В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (79)

Ізноў здароў! Месяц мінуў, а курапацкі вузел не развязаны, сустрэча ўласнікаў рэстарацыі і пратэстоўцаў, якая мелася адбыцца 29 чэрвеня, сарвалася. Дайшло надоечы і да арыштаў на 10 сутак

Абодва бакі дэманстравалі ўпартую зацятасць (ці зацятую ўпартасць), а іх прыхільнікі часам рабілі інфантыльныя крокі. Чаго варты «наезд» тутэйшага каблана Аркадзя Ізраілевіча на дэпутатку Алену Анісім, нібыта адказную за публікацыю недасканалага расследавання ў газеце «Новы час». Потым бізнэсовец прызнаў, што нагаварыў лішняга, але «асадачак застаўся». Газета ў адказ вынайшла новую прычыну прыцягнуць Ізраілевіча за вушы да будоўляў 2010-х гг. – у 2005 г. адзін з яго супрацоўнікаў, шараговы член навукова-метадычнай рады пры міністэрстве культуры РБ (усяго там было 8 чалавек), ухваліў «эскізны праект» прыдарожнага сэрвіса на 51-м кіламетры мінскай кальцавой дарогі. Здавалася б, пры чым тут рэстаран, адкрыты сёлета зусім іншай фірмай?

Больш канструктыўна выглядаюць ідэі Міколы Арцюхова, аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (у 2004–2007 гг. – сустаршыня): «Пачаць перамовы з Поедем поедим. Прыняць ад іх 2 домікі пад музей (мо перанесці ў цэнтр?) і фінансаванне мемарыяла-капліцы. Забавязаць адгарадзіцца трох-пяціметровым супрацьшумавым плотам. Дамовіцца, каб у іх была рэкламная стойка Мемарыяла, прапанаваць паўдзельнічаць у мемарыялізацыі астатніх 11 (17) месцаў генацыду мясцовага насельніцтва з боку НКВД СССР» (25.06.2018). Адказ Ганны Шапуцька («Адгароджвацца нельга, згодна з Кодэксам аб культуры. Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, і яна павінна быць бачна з усіх бакоў») не пераканаў мяне; калі ёсць жаданне кампрамісу, то знаходзяцца і магчымасці.

А вось Зміцер Дашкевіч – якому даўно за 35, а ён усё гукае ад імя «Маладога фронту» – то фактычна падбухторвае няспелыя розумы спаліць рэстарацыю, то пераносіць няўклюдныя паводзіны грамадзяніна РБ Ізраілевіча на Ізраіль – «Ізраэль» у аўтарскім напісанні… З сакавіка 2014 г., часу, калі Зміцер выйшаў на Дзень волі з партрэтамі Булак-Балаховіча ды Шухевіча, сумотна мне назіраць за эвалюцыяй гэтага «палітыка» – суцяшае хіба тое, што бываюць і горшыя.

…Хто пра што, а лысы пра расчоску. Канфлікты вакол Курапатаў сталі для мяне чарговым доказам таго, што «яўрэйская абшчына» ў Беларусі – ніякая… Былі ў яе шансы мабілізавацца ў 2001 г., калі разбуралася сінагога на Дзімітрава, 3 – але ў выніку разбурэнню рэальна спрабавалі перашкодзіць тры чалавекі, адзін з якіх на наступны дзень «саскочыў», назіраючы за пікетам ля Мінгарвыканкама з бяспечнай адлегласці.

На фоне вялікага скандалу і шматлікіх пратэстаў, у тым ліку ад 75 (! – са 109 магчымых) дэпутатаў палаты прадстаўнікоў, у калегаў была магчымасць парушыць камфорт «галоўнага яўрэя Беларусі», які давёў справу да разбурэння гістарычнага помніка на Дзімітрава й душыў ініцыятыву абаронцаў… Але ў 2004 г. на з’ездзе ў Гарадзеі яго перавыбралі аднагалосна – з крытыкай жа многія дэлегаты абрынуліся на «Мы яшчэ тут!», дзе выкрывалася неадэкватнасць «лідара». Па завядзёнцы, у сваім коле – ніхто нават не рызыкнуў звязацца з рэдакцыяй «паклёпніцкага выдання», а пагатоў падаць у суд, як гразіліся 🙂

Пасля гэтай гісторыі не здзівілі ўжо ні хабёльства «прафесійных яўрэек» на «Яме» ў 2006 г., ні рэакцыя на брыдкія заявы Рыгорыча ў 2007 годзе (у гэтым бяззубым прэс-рэлізе асабліва «дастаўляе» перавод стрэлак на Скобелева)…

«Авив», № 7-9, 2007. Ага, сцвярджэнні на прэс-канферэнцыі самі прагучалі 🙂

…ні лёгка праглынутае знішчэнне будынка драўлянай сінагогі ў Любані 2009 г., ні кааптацыя П. І. Якубовіча, на якім к таму часу не было дзе ставіць пробы, у склад «Савета абшчыны» ў сярэдзіне 2010-х гг. (ён і цяпер там) 🙁

