Tag Archives: Анатоль Вертинский

Квартал Караткевіча, Мальдзіса (3)

Першыя дзве часткі, апублікаваныя 27 чэрвеня і 5 ліпеня г. г. (тут падзякую літаратару Змітру Дзядзенку, які pro bono пашыраў мае думкі, і газеце «Новы час», што 09.07.2020 перадрукавала ч. 2), справакавалі нямала падабаек і перапостаў; змястоўных водгукаў – значна меней. Спадзяваўся на больш актыўнае абмеркаванне таго, што хвалюе: можна было не згаджацца з маімі прапановамі – муралы да юбілею Караткевіча, «Каштанаўка»… – але хаця б узважыць іх. Як талкаваў у гэткіх выпадках дзед Талаш: «Гэта вам не воўк пярдзіць, а чалавек гаворыць!»

Уладзімір Караткевіч, з аднаго боку, «усіхні», з другога – ледзь не ў кожнага(-ай) ён «свой». З’ява натуральная, але, бадай, замінае дамовіцца пра канкрэтныя крокі, каб увекавечыць яго памяць у Цэнтральным раёне г. Мінска. Да таго ж не ўсе чытачы захавалі да твораў класіка ХХ ст. цёплыя пачуцці. Во былы актывіст «беларускай-беларускай» перабудовачнай суполкі «Талака» Уладзімір Бараніч адказваў мне ў сваім блогу: «Караткевіч быў абавязковым чытвом у Талацэ. Натуральна паўплываў [на мяне]… ледзь не ўсяго перачытаў. Што вабіла? Ня памятаю. Я тады быў нэафіт беларускай рэлігіі, а Караткевіч — прарок яе. У рэлігійных тэкстах для нэафітаў усё важна. Пэўна, мова, найперш. Я ж тады мове вучыўся. Ну і рамантызм квазігісторыі ў дачыненьні да нацыяналізму… Але пазьней я ў ім разабраўся і лічу яго вельмі шкодным міфастваральнікам штучна накінутай літвінам беларускай ідэі». Мяркую, не будзе вялікай абмылай параўнаць Караткевіча з Аляксандрам Грынам – у тым сэнсе, што яго проза часам вяла да «павярхоўнага энтузіязму» (пра Грына так пісаў В. Коўскі).

Памерлы 36 год таму Караткевіч не мае патрэбы ў маёй абароне, а ўсё ж падкрэслю: яго творы – не фастфуд, і найчасцей энтузіязм чытачоў быў не павярхоўны. Меркаванне Васіля Быкава я спісаў з інтэрнэт-старонкі адной магілёўскай школы: «Творы Уладзіміра Караткевіча з захапленнем чытаюць розныя людзі, рознага веку і густаў, але, мне думаецца, большасць ягоных кніг знойдзе свой удзячны водгук у маладых сэрцах. Ён сам быў да скону сваіх дзён надта малады па натуры і ведаў, чым крануць маладыя душы». Прыкладна пра тое ж – урыўкі з кнігі «Нацыянальная ідэя» (2005) палітыка, пісьменніка, палітзняволенага Паўла Севярынца:

Уладзімір Караткевіч быў, ёсць і будзе галоўным рамантыкам беларускай нацыянальнай ідэі… Гістарычны эпас, вершы, п’есы й кінасцэнары аднаўлялі ў масавай сьвядомасьці ўсю аграмаду Беларусі часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Уладзімір Караткевіч стаў нашым Вальтэрам Скотам, Аляксандрам Дзюма і Шарлем дэ Кастэрам у адной асобе.

Караткевіч пісаў ужо для мільёнаў пакаленьня ўрбанізацыі, што ў 60-х – 80-х зрабілі Беларусь гарадзкой – і расказваў менавіта пра гарадзкую Беларусь Сярэдневечча. Беларускія палацы, замкі, храмы! – для сырое вясковае нацыі, якая перабіралася ў панэльныя шматпавярхоўкі, гэткае адкрыццё было грымотамі сярод яснага неба…

Караткевіч стварыў масавую нацыянальную сьвядомасьць, масавы попыт на беларускую літаратуру, першы фэномэн нацыянальнае масавае культуры – і гэта пры тым, што ягоная клясыка была ў прынцыпе элітарнай. Дзясяткі тысячаў сьвядомых беларусаў дагэтуль зачытваюцца менавіта Караткевічам.

Ён не памёр – як і большасьць ягоных герояў, ён загінуў. Згарэў дарэшты, выканаўшы сваю місію. І пакінуў гэты сьвет рыхтык напярэдадні перабудовы й Адраджэньня – у 1984-м.

Але дагэтуль бачыцца: у белай, адпрасаванай кашулі, як ён пісаў заўжды, сьпяшаючыся й баючыся не пасьпець – адрывіста, востра, аўтаручкай, быццам пяром, Караткевіч расстаўляе кропкі над «і» й зьнічкі «у» кароткага.

Зараз слова cаўсім іншаму пісьменніку – менчуку Альгерду Бахарэвічу. Фрагменты з яго эсэ 2012 г.:

У розных апытаньнях кшталту «Як я стаў тым, кім я стаў» Караткевіч мусіць ісьці на першым месцы сярод названых крыніц уплыву, і зь вялікім адрывам. Менавіта ён шмат каго зрабіў беларусам. Дапамог выдумаць сябе. У кожнага зь яго чытачоў атрымлівалася па-свойму. У меру ўласных таленту, фантазіі і густу. Вядома, што мы жывем настолькі шчасьліва, наколькі здольныя сябе выдумаць. Але кожнага Караткевіч у свой час чапляў — варта было разгарнуць кнігу, любы з раманаў.

