Tag Archives: Николай Анисовец

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (101)

Шалом-беларускі! «Эх, скручу я дудку…» Постюбілейны выпуск закарцела насыціць пазітывам – між іншага і таму, што летась некаторыя чытачы закідалі мне «ачарненне рэчаіснасці». На самай справе яны блыталі крытыку/сатыру з ачарненнем, аднак асадак застаўся, хочацца змыць… І тут падвярнуўся блог Галіны Айзенштадт, выпускніцы журфаку БДУ 1964 г., адстаўной супрацоўніцы белслужбы «Радыё Свабода» (у 1990-х; з пачатку 2000-х жыве ў ізраільскай Тверыі). Разважаючы на тэмы правінцыйнасці, Г. А. 04.02.2019 напісала пра Сінявокую: маўляў, «як частка СССР яна падсілкоўвалася Масквой, а галоўнае – рускай культурай». Цяпер жа «нікому гэтая краіна ў Еўропе не патрэбна і нецікава, дый нечага значнага яна так і не здзейсніла... Паводле знешніх атрыбутаў Беларусь – сучасная дзяржава, а паводле ўнутраных, на жаль, глухая правінцыя». Думаю, ніхто не закіне мне залішнюю філантропію, пагатоў шушкевічафілію ды лукашэнкафілію, але гэткія развагі – занадта і для мяне. Не адчуваю сябе ў Мінску жыхаром правінцыі, а вось у познім СССР – такi адчуваў.

Але, можа, я адзін такі? Вось і чалавек з іншым бэкграўндам, чым Галіна А. – доктар гістэрычных гістарычных навук Леанід Лыч, якому 8 лютага споўнілася 90, – сцвярджае: «Дзяржаўная суверэннасць нічога нам не дадала ў нашай этнакультурнай самабытнасці. Больш за тое, яна забрала ў нас тое, што захоўвалася пры савецкай уладзе. Я лічу апошнія 25 гадоў самымі хмарнымі, бо тых этнакультурных стратаў, якія мы панеслі за гэты час, мы не ведалі за ўсю нашу гісторыю». Прафесар, чый праект беларускамоўнай рэзервацыі сур’ёзна абмяркоўваўся два гады таму, відаць, не давярае «сваім»: «цяпер у нашага народа такое ўражанне, што ў нас няма нічога свайго, што беларуская мова і культура — гэта выдумка, што мы — рускія. Не дай Божа, калі сюды прыйдуць рускія войскі. Хоць Лукашэнка і кажа, што кожнаму беларусу дадуць па аўтамату — кожны беларус выкіне яго і скажа: Дык ідуць да нас нашыя людзі!»

Далёкі ад падобных заяў, праз FB-акаўнт Арона Шусціна я звярнуўся да чытачоў незалежнага ізраільскага сайта, сярод якіх нямала маіх суграмадзян. Папрасіў іх адказаць на досыць наіўнае пытанне: «Што добрага вам помніцца за 27 гадоў існавання Рэспублікі Беларусь; чым, створаным у Сінявокай за гэты час, рэальна можна ганарыцца? Называйце што заўгодна: творы мастацтва, літаратуры, навуковыя адкрыцці, паспяховыя бізнэс-праекты…» Спадзяваўся, што з адказаў складзецца пазл, і будзе рэальная карціна дасягненняў Беларусі, убачаная не праз ідэалагічныя акуляры. У нейкай ступені так і выйшла.

Дзякуй чытачам за адказы кшталту «Людзі ёсць добрыя [ў Беларусі]», але мелася на ўвазе крыху іншае, на што намякае слова «створаным» у пытанні 🙂 Добрыя людзі былі і «за саветамі», мо’ нават у большай колькасці…

Піша Уладзь Рымша: «Сумнае і радаснае дасягненьне: за 27 год Беларусі беларуская мова робіцца ўжытковай і ў бізнэсе, і ў вытворчасьці, і на вуліцах гарадоў». Вось ужо нешта… Да таго ж мінчук Рымша сам займаецца бізнэсам і вытворчасцю, таму ведае, што кажа. Дадам, што чыноўнікі ды іншыя адказныя асобы ўсё часцей адказваюць па-беларуску на белмоўныя звароты; сем год таму гэта ўвайшло ў закон, і норма больш-менш дзейнічае.

