Tag Archives: Нина Багинская

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (111)

Дабрыдзень! «А што там на/ва Украіне?» – цікавяцца многія з нас/вас. Доктар гістарычных навук Юрась Гарбінскі, які цяпер выкладае паліталогію ў Люблінскім універсітэце, нават пайшоў у міні-заклад (на кубачак кавы), што выйграе П.А.П. Шчыра кажучы, зараз і мне інкумбент – сітуацыйна згаджаюся з «сонцападобным»! – здаецца крыху меншым ліхам. Асабліва пасля таго, як «слугу народа» падтрымалі такія вялікія чалавеказнаўцы, як выпускніцы журфаку БДУ Г. Айзенштадт, С. Алексіевіч. Дый «двойчы адстаўнік» С. С. Шушкевіч, каторы ў чэрвені 1993 г. ужо даў быў шанс «маладому і перспектыўнаму» дырэктару саўгаса: «Зяленскі ні ў якім разе не прарасейскі тып... Калі ўкраінцы яму давераць свае галасы, то, мяркую, разбярэцца з часам ён і з унутранай палітыкай, і са знешняй» (03.04.2019). Як там нехта казаў: «калі яны супраць, то я за…»? 🙂

З другога боку, нават пройгрыш Парашэнкі дзяржаву наўрад ці разваліць. Усё-такі за пяць постмайданных гадоў у палітыкуме нашых паўднёвых суседзяў коса-крыва, але пачала вымалёўвацца парадыгма з убудаванай «абаронай ад дурня». Прадстаўнік «Руху Салідарнасці “Разам”» Вячаслаў Сіўчык, які доўга жыў ва Украіне, песімістычна глядзіць на яе будучыню ў выпадку абрання шоўмена… Але во як на развагі з папярэдняй серыі «Катлет…» адгукнуўся няўтомны сацыял-дэмакрат Анатоль Сідарэвіч (допіс ад 06.04.2019).

Ва Украіне парламенцка-прэзідэнцкая сістэма. Абранне Зяленскага не азначае адстаўку Гройсмана і яго кабінета. Зяленскаму давядзецца ісці ў Раду, каб прызначыць міністраў абароны і замежных спраў (абарона, замежныя справы і нацыянальная бяспека – прэрагатывы прэзідэнта). А ў Радзе – блок Парашэнкі і яго саюзнікі. Вынікам можа стаць тое, што ва Украіне і міністр замежных спраў, і міністр абароны будуць з прыстаўкай “в. а.”. На прыкладзе в. а. міністра аховы здароўя Украіны мы бачым, да якіх скандалаў гэта прыводзіць. Далей: в. а. могуць стаць і шэф Службы бяспекі, і, здаецца, начальнік генштаба ды і сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны.

Не выключаныя канфлікты паміж кабінетам міністраў, на баку якога большасць Рады, і прэзідэнтам. Так, сапраўды пахне “шатдаўнам”.

Сабатаж таксама не выключаны. Каманды ў Зяленскага няма. Пасадзіць кампетэнтных людзей на ключавыя пасады нават Каламойскі з яго сувязямі не зможа. Ды калі адны людзі Каламойскага пачнуць тыя пасады займаць, гэта выкліча скандал і на рэпутацыю Зяленскага не спрацуе.

Не забывайма: наперадзе – выбары ў Раду. Інтэрвал паміж прэзідэнцкімі выбарамі і выбарамі ў Раду апаненты Зяленскага-прэзідэнта выкарыстаюць на ўсю катушку, каб паказаць яго некампетэнтнасць, каб атрымаць у Радзе большасць і звязаць яго па руках і нагах. Гройсман – граматны менеджар, гаспадарнік – можа выставіць Зяленскага дурнем. І яму дапамогуць дасведчаныя ў пытаннях эканомікі і фінансаў Парашэнка ды іншыя. Зняцце Турчынава з пасады сакратара РНБіА таксама не пойдзе Зяленскаму на карысць. Не ведаю, што з аўтарытэтнасцю ў арміі генерала Палтарака, але такое адчуванне, што Палтарак пад Зяленскім скакаць не будзе. І шэф МЗС Украіны Клімкін таксама. Усё-ткі прафесіяналы…

Таму будзем спадзявацца, што Зяленскі на пасадзе прэзідэнта Украіны не наламае дроў, што яму не дадуць гэта зрабіць. А калі пачне ламаць дровы, не выключаны трэці майдан. Зяленскі павінен узяць гэта пад увагу. Вядомы публіцыст Віталій Портнікаў нагадаў нядаўна: прэзідэнт Украіны, які не ішоў кампрамісы, на саступкі, апынуўся ў Растове.

