Tag Archives: милиционеры-универсалы

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (103)

Эвенкі, шалом-алейхем! Але ж я не пра Эвенкію, я пра Тутэйшыю. На словах культура – найважнейшы стратэгічны рэсурс і бла-бла-бла. На справе… Cёлета дзяржаўную ўстанову «Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры» ўзначаліў нядаўні намеснік начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама – і праўда, не мастаку ж А. Сураву яе давяраць! $-)

Гэтая вестка – не толькі аб тым, як жывецца лаяльным «сілавікам» у сучаснай РБ (часам яны ператвараюцца ў медыябосаў), а і пра заробкі ў сферы дзяржаўнага кіравання культурай. Загадчыку цэнтра сёлета абяцалі плаціць «ад 370 бел. рублёў», г. зн. ад 175$ на месяц; насамрэч, прафесіянальны менеджар з мінімальнай самапавагай наўрад ці пойдзе на гіпатэтычныя 250-300$, а экс-міліцыянту з пенсіяй «па выслузе гадоў» акурат нармальны прыварак. Ну, а памерці культурцы ў абласным горадзе – паводле задумы стваральнікаў гэтай сістэмы – не дадуць энтузіясты… :-<

Забяспечыўшы сабе апору ў выглядзе вайсковай пенсіі (праўда, палову яе абяцае аддаваць на развіццё раптоўна збяднелай «Хартыі»), упарта хоча зрабіцца прэзідэнтам краіны Мікола Статкевіч, дарма што яго, скарэй за ўсё, не зарэгіструюць перад наступнымі «выбарамі» праз непагашаную судзімасць. Аблом ужо адбыўся ў ліпені 2015 года… Перад тым я дзякуючы Марыне Адамовіч запісаўся быў у Статкевічаву ініцыятыўную групу – больш для таго, каб падтрымаць палітвязня, чым для дасягнення рэальных палітычных мэт.

Рэдка згаджаюся з аўтарамі сцёбна-скандальнай «БелГазеты» («нам хуліганаў не трэба, мы самі хуліганы»), але тут Янка Грыль слушна адзначыў: «Так, падпалкоўнік заслужана любімы радыкальна-апазіцыйным электаратам, але ён – акцёр адной ролі: сабраць у цэнтры Мінска 200-300 пратэстоўцаў на несанкцыянаваную акцыю, сказаць што-небудзь гучнае, потым звесці ўсіх куды-небудзь далей. Усё гэта можна зрабіць і без рэгістрацыі кандыдатам». Альтэрнатыўнае меркаванне – на сайце «Народнай грамады» (незразумела, праўда, як адсутнасць выбараў спалучаецца з наяўнасцю «перадвыбарнай сітуацыі», якая быццам бы прывядзе да «найвышэйшай палітызацыі грамадства»).

Пра тое, як беларусаў цікавяць без-пяці-хвіляў кандыдаты Алена Анісім, Сяргей Скрабец, Мікалай Статкевіч, ускосна можна даведацца паводле адной дэталі – дынамікі наведвання іхніх старонак у беларускай «Вікіпедыі» за апошні месяц. Адноснае падвышэнне цікавасці (пасля амбітных заяў А. А. і М. С. – ажно да 18-32 наведванняў на дзень! :)) – і зноў стагнацыя… Нейкія шансы ў іх меліся б, калі б назіраўся ўстойлівы рост штодня, ці прынамсі штотыдня.

Так, напоўніцу ўключыўшы сучасныя медыятэхналогіі (каб не сказаць «медыязброю»), у прынцыпе, і пустое крэсла за год можна «раскруціць» да прэзідэнцкага фатэлю – успомнім аднаго расійскага ФСБ-шніка на рубяжы вякоў – ды хто з названых беларускіх актывістаў мае да той медыязброі доступ? Таму ў выпадку рэгістрацыі як Анісім, так і экс-вязень Скрабец (хацеў вярнуцца ў парламент, дзе шчыраваў у 2000–2004 гг., аднак летась не трапіў нават у дэпутаты гарсавета), а тым болей Мікола з АГП або «засвабодавец» Юрась вырачаны будуць граць ролю падтанцоўкі… Зрэшты, Алена Мікалаеўна нават не хавае таго, што на перамогу не разлічвае. Яе мэта – чарговы раз папіярыць сваё таварыства белмовы… напрыклад, у эфіры тэлеканала АНТ надоечы прагучала, што ў ТБМ 6000 сяброў, маўляў, далучайцеся. Дапамагаюць ёй з піярам тутэйшыя русафілы русацяпы, якія ўсё спрабуюць нацягнуць на цётку Алену адказнасць за публікацыі ў газеце «Новы час» (фармальна – выданні мінскай суполкі ТБМ), дзе нібыта праслаўляліся чачэнскія тэрарысты. І гэты феерычны наказ тутэйшага «палітолага» (?) Алеся Ш. пад загалоўкам «Анісім павінна пакаяцца!»: «Анісім як народны абраннік з аднаго боку, як чалавек і жанчына з другога боку, павінна была заявіць пазіцыю» :0)

