Tag Archives: Светлана Алексиевич

Беседа с писателем Давидом Шульманом – ч. 1-я (на белорусском)

ГУТАРКА З ДАВІДАМ ШУЛЬМАНАМ

  1. «Не люблю пахмурнай літаратуры»

З літаратарам Давідам Шульманам, калі ён раней прыязджаў у Мінск, бачыўся я разоў трох. Нямала гаварыў з ім па тэлефоне – на пачатку 2010-х ён званіў з Ізраіля даволі часта, потым неяк «прапаў». Друкавалі яго нататкі ў бюлетэні «Мы яшчэ тут!», маю рад яго кніг… І ўсё ж, ідучы на чарговую сустрэчу ля чыгуначнай станцыі «Масюкоўшчына», не мог пахваліцца, што добра ведаю гэтага чалавека. Пастанавіў даведацца пра свайго старэйшага таварыша па Саюзе беларускіх пісьменнікаў больш, узяўшы ў яго інтэрв’ю. Нагодай стаўся выхад новай кнігі Д. Шульмана «Особое женское состояние» (Смаленск: Край, 2016, 292 с., 150 экз.).

У яго шыкоўная візітная картка – «Пагоня» на адным баку, герб Ізраіля на другім. Чаму «Пагоня»? «Не люблю афіцыёзу», – тлумачыць Давід і пасміхаецца. А яшчэ ён не любіць кінабаевікі і занадта сур’ёзныя літаратурныя творы: «Дастаеўскага цярпець не магу, “Час сэканд-хэнд” Святланы Алексіевіч – таксама не маё». Тым не менш Алексіевіч ён паважае за… Але пра ўсё па парадку. Гутарка наша адбылася 20 чэрвеня ў звычайным мінскім дворыку, пад раскрытымі парасонамі, у суправаджэнні дажджу і птушыных спеваў. Вялася яна на мове, якой старажыл Ізраіля Шульман валодае выдатна (хіба што зрэдчас я падказваў яму cякое-такое беларускае слоўца). Гадзінку парэйдалі…

Vizitka1 Vizitka2

Д. Шульману – 68 гадоў, у Ізраілі ён чвэрць стагоддзя (з 1 траўня 1991 г.). Адразу пасяліўся ў Эйлаце, вядомым курорце на самым поўдні, дзе ёсць, аднак, і «спальны» раён, і невялікая прамзона. Чаму ў Эйлаце? Скора даведаемся.

– Для пачатку не пра галоўнае. Вы часта наведваеце Беларусь і амаль кожны раз спыняецеся ў ждановіцкім санаторыі «Крыніца»… Няўжо там настолькі добрыя ўмовы?

– Умовы мінулага стагоддзя… Але мне там зручна – Мінск побач. Гэтым разам прыехаў на 26 дзён. А звычайна на тры тыдні прыязджаю. У мяне водпуск – два-два з паловай тыдні, і некалькі дзён бяру за свой кошт.

Апошнія восем год працую на адным месцы, у кібуцы пад Эйлатам ёсць заводзік невялікі, робім сардэчнікі для трансфарматараў. Усё гэта ідзе на экспарт, вядомыя фірмы купляюць… Сяджу на канвееры, дэталькі збіраю…

Не зусім творчая праца?

– Ясная рэч. Я ж ужо і пенсіянер, па ізраільскіх мерках таксама…

Цяжка Вам на заводзе?

– Не, няцяжка. Я хлопец звыклы, з задавальненнем працую.

Выходзіць, літаратура для вас – усё-ткі пабочны занятак?

– Апошнія гады – не пабочны; я жыву гэтым. Ну, калі пішацца – я пішу, калі не пішацца – не пішу. Не зарабляю літаратурай, яна для мяне – покліч душы і гэтак далей. Магчымасць выказацца і расказаць усё, што хочацца расказаць – пра маю сям’ю, пра іншае…

Аднак тыражы Вашых кніжак невялікія?

– Невялікія. Своеасаблівая літаратура ў мяне, не карыстаецца дужа вялікім попытам. Я лічу, што раблю класічную літаратурную працу – без заклікаў, ціхую… Але мне здаецца, што нешта мне ўдаецца, атрымлваецца цікава… Калі я размаўляю з чытачамі, то некаторыя нават у захапленні: «Як вы тонка ўсё падмецілі!»

Вы ж пачалі пісаць яшчэ ў Саюзе?

– Так, у 14 год. І першае маё апавяданне было на беларускай мове. Я жыў у Маладзечне, займаўся ў палітэхнічным тэхнікуме, нам задалі сачыненне на звычайную тэму: «Як я правёў лета». Я напісаў, і калі выкладчыца атрымала яго, яна спыталася: «Адкуль спісаў?». Кажу: «Сам напісаў, вось ёсць сведкі». Яна: «Зараз на маіх занятках можаш сядзець ціха і рабіць усё, што хочаш»… Праз 40 з нечым гадоў мы наладзілі сувязь. Зараз яна жыве ў Лебедзеве Маладзечанскага раёна, тэлефаную ёй. Зваць яе Марыя Рыгораўна. Апавяданне ж называлася «Чардаш Монці». Гэта была выдумка мая – пра партызанскі атрад, пра скрыпача… Калі два гады таму была сустрэча ў Мінску, мой аднакашнік і сябар Валодзя Стульскі прачытаў на памяць урыўкі з апавядання. Я ўжо забыўся быў нават назву (сябар з Аўстраліі, Лёва Глікман, мне нагадаў), а ён помніў… Стульскі памёр ужо, на жаль. Ён быў дацэнтам у Магілёве, кандыдатам філасофскіх навук.

Потым я скончыў мінскі палітэхнічны інстытут, працаваў на вытворчасці, апошнім часам быў намеснікам галоўнага энергетыка на хрустальным заводзе ў Барысаве. Паралельна супрацоўнічаў з мясцовай газетай. Зараз яна «Адзінства» называецца, раней – «За камунізм»… Потым друкаваў я нарысы ў «Маладосці», у «Полымі»…

Пра што? Ці – пра каго?

– У падшэфнай школе нашага прадпрыемства ў 1980-х гадах быў настаўнік, ён праводзіў урокі працы па-свойму, дзеці пачалі ў сёмых-восьмых класах зарабляць грошы, выконваць замовы хрустальнага завода… Такарныя працы, металаапрацоўка… Яны былі вельмі задаволены, і бацькі цешыліся, што дзеці не бегаюць па вуліцах. І вось я пра гэта напісаў нарыс. Браў інтэрв’ю, з дзецьмі гутарыў, з бацькамі… Гэта было ў «Маладосці», а ў «Полымі» я напісаў пра Ізраіль.

Калі асталяваліся там… А чаму ўсё ж Вы, чалавек вытворчасці, выбралі курортны Эйлат?

– У нас быў сябар. Ён к таму часу ўжо год жыў у Эйлаце і казаў, што трэба ехаць толькі ў гэты горад. «Чаму?» – пыталіся мы. «Бамбіць не будуць Эйлат. Побач Іярданія, Егіпет, Саўдаўская Аравія. Могуць прамазаць, трапіць у іншую краіну». Ну, жартавалі так… Але ён там жыў, працаваў і мы ведалі, калі з’язджалі, дзе мы будзем працаваць, з кім… Вядома, ужо не галавой, не інжынерамі, а «ручкамі», як кажуць. Ну і нічога страшнага.

З’ехалі праз эканамічны крызіс ці па іншых матывах?

– Не, з’ехалі таму, што аднойчы маці пайшла на рынак, а потым кажа: «Няма ўжо з кім пагаварыць!» Звычайна ж у нядзелю збіраліся габрэі на рынку, размаўлялі… Гэта не галоўнае, але ў сястры – дзеці, і мы хацелі, каб яны раслі і жылі там. Мы выехалі разам, купілі кватэры побач, у мяне № 4, у яе № 6… У цэнтры Эйлата пераважна старое жыллё, а мы хацелі новае… Побач з морам – шмат гатэляў, вышэй – «спальныя раёны», вось там і купілі.

Не шкадуеце?