Караткевіч — чалавек з ключом, яго мэта — адкрыць, завабіць, паказаць дарогу. У прадмове ягонай кнігі для школьнікаў «Зямля пад белымі крыламі» ён сам кажа пра тое, што дае чытачам «ключ ад краіны»: а далей вы ўжо самі…

Захапленьне сышло, а дакладней, яго перадаеш іншым, тым, хто мае патрэбу, гэта такая адмысловая беларуская эстафэта. Павага засталася.

Цікавіць спадчына Караткевіча таксама бардаў Галіну і Барыса Вайханскіх, каторыя колькі год таму перабраліся ў Ізраіль. Яны выконваюць песню на верш У. К. «Мокрыя травы».

Ды што казаць – нават Віктар Бабарыка ў СІЗА КДБ чытаў Караткевіча!

Паважліва ставяцца да Ўладзіміра Сямёнавіча таксама (некаторыя) чыноўнікі. У снежні 2019 г. яны выбіралі «кнігу года», і… «Мы ўзялі аналітыку з OZ.by, “Белкнігі”, “Саюздруку”, тавараправодных сетак пра тое, колькі кніг было куплена, якога аўтара, якая кніга была найбольш запатрабавана ў 2019 годзе, – сказаў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. – У выніку перамагла кніга Уладзіміра Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім”, перавыдадзеная выдавецтвам „Папуры”. Што вельмі сімвалічна напярэдадні 90-годдзя класіка, якое мы будзем адзначаць у наступным годзе». Праўда, у першым квартале таго года кнігі Караткевіча ў рэйтынгу «Белкнігі» знаходзіліся толькі на 32-м («Каласы…») і 34-м месцах («Чорны замак Альшанскі»).

Караткевіч – аршанскі малец, і, мабыць, у справе ўшанавання варта ісці плысці ад вытокаў. Адно афіцыёзнае выданне паведаміла ў лістападзе 2019 г.:

У Оршы ёсць дом Уладзіміра Сямёнавіча, дзе ён пісаў славутае «Паляванне…», куды прыязджалі яго сябры Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін. Пасля вайны Караткевічы купілі ў вёсцы зруб і перавезлі яго ў Оршу. З таго часу будыніна належыць іх сям’і. Летась яе выкупіў бізнесмен Андрэй Балабін, каб рэстаўраваць, да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка стварыць тут музей і перадаць яго мясцовай уладзе.

Штосьці больш крэатыўнае сёлета прапаноўвала Паліна Сцепаненка, літаратуразнаўца і праваабаронца. У нататцы «Крыніца Караткевіча» (racyja.com, чэрвень 2020):

Думаю пра крыніцу, якая была ў Воршы напрыканцы вуліцы Караткевіча, а тады Касманаўтаў. Я памятаю яе з 70-ых гадоў, а з’явілася яна, напэўна, раней. Крыніца на самым беразе Дняпра. Там было такое месца, дзе стаялі лодкі-пласкадонкі. У бераг быў укапаны вялікі ланцуг, а да яго малымі ланцугамі прымацоўвалі лодкі… Пасля ўсё знікла – лодкі, вялікі ланцуг, крыніца. Але думаю, што не зусім зніклі, а проста пад зямлёй цяпер. Там шмат рознага жалеззя валялася пасля ў 80-ыя гады – рэшткі парэзанай на кавалкі баржы, на якой я асэнсоўвала смерць Караткевіча ў 1984 годзе. Цяпер там проста трава, лодак даўно няма. Мне здаецца, што крыніцу можна аднавіць. Адкапаць. Гэта не плач па крыніцы, якую ніхто не нішчыў адмыслова, а ідэя аднаўлення. Крыніца не знікла, яна ёсць – толькі трэба падумаць, як яе аднавіць, можа нават у межах адзначэння 90-ых угодкаў Караткевіча. І факт, што тую крыніцу Уладзімір Караткевіч бачыў і піў з яе – міма яе не пройдзеш, калі спускацца да ракі па вуліцы Караткевіча (Касманаўтаў). Памятаеце, як у вершы: «Вуліца Касманаўтаў збягае ў лагчыну з гары. Вытокі яе – у горадзе, вусце яе – у Дняпры».

Першая кніга рамана «Каласы пад сярпом тваім» завецца «Выйсце крыніц». Мажліва, невыпадкова тое, што ў 1967 г. Караткевіч пасяліўся ў Мінску менавіта ля Вадаправоднага завулка 😉

Тыя кварталы ў Цэнтральным раёне сталіцы, якія хацелася б ідэнтыфікаваць як мікрараён «Каштанаўка» і ўключыць у турыстычныя маршруты, вядомыя не толькі імёнамі Уладзіміра Караткевіча і Адама Мальдзіса. Гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч нагадаў, што ў 1976–1991 гг. на вул. Веры Харужай, д. 46/1, кв. 24 (г. зн. зусім побач з «домам Караткевіча») жыў паэт Алесь Разанаў. А ў доме № 48 нейкі час – паэт Анатоль Вярцінскі.

Утульны дворык для паэта(ў)

Якасныя графіці на сценах дамоў – гэта няхутка і нятанна. Быў бы рады ўчуць «дзелавых людзей»: як да лістапада 2020 г. на вул. В. Харужай зрабіць аналаг(і) таго, што з’явілася на вул. Кузьмы Чорнага ў Мінску і на вул. Дзяржынскага ў Мёрах Віцебскай вобласці?

