Tag Archives: Израиль Мадорский

Выстава пра Курапаты адкрыта зноў!

Учора, 13 лістапада, як бы ў процівагу (а хутчэй, у пандан) Міжнароднаму дню сляпых, у цэнтры Мінска распачала працу трэцяя, пашыраная выстава «Праўда пра Курапаты». У якасці саарганізатараў выступілі Беларускі саюз мастакоў – уласна, усё адбываецца на яго пляцоўцы, у Палацы мастацтва – творчая суполка БСМ «Пагоня» і грамадская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў».

З каардынатарам названай ініцыятывы Маратам Гаравым знаёмы даўно – ён аўтарытэтны журналіст, яго тэксты часам публікаваліся і на belisrael.info. Перад адкрыццём атрымаў ад яго кнігу, урыўкі з якой будуць прадстаўлены крыху ніжэй…

М. Г. выступаў з прамовай – паслухаць ягоны голас можна тут. Акцэнтаваў тое, што архівы зараз не даюць поўнай карціны падзей, варта браць пад увагу народную памяць. Радаваўся, што выстава пашырылася, i цяпер у ёй ужо каля 50 мастацкіх твораў. Да жывапісцаў далучаюцца скульптары, мастакі-графікі.

Выступіў таксама Уладзімір Арлоў – чытаў нарыс пра Міхася Зарэцкага (1901–1937) са сваёй кнігі «Імёны Свабоды». Казалі свае словы мастакі Алесь Марачкін і яго сын Ігар, іншыя людзі, якія дапамагаюць захаванню памяці пра месца расстрэлу тысяч людзей. Гралі ды спявалі лірнікі. Архітэктарка Юлія Сабалеўская – беларуска, якая атабарылася ў Польшчы – коратка прэзентавала свой праект трохпавярховага Цэнтра нацыянальнай памяці ў Курапатах. Тым, хто заслужыў, былі ўручаны дыпломы.

Ул. Арлоў (справа) паказвае М. Гаравому сваю кнігу. Злева – паэтэса Валянціна Аксак, жонка Арлова. На сценах – творы нябожчыка Арлена Кашкурэвіча (у Палацы мастацтва ладзіцца адначасова некалькі экспазіцый).

Сярод слухачоў гайсаў Павел Севярынец, і нават вёў стрым (!) З палітыкаў, дзейных і адстаўных, прыйшлі на адкрыццё таксама Алесь Бяляцкі, Вінцук Вячорка, Вячаслаў Сіўчык…

Злева – гледачы цікавяцца трыпцiхам Андрэя Дубініна; справа – праца Алеся Марачкіна «Навала-2», прысвечаная абароне Курапатаў ад «рэстарацыі Зайдэса» (на карціне можна адшукаць і П. Севярынца са сцягам)

А. Дубінін – не толькі мастак, а і дасведчаны педагог-мастацтвазнавец. Ён даў паясненні да свайго трыпціха:

«Левая частка завецца «Ноч паэтаў, або Клуб Дзяржынскага» (2017, памер 150х275 см). Цэнтральная – «Курапацкі крыж» (2019, 200х150 см). Мастацкі вобраз знайшоўся падчас работы над карцінай, калі плягі-раны на целе пакутніка – у форме абласцей Беларусі – раптам люстрана пачалі зерыць на небе, і неба Беларусі сталася плашчаніцай, на якой адбіліся смяротныя знакі. Цэнтральны вобраз ранаў пачаў дыктаваць метад пісьма – плямісты, гэта вельмі ёмісты вобраз-метафара. Невядомы твар – як невядомыя імёны закатаваных, завецца «судар» (ад лац. sudorium, пакроў). Правая частка –«Курапаты: “Рахунак!”» (2019, 150х275 см). Рытмічны рад перагукаецца з карцінай Брэйгеля «Сляпыя», дзе тыя валяцца ў яму, тут такі ж дыяганальны рух долу, дзе ванітуе крывёй апошні жаўнер, трымаюць сурвэткі, як лакеі, паслугачы-забойцы. Але дагэтуль цаляюць у нас, як крайні злева. Ззяе горад справа ўверсе…»

Але экспазіцыя складаецца не толькі з карцін і макетаў. На стэндах наведнікам даступныя звесткі пра Курапаты, што, безумоўна, падвышае адукацыйную вартасць праекта.

