Tag Archives: детский технопарк

В. Рубінчык. Новы думкавы сумёт

Каго-каго, а мяне мінулы год не зусім адпусціў. Усё ж 11 дзён пасля бою гадзінніка – салідны тэрмін, каб падцягнуць «хвасты», прааналізаваць недааналізаванае… і кінуць пагляд у будучыя месяцы (на пяцігодкі цяпер планаваць-прагназаваць даволі рызыкоўна).

Па-першае, стараўся ўносіць разнастайнасць у зносіны з патэнцыйнай аўдыторыяй: напрыклад, апрача тэкставых публікаваў і гукавыя файлы. За апошнія 3 месяцы выклаў іх на Youtube куды болей, чым за папярэднія 15.

Прыклад «слайд-шоў» (зрабіце, як я, зрабіце лепей…)

Па-другое, 2020-ы многім чарговы раз паказаў, наколькі можна давяраць «калектыўнаму Рыгорычу» – дакладней, наколькі яму няможна давяраць – нават у сферах, дзе гэты квазікадаўр мусіў бы арыентавацца лепей, чым у «айфонах-плафонах» ды лабірынтах юрыспрудэнцыі. Гаваркі прыклад – на сайце promise.by:

У лістападзе 2017 г. намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка ў эфіры перадачы «Контуры» (АНТ) заявіў, што вытворчасць кардону на базе філіяла «Добрушская папяровая фабрыка “Герой працы”» будзе запушчана ў 2018 годзе. Ён жа ў сакавіку 2018 г. у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» пацвердзіў, што завод кардону ў філіяле Добрушскай папяровай фабрыкі запрацуе да канца 2018 года.

Нагадаю (ну, раптам хто прапусціў) – 2018 год быў у Беларусі даволі спакойны. Ні пандэміі, ні падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх «выбараў»… адзінае, прэм’ер-міністр змяніўся. Але хіба гэта перашкода для доўгайграючых праектаў? Не выключаю, што ў нас – так (пры Сяргею Румасу ўрад узяў на сябе абавязак правесці Сусветную шахматную алімпіяду, пры Раману Галоўчанкуадмовіўся, «растаптаўшы» ўрачыста падпісаны кантракт з ФІДЭ). Па стане на кастрычнік 2019 г. у абсталяванне завода было ўкладзена 265 мільёнаў USD, але справа рухалася марудна– спатрэбіўся візіт у Добруш тагачаснага старшыні Камітэта дзяржкантролю Леаніда Анфімава.

У пачатку лютага 2020 г. з «кардоннай праблемай» паспрабаваў даць рады «шэф» Анфімава і Румаса: «К канцу года фабрыка выйдзе на работу ў нармальным рэжыме. Мы цалкам запусцім вытворчасць, адладзім, створым сістэму кіравання і пачнем працаваць…» У старых карпусах Добрушскай папяровай фабрыкі планавалі арганізаваць вытворчасць упакоўкі з новага кардону. «Мы ўмеем гэта рабіць, у нас ёсць у друкарнях кампетэнцыі, – заўважыў кіраўнік дзяржавы. – Да канца года мы гэта пачнем рабіць ужо тут, на старых плошчах».

Тут аптымізм яшчэ больш хадульны, чым у гісторыі з пялетным заводзікам у Мазыры (чыноўнікі абяцалі яго к чэрвеню, адкрыты быў у верасні 2020 г.)… Першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў у ліпені таксама казырыўся («да канца года»), але ў кастрычніку 2020 г. «проста» намеснік прэм’ер-міністра Юрый Назараў распавёў, што першы мелаваны кардон на новым заводзе па вытворчасці мелаваных і немелаваных відаў кардону ў Добрушы плануецца атрымаць у I квартале 2021 года. На ніжэйшым узроўні – шчэ больш рэалізму: у навагоднім віншаванні (30.12.2020) Аляксандр Каляда, гендырэктар ААТ, якое кіруе Добрушскай папяровай фабрыкай, паведаміў, што запуск завода па вытворчасці кардону мае адбыцца ў 2021 годзе, не ўдакладняючы квартал… Дзіва што народ рагоча з выказванняў самі-скеміце-каго пра тое, што дзякуючы «таннай» беларускай электрычнасці можна «кляпаць» крыптавалюту: «Біткойны-та мы накляпаем. Але куды складваць? Упаковачнага кардону няма…». – «Будзем пакуль што складваць на грунт» (06.01.2021).