Даўняя аўтарка сайта Інэса Ганкіна, таксама з Мінска: «Новы будынак бібліятэкі. Магчыма, можна было лепей, але ў гэтай бібліятэцы рэальна можна працаваць. (Хуткасць доступу да фондаў і г. д.). Нармальны сучасны вакзал, хаця б не сорамна сустракаць гасцей, культурныя музычныя праекты каля ратушы. Вось тры першых рэчы, якія прыходзяць у галаву і якімі актыўна рэгулярна карыстаюся. Яшчэ помнікі на месцах знішчэння ахвяр Халакосту з нармальнымі надпісамі і догляд за імі дбаннем мясцовых школьнікаў. Такіх месцаў многа...».

Вольга Маёрава (грамадская актывістка, Мінск): «З’яўленне аўтарскіх скульптур і муралаў у гарадах. Гэта гаворыць пра тое, што чалавечае вымярэнне становіцца важным, нягледзячы ні на што». Дапраўды, шмат чаго карыснага ў сучаснай Беларусі робіцца не «дзякуючы» (уладам, грамадскай думцы), а «насуперак»… Але ж робіцца.

Партрэт М. Шагала на віцебскай трансфарматарнай будцы – з’явіўся ў 2015 г., да 100-годдзя шлюбу Марка і Бэлы (фота адсюль); «Дзяўчына ў вышыванцы» ад брытанца Гвіда ван Хелтэна, каля мінскага ўніверсітэта культуры (2015, адсюль)

Cцвярджэнне яшчэ адной актывісткі Таццяны Севярынец, экс-настаўніцы з Віцебска, маці траіх вядомых у Беларусі людзей – «я ўсвядоміла сябе беларускай і прыйшла да Госпада» – быццам бы чыста асабістае. Аднак і яно паказвае, што не ўсё так пагана ў нас, як малююць некаторыя…

Устаўлю сваю грыўню. Калі пад канец існавання СССР большасць жыхароў Беларусі атаясамлівала сябе з Саюзам, дый першы час пасля снежня 1991 г. захоўваўся «фантомны боль», і «савецкіх» людзей было тут больш, чым беларусацэнтрычных (помню, якую рэакцыю ў Мінску выклікала процістаянне Ельцына ды Вярхоўнага Савета Расіі ў 1993 г. – за ім напружана сачылі, быццам бы яно ішло ва ўласнай краіне, і нават Васіль Быкаў, на той час – актывіст «незалежніцкага» БНФ, падпісаў ад імя расійскай інтэлігенцыі несамавіты «ліст 42-х»), то цяпер, у 2010-х, прапорцыя памянялася. Падрасло новае пакаленне, для якога Масква ніяк не бліжэйшая за, дапусцім, Варшаву або Вільнюс. Мяне, калі браць сталіцы постсавецкай прасторы, у 2013–2014 гг. найбольш грэў Кіеў… Пасля забойстваў Алеся Бузіны і Паўла Шарамета, нераскрытых, адпаведна, з красавіка 2015 г. і ліпеня 2016 г., цягацца туды няма ахвоты, але і Крэмль з Маўзалеем мала вабяць.

Карацей, за 27 гадоў незалежнасці грамадства ў Беларусі набыло адпаведную ідэнтычнасць, няхай недасканалую. І пацаватыя спробы шукаць у нас «цэнтр Еўропы», папулярныя тутака ў 1990–2000-х гадах, свой станоўчы ўплыў, пэўна, мелі.

Яшчэ адзін «цэнтр» – знак «Пачатак дарог» на Кастрычніцкай плошчы Мінска. Пастаўлены ў 1998 г.

