Tag Archives: Дмитрий Козлов («Серый кот»)

В. Рубінчык. Куды беднаму яўрэю дзявацца?..

Учора трэці і апошні раз завітаў да «пікетчыкаў» ля Камароўскага рынка. Падпісаўся за Уладзіміра Няпомняшчых.

Зборшчык подпісаў за гомельскага пенсіянера – таксама пенсіянер – трымаў сябе сціпла, нават не дэманструючы фота свайго «боса»

Падышоў я і да Вольгі Кавальковай… Аднак ні Уладзімір, ні Вольга, ні Мікола Казлоў, якога падтрымаў мінулым разам, забраныя подпісы здаваць не будуць. Мажліва, яны калекцыяніруюць аўтографы.

Атмасфера 14.06.2020 была больш панурая, чым тыдзень, а тым болей – чым два тыдні таму.

Так было апоўдні; так – на гадзіну пазней

Нават музыка, пакуль я гойсаў па плошчы, не грала 🙁 Відаць, паўплывалі «наезды» згары як на ўстановы («Белгазпрамбанк»), так і на людзей. Вунь 10 чэрвеня чарговыя тэрміны адміністрацыйнага арышту дасталі відэаблогер Шэры Кот, ён жа Дзмітрый Казлоў, і актывісты ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Арцём Чарняк ды Міхаіл Бандарэнка.

Паслухайма песню «Шэры кот» (2018) гурта «Голая манашка» – не пра блогера, дык пра непарадны Мінск…

На масцы ў дзяўчыны: «Ха-ха, я тут жыву»

Ну, пра час, патрачаны ўчора на Камароўцы, не шкадую: хоць знаёмых пабачыў. Сярод іх былі двое ўплывовых журналістаў, з якімі падзяліўся думкамі аб памыснасці «народных» помнікаў медыяменеджарам і палітычным аналітыкам. Праўда, энтузіязму ў суразмоўцаў не прасочвалася – яны быццам бы не супраць, але… Баюся, ідэйка будзе прыдушана следам за папярэднімі.

А раптам не? Тады помнік рана памерлым заснавальнікам і рэдактарам СМІ варта было б прысвяціць не толькі пералічаным раней Базану, Валадашчуку, Герменчуку, Зісеру, Каралю, Ліпаю, Шырокаму, а і Эдуарду Брокараву з Горак (1961–2010). Гэта заснавальнік газеты «Узгорак», якая гадоў 6 таму друкавала мае опусы.

Да спісу палітаналітыкаў – Багуцкі, Бугрова, Навумава, Панькоўскі, Патупа, Сіліцкі, Чарноў – далучыў бы Анатоля Майсеню (1959–1996). Ён загінуў у аўтакатастрофе пры цьмяных абставінах.

Э. Брокараў, А. Майсеня

Выглядае, зварот з заклікам надаць вуліцы ў Мінску імя Юрыя Зісера, дарма што раскручаны ў мас-медыя («тутбай», «сіцідог», «куку», «Еўрарадыё», «РС», «Белсат», «Белпартызан», «Новы час»…), не збярэ 5000 подпісаў. Нагадаю: колькі год таму за вуліцу Васіля Быкава ў Мінску выказаліся звыш 100000 чалавек – праўда, і гэта пакуль што не дало плёну.

Праз дзень «зісераўская» петыцыя мае быць адпраўлена ў Мінгарвыканкам; на сёння яе падпісалі 4600. Сваё стаўленне я выказаў у траўні, яно не змянілася. Калі коратка: цешыць любая праява законнай грамадскай актыўнасці, сам жа мару пра іншае.

Задзёрысты блогер, раней ужо цытаваны на belisrael (Аляксандр Бур’як), ведаў Ю. Зісера асабіста ды напісаў пра яго нешта кшталту мемуараў. Прапаную ў перакладзе на беларускую больш-менш аб’ектыўнае, абгрунтаванае, карэктнае:

Ён крыху вылучаўся на мясцовым шэраватым фоне. Не як белая варона, але блізка да гэтага.