https://www.youtube.com/watch?v=FwDb0ThDxgA

Лірычная гераіня мінскай спявачкі Марыны Шугавай тры гады таму выпрошвала ў партнёра «адзін біткойн» – яна штосьці ведала 🙂

Ну і, вядома ж, усё лепшае – дзецям… Вестка ад 13.09.2018: «Нацыянальны дзіцячы навукова-тэхналагічны парк плануецца адкрыць к 2020 году ў Мінску. Пра гэта, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, паведаміла галоўная спецыялістка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Драпакова». У красавіку 2019 г. А. Лукашэнка падпісаў указ № 145 «Пра стварэнне ўстановы адукацыі “Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк”» (ужо не да 2020 г., а да 01.01.2021).

Надоечы мінадукацыі зрабіла хітры крок: загадам ад 21.12.2020 пераменавала Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, які вёў радавод ад Цэнтральнай дзіцячай тэхнічнай станцыі 1929 г., у «Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк» – не падкапацца! 🙂 Што ж паробіш, калі месяц таму высветлілася: з навамодным праектам, які спісваўся з адукацыйнага цэнтра «Сірыус» (Сочы, РФ), чарговы аблом… І вось ужо 06.01.2021 А. Лукашэнка выдае ўказ аб тым, што да 2022 г. працягваюцца тэрміны фінансавання будаўніцтва вучэбна-лабараторнага корпуса дзіцячага тэхнапарка… Таксама з 2020-га на 2022 год перанесены тэрміны будаўніцтва школы ды інтэрната пры тэхнапарку. Якая лёгкая справа, гэтае дзяржаўнае кіраванне – трэба проста час ад часу падпраўляць лічбы! 😉

Уявім сабе заапарк. Дырэктар вырашыў купіць буйвала і растрындзеў на ўвесь свет, што за год пабудуе адмысловы «прасунуты» вальер. Праз паўтара года вальер у дырэктара не гатовы і блізка, тады намеснік дырэктара цягне шыльду «буйвал» і прыбівае яе да клеткі са слонікам. Міма праходзіць Казьма Пруткоў і скрушна ўздыхае: «Калі на клетцы слана прачытаеш надпіс “буйвал”, не вер вачам сваім». За ім крочыць мізантроп-пачатковец (магчыма, я, а магчыма, ты) і развівае думку ў адзіна слушным сэнсе: «Калі на клетцы слана прачытаеш надпіс “буйвал”, пасадзі ў клетку таго, хто зрабіў гэты надпіс, і яго начальніка таксама».

Разлічваць на ўзлёт эканомікі пры апісаных вышэй раскладах не выпадае, і Беларусь выціскаецца на задворкі ў сістэме міжнароднага падзелу працы. Тым болей што выдаткі на даследаванні і развіццё – груба кажучы, «на навуку» – па-ранейшаму не дасягаюць нават 1% ВУП… Біў у званы гадоў з чатырох таму (напрыклад, тут), дый не я адзін, але хто слухаў?

Выглядае, Ізраіль – параўнальна з Беларуссю – цэніць новае разоў у восем вышэй… А можа, нашым галоўным ноў-гаў (know-how) будуць абеды з жывым сабачкам на стале? Раскруцім гэта як самы бяспечны і pet-friendly спосаб харчавання, прадамо патэнт элітным рэстаранам свету? 😉

Дзівяцца ўжо і вадзіцелі-дальнабойшчыкі, як актыўна з Беларусі вывозяцца сыравіна і палуфабрыкаты, а потым у злёгку апрацаваным выглядзе вяртаюцца ў выглядзе тавараў з высокай дададзенай вартасцю. Ці ператварыўся наш край канчаткова ў калонію, можна спрачацца, але пашыранасць каланіяльнага мыслення тут і цяпер відавочная. Толькі адныя шукаюць метраполію ў Маскве, іншыя – у Вашынгтоне, а нехта – у Варшаве і Берліне.