Мінскі і мёрскі муралы (2020)

І вось яшчэ думка… Быў бы я гешэфтмахерам – гандляваў бы правам пасядзець на лавачцы насупроць пад’езда, дзе ў 1967–73 гг. жыў Уладзімір Караткевіч 😉

Пад «караткевіцкім каштанам». Справа ад пад’езда відаць і «акно Караткевіча» (на 2-м паверсе)

Ну, як А. Бендэр з «12 крэслаў» браў грошы за ўваход у пяцігорскі Правал. На жаль ці на шчасце, я – не Астап Ібрагімавіч, і ад параўнальна сумленных заробкаў трымаюся наводдаль. Аднак лавачку маглі б узяць «на аловак» дзеячы турыстычнай індустрыі.

А вось аўтобусна-тралейбусныя прыпынкі на бульвары Шаўчэнкі. Цяпер яны cумнаватыя:

Можна ж вырабіць водаўстойлівыя абоі з выявамі спачылага Караткевіча, жывых Вярцінскага, Мальдзіса, Разанава – і аздобіць імі шкляныя паверхні! Мяркую, нават ганаровы грамадзянін Мінска Мікола Чаргінец, які жыве побач, на вул. Гая, 4/2, маральна падтрымае такую ідэю. Усё-такі ён пісьменнік, аўтар дэтэктываў, якія пахвальваў той самы Быкаў. І добра знаёмы з Адамам Глобусам, cуседам Караткевіча па лесвічнай пляцоўцы…

Прыпынак на бульвары побач з 68-м паштовым аддзяленнем – нядаўна быў абклеены сацыяльнай рэкламай ад міністэрства па надзвычайных сітуацыях, і свет не перакуліўся (на сучаснай птушынай мове гэта завецца «брэндаваны прыпынак»)

Заўжды скептычна ставіўся да «Нью-Васюкоў» кшталту шагалаўскага квартала на 50 га ў Віцебску, таму не прапаную нічога экстраардынарнага. Паўстаў жа ў 2017 г. сціплы «парк пісьменнікаў» каля Нацыянальнай бібліятэкі – практычна на голым месцы. Раён жа бульвара Шаўчэнкі – месца «намоленае», з гісторыяй, легендамі. Мовазнавец Зміцер Саўка (1965–2016) мог бы яшчэ многа распавесці… Дадам, што ніколі ў нашых гутарках ён не прылічваў бульвар да «Старажоўкі».

Рог бульвара і вул. Асіпенка. Недзе тут у пачатку 1980-х стаяў аўтамат з газіроўкай, з сіропам (3 кап.) і без (1 кап.), пастаянна таўкліся людзі. Затое цяпер усё пакрыта плітачкай!

Пакуль суд ды справа, маладое пакаленне Каштанаўкі-Мінскай самасцвярджаецца, наносячы на сцежкі ды муры квартала малюнкі з мядзведжай пысай.

Каля вул. В. Харужай, 44; вул. П. Асіпенка, паміж дамамі 19 і 21; бул. Шаўчэнкі, 5

Што б гэта значыла? Больш нідзе такіх малюнкаў не сустракаў… Хіба дзеткі-кветкі пранюхалі, што менавіта на В. Харужай, 48 У. Караткевіч напісаў «школьнае» апавяданне «Былі ў мяне мядзведзі» (1970), і цяпер ілюструюць яго? Ці ёсць іншыя версіі?

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

12.07.2020

Апублiкавана 12.07.2020  17:52

Выстава пра Курапаты адкрыта зноў!

Учора, 13 лістапада, як бы ў процівагу (а хутчэй, у пандан) Міжнароднаму дню сляпых, у цэнтры Мінска распачала працу трэцяя, пашыраная выстава «Праўда пра Курапаты». У якасці саарганізатараў выступілі Беларускі саюз мастакоў – уласна, усё адбываецца на яго пляцоўцы, у Палацы мастацтва – творчая суполка БСМ «Пагоня» і грамадская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў».

З каардынатарам названай ініцыятывы Маратам Гаравым знаёмы даўно – ён аўтарытэтны журналіст, яго тэксты часам публікаваліся і на belisrael.info. Перад адкрыццём атрымаў ад яго кнігу, урыўкі з якой будуць прадстаўлены крыху ніжэй…

М. Г. выступаў з прамовай – паслухаць ягоны голас можна тут. Акцэнтаваў тое, што архівы зараз не даюць поўнай карціны падзей, варта браць пад увагу народную памяць. Радаваўся, што выстава пашырылася, i цяпер у ёй ужо каля 50 мастацкіх твораў. Да жывапісцаў далучаюцца скульптары, мастакі-графікі.

Выступіў таксама Уладзімір Арлоў – чытаў нарыс пра Міхася Зарэцкага (1901–1937) са сваёй кнігі «Імёны Свабоды». Казалі свае словы мастакі Алесь Марачкін і яго сын Ігар, іншыя людзі, якія дапамагаюць захаванню памяці пра месца расстрэлу тысяч людзей. Гралі ды спявалі лірнікі. Архітэктарка Юлія Сабалеўская – беларуска, якая атабарылася ў Польшчы – коратка прэзентавала свой праект трохпавярховага Цэнтра нацыянальнай памяці ў Курапатах. Тым, хто заслужыў, былі ўручаны дыпломы.

