Tag Archives: Белорусский конгресс демократических профсоюзов

Вольф Рубінчык. Апошняя порцыя «перадвыбарных назіранняў»

Шалом. Вось ужо і «датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта» распачынаецца. Перафразуючы дасціпны выраз ад нябожчыка Якава СусленскагаМы хіба галасуем? Мы нямуем» – гэта пра хрушчоўска-брэжнеўскі СССР было), карціць назваць яго «датэрміновым немаваннем».

У ранейшых тэкстах дазваляў сабе накрэсліваць сякія-такія прагнозы. Удакладніў бы іх цяперака, ды сітуацыя ў краіне настолькі напружаная, што не ведаеш, які гук (або каменьчык) можа зрушыць лавіну. Таму лепей скажу, што думаю, у агульных выразах.

Сёлета на вуліцы беларускіх гарадоў выплюхнулася багата злосці й гневу людзей, якіх цягам гадоў, а мо і дзесяцігоддзяў, не чулі вышэйшыя (дый роўныя) ў іерархіі. Хто б ні быў ва ўладзе пасля 9 жніўня, яму/ёй прыйдзецца чуць тыя галасы «з вуліцы». І працаваць для таго, каб яны былі пачутыя ў парламенце, саветах, на вытворчасці, у навучальных установах, офісах, крамах… дый проста ў сем’ях. Аўтарытарны лад у дзяржаве шмат у чым жывіцца аўтарытарна пабудаванымі сем’ямі.

Пасля 9-га паступова выйдуць «на свабодку» старыя палітвязні (магчыма, з’явяцца новыя). Даволі доўга яшчэ прыйдзецца змываць з асфальта і пліткі «мемы» гэтага лета – «3%», «Ямы 97%». Сумняюся, між іншага, што новая песня Лявона Вольскага «Іржавая дзяржава» перакрые іх папулярнасць (на мой густ, яна не дацягвае да «шэдэўра», але я не літаратура- і не музыказнаўца, магу памыляцца). Куды больш крануў дуэт Вольскага і опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук пры выкананні залатанага-пералатанага «Паветранага шара».

Не выключаю, што пра каханне Святланы да Сяргея, дзеля якога хатняя гаспадыня з дыпломам  Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта пайшла ў палітыку, сапраўды, як прадракаў Андрэй Курэйчык на мітынгу 30.07.2020, «напішуць кнігі і песні, здымуць фільмы». Абы гэта ўсё ішло ад сэрца, не рабілася часткай агітпропу. Дальбог, не трэба тут аналагаў расійскага фільма «Брат», на які з такой прыязнасцю спаслаўся пан Курэйчык…

Гісторыя з «вагнераўцамі», затрыманымі 29 ліпеня на базе адпачынку пад Мінскам, бо паводзілі яны сябе падазрона – не ўжывалі алкаголю і не хадзілі на дыскатэкі (!), разварушыла тутэйшую багну. Вылез на паверхню і Аляксандр Фядута, прадстаўлены на «Еўрарадыё» як «паліттэхнолаг». Ён паразважаў пра адносіны з Расіяй, пра выбарчы працэс, пра будучыя паводзіны атачэння Лукашэнкі… Між тым сёлета не прадказаў нават дынаміку цэн на цукар:

Фрагмент нататкі Ф. з «Народнай волі», 31.01.2020. Мінула паўгода – ніякага «адчувальнага павышэння» (справа – фота 03.08.2020, зробленае ў звычайнай, не самай таннай краме на бул. Шаўчэнкі). Няйначай пана ў студзені ангажаваў урад, каб разгрузіць склады 🙂

Агулам, чаго вартыя заявы А. Ф., я пісаў у сакавіку («Вирус или “Беларусалим”?»). Прабачэння за хлусню ў мой адрас ад былога лукашэнскага чыноўніка за чатыры месяцы не паступіла, і я выкрэсліваю яго з ліку патэнцыйна прыстойных людзей. Прашу тых, каторыя мяне паважаюць, зрабіць тое самае.

Ёсць яшчэ адна годная «выхаванка гнязда Фядутава», Валерыя К., якая 2 жніўня паспрабавала давесці, што «на ўсіх апазіцыйных мерапрыемствах людзей у сродках абароны (у масках і пальчатках) нашмат болей, а вядучыя заўсёды нагадваюць пра неабходнасць сацыяльнага дыстанцыявання». У перакладзе на нармальную мову «апазіцыйныя мерапрыемствы» – гэта пікеты і мітынгі за канкурэнтаў Лукашэнкі, найперш «за Ціханоўскую» (іншыя тры зарэгістраваныя кандыдаты менш актыўныя ў зносінах з публікай). Дык вось, калі ў маі і чэрвені арганізатары «мерапрыемстваў» насамрэч дбалі пра здароўе ўдзельнікаў – я сам бачыў гэта каля Камароўкі – то ў ліпені, пасля заявы самі-ведаеце-каго «Мы перамаглі каранавірус», відаць, вырашылі, што ёсць і больш важныя справы… Некаторыя здымкі з Глыбокага, Жлобіна, Гомеля я прыводзіў 27.07.2020. У той жа дзень гродзенскі актывіст БНФ Вадзім Саранчукоў слушна зазначыў на «Радыё Свабода»: «З аднаго боку, 10 тысяч на мітынгу ў Мінску. З другога боку, 95% людзей, якія стаяць плячо ў плячо, прыйшлі без масак, без дыстанцыі, яны не думаюць пра тое, што будзе з імі праз два тыдні».