«Найцішэйшая ніва» з «самым пакорлівым» насельніцтвам прыцягвала і прыцягвае да сябе розных авантурнікаў, як пралукашэнскіх, так і «анты» (у час місіі арыентацыя можа мяняцца). Некаторыя з іх нават лічаць сябе журналістамі, беларусістамі, палітолагамі… але хопіць пра гэта. Калі «зубрызм» нешта значыць, яго неад’емнай часткай павінны быць антыкаланіяльны дух, беларусацэнтрычнасць – плюс, напэўна, адмова ад паходаў у інфармацыйнае залюстроўе. Адной з праяў «інфавайны» стаўся адкрыты ліст ад імя жыхароў сталічнага раёна да кіраўніка міжнароднай федэрацыі хакею Фазеля з патрабаваннем не праводзіць улетку 2021 г. чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску. Чытаў – і паціскаў плячыма:

Кожны вечар, пачынаючы з дня выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Цэнтральным раёне, як і ў іншых раёнах горада Мінска, адбываюцца затрыманні мірных жыхароў супрацоўнікамі спецпадраздзяленняў са зброяй у масках… У кожным двары Цэнтральнага раёна дзяжурыць АМАП са зброяй.

Апошнюю заяву дзясяткам тысяч жыхароў раёна лёгка абвергнуць, выйшаўшы ўва двор або на балкон. У кварталах вакол бульвара Шаўчэнкі, дзе бываю штодня, бачыў АМАПаўцаў двойчы: 06.08.2020 (у час масавага збору каля кінатэатра «Кіеў») і 15.11.2020 на «плошчы Перамен». Ведаю, што разганялі яны людзей на «Арлоўцы» і ў Лебядзіным, разам з тым у большасці двароў Цэнтральнага раёна АМАП не толькі не дзяжурыць, а ўвогуле не з’яўляўся. Тым не менш гратэскны – на мяжы правакацыі! – зварот «сумленных людзей» надрукавалі «Трыбуна», «Беларускі партызан», «Белсат»… Чым горай, тым лепей?

Пішучы гэтыя радкі, яшчэ не ведаю пра вынікі сустрэчы Лукашэнкі з Рэнэ Фазэлем (11.01.2021). Дапускаю, што пры пэўных умовах чэмпіянат свету па хакеі ўлетку 2021 г. мог бы прынесці больш карысці краіне і люду паспалітаму, чым кіруючай групоўцы.

Сапраўды, перад чэмпіянатам у Мінску-2014 спецслужбы наладзілі паляванне на «непрыяцеляў рэжыму» і многіх адправілі «на суткі» (што не зашкодзіла, напрыклад, Барысу Тасману знайсці ў падрыхтоўцы да міжнароднай імпрэзы мноства плюсаў). Але зараз, калі Украіна адышла ў цень, а да Беларусі прыкута ўвага буйных гульцоў, тутэйшы «правадыр», верагодна, устрымаўся б ад эскалацыі канфлікту… Мо і выпусціў бы некаторых палітвязняў дзеля «спартовага свята».

* * *

Абмяняліся мы з Пятром Рэзванавым колькімі рэплікамі наконт падзеяў лета-восені 2020 г., «рэвалюцыя» ў Беларусі была ці не. Пётр спярша, 09.01.2021, прапанаваў (магчыма, з нагоды 116-годдзя піцерскай «Крывавай нядзелі») «кінуць баяцца слова “рэвалюцыя». Але потым згадзіўся, што ў нас адбылося штось іншае… Другі даўні аўтар belisrael, Анатоль Сідарэвіч, прызнаў (08.01.2021), што палітычнай рэвалюцыі яшчэ няма, але сцвярджае, што «ідэалагічная», «рэвалюцыя свядомасці» такі надышла.

