Tag Archives: Мойше Кульбак

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (15)

Непрыхавана слабы артыкул «Беларуская юдаіка: праблемы станаўлення і перспектывы развіцця» ад двух «цудоўных людзей» з навуковымі ступенямі даў нагоду паразважаць пра стан гэтай самай іудаікі, а ў нейкай меры – і беларускай навукі ўвогуле. Варта, вядома, акрэсліць і сцэнарыі, якія маглі б выправіць сітуацыю ва ўмовах сучаснай Беларусі.

Па-мойму, грунтавацца трэба на трох пастулатах:

  1. Энтузіясты, якія жадаюць вывучаць «яўрэйскія дысцыпліны» і пашыраць веды пра яўрэйства, у краіне пакуль ёсць, што даказваюць і публікацыі на нашым сайце (напрыклад, тут і тут).
  2. Беларусь – несвабодная краіна, дзе колькасць розных перашкод для самаарганізацыі грамадзян толькі расце. Лібералізацыя, пра якую так шмат вяшчалі прапагандысты на пачатку 2010-х гадоў, выявілася пустым гукам. Характэрна сёлетняе выказванне творчай асобы – спявачкі, паэткі, артысткі – якая раней не была заўважана ў «апазіцыйнасці» (брала ўдзел у «Славянскім базары», унікала «чорных спісаў»…). Святлана Бень выказалася так:

Сітуацыя ў Беларусі неяк пакрывілася… Для мяне заўсёды было загадкай, чаму стаў магчымы халакост? Як цэлы народ, што меў моцных і мудрых прадстаўнікоў, быў гэтак хутка ўзяты ў кальцо? Мусіў жа быць супраціў! Дык вось, распрацоўвалася тэхналогія, паводле якой свабода адбіралася малюсенькімі порцыямі, часам неспацігальнымі і абсурднымі. Напрыклад, з’яўляецца афішка: «Яўрэям забаронена купляць цыбулю ў краме». Чаму цыбулю? Незразумела. І людзі разважаюць: «Нам жа не сказалі ісці ў газавую камеру. Нам проста забаранілі купляць цыбулю. Ці павінны мы паўстаць са зброяй у руках? Быццам бы не. У нас жа сем’і, дзеці… Ладна, купім цыбулю ў іншым месцы». Праз тыдзень забараняюць яшчэ нешта. А ў чалавека ўжо падрэзаны крыльцы. Калі трэба ўзняцца са зброяй у руках, у яго ўжо няма гэтай зброі. Ён ужо не той, хто здольны сказаць: «Вы што, з глузду з’ехалі?!» Дык вось, мне здаецца, у Беларусі нам увесь час забараняюць купляць тую ці іншую цыбулю.

Уразіла, што Бенька спакваля параўноўвае лёс беларусаў з лёсам яўрэяў пры нацызме…

  1. Мажлівасці для самаарганізацыі/ажыццяўлення амбітных праектаў усё ж існуюць, але патрабуюць значных рэсурсаў і спалучаны з істотнай доляй рызыкі. Трэба рабіць допуск на пашыраны прававы нігілізм і перыядычныя змены настрояў «уверсе», з якіх вынікаюць перамены правілаў гульні. Карацей, Беларусь, як і Ізраіль – гэта край, дзе кожны можа стаць доларавым мільянерам… калі прыедзе мільярдэрам.

Калі вярнуцца да беларускай іудаікі, то найбольш балючае пытанне – «хто будзе за яе плаціць?» Я не прарок і адназначнага адказу не маю. Але ж на бліжэйшыя гады варта адкінуць думку, што плаціць/дапамагаць будзе дзяржава. Гэтая думка мела права на жыццё ў 1990-х і нават пачатку 2000-х гадоў. Напрыклад, ва ўступным слове да легендарнай ужо міжнароднай навуковай канферэнцыі «Яўрэйская культура Беларусі і яе ўзаемадзеянне з беларускай і іншымі культурамі» (Мінск, май 1994) прафесар філалогіі, загадчык кафедры БДУ Вячаслаў Рагойша прапаноўваў «аднаўленне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце яўрэйскага аддзялення і кафедры яўрэйскай культуры, а ў Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Ф. Скарыны – яўрэйскага сектара». Няма ўжо таго цэнтра імя Скарыны, а досвед супрацы яўрэйскіх суполак з БДУ меў у ХХІ ст. сумнеўныя наступствы. Міжнародны гуманітарны інстытут «імя Шагала» як адкрыўся (у 1999 г.), так і закрыўся (у 2003-2004 гг.). Засталася, праўда, кафедра з падрыхтоўкай «культуролагаў-гебраістаў», але ж і яе вага паступова зніжалася. Як прагназуе выкладчыца факультэта сацыякультурных камунікацый Ліза Кобрына ў тым жа № 4 «Маладосці», «у перспектыве не будзе размежавання на германістаў, амерыканістаў і гебраістаў… І, наколькі я разумею, дысцыпліна іўрыт будзе вывучацца толькі факультатыўна». Асабісты мой досвед зносін з нешматлікімі студэнткамі-гебраісткамі ўвосень 2007 г. (падчас семінару, які я вёў разам з перакладчыка-выкладчыкам Паўлам К.), пакінуў дзіўнае ўражанне: здалося, да нашага з Алесем Астравухам расповеду яны і не чулі пра мову ідыш. Выкладаць жа яе на факультэце, зразумела, ніхто не збіраўся і не збіраецца.

