Tag Archives: «Арт-Сядзіба»

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (93)

Шалом усім, хто яшчэ сочыць за серыялам! Ідзе ён доўга, але ўсё ж не 8888 дзён, як у асобных палітыкаў, якія граюць ролю прэзідэнта… Харошую карцінку выставіў надоечы «антыжурналіст»:

Годны адказ на адміністратыўнае захапленне «святам бясконцасці», практыкаванае ўрадавым інфармагенцтвам. Набор фактаў ад Аляксея Карпекі – адказ больш падрабязны.

Ці звярнуў хто ўвагу на тое, што «бясконцасць» у афіцыёзным кантэксце можа намякаць на адмену прэзідэнцкіх выбараў 2020 года? Хітрыя ідэолагі праз сваё агенцтва яўна зандуюць глебу. Логіка ў вышэйшых чыноў скасабочаная, і калі статуя гарадавога з сабачкам насупраць будынка міністэрства ўнутраных спраў РБ лічыцца «жывой» (толькі не кажыце мне, што падлетак пасля затрымання 14.11.2018 сам даўмеўся прасіць прабачэння ў статуі, якую перад гэтым пляснуў), то чаму б жывому чалавеку не зрабіцца помнікам самому сабе? 🙂

Калі ўспомніць, што 13 лістапада шэф абвясціў 2019-ы «годам палітычнай вакханаліі» (прадоўжыцца, маўляў, да сярэдзіны 2020 г.), то карціна вымалёўваецца больш-менш ясная. Зміцер Дзядзенка, літаратурны жартун – ці жартаўлівы літаратар – ужо пераназваў ЦВК на чале з «паднявольнай птушкай» Лідай у «Цэнтральную Вакханальную камісію» 🙂 🙂

Дапраўды, сістэме надакучылі выбары, нават імітацыйныя, тым болей што, як паказвае расійская практыка, яны дэмаралізуюць выканаўцаў і здольныя абярнуцца нечаканай перамогай «апазіцыі». Ад любімых некалі рэферэндумаў адміністрацыя ўжо адмовілася, хоць змена Канстытуцыі наспела і пераспела (асноватворны юрыдычны тэкст неабходна было мяняць 5 год таму, перад ліквідацыяй гаспадарчых судоў, або хаця б адразу пасля яе). Дык што, «каранацыя ў чацвер»? Няўжо-такі збудзецца мой сцэнарый з «Баціканам»?

Ісці ў заклад аб лёсе Беларусі да 2021 г., як я тое прапаноўваў чытачам у канцы кастрычніка, ніхто не пажадаў. Ёсць яшчэ пару дзён, але… мяркую, аматары змрочных прагнозаў не выйдуць на сувязь. І гэта крыху суцяшае – значыць, у глыбіні душы яны і самі не вераць, што РФ паглыне РБ або адкусіць яе ўсходнія вобласці, адно хайпуюць.

…Год таму дзяўчаты з горада Б. (Барысава! – хіба Давіда Шульмана начыталіся) заснавалі капэлу «Жыдовачка», якая грае яўрэйскія мелодыі. Назоў не ўсім спадабаўся, і вось што прачытаў у fb-акаўнце капэлы: «Як граць штэтлфолк у Беларусі, звацца “Zhydovachka” і не адграбаць ад “русскоязычных белорусских евреев” а ніяк! Граць, звацца і адграбаць». Сапраўды, ёсць яўрэі, якія адрэагавалі, нібыта бык на чырвоную анучу – хтосьці нават абяцаў паскардзіцца ў адміністрацыю Цукербергіі… Спадзяюся, дзяўчаты (іх цяпер шэсць) не кінуць сваю справу. Словы «жыд», «жыдоўка» мне бачацца архаічнымі – ну дык музыканткі і аднаўляюць, як умеюць, старыя яўрэйскія танцы! Дапраўды, 100-200 гадоў таму не юзалі носьбіты беларускай мовы слова «яўрэй», хаця спробы «раскруціць» нешта падобнае рабіліся і да знакамітай пастановы ЦК 1925 г. Так, на рубяжы 1917–1918 гг. Сымон Дзякоў з Магілёўшчыны пісаў у рэдакцыю газеты “Вольная Беларусь”: «Пакуль слова “жыд” будзе існаваць, ужывацца ў друку і гутарцы, да тых часоў астанецца жывучым атрутны корань антысемітызму… Замяніце гэтае слова вельмі зычным словам “еўрэй”». Рэдакцыя ў № за 07.01.1918 адказала: «Слова жыд не мае ў сабе нічога ганебнага, і жыдоўская маса ў нас не абражаецца ад гэтае назвы».