Самарэалізавацца ў сумленным грамадска-карысным бізнэсе ён спрабаваў, але хутка ўпёрся ў тую акалічнасць, што трэба шмат кампраміснічаць, іначай справа дрэнь.

Зісер – адзіны ў маім полі зроку чалавек, які назваў сваю фірму прыстойна – «Надзейныя праграмы».

Нацыянальна-заклапочаныя беларусы ставіліся да яго з халадком – не толькі таму, што яўрэй і прыхадзень, але таксама таму, што ён занадта ладзіў з уладай. А не будзеш ладзіць з уладай – не будзеш паспяховым у гэтай краіне.

Блізу 1991 г. Зісер мякка клеіўся да Ашчадбанка наконт праграмы для апрацоўкі ордэраў, а я якраз працаваў у Мінскім абласным упраўленні гэтага банка на пасадзе галоўнага спецыяліста аддзела аўтаматызацыі. Мы з Зісерам разам з’ездзілі на электрычцы ў Барысаў… Добра паразмаўлялі ў тую паездку і знайшлі агульнае ў інтарэсах, грамадскай пазіцыі і некаторых дэталях біяграфіі. Я калісьці быў галоўным «нефармалам» у сваім НДІ, Зісер – у сваім. «Нефармалы» – гэта былі тыя, хто адкрыта, але ў межах закона, выступалі за «дэмакратыю» і супраць засілля КПСС.

Наконт сваёй фірмы Зісер тады сказаў, што плаціць свайму вядучаму спецыялісту больш, чым сабе. Веру, што так і было: Зісер імкнуўся быць правільным.

Тое, што Ю. З. у 2000-х быў ледзь не яўрэйскім «смотрящим по Белоруссии» (не ведаю, як перакласці слоўца з блатнога арго) ды стаў «гонарам беларускага яўрэйства», па-мойму, перабольшана. Да сярэдзіны 2010-х не дужа-то Юрый Анатольевіч гарнуўся да т. зв. «абшчыны», у сэнсе да тутэйшых яўрэйскіх суполак. Пасля сумнавядомых выказванняў Лукашэнкі ўвесну 2015 г. («не можам нармалізаваць») Зісер пакрыўдзіўся за тое, што суполкі гучна за яго не заступіліся… Крыўду ён выплюхнуў у фб увосень 2019 г., дык «рэфармісты» патлумачылі Ю. З., што ён тады ляцеў у самалёце і з ім не маглі звязацца, каб эфектыўна абараніць… Па-мойму, так сабе адмазка.

Як бы ні было, прадпрымальнік цікавіўся некаторымі (каля)яўрэйскімі праектамі і фундаваў іх. Але ў тым жа маштабе, калі не большым, ён фундаваў «неяўрэйскія» ініцыятывы – «фестываль Башмета», рэстаўрацыю арганаў. Не саромеўся сваіх сімпатый да хрысціянства і ўсходніх паганскіх практык, а з іудаізмам меў няпростыя стасункі. Менаваў сябе агностыкам.

Спачатку Ю. З. разышоўся быў з «яўрэйскім істэблішментам» у стаўленні да барысаўскага гурта «Жыдовачка». Апублікаваў іранічны пост пра актывістаў, каторым няма чаго рабіць, акрамя як цкаваць аматарскую капелу за назоў, а маглі б павесіць мемарыяльную таблічку на будынку Харальнай сінагогі, etc. Наракаў, што яго не запрасілі на пасяджэнне ў верасні 2019 г., дзе «прафесійныя яўрэі» вырашылі паскардзіцца на гурт у «інстанцыі». Аднак неўзабаве Зісер & скаржнікі замірыліся ды разам правялі клезмер-фэст, пакінуўшы «Жыдовачку» за бортам.