Ул. Арлоў (справа) паказвае М. Гаравому сваю кнігу. Злева – паэтэса Валянціна Аксак, жонка Арлова. На сценах – творы нябожчыка Арлена Кашкурэвіча (у Палацы мастацтва ладзіцца адначасова некалькі экспазіцый).

Сярод слухачоў гайсаў Павел Севярынец, і нават вёў стрым (!) З палітыкаў, дзейных і адстаўных, прыйшлі на адкрыццё таксама Алесь Бяляцкі, Вінцук Вячорка, Вячаслаў Сіўчык…

Злева – гледачы цікавяцца трыпцiхам Андрэя Дубініна; справа – праца Алеся Марачкіна «Навала-2», прысвечаная абароне Курапатаў ад «рэстарацыі Зайдэса» (на карціне можна адшукаць і П. Севярынца са сцягам)

А. Дубінін – не толькі мастак, а і дасведчаны педагог-мастацтвазнавец. Ён даў паясненні да свайго трыпціха:

«Левая частка завецца «Ноч паэтаў, або Клуб Дзяржынскага» (2017, памер 150х275 см). Цэнтральная – «Курапацкі крыж» (2019, 200х150 см). Мастацкі вобраз знайшоўся падчас работы над карцінай, калі плягі-раны на целе пакутніка – у форме абласцей Беларусі – раптам люстрана пачалі зерыць на небе, і неба Беларусі сталася плашчаніцай, на якой адбіліся смяротныя знакі. Цэнтральны вобраз ранаў пачаў дыктаваць метад пісьма – плямісты, гэта вельмі ёмісты вобраз-метафара. Невядомы твар – як невядомыя імёны закатаваных, завецца «судар» (ад лац. sudorium, пакроў). Правая частка –«Курапаты: “Рахунак!”» (2019, 150х275 см). Рытмічны рад перагукаецца з карцінай Брэйгеля «Сляпыя», дзе тыя валяцца ў яму, тут такі ж дыяганальны рух долу, дзе ванітуе крывёй апошні жаўнер, трымаюць сурвэткі, як лакеі, паслугачы-забойцы. Але дагэтуль цаляюць у нас, як крайні злева. Ззяе горад справа ўверсе…»

Але экспазіцыя складаецца не толькі з карцін і макетаў. На стэндах наведнікам даступныя звесткі пра Курапаты, што, безумоўна, падвышае адукацыйную вартасць праекта.

Карацей, ёсць сэнс наведаць, калі хто яшчэ не бачыў. Чакаецца, што дакументальна-мастацкая выстава на сталічнай вуліцы Казлова, 3 будзе працаваць па 22 лістапада г. г., з 11-й да 19-й гадзіны штодня, апрача панядзелка. Уваход вольны. Ахвотныя мець кнігу М. Гаравога, падыходзьце заўтра – 15.11.2019 з 18.00 плануецца «афіцыйная прэзентацыя».

В. Р. 

Як было ў Вілейцы-2017, глядзіце тут.

* * *

З кнігі «НКВД забіваў у Курапатах…» (Мінск: Зьміцер Колас, 2019; рэцэнзенты – кандыдаты гістарычных навук Валянціна Вяргей, Алег Іоў, Мікола Крывальцэвіч)

Адкрыцьцё таямніцы старога бору

Яшчэ напачатку 1970-х гадоў Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў дазналіся ад старажылаў вёсак Зялёны Луг, Цна-Ёдкава і Дроздава пра даваенныя расстрэлы на адгор’і Менскага ўзвышша – у старым бары Брод на поўдзень ад шашы Заслаўе – Калодзішчы.

Тады пра гэта публічна казаць было рызыкоўна. Але як толькі камуністычная ўлада захісталася і вымушана была дапусьціць пэўную свабоду слова – «галоснасьць», Пазьняк і Шмыгалёў агучылі жудасную гісторыю ляснога ўрочышча.

Дапамог выпадак. Увесну 1988 году васьміклясьнікі менскай сярэдняй школы № 171 Алесь Макрушын і Віктар Пятровіч ды іхны старэйшы сябра муляр Iгар Бага часьцяком бавілі час у глухім Бродзе. Бывала, і з заняткаў зьбягалі ў гэты бор, цішыню якога парушаў толькі далёкі гул кальцавой, сьпевы птушак і гоман ветру ў шатах старых ялін…

Узгадвае Алесь Макрушын (1973 г. н.):

«Першага траўня вырашылі зрабіць сабе сапраўдную партызанскую зямлянку, каб хавацца ад непагадзі. На паўночна-ўсходнім баку найвышэйшага пункту лесу пад дзвьма старымі ялінамі знайшлі прыдатную западзіну глыбінёй з паўмэтра, высланую хваёвым і яловым шыльнікам, парослую рэдкімі сьцяблінамі малінаў. Працы было шмат, таму пятага траўня зьбеглі ў лес з уроку фізкультуры. Хутка выкапалі заглыбленьне, аднак яно ня ўсім пасавала, бо ростам мы розьніліся. Вырашылі заглыбіцца яшчэ на штык і… адразу пайшлі чалавечыя парэшткі, у тым ліку чарапы з аднолькавымі адтулінамі ў патыліцы. Спачатку разгубіліся, бо ня ведалі, што рабіць зь нечаканымі знаходкамі. Троху супакоіліся і вырашылі выклікаць міліцыю. На “Волзе” прыехаў палкоўнік міліцыі разам зь Зянонам Пазьняком і Міхасём Чарняўскім – археолягамі з акадэмічнага Інстытуту гісторыі. Нас адвезлі ў родную школу, дзе перапужаную дырэктарку супакоіў Зянон Пазьняк. Перад шыхтамі вучняў і настаўнікаў археоляг выказаў нам падзяку за ўнёсак у адкрыцьцё таямніцы старога бору».