Згаджуся з незнаёмым мне Ільёй Шведзікам (21.11.2018, fb-група «Белорусские евреи»): «Стаўленне да выкарыстання канкрэтных слоў залежыць ад эмацыйнай афарбоўкі… У цэлым, вядома, у большасці выпадкаў гэтае слова (сугучнае з беларускім “жыд” – В. Р.) у 2018 годзе на тэрыторыі былога СССР выкарыстоўваецца для прыніжэння яўрэяў, і яго выкарыстанне непрыемна мне як яўрэю. Але канкрэтна ў гэтым выпадку зусім не бачу нічога абразлівага. Бачу, наадварот, спробу адраджэння яўрэйскай музычнай традыцыі, што мне, як яўрэю, нават прыемна. Удалая спроба або не, я не ведаю ))))» Дадам, што ў канцы 2000-х гадоў пад кіраўніцтвам Дзмітрыя (Зісла) Сляповіча ў Мінску былі праведзены тры невялікія фэсты «Жыдовішча», выйшаў ідыш-беларускі слоўнік Аляксандра Астравуха з развагамі пра «жыдоўскую культуру», і свет не перакуліўся.

Сам я ў 2002 г. выдаваў газету з белмоўным падзагалоўкам «незалежная яўрэйская», а ў 2003–2009 гг. – «беларуска-яўрэйскі» бюлетэнь. Вытворныя ад «жыда» там ужываліся толькі ў тэкстах гістарычнага характару (таго ж Змітрака Бядулі…). Аднак, паклаўшы руку на сэрца, аддаю перавагу «Нашай Ніве» пачатку 2000-х з яе паведамленнямі пра «жыдоўскія сьвяты», а не цяперашняй, павярхоўна паліткарэктнай «НН», якая піша пра «яўрэяў», але дэ-факта нацкоўвае сваю аўдыторыю на нашых людзей.

* * *

У пачатку года часта ездзіў у аўтобусах, дзе хоцькі-няхоцькі слухаў у салоне бясконцыя натацыі пра тое, што расклейванне несанкцыянаваных аб’яў на апорах кантактнай сеткі (прасцей кажучы, на прыдарожных слупах) цягне за сабой штраф ад 20 да 100 базавых велічынь. Гэта сур’ёзная сума: для параўнання, звычайнае парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам «важыць» усяго ад 1 да 3 базавых, то бок прыблізна ад 12 да 36 долараў.

Падобна, «Мінсктранс» сваімі ролікамі, пра якія гаворыцца тут, усім жыхарам і гасцям сталіцы вушы пратрубіў. Нават паказвалі мульцік, у якім суворы дзядзька-міліцыянт бярэ за каўнер вісусаў-расклейшчыкаў. Але які плён гэта дало к канцу года, праз 9-10 месяцаў?

Слупы г. Мінска па-ранейшаму залепліваюцца рэкламай… Мабыць, гэта такая народная традыцыя.

Побач з плошчай Бангалор, каля станцый метро «Пушкінская» і «Спартыўная», лістапад 2018 г. Не самы цэнтр, аднак і не перыферыя

Хочацца падкінуць чытачам – і чытачкам – пытанне для роздумаў: чаму народ не баіцца пакарання? Варыянты адказу: а) у Мінску многа рызыкантаў; б) прыбытак ад аднаго выхаду на вуліцу з аб’яўкамі большы за штраф (што наўрад ці); в) усе ведаюць, што праваахоўным органам няма ахвоты лавіць парушальнікаў. Высоўвайце свае версіі.

Асабіста я схіляюся да трэцяга варыянту – у сталіцы пільна ахоўваюцца толькі асобныя лапікі, ля дзяржустаноў і пад. Невыпадкова тых, хто ўступаў у кантакт з вышэйзгаданым «гарадавым» на вул. Гарадскі Вал, затрымлівалі вельмі хутка. З аднаго боку, такая «выбіральнасць» цешыць, бо прадухіляе татальны кантроль над грамадзянамі. З другога… сумна ад таго, што не паўсюль на тэрыторыі РБ (ды што там РБ – Мінска) закон дзейнічае аднолькава.

