегі, то мне, калі ласка, таго самага, што замаўлялі яны.

13. Яма

— Што ён там поўзае каля ямы, паглядзі!

— Можа, ты яму залішне па кумпалу ляснуў?

— Дык стаяў жа.

— Ну, зараз поўзае. Рыдлёўку кінуў.

— Гэй, таварыш? Ты як? Рыдлёўку вазьмі!

Сцэна са спектаклю, пастаўленага Уладзімірам Шчэрбанем (кастрычнік 2020 г.)

Выканаўцы схіляюцца над расстрэльнай ямай. Побач поўзае мужчына, босы, у заплямленай крывёй кашулі, вые няўцямна:

– Іеаіеууіізз… Аргррргрррыыыыввмм…

– Гэй, ды ты ж яе згубіў. Не дурніся, таварыш, у цябе адказнае даручэнне!

– Ааампррродіііассссс… 

– Устаць! (хапае арыштанта за каўнер, трасе)

Выснажаны твар, пазначаны пячаткай катастрофы, з тагасветным страшным позіркам, твар Нейкага пісьменніка звяртаецца да выканаўцаў:

– Што ты робіш… Што ты робіш…

– Гэта ты што робіш! Бяры рыдлёўку, закідвай, табе кажуць!

– Дабівай ты яго, нe бачыш, гатовы ўжо…

– Тады зноў самім давядзецца… А так добра прыдумалі…

– Так, варта справу да канца давесці. Ну ты яго дармо, вядома, так моцна…

– Дык ён упарціўся! На выгляд — згодны мужык, здавалася, рахманы. А капаць — не і ўсё!

– Чаго ўжо ўпарціцца, і так зразумела, што канец. Дык хоць справу карысную зрабіць напрыканцы — сваіх жа пахаваць. Я б на яго месцы… (перапыняецца) Цьху!

Адзін з выканаўцаў заскоквае ў яму, падымае рыдлёўку і, слізгаючыся на целах, выбіраецца назад.

– Ды яму зараз лепш павінна быць, што здурнеў. Папрацуе спакойна! (устаўляе рыдлёўку ў рукі Нейкага пісьменніка) Ты давай, родненькі, падмажы савецкай уладзе. Нестае сілы ўжо. Цяжкі дзень.

– Давай, давай, мы табе нават чарку дамо напрыканцы, як асабліва заслужанаму!

– Дай ты яму зараз.

– Дык зваліцца зусім, і так хістаецца, як гнілы плот.

– Працуем, працуем! (клапатліва абхапіўшы асуджанага і падтрымліваючы рыдлёўку яго рукой, нагадвае яму рухі капача) Вось так, вось так… Зараз сам, сам давай, актыўней!

Выканаўцы адступаюцца на пару крокаў, пакінуўшы вар’ята рытмічна закопваць трупы. Нейкі пісьменнік з адчужаным позіркам і шкляным ад ліхаманкі позіркам, рытмічна закідвае яму з забітымі, бясконца мармычучы:

– Што ж не гасне зямля ні ўдзень, ні ўночы — дым і смурод з яе падымаецца? Няўжо палаючыя чэрві, што сцелюцца пада мной — гэта і ёсць пакровы нябёсаў?

– Фух, здаецца, пайшло.

– Так, нешта мы з ім пралічыліся…

– Я ж кажу — нармалёвы з выгляду мужык быў, моцны, рахманы, падыходзячы…

– А хто ён наогул, не ведаеш?

– Як хто? Вораг партыі і савецкай улады! Ты кідай такія пытанні!

– Ды не, раней, у жыцці.

– Нашто мне ведаць! Я просты баец, шараговы. Партыя сказала выкараняць — я выкараняю. А табе што?

– Проста, цікава. Спісы ў цябе.

– То што спісы — мне іх нанач чытаць, ці што?

