ГУТАРКА З ДАВІДАМ ШУЛЬМАНАМ
- «Не люблю пахмурнай літаратуры»
З літаратарам Давідам Шульманам, калі ён раней прыязджаў у Мінск, бачыўся я разоў трох. Нямала гаварыў з ім па тэлефоне – на пачатку 2010-х ён званіў з Ізраіля даволі часта, потым неяк «прапаў». Друкавалі яго нататкі ў бюлетэні «Мы яшчэ тут!», маю рад яго кніг… І ўсё ж, ідучы на чарговую сустрэчу ля чыгуначнай станцыі «Масюкоўшчына», не мог пахваліцца, што добра ведаю гэтага чалавека. Пастанавіў даведацца пра свайго старэйшага таварыша па Саюзе беларускіх пісьменнікаў больш, узяўшы ў яго інтэрв’ю. Нагодай стаўся выхад новай кнігі Д. Шульмана – «Особое женское состояние» (Смаленск: Край, 2016, 292 с., 150 экз.).
У яго шыкоўная візітная картка – «Пагоня» на адным баку, герб Ізраіля на другім. Чаму «Пагоня»? «Не люблю афіцыёзу», – тлумачыць Давід і пасміхаецца. А яшчэ ён не любіць кінабаевікі і занадта сур’ёзныя літаратурныя творы: «Дастаеўскага цярпець не магу, “Час сэканд-хэнд” Святланы Алексіевіч – таксама не маё». Тым не менш Алексіевіч ён паважае за… Але пра ўсё па парадку. Гутарка наша адбылася 20 чэрвеня ў звычайным мінскім дворыку, пад раскрытымі парасонамі, у суправаджэнні дажджу і птушыных спеваў. Вялася яна на мове, якой старажыл Ізраіля Шульман валодае выдатна (хіба што зрэдчас я падказваў яму cякое-такое беларускае слоўца). Гадзінку парэйдалі…
Д. Шульману – 68 гадоў, у Ізраілі ён чвэрць стагоддзя (з 1 траўня 1991 г.). Адразу пасяліўся ў Эйлаце, вядомым курорце на самым поўдні, дзе ёсць, аднак, і «спальны» раён, і невялікая прамзона. Чаму ў Эйлаце? Скора даведаемся.
– Для пачатку не пра галоўнае. Вы часта наведваеце Беларусь і амаль кожны раз спыняецеся ў ждановіцкім санаторыі «Крыніца»… Няўжо там настолькі добрыя ўмовы?
– Умовы мінулага стагоддзя… Але мне там зручна – Мінск побач. Гэтым разам прыехаў на 26 дзён. А звычайна на тры тыдні прыязджаю. У мяне водпуск – два-два з паловай тыдні, і некалькі дзён бяру за свой кошт.
Апошнія восем год працую на адным месцы, у кібуцы пад Эйлатам ёсць заводзік невялікі, робім сардэчнікі для трансфарматараў. Усё гэта ідзе на экспарт, вядомыя фірмы купляюць… Сяджу на канвееры, дэталькі збіраю…
– Не зусім творчая праца?
– Ясная рэч. Я ж ужо і пенсіянер, па ізраільскіх мерках таксама…
– Цяжка Вам на заводзе?
– Не, няцяжка. Я хлопец звыклы, з задавальненнем працую.
– Выходзіць, літаратура для вас – усё-ткі пабочны занятак?
– Апошнія гады – не пабочны; я жыву гэтым. Ну, калі пішацца – я пішу, калі не пішацца – не пішу. Не зарабляю літаратурай, яна для мяне – покліч душы і гэтак далей. Магчымасць выказацца і расказаць усё, што хочацца расказаць – пра маю сям’ю, пра іншае…
– Аднак тыражы Вашых кніжак невялікія?
– Невялікія. Своеасаблівая літаратура ў мяне, не карыстаецца дужа вялікім попытам. Я лічу, што раблю класічную літаратурную працу – без заклікаў, ціхую… Але мне здаецца, што нешта мне ўдаецца, атрымлваецца цікава… Калі я размаўляю з чытачамі, то некаторыя нават у захапленні: «Як вы тонка ўсё падмецілі!»
– Вы ж пачалі пісаць яшчэ ў Саюзе?
– Так, у 14 год. І першае маё апавяданне было на беларускай мове. Я жыў у Маладзечне, займаўся ў палітэхнічным тэхнікуме, нам задалі сачыненне на звычайную тэму: «Як я правёў лета». Я напісаў, і калі выкладчыца атрымала яго, яна спыталася: «Адкуль спісаў?». Кажу: «Сам напісаў, вось ёсць сведкі». Яна: «Зараз на маіх занятках можаш сядзець ціха і рабіць усё, што хочаш»… Праз 40 з нечым гадоў мы наладзілі сувязь. Зараз яна жыве ў Лебедзеве Маладзечанскага раёна, тэлефаную ёй. Зваць яе Марыя Рыгораўна. Апавяданне ж называлася «Чардаш Монці». Гэта была выдумка мая – пра партызанскі атрад, пра скрыпача… Калі два гады таму была сустрэча ў Мінску, мой аднакашнік і сябар Валодзя Стульскі прачытаў на памяць урыўкі з апавядання. Я ўжо забыўся быў нават назву (сябар з Аўстраліі, Лёва Глікман, мне нагадаў), а ён помніў… Стульскі памёр ужо, на жаль. Ён быў дацэнтам у Магілёве, кандыдатам філасофскіх навук.