Мала чым у плане якаснай падрыхтоўкі праславіліся дзяржаўныя «яўрэйскія класы» пры мінскай сярэдняй школе № 132, якія існуюць з 1993 г. Яшчэ ўвосень 1994 г. Якаў Гутман у Вярхоўным Савеце параўноўваў іх з «пацёмкінскай вёскай». Тая самая Л. Кобрына кажа: «ведаў выпускнікоў гэтай школы хапала звычайна на адзін семестр, потым жа яны займаліся на тым узроўні, што і астатнія».

Гаваркі той факт, што міністру адукацыі днямі даручылі курыраваць… пабудову гандлёва-забаўляльнага комплекса ў Мінску. Дый цяперашняя «афіцыйная» беларуская навука – у цэлым жалю вартае відовішча. Біёлаг Валерый Верасаў нагадаў, што «ў Расіі на навуку траціцца каля 0,54% ВУП, у Беларусі каля 0,1%, у Сінгапуры — 2,15%, у Карэі — 4,15%, у Эстоніі — 2%». Ён жа перасцярог: «Спачатку нізкі ўзровень адукацыі ў краіне стане відавочным для ўсіх, а наступны этап – тэхнагенныя катастрофы». Для мяне і маіх сяброў гэты ўзровень відавочны даўно, таму я заўжды выступаў супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС.

Ад мізэрнага бюджэтнага «пірага» адкусваюць кавалкі пераважна адміністратары, нацэленыя на развіццё кан’юнктурных тэм. Зразумела, што сур’ёзнае даследаванне «яўрэйскіх дысцыплін» не ўпісваецца ў гэтую, з дазволу сказаць, парадыгму. Урад гатовы фінансаваць хіба што дэма-імпрэзы накшталт «Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур» у Гародні. ХІ такі фэст прайшоў 4-5 чэрвеня – па завядзёнцы з удзелам яўрэйскіх суполак. Ясна, і ў такой прапагандзе «дружбы народаў» ёсць рацыянальнае зерне, аднак да навукі і адукацыі масавыя мерапрыемствы з песнямі, скокамі і раздачай мацы маюць дужа ўскоснае дачыненне.

На месцы гіпатэтычных замоўцаў праекта «Беларуская іудаіка» я б меркаваў, што яўрэйскія штудыі патрэбны ўсё ж не дзяржаве – і нават не беларускаму грамадству – а самім яўрэям. Каб адукаваныя мае супляменнікі набылі акрэсленае ўяўленне пра мінулае і будучыню, а потым абнавілі мясцовую «этнаэліту».

Першым крокам мусіла б стаць маштабнае (без «эканоміі на запалках») сацыялагічнае даследаванне яўрэйства Беларусі шляхам апытання: а) наведвальнікаў яўрэйскіх суполак; б) вядомых і аўтарытэтных яўрэяў у розных гарадах Беларусі. Важна высветліць попыт яўрэяў краіны на іудаіку і рабіць далейшыя крокі толькі пры той умове, што гэты попыт будзе перавышаць статыстычную пагрэшнасць. Іначай новы праект будзе чакаць лёс такіх вядомых бурбалак пачатку ХХІ ст., як «навукова-асветны цэнтр імя Сямёна Дубнава» ды «акадэмія яўрэйскай культуры і мастацтва».

Другі крок – заснаванне прыватнага Цэнтра (або Вышэйшых курсаў) ідыша ды ідыш-культуры ў адным з беларускіх гарадоў. Аксіёма: без ведання ідыша немагчыма ніякае сур’ёзнае вывучэнне гісторыі і культуры ўсходнееўрапейскіх (у прыватнасці, беларускіх) яўрэяў. Умова гэтая неабходная, але сама па сабе недастатковая.

Курсы маюць ладзіцца для двух катэгорый навучэнцаў:

– для маладых людзей – з пагружэннем у прадмет (1-2 гады інтэнсіўнага навучання мове і культуры).

– для энэрджайзераў больш сталага веку – у выглядзе перыядычных семінараў, летніх школ (3-4 тыдні).

