А. Дубінін. Нататкі пра пераклад на беларускую рамана «Панядзелак»

Нагодай для публікацыі гэтых нататак сталаcя вестка пра ўручэнне прэміі імя Карласа Шэрмана за пераклад з ідыша рамана “Панядзелак” (вестка прыйшла ўчора, 26 кастрычніка). Пераклад Сяргея Шупы год таму выйшаў у Празе асобнай кнігай і атрымаў шэраг ухвальных водгукаў. Зразумела, і выхад кнігі, і ўганараванне перакладу твора Мойшэ Кульбака – станоўчыя з’явы. Аднак…

Ідыш – мова заходняй групы германскіх моў, але карыстаецца стараяўрэйскім альфабэтам. Праз гэта вывучэнне тэкстаў на ідышы робіцца цяжкадаступным для звычайнага чытача, які захацеў бы паглядзець арыгінальны тэкст. Але варта перапісаць яго лацінскай транскрыпцыяй, як ён робіцца значна больш празрыстым і зразумелым тутэйшаму чалавеку, асабліва таму, каторы вывучаў нямецкую. Разгледзім першыя два абзацы рамана:

“In der štot der revolucionerer, hot gelebt a lerer a hebreišer, a štiler menč Mordxe Markus. Er hot gevojnt inem bojdem-štibl ojbn, ejner alejn, un es iz im oftmol farblibn cajt opcuzicn di next iber dike bixer biz in tog arajn. Dos hot er štilerhejt noxgetraxt dem gang fun der velt.

Baj im in cimer, in a tunklen vinkele, iz geštanen a sofe an altinke un a xurve; ojf ir dortn flegt er oplign ovntn gance mit a papirosl in mojl un xоlеmen faršlofenerhеjt un tif arajntraxtn, az cumol baj im geklungen der kop…”

Вось гэты фрагмент у перакладзе С. Шупы (пунктуацыя перакладчыка):

У рэвалюцыйным горадзе жыў настаўнік стараяўрэйскай мовы, ціхі чалавек Мордхэ Маркус. Жыў ён у пакойчыку на падстрэшшы сам адзін і часта меў удосталь часу, каб заседжвацца цэлыя ночы аж да рана над тоўстымі кнігамі. Гэтак ён ціхенька раздумваў над ходам сьвету.

У ягоным пакоі ў цёмным куточку стаяла старэнькая растрэсеная канапа; там на ёй ён звычайна залежваўся цэлымі вечарамі з цыгаркай у роце і сонна марыў у глыбокім задуменьні, так што часам яму нават зьвінела ў галаве…

Самыя першыя словы маленькага рамана – “In der štot der revolucionerer” (“У ]гэ[тым горадзе ў рэвалюцыйным”) – затрымліваюць сваім неардынарным парадкам слоў. Прыметнік стаіць пасля назоўніка, і такая інверсія мае асаблівы сэнс. “Часам, каб асабліва вылучыць прыметнік, ён ставіцца пасля назоўніка. Артыкль пры гэтым паўтараецца: ставіцца і перад назоўнікам і перад прыметнікам” (Э. Фальковіч, “Аб мове ідыш”). Такі лагічны націск пераўтварае “рэвалюцыйны” у псіхалагічны дзейнік (паводле Л. С. Выгоцкага, “Мысленне і маўленне”). Апроч узмацнення “рэвалюцыйнай” характарыстыкі горада, маем дадатковае адчуванне зрушанасці сувязей праз змену звычайнага парадку слоў.

Рэвалюцыя – гэта інверсія ўсіх звыклых сувязей “у горадзе і сусвеце”, і нават у граматыцы. Такі зачын гаворыць аб тонкім пачуцці формы М. Кульбакам (спрацоўвае нават рытмізаваны паўтор артыкля “der”, паўтораны ў перакладзе прыназоўнікам “у”). Яшчэ нюанс: першая згадка пра горад у першых словах – з азначальным артыклем “der”, у той час як па правілах марфалогіі мовы ідыш “неазначальны артыкль… звычайна ўжываецца пры першым узгадванні аб прадмеце” (Э. Фальковіч). Кульбак рэзка набліжае месца падзеяў. Азначальны артыкль “der” мае значэнне, блізкае беларускаму “гэты” або “той”. Пра тое, што Кульбак свядома аддаваў перавагу працы над формай, сведчыць канцоўка рамана.

Вось першы сказ апошняй, дваццатай главы “Мордхэ Маркус спавядаецца на смерць”: “Той рэвалюцыйны горад, што ўсеўся тут спаміж гор, дык ужо пераўлегся ізноў на спакой” (“Di revolucionere štot, vos hot zix do arajngezect cvišn di berg, iz šojn gelegn iber a najs ruik”). Такая граматычная антытэза “In der štot der revolucionerer” – “Di revolucionere štot” (“У тым горадзе ў рэвалюцыйным” – “Той рэвалюцыйны горад”) вельмі эканомнымі сродкамі перадае пачатковы вэрхал і бязладдзе ў горадзе, ускаламучаным рэвалюцыйнымі падзеямі. Усё звычайнае зляцела са звыклых месцаў дагары нагамі – і мы гэта ўраз адчуваем па перавёрнутым, інверсіраваным парадку звычайнай пабудовы сказа. Калі ж усё сціхла і “пераўлеглася” на месца – і словы “пералеглі” ў звыклы парадак. Кульбак гэтак і піша “iz … gelegn iber” (пера-лёг), як аб нейкай істоце. Для экспрэсіяністаў і футурыстаў горад выступаў як нешта адухоўленае. Кульбак тут не выключэнне, горад у яго “ўсеўся і пераўлегся”: ”Той рэвалюцыйны горад, што ўсеўся тут спаміж гор, дык ужо ізноў пераўлегся на спакой. Крыжы і высокія вежы акуналіся ў прыгожую ружань, вытыркаючыся, нібы гусіныя шыі, і шырокія дахі на ўсёй прасторы вакол іх ляжалі, пазасціланыя тонкімі туманамі, нібы мроямі. Ціша была на вуліцах. Нібы пасля буры выглядалі выварачаныя старыя масткі, гзымсы і камяніцы, чые шырокія цагліны пачалі крышыцца ад стрэлаў па сценах. Гэтыя рака, горы і лясы навокал блакітам дзіваваліся зверху на паварочаны ў горад спакой. Была раніца, чыстая і святочная.”

