Tag Archives: «Центральная Вакханальная комиссия»

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (93)

Шалом усім, хто яшчэ сочыць за серыялам! Ідзе ён доўга, але ўсё ж не 8888 дзён, як у асобных палітыкаў, якія граюць ролю прэзідэнта… Харошую карцінку выставіў надоечы «антыжурналіст»:

Годны адказ на адміністратыўнае захапленне «святам бясконцасці», практыкаванае ўрадавым інфармагенцтвам. Набор фактаў ад Аляксея Карпекі – адказ больш падрабязны.

Ці звярнуў хто ўвагу на тое, што «бясконцасць» у афіцыёзным кантэксце можа намякаць на адмену прэзідэнцкіх выбараў 2020 года? Хітрыя ідэолагі праз сваё агенцтва яўна зандуюць глебу. Логіка ў вышэйшых чыноў скасабочаная, і калі статуя гарадавога з сабачкам насупраць будынка міністэрства ўнутраных спраў РБ лічыцца «жывой» (толькі не кажыце мне, што падлетак пасля затрымання 14.11.2018 сам даўмеўся прасіць прабачэння ў статуі, якую перад гэтым пляснуў), то чаму б жывому чалавеку не зрабіцца помнікам самому сабе? 🙂

Калі ўспомніць, што 13 лістапада шэф абвясціў 2019-ы «годам палітычнай вакханаліі» (прадоўжыцца, маўляў, да сярэдзіны 2020 г.), то карціна вымалёўваецца больш-менш ясная. Зміцер Дзядзенка, літаратурны жартун – ці жартаўлівы літаратар – ужо пераназваў ЦВК на чале з «паднявольнай птушкай» Лідай у «Цэнтральную Вакханальную камісію» 🙂 🙂

Дапраўды, сістэме надакучылі выбары, нават імітацыйныя, тым болей што, як паказвае расійская практыка, яны дэмаралізуюць выканаўцаў і здольныя абярнуцца нечаканай перамогай «апазіцыі». Ад любімых некалі рэферэндумаў адміністрацыя ўжо адмовілася, хоць змена Канстытуцыі наспела і пераспела (асноватворны юрыдычны тэкст неабходна было мяняць 5 год таму, перад ліквідацыяй гаспадарчых судоў, або хаця б адразу пасля яе). Дык што, «каранацыя ў чацвер»? Няўжо-такі збудзецца мой сцэнарый з «Баціканам»?

Ісці ў заклад аб лёсе Беларусі да 2021 г., як я тое прапаноўваў чытачам у канцы кастрычніка, ніхто не пажадаў. Ёсць яшчэ пару дзён, але… мяркую, аматары змрочных прагнозаў не выйдуць на сувязь. І гэта крыху суцяшае – значыць, у глыбіні душы яны і самі не вераць, што РФ паглыне РБ або адкусіць яе ўсходнія вобласці, адно хайпуюць.

…Год таму дзяўчаты з горада Б. (Барысава! – хіба Давіда Шульмана начыталіся) заснавалі капэлу «Жыдовачка», якая грае яўрэйскія мелодыі. Назоў не ўсім спадабаўся, і вось што прачытаў у fb-акаўнце капэлы: «Як граць штэтлфолк у Беларусі, звацца “Zhydovachka” і не адграбаць ад “русскоязычных белорусских евреев” а ніяк! Граць, звацца і адграбаць». Сапраўды, ёсць яўрэі, якія адрэагавалі, нібыта бык на чырвоную анучу – хтосьці нават абяцаў паскардзіцца ў адміністрацыю Цукербергіі… Спадзяюся, дзяўчаты (іх цяпер шэсць) не кінуць сваю справу. Словы «жыд», «жыдоўка» мне бачацца архаічнымі – ну дык музыканткі і аднаўляюць, як умеюць, старыя яўрэйскія танцы! Дапраўды, 100-200 гадоў таму не юзалі носьбіты беларускай мовы слова «яўрэй», хаця спробы «раскруціць» нешта падобнае рабіліся і да знакамітай пастановы ЦК 1925 г. Так, на рубяжы 1917–1918 гг. Сымон Дзякоў з Магілёўшчыны пісаў у рэдакцыю газеты “Вольная Беларусь”: «Пакуль слова “жыд” будзе існаваць, ужывацца ў друку і гутарцы, да тых часоў астанецца жывучым атрутны корань антысемітызму… Замяніце гэтае слова вельмі зычным словам “еўрэй”». Рэдакцыя ў № за 07.01.1918 адказала: «Слова жыд не мае ў сабе нічога ганебнага, і жыдоўская маса ў нас не абражаецца ад гэтае назвы».

