Tag Archives: израильские гроссмейстеры

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (55)

Цёплы (+18 паводле Цэльсія) шалом пасля незразумелага майскага снегу! Ажыла прырода, адгрымелі фанфары Дня Перамогі, Лаг ба-Омер падкраўся непрыкметна.

9 мая традыцыйную цырымонію на «Яме» вёў новы старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Уладзімір Чарніцкі. Здаецца, у цэлым усё было няблага, з удзелам новага ж ізраільскага пасла… Гэта праўда, што без пары прамоў можна было абысціся. Свята «са слязьмі на вачах» атрымалася, я не адчуў «победобесия», пра якое тут разважае экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Павел З. Дальбог, мне няўцям, чаму не варта адзначаць 9 мая ў Беларусі. Няўжо толькі таму, што гэты дзень адзначаюць Лукашэнка ды Пуцін? Дык ім уласціва і дыхаць – нам перастаць дыхаць паветрам?

Агулам людзей да «Ямы» прыйшло багата (ажно вышэйзгаданы пасол здзівіўся), але ветэранаў было ўжо зусім мала. Напярэдадні ў сталіцы памёр Міхаіл Трэйстэр, ураджэнец Віцебска, былы вязень Мінскага гета і канцлагера СС на вул. Шырокай, партызан… Ён пражыў 90 гадоў і 1 дзень. Не раз сустракаў М. Т. на Інтэрнацыянальнай, 6 у памяшканні МОЕКа яшчэ ў 1990-х гадах, бачыліся і пазней, размаўлялі па тэлефоне. Казаў, што газета «Анахну кан» патрэбная, на фельетон пра 12 віцэ-прэзідэнтаў (апублікаваны ў пілотным выпуску) адгукнуўся так: «Считай, что мне понравилось», хоць сам быў сярод гэтых «віцэ». За словам у кішэнь старшыня Беларускай асацыяцыі яўрэяў – былых вязняў гета і канцлагераў ніколі не лез, і нездарма яго вершыкі-«матрэйкі» выйшлі асобнай кніжкай. Працытую парачку паводле газеты «Авив» (№ 3-4, 2002), дзе Міхаіл Абрамавіч з лета 2004 г. быў членам рэдкалегіі:

ПЛАТНОМУ ПАТРИОТУ

Бесплатно чти народ свой и конфессию

И будешь Богу во стократ любезней;

Но тот, кто превратил любовь в профессию,

Рискует заболеть дурной болезнью.

ПОЭТ В РОССИИ

Поэт в России – больше, чем поэт,

Но тех, кто «больше», там сегодня нет,

А если правду говорить об этом,

Остались те, кто меньше, чем поэты.

Яшчэ россып «матрэйкаў» (матрэек?) плюс сяброўскі шарж на іх аўтара можна ўбачыць тут.

Дзіўна, але факт: апошнім часам ёсць што пачытаць і ў газеце «Берега», якая знаецца на перадруках з расійскіх, беларускіх і ізраільскіх сайтаў. У красавіцкім нумары: «З 4 па 7 верасня плануецца арганізаваць семінар Цэнтра мовы і культуры ідыш пры Сусветным яўрэйскім кангрэсе для дзеячаў у галіне яўрэйскай адукацыі з Беларусі. Паведаміць пра сваё жаданне быць удзельнікам семінара вы можаце па адрасе: iro.belarus@yandex.by або па тэл. +375(29)1938910». Можа, трох-чатырохдзённы семінар акурат станецца той іскрай, з якой разгарыцца полымя… Так ці іначай, я не назіраю іншых крокаў у бок заснавання вышэйшых курсаў ідыша ў адным з беларускіх гарадоў (ідэя была агучана амаль год таму, у 15-й серыі «Катлет & мух»).

У красавіцкім жа выпуску «Берегов» – развагі старшыні тутэйшага Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання Рыгора Хайтовіча пра «кансалідацыю» яўрэйскай абшчыны ў Беларусі. На гэтую тэму ён разважаў і 4 гады таму, калі мы пазнаёміліся ля «Ямы» (тады бізнэсмен Хайтовіч быў яшчэ намеснікам Юрыя Дорна), а сёлета падрыхтаваў цэлую «праграму». Мяркую, некаторыя тэзісы вартыя перакладу на беларускую ды цытавання:

Выступаю за абмежаванне знаходжання на пасадзе Старшыні [Cаюза бел. яўр. грамадскіх аб’яднанняў і абшчын] двума тэрмінамі: гэта не пажыццёвая пасада, кіраўнік павінен рэальна планаваць свае дзеянні на ёй. Адной з маіх прапаноў была арганізацыя пошуку абшчын-пабрацімаў для нашых арганізацый – амерыканскія і еўрапейскія яўрэі могуць аказаць ім адрасную дапамогу, але ў гэтым можа і павінен дапамагчы Саюз…

У Беларусі можна было б стварыць Усебеларускі яўрэйскі кангрэс паводле расійскага ўзору (Расійскі яўрэйскі кангрэс). У яго ўвайшлі б найбольш аўтарытэтныя і ўплывовыя яўрэі…

Тыя, хто не з’ехаў і захаваў яўрэйскую ідэнтычнасць тут, у Беларусі – наколькі яны ўключаны ў жыццё яўрэйскіх арганізацый?.. Многія ўваходзяць у тыя ці іншыя структуры, час ад часу звяртаюцца да нас з рознымі пытаннямі і просьбамі, але сярэдні ўзрост членаў арганізацый можа перавышаць 60.