Іншы наш паважаны аўтар у апошнія дні 2018 г. выпусціў кніжачку-білінгву… (Мінск, выд-ва Сіўчыкава, 99 экз.)

Не так маркотна ад выбару паміж Хлестаковым і Гараднічым, які маюць ажыццявіць украінцы 21.04.2019, як ад таго, што ў першым туры, 31.03.2019, ім выпала сартаваць ажно 39 кандыдатаў. Цікава, што і да ізраільскіх парламенцкіх выбарах 9 красавіка дайшлі 39 перадвыбарчых спісаў. «Супадзенне? Не думаю» (С). Нешта супольнае ў палітычнай культуры Украіны і Ізраіля такі ёсць, і вышэйпададзеныя лічбы гавораць, па сутнасці, пра няўменне кандыдатаў цвяроза ацэньваць свае магчымасці і/або пра нежаданне дамаўляцца, ісці на кампрамісы, каб стаць мацнейшымі. Так, адзін кандыдат & адна партыя – блага, але 39, калі балатуюцца «і жук, і жаба», не намнога лепей. Зразумела ж было заранёў, што на нешта ўплываць здатныя толькі сілы з першага тузіну… Зняверанне выбарцаў, якія, падтрымаўшы аўтсайдэраў, змарнавалі свае галасы, шкодзіць, урэшце, усёй сістэме.

Многія скажуць: «замежнікі самі разбяруцца, трэба думаць пра Беларусь». Дык я і думаю… Нават цяпер, у «замарожаным» грамадстве, калі быццам бы ёсць адзіная мэта (скінуць «самі-ведаеце-каго»), тузін тутэйшых партый & палітызаваных суполак не шукаюць паразумення, што чарговы раз засведчылі як адсутнасць уцямнай рэакцыі на мае «сакавіцкія тэзісы», так і разборкі вакол святкавання Дня Волі. Што ж будзе пасля «перамогі», калі, нібы тыя грыбы пасля дажджу, вылезуць новыя партыі й партыйкі?

Пётр Рэзванаў з Мінска скептычна паставіўся да аналогіі паміж «перабудовай» і цяперашняй эпохай у Беларусі і Расіі: «Як на мой густ, ёсць асноўная розніца (не толькі для ўсходняй суседкі, але для ўсяго СНД). У познім СССР, паводле Уладзіміра Мілова, можна было сустрэць мноства людзей, шчыра перакананых, што калі нешта паправіць і вярнуцца да ленінскіх каранёў, то сістэма можа выплыць. Зараз такіх людзей няма. Перабудова і тое, што было за ёй – унікальная гістарычная з’ява, і я не ведаю, ці паўторыцца яна калі-небудзь і дзе-небудзь».

Не адмаўляю таго, што «вяртацца да ленінскіх каранёў», як пры Гарбачову, зараз ніхто не плануе, але ж поўнай тоеснасці двух перыядаў у гісторыі не здараецца ніколі. Перабудову ў СССР канца 1980-х дапушчальна трактаваць і як змаганне кагорты «камсамольцаў» (умоўна – маладых цынікаў, якія ставілі на бізнэс, падтрымку «інтэлектуалаў», нацыяналістычных рухаў) з пакаленнем «ідэйных». У гэтым сэнсе «перабудова» ў Сінявокай не за гарамі: заўзятых лукашыстаў усё менш, і іх няўклюдныя крокі, здаецца, ужо замінаюць патэнцыйным наступнікам дзяліць/захоўваць/памнажаць маёмасць. Будуць, відавочна, і спробы падлабуніцца да тутэйшай (шм)інтэлігенцыі – дый ужо назіраюцца гэткія спробы, напрыклад, у форме «мяккай беларусізацыі».

