«У ботах гумовых ідзе сакавік…»

Ізноў палітбложак – ні галавы, ні ножак. А хто абяцаў, што я буду маўчаць? 🙂

Здзейснілася! Філосафка Таццяна Шчытцова распрацавала курс «Беларуская рэвалюцыя. Пачатак». Прапануе задумацца над пытаннем: «Якія структурныя перадумовы вызначаюць ключавыя рысы і ўнікальнасць Беларускай рэвалюцыі?» У сямі тэмах – многа мудрых слоў, напрыклад: «Структурныя фактары грамадзянскай консалідацыі: кантынгенцыя, гегемонія, антаганізм». Што, на жаль, не адмяняе відавочнай з’явы: спярша заяўляецца, што пачалася «рэвалюцыя» («падзеі ў Беларусі пасля абвяшчэння вынікаў выбараў набылі рэвалюцыйны размах»), потым пад гэтую спрэчную тэзу падганяюцца факты…

Т. Шчытцова

У снежні 2020 г. тлумачыў, чаму падзеі апошніх месяцаў – НЕ рэвалюцыя (магчыма, найбольш адэкватны тэрмін – «хваляванні»). У студзені падкінуў яшчэ парачку аргументаў – усё як гарохам аб сцяну. ОК, палітык, якому 2 сакавіка споўнілася 90, у 1987-м таксама верыў сам і іншых пераконваў, што «рэвалюцыя працягваецца». Напэўна, большасці з нас некалі хацелася апынуцца ў 1917-м і паказаць продкам, «як трэба» – адсюль цяга да гучных слоў у сумным 2021-м, годзе, што кідаецца на плечы, бы той ваўкадаў мандэльштамаўскі.

Многае робіцца ясней, калі даведацца, што д-р Шчытцова ўваходзіць у «Каардынацыйную раду» пры Святлане Ціханоўскай (пашыраны склад). З месяц таму была прынята заява «з нагоды Усебеларускага народнага сходу», у тым ліку і ад імя шаноўнай лектаркі: «Мы, 56 прадстаўнікоў асноўнага складу і 5534 удзельнікаў і ўдзельніц пашыранага складу КР, супраць маналога і прадстаўлення сходу лаяльных уладам дэлегатаў як народнага». Я таксама зусім не фанат УНС, але ці была сярод пяці з паловай тысяч удзельнікаў КР згода з тым, што праўладную імпрэзу трэба раздраконьваць ажно ў цэлай заяве – сумняюся. Дый што прапаноўвалася як альтэрнатыва? «Заміж удзелу ў фіктыўным працэсе рэгіструйцеся на платформе народных прадстаўнікоў “СХОД” і абмяркоўвайце лёс Беларусі з абранымі большасцю беларусаў дэлегатамі».

Віртуальны «Сход» я згадваў на пачатку лютага. У прынцыпе, дадатковая платформа, дзе выказваюцца актывісты, не шкодзіць, але выдаваць яе за нешта супер-пупер легітымнае?.. Планавалася, што «народныя прадстаўнікі» будуць вылучацца ад 328 участкаў па ўсёй краіне; вылучыліся толькі ад 151. Агулам за іх прагаласавала 89335 чалавек – калі гэта «большасць беларусаў», то я султан Брунэя.

Між іншага, рэкламуючы (піярачы?) «Сход», КР секанула па суку, на якім сядзела. На галоўнай старонцы ейнага сайта сказана: «Каардынацыйная Рада з’яўляецца адзіным прадстаўнічым органам беларускага грамадства». Як з адзінкавасцю не выйшла і спатрэбілася «памнажэнне сутнасцей», то прасцей, пэўна, было самараспусціцца…

Яшчэ заява з разраду «калі рэчаіснасць не падпарадкоўваецца нашым схемам, тым горай для рэчаіснасці». Святлана Алексіевіч павіншавала Міхаіла Гарбачова з днём народзінаў (няма пярэчанняў) і дадала: «колькі б новых пакаленняў ні прыйшло і з чым бы яны ні прыйшлі, Вы для ўсіх будзеце галоўным чалавекам ХХ стагоддзя» (тут ужо намячаецца лёгкая нязгода). Мо-такі не варта прамаўляць за ўсе пакаленні? У гэтым стагоддзі я згадваў Міхаіла Сяргеевіча разоў 10 – нават не кожны год. Маладзейшым увогуле трэба доўга тлумачыць, у чым заслугі генеральнага сакратара ЦК КПСС 1985-1991 гг.