Зразумела, выкладаць мусяць прафесіяналы з розных краін (у ідэале – аднадумцы, якія ўтварылі б «свівэ»), а студэнты маюць атрымліваць годную стыпендыю – у абмен на жорсткія патрабаванні да іхніх ведаў. Справа ў тым, што прэстыж ідыша – мовы, якую зневажалі дзесяцігоддзямі, у тым ліку самі яўрэі, – давядзецца ўздымаць амаль з нуля.

Цэнтр мог бы эфектыўна працаваць у горадзе з даволі развітай «яўрэйскай інфраструктурай», але не ў Мінску, дзе ў студэнтаў будуць пабочныя інтарэсы, а ва ўладаў – замнога спакусаў для ўмяшання ў працэс. Найлепш Цэнтру пасаваў бы, па-мойму, Пінск з яго сінагогай, даволі паспяховай прыватнай школай і актыўнасцю яўрэяў на лакальным узроўні (да таго ж карлін-столінскі хасідызм аўтарытэтны ў свеце). Не выключан і варыянт з Бабруйскам…

Трэці крок – некаторым слухачам і выпускнікам курсаў рана ці позна захочацца прымяніць свае веды. Тады-та і надыдзе час стварэння навукова-даследчай установы – умоўна кажучы, «Інстытута беларускай іудаікі». Гэтая шматдысцыплінарная ўстанова магла б прапаноўваць лекцыі, яшчэ лепшыя за гэтую, ладзіць навуковыя канферэнцыі і экспедыцыі па былых мястэчках, выпускаць часопіс кожныя 2 ці 3 месяцы, а не «раз на ўказ»…

Так, названыя крокі – кожны паасобку і ўсе разам – падобныя да ўтопіі, але, як той казаў, «калі захочаце, гэта не будзе казкай». У любым выпадку праект не менш рэалістычны, чым прапахлая нафталінам 30-х ідэя аднавіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі «асобны аддзел беларускай юдаікі і сабраць там усе выданні пра яўрэяў Беларусі, у тым ліку кнігі, часопісы, газеты на ідыш» («Маладосць», № 4, 2016, с. 109). Нацбібліятэка чацвёрты год не можа дамаляваць патрэбную рысачку на французскім надпісе ля ўвахода (з ліста першай намесніцы дырэктара ад 31.01.2013: «адміністрацыя бібліятэкі паспрабуе вырашыць гэтае пытанне з Мінскім скульптурным камбінатам»). Дый нашто «асобны аддзел», калі праз камп’ютар зараз можна заказаць па ключавых словах любое выданне, прысутнае ў каталогу?

Пакуль мае ідэі не рэалізаваны, у тутэйшых даследчыкаў, яўрэяў і неяўрэяў, вядома, ёсць шансы праявіць сябе ў супрацы з расійскім «Сэферам», украінскім Цэнтрам даследаванняў гісторыі і культуры ўсходнееўрапейскага яўрэйства (пры Кіева-Магілянскай акадэміі, якая нядаўна дэлегавала ідышыстку Наталію Рындзюк у Стоўбцы), Музеем гісторыі польскіх яўрэяў у Варшаве, ізраільскім інстытутам «Яд ва-Шэм» і г. д. Пэўную цікавасць да яўрэйскай тэматыкі выяўляе Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, дзе многае, выглядае, трымаецца на соплях на асабістых кантактах супрацоўнікаў кафедры гуманітарных дысцыплін. Тым не менш канферэнцыя «Этнічная, моўная і культурная разнастайнасць у сучасным грамадстве» у маі 2014 г. прайшла годна. Між іншага, арганізатары (Ігар Пушкін, Юрый Бубнаў) у прадстаўленым імі дакладзе слушна заўважылі пра Беларусь: «Грамадскія арганізацыі не змаглі цалкам пазбавіцца ад жорсткай апекі з боку дзяржаўных органаў».

Як трудна мець справу з бюракратамі, паказвае і наступны штрых. У сакавіку 2016 г. падчас традыцыйнага шахматнага турніру Саюза беларускіх пісьменнікаў некаторыя яго ўдзельнікі ўхвалілі ідэю: звярнуцца ў міністэрства сувязі і інфарматызацыі, каб тое выпусціла да 120-годдзя Мойшэ Кульбака памятны канверт (не марку!). Электронны зварот адбыўся, і 31 мая намесніца міністра Наталля Гардзеенка дала папяровы (!) адказ:

У адпаведнасці з пунктам 10 Інструкцыі аб парадку вырабу і распаўсюджвання дзяржаўных і іншых знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ад 16 верасня 2008 г. № 38, выдатныя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, дзеячы навукі, культуры і мастацтва могуць быць адлюстраваны на дзяржаўных знаках паштовай аплаты не раней, чым праз 5 гадоў пасля смерці і да юбілеяў з дня нараджэння, якія кратны 25. Улічваючы вышэйназванае, у 2016 годзе выпусціць мастацкі канверт, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння беларуска-яўрэйскага пісьменніка Кульбака Майсея Саламонавіча, не прадстаўляецца магчымым.

