Tag Archives: Георгий Евчар

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (117)

Шалом – мы яшчэ тут! Пасля гісторыі з інспектарам ДАІ Патаповічам, які знік 16 мая, быў абвешчаны «забітым пачварамі», а неўзабаве – самазабойцам, нават у самых адсталых тутэйшых з’явіліся сумневы, ці правільны дзяржаўны апарат мы ўтрымліваем? Тым болей што і летась быў знойдзены ў лесе (толькі не пад Магілёвам, а пад Брэстам) труп маладога лейтэнанта міліцыі. Афіцэр, пісалі, застрэліўся «праз каханне».

Сёлета стрэлкі «наверсе» паспрабавалі cпярша перавесці на цыганоў, якім і так не соладка ў Беларусі; быццам бы трое з іх скралі афіцэра. 17 мая дзясяткі людзей заганялі ў пастарункі, абражалі, потым выпусцілі, асадак застаўся – цяпер наіўныя ромы хочуць звярнуцца з петыцыямі да памочніка Лукашэнкі… і да старшыні нацыянальна культурнай аўтаноміі цыганоў Надзеі Дэметэр. Калі верыць магілёўскаму праваабаронцу Барысу Бухелю, ён размаўляў з прадстаўніком магілёўскіх ромаў, каб нехта з іх выступіў публічна… «Але мужчына сказаў, што баіцца расправы з боку міліцыі, якая, паводле яго слоў, абавязкова надыдзе, калі цыганы ініцыіруюць разбіральніцтва ў гэтай справе».

Слушна піша К. Іваноў: «версія пра суіцыд [лейтэнанта Яўгена Патаповіча] для міліцэйскіх начальнікаў не нашмат лепшая, чым выкраданне і забойства… цяпер ім прыйдзецца тлумачыць, як іх супрацоўнік з суіцыдальнымі схільнасцямі працягваў хадзіць на службу з табельнай зброяй». Ну, гэтыя-то патлумачаць – зваляць на чыйсьці недагляд і/або на асаблівасці псіхікі самога даішніка. Што-што, а спіхваць адказнасць «уніз» белчыноўнікі, пачынаючы з галоўнага, за чвэрць стагоддзя навучыліся.

Пра хваравітую рэакцыю ў МУС на кантакты грамадзян з «гарадавым» на Гарадскім Вале, шматкроць паведамлялі, у тым ліку і Ваш пакорлівы аўтар… Але не ўсе звярталі ўвагу на няўцямнасць паслання, якое тоіцца ў гэтай скульптуры. Калі міністэрства пазіцыянавала яе як «сур’ёзны-сур’ёзны» манумент, то мусіла паставіць агароджу з калючым дротам – або прынамсі павесіць таблічку з папярэджаннем «не чапаць». Во як прыдумаў нехта з блогераў:

Узята адсюль. Для тых, хто не мясцовы; шчыта, паказанага на калажы, IRL няма.

Калі ж маем нешта гуллівае, задуманае для збліжэння «сілавікоў» з народам (сабачка як бы намякае), тады ўжо, будзьце ласкавы, цярпіце шалікі, абдымкі і прочыя флэшмобы. Ды Вольга Чамаданава, новая прэс-сакратарка МУС, «патлумачыла» 17 мая: «Мы не павінны разважаць, што ля гэтай скульптурнай кампазіцыі можна, чаго нельга. Гэта ўсё вызначаецца культурай паводзін чалавека». У перакладзе з міліцэйскай на звычайную: хапалі і будзем хапаць, як толькі нам падасца, што вы «вядзёце себя вызываюшча»…

Яшчэ, паводле Чамаданавай, трэба менш абмяркоўваць злоўжыванні супрацоўнікаў міліцыі, бо «ў крымінальнай хроніцы ніколі не напішуць, што доктар нейкай бальніцы быў злоўлены п’яным за рулём, а настаўнік нахаміў у магазіне. Чаму гэтае правіла не павінна працаваць у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі?» Пальцам у неба – якраз-такі органы МУС у сваёй крымінальнай хроніцы вельмі любяць называць прафесіі парушальнікаў. Свежы прыклад на minsk.mvd.gov.by (15.05.2019): «Задержан пьяный учитель математики, который повредил дорожную технику». А самі, значыць, недатыкальныя. ¯\_(ツ)_/¯

Ранейшы прэс-сакратар Яўчар – зволіўся летась, яго падабрала БТ, там такія патрэбны – дзёўб пра тое, што «некалькі дзясяткаў чалавек» хавалі на мітынгу 15.03.2017 твары пад маскамі, таму іх і затрымалі ў грамадскім транспарце. Я сам прысутнічаў на тым дазволеным мітынгу ля кінатэатра «Кастрычнік» і добра памятаю, што юнакоў і дзяўчат у масках было 15-20, а «запакавалі» пазней каля 50 чалавек (значыць, хапалі і тых, хто падвярнуўся пад руку). Новы «голас» МУС – цэлая лаўрэатка прэміі «За духоўнае адраджэнне» – гучыць не больш пераканаўча. Ну, вядома ж, адкуль гніе рыба…