Каб пазбыцца непажаданых афішак, раіў бы ўладам парадаксальны крок: не палохаць штрафамі, а наадварот, дазволіць расклейку – або зрабіць яе абавязковай для кожнага грамадзяніна 🙂 Адчужэнне «паспалітага люду» ад «інстанцый» зараз такое, што людзі пачнуць рабіць усё на злосць, г. зн. ухіляцца ад пэцкання слупоў. 😉

* * *

У сераду, 21 лістапада, зноў заехаў у Курапаты (мінулы раз наведваў урочышча летась). Паглядзеў на новы помнік, пастаўлены з санкцыі міністэрства культуры. Праекты, што ўвайшлі ў шорт-ліст, у свой час не выклікалі ў мяне энтузіязму, аднак гатовая канструкцыя са звонам, пры ўсёй яе мастацкай другаснасці адносна хатынскіх пабудоў, нечым кранае.

Асабліва прыемна было ўбачыць на ножках гэтай «вежы» надпісы на ідышы квадратнымі літарамі (muter, shvester, man ды інш. – усяго звыш 10 родных слоў). Дарэчы, і стаіць новы помнік зусім побач з манументам, узведзеным «ад імя яўрэяў» у 2004 г. – там таксама ёсць словы на ідышы. А шыльда з другога боку пацвярджае, што Курапаты ўзятыя пад ахову дзяржавай:

Потым я спусціўся з «Галгофы» ў бок рэстарана «Поедем поедим». Ён метраў за 100 ад лесу з крыжамі, спадарожныя домікі – метраў за 60. Абышоў плот – і на ўваходзе заўважыў групу пратэстоўцаў. Іх было чацвёра, у тым ліку Павел Севярынец. Ягоны паплечнік з Радашковічаў неўзабаве сышоў.

 

Валерый, Юрась, Павел

Пастаяў я з хлопцамі, пагутарыў. Павел быў настроены па-баявому – надалей настойвае на закрыцці рэстарацыі. Аптымістычна ён ацэньваў нядаўняе звальненне ключавых чыноўнікаў мінкульта (Дрыга, Яцко) – маўляў, гэта знак, што хутка ўсё зменіцца. Спыняў аўтамабілі і тактоўна прапаноўваў пасажырам буклеты. Дзеля-мадзеля і я ўзяў буклецік на мелаванай паперы – нейкая фірма раздрукавала яго для пратэстоўцаў бясплатна.

Папраўдзе, не пераканалі мяне ні размовы, ні друкаванае пасланне («рэстаран на чалавечых костках» – кідкі лозунг, але ж насамрэч парэшткі расстраляных на гэтым месцы не былі выяўлены). Вялікага сэнсу ў «асветніцка-місіянерскім» пратэсце зараз не бачу, хоць Павел і казаў, што многія ў выніку адмовіліся ад заездаў ва ўстанову, якая цяпер нясе вялікія страты. Усё ж рэстаратары нештачкі зарабляюць на кейтэрынгу… Можна як заўгодна ставіцца да Леаніда Зайдэса, але ён выглядае ўпартым, мэтаскіраваным бізнэсоўцам.

Выйсцем было б ці то дабіцца вяртання 150-метравай ахоўнай зоны праз суд, ці пабудаваць ля кальцавой дарогі аналагічны рэстаран ды перавабіць наведвальнікаў, ці штодня выводзіць да ўезду ў «Поедем поедим» па 100-200 чалавек, блакуючы шлях, каб у адказ на разгон(ы) прыходзілі б новыя пікетоўцы. Паколькі ўсё пералічанае – са сферы фантастыкі, выпадае шукаць кампрамісу (варыянт улетку я выкладваў; магчымыя, зразумела, і іншыя).

Год цяжкі, але здаралася і нямала добрага. Вось нястомны Іосіф Шкляр (аka Iossi Schkr) месяцы тры таму падрыхтаваў інфарматыўны фільм пра Валожынскую ешыву, ды яшчэ з англійскімі субтытрамі. Вось гэткі ж нястомны Алесь Астравух едзе на чарговую «літвацкую экскурсію» пад эгідай «Арт Вандроўні» (канец верасня) і ладзіць «нясумную лекцыю» пра маме-лошн у «Арт Сядзібе» (сярэдзіна лістапада).