Малюнак на канверце не адносіцца да знакаў паштовай аплаты… Дый нават канверт з маркай да 120-годдзя Кандрата Крапівы мінсувязі выпусціла ў лютым 2016 г. Чым Кульбак горшы за Крапіву – незразумела. Творчасць Уладзіміра Караткевіча таксама зацікавіла ведамства (пад дату – у лістападзе 2015 г.), хоць на тым канверце і не пазначана, што ён выйшаў к 85-годдзю пісьменніка.

Прасцей за ўсё было б закінуць адказным работнікам міністэрства антысемітызм або «этнацэнтрызм», але ж не выпадае: сёлета яны ўспомнілі Натана Воранава, летась – Восіпа Цадкіна, Хаіма Суціна і інш. мастакоў, яшчэ раней – нацлідэраў Ізраіля… Можа – разанем лязом Окама – проста тупізм? 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

12.06.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 12 чэрвеня 2016 18:57

Водгук мастака Андрэя Дубініна (13.06.2016)

Падзяляю думкі, прачытаныя ў лісьце “Катлеты & мухі”. Сам я беларус, але вучыў мову йідыш, ведаю сьпевы і вершы на ёй, размаўляў раней, зараз німа практыкі, таму мова скукожваецца. Вучыўся разам з рэстаўратарамі на летніках іудаікі (йідыш) у Вільні ў 1998 і 1999 гадах, курсы ўзначальвалі Довід Кац і Ёйсэф Берлэр. Мне 53 гады, свабодна валодаю італьянскай, шмат часу бываю ў Італіі на працы. У 90-ыя бываў вельмі часта ў сінагозе на Крапоткіна, і ад’язжаючыя габрэі пакідалі мне ўсё, стаўшае ў момант непатрэбным – збор твораў Шолэм-Алэйхэма на йідыш, багата розных кніжак, слоўнікаў і малітоўнікаў (ёсьць цікавыя жаночыя – на йідыш! – мужчыны маліліся на лошн-койдэш), плыткі са сьпевамі Александровіча і іншых, тфіліны, талесы… Працаваў камерай захоўваньня)))), гэта ўсё зараз у мяне. Дзякуй! А гройсн данк! (літвацкі йідыш)))

13.06.2016 18:45

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (10)

Непрыкметна паспеў юбілейны выпуск нашага забаўляльна-пазнавальнага серыяла жахаў. Нагадаю, упершыню «Катлеты & мухі» выйшлі ў эфір 13 жніўня 2015 года…

* * *

Спярша карціць пагаварыць не пра «навіны», шматкроць абсмоктаныя ў СМІ, а пра творчасць і падзеі з жыцця рэальных творцаў. Падзел «палітыка/культура» быў бы спрошчаным: творчасць аб’ектыўна звязана з палітыкай, і ў палітыцы ёсць творчы патэнцыял.

На пачатку лютага ў наш горад завітаў ізраільскі паэт Ёнатан Барг, які паказаў наведвальнікам кнігарні «Ў» свае кнігі, пачытаў вершы. Сам я на сустрэчу не хадзіў, але рэпартаж ад Саюза беларускіх пісьменнікаў сведчыць, што нефармальныя беларуска-ізраільскія сувязі мацнеюць. Вядома, да Барга прысуседзілася часовая павераная з пасольства (харашуха Юлія Р.-С.), але не яна вяла рэй. Галоўнымі на імпрэзе, выглядае, былі ўсё ж творчыя асобы: сам паэт, арт-дырэктар кнігарні Павел Касцюкевіч і перакладчык Барга з іўрыта на белмову Андрэй Хадановіч. Ну і файненька.

Яшчэ перад Новым годам у Мінску адкрылася выстава «Час і творчасць Льва Бакста». Сёлета ў Бакста (1866–1924), які родам з Гродна, юбілей: магчыма, і гэта паўплывала… 24 лютага, у «дзень скідак», мы з жонкай вырашылі паглядзець на даробак земляка ў мастацкім музеі – і не прагадалі. З аднаго боку, прыйшлося з паўгадзіны пастаяць у чарзе – з другога, натоўп мяне толькі пацешыў (у музей жа стаялі, а не па халяўную кока-колу).

1Charga

Чарга па разумнае, добрае, вечнае.