Стаўлюся да Гарбачова неадназначна. У час «перабудовы» мне было 8-14 гадоў, што, натуральна, пазбаўляла многіх клопатаў. Але цяпер, праз 30 год, не магу не разумець, што былы палітвязень Аляксандр Падрабінек шмат у чым меў рацыю, выкрываючы міф пра Гарбачова як «рэфарматара, міратворца і аўтара дэмакратычных пераўтварэнняў». Напэўна, «Горбі» сапраўды найчасцей кіраваўся добрымі намерамі, аднак ляпіў памылку за памылкай, і некаторыя з іх каштавалі жыццяў.

Васіль Стус (1938–1985) і Анатоль Марчанка (1938–1986), якія памерлі ў зняволенні ўжо «за гарбачоўскім часам»

Змітру Дзядзенку ў жніўні 1991 г. было 19, ён належаў да руху БНФ – і разам з настаўніцай Галінай Сініцынай выступіў супраць ГКЧП на пікеце ў Оршы. «За Гарбачова?» – спытаўся я. Зміцер удакладніў:

Ні тады, ні пазней я ні за якога канкрэтнага палітыка не ўпісваўся і не ўпісваюся. Прынцыпы дэмакратыі, свабоды слова, свабоды думкі — важнейшыя за канкрэтную асобу. Гарбачоў узору 1991-га — гэта асоба, якая страціла аўтарытэт як у вачах партакратаў, так і дэмакратаў (Тбілісі, Баку, Вільня, Рыга — гэта тое, што на той час было свежым). Да таго ж, Гарбачоў тады праштурхоўваў «Нова-Агарова», якое было відазмененым Савецкім Саюзам… Але без яго (як ні круці!) камуністы маглі яшчэ дастаткова доўга пратрымацца. Відавочна, што дэмантаж «сацлагера» ён не планаваў, але запусціў працэсы, якія далей ужо дзейнічалі без яго і насуперак ягоным жаданням.

Заўважу – Гарбачоў, атрымаўшы Нобелеўскую прэмію міру 1990 г., заклаў непамысную традыцыю… Пасля яго «героямі» у вачах сусветнага бамонду ўсё часцей лічыліся кіраўнікі, якія зрабілі крок-два ў бок «мірнага суіснавання» (як быццам рабіць такія крокі не ўваходзіць у абавязкі прэзідэнтаў і прэм’ер-міністраў). У выніку прэмія фатальна абясцэнілася – пазней яе сталі прысуджаць нават «авансам», як тое здарылася з Баракам Абамай у 2009 г.

Не ведаю, ці сэнсоўна вылучаць «галоўнага чалавека» ХХ стагоддзя, але калі яго вылучаць, то, вядома, Андрэй Сахараў (1921–1989; лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за 1975 г.) на дзесяць галоў вышэйшы за Міхала Сяргеіча… Былі памылкі і ў Сахарава, ды ён адказваў за сябе сам, не прыкрываўся ЦК, Палітбюро, «прэзідэнцкім» і «дзяржаўным» саветам. І быў гатовы сядзець за праўду, а не толькі стаяць.

Баюся, «галоўны чалавек стагоддзя» Гарбачоў – з той жа оперы, што і галоўны апякун дзяцей-беспрытульнікаў Фелікс Дзяржынскі. Зрэшты, ад нашай лаўрэаткі можна было чакаць нечага падобнага: яна і Аляксандра Лукашэнку год таму трактавала як «моцнага лідара», адзінага з палітыкаў, хто ў Беларусі здольны супраціўляцца «Маскве». Дальбог, мудрыя людзі падказалі ў жніўні 2020 г. уключыць яе ў прэзідыум «Каардынацыйнай рады» – іх мудрасць з кішэняў вывальваецца…