У свеце Беларусь заявіла пра сябе тысячамі (калі не мільёнамі) галасоў, у тым ліку маім 🙂 Сціпла выкананыя кнігі мінскай выдавецкай суполкі «Шах-плюс», пераважна беларуска- ды ідышамоўныя, захоўваюцца ў бібліятэках ЗША, Ізраіля, Нідэрландаў, Расіі; прадаюцца, як мінімум, праз два расійскіх і адзін чэшскі сайт. (Спецыяльна для ахвотных дакалупацца да «Шах-плюс» пасродкам падатковай службы; на жаль ці на шчасце, не ведаю, хто выставіў на продаж тыя выданні, і «навару» ад гэтай рэалізацыі не маю.)

Беларускія пісьменнікі здабылі безліч міжнародных прэмій – варта згадаць і Нобелеўскую 2015 г., як бы я ні ставіўся да поглядаў лаўрэаткі. Што паробіш, не ўсе еўрапейцы ў курсе, што «гэтая краіна» нікому не патрэбная, не цікавая… Але эмігрантцы з берагу Кінэрэта (гл. пачатак серыі), вядома, відаць лепей. ¯\_(ツ)_/¯

Комплекс правінцыйнасці – калі ён у іх і быў – пераадолелі многія беларускія музыкі, запатрабаваныя на Захадзе і Ўсходзе, Поўначы і Поўдні. Адразу назаву этна-трыа «Троіца» і кабарэ-бэнд «Серебряная свадьба». Апошні, праўда, з 2016 г. ужо не грае, аднак 10 год ён «руліў»! Дый пазнейшыя праекты экс-удзельнікаў цікавыя людзям (пра гастролі «мікракабарэ» ў Ізраілі гл. тут).

Важным праектам у 1990-х быў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Мінску, заснаваны ў 1992 г. – не адно месца навучання, а і агмень для інтэлектуалаў з розных краін. Так, у 2004 г. ЕГУ выселілі з Беларусі, i ў Вільні ён ужо «не торт», але закладзенае ў пачатку працягвае турбаваць розумы. Напрыклад, уладальнік культавай кнігарні «Логвінаў» наўрад ці здолеў бы «раскруціцца» без папярэдняй працы ў ЕГУ (начальнікам рэдакцыйна-выдавецкага аддзела).

Згодзен з Інэсай Ганкінай у тым, што Нацыянальная бібліятэка – хутчэй у плюс незалежнай Беларусі, колькі б ні гучала кпінаў з гэтага «чупа-чупса». Доўгі час я не наведваў новы будынак праз незадаволенасць «кампанейшчынай» з яго стварэннем – дый тое, што на будоўлю 500 тыс. долараў ахвяраваў быў Садам Хусейн, энтузіязму не абуджала… А потым я вырашыў, што мухі асобна, катлеты асобна. З канца 2000-х час ад часу заязджаю ў НБ – і ў цэлым не шкадую, дарма што недахопаў у працы тамтэйшай адміністрацыі нямала (прыклад; праблема не вырашана дагэтуль).

Новы чыгуначны вакзал у Мінску, адкрыты гадоў на пяць раней за бібліятэку (у самым канцы 2000 г.), не здаецца мне такім ужо цудоўным, але я гатовы згадзіцца, што яго дызайн – крок уперад у параўнанні з ранейшым. Калі ўжо казаць пра навабуды, то больш цешыць метро, якое ў час незалежнасці вырасла прыкладна ўдвая – як паводле колькасці станцый, так і водле працягласці ліній.

Увекавечанне памяці загінулых пад акупацыяй 1941–44 гг. – тое, што дазвалялася і віталася ў незалежнай Беларусі з першых дзён яе існавання (гэта не ліпеньскія дні 1994 г.). Усталяванне помнікаў яўрэям, ахвярам гетаў і канцлагероў, актывізавалася ў 2000-х гадах – шмат у чым дзякуючы замежным фундатарам. Галоўнае, за 30 гадоў зменшыўся побытавы антысемітызм. Калі верыць адчуванням, то цяпер «дэманізуе» яўрэяў/Ізраіль куды меншая частка жыхароў Беларусі, чым на рубяжы 1990-х гадоў. Людзі зрабіліся больш прагматычныя, а праз тое талерантныя… ці проста абыякавыя да этнічных пытанняў. Хаця, вядома, выняткаў хапае, і ксенафобія не прыдушана ў краіне.