Па-мойму, курапацкі выпадак упісваецца ў гэтую няхітрую схему. Калі прыняць яе, то выходзіць, што «новая хваля» чынавенства ішла на саступкі, ухваліла помнік, усталяваны ў лістападзе 2018 г., etc. «Старая» вырашыла адыграцца на шэрагу крыжоў вакол Курапацкага лесу – 04.04.2019 іх было дэмантавана сем дзясяткаў.

Cакратарыят арганізацыі, да якой належу (СБП), у той жа дзень прыняў заяву, дзе «выказвае абурэнне з прычыны зносу крыжоў на тэрыторыі народнага мемарыялу “Курапаты”. Замест належнага ўшанавання месца масавых расстрэлаў улада працягвае барацьбу з нацыянальнай памяццю і стварае глебу для канфрантацыі». З духам гэтай заявы я згодзен, а з літарай… не так усё проста. Па-першае, як няма іншых казыроў, апрача абурэння, то і яго, мабыць, лепей прыхаваць да лепшых часоў (небеспадстаўна заўважыла Наталля Сівіцкая ў фэйсбучных каментах: «Толку з вашага абурэння»). Падобна, пры зносе быў парушаны закон, дык няхай бы загаварылі найперш адвакаты. Па-другое… «улада» бывае розная, і мы дажылі да часу, калі міністэрскія чыноўнікі маюць адну пазіцыю, а група дэпутатаў парламента – іншую.

Пры ўсёй павазе да часткі пратэстоўцаў (перапрашаю, цяжкавата паважаць людзей, якія лепяць герояў з С. Булак-Балаховіча й Р. Шухевіча), не думаю, што 4 красавіка стане пераломнай датай у адносінах «грамадзянскай супольнасці» і дзяржавы. З паводзінамі ўладных органаў у Курапатах прыйдзецца лічыцца надалей, хоць асобныя гарачыя голавы ў час прыкрых падзей заявілі, што «гэтай уладзе няма месца на зямлі!» Усё ж летась шыльда з надпісам «Рэспубліка Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій. 30-40-я гады ХХ ст. Прычыненне шкоды караецца па закону» з’явілася ва ўрочышчы, як і «міністэрскі» помнік (гл. здымкі тут).

Уваходы ў Курапаты з боку Мінскай кальцавой дарогі, 09.04.2019

Эмігрант Зянон 04.04.2019 выдаў наступны прагноз: «Наступны этап вайны варвараў – агараджэньне сеткай тэрыторыі магільніка, забарона доступу людзям на тэрыторыю Мэмарыяла і поўнае зьнішчэньне ўсіх памятных крыжоў над магіламі расстраляных. Чарговы этап – зьнішчэньне ўсіх масавых магіл…». Але тут непрыхаваны гандаль страхамі; прынамсі на сёння доступ у Курапацкі лес не закрыты, і сотні крыжоў «народнага мемарыяла» стаяць, дзе стаялі. Тым часам мінчукі Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч і Макс Вінярскі зноў селі «на суткі» 🙁

На «Галгофе» (у цэнтры ўрочышча); адмыты ад свастыкі помнік з надпісам на ідышы. Здымкі 09.04.2019, 13:45.

Агароджа… а ці так гэта шкодна, (паспрабаваць) вызначыць дакладныя межы тэрыторыі? Яшчэ ў пачатку 2002 г. Марат Гаравы прапаноўваў: «Курапаты трэба агародзіць. Вакол брамы маглі б з’явіцца памятныя знакі розных канфесій, у тым ліку іудзейскай, а недалёка ад лесу – музей трагедыі беларускага народу ў ХХ стагоддзі».

