Tag Archives: Анатоль Иващенко

В. Рубінчык. НУ, ЗА ЗУБРЫЗМ?

Вось і прайшоў дзень, калі Уладзіміру Караткевічу магло б споўніцца 90 гадоў (26.11.2020). Адзначалі даволі шырока: барды Алесь Камоцкі і Анатоль Івашчанка запісалі новыя трэкі на словы юбіляра, Арлоў у адмысловым відэазвароце распавёў пра кантакты з цёзкам і старэйшым калегам, пра яго значнасць.

У Слоніме Сяргей Чыгрын выдаў паштоўку, прысвечаную Караткевічу. «Радыё Рацыя» не прамінула скарыстацца юбілеямі (згадала і стагоддзе Слуцкага збройнага чыну), каб парэкламаваць сябе на мяжы Польшчы і Беларусі. Білборды з надпісамі «Верым, можам, пераможам» і «Жыве Беларусь» з’явіліся акурат 26 лістапада.

Грамадская кампанія «Годна» прапанавала сваёй аўдыторыі падзяліцца найлепшымі цытатамі з класіка. Але ж найбольш з пералічанага спадабаўся мне паўжартоўны тэст «Хто вы з герояў Караткевіча?» на культуртрэгерскім рэсурсе wir.by.

Парадавалі, вядома, і гутарка пра Караткевіча з яго пляменніцай Аленай Сінькевіч, і мурал на сцяне дома ў Оршы, намаляваны Дзмітрыем Талкачовым

А гэта ўжо Баранавічы, новы раён (Бароўкі). Крыніца

Праўда, гледзячы на аршанскі мурал i баранавіцкае графіці з заклікам «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае…», я не мог пазбыцца суму ад таго, што ў Мінску на вул. В. Харужай пакуль што не зроблена нічога падобнага. А круціліся ж ідэі ў інфапрасторы, не адзін месяц круціліся.

І – няма на сёння ў Мінску ані вуліцы Алеся Загорскага, ані завулка Гервасія Вылівахі. Зварот пра ўвекавечанне ў тапаніміцы караткевіцкіх герояў падпісалі некалькі беларускіх літаратараў акурат пяць гадоў таму, прапанова была занесена ў адмысловы спіс. Чаму было да юбілею Караткевіча не ўспомніць пра яе?.. Аднак у 2020 г. выявіліся моцныя «канкурэнты» з мастацкага свету: гарадскія ўлады вырашылі назваць вуліцы імёнамі архітэктара Леаніда Левіна (1936–2014), кампазітара Ігара Лучанка (1938–2018), мастака Міхася Савіцкага (1922–2010). Яднае гэтых людзей, апрача іх бясспрэчных здольнасцей, доўгатэрміновая лаяльнасць да начальства… і, у прыватнасці, да рэжыму, які склаўся пасля 1994 г.

У пачатку лістапада 2020 г. пад эгідай упраўлення культуры Мінгарвыканкама было арганізавана «грамадскае абмеркаванне» – хутчэй за ўсё, для праформы. Тым не менш я адгукнуўся, пажадаўшы тым, хто прымае рашэнні, звярнуць увагу на мой спіс-«дваццатку» (насамрэч там больш імёнаў), а таксама нагадаўшы пра ідэю з Загорскім і Вылівахай, падтрыманую Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Адказ прыйшоў наступны:

Падобна да адпіскі… Ну, дзякуй, што хоць па-беларуску.

Трэба прызнаць, што афіцыёз не праігнараваў 90-годдзе класіка. Агенцтва БелТА падрыхтавала «дасье» з цікавым пасажам: «Як і сотням тысяч яго равеснікаў, Уладзіміру Караткевічу давялося зведаць жахі вайны: масіраваныя бамбёжкі Оршы, няўдалую спробу эвакуацыі, нялёгкае партызанскае жыццё…»

Перадрук на сайце «галоўнай газеты»

Праўда, у чэрвені 1941 г. дзесяцігадовы Караткевіч быў у Маскве і бамбёжак Оршы не бачыў, а потым, калі жыў на Разаншчыне, на Урале і ў Арэнбургу, за лінію фронту да партызанаў наўрад ці мог хадзіць, але гэта ўжо дэталі… Паводле версіі «галоўнага гісторыка», і Ленінград быў пад нацысцкай акупацыяй, дык чаму б не дапусціць, што Разань таксама? 🙂

Вось яшчэ цікавостка ад sb.by – тэст на веданне твораў юбіляра. «Л – логіка» ^_^

І ўсё ж матэрыялы да юбілею Караткевіча – далёка не найгоршае ў прапагандысцкіх кампаніях улады. Стараюся не глядзець СТВ (хопіць таго, што тут змарнаваў на гэты канал цэлы абзац), але з перадачай, датычнай смерці Рамана Бандарэнкі, хлопца з нашага раёна, не мог не пазнаёміцца. Дый надта ўжо імпэтна альтэрнатыўныя СМІ «раскручвалі» той сюжэт, паказаны 25.11.2020, а ў «Советской Б.» з’явілася тэкставая версія «маштабнага расследавання».