У 2016 г. я скептычна ставіўся да ідэі з адстаўкай міністра ўнутраных спраў («Зацята змагацца з аматарам святочных маскарадаў – значыць не глядзець у корань»). Цяпер жа яна насамрэч даспела, мо і пераспела. Чалавек 7 гадоў на пасадзе, а дроў наламаў… на ўсе 13. І памочніку прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, Віктару Аляксандравічу Лукашэнку, даўно пара сысці з пасады і засяродзіцца на грамадскай дзейнасці ў Нацыянальным алімпійскім камітэце. Там ад яго будзе меней шкоды, бо ў 2010-х «нацыянальная бяспека» пад куратарствам сына «самі-ведаеце-каго» сталася нейкім сімулякрам… або пудзілам.

24 красавіка ў лісце на адрас дэпутаткі, старшыні ТБМ Алены Анісім я прасіў: «Калі ласка, зрабіце ўсё магчымае, каб не дапусціць датэрміновага роспуску парламента пад маркай клопату пра “нацыянальную бяспеку”». Не прамінуў спаслацца на 113-ю серыю «Катлет…». Учора, 21.05.2019, атрымаў такі электронны «адказ па сутнасці»: «Я разумею Вашу пазіцыю. Аднак, у сённяшняй сітуацыі я лічу больш важным накіраваць свае намаганні на агучванне і вырашэнне надзённых пытанняў арганізацыі і грамадства. Таму збіраюся яшчэ раз вылучыць сваю кандыдатуру ў Палату прадстаўнікоў. Зразумела, што калі б выбары ў ПП НС адбываліся ў 2020 годзе, то я б не балатавалася. Думаю, што Вы ведаеце: пытанне не ў адсутнасці смеласці ці нейкай меркантыльнасці. Для мяне гэта больш пытанне палітычнай мэтазгоднасці».

А. Анісім у сваім дэпутацкім кабінеце (фота «Еўрарадыё»)

Па-мойму, няма больш надзённых пытанняў «арганізацыі і грамадства», чым абарона Канстытуцыі. Калі гэта не саўсім адчуваюць «народныя абраннікі», то нам, простым смяротным, варта ім падказваць, ветліва й настойліва… Крыху пазней дэпутатка дадала: «Я падумаю. Хоць разумею, што Канстытуцыйны Суд заявіць пра адпаведнасць Канстытуцыі [ўказа пра парламенцкія выбары ў 2019 годзе] ў любым выпадку». Разумею і я такую пазіцыю, але ж палітыка – не тая сфера, дзе заўсёды руліць фаталізм… І пагатоў не тая, дзе ён павінен руліць.

Ігнараванне тутэйшымі норм, замяшанае на глупстве ды самаўпэўненасці, час ад часу выплюхваецца з Беларусі за яе межы. Яркі прыклад – паводзіны старшыні беларускага журы на «Еўрабачанні»; tut.by запытаў, як яго калегі галасавалі на папярэднім этапе, Валер Прыгун і распавёў, хоць гэта было забаронена правіламі. Тутэйшае журы дыскваліфікавалі, і ў мільёнаў «хатніх гаспадынь» па ўсім свеце адклалася ў галовах, што з намі лепей не мець справу. Нават пасля Лукашэнкі – напрыклад, патрэбен будзе крэдыт ад якой-небудзь замежнай арганізацыі, дык яго не дадуць, або дадуць на больш жорсткіх умовах… Тлустая падзяка ўсім, хто практыкуе прававы нігілізм – і дзве падзякі тым, хто, маючы магчымасці працівіцца, глядзіць на яго скрозь пальцы.

*

Ад таго, што Уладзімір Зяленскі, у рэшце рэшт, сеў на прэзідэнцкі фатэль, уражанні дваістыя. З аднаго боку, цешыць тое, што падзеі, паказаныя ў кіно, часам збываюцца… Нават аксесуары на шыі кропля ў кроплю – і дакажыце мне, што жыццё не імітуе мастацтва 🙂

Норман Уіздам у фільме «Містэр Піткін у тыле ворага», 1959; інаўгурацыя-2019

Прыемна таксама, што новы прэзідэнт Украіны прыбірае (збыткоўную) ахову ад сваёй рэзідэнцыі. У сакавіку 2013 г., пры Януковічу, турысты (мы з жонкай) змаглі паглядзець зблізку «Дом з хімерамі» на вул. Банкавай у Кіеве, у верасні 2014 г. мы з Аляксандрам Астравухамужо не.

А з больш сур’ёзнымі справамі – пакуль што нейкая фігня. Ладна там, роспуск Рады – хаця, перафразуючы Вісарыёныча, «іншых дэпутатаў у мяне для Вас няма», і альтэрнатывай «зубастаму» дэпутацкаму корпусу ў бліжэйшы час можа быць толькі нешта падобнае да мляўкай палаты прадстаўнікоў РБ. Але вось ужо 21 мая кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Зяленскага прызначаецца юрыст – былы чыноўнік Януковіча, які пры Парашэнку быў паддадзены люстрацыі, а таму не мае права быць на дзяржаўнай службе. Кіраўнік адміністрацыі – не «дзяржаўная служба»? А-ёй, дужа сумніўна… Карацей, як і варта было чакаць, «эстрадныя метады ўносяцца ў дзяржкіраванне».