– Пакуль не. Спадзяюся, і далей не буду. Вольна сябе адчуваю, я гаспадар свайго часу, сваёй справы…

– Вольнага часу многа застаецца?

– Даволі многа. Працую да чатырох, у пяць ужо дома. Але пішацца не заўсёды, таму што спёка… Зараз у нас 44-45 градусаў. У хаце, вядома, ёсць кандыцыянеры (жыллё будуецца адразу з імі), але мазгі адчуваюць тэмпературу, нават калі ў хаце холадна…

Вы адразу вярнуліся да творчасці, калі пераехалі?

– Спачатку не да таго было. Я працаваў па 20 гадзін у суткі: спачатку на адной працы, потым вяртаўся да хаты і ішоў на другую (у рэстарацыю, мыць посуд). Праз год набылі мы сваю кватэру: бралі крэдыты, вядома. Цяпер гэта ўжо наша кватэра, выплацілі ўсё… Магу забіць цвік, куды захачу.

Прайшло гадоў 8, і я вярнуўся да сваёй справы… Паціху друкаваўся ў мясцовых газетах («Время», «Новости недели»). Гэта былі апавяданні, якія ўвайшлі ў першую кніжку (2004). А цяпер – ужо шостая. Будзе прэзентацыя – 27 чэрвеня а 19.00 у кнігарні «Ў».

Kniga6-1 Kniga6-2

– Чым адметная Ваша новая кніжка?

– Па-мойму, яна прыгожа напісана. У ёй шмат эротыкі.

– Эротыкі хапала і ў ранейшых…

– Так, таму што жыццё без эротыкі немагчыма сабе ўявіць. Прывяду фразу, якую падрыхтаваў для прэзентацыі: «В этой книге я cнял застенчивые занавески с социалистического реализма».

Калі ўжо пра «ізмы» казаць, то да якога «ізму» Вы б сябе аднеслі?

– Нават не ведаю. Я неяк без «ізмаў» абыходжуся…

– Ну, а хто вам у літаратуры бліжэй?

– У беларускай літаратуры – Уладзімір Арлоў, а так – Віктар Канецкі, Юрый Казакоў… Іван Бунін, Аляксандр Купрын.

Яшчэ во занатаваў для прэзентацыі: «Предназначение художника, как и женщины, вовсе не в том, чтобы блюсти невинность». Не люблю пахмурнай літаратуры…

– Няблага сказана! Хто яшчэ з беларускіх аўтараў блізкі, апрача Арлова?

– Рыгор Барадулін. Гэта такі пісьменнік, такі мудрэц… Ведаю ў гэтую эпоху толькі двух мудрацоў: Барадулін і Жванецкі. Трэба ўслухоўвацца ў іх.

– З Барадуліным мо і асабіста былі знаёмы?

– Быў. У мяне ёсць шмат кніг, шмат аўтографаў яго… Ну як знаёмы – хто я і хто Барадулін?! Бачыліся… А творчасцю яго захапіўся ў савецкі час. Рыхтую зараз тэкст, як я пазнаёміўся, як у нас з ім былі аднолькавыя пулаверы (мне цётка па блату дастала і падаравала). Гэта я ўбачыў пулавер на Барадуліну – ён яшчэ малады быў, цікавы… Вырашыў, што і мне такі патрэбен. І вось з таго часу – магчыма, гадоў 40 ці больш – я ім захапляюся. Вялікі мудрэц, зараз такіх няма.

Апрача іншага, напісаў «Як беларусы сэксам займаюцца»!

– Усё цікава ў яго творчасці – прыемна, інтымна… Гэта маё. Яшчэ ў мяне ёсць шмат кніг Някляева, у тым ліку яго раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». На жаль, не вельмі добра ведаю сучасную беларускую літаратуру, хаця калі-некалі чытаю часопіс «Дзеяслоў» (мне перасылаюць). Ведаю, якія ёсць пісьменнікі, якія на слыху, у інтэрнэце, але падрабязна гаварыць пра іх творчасць не магу. Адно-два апавяданні ці тры-чатыры вершы – гэтага яшчэ не дастаткова, каб склалася ўражанне…

Можа, і Паўла Касцюкевіча чыталі? Як перакладчык, літаратар, ён сфармаваўся ў Ізраілі, дабіўся поспеху тут…

Так, чытаў. Успамінаецца анекдот. Да адной жанчыны падышла другая, паглядзела і кажа: «Нешта ў вас ёсць габрэйскае!» Тая адказвае: «Так, яно было гэтай ноччу». У Паўла «ёсць нешта габрэйскае». Мы не тое што сябруем, але часам тэлефаную яму, кантактуем… На сустрэчах ён мяне прадстаўляе спачатку на іўрыце (публіка шырока раскрывае вочы), а потым тлумачыць усё па-беларуску.

Рэкамендацыі ў Саюз пісьменнікаў мне далі Уладзімір Арлоў, Юрый Станкевіч і мой першы выдавец у Беларусі, Уладзімір Сіўчыкаў. А Валянцін Тарас напісаў добрую прадмову да кнігі «Дзе ўзяць крыху шчасця» (2005).

Між іншага, у «Полымі» я надрукаваўся дзякуючы Васілю Гігевічу, ён працаваў у гэтым часопісе. Мы з ім сустрэліся ў адзін з маіх наездаў, паразмаўлялі за кілішкам… Ён кажа: «Дык ты напішы, як табе жывецца». Яшчэ ў Беларусі я напісаў, аддаў яму і потым тэлефаную: «Пойдзе, не пойдзе?» «Ужо ў наборы». І мы ж працавалі з Гігевічам побач на адным прадпрыемстве, я бачыў яго станаўленне як пісьменніка, гэта праходзіла і праз мой кабінет… Ён званіў у Мінск, тады яшчэ не ва ўсіх быў тэлефон-аўтамат, а ў нашым кабінеце, у энергетыкаў, быў. Дзякуючы Гігевічу я пачаў больш актыўна пісаць на беларускай, і з літаратурным жыццём пазнаёміўся, выпадкова слухаючы, як ён размаўляў. Я Васілю вельмі ўдзячны…

Падрыхтаваў Вольф Рубінчык для belisrael.info

Мінск, 21.06.2016.

(заканчэнне будзе)

Апублiкавана 21 чэрвеня 2016  21:50

Водгук:

Уладзь Рымша, Мiнск 22.06 22:53: Надзвычай глыбокая і сьціплая асоба – пан Давід Шульман. З захапленьнем прачытаў тое інтэрвію. Сьціплае, але досыць ёмкае – стварае багата прасторы для думак. Супэрова. Дзякуй

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (7)

2016 год хацелася б сустрэць без агрэсіі, якую жывіць падманлівая прапаганда з розных бакоў…

  1. Пра журналістку, пісьменніцу і музыканта

Cёлета, нарэшце, дайшлі ў мяне рукі да змястоўнай кнігі Валерыя Сойфера «Улада і навука». Яна пра Лысенку і лысенкаўшчыну ў біялогіі, але не толькі. Так, я даведаўся, кім была загадкавая Алена Мікуліна з яе брашурай «Спаборніцтва мас», падтрыманай у 1929 г. асабіста Сталіным. У брашуры, паводле прадмовы правадыра, змяшчаўся «просты і праўдзівы расказ» пра будні прадзільнай фабрыкі. Маладая журналістка, лагодна кажучы, прыхарошыла жыццё рабочых у духу сацрэалізму (хаця такога тэрміна тады яшчэ не было), яе пачалі крытыкаваць у друку, але Вісарыёныча гэта не засмуціла. Яго ліст у абарону кніжкі трапіў нават у збор твораў. Сойфер піша: «Сталін перакананы, што “крыху зманіўшы”, Мікуліна зрабіла правільна, і рэзюмуе, што яна стварыла кнігу, якая “прынясе рабочым вялікую карысць”, бо “…папулярызуе ідэю спаборніцтва і заражае чытача духам спаборніцтва”».