Якія высновы я для сябе зрабіў:

– «перавод стрэлак» з рэальных ліхадзействаў (збіццё Рамана да смерці) на ўяўныя (учынак урача, які падзяліўся інфармацыяй пра стан збітага з журналісткай) не выглядае пераканаўчым ні ў якім вымярэнні;

– разумеючы гэта, гора-аўтары насычаюць свой «дыскурс» збыткоўнымі падрабязнасцямі кшталту таго, што Раман жыў на вул. Чарвякова за кіламетр ад «плошчы Перамен» (таму, маўляў, гэта не «яго» двор), што некалі ён служыў у в/ч 3214, што пасля аб’явы на tut.by пра яго смерць 12.11.2020 цягам чвэрці гадзіны сабралося мноства людзей з «аднолькавымі» свечкамі і лампадкамі (+ ідыёцкае пытанне: «на плошчы перамен чакалі не акрыяння Рамана, а яго смерці?») Як ужо адзначаў, вакол пл. Перамен – некалькі дваццаціпавярховых дамоў, а супермаркет знаходзіцца максімум за 100 метраў ад месца падзей. Нават дзесяці мінут было дастаткова, каб наведаць яго і вярнуцца з набытымі свечкамі;

– афіцыйныя асобы круцяцца, як уюны на патэльні, апраўдваючы заяву свайго боса пра тое, што Раман увечары 11.11.2020 выйшаў у двор п’яны. Адзін з намеснікаў генпракурора РБ, Генадзь Дыско, прабубніў па СТВ (пер. з «рускай»):

Апублікаваныя ў інтэрнэце копіі дакументаў пра вынікі (? – В. Р.) адсутнасці этылавага спірту ў крыві Рамана Бандарэнкі, аформленыя ва ўмовах тэрміновага аказання медычнай дапамогі, не ўлічваюць увесь спектр неабходных даследаванняў пры вызначэнні стану пацыента. У прыватнасці, кожны мог звярнуць увагу, што ў адным з апублікаваных дакументаў адсутнічаюць вынікі даследавання іншых біялагічных асяроддзяў, у тым ліку мачы. Па выніках судова-хімічнай экспертызы ў біялагічных асяроддзях Рамана Бандарэнкі, узятых работнікамі тады ж у бальніцы хуткай дапамогі, знойдзены алкаголь.

Нарколагі кажуць, што аналіз крыві – асноўны; калі ён паказаў адсутнасць алкагольнай інтаксікацыі на момант аналізу, то мачу дапушчальна і не даследаваць. Там-такі можа быць «знойдзены алкаголь» (сляды), але наяўнасць слядоў не ўплывае на паводзіны чалавека. Г. Дыско, відаць, пасаромеўся агучваць лічбу, блізкую да нуля (0,1 праміле?! яшчэ меней?) Міністэрства аховы здароўя РБ не сёння пастанавіла, што лёгкая форма інтаксікацыі пачынаецца ад 0,3 праміле…

– падслухоўваюць у РБ і тых, хто не падазраецца ў злачынствах; запісы падслуханых размоў лёгка «зліваюцца» прапагандыстам, якія робяць патрэбныя ім нарэзкі;

– у Сінявокай сфармаваліся ўжо цэлыя дынастыі нягоднікаў (хто глядзеў па БТ «Дзяцей хлусні» ў 1995 г., той пагодзіцца са мною);

– што з усім гэтым рабіць, да канца пакуль няясна. Нягоднікі адно выскаляюцца-распаляюцца ў адказ на рацыянальныя довады і апеляцыі да маралі, дый суды ім збольшага патураюць.

– гісторычны досвед як бы намякае, што ў такіх выпадках «паспалітаму люду» без атрадаў самаабароны не абысціся… Але тут я не заклікаю да іх стварэння, бо: а) не ўпэўнены, што заклік быў бы правільна ўспрыняты; б) сам не магу «паказаць, як трэба».

Затое дазволю сабе падказаць, які сімвал аб’яднаў бы «лепшых людзей» з ліку прыхільнікаў С. Алексіевіч, А. Лукашэнкі і З. Пазняка, вакол чаго патэнцыйна магла б сфармавацца «чацвёртая сіла». Зубр! Магутная жывёла, здаецца, рэальна блізкая ўсім…

Металічная інсталяцыя на стыку Брэсцкай і Мінскай абласцей (з’явілася ў 2003 г.). Фота адсюль

Гаваркі зубр быў адной з галоўных дзеючых асоб на «Еўрапейскіх гульнях» у Мінску (чэрвень 2019 г.). Многія гледачы ўпадабалі яго болей, чым самі гульні 🙂 Вольналюбныя жывёлы нярэдка ўцякаюць з Белавежскай пушчы. Уладзіміру Караткевічу сама Беларусь па абрысах нагадвала зубра.