Абгаварылі мы з панам Дзядзенкам і навіну пра адлучэнне колькіх прыватных часопісаў ад урадавай сістэмы распаўсюду (часопісы – частка «холдынгу» «Наша Ніва»). Успомнілася гісторыя, як у канцы 2006 г. кіраўніцтва «НН» выціснула з офісу на Залатой Горцы распаўсюдніка беларускай літаратуры Алеся Яўдаху, а потым падначаленых, якія пратэставалі супраць гэткага рашэння… Акурат Зміцер пра тыя эпізоды ў 2006 г. і пісаў – на мой одум, праўдзіва. «Праца над памылкамі праведзеная не была, бо самі памылкі за памылкі не прызнаныя», – канстатаваў аўтар у 2021 г.

Выснова: некаторыя бумерангі лётаюць 14 год, а ўрэшце вяртаюцца. Ніяк не радуюць паводзіны міністэрства інфармацыі ды яго ўстаноў, якія перашкаджаюць чытаць на паперы «Камсамолку», «Свободные новости плюс», «Народную волю», «Новы час»… Разам з тым з 2007 г. я фільтрую заклікі да салідарнасці, што перыядычна чуюцца з боку «прафесійных беларусаў» (да «прафесійных яўрэяў» астыў раней), і іншым раю.

Тое, што крамы пад цэтлікам symbal.by «канчаткова спынілі працу на нявызначаны тэрмін», таксама навявае сум. Але Паўлу Белавусу (гаспадару прадпрыемства) будзе ўрок: у 2018 г. ён быў адным з тых, каторыя саступілі «грамадскай думцы» і прадстаўнікам улады, згадзіўшыся на канцэрт да 100-годдзя БНР замест шэсця. Тры гады таму большасць суполак у аргкамітэце пастанавіла, што варта праводзіць перадусім шэсце, але хтось палічыў, што можна мяняць правілы ў працэсе гульні, і пайшоў на сепаратныя перамовы з Мінгарвыканкамам… А чыноўнікі – яны такія: даеш палец, прагнуць руку адкусіць. Ну во, у 2020–2021 гг. «пакусалі» мяккіх беларусізатараў, для якіх бізнэс быў важнейшы за прынцыпы… і нават за разлік на пару гадоў хадоў уперад.

Чым думалі ў амерыканскім Дзярждэпартаменце, калі прысуджалі «Міжнародную жаночую прэмію за адвагу» Марыі Калеснікавай (даме, якую паўгода таму тутэйшыя ўлады кінулі за краты), цяжка сказаць. У турэмным ларку Марыя прэмію ўсё адно не атаварыць, а сувязь з дзярждэпам, няхай гіпатэтычная, можа пашкодзіць абвінавачанай па справе аб «захопе ўлады». Чаму было не пачакаць, пакуль Марыя вызваліцца, і тады ўжо ўзнагароджваць?

Скажаце, прэмія – нагода, каб пашырыць веды пра палітвязня ў свеце… Але ж пра нашых смелых жанчын летась і так даведаліся, хто мог і жадаў. Я хацеў бы верыць, што, напрыклад, прэмія імя Сахарава (яе лаўрэаткай у канцы 2020 г., сярод іншых, стала Калеснікава) наблізіла вызваленне палітвязняў, ды на сёння гэта невідавочна. Алесь Бяляцкі, шэф праваабарончага цэнтра «Вясна», у канцы 2020 г. таксама дастаў «кавалак» той прэміі Еўрапарламента, што не зашкодзіла адміністрацыі РБ завесці супраць «вясноўцаў» шэраг крымінальных спраў (апошняя – колькі дзён таму). У кітайскіх таварышаў, чый досвед пераймаюць тутэйшыя, Лю Сяабо, лаўрэат Нобелеўскай 2010 г., так і не ўбачыў заслужанай прэміі – застаўся ў турме і памёр у 2017 г. Быў яму 61 год.

Рэзюмэ? Яго не будзе. Хіба ўстаўлю свае пару капеек наконт «дня народнага адзінства», які можа быць усталяваны ў Сінявокай. Ідэолагі прапануюць выбіраць паміж 17 верасня і 14 лістапада – абедзве даты адсылаюць да ўз’яднання Беларусі ў 1939 годзе. Першую дату помняць больш, яна зафіксаваная і ў назовах вуліц (Шчучын…). Але падзеі той даўняй восені не прывялі да народнай еднасці… І цяпер «вызваленчы паход» 1939 г. Чырвонай Арміі людзі трактуюць па-рознаму, пагатоў жывых сведкаў ужо амаль не засталося.

