Tag Archives: современный театр

М. Круцікаў пра фестываль у Мінску

Новая п’еса пра паэта Мойшэ Кульбака паказана ў час беларуска-яўрэйскага фестывалю

Піша Міхаіл Круцікаў («Форвертс», ЗША)

Ад пачатку жніўня 2020 г. Беларусь знаходзіцца ў цэнтры ўвагі сусветных мас-медыя. Кожны дзень тысячы людзей выходзяць на вуліцы Мінска і іншых гарадоў, каб выказаць свой пратэст супраць сфальшаваных выбараў, у якіх нібыта перамог Аляксандр Лукашэнка, дыктатарскага складу кіраўнік.

Аднак апрача гэтых падзей здараюцца іншыя, таксама цікавыя і важныя – такія як беларуска-яўрэйскі фестываль, які прайшоў з 5 па 11 кастрычніка. Мерапрыемства было арганізавана мінскім цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны.

Праграма фестывалю спалучала звычайны і віртуальны фарматы. Удзельнікі маглі выбраць актыўнасці на свой густ: паслухаць падкаст з расповедам клезмера Зісла Сляповіча пра ўзаемаўплыў яўрэйскай і беларускай музыкі; наведаць гістарычныя яўрэйскія мясціны ў Мінску пры дапамозе новага аўдыёгіда; прыгатаваць беларуска-яўрэйскія прысмакі, такія як эсік-флэйш ці бульбяны кугл (інгрэдыенты для якіх можна было замовіць у мінскай інтэрнэт-краме). Да таго ж былі даступныя лекцыя пра беларуска-яўрэйскія імёны і гутарка паміж спецыялістамі ў беларуска-яўрэйскай культуры і гісторыі.

Кульмінацыяй фестывалю сталася пастаноўка новай п’есы «Груганы дыяспары», прысвечанай трагічнаму лёсу яўрэйскага паэта Мойшэ Кульбака. Назву можна перакласці і як «Крумкачы рассеяння».

Афіша, выкананая Уладзімірам Цэслерам

П’есу, пастаўленую на рускай мове, напісала маладая віцебская драматургіня Вольга Прусак (на фота), якая раней ужо заваявала шэраг важкіх прызоў за п’есы і фільмы. Пра сваю цікавасць да Кульбака Вольга піша: «Кульбак для мяне стаў адкрыццём, паваротным і знакавым, перш за ўсё ва ўспрыманні таго месца, дзе я жыву. Раптам зусім па-іншаму бачу Беларусь – апантана закахаўшыся не ў тое, што ёсць, а ў тое, што мы страцілі. Такое балючае каханне – да страчанай будучыні, да спыненай думкі, да зламанага суквецця, да здушанай песні, да традыцыі, якая жывіла беларускую культуру і ад якой мы так жорстка былі адарваныя».

Дзея п’есы адбываецца ў савецкім Менску, куды Кульбак пераехаў з польскай Вільні ў 1928 г. Неўзабаве ён зрабіўся прыкметнай постаццю ў савецкай яўрэйскай культуры. На сцэне мы бачым яго ў рэдакцыі часопіса «Штэрн» з двума яго калегамі: «чырвоным яўрэем» Ізі Харыкам і «зялёным яўрэем» Зэлікам Аксельродам (у гэтых вобразах можна пазнаць гуллівыя намёкі на жывапіс Марка Шагала). Cпачатку іх праца ідзе спорна, але з цягам часу іх настрой робіцца ўсё больш змрочным праз сталінскую тэрарыстычную палітыку. Нечакана надыходзіць горкі фінал. Кульбака і Харыка арыштоўваюць і расстрэльваюць у Менску, у кастрычніку 1937 г. Аксельрод будзе забіты ў 1941-м годзе.

Паралельна дзея разгортваецца ў свеце фантазій і мрояў. Вольга Прусак па-майстэрску спляла вобразы, матывы і фрагменты з твораў Кульбака. Істотнае месца тут займаюць розныя віды птушак, што наводзіць на думкі пра Кульбакава апавяданне «Муня-птушкавод і яго жонка Малкелэ». Гэтаксама як праставаты Муня, якога выжылі з хаты шэльма-жонка і яе хіжы каханчык, наіўны ідэаліст Кульбак спакушаецца на падманлівыя савецкія абяцанкі і потым плаціць жыццём. Выняткам сярод шчасных птушак з’яўляецца чорны груган. Гэты змрочны вобраз адкрывае і закрывае спектакль, будучы сімвалам трагічнага лёсу Кульбака. Чорны і чырвоны – дамінуючыя колеры дэкарацый, і яны кантрастуюць з рознакаляровымі птушкамі. Стыль акцёрскай гульні вагаецца паміж гратэскнай сатырай і экспрэсіянісцкай сімвалічнасцю, ён адсылае да ўяўленняў Кульбака і стылю яго ўласных твораў.

Ажыццявіць гэтую пастаноўку было вельмі няпроста. Праз пандэмію рэжысёр Уладзімір Шчэрбань не здолеў прыехаць у Мінск і кіраваў акцёрамі з Лондана. Акцёры ж у Мінску часам не былі ўпэўнены, што спакойна дабяруцца да сваёй тэатральнай студыі, таму што ў цяперашнія часы міліцыя можа схапіць людзей на вуліцы, збіць і кінуць у турму проста так, без прычыны. Калі гэтая пастаноўка задумлялася, то, напэўна, яе стваральнікі не мелі на ўвазе гістарычных паралеляў паміж эпохай савецкіх палітычных рэпрэсій і цяперашняй Беларуссю, але, калі бачыш гульню акцёраў у кастрычніку 2020 г., няможна адмежавацца ад такога параўнання.

Фота Дар’і Гарбатавай

Падобна, што «Крумкачы рассеяння» – першая тэатральная пастаноўка, якая закранае тэму сталінскага тэрору ў Беларусі. У канцы 1930-х гадоў савецкая ўлада знішчыла цвет беларускай і яўрэйскай культуры. Шэраг яўрэйскіх культурных дзеячаў, такіх як літаратурныя крытыкі Хацкель Дунец і Якаў Бранштэйн, былі апантанымі камуністамі, а іншыя, тыя ж Кульбак і Аксельрод, былі памяркоўнымі «спадарожнікамі»… Зараз маладая беларуская інтэлігенцыя імкнецца аднавіць сваю пабураную і забытую культурную спадчыну, і яўрэйская культура займае ў ёй прыстойнае месца. У наш час мажліва, напрыклад, прачытаць некаторыя творы Кульбака ў новых перакладах Сяргея Шупы.

Трэба спадзявацца, што гэтая важная праца будзе працягнута і новае пакаленне беларускіх чытачоў пазнаёміцца з усёй літвацкай галіной літаратуры на ідышы і іўрыце. Сярод іншых, заслугоўваюць гэтага знаёмства такія пісьменнікі, як Залман Шнэур, Лейб Найдус і Эльханан Воглер.

Пераклаў з ідыша В. Р.

Крыніца

* * *

УВАГА: скора на belisrael.info – поўны тэкст п’есы Вольгі ПРУСАК!

Апублiкавана 24.11.2020  22:24