З сярэдзіны 2000-х гадоў кіруючая групоўка ўзяла сабе на ўзбраенне крывую, касую, але ж «ідэалогію» (умоўна – «лукашызм»). Хоцькі-няхоцькі варта проціставіць ёй нейкі «-ізм/-ызм». На жаль, лібералізм, сацыялізм, анархізм і пад. у той ці іншай ступені скампраметавалі сябе, дарма што ў названых комплексах ідэй/практык ёсць свае плюсы. Тое ж можна сказаць пра этнанацыяналізм.

Некаторыя чытачы, убачыўшы апошняе паняцце побач з прозвішчам Зянона Станіслававіча, засумняваліся, ці слушны мой «дыягназ», датаваны яшчэ 2017-м годам. Добра, паглядзім, як этнанацыяналізм трактуецца ў англамоўнай вікіпедыі:

Форма нацыяналізму, пры якой нацыя… вызначаецца ў тэрмінах этнічнасці з націскам на этнацэнтрычны падыход да розных палітычных праблем… Этнанацыяналісты лічаць, што «нацыі вызначаюцца агульнай спадчынай, якая звычайна ўключае агульную мову, веру і агульнае этнічнае паходжанне».

Калі пачытаць артыкул З. Пазняка «Этнас і нацыя» (2013), то высветліцца, што яго тэзісы на 90%, а мо і на 95%, адпавядаюць трактоўцы, прапанаванай у вікіпедыі. Праграма яго партыі таксама шмат у чым «этнацэнтрычная»; партыя КХП-БНФ, напрыклад, выступае:

– за адхіленне спробаў асіміляцыі беларускага этнасу праз палітыку змяншэння адноснай колькасці карэннага этнасу Беларусі…

– за дзяржаўную і грамадскую падтрымку захавання нацыянальнай тоеснасці беларусаў за межамі нашай краіны, асабліва тых, хто жыве на этнічных беларускіх землях.

Яўрэі ў Беларусі разглядаюцца ў гэтай праграме як «нацыянальная меншасць».

Усё гэта гаворыцца не ў крыўду шматгадоваму лідару КХП-БНФ – этнанацыяналізм даволі распаўсюджаная з’ява ў свеце (у Ізраілі таксама…) і не абавязкова вядзе да «распальвання міжнацыянальнай варожасці і этнічнай дыскрымінацыі». Тым не менш да грамадскага прагрэсу ён таксама не абавязкова вядзе.

Я паставіў бы на тэрмін «зубрызм», які адсылаў бы да лепшых якасцей тутэйшых людзей і мог бы абуджаць гэтыя якасці. Што не адмяняе значэння «Пагоні» ды бел-чырвона-белага сцяга… Але да «зубрыстаў» маглі б далучыцца, умоўна кажучы, і аматары зуброўкі, далёкія ад старажытнай сімволікі 🙂

Падумайце, шаноўныя інтэлектуалы – можа, варта прыслухацца?.. Адзін я ў любым разе не дам рады з «альтэрнатыўным ідэалагічным забяспячэннем». А меў жа рацыю Сяргей Лазніца, украінскі рэжысёр беларускага паходжання:

Ніякай «беларускай мірнай рэвалюцыі», на мой погляд, пакуль што няма. Тое, што я назіраю, рэвалюцыяй не з’яўляецца. Гэта пратэст, які «мірным» назваць ужо складана. Ужо пралілася кроў, і праз збіццё і катаванні прайшлі тысячы грамадзян.

Трэба прызнаць, што ніякіх выбараў у Беларусі не было. Сітуацыя, калі напярэдадні выбараў арыштоўваюць і кідаюць у турму апазіцыйных кандыдатаў толькі таму, што яны кандыдаты ў прэзідэнты краіны, не можа называцца «перадвыбарнай кампаніяй».

Перш чым разбурыць гэтую сістэму ўлады і такі тып грамадскага ўладкавання і грамадскіх адносін, неабходна разумець, а што, уласна, хацелася б пабудаваць і як гэта магчыма ажыццявіць.

Змена аднаго тырана на іншага, без змены самой сістэмы ўлады, ні да чога добрага не прывядзе.

Дальбог, трэба разлічваць калі не на пяць, то хаця б на два-тры хады ўперад. Іначай яшчэ доўга прыйдзецца гуляць у такія шахматы, як на здымку.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

27.11.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 27.11.2020  18:28