Згаджуся з незнаёмым мне Ільёй Шведзікам (21.11.2018, fb-група «Белорусские евреи»): «Стаўленне да выкарыстання канкрэтных слоў залежыць ад эмацыйнай афарбоўкі… У цэлым, вядома, у большасці выпадкаў гэтае слова (сугучнае з беларускім “жыд” – В. Р.) у 2018 годзе на тэрыторыі былога СССР выкарыстоўваецца для прыніжэння яўрэяў, і яго выкарыстанне непрыемна мне як яўрэю. Але канкрэтна ў гэтым выпадку зусім не бачу нічога абразлівага. Бачу, наадварот, спробу адраджэння яўрэйскай музычнай традыцыі, што мне, як яўрэю, нават прыемна. Удалая спроба або не, я не ведаю ))))» Дадам, што ў канцы 2000-х гадоў пад кіраўніцтвам Дзмітрыя (Зісла) Сляповіча ў Мінску былі праведзены тры невялікія фэсты «Жыдовішча», выйшаў ідыш-беларускі слоўнік Аляксандра Астравуха з развагамі пра «жыдоўскую культуру», і свет не перакуліўся.

Сам я ў 2002 г. выдаваў газету з белмоўным падзагалоўкам «незалежная яўрэйская», а ў 2003–2009 гг. – «беларуска-яўрэйскі» бюлетэнь. Вытворныя ад «жыда» там ужываліся толькі ў тэкстах гістарычнага характару (таго ж Змітрака Бядулі…). Аднак, паклаўшы руку на сэрца, аддаю перавагу «Нашай Ніве» пачатку 2000-х з яе паведамленнямі пра «жыдоўскія сьвяты», а не цяперашняй, павярхоўна паліткарэктнай «НН», якая піша пра «яўрэяў», але дэ-факта нацкоўвае сваю аўдыторыю на нашых людзей.

* * *

У пачатку года часта ездзіў у аўтобусах, дзе хоцькі-няхоцькі слухаў у салоне бясконцыя натацыі пра тое, што расклейванне несанкцыянаваных аб’яў на апорах кантактнай сеткі (прасцей кажучы, на прыдарожных слупах) цягне за сабой штраф ад 20 да 100 базавых велічынь. Гэта сур’ёзная сума: для параўнання, звычайнае парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам «важыць» усяго ад 1 да 3 базавых, то бок прыблізна ад 12 да 36 долараў.

Падобна, «Мінсктранс» сваімі ролікамі, пра якія гаворыцца тут, усім жыхарам і гасцям сталіцы вушы пратрубіў. Нават паказвалі мульцік, у якім суворы дзядзька-міліцыянт бярэ за каўнер вісусаў-расклейшчыкаў. Але які плён гэта дало к канцу года, праз 9-10 месяцаў?

Слупы г. Мінска па-ранейшаму залепліваюцца рэкламай… Мабыць, гэта такая народная традыцыя.

Побач з плошчай Бангалор, каля станцый метро «Пушкінская» і «Спартыўная», лістапад 2018 г. Не самы цэнтр, аднак і не перыферыя

Хочацца падкінуць чытачам – і чытачкам – пытанне для роздумаў: чаму народ не баіцца пакарання? Варыянты адказу: а) у Мінску многа рызыкантаў; б) прыбытак ад аднаго выхаду на вуліцу з аб’яўкамі большы за штраф (што наўрад ці); в) усе ведаюць, што праваахоўным органам няма ахвоты лавіць парушальнікаў. Высоўвайце свае версіі.

Асабіста я схіляюся да трэцяга варыянту – у сталіцы пільна ахоўваюцца толькі асобныя лапікі, ля дзяржустаноў і пад. Невыпадкова тых, хто ўступаў у кантакт з вышэйзгаданым «гарадавым» на вул. Гарадскі Вал, затрымлівалі вельмі хутка. З аднаго боку, такая «выбіральнасць» цешыць, бо прадухіляе татальны кантроль над грамадзянамі. З другога… сумна ад таго, што не паўсюль на тэрыторыі РБ (ды што там РБ – Мінска) закон дзейнічае аднолькава.

Каб пазбыцца непажаданых афішак, раіў бы ўладам парадаксальны крок: не палохаць штрафамі, а наадварот, дазволіць расклейку – або зрабіць яе абавязковай для кожнага грамадзяніна 🙂 Адчужэнне «паспалітага люду» ад «інстанцый» зараз такое, што людзі пачнуць рабіць усё на злосць, г. зн. ухіляцца ад пэцкання слупоў. 😉

* * *

У сераду, 21 лістапада, зноў заехаў у Курапаты (мінулы раз наведваў урочышча летась). Паглядзеў на новы помнік, пастаўлены з санкцыі міністэрства культуры. Праекты, што ўвайшлі ў шорт-ліст, у свой час не выклікалі ў мяне энтузіязму, аднак гатовая канструкцыя са звонам, пры ўсёй яе мастацкай другаснасці адносна хатынскіх пабудоў, нечым кранае.

Асабліва прыемна было ўбачыць на ножках гэтай «вежы» надпісы на ідышы квадратнымі літарамі (muter, shvester, man ды інш. – усяго звыш 10 родных слоў). Дарэчы, і стаіць новы помнік зусім побач з манументам, узведзеным «ад імя яўрэяў» у 2004 г. – там таксама ёсць словы на ідышы. А шыльда з другога боку пацвярджае, што Курапаты ўзятыя пад ахову дзяржавай:

Потым я спусціўся з «Галгофы» ў бок рэстарана «Поедем поедим». Ён метраў за 100 ад лесу з крыжамі, спадарожныя домікі – метраў за 60. Абышоў плот – і на ўваходзе заўважыў групу пратэстоўцаў. Іх было чацвёра, у тым ліку Павел Севярынец. Ягоны паплечнік з Радашковічаў неўзабаве сышоў.