На мінулым тыдні прагуляліся з жонкай па цэнтры Мінска – даўнавата не хадзілі ў раён Камсамольскай, Рэвалюцыйнай… Выявілася, што цяпер там пешаходная зона з кавярнямі, вулічнымі музыкамі, гандлем сувенірчыкамі – гэтак сама на плошчы Свабоды, вуліцах Герцэна і Зыбіцкай. Выглядае як закос пад Арбат у Маскве ці пад «Мідрахоў» – вул. Бен-Іегуды з прылеглымі завулкамі ў Іерусаліме. Дарэчы, цяпер і мінскія вуліцы – не без яўрэйскіх нюансаў… «Калекцыйныя» каналізацыйныя люкі са словам на ідышы/іўрыце ўсцяж ляжаць на Камсамольскай недалёка ад Нямігі.

 

У красавіку адкрыўся на Рэвалюцыйнай бар «Сіняя каза» – ён, паводле прызнання ўладальніцы, натхняецца, сярод іншага, творамі Марка Шагала. Мне спадабалася майса пра тое, што назва была ўбачана ў сне… Да вул. К. Маркса, дзе днямі з’явілася псеўдаізраільскае кафэ «Цымес» без цымесу ў меню, мы не дайшлі.

У 1990-х амаль нічога такога не было (праўда, на пл. Свабоды гуртаваліся мастакі), так што ў нейкім сэнсе гастранамічна-турыстычныя зрухі можна лічыць пазітыўнымі, размаітасці ў горадзе пабольшала. Дзівіцца тут не выпадае: перад Еўрапейскімі гульнямі ўрад імкнецца паправіць свой імідж, дый за апошнія 15 гадоў у рэстаўрацыю цэнтра Мінска былі ўкладзены вялікія мільёны. Усё ж мае суб’ектыўныя ўражанні ад «вясёлых кварталаў» у цэнтры сталіцы – як ад балю ў час чумы… Або ад агністай палубы «Тытаніка», які ўжо зачапіў сваю крыгу. Хочацца верыць, што Астравецкая АЭС, практычна пабудаваная «Расатамам», не станецца для нас той самай крыгай, але нагадаю, што ў Турцыі сёлета двойчы знаходзілі расколіны ў падмурку АЭС «Акую», залітым пад эгідай таго самага «Расатама». 🙁

Не магу не адгукнуцца і на крэатыў ад БРСМ: 25.05.2019 збіраюцца ў Мінску рэканструяваць партызанскі парад 1944 г., і нават з удзелам казла 🙂 Праўда, шукаць скрыжаванне вуліцы Кірава з праспектам Незалежнасці людзям і казлу прыйдзецца доўга (гл. фрагмент з карты; праспект пазначаны чырвонай лініяй).

 

А вось якую забаўную замануху прыкмеціў над барам ля гасцініцы «Мінск»:

Яўрэяў засталося мала, ветэранаў вайны – яшчэ менш, але «Беларусь помніць». Па-свойму.

Раз ужо гаворка пра cталічныя кур’ёзы, давайце краем вока зірнем і на «варон» ды «пальмы» побач з прыватным дамком па вул. Веры Слуцкай…

Асновай для іх паслужылі, як няцяжка здагадацца, пластыкавыя бутэлькі.

Цытатнік

«Калі б не рэха, з кім бы гаварыў / Я на зямлі глухіх і безгалосых?» (Фелікс Баторын, 2016)

«Нашто нам Дарэнка, / Як ёсць Федарэнка?» (Уладзімір Паўловіч, 2019)

«Кожны чалавек схільны пераацэньваць значнасць таго, што ён робіць. Інтэлектуалы прадукуюць дыскурс, таму ім (нам) прыемна думаць, што мова прадвызначае рэальнасць. Ніякаму абываталю-цвярозадумцу такая дзіўная думка ў галаву не прыйдзе, чалавек праз уласны вопыт ведае, што мова апісвае рэальнасць» (Андрэй Зорын, 17.05.2019).

«Людзі [ў Расіі] гатовыя ісці на мітынгі, нават гатовы атрымаць дубінкай па галаве. Але ім трэба разумець, як гэта палепшыць іх жыццё. У людзей ёсць рэальныя запыты на паляпшэнне жыцця, на рэалізацыю іх правоў. То бок фармуецца нейкая новая грамадзянская культура. Але ідэі і руху пакуль няма» (Анастасія Нікольская, 20.05.2019).

«Навіны – тое, што прыцягвае ўвагу. Падзеі – тое, што мае наступствы» (Кацярына Шульман, 21.05.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

22.05.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 23.05.2019  00:21