І вось у чэрвені 2018 г., замест важкіх словаў пра Курапаты, дзе, сярод іншых, ляжаць і яўрэі, – працяглая паўза… Урэшце, вучань тав. Левіна, «галоўны прагрэсіўны рабін», заявіў, што «ёсць неабходнасць зрабіць мемарыял па прыкладзе Трасцянца, каб тыя, хто прыйшоў, ведалі, што тут адбылося». Засталіся адкрытымі пытанні, як «народны мемарыял» (шматлікія крыжы, помнік загіблым іудзеям і мусульманам, пастаўлены ў 2004-м…) інтэграваць у «Трасцянец-2», што рабіць з рэстаранным комплексам, блізкім да ўрочышча… Пазней (20.06.2018) Р. Абрамовіч, наведаўшы рэстарацыю ў спрэчнай зоне, вымавіў: «І ты маеш рацыю, і ты маеш, і я маю, як у анекдоце. Так, побач Курапаты, але побач і кальцавая дарога… Так, патрэбен музей, але як і хто гэта пачне?» Марнаслоўе з дамешкам рытарычных пытанняў – даволі танны спосаб здавацца мудрым…

«Рабініха» праявіла сябе яшчэ больш яскрава. Нават не рызыкну перакладаць гэтыя напаўпісьменныя плёткі «в виде версий» на беларускую.

Наконт звестак ад ДАІ (дапусцім, дама рэальна дзейкала з міліцыянтамі…). Сярод тых, на каго складаліся пратаколы – Наталля Гарачка, Алесь Лагвінец, Вольга Нікалайчык, Павел Севярынец, Юрый Чавусаў, іншыя жыхары Мінска. Пакінем у баку намёк на тое, што лёс урочышча Курапаты павінен хваляваць найперш мінчукоў – а чаму ў такім разе не жыхароў Мінскага раёна, да якога яно тэрытарыяльна адносіцца (?!).

Не да таго хілю, што Грыша Абрамовіч павінен адказваць за выбрыкі Ірыны. Проста яна славіцца як адна з элітных прадстаўніц «абшчыны» – дзясятак гадоў працавала ў «культурнай» суполцы «Эмуна», зараз курыруе працу з падрастаюшчым пакаленнем у аб’яднанні прагрэсіўнага іудаізму… Калі такое вярзе і так ставіцца да людзей «эліта» яўрэйскіх арганізацый РБ, то які ж там будзе сярэдні ўзровень? (Таксама не ўтрымаўся ад рытарычнага пытання, але прыватнай асобе даравальна, дый не пнуся ў аўтарытэты.)

Мінская актывістка Інэса Ганкіна самакрытычна напісала ў фэйсбуку трохі з іншай нагоды: «Магчыма, яўрэі Беларусі заслужылі тую абшчыну, якая ёсць! З усімі яе плюсамі і мінусамі». Не, я не лічу, што заслугоўваю такой «абшчыны», гнілой адсоткаў на 80-90. Раней больш актыўна спрабаваў займацца яе санацыяй, цяпер – менш. Аднак, пакуль жыву ў Беларусі, не збіраюся заплюшчваць вочы на негатыўныя з’явы. Насуперак таму, што сёлета 9 мая ля «Ямы» раіла экс-рэвізорка «абшчыны», якая прачытала-такі мой артыкул 2015 г. пра Левіна і левіншчыну: «У чымсьці справядліва… Але ты не маеш рацыю, выносячы смецце з хаты». Аз ох ун вэй, сцены скора паваляцца пад грузам смецця, схамяніцеся ўжо…

Большасць жыхароў Беларусі ўсё адно бачаць «нас» як абшчыну, і варта было б кіраўнікам яўрэйскіх арганізацый неяк будаваць яе ў няпростых умовах ХХІ ст., няхай і з аскепкаў… З чаго пачаць? Напэўна, усё ж не з пасярэдніцтва ў калякурапацкіх справах. Наўрад ці Леанід Зайдэс раіўся з рабінамі ды тутэйшымі «баронамі», калі будаваў свой рэстаран, таму не іх справа разрульваць шумную спрэчку.

Паўнакроўнае адраджэнне мовы ідыш, як паказала млявая рэакцыя на прапановы 2016 г., у Беларусі ўжо наўрад ці магчымае, і нездарма гісторык разважае пра музей як найбольш дарэчнае для ідыша месца. З вяртаннем і ўтрыманнем сінагог таксама не ўсё адназначна: вернікам і аматарам традыцый працэс патрэбен, але большасці – амаль усё роўна, пагатоў старыя будынкі, як правіла, вымагаюць немалых грошай на рамонт. Але, думаю, ніхто з беларускіх яўрэяў не аспрэчыць, што варта пашыраць прысутнасць «нашых» у тапонімах.

Сёе-тое для таго, каб выбітныя яўрэі (або, радзей, яўрэйскія матывы) фігуравалі ў назовах вуліц, апошнім часам рабілася. Так, не ўдалося ў пачатку 1990-х дабіцца вяртання ў Мінск вуліцы Яўрэйскай (з 1934 г. Калектарная) – затое ў 1996 г. з’явілася Іерусалімская, у 1998 г. – Заіра Азгура, у 2003 г. – Льва Выгоцкага, у 2005 г. – Міхаіла Гебелева… Але ж і цяпер доля вуліц з «яўрэйскімі» назовамі не адпавядае ўнёску, зробленаму яўрэямі ў развіццё Мінска цягам стагоддзяў. Ёсць шанс забіць мядзведзя.