Разважаючы пра змены ў калектыўнай свядомасці пры ненадзейных або недаступных у Беларусі сацыялагічных доследах, мы ступаем на тэрыторыю метафізікі… Тое, што зрухі летась адбыліся, бясспрэчна, аднак наколькі яны: а) масавыя, б) незваротныя? А. Сідарэвіч лічыць, што і масавыя, і незваротныя, аргументуючы так: «Новыя інфармацыйныя тэхналогіі не дазволяць вярнуць грамадства ў ранейшы стан. Спажывальнікаў тэлевізійнай прадукцыі застаецца ўсе менш і менш. Людзей прымушалі і працягваюць яшчэ прымушаць выпісваць “Советскую Белоруссию”. Але колькі з іх яе чытае — вялікае пытанне».

Я б не перабольшваў ролю інфармацыйных тэхналогій у разняволенні грамадства; ёсць важкія падставы меркаваць, што запрыгоньваюць яны яшчэ мацней… Большасць тых, хто выпісваў «СБ», не чыталі яе і 10 год таму, але ж і на бок «светлых сіл» не пераходзілі (заплаціць за непатрэбшчыну – істотны ўдар па годнасці; гэта здаўна ўсвядомілі ідэолагі, таму і прасоўвалі «абсурдную» падпіску на «кантраляваныя выданні»).

Зрухі ў свядомасці не маюць значэння, калі не падмацоўваюцца ўчынкамі, няхай дробнымі. Дык і закарцела мне праверыць, як змяніўся наклад двух прапагандных газет – «СБ. Беларусь сегодня» (мэтавая група – «усе-ўсе-ўсе») і «Знамени юности» (мэтавая група – моладзь, перадусім актывісты БРСМ) – у пачатку 2021 г., параўнальна з першымі нумарамі 2020 і 2019 гг.

Газета / Год 2019 2020 2021
«СБ» 400094 355491 319650
«ЗЮ» 44907 50994 47892

Калі «СБ» стабільна губляе наклад, то пра «ЗЮ» гэтага не скажаш. Паводле маіх адчуванняў, маркерам кардынальных (дапраўды «рэвалюцыйных») зрухаў было б зніжэнне тыражоў абодвух выданняў у 2021 г. на 50%, г. зн. напалову. Ну, а падзенне на 10%, у прынцыпе, можна вытлумачыць наступам інтэрнэт-эпохі…

Адпачніце ад нудных лічбаў – зацаніце снежную Вільню, убачаную д-рам Гарбацкім.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

11.01.2021

От ред. belisrael

Хоккейный чемпионат в Минске, наверняка, будет пробойкотирован большинством стран, как бы не хотел его провести лукашенковский друг, “уходящая натура” Фазель, как его назвал один российский спортивный журналист. Если б не пришедшая пандемия, то в Швейцарии состоялся бы чепионат мира 2020, после чего чиновник от спорта заканчивал свою карьеру. А так он остался на еще один год, и очень хочет поиметь дивиденды от щедрого диктатора. Ну а показанное накануне часовое “интервью” российской пропагандистке Наиле Аскер-Заде, когда она еще и облачившись в форму вышла на лед, появившись в кадре, где был замечен также предфедерации Дмитрий Басков, особо ставший известным после убийства карателями в гражданском во дворе своего дома художника Романа Бондаренко, но умудрилась не задать ни одного принципиально вопроса, дало понять, что Лу страшно хочет этот чемпионат, хоть и сказал, сидя в любимой аммуниции за бортиком: “а мы не паримся, будет так будет, нет так нет”. Но сейчас не та ситуация, как в 2014, чтоб прокатило.

Опубликовано 12.01.2021 00:21

***

Водгук

Як заўсёды, з цікавасцю прачытаў чарговы матэрыял Вольфа Рубінчыка.

Як ні дзіўна, пачну з абароны «персанальнага» Рыгорыча ад «калектыўнага». Спярша — амаль інсайдэрская інфармацыя пра вытворчасць кардону. Выдавалі мы метадычку пра плесневыя грыбы, і аўтар(-ка) казала, што на згаданай [Добрушскай] фабрыцы планаваўся нейкі не той тэхналагічны працэс, на выхадзе якога атрымліваўся б шкодны для здароўя кардон. Пры гэтым яна нават паведаміла, што асабіста Рыгорыч пры свядомасці, яго сапраўды можна пераканаць.