Потым я скончыў мінскі палітэхнічны інстытут, працаваў на вытворчасці, апошнім часам быў намеснікам галоўнага энергетыка на хрустальным заводзе ў Барысаве. Паралельна супрацоўнічаў з мясцовай газетай. Зараз яна «Адзінства» называецца, раней – «За камунізм»… Потым друкаваў я нарысы ў «Маладосці», у «Полымі»…
– Пра што? Ці – пра каго?
– У падшэфнай школе нашага прадпрыемства ў 1980-х гадах быў настаўнік, ён праводзіў урокі працы па-свойму, дзеці пачалі ў сёмых-восьмых класах зарабляць грошы, выконваць замовы хрустальнага завода… Такарныя працы, металаапрацоўка… Яны былі вельмі задаволены, і бацькі цешыліся, што дзеці не бегаюць па вуліцах. І вось я пра гэта напісаў нарыс. Браў інтэрв’ю, з дзецьмі гутарыў, з бацькамі… Гэта было ў «Маладосці», а ў «Полымі» я напісаў пра Ізраіль.
– Калі асталяваліся там… А чаму ўсё ж Вы, чалавек вытворчасці, выбралі курортны Эйлат?
– У нас быў сябар. Ён к таму часу ўжо год жыў у Эйлаце і казаў, што трэба ехаць толькі ў гэты горад. «Чаму?» – пыталіся мы. «Бамбіць не будуць Эйлат. Побач Іярданія, Егіпет, Саўдаўская Аравія. Могуць прамазаць, трапіць у іншую краіну». Ну, жартавалі так… Але ён там жыў, працаваў і мы ведалі, калі з’язджалі, дзе мы будзем працаваць, з кім… Вядома, ужо не галавой, не інжынерамі, а «ручкамі», як кажуць. Ну і нічога страшнага.
– З’ехалі праз эканамічны крызіс ці па іншых матывах?
– Не, з’ехалі таму, што аднойчы маці пайшла на рынак, а потым кажа: «Няма ўжо з кім пагаварыць!» Звычайна ж у нядзелю збіраліся габрэі на рынку, размаўлялі… Гэта не галоўнае, але ў сястры – дзеці, і мы хацелі, каб яны раслі і жылі там. Мы выехалі разам, купілі кватэры побач, у мяне № 4, у яе № 6… У цэнтры Эйлата пераважна старое жыллё, а мы хацелі новае… Побач з морам – шмат гатэляў, вышэй – «спальныя раёны», вось там і купілі.
– Не шкадуеце?
– Пакуль не. Спадзяюся, і далей не буду. Вольна сябе адчуваю, я гаспадар свайго часу, сваёй справы…
– Вольнага часу многа застаецца?
– Даволі многа. Працую да чатырох, у пяць ужо дома. Але пішацца не заўсёды, таму што спёка… Зараз у нас 44-45 градусаў. У хаце, вядома, ёсць кандыцыянеры (жыллё будуецца адразу з імі), але мазгі адчуваюць тэмпературу, нават калі ў хаце холадна…
– Вы адразу вярнуліся да творчасці, калі пераехалі?
– Спачатку не да таго было. Я працаваў па 20 гадзін у суткі: спачатку на адной працы, потым вяртаўся да хаты і ішоў на другую (у рэстарацыю, мыць посуд). Праз год набылі мы сваю кватэру: бралі крэдыты, вядома. Цяпер гэта ўжо наша кватэра, выплацілі ўсё… Магу забіць цвік, куды захачу.
Прайшло гадоў 8, і я вярнуўся да сваёй справы… Паціху друкаваўся ў мясцовых газетах («Время», «Новости недели»). Гэта былі апавяданні, якія ўвайшлі ў першую кніжку (2004). А цяпер – ужо шостая. Будзе прэзентацыя – 27 чэрвеня а 19.00 у кнігарні «Ў».
– Чым адметная Ваша новая кніжка?
– Па-мойму, яна прыгожа напісана. У ёй шмат эротыкі.
– Эротыкі хапала і ў ранейшых…
– Так, таму што жыццё без эротыкі немагчыма сабе ўявіць. Прывяду фразу, якую падрыхтаваў для прэзентацыі: «В этой книге я cнял застенчивые занавески с социалистического реализма».