Казус Мікулінай грукнуў мне ў голаў пасля таго, як адгрымела нобелеўская мітульга ў сярэдзіне снежня 2015 г. Погляды С. Алексіевіч я крытыкаваў, напрыклад, тут і тут. Некаторыя чытачы ўжо задаюць пытанне: «Чаго ты прыкляпаўся да пісьменніцы – вунь нават лукашысты яе павіншавалі, і газета “Берега” таксама?» Але ж, на маю думку, прэмія ў ХХІ стагоддзі – гэта заўсёды выклік, а не безумоўны «нішцяк»; сёлета ж яна выдавала на (каля)палітычны праект. Аб’ектыўна, постаць «свайго» нобелеўскага лаўрэата не паяднала беларускае грамадства, таму варта паразважаць, якія чакаюцца вынікі.

Паўтаруся, Святлана Аляксандраўна, якую часам нават прымаюць за яўрэйку, можа быць ветлівай і сімпатычнай асобай, сябраваць з Юрыем Зісерам і рабіць рэверансы ў бок яўрэяў (апрача ўсяго, увосень 1993 г. яна падпісала «Зварот да народу Рэспублікі Беларусь», дзе разам з іншымі дзеячамі культуры паспачувала ахвярам нацысцкага генацыду; гл. «Авив» № 1 за 1994 г.). Аднак іншыя ейныя жэсты наводзілі на сумныя думкі… Так, расійцы выкрылі «фэйк» Алексіевіч у інтэрв’ю іспанскай газеце (лістапад 2015 г.). Дапраўды, ствараецца ўражанне ідэі фікс: чырвоныя чалавечкі праз папоў і казакаў прасоўваюць «праваслаўны халіфат» у Расіі… У чэрвені 2013 г. на колькі дзён прыязджаў у Смаленск, праз год – у Санкт-Пецярбург. Жылі мы з жонкай у гасцініцы і ў хостэлі, размаўлялі з расійцамі. Людзі як людзі, не святыя і не быдла; яны не спяшаліся ні ў турму, ні на вайну. Краіна як краіна, хіба што ў Піцеры на набярэжнай падпсаваў настрой бігборд «Крым наш!» (але псавала горад і ўсюдыісная рэклама сэкс-паслуг – на вадасцёчных трубах, на тратуары – які там «халіфат»?…). Мой даўні знаёмец Павел Севярынец лічыць, што Алексіевіч падстаўляе Расіі «светлае люстэрка», а я скажу так: мо і светлае, ды крывое…

Ухвала Сталіна, здаецца, не прынесла Мікулінай шчасця: на ўсё жыццё яна засталася пясняркай сацыялістычнага спаборніцтва, а ў 1990-х гадах засведчыла яго крах. Баюся, што і цырымонія ў Стакгольме была для Алексіевіч нечым збыткоўным. Яна не пажадала нават падпарадкавацца рэгламенту (адзенне, працягласць прамовы…), што істотна змяншае шансы на атрыманне прэмій Шведскай акадэміі іншымі выхадцамі з Беларусі ў бліжэйшыя n гадоў. Аднак, хоча таго С. А. або не, факт яе ўганаравання на сусветным узроўні будуць выкарыстоўваць для змены сітуацыі ў нашай краіне – загучаў ужо лозунг «Нобель супраць Шнобеля». Мала хто сумняваецца, што становішча трэба мяняць, і даўно, але ці не акажуцца лекі горшымі за хваробу? Ідэі «дэсаветызацыі» беларусаў, выціскання на задні план «чырвонага чалавека» спазніліся – калі не на 15, то на 10 гадоў дакладна (тут я тлумачыў, чаму). Змагацца з камуністычным прывідам на прасторах СНД у 2015 г. – усё адно, што лекаваць чалавека, хворага на дыябет, ад воспы, якой ён хварэў у мінулым стагоддзі, даводзячы яму, што ў «цывілізаваным свеце» трэба прыбраць воспіны з твару… Тым часам дыябет будзе прагрэсаваць, ды што паробіш, калі ў заходніх «лекараў» з 1980-х заляжаліся на складзе адпаведныя таблеткі?

Насцярожвае мяне і тое, што на першы план «барацьбы з рэжымам» штурхаецца асоба, якая раней «спявала» зусім па-іншаму. Артыкул 1977 г. пра гераічнага Фелікса Эдмундавіча не згадваў толькі лянівы. Думаю, у англасаксонскім свеце любяць, калі грэшнік з «гома саветыкусаў» раскайваецца і становіцца на «верны шлях», але надта часта ў Беларусі гэта выглядала як прыстасаванства (выпадкі Станіслава Шушкевіча, Іосіфа Сярэдзіча, Паўла Якубовіча, Аляксандра Класкоўскага і многіх іншых). Феномен «прасвятлення» Святланы Алексіевіч здольны заахвоціць маладых людзей да апартунізму і прыняцця лукашэнкаўскай ідэалогіі, бо хто ім потым зашкодзіць «пакаяцца» і выйсці сухімі з вады?

Частка эліты ў Расіі таксама робіць добрую міну пры кепскай гульні, аднак апраўдваецца за колішнія «празаходнія», а не «прасавецкія» погляды, што выклікае шчымлівае пачуццё шкадобы. Вось Аляксей Рыбін, у канцы 1970-х – савецкі панк, потым адзін з заснавальнікаў гурта «Кино» (разам з Віктарам Цоем і Алегам Валінскім), пазней акцёр, сцэнарыст, прадзюсер… У кнізе «“Кино” с самого начала» (1991) паказаў шэрасць і дурноту жыцця ў Ленінградзе на пачатку 1980-х гадоў вачыма 20-гадовых юнакоў. Рыбінскага прыяцеля Піню ў 1981 г. збіла камсамольская дружына (да страты ім селязёнкі), самога «Рыбу» ў 1979 г. білі ў міліцыі за тое, што ён быў падобны да хіпі, «органы» надоўга саджалі за краты арганізатараў нефармальных канцэртаў… «Вясёлы» быў час. І што піша Рыбін у 2015 годзе:

У юнацтве я быў антысаветчыкам… І большасць маіх таварышаў – таксама. Мы смяяліся з Брэжнева, лаялі “савок”, лічылі, што ўмоўны “Захад” – гэта адзіная тэрыторыя, на якой можна жыць нармальнаму чалавеку… Высмейванне і грэбаванне ўсім, што адбывалася ў СССР, не перашкодзіла, аднак, мне скончыць школу, атрымаўшы вельмі рознастайныя веды – дзякуючы цудоўнай, як я цяпер разумею, школьнай праграме… Не перашкодзіла адпачываць шмат гадоў запар у піянерскім лагеры ў Вусць-Нарве і з бацькамі ў Крыме. Не перашкодзіла бясплатна адвучыцца ў двух інстытутах. Без праблем уладкоўвацца на працу і зарабляць па тых часах вельмі прыстойныя грошы… Не перашкодзіў мне “сацыялістычны рэжым” граць у “падпольным гурце” “Кіно”…

І далей у тым жа духу, на манер камсамольскага агітатара ці «вяртанца» з гнілой Еўропы ў прагрэсіўны СССР. Карацей, пакайцеся, празаходнія апазіцыянеры, вам скідка выйдзе. Летась я ліставаўся з «Рыбам», запрашаў яго ў Мінск: зараз мне гэта не так цікава.

 

  1. Пра выкарыстаных і выкарыстальнікаў

Дакладна не стану запрашаць у Беларусь «бліскучага палітолага» і «прафесійнага лабіста» Авігдора Эскіна, з якога так і прэ агітпроп. Прамовы Эскіна шмат у чым характэрныя для «вялікіх сяброў» нашай краіны: у канцы 2007 г. да мяне з Ізраіля звяртаўся чытач бюлетэня «Мы яшчэ тут!» ватык Ігаэль І., які даказваў, што я нічога не разумею ў беларускім жыцці, трэба цаніць тое, што робіць Лукашэнка і г. д. Дыялог скончыўся тым, што я параіў суразмоўцу стаць карэспандэнтам «Советской Белоруссии» ў Ізраілі. Пазней І. пераехаў у Беларусь, некаторы час служыў рабінам у Мінску, але і тут не дужа прыжыўся. Казалі, зараз жыве недзе пад Оршай, змагаецца з абортамі праз публікацыі ў інтэрнэце…

Бздура ад Эскіна пачынаецца з першых радкоў: «на Украіне адбываецца спроба гераізацыі нацысцкіх злачынцаў, такіх як Бандэра і Шухевіч, на ўзроўні прэзідэнцкага ўказа, на ўзроўні дзяржаўнага закона». Так, вядома, што пры Юшчанку (звыш 5 год таму) надавалася годнасць Героя Украіны двум названым персанажам, але ўказы прэзідэнта адразу былі аспрэчаны праз суд; з 2011 г. ні Сцяпан Бандэра, ні Раман Шухевіч афіцыйна не героі, і ў грамадстве яны не «агульнапрызнаныя».