Нягледзячы на «праколы» (кшталту даўно згаданага тым жа Рубінчыкам, з-за чаго пры дзеючай Канстытуцыі ў нас легітымнага Прэзідэнта быць не можа па азначэнні!), працытую выснову, якую зрабіў у 2016 г.: «У чым неацэнная карысць ад Рыгорыча, — пры ім у прававыя акты сталі больш-менш аператыўна (хоць і не заўсёды) уносіцца змяненні і дапаўненні».

Зноў паўтару старую прэтэнзію пра тое, што параўноўваць дзве краіны — замала. Калі даць веры гэтай табліцы (яна, праўда, толькі пра долю ВУП у адукацыі, і, на жаль, у дадзеных вельмі розныя даты), Сінявокая пакуль што ў пачатку другой трэці…

Наконт пераказу нашай дыскусіі 2021 г., што расцягнулася на два пасты, зраблю тры заўвагі: па-першае, «у нас» не «адбылося», а адбываецца «штось іншае» за рэвалюцыю; па-другое, гэтае «штось іншае» ў маім (цяперашнім) разуменні мае пэўную аналогію: «банкетныя кампаніі (што французскія 1848, што расійскія 1904)»; ну, і па-трэцяе, гэтая аналогія добра адпавядае «дробнабуржуазнай рэвалюцыі» ((с) Рыгорыч).

Для агітацыі і прапаганды / штодзённага ўжытку «рэвалюцыя» больш карысная/зразумелая, чым «падзеі, якія некаторымі сваімі аспектамі нагадваюць “банкетныя кампаніі”»…

Пётр Рэзванаў, г. Мінск

Увесь адказ Пятра гл. па спасылцы

Дадана 12.01.2021  16:31

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (112)

Зноў шалом. Пазалетась даволі ганебны сход Нацыянальнага алімпійскага камітэта прайшоў пад канец вясны, а сёлета – пасярод яе, 15.04.2019, акурат у дзень пажару галоўнай парыжскай цікавосткі (супадзенне? :)) Паўтара месяца таму прэзідэнт НАК, вядомы таксама як першы прэзідэнт РБ, не прыслухаўся да закліку пайсці ў адстаўку… Тым не менш прапанова мела нечаканы працяг – Рыгорыч нарэшце з’явіўся на пасяджэнні выканкама сваёй улюбёнай арганізацыі ды «навёў шоргату». Напрыклад, было сказана (перакладу з рускай):

«На жаль, у апошні час НАК некалькі збавіў абароты. Калі раней у гэтым будынку віравала жыццё, праводзіліся рэзанансныя мерапрыемствы па алімпійскай адукацыі, падтрымцы дзіцяча-юнацкага спорту, то цяпер гэтай працы амаль не відно і не чутно. Павеяла нейкім халадком у адносінах з федэрацыямі».

Карацей, а-яй, «хто гэта зрабіў?» Рыба гніе з галавы, не?.. Напэўна, паглядзелі ў кіраўніцтве НАК, што іхні шэф не пнецца выконваць дадзенае 30.05.2017 ўрачыстае абяцанне – кожны квартал наведваць іхнія пашыраныя сходы – і самі вырашылі «збавіць абароты», а першы віцэ-прэзідэнт НАК увогуле склаў свае паўнамоцтвы, не адпрацаваўшы пасля іх набыцця і двух гадоў.

Пісалі, што да Андрэя Асташэвіча ў гэтую вясну з’явіліся пытанні ў праваахоўных органах. Пэўна, заслужаны майстар спорту РБ (атрымаў званне за ўдзел у аматарскіх хакейных турнірах разам з Рыгорычам) той яшчэ «жук», але хто быў вылучаны замест яго? Ні больш ні менш як сам памочнік прэзідэнта РБ Віктар Аляксандрыч Лукашэнка, а падтрымалі яго кандыдатуру выканкамаўскія аднагалосна.