Чытаў я тыя артыкулы Міколы Дзядка. Ён не ўсхваляў небезвядомых чачэнцаў, ён паказваў розныя аспекты іхніх лёсаў – больш складаных, чым падаецца ў прапагандных мэтах. Каментуючы біяграфію Шаміля Басаева, Дзядок напісаў: «Безумоўна, забойства мірных грамадзян і захоп у закладнікі бяззбройных не могуць быць апраўданыя нічым: ані барацьбой за веру, ані нацыянальна-вызваленчымі матывамі». Праўда, тут жа агаварыўся: «Стварыць з чалавека пудзіла — лёгка. Разабрацца ў матывах яго ўчынкаў — нашмат цяжэй. У жорсткім і крывавым канфлікце, дзе абодва бакі дазваляюць сабе забіваць бяззбройных і прыкрывацца грамадзянскімі асобамі, пошук больш вінаватага і менш вінаватага — справа маральна няўдзячная». От няма ў мяне ахвоты разбірацца ні ў тым, хто ў 1990-х больш злачынстваў нарабіў на войнах, расійцы або чачэнцы, ні ў іхніх матывах… Галоўнае, канстатую, што скандал вакол публікацый інтэрнэт-выдання быў раздзьмуты на пустым месцы; Дзядок і «Новы час» не заклікалі да гвалту/варожасці, гэтаксама як у свой час – «рэгнумаўцы», а на ўласнае бачанне кожны мае права.

Паслухаў інтэрв’ю, якое Жанна Нямцова зрабіла з Дар’яй Жук. Паслясмачча так сабе, але рэжысёрка – якая, нагадаю, з 1996 г. жыве ў ЗША, а ў Беларусі бывае набегамі наездамі – даволі трапна злавіла перамены ў настроі беларусаў, асабліва маладых. Людзі гойсаюць па ўсім свеце, авалодваюць заходнімі мовамі, і расійская культурна-палітычная прастора ім ужо не настолькі вабная, як тое было ў 1990-х.

Не шмагла не адгукнуцца на гутарку Галіна Айзенштадт, жыхарка Ізраіля, згаданая ў 101-й серыі: «Лукашэнка пасля нядаўняй сустрэчы з Пуціным сказаў, што трэба будзе спытацца ў рускіх і беларусаў, ці хочуць яны аб’ядноўвацца. З гэтага можна зрабіць выснову, што разглядалася пытанне і аб правядзенні адпаведнага рэферэндуму. І няўжо ў Беларусі народ выступіць супраць?… Беларусь жа толькі знешне незалежная, але эканамічна цалкам залежыць ад Расіі. Так што практычна яна ўжо з’яўляецца яе часткаю».

Гэта другі раз, калі згадваю ў «Катлетах & мухах» допісы Г. А., і, хутчэй за ўсё, апошні (бо аўтарка занадта прадказальная, дый няма яе ў Сінявокай амаль 20 год). Проста закарцела паказаць, да чаго даводзіць шматгадовая праца на беларускую службу «Радыё Свабода» і рэгулярнае спажыванне інфатрэшу ад расійскіх дзяржаўных каналаў. Дзеці! Не рабеце ні таго, ні другога.

Але, на жаль, у РФ не толькі тэлепрапагандысты малююць Беларусь як цалкам залежную, «практычна частку». На днях са здзіўленнем даведаўся, што на два мае артыкулы ў расійскім часопісе «Диаспоры» за 2002 г. спасылаюцца і ў навуковых зборніках сярэдзіны 2010-х гадоў… З аднаго боку, прыемна; з другога, вядучая супрацоўніца інстытута ўсходазнаўства Расійскай акадэміі навук магла б і ведаць, што даследчыка з Беларусі не варта адносіць да «айчынных» (дарэчы, ніколі не вучыўся я ў Расіі – толькі ў Мінску). З трэцяга… можа, спадарыня Насенка-Штэйн мела на ўвазе, што мы суайчыннікі па дахадзяжнай «Саюзнай дзяржаве» Расіі і Беларусі, нібыта заснаванай у 1999 г.?