Гэтае месца лякалізавана, спадзяюся, з гадамі там зьявіцца адпаведны мэмарыяльны знак.

Трэцяга чэрвеня 1988 году галоўны рэдактар штотыднёвіка Саюзу пісьменьнікаў Беларусі «Літаратура і мастацтва» («ЛіМ») Анатоль Вярцінскі зьмясьціў у газэце артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці» з прадмовай народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава.

Артыкул пераконваў, што ў лясным урочышчы на паўночна-ўсходнім ускрайку Менску ў даваенныя гады савецкія органы бясьпекі расстралялі тысячы ні ў чым не вінаватых людзей – нашых з вамі продкаў і суайчыньнікаў.

Была створана ўрадавая камісія, узбуджана крымінальная справа. У сьледчую групу пад кіраўніцтвам сьледчага ў асабліва важных справах Пракуратуры БССР Язэпа Бролішса ўвайшлі экспэрты, у тым ліку археолягі Акадэміі навук. Упершыню на тэрыторыі СССР дасьледавалася месца расстрэлаў і могільнік ахвяраў палітычных рэпрэсіяў з выкарыстаньнем спэцыяльных археалягічных мэтодык. Больш за 50 сьведкаў пацьвердзілі, што бачылі і чулі расстрэлы. Летам 1988 году экспэрты адшукалі 510 захаваных западзін – як мяркуецца, расстрэльных ямаў, зрабілі эксгумацыю некаторых, знайшлі парэшткі шматлікіх ахвяраў.

Аналіз парэшткаў і рэчаў (гумовы абутак, грабяні, зубныя шчоткі, гаманцы для грошай і гільзы) паказаў, што людзі забітыя ў 1937–1941 гадах. Стралялі ў галаву – як правіла, у патыліцу, а таксама ў скроню і цемя. Большасьць стрэлаў з савецкага рэвальвэра «Наган» – табельнай зброі НКВД. Усе ахвяры – цывільныя людзі з Усходняй і Заходняй Беларусі, магчыма, з краін Балтыі, у асноўным 40-50-гадовага ўзросту. У тым ліку жанчыны. Гэтыя і пазьнейшыя раскопкі пацьвердзілі высновы сьледзтва, што ў перадваенныя гады супрацоўнікі НКВД вывозілі ў Курапаты людзей і там іх расстрэльвалі.

Падчас раскопак 1997–1998 гадоў упершыню былі ідэнтыфікаваныя парэшткі трох ахвяраў – Мардыхая Шулькеса, Мойшы Крамера і Штама (імя невядомае), забітых летам – раньняй восеньню 1940 году. З найбольшай у Курапатах магільнай западзіны памерам 7,5 Х 5,3 м паднялі парэшткі ня менш як 373 чалавек са зьвязанымі рукамі (у тым ліку 19 жанчын) – жыхароў усходняй Беларусі, забітых позьняй восеньню 1938 – зімой 1939 году. Пад пластом жвіру таўшчынёй каля 1 м у раскопе выяўленая вялікая пляма попелу – рэшткі спаленай ручной паклажы ахвяраў з асабістымі рэчамі.

Думаю, што і гэтыя месцы трэба ўшанаваць адпаведнымі памятнымі знакамі.

Звычайна ахвяраў прывозілі сюды са зьвязанымі рукамі. Выводзілі з машынаў, ставілі на край яміны, выкапанай загадзя, і стралялі ў патыліцу. Часта каты нагамі ўтоптвалі целы, затым прысыпалі іх, прывозілі новых ахвяраў, расстрэльвалі і складалі штабэлямі паверх раней забітых. Пасьля расстрэлаў яміны закідвалі пяском і ўтыкалі ў зямлю галінкі ці маладыя дрэвы «для маскіроўкі».

Як я прыйшоў у Курапаты

Зь дзяцінства я цікавіўся лёсам свайго любага дзядзькі Ізраіля Мадорскага – нашчадка старадаўняга рабінскага роду, які стагодзьдзямі жыў на беларускай зямлі. Выхаваны ў павазе да гісторыі, традыцыяў і мовы свайго народу, хлопец не прыняў Кастрычніцкі пераварот 1917 году ў Расеі, што вёў да асыміляцыі габрэйства, і 13-гадовым падлеткам далучыўся да маладзёвага сіянісцкага руху ў губэранскім Гомлі, а праз два гады стаў адным зь яго кіраўнікоў пад мянушкай «Воля».

Згодна з правіламі кансьпірацыі сябры арганізацыі скаўтаў «Хашомэр хацаір» (з іўрыту – «Малады абаронца») сустракаліся ў лесе за Сажом, дзе пад сваім бел-чырвона-блакітным сьцягам вучылі іўрыт, займаліся спортам, чыталі нелегальныя ўлёткі і газэты, асвойвалі гісторыю і традыцыі габрэйства.

У канцы 1925 году кіраўніцтва гомельскага «Хашомэру» было арыштаванае супрацоўнікамі ОГПУ і абвінавачанае ў прыналежнасьці да антысавецкай нелегальнай арганізацыі і злачыннай контрарэвалюцыйнай дзейнасьці.