Не палюбляю tut.by, і ёсць за што. Але яны даюць магчымасць выказацца «простым» людзям у каментарах, і за гэта сёе-тое магу дараваць. «Народная сацыялогія» паказвае, што рэпліка «Дык быццам бы нельга сямейным кланам займаць кіраўнічыя пасады ў адной арганізацыі?» (vadimkarako, 15.04.2019) на сёння мае рэйтынг +368-3, «А больш людзей у Беларусі няма?» (matutka-2) = +280-2…

Так, в. а. цара каторы раз стрэліў сабе ў нагу, зрабіўшы ў спартова-адміністрацыйнай сферы мінімум тры сур’ёзныя памылкі за два гады: 1) у маі 2017 г. «перавыбраўся» прэзідэнтам НАК і паабяцаў актыўна ўдзельнічаць у яго працы, хоць яўна не збіраўся гэтага рабіць; 2) у 2019 г. не сышоў у адстаўку следам за сваім першым намеснікам; 3) прасунуў – або дазволіў прасунуць – на месца Асташэвіча свайго сына, які да таго ж «будзе сумяшчаць гэтую дзейнасць са сваёй працай на пасадзе памочніка Прэзідэнта» (чытайце тут, што я думаю пра падобныя сумяшчэнні).

Пасля гэткіх камуфлетаў заявы Лукашэнкі – маўляў, няможна мірыцца з сітуацыяй, калі бяздарны кіраўнік перасаджваецца з аднаго цёплага месца на другое («зразумела, што непатапляльнасць гэтых гора-кіраўнікоў засноўваецца на такіх негатыўных з’явах, як кумаўство, пратэкцыянізм і кругавая парука…», 12.08.2014) – будуць успрымацца чыноўнікамі, у лепшым выпадку, з булгакаўскай іроніяй: узяў бы старушонак і сябе па патыліцы дручком пагрукаў… З другога боку, прызначэнне В. А. Лукашэнкі ў выканкам НАК, замаскаванае пад выбары, мае сваю логіку і можа ўспрымацца нават з аптымізмам: хіба «лаўка запасных» рэжыму ў кадравых пытаннях ужо зусім кароткая, змены наспелі і пераспелі. У справе падрыхтоўкі «Еўрапейскіх гульняў» на К. Маркса, 38 не давяраюць ні знакамітым спартсменам, ні буйным урадоўцам, іх вымушаны кантраляваць цэлы «сын галоўнакамандуючага», бо цяперашні спорт – ён такі: «не проста забаўляльнае відовішча, а бітва, калі хочаце – вайна»…

На першы погляд, кіраваць у спартовай сферы лягчэй, чым, напрыклад, у сельскай гаспадарцы: заўсёды можна зваліць няўдачы на саміх спартоўцаў, трэнераў, суддзяў, допінг-лабараторыі… Але ж, калі нехта бачыць у «віцэ-прэзідэнцтве» Віктара ў НАК прыступку да вышэйшай пасады ў дзяржаве, то, мяркую, памыляецца. Гадоў праз 5 большасці выбарцаў непрыемна будзе чуць само прозвішча «Лукашэнка», а тым часам няўмольна падрастаюць канкурэнты «клана», якія праяўляюць сябе і ў каляспартовых інтрыгах… Аднаго я згадваў у сакавіку.

Як ставіцца да чэрвеньскіх «Еўрапейскіх гульняў», дзеля якіх у Мінску ўжо шмат месяцаў вісяць рэкламныя стэнды? Я стаўлюся… стаічна. У іх правядзенні ёсць плюсы і мінусы; заклікаць да байкоту гэтай спартовай імпрэзы не бачу сэнсу. Верагодна, адбудзецца нешта падобнае да міжнароднай Універсіяды ў Краснаярску-2019, якая «пераразмеркавала грошы: забрала ў многіх і падзяліла сярод нямногіх». Але адметна, што ў рацыёне ўдзельнікаў – «меню еўрапейскай, беларускай, азіяцкай кухні» – плануецца і кашэрная ежа, прынамсі ў лютым яе абяцалі тут.

* * *

Моташна ўжо апісваць, а пагатоў аналізаваць падзеі, што надараліся ў Курапатах за апошнія паўмесяца… Выглядае, што «ястрабы» ва ўладзе не жадалі кампрамісаў з грамадскімі актывістамі, іначай зацягнулі б выкананне першасакавіцкага «загаду» свайго боса да грэцкіх календаў. З другога боку, ці так неабходна было абзываць «сатаністамі», «хунвэйбінамі», еtc., тых, хто 4 і 13 красавіка дэмантаваў больш за сотню крыжоў? Калі гэта навешванне ярлыкоў і расчалавечванне апанентаў (адзін журналіст-паэт абагульніў дэмантажнікаў словам «яно») рабілася шляхам да паразумення?