Я не супраць прадоўжыць тэму «пазітываў» у наступнай серыі «Катлет…». Шаноўныя, а раскажыце пра вашы ўласныя грамадска значныя дасягненні ў 1992–2019 гг.! Калі не мы, то хто? 🙂

«Вольфаў цытатнік»

«Ёсць шмат прыкмет таго, што ў найшырэйшых пластах народу, перадусім у рабочым асяроддзі, адчуваецца патрэба ў ідэалогіі, на якую магло б абаперціся негатыўнае стаўленне да рэжыму і яго афіцыйнай дактрыны… Навукоўцы паводле свайго складу працы, становішча ў нашым грамадстве і ладу мыслення ўяўляюцца мне найменш здольнымі да актыўнага дзеяння. Яны ахвотна будуць “разважаць”, але вельмі нерашуча дзейнічаць» (Андрэй Амальрык, «Ці праіснуе Савецкі Саюз да 1984 года?», 1969)

«Дамінаванне запыту на сацыяльную справядлівасць [у Расіі] пакуль што не дазваляе казаць пра левы паварот, левую альтэрнатыву. Для гэтага трэба зафіксаваць, прынамсі, запыт на салідарнасць гатоўнасць да калектыўных дзеянняў у адстойванні права на працу і годнае ўзнагароджанне за працу. Гэткі запыт мае перадумовай актывісцкую ўстаноўку імпэт, які шукае выйсця ў калектыўных пратэстных дзеяннях. І не проста імпэт, а спантанную арганізацыю ў форме прафсаюзаў і камітэтаў прамога дзеяння.

Цяперашні запыт суправаджаецца пасіўнай устаноўкай хтосьці, а не сам суб’ект, павінен прыйсці і выправіць непрыемную сітуацыю. Хтосьці, не сам суб’ект, павінен узяць на сябе адказнасць за дзеянні па выпраўленні становішча. Слабасць масавых калектыўных дзеянняў…, кажа аб тым, што атамізацыя выбаршчыкаў зусім не пераадолена, а хутчэй наадварот іменна атамізацыя вызначае логіку паводзін. І яна ж вызначае вобраз агульнай будучыні, дакладней яго адсутнасць». (Лявонцій Бызаў, 19.01.2019).

«Грамадскае меркаванне, даследаванае ў ходзе апытанняў, і рэальныя грамадскія паводзіны ніколі не супадаюць». (Аксана Шэлест, 21.01.2019)

«У нас шмат мудрацоў, якія ведаюць, чаму мы кепска жывём, але вельмі мала з іх здольных быць шчырымі і нястомнымі Майсеямі. У гэтым, мяркую, на сёння наша галоўная праблема» (Мікалай Анісавец, 05.02.2019)

«Мы з вамі не павінны быць ні залатымі рыбкамі, у якіх памяць захоўваецца паўтары хвілі, ні шчанюкамі, якія кожныя паўтары хвілі адхіляюцца на новы раздражняльнік». (Аляксей Навальны, 05.02.2019)

«Ідэя “прымусовага шчасця” ўсё больш авалодвае масамі» (Ілья Канстанцінаў, 05.02.2019)

Вольф Рубінчык,

г. Мінск 09.02.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 09.02.2019  21:04

Водгук ад д-ра Ю. Гарбінскага (11.02.2019):
“Правінцыяльнасць” мыслення тых, хто думае і піша пра Менск і Беларусь як “правінцыю” (у розных семантычных канфігурацыях) сведчыць як мінімум пра комплекс постсавецкасці. Хвароба сур’ёзная. Але, на шчасце, – не смяротная… :))) Важна, хто, чым і як хутка будзе яе лячыць.