Самі творы – у экспазіцыі былі не толькі Бакст і Бенуа, а Шагал, Чурлёніс, іншыя Бакставы сучаснікі – лепей раз пабачыць. Зрэшты, выдадзены каталог, дзе ўсе яны фігуруюць. Не без ціхай радасці даведаўся, што продкі мастака, верагодна, з мястэчка Бакшты Віленскай губерні (цяпер яно ў Гродзенскай вобласці). Безліч разоў сядаў у аўтобус «Шчучын – Бакшты», калі ехаў на дачу…

Яшчэ павесяліла мяне падабенства Льва Бакста са славутым шахматным маэстрам Давідам Яноўскім (1868–1927) – знешняе і не толькі. Абодва з Заходняй Беларусі, абодва дабіліся поспеху ў Францыі, пажылі ў Амерыцы і памерлі ў аднолькавым узросце далёка ад Радзімы.

2-1Bakst   2-2janowsky_d

Бакст і Яноўскі. Знайдзіце 10 адрозненняў.

Пасля фантазійных карцін і вычварных строяў, пасля вусцішных дыдактычных афортаў Франсіска дэ Гойі (іх таксама ўпершыню выстаўлялі ў Мінску; дапраўды, тэма ахвяр вайны актуальная і праз 200 год) і мінатаўраў Пікасо адпачынкам для душы было апынуцца ў «пэнаўскім» кутку музея, дзе гадзіннікавы майстар мірна чытае на ідышы газету «Гайнт», каза вядзе нязмушаны дыялог са свінчом, а мастак на аўтапартрэце падсілкоўваецца бульбай. Шчыра кажучы, калі б у музеі здарыўся пажар (не дай Б-г!), першымі ратаваў бы іменна гэтыя работы.

3Pen

У гасцях у казкі Іегуды Пэна.

Праз месяц нас чакае юбілей Мойшэ Кульбака (1896–1937). У Ізраілі яшчэ жывая кабета, якая памятае спектаклі, пастаўленыя Кульбакам у Вільні 1920-х гг., – пра гэта мне напісала Пніна Мелер. Апошнія восем гадоў паэт са Смаргоні працаваў у Менску, дзе і быў арыштаваны як «польскі шпіён». Вярнуўшыся з «эміграцыі» ў 1928 г., Кульбак хутка прыняў савецкія правілы гульні, увайшоў у рэдкалегію часопіса «Штэрн» і пачаў хваліць сталінскую нацыянальную палітыку. Тым не менш у многіх сваіх творах (раман «Зельманцы»… п’еса «Бойтра»… вершы і паэмы…) ён штурмаваў вышыні.

А зараз спусцімся з нябёсаў на зямлю, яшчэ пакрытую снегам. Некаторым падалося, што першы прэзідэнт 23 лютага выказаўся пра тэрміновыя выклікі трохі загадкава: «Прыйдзе вясна – разбяромся». Але ж вялікай загадкі тут няма; чарговы «перл» мог выклікаць разрыў шаблонаў толькі ў… ну, скажам, зусім наіўных людзей.

Наколькі ведаю, у «вышэйшых эшэлонах улады» гумар у стылі «Нашай Рашы», вульгарныя анекдоты і прымаўкі маюць не абы-якую папулярнасць (трэба ж неяк «выпускаць пару» – і гэта не ўчора пачалося). У снежні 2010 г. нязменная (з 1996 г.) старшынька цэнтрвыбаркама на пытанне, калі яна пакіне сваю пасаду, адказала так: «Я птушка паднявольная, калі адпусцяць – тады палячу». Гэта амаль дакладная цытата з анекдота пра блудную жонку. І пра вясну ёсць «вясёлая» (на адзін раз) прымаўка: «Вясна пакажа, хто дзе сраў».

У 2003 г. мне выпала няшчасце працаваць у адным кабінеце з Васілём К. – доктарам навук, галоўным рэдактарам «саліднага» праўрадавага выдання, прысвечанага беларускай мінуўшчыне. На мяне ён гыркаць не наважваўся (відаць, па яго наменклатурных паняццях я быў «роўны», нягледзячы на маладосць), рабіў дробныя паскудствы спадцішка. Затое на падначаленых адыгрываўся напоўніцу. Прыпамінаю яго зварот да сівога дзівака – рэдактара аддзела: «А мне, Барыс, да п…ды, што ты там думаеш!»

Кагосьці яшчэ здзіўляе, што ў брэсцкай міліцыі выраз «иди на х…» не з’яўляецца абразай?

Што казаць, непрыемныя мне Шарыкавы, якія масава распладзіліся за апошнія 20 гадоў. Але, на жаль, хапае пытанняў і да тых, хто лічыць сябе рэінкарнацыяй праф. Праабражэнскага і д-ра Барменталя.