Гісторык Аляксей Братачкін, які ўдумліва пісаў пра Курапаты ў 2017 г., нядаўна задаўся пытаннем: «Як увогуле месца памяці ахвяр масавага забойства, звязанага з пэўным перыядам у гісторыі, можа быць па-за палітыкай?» Вядома, «па-за» не можа, а «па-над» – чаму б і не?

На мой одум, груз шматгадовага процістаяння будзе вісець над урочышчам яшчэ доўга. І разам з тым памяркоўная «дэпалітызацыя» не толькі магчымая, але – пасля ўсталявання «дзяржаўнага» помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсій у 2018 г. – у нечым і памысная (аналагічны, але не тоесны казус – святкаванне ўгодкаў БНР, дый увогуле стаўленне да ейнай спадчыны ў апошнія гады).

Яшчэ ў канцы 1980-х па беларускай зямлі хадзілі ветэраны НКУС, мажліва, датычныя да расстрэлаў у Курапатах. Цяпер з верагоднасцю 99,9…% ніхто з іх не жыве, і заклікі да помсты перасталі быць дарэчнымі (тое, што пад канец ХХ стагоддзя помста не была чужая «народнай свядомасці», паказваюць хаця б велераўскія «Прыгоды маёра Звягіна» і быкаўскія «Народныя мсціўцы»). Многім з тых «абаронцаў Курапат», якія ў 2010-х дэкларуюць свой антысталінізм і антыбальшавізм, не зашкодзіла б здушыць таталітарныя парывы найперш у сабе. Напрыклад, у 2012 г. кіраўніцтва адной кансерватыўнай партыі заявіла, што абвяшчае персонай нон-грата ў Курапатах гісторыка Ігара К. Гэты К. мне не сват і не брат, але спачатку яго, потым – некага іншага…

У Курапатах, 09.04.2019

Наяўнасць металічнай агароджы вакол лесу, як і брам у ёй, з пэўнымі агаворкамі вітаю. Плот як бы падкрэслівае, што Курапаты – могільнік, месца смутку, а не плацдарм для атакі на «сталіністаў». Спадзяюся, каб трапіць на тэрыторыю ўрочышча, не спатрэбіцца адмысловых дазволаў. Не трэба і металашукальнікаў на ўваходзе пад маркай таго, што ў лесе бадзяецца рознае вандаллё: фотапастак, якія збіралася ўсталяваць лясніцтва ў канцы сакавіка (мо ўжо і ўсталявала), мусіць быць дастаткова для бяспекі мемарыялу.

Як бы ў адказ на маю – і не толькі маю – прапанову да ўраду выдзеліць магутную апаратуру (цеплавізары? геарадары?) для пошуку парэшткаў у Курапатах, каб устанавіць лік расстраляных з дакладнасцю +/-10–20%, намеснік дырэктара інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, археолаг Вадзім Лакіза, учора заявіў: «Колькасць мы ніколі дакладна не даведаемся… сказаць, колькі менавіта людзей там пахавана, немагчыма. Я асабіста і мае калегі будзем заўсёды супраць работы, накіраванай на раскрыццё ўсіх западзін, якія ёсць у Курапатах. Там забітыя людзі пахаваныя, не трэба трывожыць іх». Але, карыстаючыся савецкай формулай, «гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым». Для чаго ж тады атрады следапытаў і адмысловыя пошукавыя батальёны шукалі (і шукаюць) парэшткі ваяроў? А мо і археолагам не варта «варушыць косткі», як той казаў?!

У Курапатах няможна махнуць рукой: «якая розніца, хто, колькі і ў якіх месцах лесу», нават калі дадаецца «галоўнае, што бязвінныя людзі», дарма што гэткая пазіцыя выгадная асобным інтарэсантам і «наверсе», і «ўнізе». Пакуль навукова абгрунтаваных адказаў на вышэйпададзеныя пытанні няма, канфлікты ў грамадстве будуць тлець… і каб жа толькі паміж гісторыкамі Ігарам Марзалюком ды Дзянісам Марціновічам, як тут.