Карпаратыўныя інтарэсы асобных структур не заўсёды і не ва ўсім супадаюць з агульнаяўрэйскімі, нават у пытанні аб кансалідацыі. Яе ў Беларусі хутчэй няма…

Мяркую, гэты «маніфест» ад Хайтовіча заслугоўваў вышэйшай ацэнкі, чым выстаўленая на з’ездзе СБЯГА 9 красавіка (яго аўтар, прэтэндуючы на пасаду старшыні, сабраў толькі 6 галасоў дэлегатаў; Галіна Левіна – 22 галасы, Уладзімір Чарніцкі – 48). Большасць, відаць, па-ранейшаму жыве сённяшнім днём, не будуе перспектываў і на наступны год, не тое што на 2037-ы. А некаторыя зацыкленыя на мінулым – на «залатым веку» з мястэчкамі, кагаламі і прыкагалкамі…

Яшчэ ў свежых «Берегах» – цікавы артыкул кандыдаткі гістарычных навук Іны Герасімавай «Мястэчка Калінкавічы ў гісторыі сіянізму», раздзел з будучай кнігі. Засмуціла рэмарка: «© Цытаванне і выкарыстанне гэтага артыкула толькі з дазволу аўтара!» Паводле закона РБ ад 17.05.2011 г. аб аўтарскім праве і сумежных правах (арт. 36, п. 2), «Артыкулы… правамерна апублікаваныя ў зборніках, а таксама газетах, часопісах і іншых друкаваных сродках масавай інфармацыі, … могуць быць узноўлены шляхам рэпрадуктавання і іншага ўзнаўлення ў адукацыйных і даследчых мэтах».

«Шляхам рэпрадуктавання»

Мне цяжка ўявіць сабе іншыя мэты выкарыстання артыкула пра сіяністаў пачатку мінулага стагоддзя, акрамя як адукацыйныя і даследчыя. Дазволю сабе праігнараваць «забарону» і працытаваць колькі сказаў з тэкста І. Герасімавай у перакладзе на беларускую: «У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя лідэрам яўрэйскай моладзі, вядомай асобай сярод яўрэйскіх настаўнікаў не толькі ў мястэчку, але і ў Маскве і Пецярбургу, становіцца пісьменнік і настаўнік іўрыта Ёсеф-Хаім Дарожка… Ён нарадзіўся ў 1869 годзе ў Калінкавічах і памёр там сама ў 1919 годзе… З імем Дарожкі звязана арганізацыя новай яўрэйскай школы ў Калінкавічах, дзе вывучаўся іўрыт. Такая школа была адчынена ў 1911 годзе, крыху раней быў створаны яўрэйскі дзіцячы сад, дзе з дзецьмі таксама займаліся іўрытам… У канцы 1911 года ў школу прыехалі выкладаць маладыя настаўнікі, якія скончылі Гродзенскія настаўніцкія курсы: Якаў Бодас, Аўрагам Слуцкі, Сара Мендліна».

Цешыць, што І. Г., дасягнуўшы паважнага ўзросту, не закінула творчасці нават пасля эміграцыі з Беларусі ў Германію (2012). Пад канец 2016 года ў Маскве выйшла яе кніга «Марш жизни. Как спасали долгиновских евреев», прысвечаная, як няцяжка здагадацца, подзвігу палітрука-партызана Мікалая Кісялёва, які ў 1942 г. вывеў з наваколля Даўгінава на тэрыторыю Расіі звыш 200 яўрэяў (старых, жанчын, дзяцей). У верасні 2005 г. Кісялёву пасмяротна надалі званне «Праведнік народаў свету». У мінулым стагоддзі «Яд Вашэм» практычна не ганараваў такім званнем службоўцаў Чырвонай арміі, бо лічыў, што ратаваць яўрэяў на акупаванай тэрыторыі ўваходзіла ў іх абавязкі (з гэтай прычыны было адмоўлена ў хадайніцтвах на карысць камандзіра атрада імя Шчорса Паўла Пранягіна). Тое, што ўрад праз Беларускі штаб партызанскага руху ў студзені 1943 г. выпісаў Кісялёву прэмію за паспяховы марш праз усю Віцебшчыну (800 рублёў), таксама магло зашкодзіць прысваенню звання. Але ж «Яд Вашэм» прыняў рашэнне, запісаўшы, што ўрад ніяк не заахвоціў героя за подзвіг.