Бандэраўцы, насуперак «публіцысту і грамадскаму дзеячу» (зрэшты, Эскін рэтранслюе міф, пашыраны ў расійскай медыясферы), не палілі беларускую Хатынь у сакавіку 1943 г. Нават у «Вікіпедыі» паказана, што расправа над вёскай была зроблена сіламі батальёна СС «Дырлевангер» (немцы і навалач з усёй Еўропы) і 118-га дапаможнага паліцэйскага батальёна, які часам завецца «украінскім», хоць трапляліся ў ім і рускія, і нават асецін ды армянін, а камандзірам быў Эрых Кёрнер. Яго намеснік – Рыгор Васюра, асуджаны ў СССР да смяротнай кары – паходзіў з цэнтральнай Украіны, да паліцыі служыў у Чырвонай Арміі, як і многія яго падначаленыя. Сярод шуцманаў былі і некаторыя прыхільнікі АУН, але не бандэраўскага, а мельнікаўскага крыла. Бандэра ў той час ужо сядзеў за кратамі, і ўплыву на падзеі ў нашым краі не мог мець, нават калі б хацеў.

Пры ўсёй адыёзнасці Шухевіча, які сапраўды лютаваў на тэрыторыі Беларусі ў 1942 г., сотні тысяч людзей яго 201-ы паліцэйскі батальён не знішчаў: не той размах. Называюцца 2000 партызан, забітых на Віцебшчыне, пад Лепелем… Ахвотным заглыбіцца ў тэму рэкамендую пачаць з артыкула Пэра Андэрса Рудлінга ў перакладзе на беларускую тут.

Гэта мінулае. А як «палітолаг» з музычнай адукацыяй бачыць сучаснасць? «Усё, што я ведаю пра вашу краіну – уменне захаваць чалавечыя адносіны, прыстойнасць». Яно б нічога, каб Эскін ідэалізаваў толькі побыт, хоць ён у нас не зусім такі (а дзе-нідзе – зусім не такі), але ж прапагандыст і дзяржаву расхвальвае: «Дастаткова сродкаў, каб жыць… гэта ўся сістэма ў вас так працуе». Як? «Старыя ў вас абаронены, ніхто не павінен стаяць і прадаваць мерзлую рыбу на рынку з пяці раніцы ці ля праезнай часткі, каб хоць неяк зарабіць».

У Кіеве і Чарнігаве, дзе, паводле Эскіна, «дзікі развал і раздрай», у 20142015 гг. за дзень я бачыў не больш асоб, якія корпаліся ў смеццевых баках, чым у «прыстойным» Мінску. Ля шматлікіх станцый метро і буйных крам у нас ладзяцца «хітрыя рынкі», дзе гандлююць у асноўным пенсіянеры: кветкамі, кансервамі, падазронага паходжання садавінай і гароднінай, той жа рыбай. Не ад харошага жыцця, відавочна: большасць пенсій не дацягвае ў эквіваленце і да 150 долараў. Канешне, хтосьці будзе цешыцца, што ва Украіне яшчэ менш…

«Асабіста мяне Беларусь цалкам задавальняе такая, як яна ёсць цяпер», – паблажліва кідае Эскін. Дзіва што! Калі б я прыехаў на пару дзён у Гандурас і спыніўся ў пяцізоркавым гатэлі, слухаў бы толькі праўрадавых гідаў і наглядзеўся б ролікаў кшталту «Гандурас – краіна для жыцця» ад тамтэйшага мінінфармацыі, то ён бы мяне таксама задавальняў.

«Як толькі вы рашыце актыўна прасоўваць свае інтарэсы ў Еўропе і Амерыцы, то, вядома ж, было б правільна выкарыстоўваць яўрэйскі фактар, то бок выхадцаў з Беларусі, якія сёння жывуць у Ізраілі», – кажа Эскін і недвухсэнсоўна намякае на сябе (у яго ж бабуля і дзядуля з Хоцімска!). Не, цяжка мне зразумець людзей, у т. л. яўрэяў, якія хочуць быць выкарыстанымі. Цікава, ці можна правесці паралель паміж Авігдорам Эскіным і рускамоўным прафесарам Рыгорам Іофе з Рэдфардскага ўніверсітэта ў ЗША («мая мама і бабуля нарадзіліся ў Мазыры, а дзядуля – у Петрыкаве»), які ў 2011 г. шмат гадзін размаўляў з Лукашэнкам, а потым выдаў пра яго даволі кампліментарную кнігу, «недаацэненую» чытачамі? Бачыцца, што такія людзі, як Эскін, Іофе, былы «галоўны рабін Беларусі» Бенянсон, старшыня беларускага зямляцтва ў Ізраілі Альшанскі – звенні аднаго ланцужка, якім выкарыстальнікі лупцуюць і нас (беларускіх яўрэяў, яўрэйскіх беларусаў…). Хто наступны?

Вольф Рубінчык,

г. Мінск, 22.12.2015

Апублiкавана 29.12.2015  02:35

КАТЛЕТЫ & МУХІ (6)

Пасля перапынку – яшчэ адна серыя, у якой, па завядзёнцы, змяшана істотнае і менш істотнае…

Творчасць і спантанныя выказванні лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі 2015 г. па літаратуры Святланы Аляксандраўны Алексіевіч выклікаюць непадробную цікавасць у тысяч (а мо і мільёнаў) людзей. Мінулы тыдзень стаў для С. Алексіевіч, як модна казаць, знакавым – грамадзянка Беларусі давала прэс-канферэнцыю і выступала з Нобелеўскай лекцыяй у Стакгольме. Пастаянныя чытачы cайта ўжо дакраналіся да тэмы «Алексіевіч і яўрэі», напрыклад, тут: Светлана Алексиевич – Нобелевский лауреат

Ёсць добрая нагода крыху заглыбіцца ў тэму, не прэтэндуючы на яе вычарпанне.

У другой кнізе Святланы Алексіевіч «Последние свидетели» («Апошнія сведкі», 1985) сярод «ста галасоў» гучаць і яўрэйскія, хоць гэта асабліва не акцэнтуецца – напрыклад, у выпадку Галіны Давыдавай. Падаюцца расповеды Эмы Левінай, Давіда Гольдберга, Яфіма Фрыдлянда, якія апынулася ў эвакуацыі, Гені Завойнер (правільна – Завольнер), якая ўспамінае пра пагром у гета, Ганны Гурэвіч, уратаванай выхавацелькай дзіцячага дома… Сярэдзіна 1980-х не была дужа спрыяльнай для яўрэяў у плане гістарычнай памяці – праўда, ужо выйшла невялікая кніжка Ганны Краснапёрка пра мінскае гета (1984 г.) – таму такая падборка заслугоўвае павагі. Вядома, варта ўспомніць і «споведзь яўрэя-партызана» ў кнізе «Час сэканд-хэнд» (2013), запісаную, верагодна, у 1990-х.

Увосень 1987 г. С. Алексіевіч – відавочна, з падачы свайго настаўніка Алеся Адамовіча – падпісала калектыўны ліст у маскоўскім выданні «Советская культура», дзе заступалася за Марка Шагала, на якога «наязджалі» беларускія ідэолагі.

У пачатку 1992 г. пісьменніца дала наказ новастворанай мінскай яўрэйскай газеце. Рызыкнуў перакласці на беларускую:

Aleks1 Aleks2

Пачуць адно аднаго!