– Так, я таксама чытаць не люблю. Доўга і не ўмеў. А навошта яно ў вёсцы? Добра, быў сябрук у НКВД — перацягнуў у горад. Я яшчэ, дурань, адмаўляўся, а ён усё — давай да нас, давай да нас! Ну зараз хоць газеты пагартаю. Хочаш не хочаш, а ў горадзе прагрэс, асвета масавая. Але з дужа адукаванымі я ўсё адно, ведаеце, з недаверам… Яно неяк у меру ўсё патрэбна, у меру!

– Так, меру трэба ведаць, гэта праўда.

Закурваюць. Увесь час, пакуль выканаўцы гутараць убаку, чутно мернае мармытанне капача:

— Мяса раскідана па гарах і лагчыны ўгноены трупамі, трупамі ўгноены лагчыны і мяса раскідана па гарах… Пакліканы на свята жахі мае і калдобіны запоўнены мною, запоўнены мною калдобіны і жахі мае пакліканы на свята! Рэжуць з правага боку — застаюцца галодныя, галодныя — з левага боку застаюцца рэзаць! Як мора дыхае — рык многіх, і многіх подых — як рык моцных водаў… Пільнуюць птушкаловы пасткі і зяпа разяўлена без меры, без меры разяўлены пасткі і птушкаловы зяпу пільнуюць…

— Нешта ў гэтым лесе птушкі не спяваюць, заўважылі?

— Ну ты сказаў! Восень ужо, увечары не спяваюць.

— Не, я даўно заўважыў, яшчэ ўлетку — таксама не спявалі ніколі. Я ўвогуле люблю птушак паслухаць. Маладыя дразды мне падабаюцца напрыканцы жніўня — так бурчаць смешна, так шапоркаюцца… Потым ужо, як пер’е мяняецца, па-іншаму пачынаюць спяваць, чыста, як у дуду, аж з мелодыямі, з паўзамі — ну, рыхтык салаўі. Але мне вось гэта буркатанне падабаецца: “чок-чок-чок”.

— Так, я таксама люблю. Але я больш з раніцы люблю паслухаць. Жаўрука звычайнага, яны хуткія такія, імпэтныя — “цю-цю-цю” наогул несупынна. Такая маленькая птушка — як ёй подыху хапае? І берасцянкі прыемныя, мажорныя, гучныя! Напачатку спяшаюць, а потым сцішваюцца: “ф’ю-ф’ю, чыў-чыў”. Вось мне іх ранішняя нязмушанасць так на душу кладзецца!

— А хто вось так цыркае, ведаеце — “цырр цырр цырр”? Таксама з ранішніх нехта.

— Да аўсянкі падобна. Але яны ёсць такія жаласныя… Ды можа, пішчуха проста.

— Шпак!

— Не-е, шпака я ведаю.

— Ды як ты яго ведаеш — ён табе як любая птушка заспявае, нават як салавей!

— Ну ў яго песні заўсёды такое трапляецца… рыпучае ці што. Як боты новыя рыпяць. Пазнаць можна!

— А мне дык пашэнціла нядаўна — бралі аднаго жыдка, прыехалі арыштоўваць, а ў яго дома — цэлы птушыны двор! Процьма клетак, у кожнай птушачка нейкая. Ну я так зразумеў — навошта яны яму ўжо? — ды ўзяў сабе клетку з пявучым драздом. Ох, і люблю гэтых драздоў! Цяпер штораніцы такі пошчак, што дух займае! Во гэткі мне падарунак выйшаў…

Нейкі пісьменнік спыняе працу, кідае рыдлёўку, пачынае рагатаць, заходзіцца ад вар’яцкага рогату — перагінаецца напалам, трасецца, матляе рукамі…

— Зірні, таварыш наш, здаецца, скончыў.

— Добра. То і мы скончым.

Адзін з выканаўцаў спакойна дастае наган, страляе. Нейкі пісьменнік валіцца побач з рыдлёўкай. Да яго, падскокваючы, бяжыць, прыляцеўшы немаведама адкуль, вялізны крумкач.