Яшчэ жменя вестак на развітанне.

Цікавы расповед пра Іцхака-Меера (Міхаіла) Южука, якому ўжо 93, пад назвай «Я еду туды, дзе пахаваны мае бацькі і родзічы», апублікаваны на сайце «Медыя-Палессе». Ізраільцянін родам з Пагоста-Загародскага штогод прыязджае на Піншчыну, а летась мясцовая тэлерадыёкампанія запісала з ім «урок памяці»… Пачытайце таксама, як у Пінску сёлета адзначылі міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста.

 

Рэдкая кніга братоў Южукоў (Пінск, 2002, рэдактура Вячаслава Ільянкова); І.-М. Южук у 2015 г. каля аднаго з пастаўленых ім помнікаў

Ад Іны Соркінай прыйшло запрашэнне на канферэнцыю: у рамках VIII Кангрэса даследчыкаў Беларусі (Вільнюс, 27-29 верасня 2019 г.) плануецца секцыя «Яўрэйскія даследаванні: беларускі кантэкст». Анкету пажадана запоўніць да 25 мая.

Выбары ў Ізраілі прайшлі 9 красавіка даволі прадказальна, як быццам пад спеў Лявона Вольскага «Ты не чакай, сюрпрызаў не будзе»: Бібі «заваліў»-такі Бені… Як кур’ёз рэкамендую агляд 15.04.2019 ад гомельскага гісторыка Глушакова, з каментарыямі малавядомага «незалежнага эксперта» Эфраіма Гроднера (затое родам з Беларусі!) Паводле гісторыка, вынікі ізраільскіх выбараў ілюструюць… «усебаковы крызіс неаліберальнай мадэлі» ў свеце.

У Мінску да 1 студзеня 2021 г. збіраюцца стварыць «Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк» для юных «яйкагаловых». Нішто сабе навіна; засмучае хіба тое, што ў Расіі «экатэхнапаркамі» пачалі менаваць не толькі цэнтры інавацыйных распрацовак, а і… ардынарныя звалкі. Дарэчы, у верасні 2018 г. заяўлялася, што мінскі дзіцячы тэхнапарк з робататэхнікай і праграмаваннем адкрыюць не да 2021-га, а да 2020 года.

«Вольфаў цытатнік»

«Навукоўцы прыйшлі да высновы, што чытачы фантастычных раманаў пражываюць больш насычанае і гарманічнае жыццё, чым астатнія людзі. Прычына ў тым, што яны (чытачы фантастыкі) лепш настроены на ўспрыманне рэчаіснасці, бяруць больш уражанняў і эмоцый з навакольнага свету. Таксама людзі, якія аддаюць перавагу чытанню мастацкай літаратуры перад рознымі часопісамі і сайтамі, нашмат болей суперажываюць навакольным і часцей прыходзяць на дапамогу» («Век», 2015)

«Здрабнеў увесь палітычны істэблішмент свету. Правы, левы, пасярэдні. Ідэалогіі, што вымагалі вялікіх духоўных і інтэлектуальных сіл, зніклі, застаўся адзін неаспрэчны капіталістычны эканамічны фон, які вырашае сацыяльныя праблемы ў той ці іншы спосаб. Дзе – добраахвотнай міласцю, дзе – накладзеным на прадукцыйную частку грамадства плацяжом, дзе – гвалтоўным адабраннем лішкаў. Сацыяльны ўтапізм не вабіць, маральныя нормы замянілі на фарысейскую палітычную карэктнасць» (Ганна Ісакава, fb, 12.04.2019)

«Калі чытаць у газетах і фэйсбуках, дык здаецца, што там бурліць жыццё, насамрэч жыццё за пісьмовым сталом, а ўсё іншае толькі падабенства жыцця» (Андрэй Федарэнка, з ліста 14.04.2019)

«Які этнас і якая дзяржаўнасць больш перспектыўныя – пытанне вельмі складанае. Трэба проста рупіцца, а там час пакажа» (Аляксандр Бур’як, 15.04.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

17.04.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 17.04.2019  19:52