Творы Гірша Рэлеса (1913–2004)

Cёння, 23 красавіка, Гіршу, ураджэнцу Чашнікаў, сыну ЕгудыЛейба Рэлеса бен гаШуб, споўнілася б 105.

 Арыгіналы вершаў «Паміж “так” і “не”», «Пасля паўночы»

ПАМІЖ «ТАК» І «НЕ»

Акіян мне кінуць

Якар не дае:

Выгінае спіну,

Лапай-хваляй б’е.

Не знайсці яго вам

Між мацерыкоў,

Ён не меў, вядома,

Сталых берагоў

Ні з пяску, ні з глею.

Тут вось ува мне

Ён вірыць, шалее

Паміж «так» і «не».

Трэба вокамгненна

Нейкі крок зрабіць –

Акіян сумненняў

Пеніцца, кіпіць.

Вал высока ўздыме,

Зрыне ў бездань шквал –

Кіраваць куды мне?

Дзе ён, мой прычал?

Як здалець-адужаць

Гэту плынь? Мяне,

Нібы трэску, кружыць

Паміж «так» і «не».

ПАСЛЯ ПАЎНОЧЫ

Ноч, што ўсыпіла ўвесь прастор,

Сама ўжо аддаецца сну;

Губляе залацінкі зор –

Туды адну, туды адну…

І тую, што міргнула мне,

Здаецца, побач летучы,

Памкнуўся я схапіць – ды не,

Не дацягнуцца – хоць крычы!

І тут падумаў я, што ноч

Свой скарб растрачвае дарма:

Шмат зор раскідала наўзбоч,

Нашто – не ведае сама.

Арыгіналы вершаў «Яўрэйскія вяселлі», «Далёкія агеньчыкі»

ЯЎРЭЙСКІЯ ВЯСЕЛЛІ

Той звычай, што сэрца грэе,

Нам дбайна змог час захаваць.

Ці ж стануць вяселле яўрэі

Без песень даўнейшых гуляць?!

Як стрэліць у свет бліскавіцай

Знянацку бясхмарная сінь,

Так выбухне песня-крыніца

З галавакружных глыбінь.

І рытм адбіваюць пальцы,

І песня ў скокі вядзе.

Усмешка цвіце ў падшыванца

І ў дзеда ў сівой барадзе.

Нясуць пакаленні нязводны

Высокі дух песні жывой.

І чысты ён, і першародны,

Хоць зменены словы парой.

Якое прасветліць ззянне,

Праменне якіх агнёў

Імпэтнае гэта вяртанне

Да даўніх сваіх каранёў?

Традыцыя? Іншае штосьці?

Ці так ужо й важны адказ…

Абы толькі менела злосці

І большала святаў у нас!

ДАЛЁКІЯ АГЕНЬЧЫКІ

У праўды пошуках блукаў па свеце я,

Бясконца кідаўся я з боку ў бок,

Мкнуў да агеньчыкаў, што ў цемры свецяцца,

Ды не наблізіўся ані на крок.

Завесці можа нас у нетры дзікія

Ці ў багну прагную, ці ў чорны вір.

І нам падказваюць агні шматлікія,

Што мусім выбраць свой арыенцір.

Між тых агеньчыкаў надзея свеціцца,

І сэнс жыццю майму яна дае.

Пакуль глядзець магу, йдучы па свеце, я,

Не дай вятрам, Гасподзь, задзьмуць яе.

Пераклады з ідыша Ф. Баторына прыведзены паводле зборніка Г. Рэлеса «Цяпер так…» (Мінск: Шах-плюс, 2013)

Фотавыявы Г. Рэлеса: даваенная і адна з апошніх, узятая адсюль.

ПРАЗ СКРЫЖАВАНЫ АГОНЬ

(урыўкі з артыкула Рэлеса, апублікаванага ў часопісе «Полымя», № 8, 1995)

У яўрэйскай літаратуры налічваецца больш за шэсцьдзесят пісьменнікаў, ураджэнцаў Беларусі, чый творчы шлях пачаўся задоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Тут яны нарадзіліся, тут прайшло іх дзяцінства, юнацтва і тут пачалася іх творчасць. Але з цягам часу з-за таго, што на Беларусі не было выдавецкай базы, каб выдаваць кнігі на яўрэйскай мове, гэтыя людзі вымушаны былі памяняць месцажыхарства і падацца туды, дзе выходзілі яўрэйскія газеты, кнігі, дзе працавалі яўрэйскія культурныя цэнтры на ідыш. Такія цэнтры былі ў блізкай Вільні, а таксама ў Адэсе, Кішынёве, Варшаве, Парыжы, Лондане і асабліва ў Нью-Йорку.