Мяркую, па сутнасці меў А. Бур’як рацыю і ў наступным:

Нейкі час Зісер спрабаваў зрабіцца блогерам, але справа не пайшла: яго тэксты вялікай увагі не прыцягвалі. Быў ён разумненькі, але яго крэатыўнасць рэалізоўвалася на нізкіх узроўнях складанасці: падсекчы новае і моднае ды раней улезці ў струмень. А вось хадзіць супраць цячэння і кляпаць радыкальнае сваё насуперак усяму – гэта было не яго, не Зісерава.

Да партала tut.by, запушчанага ў 2000 г., быў, напрыклад, даволі цікавы сайт open.by. Пішуць, што беларуская інтэрнэт-крама Oz.by таксама з’явілася ў 1999 г. «Бацькам байнета», як тут, я б Зісера не назваў. Тым не менш мінскі дзелавы клуб «Шэкель» (тузін дзівуноў) заявіў на сваёй fb-старонцы (17.05.2020, пер. з рус.):

Без Юрыя Анатольевіча Байнет (у арыгінале з вялікай літары – В. Р.) пачаўся б не ў 2000, а гадоў на 5 пазней. Ён задаў тэмп і першы паказаў, што ў Байнет трэба і можна ўкладваць грошы. Ён сфармаваў попыт.

Для Яўрэйскага Дзелавога Клуба і для ўсёй яўрэйскай абшчыны – гэта быў больш, чым сябар. Гэта была ролевая мадэль чалавека, яўрэя, філантропа і бізнэсмена!

Паколькі радкі ад «Шэкеля» з’явіліся ў дзень смерці Юрыя Зісера, пэўная гіпербалізацыя ў іх зразумелая й вытлумачальная… Не ведаю, як для «абшчыны», а для мяне Ю. З. быў чалавекам неадназначным, з моцнымі і слабымі бакамі. Тое самае сказаў бы пра Пятра Марцава – шматгадовага шэфа «Белорусской деловой газеты». Мабыць, у 1990–2000-х не было тут анёлаў у бізнэсе, i я не ўпэўнены, што яны сустракаюцца зараз. «Бізнэс-анёлы» – іншае…

Ну, і зноўку пра выбары-дурыбары. Як давесці электарату, што адзін чэл пасля 26 гадоў кіравання мусіць застацца яшчэ на пяцігоддзе? Слушны адказ: «ад супраціўнага», то бок расказаць, што астатнія будуць яшчэ горшымі…

Агітпроп ужо даўно не «прадае» Лукашэнку-інаватара, які павядзе ўсіх у «моцную і квітнеючую Беларусь». Акцэнт робіцца на стабільнасці; шмат разоў за апошнія гады краіна менавалася «астраўком бяспекі» (нядаўна – тут). «Мы павінны забяспечыць кожнаму чалавеку магчымасць спакойна хадзіць па сваёй зямлі, а бацькам – як гэта заўсёды было ва ўсіх нашых гарадах – спакойна не проста хадзіць па зямлі, а з маленькімі дзеткамі за руку ў любы час сутак». Звязаць збор подпісаў і пагрозу для дзетак, якім прыспічыла пагуляць за руку з бацькамі, напр., а 3-й гадзіне ночы, да Рыгорыча ніхто не дапяў; пэўна, гэта мясцовае ноў-хаў. Лалітыка – яна такая лалітыка…

А калі больш сур’ёзна – ці такая ўжо бяспечная Беларусь? Зірнем у спіс краін, расстаўленых паводле колькасці наўмысна забітых на 100 тыс. чалавек за год. Сінявокая (2,39) глядзіцца лепей за Расію ды Украіну, але значна саступае Польшчы (0,73), Чэхіі (0,6), Славакіі (1,37),  Cербіі (1,23), Харватыі (0,58)… Тут я згадаў «славянскія» краіны. Што казаць пра Скандынавію; нам трэба цягнуцца да ўзроўню ваяўнічых Азербайджана (2,2) ды Арменіі (1,69), і нават… да Буркіна-Фасо (1,3), з якой адзін выскаляка ўсё пнецца паставіць нас «на адну дошку».