Пані Чысцякова з Уральскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта проста назвала мяне «расійскім сацыёлагам» (?! – у часопісе было ясна пазначана: «аспирант Республиканского института высшей школы Белорусского государственного университета, г. Минск») Дый сваім артыкулам пра яўрэяў Беларусі канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў я, здаецца, не даваў падстаў сцвярджаць, што многія з іх (нас) былі «рускія паводле культуры». Паводле перапісаў насельніцтва 1999 і 2009 г. рускую мову большасць беларускіх яўрэяў сапраўды ўважала за родную, ды мова – далёка не ўсё для этнакультурнай ідэнтыфікацыі. Дадам: пагатоў для палітычнай…

Між іншага, улетку 2013 г. ад трохдзённага візіту ў Смаленск з яго «Еўраоптамі» ў мяне засталося ўражанне, што Беларусь менш залежыць ад Расіі, чым наадварот 😉 Але давайце зараз па… зюкаем пра менш спрэчныя рэчы.

150 гадоў таму ў Калінкавічах нарадзіўся, а 100 год таму памёр Іосіф-Хаім Дарожка, пісьменнік і настаўнік. «З імем Дарожкі звязана арганізацыя новай яўрэйскай школы ў Калінкавічах, дзе вывучаўся іўрыт». – пісала І. Герасімава пазалетась (можна пачытаць тут). Цікава, ці адзначаць яго юбілей у родным горадзе? У тым жа 1869-м годзе ў Беразіно з’явіўся будучы рэвалюцыянер Аляксандр Гельфанд, aka Парвус… Апрыёры гэта менш сімпатычны чалавек – настолькі хітрамудры, што «двойчы народжаны», мог з’явіцца і ў 1867-м – але таксама зямляк і заслугоўвае памяці.

 

I.-Х. Дарожка, А. Гельфанд. Здымкі з іўрыцкай кнiгi, прысвечанай Калінкавічам, i wikipedia.org

Цікавы пісьменнік нарадзіўся 140 год таму ў Слуцку і пражыў доўгае, напружанае жыццё (17.01.1879 – 01.10.1971) – Залман Вендраў, ён жа Давід Вендраўскі. Жыў і ў Польшчы, і ў Вялікабрытаніі, і ў ЗША – а памёр у СССР, за Сталіным паспеўшы і ў лагерах пасядзець. Ягоныя апавяданні перакладаліся з ідыша на рускую – прачытайце, калі знойдзеце. Таксама ёсць сумневы ў годзе нараджэння – некаторыя пішуць «1877». Яго параўноўвалі з «ветэрынарам», добрым доктарам яўрэйскай літаратуры…

А вось яшчэ 150-гадовы юбілей, ужо такі адсвяткаваны, – другога чэмпіёна свету па шахматах Эмануэля Ласкера (24.12.1868 – 11.01.1941), які хоць і нарадзіўся па-за межамі Беларусі (на «польскай» тэрыторыі Германіі), але заязджаў да нас не раз… Хочаце больш падрабязнасцей, прачытайце мой артыкул «Эмануіл Ласкер і Беларусь» – у часопісе «Роднае слова», Мінск, № 1, 2019. На часопіс з яго рубрыкай «Беларускія шахматы» можна падпісацца – або на папяровую версію, або на электронную. Альбо, гэта опцыя для самых крутых, на абедзве.

Кніга выбраных апавяданняў З. Вендрава, кніга выбраных партый Э. Ласкера (з партрэтамі герояў). Крыніцы: amazon.com & oz.by

Пасля мінулай серыі з залы паступіла пытанне, хто такі «мізантраполаг»? У першым набліжэнні – той, хто вывучае мізантропаў або проста цвердалобых мудакоў, гэткая трактоўка сустракалася ў літаратуры. Аднак я не паважаў бы сябе, каб не паспрабаваў развіць паняцце… Карацей, гэта мізантроп, які займаецца антрапалогіяй. Дапускаю, што такіх у навуцы большасць, што вывучэнне чалавекаў у масе так ці іначай вядзе да мізантропіі. Разам з тым не магу пагадзіцца з калегам Макарэвічам, які следам за Эдгарам По заявіў, што на Зямлі мінімум 80% насельніцтва – ідыёты… Я думаю, толькі 78%; у крайнім выпадку – 79,5.

«Вольфаў цытатнік»

«На гісторыю глядзім праз акуляры літаратуры, мастацтва… У нас як упруцца ў нейкае прозвішча, дык будуць яго скланяць на ўсе лады, хоць за ўвагай застаюцца вартыя большай увагі». (Максім Танк, 1990-я гг.)

«Я ўмею маляваць, перамаўляцца і чытаць, а апрача гэтага, не ўмею практычна нічога. У крайнім выпадку магу адкрыць халадзільнік… Калісьці, у маладыя гады, я хацеў стаць карыкатурыстам. А ў выніку стаў карыкатурай» (Карл Лагерфельд, 1933–2019)

«Карыснае практыкаванне – спачатку боль, потым асалода. Бескарыснае практыкаванне – спачатку асалода, потым пустэча» (mankubus, 11.02.2019)

«Магчыма, ва ўрадзе і ёсць людзі, знаёмыя з матэматыкай, але яны, ствараецца ўражанне, добра маскіруюцца. Відаць, апасаюцца, што выганяць са словамі нам вялікія матэматыкі не патрэбны”» (Юрый Пшоннік, 18.02.2019).