Самому мне сёлета пашчасціла чытаць вершы на ідышы перад шырокай публікай 4 разы (у сакавіку, верасні і двойчы – у кастрычніку). Столькі ж ідышных выступаў было ў мяне за 3 папярэднія гады (2015–2017 гг.) – чым не доказ прагрэсу? 🙂

Калі сёлета чытачы выказалі цікавасць да паэмы Рыгора Кобеца «Палестына», я перанабраў яе для сайта. Зараз прапаную слаць заяўкі на паэму Тодара Кляшторнага «У дарозе» (1927), дзе быў апісаны антыяўрэйскі пагром. Твор цытаваў Андрэй Хадановіч у сваёй леташняй лекцыі, прысвечанай Т. Кляшторнаму, – гл. тут. Абяцаю набраць «У дарозе» цалкам, калі заявак да 07.12.2018 паступіць усяго тры (а не пяць). Міўца 🙂

І пра дзіўнае. Чым далей у лес, тым раней ставяць у Мінску навагоднія елкі. У 2018 г., напрыклад, святочнае дрэва каля Прытыцкага, 27 (лядовы Палац спорту) сканструявалі 12-13 лістапада, а некалі было – у канцы месяца… Катэгарычна чакаю ад сваёй аўдыторыі тлумачэнняў гэткага феномена!

«Вольфаў цытатнік»

«Розніца паміж Рашай і Беларусяй прыкладна як паміж выправіцельнай калоніяй і псыхіятрычнай лякарняй. У лякарні чысценькія ходзяць і харчуюцца з дыетычнага стала, толькі дурныя. Элемент дзікунства і там і там» (Фёдар Жывалеўскі, 14.10.2018)

«У кароткатэрміновых прагнозах памыляюся, у даўгатэрміновых не ўдзельнічаю. У інтэрнэт не зазіраю. Гэта ўсё адно, што разганяць туман рушніком. І, выбачаюся, дупай хвалі адбіваць» (Міхаіл Жванецкі, 06.11.2018)

«Весці дзённік са спазненнем – гэта, так ці інакш, літаратура» (Міхаіл Рубін, «Дзеяслоў», № 4/2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

23.11.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 23.11.2018  15:00

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70f)

Шаломчыкі… Ніяк не развітаюся з 70-й серыяй – падзеі патрабуюць новага дадатку 🙂

Мінулы раз, паказваючы слабыя месцы Змітра Дашкевіча і Міколы Статкевіча, не чакаў, што неўзабаве першы агрэсіўна, з таннай дэмагогіяй, наваліцца на другога, дый на сам прынцып еднасці ў зносінах з уладамі. У чым сутнасць канфлікту? 15.01.2018 на пасяджэнні аргкамітэта (прадстаўнікі 13 «альтэрнатыўных» арганізацый, у тым ліку незарэгістраваных партый) было прынятае рашэнне – ладзіць у гонар юбілею шэсце і канцэрт у цэнтры Мінска. 25.01.2018 шэраг вядомых і менш вядомых у Беларусі людзей – cярод іх намстаршыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін – падалі заяўку ў Мінгарвыканкам. У канцы лютага гарадскія ўлады адмовілі заяўнікам і прапанавалі падрыхтаваць новую заяўку – на канцэрт, які мае працягнуцца 25.03.2018 з 14.00 да 19.00. Чатыры з трынаццаці арганізацый (і прымкнуўшы да іх Павел Белавус з «Арт-Сядзібы») вырашылі, што можна абысціся і без шэсця, ды згадзіліся на прапанову ўладаў. Праўда, ідзецца пра суполкі, якія на слыху, – тую самую АГП, плюс БНФ, рух «За свабоду», Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду). Такі крок «агаліў тыл» тых, хто застаўся, і, натуральна, выклікаў абурэнне іхняга лідэра Статкевіча. Аднак – увага! – ён выступіў як за канцэрт, няхай атрыманы праз сепаратныя перамовы, так і за мірнае шэсце.