Пра Святлану Алексіевіч з яе неадэкватнымі дыягназамі беларускаму грамадству пісаў ужо. А вось гісторыя пра маечку «Нolocostе», што яшчэ 13 лютага прадавалася ў самым сэрцы Мінска, – на Нямізе, 3. Сяброўка Алексіевіч, выкладчыца ўніверсітэта культуры Юлія Ч. заўважыла прынт – і абурылася гэткай «знявагай пачуццяў». Незразумела, праўда, хто мусіў лічыць сябе пацярпелымі – тыя, хто перажыў Халакост? Іх нашчадкі? Усе яўрэі? Родзічы яўрэяў і «людзі добрай волі»? Так ці інакш, Ч. апублікавала гісторыю ў сваім фэйсбуку, а далей абурэнне прадаўцом і вытворцам расло, як снежны камяк. Некалькі энтузіястаў пакінулі запісы ў кнізе скаргаў на Нямізе, і майка знікла з продажу.

4Majka

Фота з tut.by.

Здавалася б, канфлікт вычарпаны. Так, «спецыяліст» па антысемітызму, вядомы ў беларускім зямляцтве Іерусаліма перапісчык чужых кніг і энцыклапедый Якаў Б. кінуўся ў развагі: «Кракадзіл, які падмяў пад сябе ў сексуальным ажыятажы [sic] другога кракадзіла і раве ад асалоды – зялёнага колеру, як і належыць кракадзілу. А вось яго ахвяра – чорнага колеру. Такіх кракадзілаў не бывае (відаць, пра чорнага каймана аўтар не чуў. – В. Р.) Надта ўжо страшная аналогія праглядаецца. Калі задумацца, зялёны колер – колер іслама. Чорны колер – гэта, натуральна, яго ворагі. А слова Халакост, каб усім адразу стала зразумела: сёння мы вас толькі гвалцім, а заўтра будзем забіваць». Але што возьмеш з былога мінчаніна, на рубяжы ХХ-ХХІ ст. не раз прызнанага падманшчыкам праз суды? Запомніўся і яго паранаідальны «замалот» у газеце «Авив» (№ 8-9, 2005) пасля таго, як нейкія вандалы пакінулі на «Яме» птушынае пер’е і гронку рабіны: «Пяро на абеліску значыць для яўрэяў адкрытую пагрозу, а чырвоная гронка рабіны выглядае, як кроплі крыві». Дый сайт, на якім ён 16.02.2016 апублікаваў сваю саматужную канспіралогію, мякка кажучы, не адпавядае нормам цывілізаванай журналістыкі. Чаго вартае рэзюмэ «ад рэдакцыі» ў адказ на намер дэпутатаў іерусалімскага муніцыпалітэта пераназваць плошчу Сіёна ў плошчу Талерантнасці: «Талерантнасць, бля». Леанід Барысавіч Школьнік, член КПСС з 1970 г., у сваім рэпертуары…

Аднак tut.by, адзін з самых папулярных інтэрнэт-парталаў Беларусі, не пазней за 17 лютага звярнуўся ў міністэрства гандлю, пракуратуру і нават да такіх «аўтарытэтаў», як Рыгор Васілевіч і Мікалай Чаргінец, з пытаннямі аб кваліфікацыі вапіюшчага факта (прапаганда Халакоста? парушэнне аўтарскіх правоў на брэнд «Lacoste»? распальванне міжэтнічнай варожасці? экстрэмізм?), і гэта ўжо сур’ёзна. Беларуска Юлія Ч. і яе прыхільнік, мінскі яўрэй Марк Б. – жывы доказ таго, што «Вікіпедыя» мудрасці не прыбаўляе – пачалі сартаваць людзей паводле іхняга стаўлення да маечкі. «Нашы» – «гуманісты», прасунутыя, «грамадзянская супольнасць»… «Не нашы» – «снулыя», не нармальныя, антысеміты, ледзь не нацысты… Натуральна, гэткая самаўпэўненасць выклікала адпор з розных бакоў.

Разумна выказаўся ў першыя ж суткі канфлікту вядомы рэпетытар, Яўген Л. з Мінска (таксама яўрэй, дарэчы): «Я думаю, што трэба зменшыць агрэсію ў каментах адносна, перш за ўсё, прадаўца, а таксама гаспадара крамы і вытворцаў. Міністэрства гандлю, сертыфікаты адпаведнасці, прыцягнуць да адказнасці… Мне здаецца, што пяройдзена мяжа самаабароны»), але рэдакцыя tut.by яго довады не ўспрыняла. І «злавіла» з’едлівы адказ ад бабруйскага блогера Дзмітрыя Растаева, які раней заступаўся за яўрэяў (калі сапраўды нас тут дыскрымінавалі):

Словa «хaлaкост» лацініцай увогуле-то пішацца «holocaust», а не «holocoste». У прынцыпе, гэта тое самае, як калі б у іспанскім імені Хуліа нехта пачуў рускае слова з трох літар і пачаў крычаць, што іспанцы яго абражаюць. Цяжкасці перакладу, панімаеш!