Ці не найлепей з буйных гарадоў адлюстраваны «яўрэйскі ўнёсак» у Віцебску, дзе ёсць, прынамсі, аж некалькі вуліц Змітрака Бядулі 🙂 Па адной – Самуіла Багарада, Імануіла Велікоўскага, Іосіфа Бумагіна, Лазара Лагіна, Аркадзя Маўзона, Марка Фрадкіна, Марка Шагала (плюс праезд Шагала). Асабліва важным лічу згадаць вуліцу, названую ў 2015 г. імем знакамітага баксёра і трэнера Абрама Брына, бо сёлета 12 чэрвеня яму споўнілася б сто гадоў (спартсмен памёр у 2004 г.). Яшчэ ў 2009 г. у гонар Брына на віцебскай вуліцы Леніна ўрачыста павесілі мемарыяльную дошку.

Як бачыцца, у прынцыпе з мясцовымі ўладамі працаваць можна – не ўсе і не паўсюль адфутбольваюць карысныя ініцыятывы. Для пачатку можна было б арганізаваць «унутранае» абмеркаванне на тэму, якія знакамітыя яўрэі заслугоўваюць увекавечання ў беларускай тапаніміцы, няхай бы нават праз газеты «Авив» (наклад 250 экз.) і «Берега» (100 экз.). Потым «абшчына», прадстаўленая міжарганізацыйным камітэтам з удзелам навукоўцаў, магла б сістэматызаваць прапановы і публічна «ўпісацца» за іх.

Дзякуючы Андрэю Дубініну звярнуў увагу на японскае мастацтва кінцугі – адмысловае склейванне посуду: «Замест таго каб маскаваць паломку, кінцугі аднаўляе зламаны аб’ект, эстэтычна запаўняючы месца пашкоджвання спецыяльным швом і захоўваючы гісторыю аб’екта. Кінцугі – гэта мастацтва залатога шва: калі не можаш нешта схаваць, то паспрабуй зрабіць з відочнага дэфекта прыгажосць».

Фота з pikabu.ru

Ці зацікавяцца мясцовыя натаблі «яўрэйскім кінцугі» не на словах, а на справе? Папраўдзе, сумняюся.

Тым часам пасаду старшыні беларускай федэрацыі хакея, займаную ў 2017–2018 гг., пасля фіяска на чэмпіянаце свету пакінуў Сямён Шапіра. Шмат гадоў быў ён і міністрам сельскай гаспадаркі, і старшынёй аблвыканкамаў (Гродзенскага і Мінскага), раздаваў «каштоўныя парады» гісторыкам, а на хакеістах зубы абламаў… Цяпер кажа, што хакеем павінны займацца прафесіяналы. Што замінала зразумець тое раней і адмовіцца ад «новага прызначэння» ў маі 2017 г.? Хіба пераацэнка сваіх сілаў, а яшчэ страх перад начальствам, няўменне казаць «не», на якім у свой час пагарэў, сярод іншых, cавецкі яўрэйскі паэт Ізі Харык… Яму партыя КХП-БНФ мерыцца паставіць асобны памятны знак у Курапатах.

Доктар сельскагаспадарчых навук выявіўся адным з многіх не(да)кампетэнтных кіраўнікоў эпохі позняга лукашызму. Суцяшае, што пачуццё адказнасці за сваю працу ў яго канчаткова не знікла, і ў гэтым сэнсе «віцэ-прэм’ер» Васіль Жарко з яго жалюгоднымі адмазкамі (маўляў, не ведаў пра карупцыйныя схемы ў падначаленым міністэрстве аховы здароўя) мог бы пайсці Шапіравым шляхам. Дый не толькі Жарко – бярыце вышэй…

Пра бедныя навуку з адукацыяй. Кажуць, у свеце траціна даследчыкаў запэцканыя ў плагіяце і/або фальсіфікацыях. Колькі ж такіх у Беларусі? Тэма балючая, не раз закранутая ў серыяле, але «Васька слушает…»

Супрацоўнік мінадукацыі РБ, фэйкавы палітолаг Андруша Л., стаміўшыся выдумляць нешта новае дзеля дыскрэдытацыі апанентаў, на тым тыдні перапісаў кпіны з «Луркамор’я», сайта, закрытага ў Беларусі (праўда, не для ўсіх :)):

Вось «злонравия достойные плоды» яно як бывае, калі на дзяржаўную працу бяруць людзей без маральных тармазоў.

Але ёсць і добрая навіна: у Гродзенскай вобласці ёсць Іўеўскі музей нацыянальных культур, а ў ім з пачатку года – выстаўка «Беларускія яўрэі». Усе ў Іўе, панове!

Вольф Рубінчык, г. Мінск

02.07.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 02.07.2018  17:59

Leave a Reply