В. Рубінчык. Манежы, арэны, люты

Шалом, відавочныя-неверагодныя! Вы нашто ў тэатр ходзіце? Дапраўды, смешнае запытанне: хтосьці ходзіць, каб падзівіцца на любімых акцёраў і/або атрымаць катарсіс ад высокага мастацтва, хтосьці – каб падсілкавацца ў буфеце… А вось некаторыя, выявілася, ідуць да Мельпамены, каб правесці чарговую палітінфармацыю. Ну, вы ў курсах, пра каго я.

Было спадзяванне, што в. а. цара пажартаваў або агаварыўся, калі на «Усебеларускім сходзе» пацягаў за вушы суседнюю дзяржаву, як дарослы цягае малога хулігана: «Вазьміце Літву. У ранейшыя гады там жылі чатыры з паловай мільёны чалавек. А колькі засталося? Ніхто палічыць не можа. Менш за два». Але ж не, праз тыдзень (19.02.2021) перад супрацоўнікамі Купалаўскага тэатра зноў заявіў: «Калі б там было добра, то ў Літве з чатырох з паловай мільёнаў [жыхароў] паўтара-два не засталося б». Празрыста намякнуўшы – вой, пагана там!

Зважаючы на рэзалюцыю сходу, тутэйшая адміністрацыя прыслухоўваецца да Сусветнага банка. Паводле звестак апошняга, на 2019 г. у Літве налічвалася звыш 2,78 млн жыхароў. Так, у гэтай краіне адчуваецца дэмаграфічны крызіс, але не настолькі ён востры, каб знікла звыш паловы насельніцтва… Дарэчы, і не жылі ў межах сучаснай Літвы 4,5 мільёны чалавек – максімум 3,7 млн (1991–1992 гг.).

Раздзьмуваць чужыя праблемы, прыхоўваючы свае – так сабе стратэгія, але, напэўна, у савецкім таварыстве «Веды» 1970-х карысталася поспехам. У англійскай мове яна мае адмысловы назоў «Whataboutism» і апісваецца фразай з вядомага анекдота («А ў вас неграў лінчуюць»).

У важным для тутэйшага афіцыёзу рэйтынгу «Doing Business 2020» Літва займае 11-ю пазіцыю, Беларусь – 49-ю (з 190). Паказнікі чаканай працягласці жыцця: 76,4 гады (78-е месца з 193) і 75,2 (92-е). ВУП у пераліку на жыхара паводле парытэту пакупніцкай здольнасці ў Літве амаль удвая большы. У сусветным «рэйтынгу шчасця» за 2017–2019 гг. Літва 41-я, Беларусь 75-я. У рэшце рэшт, і з дэмаграфіяй у нас таксама не ўсё так бліскуча, каб «кумушек считать трудиться».

Украіне ад галоўнага спецыяліста па ўсіх пытаннях таксама дасталося як на сходзе, так і (асабліва) ў Купалаўскім тэатры: «Да чаго могуць прывесці неасэнсаваныя дзеянні, добра відаць на прыкладзе Украіны. Найбагацейшая дзяржава, ідэальныя кліматычныя ўмовы, самыя ўрадлівыя землі, пра якія можна толькі марыць, выхад да мора. А што маюць з гэтага простыя ўкраінцы, да чаго палітыкі давялі краіну?» Дэмагогія detected… Так, «простыя ўкраінцы», што б гэта ні значыла, жывуць незаможна, колькасць бедных за 2020 г. павялічылася, і вось што піша Станіслаў Суханіцкі з горада Лубны Палтаўскай вобласці:

За апошні год, натуральна, стала горай. З 2021 г. у нас паднялі цэны практычна на ўсё, асабліва на «камуналку» і прадукты харчавання. Мінімальную пенсію павялічваюць хіба раз на паўгода – прыблізна на два долары! У 2021 г. пачаліся «тарыфныя бунты», якія праходзяць ужо рэгулярна, звычайна раз на тыдзень. Прэзідэнт Зяленскі не звяртае ўвагі на гэтыя бунты…

Але, калі вярнуцца да паказніка «ВУП на жыхара паводле парытэту пакупніцкай здольнасці», то Беларусь і Украіна рухаліся ў 2010-х у адным кірунку… Прычым, як лёгка бачыць, да «кавіда» спад у Беларусі пасля 2014 г. доўжыўся два гады, а ва Украіне, якая страціла землі і фактычна вяла вайну, – толькі адзін.