Мінск, парк Дружбы народаў, 30.07.2020. Фоткі адсюль. З маскамі і дыстанцыяваннем па-ранейшаму «не фантан»…

Ці не ў пазіцыі «новых палітыкаў» прычына таго, што «аб’яднаны штаб» Святланы Ціханоўскай не здолеў на сёння ўцягнуць у сваю арбіту не толькі экс-дэпутатку Ганну Канапацкую, але і менш самавітых кандыдатаў – Андрэя Дзмітрыева і Сяргея Чэрачня? Пасля правалу перамоў аб зняцці кандыдатур Дзмітрыева і Чэрачня на карысць Ціханоўскай размовы пра тое, што «грамадства яднаецца», і без таго мала абгрунтаваныя, гучаць як летуценні.

Таксама пазіцыя! Яшчэ адна налепка з Каштанаўкі

Скажаце, збіраюцца дзясяткі тысяч? Ну, па-першае, усё ж не сотні тысяч, па-другое, пакуль што не прыкмячаю крышталізацыі, якая прывяла б да рэальнага перафарматавання палітычнага поля.

«Нас не дагоняць»?

Заслуга Ціханоўскіх & Со. – у тым, што яны дазваляюць многім людзям больш-менш вольна выгаварыцца (гл. пачатак гэтага тэксту). У вольнай Беларусі варта было б Сяргея паставіць на чале БТ, а Святлану – яго намесніцай, дзеля чаго зрабіць спецыяльную агаворку ў законе аб дзяржаўнай службе, які забараняе такую сямейнасць 🙂 Але ці дастаткова папулярнасці ў ютубе і СМІ, каб быць палітыкамі, а не толькі лічыцца? Які там рэфрэн у «Чорнай ружы – эмблеме смутку…»: «СКОРА ДАЗНАЕЦЕСЯ!».

Цікава паглядаць, як расійскія лібералы-«каспараўцы» нахвальваюць нашу «часова беспрацоўную». Павел Матвееў (26.07.2020): «Ці існуе ў гэты момант у Беларусі той, хто можа зрабіць так, каб дыктатар Лукашэнка быў нарэшце адхілены ад улады? Такі чалавек у Беларусі існуе. Яго (дакладней, яе) завуць Святлана Ціханоўская». Ігар Якавенка (31.07.2020): «Ціханоўская стала адзіным кандыдатам ад апазіцыі… Узровень стомы ад Лукашэнкі настолькі высокі, а масавасць падтрымкі Ціханоўскай настолькі вялікая, што пасля абвяшчэння чарговай “элегантнай” перамогі правадыра пратэсты прыйдзецца разганяць сілай».

Ці во цешыцца Аляксандр Скобаў (01.08.2020):

Святлана – наша вясна… У Беларусі рух новага тыпу ўжо зрабіўся па-сапраўднаму агульнанацыянальным. І вылучыў лідара, ніяк не звязанага са старымі элітамі. З прафесійнымі палітыкамі і палітыканамі. Вылучыў лідара, які без цяжкасцей аб’яднаў вакол сябе ўсю старую апазіцыю. Куды дзелася вечная няздольнасць правадыроў дробных груп дасягаць згоды? Куды дзеліся іх дробязныя амбіцыі і звады? Іх змыла. Таму што хваля, якая ўзняла новага лідара, насамрэч народная.

Аптымісты… Да згуртавання альтэрнатыўных сіл у Сінявокай – як да Масквы пехатою. Напэўна, чыясьці крэатыўная ідэя з паўторнымі прэзідэнцкімі выбарамі праз паўгода вабіць не ўсіх. Таму што ў прамежку прыйдзецца або цярпець лукашэнкаўскі «Нацыянальны сход», або распускаць яго і дабівацца большасці ў парламенце… Зусім не факт, што «натаблі» прадэманструюць лаяльнасць «рэвалюцыйнаму» ўраду, дый тры лёсаносныя палітычныя кампаніі за паўгода – бадай, мнагавата ў нашых варунках.