21 студзеня 1926 году падчас салюту ў гадавіну сьмерці Ўладзіміра Леніна загула трэцяя, так званая палітычная, камэра Гомельскага выпраўленчага дому з закратаванымі кіраўнікамі «Хашомэру». Яны скандавалі: «Прэч савецкіх катаў!» і «Далоў савецкіх дурняў, якія адзначаюць такія даты!» Скандаваньне было настолькі гучным, што прыпыняліся мінакі. Толькі пасьля таго як дзяжурны Скобараў папярэдзіў, што пачне страляць па камэры, скандаваньне патроху сьціхла.

Юныя вязьні двойчы галадавалі, патрабуючы ад начальства палепшыць умовы турэмнага жыцьця. Іх падтрымлівалі маладосьць, сяброўства і вера ў будучыню.

Каб засудзіць Ізраіля Мадорскага, яму дадалі ўзросту – запісалі старэйшым на 1 год і 3 месяцы. Галоснага суду не было. Асобнай нарадай пры калегіі ОГПУ юнакоў і дзяўчат пакаралі ссылкай на тры гады ў Кіргіскі край.

А чацьвертай раніцы арыштантаў пабудзілі. Каб бацькі не пратэставалі, вырашылі вывезьці вязьняў з Гомля давідна. Асуджаныя аказалі супраціў. Кожнага «ўціхамірвалі» па чатыры «гэпэушнікі». Яны выцягвалі паўразьдзетых юнакоў і дзяўчат на ледзяны турэмны двор і запіхвалі ў машыну. Увесь гэты час скаўты сьпявалі свой гімн: «Бадзёры духам, душой і целам, / ты горды шомэр – народу сын…».

Пасьля першай ссылкі была другая – на год у Сьвярдлоўск. У канцы 1929-га пры падтрымцы жонкі Максіма Горкага Кацярыны Пешкавай, якая ўзначальвала адзіную дазволеную ў СССР праваабарончую арганізацыю «Дапамога палітычным вязьням», усім ссыльным сіяністам дазволілі выехаць у Палестыну бяз права вяртаньня.

Так мой дзядзька 20-гадовым юнаком апынуўся на Сьвятой Зямлі. Разам зь сябрамі яны абжылі, адбудавалі і абаранілі зямлю сваіх продкаў, стварылі на ёй вольную, дэмакратычную і квітуючую Дзяржаву Ізраіль. Разам зь сябрамі Ізраіль Мадорскі будаваў ГЭС на Ярдане, засноўваў кібуц Афікім у Ярданскай даліне, а таксама ствараў гонар краіны – найлепшы ў сьвеце статак кароў высокапрадукцыйнай малочнай пароды.

Ганаруся сваім дзядзькам і ягонымі паплечнікамі, якія ў далёкія 1920-я гады ў юнацкім узросьце духоўна перамаглі, здаваліся б, усемагутную савецкую дзяржаву. Урэшце ад яе засталіся руіны, а мары тых хлопчыкаў і дзяўчат сталі явай. Мяркую, што Ізраіль Мадорскі неаднойчы ўзгадваў словы біблейскага Эклезіяста: няма нічога лепшага, як мець чалавеку асалоду ад справаў сваіх, бо гэта – ягоныя справы; бо хто прывядзе яго паглядзець на тое, што будзе пасьля яго?

У цяжкую хвіліну заўжды адчуваю плячо дзядзькі, шмат чаго ведаю пра яго празь ліставаньне, сустрэчы, праз матэрыялы крымінальнай справы на кіраўніцтва гомельскага «Хашомэру» і архіву ўпраўленьня КДБ Гомельскай вобласьці. Менавіта дзякуючы архіўнай справе, зь якой пашэнціла пазнаёміцца шмат гадоў таму, упершыню ўбачыў здымкі закратаванага дзядзькі і ягоных сяброў, аўтограф свайго дзеда Цодзіка, адчуў атмасфэру часу і даведаўся, што на допытах Ізраіль Мадорскі «катэгарычна адмовіўся адказваць на пытаньні…»

*

На жаль, сёньня архівы КДБ зноў закрытыя і грамадзтву вядомыя лічаныя імёны забітых у Курапатах. І калі бываю ў гэтым знакавым для кожнага беларуса месцы, нібыта чую настойлівыя галасы тысячаў усё яшчэ невядомых ахвяраў – адкрыйце архівы назавіце нашыя імёны, аднавіце нашыя лёсы, узнавіце нашыя вобразы, распавядзіце пра нас жывым!

Марат Гаравы

Апублiкавана 14.11.2019  20:10

Феліксу Хаймовічу (Баторыну) – 70!

Фелікс БАТОРЫН: «Я рэдка ўспамінаю, што я паэт…»

– Фелікс, мы пазнаёміліся з табой на каралішчавіцкім семінары. У ім удзельнічалі Ніна Мацяш… Падкажы, хто яшчэ.

– Анатоль Кірвель, Алесь Масарэнка, Лёня Якубовіч, Марыя Баравік…

– Ты быў тады студэнтам-першакурснікам. З цягам часу ўступіў у пісьменніцкую суполку, але – што дзіўна – я ніводнага разу не сустрэла цябе ў Доме літаратара. Ты што, прынцыпова туды не наведваешся?

– Чаму? З’езды я не прапускаю. Усё дробнае, спадзяюся, вырашаць без нас.

– Ты так і існуеш у дзвюх іпастасях – як паэт і як урач (у 2010 г. Фелікса Барысавіча адправілі на пенсію; маўляў, праца ў дзяржаўнай клініцы несумяшчальная з прыналежнасцю да «няправільнага» Саюза пісьменнікаў. – belisrael.info). Як яны адна з другой спалучаюцца?