Гэты старажытны дзіўны свет – свет культуры і жыцця яўрэйскага народа – існаваў побач з намі, але быў нам незнаёмы, быў адсунуты ад нас. Любая дыктатура заўсёды ахвотна раздзімала чалавечыя забабоны. Трымаўся на гэтым і бальшавізм. Чым больш мы не ведалі і не любілі адно аднаго, тым лягчэй нас было прыніжаць усіх разам. І рускага, і яўрэя, і беларуса.

Пасля доўгай няволі няможна адразу стаць свабодным. Мы не ведаем яшчэ, што такое свабода. Кожны крычыць пра свой боль, сваю любоў, сваю нянавісць. Кожны народ і кожны чалавек. І ніхто не чуе адно аднаго. Я жадала б, каб голас яўрэйскага народа быў пачуты іншымі. Каб у ім злучыліся і памяць болю, і памяць дабра, сабранага ў гісторыі і ў глыбіні сённяшняга быцця.

У мяне шмат сяброў сярод гэтага народа. І я ніводнага разу не чула ад іх слоў нянавісці. Яны хочуць быць толькі зразуметымі і недатыкальнымі. Я веру, што такой будзе і гэтая газета.

Святлана Алексіевіч («Авив», № 1, сакавік 1992, с. 2)

Як вядома, у 1992 г. двое грамадзян Беларусі – Ірына Галаўнёва і Тарас Кецмур – падалі на С. Алексіевіч у суд за «Цынкавых хлопчыкаў». Працэс скончыўся ў снежні 1993 г., іск Т. Кецмура быў часткова задаволены. Рэдакцыя «Авива» паспрабавала абараніць пісьменніцу, аднак лепей бы, напэўна, не спрабавала… Глядзіце: тут і танны пафас, і прымітыўная канспіралогія, і няведанне (а мо імітацыя няведання) таго, што грамадзянскі працэс аб абароне гонару і годнасці – зусім не тое, што крымінальны («уголовный»). Нататка ўзята з № 1 за студзень 1993 г.:

Aviv

Амаль гэтак жа несамавіта бараніла С. Алексіевіч Дар’я Кастэнка – актывістка «Плошчы-2006», якая з мужам атабарылася ў Ізраілі. З артыкула ад 08.12.2015 (Беларусы, встаньте с дивана. Мы можем победить): «Я сёння гутарыла з іўрытамоўным знаёмым. Ён убачыў у ізраільскіх СМІ навіну аб уручэнні Святлане Нобелеўскай прэміі і павіншаваў мяне. Вось таму яўрэі і змаглі пабудаваць дзяржаву Ізраіль, уваскрасіць іўрыт з мёртвых, уладкаваць рай пасярод пустыні. Яны не разумеюць, уявіць сабе не могуць, як можна не ганарыцца сваімі. Затое гэта занадта добра разумеюць беларусы». Ох, не думаю, што Нобелеўская прэмія, уручаная Шымону Перэсу ды Іцхаку Рабіну ў 1993 г., выклікала ў ізраільцаў менш негатыўных эмоцый, чым сёлета прэмія Алексіевіч у беларусаў…

Нядаўна на сайце «Мы здесь» з’явіўся матэрыял Марыны Мядзведзевай-Хазанавай з амерыканскага Бостана: Заглянуть в бездну , у якім, апрача водгуку на кнігі С. Алексіевіч, гаворыцца пра яе нямала добрых слоў і як пра асобу. Між іншага, вядомы мінскі журналіст, св. памяці Аркадзь Бжазоўскі таксама казаў, што Алексіевіч – добры чалавек (але досыць крытычна ставіўся да яе творчасці).

Пасля 08.10.2015, даты прысуджэння прэміі, ад Алексіевіч, а ў прыватнасці, ад яе Нобелеўскай лекцыі 7.12.2015, многага чакалі: Нобелеўская прамова Святланы Алексіевіч: што мы хочам пачуць? (некаторыя жыхары Беларусі марна спадзяваліся, што выступ будзе транслявацца ў прамым эфіры па дзяржаўных тэлеканалах…). Напярэдадні лекцыі папулярны мінскі сайт citydog.by не шкадаваў для лаўрэаткі ўзнёслых слоў: «наш гонар, годнасць і сумленне», «геніяльны чалавек». Сама С. А. казала, што лекцыя будзе «грубая і жорсткая».

І вось трансляцыя (на сайце «нармалізаванага» Юрыя Зісера tut.by і інш.) адбылася, тэкст рускамоўнай лекцыі даступны на nobelprize.org з перакладам на 4 мовы. Наўрад ці я расчараваны: калі трактаваць прамову выключна як асабістую споведзь, то яна ўспрымаецца не так і блага. Вядома, мне – і не толькі мне – бракавала звароту да балючых кропак сучаснага жыцця краіны. Не абавязкова было пісьменніцы апранаць вышыванку з «Пагоняй» ды з шашкай «кідацца на амбразуру», ставіць дыягназ рэжыму і яго правадыру (штопраўда, у ранейшых інтэрв’ю яна гэткі дыягназ ахвотна ставіла). Аднак – аўтарка «Чарнобыльскай малітвы» магла б перасцерагчы Беларусь і свет ад будаўніцтва АЭС. Згадаць незайздросны стан беларускай мовы і папрасіць дапамогі ў пашырэнні беларускамоўнай супольнасці (я перакананы, што толькі праз людзей, якія трымаліся мовы ў 1990-х і пазней, Беларусь не стала часткай Расіі). Расказаць пра небяспеку прававога нігілізму, які вядзе да самадурства, прынамсі ў галіне доступу да інфармацыі (свежы прыклад – знішчэнне ў Мінску большай часткі накладу пасмяротнай кнігі Віталя Сіліцкага «Доўгая дарога ад тыраніі», лістапад 2015 г.).

Замест усяго гэтага прагучалі ўспаміны пра дзяцінства, Афганістан і чарнобыльскую зону, фрагменты з дзённікаў 30-гадовай даўніны, спасылкі на Дастаеўскага, Флабера і Чаадаева. Слухачы даведаліся, што Алексіевіч – «чалавек-вуха», вайна – гэта дрэнна, а звычайныя расійцы («русские») – страшныя людзі: («русский человек не понимает свободу, ему нужен казак и плеть», «два главных русских слова: война и тюрьма», «русскому человеку нужна такая идея, чтобы мороз по коже», etc).

Не парадавала мяне і некрытычнае стаўленне да клішэ нават не 1980-х, а 1960-х гадоў. У інтэрпрэтацыі лаўрэаткі гэта гучала так: «во время второй мировой войны в Беларуси на фронте и в партизанах погиб каждый четвертый беларус». Даўно ўжо ўсім, хто хоць крыху цікавіцца пытаннем, вядома, што з двух мільёнаў, забітых на тэрыторыі Беларусі, не менш за трэць складалі яўрэі, і большасць з іх гінула не на фронце, не ў партызанах. Але праблема яшчэ і ў тым, што С. Алексіевіч не давярае гісторыкам як супольнасці; яна, бы тая піянерка, заўсёды гатова аспрэчыць агульнапрызнанае. Чаго вартыя гэтыя выказванні ў дыялогу з міністаркай замежных спраў Швецыі 7 снежня 2015 г.: «Каб дабіцца як мага большага набліжэння да рэальнасці, я распытваю сотні людзей, і ствараецца высокая тэмпэратура расповеду, дзе факт спальваецца… Нам ужо сёння зусім нецікава, якія дзе былі франты, што там адбывалася…» www.svaboda.org/content/article/27412096.html (хочацца верыць, што журналістка «РС» памылілася з расшыфроўкай, і спальваецца ўсё ж не «факт», а «фальш»…). Ці ў прамове: «Нет границ между фактом и вымыслом».