Статкевіч з яго «Беларускім нацыянальным кангрэсам» (які за два гады так і не развіўся ў нешта самавітае) мне не сват і не брат, але можна зразумець ягоную горыч: «Калі шэсце дазваляе людзям прынесці туды свае лозунгі, то канцэрт за агароджай такога варыянту не дае. У тым годзе быў жорсткі разгон… Калі мы ў гэты дзень будзем толькі святкаваць і танчыць, то можам згубіць той аўтарытэт, які ў нас быў сярод гэтых людзей год таму… мы павінны, дзеля павагі да тых людзей, якія выйшлі летась 25 сакавіка, паказаць, што грамадства не ўдалося запалохаць». Так, ён прэтэндуе на лідэрства ў апазіцыі – і пасля некалькіх гадоў адседкі мае на гэтыя прэтэнзіі маральнае права. Прынамсі яго апанентам варта было ўстрымацца ад асабістых выпадаў і скажэння пазіцыі палітыка-ветэрана. Дашкевіч, на жаль, не ўстрымаўся – яшчэ і ў гэтым тэксціку

Ладна б адзін Зміцер нагнятаў – насупор заяўленаму тут, са снежня 2017 г. ён нават не сустаршыня «Маладога фронту»… Брыдкае апытанне замуціў праславуты «Белсат» 06.03.2018 у сваім фэйсбучным акаўнце: «Усе (! – В. Р.) ідуць на канцэрт, Статкевіч – ідзе на шэсце. А куды пойдзеце вы?» Той жа канал на ўласным сайце праз глупства або наўмысна сказіў сэнс словаў Сяргея Спарыша, памочніка Статкевіча (cлушна было б: «…немирное шествие – если прийти с “коктейлями Молотова”».

За тры дні так і не памянялі – выходзіць, што Спарыш за «кактэйлі Молатава» на мірнай акцыі…

Майстры інсінуацый дагэтуль працуюць і ў «НН», іначай не абзывалі б сяброў аргкамітэта «паўлінамі», не торгалі б цытаты з акаўнта ў фэйсбуку таго самага Спарыша, рэзюмуючы: «Намеснік (! – В. Р.) Статкевіча за тыдзень нагаварыў такога, што лепш бы маўчаў». Дзейнічалі метадамі Баранчыка і Со.; напрыклад, выкінулі смайлік з жартоўнай рэплікі… Той самы Дашкевіч абазваў Спарыша «апарышам»; потым, праўда, папрасіў прабачэння, але прагучала яно, быццам у старым яўрэйскім анекдоцеРабинович не вор и не мошенник? Я извиняюсь!»). У масавай «Народнай Волі» па Статкевічу ў лепшых традыцыях камсамольскай прэсы ад імя «новага пакалення» пальнуў Алекс Фядута, 1964 г. нар., у менш масавым «Новым часе» – экс-намеснік Дашкевіча Алекс Кіркевіч… Гэты важна заяўляе: «Час палітыканаў, якія бачылі сябе рэпрэзентантамі народнай думкі, немінуча сыйшоў. Надыходзіць час менеджэраў і блогераў, інжынераў грамадскай думкі». Далучыліся да антыстаткевіцкай кампаніі блогер-паганец Антон М. і акадэмічны дырэктар «прабеларускага» аналітычнага цэнтра ў Вільні – адстаўны манах, які лічыць сябе спецыялістам у палітычных працэсах.

Карацей, рэсурсаў у «сепаратыстаў», якія прыкрываюцца то «дзяўчынай з дзіцёнкам», то «інжынерамі грамадскай думкі» (пра ўзровень апошніх сёе-тое кажа, што выступіць на канцэрце быў запрошаны… Аляксандр Саладуха, кароль тутэйшай рускамоўнай папсы; чаму ўжо не Анатоль Ярмоленка з яго суперхітом «Слухай бацьку»?), нямала, і шэсце 25 сакавіка, хутчэй за ўсё, будзе нешматлікае. Магчыма – хочацца верыць, што не! – яго разгоняць, а Статкевіч каторы раз пападзе за краты. Тады «смелыя выкрывальнікі» застою і правакатарства ў «апазіцыі» зноў кінуцца бараніць палітвязня, напампоўваючы свой сімвалічны капітал. Гэтае кінцо я ўжо бачыў у 2006 г., толькі ў тым годзе ролю Міколы Статкевіча граў Аляксандр Казулін.