Не цямлю, нашто было кіраўніку Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў гуляцца ў супер-пупер інтэгратара і заклікаць Ганну, Андрэя, Сяргея зняцца на карысць Святланы (але здаўна існуе прымаўка: «калі не зразумела, пра што гаворка, то гаворка пра грошы»). Упэўнены, што той жа Чэрачань, бізнэсовец сярэдняй рукі, мае свой сегмент электарату; калі гэты палітык-пачатковец не «дагоніць», то хоць «сагрэецца». Я-то галасаваць за яго не буду; па-першае, таму, што няма выбараў, па-другое… хапіла б і першага, але ўсё-такі вось чаму. У партыі, якой «Чэ» кіруе з 2018 г., ёсць праграма, а ў ёй – пункт: «Неабходна надаць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы». Разам з тым сайт кандыдата ў прэзідэнты аформлены толькі па-руску, і ў «праграме» Чэрачня «моўнае пытанне» асвятляецца так (пер. з рус.):

Вучым англійскую, падтрымліваем беларускую, карыстаемся рускай. Добрае валоданне англійскай мовай – аснова развіцця навукі, бізнэсу і інавацый. Беларуская мова – неад’емны элемент нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, які трэба вывучаць і захоўваць на дзяржаўным узроўні, але без якога б там ні было прымусу.

Дзіўлюся, дарэчы, што Пётр Рэзванаў успрыняў кандыдацкі мінімум набор лозунгаў як «праграму, вартую гэтай назвы». Але гэтая мая заўвага не ў крыўду Чэрачню – cам жа пісаў колькі дзён таму, што «ва ўмовах РБ, незвычайных для РБ (нідзе ў апошні час лідар не кіраваў нязменна 26 год…), стварэнне несупярэчлівай “пакрокавай” праграмы – асабліва складаная задача. Занадта ўжо вялікі разрыў паміж афіцыйнымі дэкларацыямі, статыстыкай, “нарматыўна-прававымі актамі” – і жорсткай рэчаіснасцю». Праблема ў іншым. Здалося мне, што кандыдат не схільны рэалізоўваць свае партыйныя наказы. І цяпер беларуская мова «падтрымліваецца» на дзяржаўным узроўні, але больш як рэлікт, а не як жывы арганізм. Праз адмысловую форму на сайце спытаўся ў кандыдата, у чым адрозненне яго «моўнай праграмы» ад лукашэнкаўскай, і ці збіраецца ён неяк падтрымліваць ідыш…

«Абавязковы адказ» абяцалі даслаць на адрас электроннай пошты. Другі тыдзень чакаю

Улётка, зафіксаваная на «афіцыйным» стэндзе каля мінскага кінатэатра «Кіеў» 03.08.2020. Дзве мовы – ОК, але ж «даручыўся»… Больш дарэчным было б слова «даверыўся».

Цікавае прызначэнне: да нас як пасол Ізраіля ў Беларусі пад канец года мае прыехаць былы прэс-аташэ пасольства Ізраіля ў Маскве Алекс Гольдман-Шайман (Alex Goldman-Scheiman). Можна доўга спекуляваць, чаму прыбіраюць Шогама, пасла-кулінара, які не адпрацаваў у Мінску і чатырох гадоў, але я распавяду самую ісцінную праўду: патрэбен чалавек, падобны да Віктара Шэймана хаця б сваім прозвішчам! І такой бяды, што Алекс – усяго толькі Scheiman, ён можа выдаць сябе за страчанага брата ўплывовага РБ-шнага чыноўніка… Знойдуцца зухі, якія напішуць сцэнар фільма пра вечную дружбу ізраільцаў і беларусаў (рабочая назва «Мы, браты-два»). Гэткі заказ, безумоўна, уздыме з кален «Беларусьфільм»…

Цяпер вы ведаеце, каму выгадная новая канфігурацыя. Інфармацыйны спонсар хітрага плана – выданне «Навіны-бай», якое крыху забегла ўперад і напейсала сяння прозвішча ізраільскага чыноўніка так: «Гольдман-Шэйман». Рабятам даравальна.

* * *

Занатаваў я ўсё гэта і падумаў; мо дарэмна? Чужая душа – прыцемкі, асабліва, калі гэта душа мацёрага прэзідэнцішчы Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Возьме ён і заўтра ў сваім пас(ы)ланні аб’явіць аб пераносе «выбараў» праз надзвычайнае становішча («баявікі Вагнера» нібыта дагэтуль швэндаюцца па беларускіх лясах і балотах). Але стомлены ён, па-мойму, для такога кроку. Гуляе «ад абароны» – як і бальшыня тых паўабаронцаў, што выйшлі з ім на поле. Напрыклад, 76-гадовы Генадзь Зюганаў – той яшчэ «аўтарытэт» у беларусаў ды расійцаў ХХI ст.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

03.08.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 04.08.2020  14:46