Сумна, але выпадае пагадзіцца з экс-рэдактарам «Нашай Нівы» Сяргеем Дубаўцом, якога пакрыўджаная за лаўрэатку Ірына Халіп назвала «некто Дубовец»: лекцыя была з прыпахам нафталіну. Пажывем-пабачым, але сёння я не ўпэўнены, што выступы ў Стакгольме пойдуць на карысць беларускаму грамадству, а значыць, і тутэйшым яўрэям. Як даведзена ў показцы, кракадзілы лётаюць, але нізэнька-нізэнька… Так і ў мяне – гонар за суайчынніцу прысутнічае, аднак маленькі-маленькі…

На 7 лютага 2016 г. запланавана лекцыя Святланы Алексіевіч у Ізраілі. Білеты прадаюцца: http://open-lecture.kaccabravo.co.il/announce/50097

* * *

Коратка хочацца сказаць і пра з’яву іншага парадку – спектакль Алега Хадоскі і Міхаіла Кавальчыка «Шалом Алейхем! Мир вам, люди!»  , які нам з жонкай выпала паглядзець у мінскім музычным тэатры акурат праз год пасля прэм’еры.

Bilet

На сайце тэатра ацэнка гэтай імпрэзы – 4 з 5, і я не стаў бы моцна пярэчыць (мо крыху б знізіў…). Насамрэч ідзецца пра варыяцыі на тэму «Тэўе-малочніка» Шолам-Алейхема, на што як бы намякае назва (калі «шалом-алейхем» – гэта вітанне, то другое слова трэ было б пісаць з малой літары). Такіх варыяцый у свеце і на (пост)савецкай прасторы было шмат, дастаткова ўспомніць «Скрыпача на даху» ў маскоўскім тэатры музкамедыі, пастаўленага яшчэ ў 1987 г. З рэцэнзіі Ціхана Хрэннікава запомнілася, што ў дэкарацыі былі ўведзены шагалаўскія матывы, што «Тэўе ламае звычаі, але і звычаі ламаюць Тэўе» («Савецкая культура», 25.07.1987).

На пачатку 1990-х я пару разоў хадзіў на горынскую «Памінальную малітву» ў Купалаўскі тэатр, заспеўшы яшчэ Стэфанію Станюту ў ролі маці Менахем-Мендла… Што казаць, той спектакль уражваў больш, чым мюзікл (а мо ўва мне гаворыць проста настальгія па юнацтве?) «Шалом Алейхем!» шмат у чым дублюе тую п’есу, але расцягнуты больш на 3 гадзіны… У ім нямала збыткоўных інтэрмедый, а вось Анатаўка адчуваецца даволі слаба. За выключэннем хіба рабіна (дужа камічнага), яўрэі ўсе безбародыя, што цяжка сабе ўявіць у «рысе аселасці» 110 гадоў таму. У сцэне пагрому адной з удзельніц нададзена падабенства з… Юліяй Цімашэнка. Відаць, камусьці хочацца атаясаміць яе з заклікам: «Жыды, прэч з ріднай Украіны!» Менахем-Мендл паказаны поўным няздарам, што не стыкуецца з яго статусам страхавога агента, дый у Шолам-Алейхема гэта спрытны, вынаходлівы «чалавек паветра».

Калі ў «Местачковым кабарэ» Купалаўскага ад драматычных артыстаў патрабуецца танчыць, спяваць і хахміць (што ім не заўсёды ўдаецца…), то ў мюзікле «Шалом Алейхем!», наадварот, перад працаўнікамі аперэты ставіцца задача выявіць сур’ёзныя, трагічныя характары. Ізноў жа, не ўсе далі рады. Разумею «профі» тэатральнай крытыкі Дзяніса Марціновіча, які параўнаў спектакль з пінжаком, пашытым Мотлам-Камзолам з розных кавалкаў: НЕ ЗАЧАПІЛА: ПРА МЮЗІКЛ «ШАЛОМ АЛЕЙХЕМ!»

Гэтае параўнанне круцілася ў маёй галаве незалежна ад Дз. Марціновіча яшчэ ў час першага акта.

І ўсё-ткі… Стваральнікі мюзікла захавалі спачуванне да «раскіданага гнязда» Тэўе, у пастаноўцы ўвесь час гучыць смех скрозь слёзы. Бадай, гэта галоўнае, і я гатовы дараваць аўтарам многія недахопы.

Вольф Рубінчык,

г. Мінск, 09.12.2015

rubinczyk@yahoo.com

Апублiкавана 9 снежня 2015 

КАТЛЕТЫ & МУХІ (4)

Вольф Рубінчык

Ізноў шалом-здароў! Гэтым разам пагаворым пра Беларусь як несавецкую краіну і пра тое, як у ёй (вы)жыць.

1. Чвэрць стагоддзя на незалежніцкай хвалі

Першы масавы апазіцыйны рух у найноўшай гісторыі Беларусі нарадзіўся ў 1988 г., аформіўся ў 1989 г., а выпрабаванне выбарамі прайшоў у 1990 г. Іменна тады дзясяткі прадстаўнікоў Беларускага народнага фронту патрапілі ў Вярхоўны Савет БССР – які-ніякі, а парламент – і разам з некаторымі іншымі дэпутатамі сфармавалі т. зв. «Дэмакратычны клуб», а потым і Апазіцыю БНФ.

Адной з першых акцый новаўтворанай Апазіцыі сталася «антысвяткаванне» 7 лістапада, калі на помнік Леніну ў Мінску былі навешаны пудзілы і антыкамуністычныя лозунгі. Пракуратура вывучала «правакацыйныя» паводзіны фронтаўцаў, у тым ліку Зянона Пазьняка, але нікога не пакарала. Выглядае, іменна гэтая акцыя стала пачаткам канца для Беларусі савецкай. Больш падрабязна пра падзеі можна пачытаць у 800-старонкавай кнізе «Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання» аўтарства кандыдата гістарычных навук Аляксандра Кур’яновіча (2015), якую мне выпала рэдагаваць.

Kniha_apazicyja

Пасля абвяшчэння Незалежнасці ў жніўні 1991 г. і распаду СССР у снежні 1991 г. працэс натуральнай дэсаветызацыі (развітання з БССР-аўскім мінулым) набыў незваротны характар. Узлёт небезвядомага палітыка ў 1993–94 гг. можна трактаваць як рэакцыю на занадта хуткія перамены, але памылкова лічыць, што Аляксандр Лукашэнка вярнуў Беларусь у савецкі час, што ў нас запанаваў «чырвоны чалавек».

Замежнікі, прыязджаючы ў Мінск на колькі дзён, бачаць помнік Леніну, вуліцы Маркса ды Энгельса, і крывяць нос: «фэ, савок». Між тым к 2015 г. «савок» у нас практычна сканаў. Наўрад ці хто стане спрачацца, што хрыбцінай савецкага ладу былі камуністы-ленінцы, але ў РБ з тузіна палітычных партый (скарэй гурткоў па інтарэсах…) дзве камуністычныя ледзь прадстаўлены на ўзроўні мясцовых саветаў. Помнікі, назвы вуліц, убогае «святкаванне» 7 лістапада і нават «Лінія Сталіна» – адно дэкарацыя, або костка, якую ўлады кідаюць кансерватарам старэйшага пакалення. З гэтай жа прычыны трывае назва газеты адміністрацыі прэзідэнта «Советская Белоруссия», якую рэдакцыя старанна скарачае да «СБ» – або наогул карыстаецца неафіцыйным найменнем «Беларусь сегодня». Сама адміністрацыя Лукашэнкі нагадвае колішні ЦК КПБ, але будуецца іначай, у ёй больш цэніцца асабістая адданасць і крэўныя сувязі, а не вернасць якойсьці канкрэтнай ідэалогіі, пагатоў марксізму-ленінізму. Эканоміка, культура, сістэма адукацыі, міжнародныя адносіны развіваюцца паводле прынцыпаў, далёкіх ад норм савецкага часу (зараз не кажу, лепшых ці горшых). «Выбары» з квазіпрымусовым галасаваннем ладзяцца ўсё-ткі з аглядкай на назіральнікаў, і кандыдатаў у прэзідэнты з 1994 г. ніколі не было менш за трох.