— Вось птушка табе, ты пытаўся, чаму птушак няма.

— Не, гэтых я не люблю, страхавіта мне ад іх чамусьці… Акыш! Акыш! Пайшоў! (адганяе птушку, Крумкач адлятае).

Канец

Прусак Вольга, вясна 2020

Пераклад з рускай Людмілы Сіманёнак

* * *

Чытайце таксама: Новая сенсация: премьера спектакля о поэте Мойше Кульбаке

Апублiкавана 27.11.2020  15:02

М. Круцікаў пра фестываль у Мінску

Новая п’еса пра паэта Мойшэ Кульбака паказана ў час беларуска-яўрэйскага фестывалю

Піша Міхаіл Круцікаў («Форвертс», ЗША)

Ад пачатку жніўня 2020 г. Беларусь знаходзіцца ў цэнтры ўвагі сусветных мас-медыя. Кожны дзень тысячы людзей выходзяць на вуліцы Мінска і іншых гарадоў, каб выказаць свой пратэст супраць сфальшаваных выбараў, у якіх нібыта перамог Аляксандр Лукашэнка, дыктатарскага складу кіраўнік.

Аднак апрача гэтых падзей здараюцца іншыя, таксама цікавыя і важныя – такія як беларуска-яўрэйскі фестываль, які прайшоў з 5 па 11 кастрычніка. Мерапрыемства было арганізавана мінскім цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны.

Праграма фестывалю спалучала звычайны і віртуальны фарматы. Удзельнікі маглі выбраць актыўнасці на свой густ: паслухаць падкаст з расповедам клезмера Зісла Сляповіча пра ўзаемаўплыў яўрэйскай і беларускай музыкі; наведаць гістарычныя яўрэйскія мясціны ў Мінску пры дапамозе новага аўдыёгіда; прыгатаваць беларуска-яўрэйскія прысмакі, такія як эсік-флэйш ці бульбяны кугл (інгрэдыенты для якіх можна было замовіць у мінскай інтэрнэт-краме). Да таго ж былі даступныя лекцыя пра беларуска-яўрэйскія імёны і гутарка паміж спецыялістамі ў беларуска-яўрэйскай культуры і гісторыі.

Кульмінацыяй фестывалю сталася пастаноўка новай п’есы «Груганы дыяспары», прысвечанай трагічнаму лёсу яўрэйскага паэта Мойшэ Кульбака. Назву можна перакласці і як «Крумкачы рассеяння».

Афіша, выкананая Уладзімірам Цэслерам

П’есу, пастаўленую на рускай мове, напісала маладая віцебская драматургіня Вольга Прусак (на фота), якая раней ужо заваявала шэраг важкіх прызоў за п’есы і фільмы. Пра сваю цікавасць да Кульбака Вольга піша: «Кульбак для мяне стаў адкрыццём, паваротным і знакавым, перш за ўсё ва ўспрыманні таго месца, дзе я жыву. Раптам зусім па-іншаму бачу Беларусь – апантана закахаўшыся не ў тое, што ёсць, а ў тое, што мы страцілі. Такое балючае каханне – да страчанай будучыні, да спыненай думкі, да зламанага суквецця, да здушанай песні, да традыцыі, якая жывіла беларускую культуру і ад якой мы так жорстка былі адарваныя».

Дзея п’есы адбываецца ў савецкім Менску, куды Кульбак пераехаў з польскай Вільні ў 1928 г. Неўзабаве ён зрабіўся прыкметнай постаццю ў савецкай яўрэйскай культуры. На сцэне мы бачым яго ў рэдакцыі часопіса «Штэрн» з двума яго калегамі: «чырвоным яўрэем» Ізі Харыкам і «зялёным яўрэем» Зэлікам Аксельродам (у гэтых вобразах можна пазнаць гуллівыя намёкі на жывапіс Марка Шагала). Cпачатку іх праца ідзе спорна, але з цягам часу іх настрой робіцца ўсё больш змрочным праз сталінскую тэрарыстычную палітыку. Нечакана надыходзіць горкі фінал. Кульбака і Харыка арыштоўваюць і расстрэльваюць у Менску, у кастрычніку 1937 г. Аксельрод будзе забіты ў 1941-м годзе.