Развалу ўкраінскай эканомікі не адбылося і ў «каранавірусным» 2020 г. Паводле Нацбанка Украіны, ВУП знізіўся на 4,4%; гэта балюча, але менш, чым чакалася (-6%), і менш, чым у шэрагу еўрапейскіх краін. Карацей, найгоршага, як выглядае з Мінска, удалося пазбегнуць… Дый ці Рыгорычу, індывідуальнаму або калектыўнаму, дзяліцца з суседзямі сваімі рэцэптамі «ратавання эканомікі»? Яны (рэцэпты) працавалі 25 год таму – ну, няхай 20…

Па-мойму, гаспадару Драздоў дагэтуль не дае спакою тое, што яго прагноз двухгадовай даўніны пра перамогу Пятра Парашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2019 г. не збыўся, што суседзі выбралі сабе маладога лідара. Звароты да ўкраінскіх праблем (цяпер і да літоўскіх) набылі ў нашых ідэолагаў & спічрайтэраў, бадай, хваравіты характар 🙁

Як ведаюць пастаянныя чытачы, я турбаваў дэлегатаў «Усебеларускага сходу» развагамі ды кпінамі. Днямі прыйшоў адказ.

Навучыліся пісАць 😉 I адрэагавалі, і без канкрэтыкі… Зрэшты, нават у гэтым лісце – спроба пераканаць: маўляў, сход быў прадстаўнічы.

Прывітанне з альтэрнатыўнай рэальнасці традыцыйна перадае і «СБ» – з дзівуном, які шчыміцца да мяне ў «калегі».

Сацыялагічны зрэз дае іншую карціну: прадстаўнікі прамысловасці, будаўніцтва і транспарту складалі сярод дэлегатаў каля 30%, прадстаўнікі аграпрамысловага комплексу – блізу 8,2%. Многа было людзей з «сацыяльна-культурнай сферы, сферы паслуг і СМІ» (чвэрць), чыноўнічкаў (кожны сёмы), «парламентарыяў», «сілавікоў», пенсіянераў… Разам з тым палітэмігрантка Святлана паспяшалася казаць 05.02.2021, што будуць «толькі чыноўнікі і ідэолагі»: трапілі на сход і сапраўдныя рабочыя ды сяляне. Што нагадала дэкаратыўны Вярхоўны Савет часоў Брэжнева, Андропава і пад., дзе таксама нязменна фігуравалі «выхадцы з народу».

Была на мінскім сходзе і «святая прастэча» – 65-гадовая механізатарка з Дзяржынскага раёна Таццяна Захожая (ад прэзідыума «Беларускага саюза жанчын»). Напярэдадні дала чосу ў інтэрв’ю «НН»: «Я грубавата пра мітынгі магу сказаць: зажраліся некаторыя. Пра моладзь найперш кажу: бацькі апошнія сродкі аддаюць, каб тыя вучыліся, а ім павыступаць яшчэ хочацца. Мая прапанова: вясной, калі снег растане, іх усіх у поле камяні збіраць».

Вядома, не ў Таццяне праблема, а ў тых ідэолагах, якія размяркоўвалі квоты на сход… І сумна вось што: ні тутбай, ні грамадска-палітычныя сілы, прыязныя да існавання тутбая, так і не дагрукаліся да тых самых рабочых і сялян, дый не дужа імкнуліся. Ну, якой трактарыстцы будзе даспадобы даведацца, што яе прафесія – «простая»?..

Кожная прафесія па-свойму складаная. Ці не адчулі вы ў загалоўку недарэчнай фанабэрыі (асобных) рэдактарак, якія дапускаюць, што свет круціцца вакол іх?

Мультфільму паўстагоддзя, ды ён актуальны. Да пяцёркі герояў можна дадаць «на смак» кіроўцаў, смеццяроў, журналістаў, праграмістаў, etc.

Мо і прапагандысты для нечага патрэбныя – абы не прапагандоны… Апошнім часам фашыстоўскія матывы не так ужо рэдка гучаць з вуснаў тутэйшых ідэолухаў, і даходзіць ужо да яўных спроб расчалавечвання апанентаў улады. А доктар гісторыі Аляксандр Фрыдман (экс-мінчук) назірае за гэтымі спробамі ды з Германіі распавядае пра іх «Еўрарадыё», «Радыё Рацыі»… або філосафу-шахматысту Ігару Бабкову. Праўда, апошняе інтэрв’ю на дзве з гакам гадзіны ваш пакорлівы слуга не асіліў.

Ёсць у жыцці менш змрочныя сюжэты. Ці ведалі вы, як у 1993 г. рыхтавалася «трохгоддзе Выгоцкіх у Гомелі»? Копію дакумента прыслаў краязнавец Алесь Сімакоў.