– Я, прызнацца, рэдка ўспамінаю, што я паэт. Прыйдзе верш у галаву – запішу. А то і забуду, як не ў пару з’явіцца. Шкадую потым. Мне здаецца, калі б я ўсё запісваў, то ў мяне было б вершаў, як у Рыгора Барадуліна. А так, ссумаваўшы мае тры зборнікі, аркушаў восем набярэш.

– Наколькі я ведаю, ты ж і перакладамі стала займаешся?

– З нямецкай я перакладаў яшчэ школьнікам, самахоць. Гейнэ мне падабаўся. З ідыш – Рыгора Рэлеса. Друкаваўся ў «Даляглядах», пакуль яны выходзілі. Сучасных немцаў перакладаў, у асноўных «гэдээраўскіх». Сярод іх самы моцны, лічу, – Увэ Бергер. Не як сябру, не. Проста жэст ветлівасці.

З Рыгорам (Гіршам) Рэлесам у 1980-х; фота з кнігі Ф. Баторына «На вуліцы Максіма Багдановіча» (Мінск, 2007)

– Другі б ужо і з’ездзіў туды, перакладаючы…

– Штосьці не цягне бадзяцца па замежжы. Мабыць, я не рамантык, я па Беларусі люблю ездзіць. Як дзеці былі малыя, падарожнічаў па Палессі, у Івацэвіцкім раёне давялося адпачываць (у нас медсястра адтуль родам). Там дыялект вельмі цікавы, дзеці за два тыдні “набраліся”. Карову там, напрыклад, звалі “пэрэста”. Альбо: “Ганно, хадзі блінцэ істы!” А ў Мінскім раёне неяк давялося пачуць, як маці на малога сварылася: “Я табе пакажу, чым заяц адрозніваецца ад труса!”

– Ты, бачу, адчувальны да жывой гаворкі…

– Збіраў адзін час дыялектныя выразы, падараваў Валянціну Рабцэвічу. Такія вось запісы былі: “Пі, Яначка, пі, світкаю закусіш”; “Нашага цюцьку знаюць і ў Слуцку”; “Нашага Івана абралі на пана, сядзіць у палацы, у носе калупае”; “Быў бы Рыгорам Мішка, ды тонкая кішка”. Дарэчы, пра Рыгора. Першым рэдактарам маім быў Рыгор Барадулін. Ён мне добра-такі мазгі на месца паставіў. Мне ж здавалася, што я “геній Сусвету” (выраз А. Ставера).

– У адным з вершаў ты пра сябе так гаворыш: “яўрэй з беларускай душой”. Няма тут нейкага раздваення?

– А ў Змітрака Бядулі яно было? Гэта своеасаблівая цэласнасць.

– А як у ардынатарскай рэагуюць, калі ты па-беларуску размаўляеш?

– Нармальна рэагуюць. Адна з нашых доктарак была сярод бацькоў, якія патрабавалі аднавіць беларускі клас.

– Медыцынскія анекдоты табе падабаюцца?

– Дык на іх шмат часу не ідзе. Як вернешся з аперацыі (уся бялізна мокрая, як у доменшчыка пасля змены), то абавязкова трэба чаю папіць. Аднавіцца хоць крыху. Вось тады і “травім”.

– Мушу зазначыць, што выгляд у цябе сапраўды змарнелы. Цяжкая ў цябе ўсё ж спецыяльнасць – гінеколаг-анколаг.

– Дык я ж не зубы людзям ірву… Рамантыка – гэта тое, што было ў юнацтве, выветрылася яяна. Сённяшні дзень – усё бруднае, цяжкае, будзённае…

– Што падаецца найбольш цяжкім у тваёй рабоце?

– Дачыненні з людзьмі. Калі жанчына хворая, то яна і плача, і капрызіць, і баіцца, і спадзяеца, і сама сябе падманвае… Ёй шкада і сябе, і родных, што дома засталіся. Душа баліць, адным словам… Хваробы сур’ёзныя, лячэнне цяжкае. З кожным годам такіх захворванняў усё болей. І Чарнобыль, і ўвогуле экалогія страшная: заводы, фабрыкі хімічныя, ракетныя войскі свой след пакінулі. А што мы ядзім, што п’ём? Краіны “трэцяга свету” нам скідваюць тое, чаго яны ніколі не рэалізуюць на Захадзе. З посудам, напрыклад, можна цяжкія металы атрымаць. Пад маркай гуманітарнай дапамогі нам часта скідваюць лекі, у якіх сышоў ці сыходзіць тэрмін карыстання. Колькі мы павыкідвалі іх, Божа літасцівы! Не, я нікога не асуджаю, добрых лекаў таксама нямала атрымліваем.

– А што ты яшчэ можаш сказаць наконт спецыфікі работы? Усё ж пацыенткі – жанчыны…

– Жанчына, няхай сабе і хворая, заўсёды застаецца жанчынай. Яна і закахацца можа ў доктара.

– А доктар?