Паралельна дзея разгортваецца ў свеце фантазій і мрояў. Вольга Прусак па-майстэрску спляла вобразы, матывы і фрагменты з твораў Кульбака. Істотнае месца тут займаюць розныя віды птушак, што наводзіць на думкі пра Кульбакава апавяданне «Муня-птушкавод і яго жонка Малкелэ». Гэтаксама як праставаты Муня, якога выжылі з хаты шэльма-жонка і яе хіжы каханчык, наіўны ідэаліст Кульбак спакушаецца на падманлівыя савецкія абяцанкі і потым плаціць жыццём. Выняткам сярод шчасных птушак з’яўляецца чорны груган. Гэты змрочны вобраз адкрывае і закрывае спектакль, будучы сімвалам трагічнага лёсу Кульбака. Чорны і чырвоны – дамінуючыя колеры дэкарацый, і яны кантрастуюць з рознакаляровымі птушкамі. Стыль акцёрскай гульні вагаецца паміж гратэскнай сатырай і экспрэсіянісцкай сімвалічнасцю, ён адсылае да ўяўленняў Кульбака і стылю яго ўласных твораў.

Ажыццявіць гэтую пастаноўку было вельмі няпроста. Праз пандэмію рэжысёр Уладзімір Шчэрбань не здолеў прыехаць у Мінск і кіраваў акцёрамі з Лондана. Акцёры ж у Мінску часам не былі ўпэўнены, што спакойна дабяруцца да сваёй тэатральнай студыі, таму што ў цяперашнія часы міліцыя можа схапіць людзей на вуліцы, збіць і кінуць у турму проста так, без прычыны. Калі гэтая пастаноўка задумлялася, то, напэўна, яе стваральнікі не мелі на ўвазе гістарычных паралеляў паміж эпохай савецкіх палітычных рэпрэсій і цяперашняй Беларуссю, але, калі бачыш гульню акцёраў у кастрычніку 2020 г., няможна адмежавацца ад такога параўнання.

Фота Дар’і Гарбатавай

Падобна, што «Крумкачы рассеяння» – першая тэатральная пастаноўка, якая закранае тэму сталінскага тэрору ў Беларусі. У канцы 1930-х гадоў савецкая ўлада знішчыла цвет беларускай і яўрэйскай культуры. Шэраг яўрэйскіх культурных дзеячаў, такіх як літаратурныя крытыкі Хацкель Дунец і Якаў Бранштэйн, былі апантанымі камуністамі, а іншыя, тыя ж Кульбак і Аксельрод, былі памяркоўнымі «спадарожнікамі»… Зараз маладая беларуская інтэлігенцыя імкнецца аднавіць сваю пабураную і забытую культурную спадчыну, і яўрэйская культура займае ў ёй прыстойнае месца. У наш час мажліва, напрыклад, прачытаць некаторыя творы Кульбака ў новых перакладах Сяргея Шупы.

Трэба спадзявацца, што гэтая важная праца будзе працягнута і новае пакаленне беларускіх чытачоў пазнаёміцца з усёй літвацкай галіной літаратуры на ідышы і іўрыце. Сярод іншых, заслугоўваюць гэтага знаёмства такія пісьменнікі, як Залман Шнэур, Лейб Найдус і Эльханан Воглер.

Пераклаў з ідыша В. Р.

Крыніца

* * *

УВАГА: скора на belisrael.info – поўны тэкст п’есы Вольгі ПРУСАК!

Апублiкавана 24.11.2020  22:24