Што самае важнае, за чвэрць стагоддзя адбыліся істотныя змены ў свядомасці мільёнаў людзей, якія паспелі забыцца на савецкія стабільныя цэны, чэргі і паўпустыя паліцы. Разумна выказаўся літаратар Альгерд Б., даведаўшыся пра рашэнне Нобелеўскага камітэта 8 кастрычніка 2015 г.: «Мы жывыя і жывем сёння, і краіна, дзе гэта адбываецца, даўно ўжо не Савецкі Саюз. У яе, гэтай краіны, выраслі малочныя зубы. І нам хочацца гаварыць: новым голасам, пра нашае сёння». Гэтак адчуваю і я, і не магу згадзіцца з іншым літаратарам Ціханам Ч., які настойваў на «Радыё Свабода» ў тым самым кастрычніку 2015 г.: «Дастаткова адысці крыху ўбок ад усім вядомых кнігарняў і галерэй, каб нізрынуцца ў пафарбаваную савецкую сымболіку і ў якасны, новенькі савецкі лад, які прэ з усіх шчылінаў і гегемоніць па поўнай праграме… Цяпер відавочна, што беларускі нацыяналізм занадта рана пахаваў антыкамуністычную рыторыку: шкілет Савецкага Саюза… грукае ў дзверы». Як казаў больш за стагоддзе таму трэці літаратар пра творы чацвёртага, «ён пужае, а мне не страшна».

Гэта праўда, што адукаваныя людзі ў беларускай правінцыі нярэдка гаворыць пра асяроддзе з доляй сарказму. Мастак Верамейка-Залескі лічыць, што жыхары вёскі, за выняткам моладзі, захоўваюць савецкую свядомасць. А журналіст Сяргей А. з Клімавіч адказаў Альгерду Б. так: «шмат насельнікаў гэтай краіны дасюль савецкія людзі. Яны лічаць, што нармальна – парушаць законы, баяцца вялікіх і малых кіраўнікоў, пагарджаць тымі, хто высоўваецца…». Але, па-мойму, слушны дыягназ тут – не савецкасць, а патрыярхальны тып палітычнай культуры, які існаваў да 1917 г. (у Заходняй Беларусі – да 1939 г.) і перажыў СССР. На людзях гэтага тыпу з іхнім недаверам да законаў, грамадскай актыўнасці і «палітыкі» штораз выязджае «бацька». «Чырвонымі» называць іх некарэктна: скарэй ідзецца аб маргіналізаванай частцы сялянства (накшталт паслядоўнікаў Альяша з рамана Аляксея Карпюка «Вершалінскі рай») і тым самым «мяшчанстве», з якога дзесяцігоддзямі кпілі савецкія публіцысты.

Недахопу ў песімістычных прагнозах адносна Беларусі ніколі не было, і ўсё ж… Пра пэўны плюралізм на палітычнай сцэне згадана вышэй, і нават у паслухмяным парламенце час ад часу выяўляецца нязгода, як гэта было ўвесну 2015 г. пры зацвярджэнні «дэкрэта аб дармаедах» (нехта прагаласаваў-такі супраць).

Няма ў краіне і татальнай манаполіі на прадстаўніцтва інтарэсаў наёмных работнікаў: з цяжкасцю, але працуюць незалежныя прафсаюзы, чаго таксама не магло быць у СССР. (Між іншага, чуткі з падручніка для студэнтаў ЕГУ пра тое, што ў лукашэнкаўскай Беларусі пры прыёме на работу аўтаматычна запісваюць у «чэсны» прафсаюз, не пацвярджае практыка: у 2003 г. працаваў ва ўстанове міністэрства адукацыі, у 2004 г. – ва ўстанове сацыяльнага забеспячэння, у 2009-2011 гг. – на дзяржаўным прадпрыемстве сувязі, ні разу не далучаўся да іхніх «прафсаюзных ячэек».)

Бадай, найменш «савецкай» зрабілася сфера паслуг, асабліва ў гарадах. У ХХІ ст. пабудавана безліч «буржуазных» месцаў адпачынку: казіно, рэстарацый, клубаў… Рэальная канкурэнцыя існуе паміж банкамі, турфірмамі, размаітымі крамамі, а сярэдні беларускі гіпермаркет мала чым адрозніваецца ад ізраільскага. У пэўным сэнсе мы перажываем ранні капіталізм – эпоху «пачатковага назапашвання капіталу», з усімі яе плюсамі і мінусамі, вялізнымі кантрастамі ў даходах і выдатках. Як заўважыў Аляксей Кудрыцкі А ЧТО ДЕСОВЕТИЗИРОВАТЬ-ТО?: «У Беларусі дзейнічае рынкавая эканоміка, з наступствамі якой насельніцтва сутыкаецца штораз, ходзячы ў крамы… Эканоміка, якая паступова пазбаўляецца прыстаўкі “сацыяльна-арыентаваная”». Паўтараць следам за Кудрыцкім, што Беларусь – «цалкам дэсаветызаваная дзяржава», я б не стаў, бо астраўкі мінулага раскіданы ад Асвеі да Лунінца, але, дапраўды, ужо 5-10 гадоў не яны вызначаюць паводзіны большасці беларусаў.

  1. А як гэта ўсё адбілася (і адаб’ецца) на яўрэях?

«Капіталізацыя» беларускага грамадства ў кароткачасовай перспектыве мела для большасці яўрэяў станоўчыя наступствы – адкрыліся магчымасці для бізнэса, падвысілася роля адукацыі. Сярод работнікаў культуры («інтэлігенцыя» для РБ – устарэлае паняцце…) прыкладна з канца 1990-х добрым тонам стала цікавіцца яўрэйствам і яго спадчынай. Часам гэтая цікавасць была шчырай, часам выклікалася жаданнем падзарабіць – на мой погляд, зусім зразумелым.

У 2013 г. выйшаў «яўрэйскі» нумар «альманаха сучаснае беларускае культуры» «Партызан»: http://partisanmag.by/?p=3806 , у ім бралі ўдзел некаторыя мае знаёмыя. Сёлета я быў сведкам мінімум трох імпрэз з «яўрэйскім акцэнтам». Першая адбылася ў студзені 2015 г. у мінскім музеі-кватэры Петруся Броўкі. Вядучыя гаварылі пра паэтаў-ідышыстаў, чыталі іхнія творы. Старшыня беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч (на здымку злева) здаўна перакладае з ідыша вершы Майсея Кульбака, і ў музеі прачытаў тры свае пераклады. Я коратка распавёў пра выданні суполкі «Шах-плюс»: зборнікі Ільі Злотніка, Ізі Харыка, Элі Савікоўскага, Гірша Рэлеса.

Khadanovich_Rubinchyk

Пазней наведалі мы з жонкай два спектаклі Купалаўскага тэатра: «Другая сусветная» – http://kupalauski.by/performances/large_stage/second-world-war/ – і «Местачковае кабарэ» – http://kupalauski.by/performances/large_stage/cabaret/ . Выкананне твораў пра вайну аўтарства былога мінчаніна Марка Мермана (у час кранальнага спектакля-канцэрта актрыса праспявала і песню Мермана пра Саламона Міхоэлса, забітага ў 1948 г.) спадабалася куды больш, чым эклектычнае «Кабарэ». Аднак другі спектакль – рэдкая магчымасць убачыць цыганскі танец пад песню на ідышы і паслухаць яўрэйскія показкі-«шмонцэс».