Карацей, ёсць сэнс наведаць, калі хто яшчэ не бачыў. Чакаецца, што дакументальна-мастацкая выстава на сталічнай вуліцы Казлова, 3 будзе працаваць па 22 лістапада г. г., з 11-й да 19-й гадзіны штодня, апрача панядзелка. Уваход вольны. Ахвотныя мець кнігу М. Гаравога, падыходзьце заўтра – 15.11.2019 з 18.00 плануецца «афіцыйная прэзентацыя».

В. Р. 

Як было ў Вілейцы-2017, глядзіце тут.

* * *

З кнігі «НКВД забіваў у Курапатах…» (Мінск: Зьміцер Колас, 2019; рэцэнзенты – кандыдаты гістарычных навук Валянціна Вяргей, Алег Іоў, Мікола Крывальцэвіч)

Адкрыцьцё таямніцы старога бору

Яшчэ напачатку 1970-х гадоў Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў дазналіся ад старажылаў вёсак Зялёны Луг, Цна-Ёдкава і Дроздава пра даваенныя расстрэлы на адгор’і Менскага ўзвышша – у старым бары Брод на поўдзень ад шашы Заслаўе – Калодзішчы.

Тады пра гэта публічна казаць было рызыкоўна. Але як толькі камуністычная ўлада захісталася і вымушана была дапусьціць пэўную свабоду слова – «галоснасьць», Пазьняк і Шмыгалёў агучылі жудасную гісторыю ляснога ўрочышча.

Дапамог выпадак. Увесну 1988 году васьміклясьнікі менскай сярэдняй школы № 171 Алесь Макрушын і Віктар Пятровіч ды іхны старэйшы сябра муляр Iгар Бага часьцяком бавілі час у глухім Бродзе. Бывала, і з заняткаў зьбягалі ў гэты бор, цішыню якога парушаў толькі далёкі гул кальцавой, сьпевы птушак і гоман ветру ў шатах старых ялін…

Узгадвае Алесь Макрушын (1973 г. н.):

«Першага траўня вырашылі зрабіць сабе сапраўдную партызанскую зямлянку, каб хавацца ад непагадзі. На паўночна-ўсходнім баку найвышэйшага пункту лесу пад дзвьма старымі ялінамі знайшлі прыдатную западзіну глыбінёй з паўмэтра, высланую хваёвым і яловым шыльнікам, парослую рэдкімі сьцяблінамі малінаў. Працы было шмат, таму пятага траўня зьбеглі ў лес з уроку фізкультуры. Хутка выкапалі заглыбленьне, аднак яно ня ўсім пасавала, бо ростам мы розьніліся. Вырашылі заглыбіцца яшчэ на штык і… адразу пайшлі чалавечыя парэшткі, у тым ліку чарапы з аднолькавымі адтулінамі ў патыліцы. Спачатку разгубіліся, бо ня ведалі, што рабіць зь нечаканымі знаходкамі. Троху супакоіліся і вырашылі выклікаць міліцыю. На “Волзе” прыехаў палкоўнік міліцыі разам зь Зянонам Пазьняком і Міхасём Чарняўскім – археолягамі з акадэмічнага Інстытуту гісторыі. Нас адвезлі ў родную школу, дзе перапужаную дырэктарку супакоіў Зянон Пазьняк. Перад шыхтамі вучняў і настаўнікаў археоляг выказаў нам падзяку за ўнёсак у адкрыцьцё таямніцы старога бору».

Гэтае месца лякалізавана, спадзяюся, з гадамі там зьявіцца адпаведны мэмарыяльны знак.

Трэцяга чэрвеня 1988 году галоўны рэдактар штотыднёвіка Саюзу пісьменьнікаў Беларусі «Літаратура і мастацтва» («ЛіМ») Анатоль Вярцінскі зьмясьціў у газэце артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці» з прадмовай народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава.

Артыкул пераконваў, што ў лясным урочышчы на паўночна-ўсходнім ускрайку Менску ў даваенныя гады савецкія органы бясьпекі расстралялі тысячы ні ў чым не вінаватых людзей – нашых з вамі продкаў і суайчыньнікаў.