І 25 сакавіка, і 1 студзеня (як дзень абвяшчэння беларускай савецкай рэспублікі ў 1919 г.) выклікаюць замнога дыскусій. Калі «дзень адзінства» і патрэбны, то лепей бы з’яднаць яго з Днём Канстытуцыі (15 сакавіка). Лукашысты і антылукашысты згадзіліся б з тым, што прыняцце Канстытуцыі 1994 г. было паваротным актам у сучаснай гісторыі краіны. Другім паводле «вагі» днём з’яўляецца 25 жніўня 1991 г., калі Вярхоўны Савет БССР у час надзвычайнай сесіі, скліканай не без удзелу дэпутата Лукашэнкі, надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР ад 27.07.1990 статус канстытуцыйнага закона. Гэта адкрыла шлях да незалежнасці Беларусі, а ён пэўны час задавальняў і камуністаў (тагачасную парламенцкую большасць), і антыкамуністаў.

Выйшла кніга мінскага гісторыка Аляксея Шалахоўскага – зборнік яго газетных публікацый за 2005-2020 гг., у т. л., напрыклад, пра прэзентацыю «габрэйскага нумару» часопіса «ПрайдзіСвет» у 2018 г. Асобныя нататкі з рэфрэнам «Было вельмі цікава» могуць выглядаць састарэлымі, але, узятыя разам, яны ствараюць сваеасаблівы летапіс культурнага жыцця… Зборнік «Сцежкамі гісторыка» (Мінск: «Ковчег», 2021; 215 с., 99 экз.) мае быць прэзентаваны 10.03.2021 у галоўнай сядзібе Таварыства беларускай мовы, з 18.00. Уваход вольны – то ўваходзьце.

PSЗагаловак – словы з песні Сяргея Верамейчыка, aka W. RamejkaZaleski. «Усіх у Залессі віншуе яна, ўсімі жаданая пані-вясна»

Вольф Рубінчык, г. Мінск

08.03.2021

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 08.03.2021  13:13

З водгукаў

Выдаваць «Сход» за нешта «супер-пупер легітымнае» (ужо) няма сэнсу (сам яго ў свой час назваў «дзіўнай ініцыятывай»). Быў бы ён масавым — стаў бы легітымным. Але, вядома, яшчэ адзін калі і не правал, то ня-поспех…

На момант стварэння КР яна была «адзіным прадстаўнічым органам беларускага грамадства»; калі б «Сход» атрымаўся, — быў бы яшчэ адзін (абодва, праўда, неканстытуцыйныя). Але пры чым тут «памнажэнне сутнасцей»: хто сказаў, што «прадстаўнічы орган» мусіць быць адзін?..

Наконт адносін да Гарбачова… Сказанае Аляксандрам Падрабінекам нагадвае сказанае раней Уладзімірам Букоўскім («Маскоўскі працэс»), Навадворскай (шмат дзе), Зямцовым (у кнігах пра перабудову і Гарбачова) і г. д. У іх – прынцыповае адрозненне ад «шасцідзясятнікаў», вяршыняй ідэалу якіх быў «сацыялізм з чалавечым тварам» (магчымы і іншыя прычыны для «цёплага» стаўлення да Гарбачова).

А пра Дзяржынскага, напрыклад, добра адзываўся Н. Валянцінаў: шматгранным чалавекам быў Фелікс Эдмундавіч!..

Пётр Рэзванаў, г. Мінск (08.03.2021)

* * *

Чытала спачатку ўважліва, а потым пайшла па дыяганалі. Аўтару вельмі хочацца пра ўсё паспрачацца: столькі тэмак накідаў )))

Як тэкст так сабе, але з гэтага атрымалася б пара-тройка працяглых і вельмі цікавых жывых гутарак – вось іх бы паглядзела-паслухала.

Кацярына Барысенка (fb, 08.03.2021)