– Доктару цяжэй. Калі жанчына пацыентка, то тут пачынае дзейнічаць прафесійная этыка, а яна не дазваляе пераходзіць пэўныя межы. Акрамя таго, калі даследуеш спецыяльныя аддзелы цела, то тут не да інтыму. У сувязі з гэтым адзін фільм успамінаецца, што ішоў па 8-ым канале. Доктар, стары казёл, заляцаецца да маладой каляжанкі. Палез ёй за пазуху і абмацаў пухліну на грудзях. На гэтым усе заляцанні скончыліся, бо ў ім прачнуўся медык. Абследаванне, біяпсія і ўсё такое… І я падумаў: гэта чыстая праўда. Не ведаю, можа, сярод урачоў-мужчын ёсць і выключэнні. Многія скульптары ваялі жанчын, але ў сваё тварэнне закахаўся адзін Пігмаліён. Увогуле ж доктар – гэта больш, чым прафесія, гэта кшталт жыцця. Як і паэт – больш чым прафесія. І калі даведваюся, што нехта з паэтаў выкінуў брудны конік, непамысна робіцца.

– Ці бывалі экстрэмальныя выпадкі ў тваёй практыцы?

– Пастаянна. Падстрэлілі нядаўна мужчыну, кінулі ў ліфт. Не то яго ў рэанімацыю, не то на аперацыйны стол… Прааперыравалі, а пасля аказалася, што гэта звычайны бандзюга. А адзін збег з бальніцы ў жаночым адзенні. Кіно! Быў і такі выпадак. Прывезлі жанчыну, якая сцякала крывёю, а ліфт, як на тое, не працуе. Папёр яе на руках на 4-ты паверх, у аперацыйную. Пералілі своечасова кроў, і засталася жыць… Цікавая штука – чалавек. Люблю размаўляць з людзьмі незалежна ад іх сацыяльнага становішча. Няма нецікавых людзей, я перакананы. Чаго нам сёння не хапае? Простых чалавечых кантактаў. Загразлі ў нэндзы, у праблемах бясконцых…

– А ёсць жа яшчэ і свет мастацтва – дзівосны, неабдымны… Ці існуе ён для цябе, і калі існуе, то ў якіх праявах?

– Пры адсутнасці музычнага слыху я ўсё ж неабыякавы да старажытнага рускага раманса. Крыўдна, што такога няма ў беларускай культуры. Пры жаданні можна колькі заўгодна знайсці вершаў, здольных стаць рамансамі. У жывапісе я кансерватар, хаця рэагую на французскіх імпрэсіяністаў. Нутром адчуваю. У іх ёсць тое, чаго мне не стае ў літаратурнай творчасці. У сапраўднасці заўсёды бачыш адну дэталь, астатнія – неакрэсленыя. Вось чаму ў звычайнай фатаграфіі больш праўды, чым у мастацтве рэалістаў. Аб’ектыў – ён аб’ектыўны…

– А што ты найбольш любіш у прыродзе?

– Хіба ў ёй ёсць нешта такое, чаго можна не любіць? Бывае, камень з дарогі паднімеш, дык у ім болей паэзіі, чым у зборніку якога-небудзь… Ну, не будзем збіваецца на персаналіі.

– Чаму ж? Назаві сваіх любімых паэтаў, калі такія ёсць.

– Анатоль Вярцінскі і Уладзімір Паўлаў. А яшчэ – Міхась Стральцоў. Ён мала паспеў напісаць, мала “выдаваў прадукцыі”. Асобныя паэтычныя рэчы падабаюцца ў Караткевіча – фігура, можа, занадта буйная, каб умясціцца ў маім духоўным свеце. Любімая ў мяне – “Балада пра Паўлюка Багрыма”. Верш – па-мойму, толькі тады верш, калі ў ім ці рамантыка ёсць, ці філасофія. Ты ведаеш іншыя?

– Ведаю. У некаторых лірыка – выключна гарманальнага паходжанн.

– Во, гэта і ёсць рамантыка. Калі шчыра, то я свае вершы часам ненавіджу, дробнымі здаюцца. А іншым разам чытаю як чужыя – і знаходжу тое, чаго, здаецца, і не ўкладваў. Самы цёмны для мяне твор – “Глосы”, вялікі, грувасткі…

– Працытуй што-небудзь.

– Я ахвотней Вярцінскага працытую:

Абрастаем мохам абставін,

На душы маёй шчэць густая.

Адчуваю – ідзе абрастанне…

– А яно ўсё-так ідзе?

– Дзе ж дзенешся… Працэс натуральны. Затое ў мяне сабака ёсць дома, “двортэр’ер”, калматы і смярдзючы. Арчыбальд-другі, бо першага ўкралі. На ўсіх гыркае, але можна не баяцца: нармальная чалавечая нага ў ягонай зяпе не змесціцца. А на дачы ў мяне жыве коця, які на мне ездзіць і шапку скідае. Дача для мяне – як аддушына. Мабыць, ува мне селянін памёр. Мама з гародчыка таксама, помню, не вылазіла. Як пачне змагацца з пустазеллем, дык і абед падчас забудзе згатаваць.

– Фелікс, а чым мы закончым нашу гутарку?

– Напішы, што я жонку сваю люблю (яна ў мяне таксама ўрач). І што мой сын выкладае беларускую мову і магістарскую работу піша па методыцы. А дачка – віяланчэлістка, скончыла Інстытут культуры. Абавязкова напішы.

Размаўляла Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

(“Літаратура і мастацтва”, № 23, 1999)

Яшчэ адзін цікавы расповед Фелікса Хаймовіча пра сябе (апублікаваны ў 2014 г. у газеце «Медицинский вестник» на рускай мове). Ягоны матэрыял на нашым сайце (2016). А тут – прысвечаная Ф. Хаймовічу старонка ў Вікіпедыі на ідышы.

Апублiкавана 04.02.2018  22:04