Кур’ёзна – і сумна – што цяпер дзяўбуць Статкевіча тыя ж людзі, што дзяўблі прафесара Казуліна. Добра памятаю, як у пачатку 2006 г. у метро спаткаў мяне мастацтвазнавец Сяргей Х. і «па сакрэце» расказаў, што Казулін, ідучы на прэзідэнцкія выбары на злосць Мілінкевічу, зарабляе сабе месца ў палаце прадстаўнікоў 2008 г. «Зарабіў» жа Казулін пяцігадовы тэрмін; ледзь не памёр, калі трымаў галадоўку; адседзеўшы амаль 30 месяцаў, быў памілаваны. «Кінуты» паплечнікамі (яго знялі з пасады старшыні партыі завочна, калі яшчэ сядзеў за кратамі) ад палітыкі адышоў. «Отряд не заметил потери бойца…» 🙁

Як бы ні было, 7 сакавіка пададзена заяўка на шэсце – «Марш годнасці і волі». Удзельнікі маюць пераадолець 2–3 км ад плошчы Якуба Коласа да Опернага тэатра. Ісці не заклікаю, аднак і адгаворваць нікога не стану.

Ізраільцам тэма стагоддзя Беларускай народнай рэспублікі (#БНР100), выглядае, таксама блізкая: 25.03.2018 плануецца збор ахвотных пасвяткаваць юбілей каля помніка Янку Купалу ў Ашдодзе. З 19-й гадзіны. Праўда, грамадзянам Беларусі трэба яшчэ дабрацца да таго помніка; дэпартацыі з «Бен-Гурыёна» не спыняюцца.

Нямала і такіх беларускіх яўрэяў, для каго стагоддзе БНР – пусты гук. Між тым згадкі пра ролю яўрэяў у заснаванні БНР ёсць у папулярнай бядулявай брашуры «Жыды на Беларусі»; роля тая не была нязначнай, хаця (лёса)вызначальнай яе назваць таксама цяжка. Мо ў наступным выпуску катлетна-мушынага серыялу вярнуся да тэмы.

Зараз – пра іншае. 8 сакавіка ў Мінску прайшоў (трэці год запар) жаночы забег «Beauty Run». Традыцыйна адказвае за імпрэзу Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі пры падтрымцы дзяржаўных і камерцыйных структур. Як муж адной з удзельніц, сёлета магу адзначыць прагрэс: прамова новапрызначанага міністра спорту & турызму была куды карацейшая, чым у яго папярэдніка ў 2017 г. – бягухі не паспелі замаркоціцца… Дый медаль стаў прыгажэйшы 🙂

Пасля забегу

Лыжкай дзёгцю было асвятленне ў некаторых СМІ – найперш маю на ўвазе колькасць удзельніц. Так, арганізатары напярэдадні старту дакляравалі 3000 або нават 3500, але ж ці тое прычына для буйнога дзяржагенцтва, каб постфактум бадзёра паведамляць «звыш трох тысяч прыгажунь прабеглі ў цэнтры горада»? Насамрэч іх – мо праз не самае прыемнае надвор’е – было меней за 2000, што відаць і з выніковай табліцы (644 прабеглі 5 км, 874 – 2 км). «Сацрэалізм» ад БелТЫ падхапілі анальнер анлайнерКаля 3500 жанчын узялі ўдзел…»), тутбай з сіцідогамТры тысячы дзяўчат…») і нават еўрарадыё з салідарнасцюкаля трох тысяч удзельніц»). Калі не ўмеюць – дакладней, не хочуць – праверыць гэткую драбязу, то і ў сур’ёзных пытаннях цяжкавата давяраць «лідарам медыярынку».

Як ні дзіўна, карэктна пра забег 08.03.2018 напісалі жоўтыя «Белновасці». Жоўтыя – і таму, што 5 сакавіка апублікавалі паскудны набор слоў пра Статкевіча, і таму, што гэты «палітычны» артыкул пра шкоду палітыка для Беларусі суседнічае ў іх з матэрыяламі тыпу «Анну Чапман пристыдили за фото в бикини» ды «Анастасия Волочкова испугала фанатов синими дряблыми ногами» (от ужо «белнавіны»!)