 

Валерый, Юрась, Павел

Пастаяў я з хлопцамі, пагутарыў. Павел быў настроены па-баявому – надалей настойвае на закрыцці рэстарацыі. Аптымістычна ён ацэньваў нядаўняе звальненне ключавых чыноўнікаў мінкульта (Дрыга, Яцко) – маўляў, гэта знак, што хутка ўсё зменіцца. Спыняў аўтамабілі і тактоўна прапаноўваў пасажырам буклеты. Дзеля-мадзеля і я ўзяў буклецік на мелаванай паперы – нейкая фірма раздрукавала яго для пратэстоўцаў бясплатна.

Папраўдзе, не пераканалі мяне ні размовы, ні друкаванае пасланне («рэстаран на чалавечых костках» – кідкі лозунг, але ж насамрэч парэшткі расстраляных на гэтым месцы не былі выяўлены). Вялікага сэнсу ў «асветніцка-місіянерскім» пратэсце зараз не бачу, хоць Павел і казаў, што многія ў выніку адмовіліся ад заездаў ва ўстанову, якая цяпер нясе вялікія страты. Усё ж рэстаратары нештачкі зарабляюць на кейтэрынгу… Можна як заўгодна ставіцца да Леаніда Зайдэса, але ён выглядае ўпартым, мэтаскіраваным бізнэсоўцам.

Выйсцем было б ці то дабіцца вяртання 150-метравай ахоўнай зоны праз суд, ці пабудаваць ля кальцавой дарогі аналагічны рэстаран ды перавабіць наведвальнікаў, ці штодня выводзіць да ўезду ў «Поедем поедим» па 100-200 чалавек, блакуючы шлях, каб у адказ на разгон(ы) прыходзілі б новыя пікетоўцы. Паколькі ўсё пералічанае – са сферы фантастыкі, выпадае шукаць кампрамісу (варыянт улетку я выкладваў; магчымыя, зразумела, і іншыя).

Год цяжкі, але здаралася і нямала добрага. Вось нястомны Іосіф Шкляр (аka Iossi Schkr) месяцы тры таму падрыхтаваў інфарматыўны фільм пра Валожынскую ешыву, ды яшчэ з англійскімі субтытрамі. Вось гэткі ж нястомны Алесь Астравух едзе на чарговую «літвацкую экскурсію» пад эгідай «Арт Вандроўні» (канец верасня) і ладзіць «нясумную лекцыю» пра маме-лошн у «Арт Сядзібе» (сярэдзіна лістапада).

Самому мне сёлета пашчасціла чытаць вершы на ідышы перад шырокай публікай 4 разы (у сакавіку, верасні і двойчы – у кастрычніку). Столькі ж ідышных выступаў было ў мяне за 3 папярэднія гады (2015–2017 гг.) – чым не доказ прагрэсу? 🙂

Калі сёлета чытачы выказалі цікавасць да паэмы Рыгора Кобеца «Палестына», я перанабраў яе для сайта. Зараз прапаную слаць заяўкі на паэму Тодара Кляшторнага «У дарозе» (1927), дзе быў апісаны антыяўрэйскі пагром. Твор цытаваў Андрэй Хадановіч у сваёй леташняй лекцыі, прысвечанай Т. Кляшторнаму, – гл. тут. Абяцаю набраць «У дарозе» цалкам, калі заявак да 07.12.2018 паступіць усяго тры (а не пяць). Міўца 🙂

І пра дзіўнае. Чым далей у лес, тым раней ставяць у Мінску навагоднія елкі. У 2018 г., напрыклад, святочнае дрэва каля Прытыцкага, 27 (лядовы Палац спорту) сканструявалі 12-13 лістапада, а некалі было – у канцы месяца… Катэгарычна чакаю ад сваёй аўдыторыі тлумачэнняў гэткага феномена!

«Вольфаў цытатнік»

«Розніца паміж Рашай і Беларусяй прыкладна як паміж выправіцельнай калоніяй і псыхіятрычнай лякарняй. У лякарні чысценькія ходзяць і харчуюцца з дыетычнага стала, толькі дурныя. Элемент дзікунства і там і там» (Фёдар Жывалеўскі, 14.10.2018)

«У кароткатэрміновых прагнозах памыляюся, у даўгатэрміновых не ўдзельнічаю. У інтэрнэт не зазіраю. Гэта ўсё адно, што разганяць туман рушніком. І, выбачаюся, дупай хвалі адбіваць» (Міхаіл Жванецкі, 06.11.2018)

«Весці дзённік са спазненнем – гэта, так ці інакш, літаратура» (Міхаіл Рубін, «Дзеяслоў», № 4/2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

23.11.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 23.11.2018  15:00