Азнаямляльны фрагмент кнігі І. Герасімавай даступны, напрыклад, тут. Кніга каштоўная яшчэ і тым, што дадаткова развейвае міф пра татальны няўдзел беларусаў у вынішчэнні яўрэяў. У той жа час і ў самой кнізе, і на гэтым дзіўнаватым сайце трохі навязліва гучаць заявы пра тое, што І. Г. – «першаадкрывальніца» тэмы. Безумоўна, Іна Паўлаўна шмат зрабіла для яе распрацоўкі, знайшла некаторых уратаваных, дакументы, але першым у найноўшы час пра подзвіг Кісялёва, прычым досыць падрабязна, распавёў усё-такі Аркадзь Тэвелевіч Лейзераў, доктар юрыдычных навук (1922–2007). У газеце «Авив» за ліпень 2000 г.

Тая самая публікацыя

Міжволі запрасіў чытачоў на «мерапрыемства» ў музеі Вялікай Айчыннай вайны 22 мая (прэзентацыю вышэйназванай кнігі). Што ж, такая, відаць, мая планіда ў гэтай серыі – даваць анонсы. Дык вось, у Акадэміі музыкі намячаецца канцэрт украінскіх музыкаў пад кіраўніцтвам польскага дырыжора…

Канцэрт цікавы і тым, што на ім будзе выконвацца сачыненне нашага даўняга знаёмца Дзмітрыя Лыбіна «Подых восені».

Нядаўна мяне «з залы» крытыкавалі за тое, што не вельмі добра стаўлюся да белапазіцыі. Па-першае, мне не ў кайф само слова «апазіцыя»: прымаючы яго, апаненты рэжыму заранёў згаджаюцца, што іх меншасць. Па-другое, з пераважнай большасцю публічных асоб, якія прэтэндуюць на тое, каб стаць альтэрнатывай клану Лукашэнак, у мяне чыста музычныя рознагалоссі… Звычайна гэтыя асобы проста не трапляюць у такт: маўчаць, калі трэба гаварыць, гавораць, калі трэба дзейнічаць, мітусяцца, калі трэба падумаць. Скандал вакол «Хартыі» і «Беларускага дома» – новае пацверджанне. Сумна, што цяпер ужо двое кандыдатаў у прэзідэнты 2010 г. выракліся сваіх начальнікаў штабоў (у 2015 г. Някляеў зганіў Андрэя Дзмітрыева, сёлета Саннікаў – Уладзіміра Кобеца). Калі палітык не здольны падабраць сабе надзейны штаб, як жа ён краінай будзе кіраваць?

Цікавыя норавы не толькі на істэрычнай «Хартыі», а і на больш прыстойным «Белпартызане»: частковы рэрайтынг майго тэкста detected. Гл., напрыклад, пасажы пра Кнэсет i навукаёмістасць 🙂

Анансаваць дык анансаваць. Грамадзяне Украіны, здаецца, праз месяц здолеюць-такі ездзіць у Еўрапейскі Саюз без віз – праўда, толькі носьбіты біяметрычных пашпартоў, а за іх трэба плаціць па 30 еўра. Беларусі разняволенне ўласных грамадзян даецца яшчэ больш складана… Затое ў Мінску 30 мая пачнецца чэмпіянат Еўропы па шахматах з сотнямі ўдзельнікаў (і ўдзельніц)! Найлепшы беларускі ігрок Сяргей Жыгалка з ELO 2639 у рэйтынг-спісе толькі 51-ы, і наўрад ці здолее паўтарыць поспех Аляксея Аляксандрава, які ў 2000 г. стаў віцэ-чэмпіёнам Еўропы. З Ізраіля прыедзе звыш дзясятка гросмайстраў і майстроў, у тым ліку такія мацакі, як Максім Радштэйн, Ілья Смірын, Эміль Сутоўскі… Будзе на што паглядзець.

У гэтым жа месяцы мае быць падрыхтаваная і стужка пра беларускіх пісьменнікаў, забітых у Мінску-1937. Маладыя людзі з Акадэміі мастацтваў (рэжысёр, сцэнарыстка, аператарка) пакажуць родныя месцы творцаў, дадуць гледачам паслухаць урыўкі з вершаў і меркаванні сучасных жыхароў Беларусі пра «нерасстраляную літаратуру». Сярод чатырох паэтаў, выбраных для фільма, двое пісалі на ідышы: Майсей Кульбак, Ізі Харык. Дэманстрацыі стужкі чакаю нават з большым нецярпеннем, чым чэмпіянату кантынента па шахматах 🙂

Канкурэнцыя Беларусі з Ізраілем на конкурсе песні «Еўравізія-2017» прывяла да таго, што 13 мая «сінявокая» заняла ў фінале 17-е месца, а «жорсткавыйны» – 23-е (з 26). Напэўна, варта было спевакам паяднацца і выставіць адзіную беларуска-яўрэйскую песню, яна б каціравалася вышэй. З аднаго боку, «Еўравізія» – шумнае, неабавязковае шоу. З другога… «калі зоркі запальваюць…» Ну і г. д.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

14.05.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.05.2017  02:11