Зірнуў, хто кіруе сайтам; аказалася, дырэктар унітарнага прадпрыемства Віталь К., да 2014 г. – высокапастаўлены супрацоўнік МУС РБ. І падумаў пра цікавую тэндэнцыю, здаецца, яшчэ не адзначаную дамарослымі аналітыкамі – на пачатку 2010-х гг. «сілавікі» ламануліся ў палітбізнэс. Былы бабруйскі следчы Андрэй П. зрабіўся «незалежным аналітыкам», кіраўнік Фрунзенскага РАУС Алег Г. – намеснікам старшыні ў адной з псеўдаапазіцыйных партый… Падобна, цяперашні міністр замежных спраў, хітрун Макей (начальнік адміністрацыі Лукашэнкі ў 2008–2012 гг.), не дарма еў свой хлеб і даў адмашку на «ўгнаенне» палітычнага поля выпускнікамі акадэміі міліцыі. Тут толькі версія, але небеспадстаўная. Хапае ж Макею розуму сустракацца з прадстаўнікамі «Амерыканскага яўрэйскага камітэта» ды інфармаваць іх пра «становішча яўрэйскай абшчыны ў Беларусі» (02.03.2018). Відаць, Сямён Шапіра ды Павел Якубовіч ужо не тыя – задзейнічана цяжкая артылерыя 🙂

І пра блэк-джэк ды прасталытак пра авантурніцу Насцю Рыбку (aka Вашукевіч) з Бабруйска. Няблага пра яе напісала дасціпная «Белгазета», асабліва ж блізкая мне выснова: «Беларускім СМІ… без выспятка звонку не цікавы ні “чалавек простай працы”, ні мільярдэры і эскортныя прыгажуні…» Cапраўды, ігнаравалі тутэйшыя Рыбку з яе скандальнай кнігай, пакуль пра яе не расказалі расійцы, пачынаючы з Аляксея Навальнага, а між тым яна – Саламея Русецкая-Гальпір-Пільштынова нашых дзён (гэтай «белагаловай» сёлета споўнілася б 300)! Пажадаю Настассі хутчэй выбрацца з пераплёту, у які яна трапіла ў Тайландзе… Некалі і Рыбкавы запісы перакладуць на беларускую, вось тады зажывем 🙂

90 гадоў 8 сакавіка грукнула б Эфраіму Севелу (Яфіму Драбкіну), які, на жаль, памёр улетку 2010 г. Таксама быў той яшчэ авантурнік… Але ж яго кнігі чыталі мільёны – і будуць чытаць. Некалі пісаў па адной з іх школьнае сачыненне. Асабліва ж мяне пацешыла ў пачатку 1990-х, што галоўны герой сатырычнай аповесці «Спыніце самалёт – я злезу» носіць прозвішча Рубінчык. Сорак год таму ізраільскі паэт Барыс Камянаў нават напісаў яму (літаратурнаму персанажу!) адкрыты ліст з парадамі кшталту «Не ладзьце, укрывай Божа, дэманстрацый і галадовак, не пагражайце самаспаленнем вашых жонак, не смяшыце людзей! Пакіньце быць героямі вязням Сіёна. Не рыпайцеся!» Распісаўшыся і ў браку пачуцця гумару, і ў недаверы-непавазе да «простых яўрэяў»… (я б не згадваў гэты ліст, каб Барыс К. дагэтуль не выплюхваў у інфармацыйную прастору тэксты, поўныя жоўці). А Севела – што Севела? Дашчэнту наш, бабруйскі, хоць і паблукаў па свеце. У «горадзе баброў» яму пазалетась і помнік паставілі.

Пяцьдзесят гадоў у лютым святкаваў Юлій Абрамовіч – не апошні ў Іудзейскім рэлігійным аб’яднанні чалавек, які даказаў, што бізнэсмен здольны перакваліфікавацца ў журналіста (ну, міліцыянтам жа можна! – гл. вышэй). Газета «Берега» пад яго кіраўніцтвам горшай не стала; з іншага боку, падчас самапрэзентацыі новага кіраўніка (№ 1, 2018) можна было і падзякаваць папярэдняй рэдактарцы Любові Гаўрылюк, якая «цягнула» газету звыш 15 гадоў. Дый тое, што «Берега» засталіся «адзінай яўрэйскай газетай у Рэспубліцы Беларусь», не зусім слушна: калі-нікалі выходзіць і «Авив».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

09.03.2018

Апублiкавана 09.03.2018  06:54