Такая інверсіраваная граматычная форма паўтараецца і ў наступным абзацы, дзе вядзецца пра сафу ў пакойчыку: “a sofe an altinke un a xurve” – “сафа старэнькая ды зруйнаваная”, на якой зазвычай і ляжаў Мордхэ Маркус. Праз такое падабенства яны ўтвараюць семантычную пару, дзе пераменныя наводзяць (індуцыруюць) дадатковыя адценні: горад і сафа (як прыкмета мяшчанства) былі старэнькімі і зруйнаванымі праз рэвалюцыю. (Адзначым выразны гебраізм “xurve” – “руіна”.) Кульбак вытрымлівае стылістычную еднасць разгляданага ўрыўку дарэшты, і нават герой ягоны пралежваў “ovntn ganсe” – “вечары цэлыя” (“вечары наскрозь”), а не “ganсe ovntn”, як было б пры звычайным парадку слоў. Усё гэта надае некаторую паэтычную ўзнёсласць тэксту, але яна суправаджаецца размоўнай лексікай.

Некаторыя назіранні па лексіцы М. Кульбака. “Іnem bojdem-štibl ojbn” – “у мансардзе ўверсе”. “Падстрэшша” тут не зусім удала выкарыстана, найперш з-за прыстаўкі “пад-“, бо пазіцыя назіральніка-мысленніка – “уверсе, над бегам дзён” (ён не “пад-“, а “над-“), адкуль ён можа заглыбляцца ўніз – “глыбока ўдумвацца”. Гэта не “задуменне”-“fartraxtn”, а менавіта “удумнасць”-“arajntraxtn” з прыстаўкай “arajn”, якая выражае пранікненне ўнутр, углыбкі. Тут цікава падваенне верхняй пазіцыі – “bojdem-ojbn” (“гарышча-уверсе”) і зрынанне з яе “tif-arajn” (“углыбкі-унутр”).

У руска-яўрэйскім (ідыш) слоўніку (пад рэд. М. А. Шапіры), як і ў “Ідыш-англійскім” слоўніку Вайнрайха, першым і асноўным сэнсам “bojdem-štibl” падаецца ў перакладзе на англійскую “gаrret” – “мансарда”, што літаральна адпавядае “дамку на гарышчы”. Такі тып эканомнага жытла быў звычайным у перадрэвалюцыйную эпоху, і яго дадатковае “напаўненне” сафой з пазамінулай эпохі (канапа – больш мадэрнае ўтварэнне) дадае драхласці ў побыце.

“Хaxmej-haležanke” – (літаральна “мудрацы лежанкі”), “дамарошчаныя мудрацы”, дасціпны выраз праступае ў намаляваным вобразе “дамарошчанага мудраца сафы”.

“Еjner alejn” – гэты выраз у ідышы з’яўляецца фразеалагічным словазлучэннем таўталагічнага характару, займеннікавага ўтварэння – бо ў аснове адзін корань “ejn” (“адзін”), яму выдатна адпавядае беларускі фразеалагізм “адзін-адным” (“адзін-разадзін” – спагадліва, добразычліва).

“Faršlofener” (разм.) – “заспаны”, “аспалы”.

“Noxgetraxt” (разм.) – “спасцігаць” (разм.), ужытае разам з “хадой сусвету” стварае стылістычны подступ (кантраст, подвох), які іранічна пераадольвае, зніжае ў сабе памкненне да вывучэння таямніц сусвету, дае зразумець уяўнасць, візіянерства працэсу.

“Baj im geklungen der kop” – размоўны выраз “у яго звінела галава”, адрозны ад нарматыўнага “se klingt mir inem kop” – “у мяне звініць у галаве”.

 

С. Шупа (фота з litrazh.org) i А. Дубінін (з kimpress.by)

Варыянт перакладу:

У тым горадзе ў рэвалюцыйным жыў настаўнік стараяўрэйскай мовы, ціхі чалавек Мордхэ Маркус. Пражываў ён у мансардзе ўверсе, адзін адным, і часта хапала ў яго часу, каб праседжваць ночы над тоўстымі кнігамі аж да світанку. Гэтак ён моўчкі (ціхутка) абдумваў (спасцігаў) рушэнне свету (хаду сусвету).

У яго ў пакоі, у цёмным кутку, стаяла сафа, старэнькая ды зруйнаваная; там, на ёй, звычайна пралежваў ён вечары наскрозь з папіроскай у роце, і летуцеў аспала, і глыбока ўдумваўся, так што часам у яго звінела галава…

Андрэй Дубінін,

г. Мінск, 27.10.2019

Апублiкавана 27.10.2019  19:19