Была створана ўрадавая камісія, узбуджана крымінальная справа. У сьледчую групу пад кіраўніцтвам сьледчага ў асабліва важных справах Пракуратуры БССР Язэпа Бролішса ўвайшлі экспэрты, у тым ліку археолягі Акадэміі навук. Упершыню на тэрыторыі СССР дасьледавалася месца расстрэлаў і могільнік ахвяраў палітычных рэпрэсіяў з выкарыстаньнем спэцыяльных археалягічных мэтодык. Больш за 50 сьведкаў пацьвердзілі, што бачылі і чулі расстрэлы. Летам 1988 году экспэрты адшукалі 510 захаваных западзін – як мяркуецца, расстрэльных ямаў, зрабілі эксгумацыю некаторых, знайшлі парэшткі шматлікіх ахвяраў.

Аналіз парэшткаў і рэчаў (гумовы абутак, грабяні, зубныя шчоткі, гаманцы для грошай і гільзы) паказаў, што людзі забітыя ў 1937–1941 гадах. Стралялі ў галаву – як правіла, у патыліцу, а таксама ў скроню і цемя. Большасьць стрэлаў з савецкага рэвальвэра «Наган» – табельнай зброі НКВД. Усе ахвяры – цывільныя людзі з Усходняй і Заходняй Беларусі, магчыма, з краін Балтыі, у асноўным 40-50-гадовага ўзросту. У тым ліку жанчыны. Гэтыя і пазьнейшыя раскопкі пацьвердзілі высновы сьледзтва, што ў перадваенныя гады супрацоўнікі НКВД вывозілі ў Курапаты людзей і там іх расстрэльвалі.

Падчас раскопак 1997–1998 гадоў упершыню былі ідэнтыфікаваныя парэшткі трох ахвяраў – Мардыхая Шулькеса, Мойшы Крамера і Штама (імя невядомае), забітых летам – раньняй восеньню 1940 году. З найбольшай у Курапатах магільнай западзіны памерам 7,5 Х 5,3 м паднялі парэшткі ня менш як 373 чалавек са зьвязанымі рукамі (у тым ліку 19 жанчын) – жыхароў усходняй Беларусі, забітых позьняй восеньню 1938 – зімой 1939 году. Пад пластом жвіру таўшчынёй каля 1 м у раскопе выяўленая вялікая пляма попелу – рэшткі спаленай ручной паклажы ахвяраў з асабістымі рэчамі.

Думаю, што і гэтыя месцы трэба ўшанаваць адпаведнымі памятнымі знакамі.

Звычайна ахвяраў прывозілі сюды са зьвязанымі рукамі. Выводзілі з машынаў, ставілі на край яміны, выкапанай загадзя, і стралялі ў патыліцу. Часта каты нагамі ўтоптвалі целы, затым прысыпалі іх, прывозілі новых ахвяраў, расстрэльвалі і складалі штабэлямі паверх раней забітых. Пасьля расстрэлаў яміны закідвалі пяском і ўтыкалі ў зямлю галінкі ці маладыя дрэвы «для маскіроўкі».

Як я прыйшоў у Курапаты

Зь дзяцінства я цікавіўся лёсам свайго любага дзядзькі Ізраіля Мадорскага – нашчадка старадаўняга рабінскага роду, які стагодзьдзямі жыў на беларускай зямлі. Выхаваны ў павазе да гісторыі, традыцыяў і мовы свайго народу, хлопец не прыняў Кастрычніцкі пераварот 1917 году ў Расеі, што вёў да асыміляцыі габрэйства, і 13-гадовым падлеткам далучыўся да маладзёвага сіянісцкага руху ў губэранскім Гомлі, а праз два гады стаў адным зь яго кіраўнікоў пад мянушкай «Воля».

Згодна з правіламі кансьпірацыі сябры арганізацыі скаўтаў «Хашомэр хацаір» (з іўрыту – «Малады абаронца») сустракаліся ў лесе за Сажом, дзе пад сваім бел-чырвона-блакітным сьцягам вучылі іўрыт, займаліся спортам, чыталі нелегальныя ўлёткі і газэты, асвойвалі гісторыю і традыцыі габрэйства.

У канцы 1925 году кіраўніцтва гомельскага «Хашомэру» было арыштаванае супрацоўнікамі ОГПУ і абвінавачанае ў прыналежнасьці да антысавецкай нелегальнай арганізацыі і злачыннай контрарэвалюцыйнай дзейнасьці.