Але, дапусцім, дызайнеры і сапраўды згулялі на паранімічнай блізіні лексем «lacoste» і «holocaust». На грані фолу гэтая гульня? Так, магчыма. Але, дазвольце, мы ж людзі сучасныя і вольнадумныя, якія не раз апладзіравалі ўсяму, што на грані! Pussy Riot, Charlie Hebdo, Femen… Чаму ж на маечках «holocoste» наша вольнадумства раптам спатыкнулася і дало збой?

Прыблізна тое ж Растаеў нашрайбаў для даволі-такі масавай «БелГазеты». Пад словамі «малахольные» і «доносы» я б не падпісаўся, ды ўсё ж спадзяюся, што растаеўскія публікацыі крыху ацвярозяць «гуманістаў», якія зацыкліваюцца на высмактаных з пальца праблемах, не бачачы (не жадаючы бачыць?) праблем рэальных. Між тым, менш за 100 метраў ад месца продажу няшчаснай маечкі з кракадзіламі паўстагоддзя таму знеслі Халодную сінагогу – адзін з найстаражытнейшых архітэктурных помнікаў Мінска. Быў шанс аднавіць яе ў 2001–2002 гг., але ўлады закалыхалі яўрэйскую суполку байкамі пра тое, што на месцы пабуранай сінагогі з’явіцца памятны знак (як і на Дзімітрава, 3…) «Вікіпедыя» паведамляе, што знака няма па стане на сакавік 2010 г. – што характэрна, яго няма і праз шэсць гадоў. Канечне, гэтыя факты варта разглядаць у шырэйшым кантэксце.

Дужа хацелася б скіраваць імпэт некаторых, шчырых у сваiх пачуццях актывістаў, у правільнае рэчышча, пагатоў праблемныя зоны нашага жыцця не абмяжоўваюцца Ракаўскім прадмесцем. Шматкроць гаварылася, напрыклад, што беларусам і яўрэям патрэбна мемарыяльная дошка ў гонар выдатнага артыста Саламона Міхоэлса, якая была абяцана ўрадам РБ усяго-та 18 гадоў таму – у сакавіку 1998 года. Ад грамадскай дзейнасці я фактычна адышоў, але сваімі думкамі з ахвотнымі дзялюся. І, можа быць, хтосьці ўсё ж адкіне іронію ды «паслухае Рубінчыка», як тое раіла «галоўная яўрэйская газета» яшчэ ў лютым 2002 г.

5Aviv2002

Каштоўная інструкцыя

І… зноў пра Лукашэнку, куды ж без яго. У Мінску намячаецца канцэрт памяці Фрыдэрыка Шапэна: на фартэпіяна будзе граць музыка Аляксандр Музыкантаў. Во каб нам усім паднапружыцца і сабраць подпісы за тое, каб іншы Аляксандр узяў сабе прозвішча Прэзідэнтаў: не выключана, што хоць тады ён пачне паводзіць сябе, як належыць кіраўніку дзяржавы. А яшчэ можна кінуць у печку старыя-старыя штаны…

rubinczyk[at]yahoo.com

Мінск, 26.02.2016

 

Кароткі змест папярэдніх серый

№ 1 (13.08.2015). Уводзіны. ІРА для чайнікаў. Як у іудзейскім рэлігійным аб’яднанні чытаюць матэрыялы belisrael.info. Пра кандыдатаў на беларускіх прэзідэнцкіх выбарах. Несправядлівасць у дачыненні да Ю. Шульгана. Слабасць Т. Караткевіч і «апазіцыі» ўвогуле. Меркаванне К. Шульман.

№ 2 (19.08.2015). «Хацелкі» Мясніковіча і Кабякова. Спадзевы на бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Ізраілем. Размовы пра закрыццё пасольства Ізраіля, завышэнне колькасці яўрэяў у Беларусі З. Пінхасікам і А. Ліберманам. Успаміны пра 2003-2004 гг.

№ 3 (10.10.2015). Пра дзівакоў і арыгіналаў. Дз. Харык, Г. Рэлес, С. Рохкінд, Э. Пікус…

№ 4 (22.10.2015). Беларусь як дзяржава з рынкавай эканомікай і «астраўкамі сацыялізму». Месца ў ёй яўрэяў. «Яўрэйскі» нумар часопіса «Партызан». Творчая сустрэча ў музеі П. Броўкі. Спектаклі Купалаўскага тэатра з «яўрэйскімі» матывамі. Юдафільства, абыякавасць і пашырэнне паганскіх каштоўнасцей. Перавыданне рамана М. Кульбака «Зельманцы» і віншаванні ад ІРА.