Пра стэрэатыпныя «яўрэйскія рысы» (ініцыятыўнасць, еtc.) з 2000-х гадоў у пазітыўным ключы гаворыцца як у афіцыйных, так і ў альтэрнатыўных крыніцах. Так, былы старшыня Нацбанка, гадоў 10 таму ставіў Ізраіль у прыклад кіраўнікам сельскай гаспадаркі Брэсцкай вобласці; кіраўнік афіцыёзнага сацыялагічнага агенцтва набыў «дом Вейцмана» ў Моталі і захапляўся першым прэзідэнтам Ізраіля як палітыкам. Улетку 2015 г. шаблоннае ўспрыманне яўрэяў пашыраў і папулярны сярод «прасунутай моладзі» сайт з птушынай назвай: маўляў, беларусы, будзьце як яўрэі, разумныя і хітрыя…

Паўстае пытанне, ці надоўга захаваецца гэтая «юдафільская» тэндэнцыя: на мой одум, ёсць у ёй і небяспека. Мудры Фелікс Хаймовіч пісаў у 2014 г.: «Антысемітызм пачынаецца з прысваення габрэям звання самай таленавітай нацыі. Далейшая логіка такая: яны самыя таленавітыя, яны выцесняць нас, ад іх трэба бараніцца». Гадоў з трох таму пачасціліся факты «абароны ад яўрэяў», прычым у колах, якія раней у ксенафобіі, нібыта, заўважаны не былі. Так, апазіцыйны (?) грамадскі дзеяч М. «жартоўна» заявіў свайму суразмоўцу-яўрэю ў снежні 2012 г.: «Няма беларускамоўных яўрэяў у Беларусі, то і не лезьце ў беларускую мову, у яе і без вашага пытання праблем больш чым дастаткова!» Сваю лепту ў адчужэнне яўрэяў ад беларусаў унёс і былы пасол Ізраіля Ш., хаця, напэўна, не варта перабольшваць шкоду ад яго цынічных выказванняў пра палітзняволеных у Беларусі. Людзі скемілі, што погляды Ш. падзяляла толькі меншасць беларускіх яўрэяў – як у самой Беларусі, так і ў Ізраілі.

У красавіку 2015 г. на «яўрэйскі ўплыў» ды памыснасць яго абмежавання намякалі і кіраўнік краіны (у сумнавядомым пасланні парламенту…), і паэт-«апазіцыянер», чыю цытату пра кантроль яўрэяў над сілавымі структурамі Беларусі хуценька падчысціў «Белсат», – belisrael.info паведамляў пра абодва выпадкі. На жаль, крызісны стан эканомікі стварае глебу для далейшых інсінуацый.

Ва ўмовах прававога нігілізму прадстаўнікам этнічных меншасцей наўрад ці бывае лёгка; апрыёры яны займаюць слабейшую пазіцыю, чым большасць. Магла б дапамагчы салідарнасць, сістэмная пабудова абшчыны, але якая ў Беларусі «салідарнасць» сярод яўрэяў, пастаянныя чытачы гэтага сайта ведаюць. І вось думка доктара гістарычных навук Юрыя Гарбінскага з яго пісьма ад 24.09.2015: «Пра захаванне і адносіны да габрэйскай спадчыны (перадусім матэрыяльнай) у Беларусі можна сказаць больш чым з горыччу – яна дзесяцігоддзямі ўжо не замоўчваецца, але нішчыцца. Ну не разумеюць беларусы і ўсе тыя, хто жыве тут, што без габрэйства проста не існуе такое паняцце, як культурны ландшафт Беларусі…» На першы погляд, катэгарычна, але навуковец валодае тэмай. Яму, а таксама ксяндзу Яцаку Хутману, мы абавязаны рэстаўрацыяй старых яўрэйскіх могілак у Камаях Пастаўскага раёна (2012 г.).

Трывожыць пашырэнне ў Беларусі паганскіх каштоўнасцей (не блытаць з атэізмам савецкага ўзору). Фота з былых яўрэйскіх могілак на вуліцы Сухой у Мінску з’явілася на «прасунутым» сайце ў верасні 2015 г. Сімвалічны шпацыр…

Kyky_Kalenda

Адказ рэдактаркі сайта на мой зварот гучаў так: «…не вельмі зразумела, чаму вас так збянтэжыў сабака пароды Джэк Расел на могілках. Могiлкi (няважна, яўрэйскія, беларускія, нямецкія) існуюць для жывых, каб жывыя – помнілі. Сюды нармальна прыходзіць з сем’ямі, тут павінны гуляць дзеці, таму што гэта жыццё, і яно працягваецца. Не павінен собака на яўрэйскіх могілках выклікаць настолькі дзіўную і дрымучую рэакцыю». І рэдактарцы сайта, і гаспадару сабакі, літаратару Сяргею К. – ледзь за 30, то бок на «савецкасць» іх паводзіны не спішаш. Сяргей дык увогуле вучыўся ў БДУ на гебраіста (!)

Адылі не хочацца завяршаць гэтую частку – а відаць, і ўсе «Катлеты з мухамі» – на сумнай ноце. Яркай падзеяй 2015 г. стаў выхад серыі «Мая беларуская кніга» ў мінскім выдавецтве «Папуры»: http://popuri.ru/belkniga/ Пачэснае месца сярод 26 лепшых кніг розных стагоддзяў заняў раман Майсея Кульбака «Зельманцы» ў перакладзе Віталя Вольскага. Ён не перавыдаваўся ў Беларусі звыш 50 гадоў, а цяпер даступны ў вольным продажы: http://oz.by/books/more10442041.html

Кур’ёзнымі падаліся мне і віншаванні, якія Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне накіравала С. Алексіевіч і А. Лукашэнку ў кастрычніку 2015 г. Працытую ў арыгінале з захаваннем арфаграфіі (узята з фэйсбука ІРА):

  1. Мужская история  (Исповедь еврея-партизана)

Светлана Алексиевич, лауреат Нобелевской Премии в литературе. Сардэчна вiншуем

  1. Иудейское Религиозное Объединение в Республике Беларусь поздравляет Александра Лукашенко с избранием на должность Президента страны и надеется на благоразумную и взвешенную политику с его стороны в конфессиональных вопросах, как это было и ранее, начиная с 1994 года. Мазл тов!

Што ж, «мабыць, так і трэба». Прынамсі ІРА выпісала рэцэпт, а што з ім рабіць – справа кожнага.

Мінск, 22.10.2015

rubinczyk[at]yahoo.com

Светлана Алексиевич – Нобелевский лауреат

В четверг, 8 октября, в Швеции лауреатом Нобелевской премии по литературе была объявлена белорусская писательница Светлана Алексиевич. Премия присуждена “за ее полифонические произведения, являющиеся памятником страданию и мужеству в наше время”.

Svetl_Aleksievich priz_Nobel

Светлана Алексиевич родилась 31 мая 1948 года в Станиславе (ныне – Ивано-Франковск, Украина). Отец – белорус, мать – украинка. Позже семья переехала в Беларусь. В 1965 году окончила среднюю школу в Копаткевичах Петриковского района Гомельской области. Затем работала воспитателем, учителем истории и немецкого языка в школах Мозырского района, журналистом газеты “Прыпяцкая праўда” (“Припятская правда”) в Наровле. В 1972 году окончила факультет журналистики БГУ, начала работу в “Маяке коммунизма” – районной газете в Березе Брестской области. В 1973-1976 годах работала в “Сельской газете”, в 1976-1984 годах – руководитель отдела очерка и публицистики журнала “Неман”. В 1983 году принята в Союз писателей СССР. С начала 2000-х годов живет в Италии, Франции, Германии. Неоднократно называлась в числе претендентов на “литературного нобеля” (2013, 2014). В 2013 году считалась одним из претендентов на Нобелевскую премию по литературе, однако премию получила писательница Элис Манро из Канады. В прошлом году лауреатом Нобелевской премии по литературе был назван французский писатель и сценарист Патрик Модиано, в творчестве которого отражена тема Холокоста.

После крымских событий выступила в немецкой газете Frankfurter Allgemeine с осуждением российской политики в отношении Украины.

Основные произведения Светланы Алексиевич: “У войны не женское лицо” (1985),
“Последние свидетели” (1985), “Цинковые мальчики” (1989), “Зачарованные смертью”
(1993), “Чернобыльская молитва” (1997), “Последние свидетели. Соло для детского голоса”
(2004), “Время сэконд хэнд” (2013).
Светлана Алексиевич — первый нобелевский лауреат в истории независимой
Белоруссии; она стала первым с 1987 года русскоязычным писателем, удостоенным
Нобелевской премии по литературе. Денежный приз премии составил 8 млн
шведских крон (около 953 тыс. долларов).
8 октября 2015
Alexievich
На очередном собрании еврейского женского клуба “Шошана” (Минск, январь 1993 г.). Слева направо: ветеран войны и труда Клара Тиханович, главный редактор журнала “Надежда” Ольга Янченко, писательница Светлана Алексиевич и председатель правления Иудейского религиозного объединения в РБ Борис Минков. Фото Михаила Минковича из газеты “Авив” (№ 2, 1993).