Многія з гэтых пісьменнікаў трывала ўвайшлі ў літаратуру, напісалі творы, папулярныя і цяпер сярод аматараў мастацкага слова. Гэта заснавальнік рэалізму ў яўрэйскай літаратуры, класік сусветнай літаратуры Мендэле Мойхер-Сфорым (1836 – 1917, ураджэнец Капыля), Абрам Рэйзен (1876 – 1953, ураджэнец Койданава), Ш. Ан-скі (1863 – 1920, Чашнікі Віцебскай вобласці), Лейб Найдус (1890 – 1918, г. Гродна), Г. Лейвік (1888 – 1962, г. Чэрвень), Ш. Нігер (1883 – 1954, Дукоры Мінскага раёна (дакладней, былое мястэчка Дукора знаходзіцца ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. – belisrael)), З. Шнеер (1887 – 1959, г. Шклоў), Давід Пінскі (1872 – 1959, г. Магілёў), Хаім Жытлоўскі (1865 – 1943, Ушачы Віцебскай вобласці), Іцхак Кацэнельсан (1885 – 1944, Карэлічы), Анейхі (1878 – 1947, Ляды Магілёўскай вобласці (гэтага пісьменніка часцей прэзентуюць як Анохі; Ляды, якія раней належалі да Магілёўскай губерні, цяпер знаходзяцца ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці – belisrael)), Дэр Тункелер (1881 – 1949, Бабруйск), С. Галкін (1897 – 1960, г. Рагачоў), Рахіль Брохес (1880 – 1942, Мінск), якая ў 1930-я гады вярнулася з-за мяжы, і іншыя.

* * *

Ізі Харык і Майсей Кульбак, хоць і імкнуліся не псаваць свае ўзаемаадносіны, і ў іх гэта добра выходзіла, усё ж былі зусім супроцьлеглыя характарам і поглядамі людзі. І гэта адчувалася ў іх творчасці.

Ізі Харык – задушэўны лірык, сумленны камуніст. Ён быў дабрадушны, свойскі з усімі, адкрыты, лічыўся духоўным бацькам маладых пісьменнікаў. Ён дапамагаў ім нават грашмі. А Майсей Кульбак у жыцці быў суворы, строгі і нават калючы. Да таго ж быў востры на язык.

Наколькі розныя былі Кульбак і Харык, сведчыць такі эпізод, пра які расказваў паэт і празаік Айзік Платнер.

Аднаго разу Айзік зайшоў у рэдакцыю часопіса «Штэрн». Харык сядзіць у сваім рэдактарскім крэсле і ўдумліва чытае чарговую прамову Сталіна. Прачытаў і прыйшоў да вываду:

– І ўсё ж ён геній, інакш не скажаш.

Пасля, калі Платнер пайшоў адтуль, яго заспеў дождж. Ён схаваўся ў падваротню. Раптам бачыць, стаіць Кульбак і трымае скручаную газету. Убачыўшы Платнера, сказаў:

– Ах, як хочацца напісаць сатырычную п’есу і паказаць, як адзін дэспат імкнецца знішчыць у сваёй дзяржаве ўсіх думаючых людзей: каб не толькі словам, але і думкаю не было каму запярэчыць яму.

Так, Харык і Кульбак былі зусім розныя і па-рознаму ўспрымалі рэчаіснасць. Але кожны па-свойму быў вельмі таленавіты.

Трэцім з першаразрадных лічыўся інтымны лірык Зэлік Аксельрод. Гэта быў паэт ясенінскага складу. Тонка ўспрымаў прыроду. Шмат месца ў яго вершах займалі матывы кахання і дружбы. Між аматараў паэзіі было нямала прыхільнікаў яго таленту. Пісаў ён не шмат. Уся яго паэзія магла б умясціцца ў адзін не такі ўжо і аб’ёмісты зборнік.

За надта інтымную лірыку, за апалітычнасць яго часта лаялі крытыкі і партыйныя інструктары, што стаялі на варце чысціні ленінска-сталінскіх ідэй у мастацкай літаратуры.

Ізі Харык заўсёды заступаўся за Аксельрода і не раз выручаў яго з бяды. А ворагаў і зайздроснікаў было ў Аксельрода нямала. Асабліва недалюблівалі яго бяздарныя рыфмаплёты-алілуйшчыкі, якія ў сваіх вершах захапляліся шчаслівым жыццём у той час, калі ў гарадах і вёсках панаваў голад і тысячы людзей паміралі ад дыстрафіі. Зэлік такіх паэтаў цураўся, імкнуўся не друкаваць іх вершы на старонках часопіса [«Штэрн»]. А яны яго абвінавачвалі ў апалітычнасці і мяшчанстве.

І неўзабаве за Харыкам знік у турме і Зэлік.

З пісьменнікаў старэйшага пакалення жыў і працаваў у Мінску дваццатых гадоў празаік Якнегоз, сучаснік Шолам-Алейхема. Ён пісаў на іўрыце і на ідыш. Напісаў звыш пяцісот твораў. Памёр у 1927 годзе.

Ад belisrael.info. Чытайце таксама артыкул Рэлеса «У пошуках новага» (1941, па-руску) на нашым сайце тут, глядзіце і слухайце гутарку 1998 г. з Довідам Кацам аф ідыш. А зараз прапануем кароткую біяграфічную даведку на англійскай ад калегаў з yivoencyclopedia.org:

Reles, Hirsh (1913–2004), poet and writer. Hirsh Reles was born in Chashniki, Belorussia, studied Yiddish literature at the Vitebsk and Minsk Pedagogical Institutes, and worked as a teacher. He began to publish poetry in 1931 and in 1939 issued his first collection, Onheyb (Beginning), in Minsk. After World War II, he worked in the Russian and Belorussian press and then began to publish in Yiddish again in 1961 in Sovetish heymland. He published several collections of poetry and stories in Yiddish, Russian, and Belorussian. His Russian memoirs, V krayu svetlykh berez (In the Land of Light Birch Trees; 1997), present a most vivid portrait of Yiddish cultural life in Belorussia from the 1930s on.

Апублiкавана 23.04.2018  15:23