№ 5 (06.11.2015). Яўрэі ў беларускай гісторыі – палеміка з пазіцыяй А. Шумана. Агляд выказванняў А. Лукашэнкі па «яўрэйскім пытанні». Выхад кнігі С. Антановіча з падкрэсліваннем «сіянізму» кіраўнікоў ГУЛага. Непаразуменне «прагрэсіўных» і артадаксальных іўдзеяў у Беларусі. Часопіс «Arche» з успамінамі Р. Хасіда пра даваенны Гродна.

№ 6 (09.12.2015). Яўрэйскія персанажы і тэмы ў творчасці С. Алексіевіч. Крытыка яе Нобелеўскай прамовы. Анонс выступлення ў Ізраілі. Пра спектакль «Шалом Алейхем!» у мінскім музычным тэатры.

№ 7 (22.12.2015). Кніга В. Сойфера «Улада і навука». Гісторыя пра журналістку Мікуліну і Сталіна. Погляды С. Алексіевіч. Перамены ў паводзінах А. Рыбіна. Прапаганда ад А. Эскіна і Р. Іофе.

№ 8 (18.01.2016). Сянцы ў Мінску. Брашура Р. Ігнацішчава. Лёс пасольства Ізраіля ў Мінску. «Паштоўкі ад Лукашэнкі». Становішча ў эканоміцы РБ. Выказванні ідэолухаў (Сяргей М., Авігдор Э…)

№ 9 (08.02.2016). Паездка тэлевядучага БТ у Ізраіль. Дэманстрацыя 2003 г. супраць закрыцця пасольства Ізраіля ў Мінску вачыма Г. Пекера. 50 гадоў з часу судовага працэса Сіняўскага і Даніэля. Уражанні ад «Гаворыць Масква». Спрэчнае прызначэнне Г. на пасаду дэкана. Фанатызм змагароў за ўвекавечанне імя Машы Брускінай.

Опубликовано 26.02.2016

Израиль Серебряный – литературный критик и библиограф

24 декабря 1900 года в Калинковичах, Речицкого уезда, Минской губернии, родился еврейский литературный критик и библиограф Израиль Серебряный. Участник гражданской войны. Сотрудничал в типографии газеты “Дер коммунистишер вег” (коммунистический путь) в Гомеле. Учился в Еврейском педагогическом техникуме. Избран секретарем литературной группы “Октябер-дор”. С 1925 г. – в Минске, работал наборщиком газеты “Октябер”, член литературного кружка “Юнгер арбетер” (юный рабочий). В 1930 Израиль Айзикович Серебряный окончил педагогический факультет Белорусского университета. Работал в Институте еврейской культуры при Академии наук Белоруссии. Печататься начал в 1924-м. Писал статьи для научных изданий газет на идише, русском и белорусском о классической и современной еврейской литературе. Он – автор серьезных исследований о жизни и творчестве Менделе Мойхер-Сфорима, Шолом-Алейхема. В 1939 в Минске на языке идиш вышла книга И. Серебряного «Шолэм Алейхем ун фолклор», а в 1948-м в Москве (тоже на идиш) – «Менделэ Мойхер Сфорим» (на эту книгу обстоятельной рецензией «Цвэй бихэр вэгн Менделен» откликнулся еврейский писатель Ирма Друкер в газете «Эйникайт» за 26 августа 1948). Занимался составлением библиографии произведений еврейских писателей: “Переводы с идиша на русский в 1941- 48 гг.” (“Паризер цайтшрифт”, 1956-57, № 15 (16); “Хроника еврейской советской литературы” (“Советиш геймланд”, 1966-67). Израиль Серебряный также перевел на идиш романы «Накануне», «Отцы и дети» И. С. Тургенева, «Герой нашего времени» М. Ю. Лермонтова. В 1959 на русском издана книга “Шолом-Алейхем и народное творчество”. В 1971 в издательстве «Советском писателе» вышла в переводе на русский язык его книга «Современники и классики» – о творчестве тех же Менделе и Шолом-Алейхема, а также Давида Бергельсона, Изи Харика, Мойше Тейфа, Шмуэла Галкина, Натана Забары, Мойше Кульбака, Иосифа Рабина. В середине 70-х И. Серебряный по командировке журнала «Советиш геймланд» побывал в Биробиджане, несколько дней провел в редакции «Биробиджанер штерн», встречался с местными писателями и журналистами, посетил ряд предприятий областного центра, и по возвращении с Дальнего Востока написал и опубликовал в «Советиш геймланд» большой очерк о своей поездке. Умер Израиль Серебряный 8 августа 1978 года в Москве.

23 декабря 2013  10:19

Другие материалы об известных еврейских выходцах из Беларуси, здесь: Писатели, поэты, музыканты

Обновлено 27.03.2017  09:15