«Украіне патрэбны непалітычны прэзідэнт. То бок патрэбны ўкраінскі Гавел. І нават калі Зяленскі з’яўляецца пародыяй на Гавела, усё роўна гэта лепей, чым бізнэсовец постсавецкага ўзору» (Станіслаў Бялкоўскі, 19.02.2019).

«21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы… Толькі і размоваў у беларускім сеціве, што пра мову родную! Што каму баліць, той пра гэта і кажа. Было б здорава перанесці моўнае пытанне са сферы абароны ў сферу актыўнага ўжывання» (Дар’я Ліс, 20.02.2019).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

23.02.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 24.02.2019  01:17

***

Водгукi

На жаль, у нашай усходняй суседкі «фантомныя болі» не праходзяць. Я гатовы з Вамі згадзіцца, што ў бліжэйшыя пару гадоў няма падстаў хвалявацца наконт пагроз незалежнасці Сінявокай, але Расія – па-ранейшаму той шчупак, які патрэбны, каб карась не спаў (у шапку). Прынамсі, уявіць, што ў 2091 г. расійскія афіцыйныя асобы будуць удзельнічаць у святкаванні стагоддзя нашай незалежнасці, як у 2005 г. шведскія ўдзельнічалі ў святкаванні нарвежскага юбілею, – даволі цяжка.

П. Рэзванаў, Мінск

Дадана 26.02.2019  13:31

***

Siarhei Sparysh , 27 февраля в 17:13

Несколько комментариев:

” Мікола Статкевіч, дарма што яго, скарэй за ўсё, не зарэгіструюць перад наступнымі «выбарамі» праз непагашаную судзімасць”
Ну, это будет отличной демонстрацией того, что в стране нет честных выборов и отличным дополнительным стартом для протестной кампании. Нормальный вариант. Как будто, если соизволят не нарушать закон и зарегистрируют, то внезапно соизволят и посчитать голоса.

“ён – акцёр адной ролі: сабраць у цэнтры Мінска 200-300 пратэстоўцаў на несанкцыянаваную акцыю, сказаць што-небудзь гучнае, потым звесці ўсіх куды-небудзь далей. Усё гэта можна зрабіць і без рэгістрацыі кандыдатам”
Автор паксвиля почему-то “забыл” о крупных акциях, организатором или одним из организаторов которых был Н. Статкевич. Интересно, почему?

“(незразумела, праўда, як адсутнасць выбараў спалучаецца з наяўнасцю «перадвыбарнай сітуацыі»”
Всё довольно просто: готовится очередной цирк с целью оставить у власти надоевшего всем придурка. Это напрягает многих. Кроме того, не забываем про фон: экономические/социальные проблемы
и угроза независимости.

“Пра тое, як беларусаў цікавяць без-пяці-хвіляў кандыдаты Алена Анісім, Сяргей Скрабец, Мікалай Статкевіч, ускосна можна даведацца паводле адной дэталі – дынамікі наведвання іхніх старонак у беларускай «Вікіпедыі» за апошні месяц.”
Посмотрите статистику посещений сайта Н. Статкевича, например. Посмотрите любой интернет-опрос о том, за кого люди будут голосовать на “выборах” или какого кандидата поддерживают. Даже если опрос проводится каким-нибудь Лебедько, единственный альтернативный луке кандидат с заметным положительным рейтингом – это Н. Статкевич. Остальные – в границах арифметической погрешности.

Да, эти опросы могут говорить только о внутреннем ранжировании в среде “альтернатив” луке. Но они говорят весьма однозначно.
Есть большой спрос на альтернативу. И есть одна реальная альтернатива – Н. Статкевич.

Поэтому умоляю: не говорите “Анисим, Статкевич, Лебедько, Птибурдюков и пр.”. Есть Статкевич и есть все остальные, которых нет.

Siarhei Sparysh,  27 февраля в 17:18

Добавлю личные наблюдения. Когда работал на заводе, то в разговорах о политике часто звучал такой рефрен: “оппозиция – кучка пидорасов”. Но если разговор длился больше минуты, люди начинали вспоминать: но Статкевич – нормальный мужик. Потом могли вспомнить Некляева, изредка кого-то другого. Часто путали их. Бывало, что Статкевич оказывался поэтом (“нормальный мужик, но он поэт, поэтому президентом не станет”), а Некляев – бывшим офицером милиции. То есть далеко не все в народе достаточно информированы (ВНЕЗАПНО в стране, где СМИ под плотным колпаком ГБ).

Но имя Статкевича – в ряду первых всегда.