Магчыма, падлеткавага хуліганства і публічных п’яных выбрыкаў такі паменшала ў параўнанні з 1990-х гадамі, але не толькі таму, што вырас штат міліцыі. Праз тэхнічны прагрэс (амаль усе цяпер з мабільнікамі, многа дзе вісяць відэакамеры…) дробныя правапарушэнні цяпер лягчэй фіксуюцца. Разам з тым няможна выключаць, што пільны кантроль пры адсутнасці эфектыўнай сістэмы псіхалагічнай разгрузкі/дапамогі цісне на маладое пакаленне, стымулюючы буйныя акты гвалту.

На маёй памяці, «астравок бяспекі» ў ХХІ ст. скаланалі:

выбухі ў Віцебску (верасень 2005, дзясяткі параненых);

выбух у цэнтры Мінска (ліпень 2008, дзясяткі параненых);

выбух у мінскім метро (красавік 2011; 15 забітых, сотні параненых);

напад юнака з бензапілой і сякерай на жанчын у сталічным гандлёвым цэнтры «Еўропа» (кастрычнік 2016; 1 забітая, 2 параненыя);

напад вучня з нажом на настаўніцу і іншых вучняў у Стоўбцах (люты 2019; 2 забітых, 2 параненых)…

І ўсё гэта нарабіла не «пятая калона». Думаю, «няшчасны выпадак» у час салюту 3 ліпеня 2019 г., калі ў Мінску загінула жанчына, а многія гледачы былі паранены аскепкамі, цалкам спісаць на «замежжа» (расійскіх піратэхнікаў) таксама не ўдасца. Давайце ўжо хоць самі сабе прызнаемся: «прагніла нешта ў дацкім каралеўстве», у т. л. з бяспекай. Так, многія ўчастковыя і следакі стараюцца, але кіраўніцтва доўгі час зашмат увагі надавала розным фетышам… той жа скульптуры гарадавога на вул. Гарадскі Вал, праз «непаважлівае стаўленне» да якой пацярпела шмат мінакоў.

Тэарэтычна, усё пачынаецца ў школе. Пра тое, чым ёсць адукацыя ў сучаснай РБ, было сказана шмат… І нямала гаворыць пра яе намер зволіць Ганну Севярынец са смалявіцкай гімназіі за верш, у якім нехта ўгледзеў «пагрозу для Колі». Са слоў Ганны, дырэктар гімназіі мяркуе, што справа настаўнікаў – абслугоўваць ідэалогію. А меркаванне педагога Яўгена Лівянта, чые заняткі нагадваюць сеанс адначасовай гульні па шахматах,  чытайце тут.

 

Г. Севярынец і Я. Лівянт

За 2,5 месяцы ў Беларусі ад COVID-19 памерла, паводле афіцыйных звестак, 312 чалавек – ужо больш, чым у Ізраілі (302), хаця 5 мая суадносіны былі іншыя: 107 супроць 237. Наўрад ці тутэйшая адміністрацыя ставіла сабе за мэту скараціць «пагалоўе», аднак яе, мякка кажучы, легкадумнасць раздражняе людзей. З другога боку, мільёны сем’яў у РБ сёлета не зведалі таго, што перажылі тысячы сем’яў цяжка хворых ды сотні сем’яў памерлых, і дзеля «санітарнай бяспекі» на бадавень не палезуць.

Агулам, грамадзянскай вайны ў нас не будзе; можа быць такая «барацьба за мір», пры якой каменя на камяні не застанецца… Адмыслова для звышпільных: на прыярытэт у гэтай выснове не прэтэндую. І рады быў бы памыліцца ў другой яе частцы.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.06.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.06.2020  16:16