– Калі ўжо пра «ізмы» казаць, то да якога «ізму» Вы б сябе аднеслі?
– Нават не ведаю. Я неяк без «ізмаў» абыходжуся…
– Ну, а хто вам у літаратуры бліжэй?
– У беларускай літаратуры – Уладзімір Арлоў, а так – Віктар Канецкі, Юрый Казакоў… Іван Бунін, Аляксандр Купрын.
Яшчэ во занатаваў для прэзентацыі: «Предназначение художника, как и женщины, вовсе не в том, чтобы блюсти невинность». Не люблю пахмурнай літаратуры…
– Няблага сказана! Хто яшчэ з беларускіх аўтараў блізкі, апрача Арлова?
– Рыгор Барадулін. Гэта такі пісьменнік, такі мудрэц… Ведаю ў гэтую эпоху толькі двух мудрацоў: Барадулін і Жванецкі. Трэба ўслухоўвацца ў іх.
– З Барадуліным мо і асабіста былі знаёмы?
– Быў. У мяне ёсць шмат кніг, шмат аўтографаў яго… Ну як знаёмы – хто я і хто Барадулін?! Бачыліся… А творчасцю яго захапіўся ў савецкі час. Рыхтую зараз тэкст, як я пазнаёміўся, як у нас з ім былі аднолькавыя пулаверы (мне цётка па блату дастала і падаравала). Гэта я ўбачыў пулавер на Барадуліну – ён яшчэ малады быў, цікавы… Вырашыў, што і мне такі патрэбен. І вось з таго часу – магчыма, гадоў 40 ці больш – я ім захапляюся. Вялікі мудрэц, зараз такіх няма.
– Апрача іншага, напісаў «Як беларусы сэксам займаюцца»!
– Усё цікава ў яго творчасці – прыемна, інтымна… Гэта маё. Яшчэ ў мяне ёсць шмат кніг Някляева, у тым ліку яго раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». На жаль, не вельмі добра ведаю сучасную беларускую літаратуру, хаця калі-некалі чытаю часопіс «Дзеяслоў» (мне перасылаюць). Ведаю, якія ёсць пісьменнікі, якія на слыху, у інтэрнэце, але падрабязна гаварыць пра іх творчасць не магу. Адно-два апавяданні ці тры-чатыры вершы – гэтага яшчэ не дастаткова, каб склалася ўражанне…
– Можа, і Паўла Касцюкевіча чыталі? Як перакладчык, літаратар, ён сфармаваўся ў Ізраілі, дабіўся поспеху тут…
– Так, чытаў. Успамінаецца анекдот. Да адной жанчыны падышла другая, паглядзела і кажа: «Нешта ў вас ёсць габрэйскае!» Тая адказвае: «Так, яно было гэтай ноччу». У Паўла «ёсць нешта габрэйскае». Мы не тое што сябруем, але часам тэлефаную яму, кантактуем… На сустрэчах ён мяне прадстаўляе спачатку на іўрыце (публіка шырока раскрывае вочы), а потым тлумачыць усё па-беларуску.
Рэкамендацыі ў Саюз пісьменнікаў мне далі Уладзімір Арлоў, Юрый Станкевіч і мой першы выдавец у Беларусі, Уладзімір Сіўчыкаў. А Валянцін Тарас напісаў добрую прадмову да кнігі «Дзе ўзяць крыху шчасця» (2005).
Між іншага, у «Полымі» я надрукаваўся дзякуючы Васілю Гігевічу, ён працаваў у гэтым часопісе. Мы з ім сустрэліся ў адзін з маіх наездаў, паразмаўлялі за кілішкам… Ён кажа: «Дык ты напішы, як табе жывецца». Яшчэ ў Беларусі я напісаў, аддаў яму і потым тэлефаную: «Пойдзе, не пойдзе?» – «Ужо ў наборы». І мы ж працавалі з Гігевічам побач на адным прадпрыемстве, я бачыў яго станаўленне як пісьменніка, гэта праходзіла і праз мой кабінет… Ён званіў у Мінск, тады яшчэ не ва ўсіх быў тэлефон-аўтамат, а ў нашым кабінеце, у энергетыкаў, быў. Дзякуючы Гігевічу я пачаў больш актыўна пісаць на беларускай, і з літаратурным жыццём пазнаёміўся, выпадкова слухаючы, як ён размаўляў. Я Васілю вельмі ўдзячны…
Падрыхтаваў Вольф Рубінчык для belisrael.info
Мінск, 21.06.2016.
(заканчэнне будзе)
Апублiкавана 21 чэрвеня 2016 21:50
Водгук:
Уладзь Рымша, Мiнск 22.06 22:53: Надзвычай глыбокая і сьціплая асоба – пан Давід Шульман. З захапленьнем прачытаў тое інтэрвію. Сьціплае, але досыць ёмкае – стварае багата прасторы для думак. Супэрова. Дзякуй