Вуліцы Льва Выгоцкага ў Гомелі, дзе ён сфармаваўся як асоба, дагэтуль няма (тым не меней такая вуліца ў 2004 г. з’явілася ў Мінску). Затое імя Выгоцкага ў Гомелі атрымаў педагагічны каледж (1996), а ў лістападзе 2016 г., да 120-годдзя знакамітага адукатара, на будынку гомельскай філармоніі з’явілася-такі памятная шыльда. Варта сказаць «дзякуй» грамадскім актывістам 1990-х гадоў – можа, калі б не варушыліся, то і гэтага б не мелі.

Аднагодак Льва Сямёнавіча – Майсей Саламонавіч, ён жа Мойшэ Кульбак. Пра яго ў Беларусі апошнім часам даволі шмат пісалі, аднак найлепшая памяць пра паэта – чытанне яго твораў. 21 лютага 2021 г., у Міжнародны дзень роднай мовы, паэт Васіль Жуковіч выправіўся ў Курапаты і прачытаў два творы Кульбака ў сваім перакладзе.

В. Жуковіч стаяў побач з помнікам ахвярам сталіншчыны, які з’явіўся ў 2004 г., – там відаць і надпіс на ідышы. А нядаўна хтось павесіў на дрэвы ля помніка драўляныя шыльдачкі з імёнамі Мойшэ Кульбака, Юлія Таўбіна, Ізі Харыка. Адна з такіх таблічак і трапіла ў кадр.

Ізноў крыху пра сумнае… Міжнародная кніжная выстава ў «Белэкспа» (18-21 лютага 2021 г.) гэтым разам адзначала юбілеі: Максіма Багдановіча (130), Кандрата Крапівы (125), Івана Мележа і Івана Шамякіна (100). Яно-та якраз не сумна, але наведвальнікам нагадвалі і пра 30-годдзе СНД, што было зусім «не ў струмень» (юбілей гэтага крохкага палітычнага ўтварэння – у снежні 2021 г.; а што, калі яно зусім распадзецца к таму часу?).

Навезлі фаліянтаў з апяваннем «правадыроў». 19.02.2021

Што да Мойшэ Кульбака і таго ж Льва Выгоцкага, на іх арганізатары «забыліся». Дый юбілей Уладзіміра Караткевіча (1930–1984) адзначалі сваеасабліва: у адным месцы праграмы напісалі пра 90-годдзе пісьменніка, у другім – пра 100-годдзе… 🙁

О так, драбяза ў параўнанні з новымі арыштамі ды прысудам па справе журналістак Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай). 18 лютага абедзве атрымалі па 2 гады калоніі за дзёрзкі рэпартаж з «Плошчы Перамен»; прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу.

Але сувязь паміж гэтымі «паталогіямі грамадства» існуе. І нягоднік, які разяўляўся ў «СБ» на журналістак – маўляў, мала ім далі – ледзь не хедлайнерам стаў на арэне «Белэкспа»: мінінфармацыі выдала зборнік яго трызненняў, наладзіла прэзентацыю… Хто такі, здагадаецеся.

Паведамленне дзяржаўнага агітпропа пра суд над журналісткамі. Вуліцы Чарвякова і СмаргоЎскі тракт не перасякаюцца, а спалучаюцца праз двор. Якая прапагандатакая, відаць, і якасць следства

Друкуюцца ў Беларусі пад эгідай дзяржавы і карысныя кнігі. Во «Беларуская навука» летась выпусціла «Выбраныя працы» барысаўчаніна Герцля Шкляра, таварыша Соф’і Рохкінд па «Ідыш-рускім слоўніку» (1940; рэпрынтнае выданне – 2006).

У кнізе – біяграфія Г. З. Шкляра (1904–1966), падрыхтаваная супольна з кастрамскімі калегамі, падрабязны нарыс ад Веранікі Курцовай, прысвечаны ўкладу Шкляра ў мовазнаўства. Выснова спецыялісткі: «Герцаль Залманавіч Шкляр за свае крыху больш чым 10 гадоў працы ў беларускай акадэмічнай навуцы здолеў зрабіць шмат. Ён у такой жа ступені даследчык, як і рускі, і яўрэйскі. Імя Г. З. Шкляра варта памяці і заслугоўвае навуковага ўшанавання». У 1930-я гады Шкляр, сярод іншага, браў чынны ўдзел у напісанні двух падручнікаў па беларускай мове для вышэйшай школы.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

24.02.2021

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 24.02.2021  15:55