21 студзеня 1926 году падчас салюту ў гадавіну сьмерці Ўладзіміра Леніна загула трэцяя, так званая палітычная, камэра Гомельскага выпраўленчага дому з закратаванымі кіраўнікамі «Хашомэру». Яны скандавалі: «Прэч савецкіх катаў!» і «Далоў савецкіх дурняў, якія адзначаюць такія даты!» Скандаваньне было настолькі гучным, што прыпыняліся мінакі. Толькі пасьля таго як дзяжурны Скобараў папярэдзіў, што пачне страляць па камэры, скандаваньне патроху сьціхла.

Юныя вязьні двойчы галадавалі, патрабуючы ад начальства палепшыць умовы турэмнага жыцьця. Іх падтрымлівалі маладосьць, сяброўства і вера ў будучыню.

Каб засудзіць Ізраіля Мадорскага, яму дадалі ўзросту – запісалі старэйшым на 1 год і 3 месяцы. Галоснага суду не было. Асобнай нарадай пры калегіі ОГПУ юнакоў і дзяўчат пакаралі ссылкай на тры гады ў Кіргіскі край.

А чацьвертай раніцы арыштантаў пабудзілі. Каб бацькі не пратэставалі, вырашылі вывезьці вязьняў з Гомля давідна. Асуджаныя аказалі супраціў. Кожнага «ўціхамірвалі» па чатыры «гэпэушнікі». Яны выцягвалі паўразьдзетых юнакоў і дзяўчат на ледзяны турэмны двор і запіхвалі ў машыну. Увесь гэты час скаўты сьпявалі свой гімн: «Бадзёры духам, душой і целам, / ты горды шомэр – народу сын…».

Пасьля першай ссылкі была другая – на год у Сьвярдлоўск. У канцы 1929-га пры падтрымцы жонкі Максіма Горкага Кацярыны Пешкавай, якая ўзначальвала адзіную дазволеную ў СССР праваабарончую арганізацыю «Дапамога палітычным вязьням», усім ссыльным сіяністам дазволілі выехаць у Палестыну бяз права вяртаньня.

Так мой дзядзька 20-гадовым юнаком апынуўся на Сьвятой Зямлі. Разам зь сябрамі яны абжылі, адбудавалі і абаранілі зямлю сваіх продкаў, стварылі на ёй вольную, дэмакратычную і квітуючую Дзяржаву Ізраіль. Разам зь сябрамі Ізраіль Мадорскі будаваў ГЭС на Ярдане, засноўваў кібуц Афікім у Ярданскай даліне, а таксама ствараў гонар краіны – найлепшы ў сьвеце статак кароў высокапрадукцыйнай малочнай пароды.

Ганаруся сваім дзядзькам і ягонымі паплечнікамі, якія ў далёкія 1920-я гады ў юнацкім узросьце духоўна перамаглі, здаваліся б, усемагутную савецкую дзяржаву. Урэшце ад яе засталіся руіны, а мары тых хлопчыкаў і дзяўчат сталі явай. Мяркую, што Ізраіль Мадорскі неаднойчы ўзгадваў словы біблейскага Эклезіяста: няма нічога лепшага, як мець чалавеку асалоду ад справаў сваіх, бо гэта – ягоныя справы; бо хто прывядзе яго паглядзець на тое, што будзе пасьля яго?

У цяжкую хвіліну заўжды адчуваю плячо дзядзькі, шмат чаго ведаю пра яго празь ліставаньне, сустрэчы, праз матэрыялы крымінальнай справы на кіраўніцтва гомельскага «Хашомэру» і архіву ўпраўленьня КДБ Гомельскай вобласьці. Менавіта дзякуючы архіўнай справе, зь якой пашэнціла пазнаёміцца шмат гадоў таму, упершыню ўбачыў здымкі закратаванага дзядзькі і ягоных сяброў, аўтограф свайго дзеда Цодзіка, адчуў атмасфэру часу і даведаўся, што на допытах Ізраіль Мадорскі «катэгарычна адмовіўся адказваць на пытаньні…»

*

На жаль, сёньня архівы КДБ зноў закрытыя і грамадзтву вядомыя лічаныя імёны забітых у Курапатах. І калі бываю ў гэтым знакавым для кожнага беларуса месцы, нібыта чую настойлівыя галасы тысячаў усё яшчэ невядомых ахвяраў – адкрыйце архівы назавіце нашыя імёны, аднавіце нашыя лёсы, узнавіце нашыя вобразы, распавядзіце пра нас жывым!

Марат Гаравы

Апублiкавана 14.11.2019  20:10