Усё яшчэ – як і ў снежні 2018 г. – спадзяюся на тое, што кампрамісы магчымыя, і ўрад рана ці позна выдзеліць магутную апаратуру (цеплавізары?) для пошуку парэшткаў у Курапатах. Трэба ўсё ж даць рады з несамавітай «вілкай» у колькасці ахвяр – ад сямі тысяч да ста і болей. Пошукавая група, аснашчаная сучаснымі сродкамі, якіх не мелі даследчыкі 1980–90-х гадоў, магла б атрымаць наступнае заданне: устанавіць лік расстраляных з дакладнасцю +/-10–20%.

Ніна Багінская і Вячаслаў Сіўчык дзяжураць ля ўезду ў рэстаран «Поедем поедим», 09.04.2019, 14:20

Увосень 2018 г. парадыйная «Парція памяркоўных цэнтрыстаў» (нехта скажа, што яна створана true-змагарамі для «палявання» на апалітычнае насельніцтва, ды верыць не абавязкова) выступіла з ініцыятывай правесці рэферэндум дзеля выхаду Беларусі з «Саюзнай дзяржавы». Не прайшло і паўгода, як паліттусоўка «Уперад, Беларусь!», кіраваная памочнікам дэпутаткі Ганны Канапацкай, таксама прапанавала нешта падобнае… Па-дзеля мяне, не так памысна было б выйсці з той «СД», запачаткаванай у снежні 1999 г., як уступіць у саюз з морскімі суседзямі – Украінай, Літвой. Тым не менш я падпісаўся пад зваротам. Карысці ад «СД» ніколі не адчуваў; кажуць, пад ейным дахам раздаюцца літаратурныя прэміі, але ніхто з маіх таварышаў іх не атрымліваў. Празрыстая мяжа з Расіяй? Дык я і да снежня 1999 г. без праблем выбіраўся ў Маскву (восень 1995 г.) і Вяліж (лета 1999 г.)…

Ясна, з такімі тэмпамі, як тут, нерэальна набраць 450 тыс. подпісаў, нават віртуальных. Між тым арганізацыя «народнага рэферэндуму» вымагае адпаведнай колькасці аўтографаў на паперы… Лепей бы Канапацкая & Со. звярнулі ўвагу на план удасканалення канстытуцыі РБ, для рэалізацыі якога трэба ўтрая менш подпісаў. Аднак хто я такі, каб настойваць? Хай робяць хоць нешта – «не дагоняць, дык сагрэюцца».

* * *

Надышоў красавік, а з ім і традыцыйны для Беларусі «Фэст экскурсаводаў». Сёлета ён юбілейны = Х. Не магу не адзначыць тэматычныя экскурсіі, што мусяць адбыцца ў бліжэйшыя дні для шырокай публікі: 13.04.2019 – «Гісторыя вёскі Ленін» (збор каля мемарыяльнага комплекса «Ахвярам Ленінскага гета» апоўдні); 14.04 – «Стаўбцоўскае яўрэйства» (пл. Леніна ў Стоўбцах, з 11.00); «Як вучыліся яўрэйскія дзеці колькі стагоддзяў таму ў Мінску» (ст. метро «Няміга», з 12.00), «Халакост і яўрэйскае супраціўленне на Навагрудчыне» (Навагрудак, пл. Леніна, тадысама); «Гісторыя яўрэяў горада Гродна» (Вялікая Харальная сінагога, з 13.00), «Яўрэйская спадчына Віцебска» (тэатр «Лялька», з 15.00). Многа дзе нават рэгістрацыі не патрабуецца…

Дзіўна ці не, але нацыянальны прававы партал pravo.by выправіў памылкі ў тэксце Канстытуцыі РБ, адзначаныя ў «Катлетах & мухах» 11.03.2019. Рэспектую! 😉

«Вольфаў цытатнік»

«Такі праект, як каланізацыя Марса, найперш патрабуе вырашэння палітычных і эканамічных праблем на Зямлі» (Станіслаў Лем, 2004)

«У пачатку 1990-х адбылася рэстаўрацыя чынавенства старога рэжыму. Былыя партыйныя бонзы прыйшлі…» (Юрый Мамін, 06.04.2019)

«Палітычны працэс – не адладжаны будзільнік» (Павел Катаржэўскі, 08.04.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

09.04.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 09.04.2019  23:41